Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Булгаков Михаил Афанасьевич / Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 6)
Автор:
|
Булгаков Михаил Афанасьевич |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(734 Кб)
- Скачать в формате fb2
(296 Кб)
- Скачать в формате doc
(305 Кб)
- Скачать в формате txt
(294 Кб)
- Скачать в формате html
(297 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25
|
|
- Калi ласка, ванну прымiце, - запрасiла жанчына, i ў яе пад рукамi рассунулася ўнутраная сцяна, за якой было ваннае аддзяленне i туалет. Iван, хоць i вырашыў з жанчынаю не размаўляць, але не ўтрымаўся, калi ўбачыў, як шырокiм струменем прэ ў ванну вада з блiскучага крана, сказаў з iронiяй: - Глядзi ты! Як у "Метраполi"! - Э, не, - з гонарам сказала жанчына, - намнога лепш. Такога абсталявання i за мяжой няма. Вучоныя i дактары спецыяльна прыязджаюць глядзець нашу клiнiку. У нас кожны дзень iнтурысты. Пры слове "iнтурыст" Iвану адразу ж успомнiўся ўчарашнi кансультант. Iван затуманiўся, паглядзеў з-пад iлба i сказаў: - Iнтурысты!.. Як вы ўсе на iнтурыстаў молiцеся! А сярод iх, мiж iншым, розныя трапляюцца. Я, напрыклад, учора з такiм пазнаёмiўся, што люба-дорага! I ледзь не пачаў расказваць пра Понцiя Пiлата, але стрымаўся, бо зразумеў, што жанчыне гэтыя расказы не трэба, што ўсё роўна дапамагчы яму яна не зможа. Памытаму Iвану Мiкалаевiчу адразу ж было выдадзена ўсё, што патрэбна мужчыну пасля ванны: адпрасаваная кашуля, кальсоны, шкарпэткi. Але гэтага мала: жанчына адчынiла дзверы шкафчыка, паказала ў глыб яго i спыталася: - Што хочаце адзець - халацiк альбо пiжаму? Прымацаваны да новага месца жыхарства сiлком, Iван ледзь рукамi не ўспляснуў ад разбэшчанасцi жанчыны i моўчкi ткнуў пальцам у пiжаму з пунсовай байкi. Пасля гэтага Iвана павялi па пустым i глухiм калiдоры i прывялi ў велiзарны па памерах кабiнет. Iван, якi вырашыў, што будзе адносiцца да ўсяго, што ёсць у гэтым надзiва абстаўленым будынку, iранiчна, тут жа ахрысцiў кабiнет "фабрыкай-кухняй". I было за што. Тут стаялi шафы i шкляныя шафачкi з блiскучымi нiкiляванымi iнструментамi. Былi крэслы надзвычай складанай канструкцыi, нейкiя пузатыя лямпы з блiскучымi каўпакамi, многа шклянак, i газавыя гарэлкi, i электрычныя правады, i зусiм нiкому не вядомыя прыборы. У кабiнеце за Iвана ўзялiся ўтраiх - дзве жанчыны i адзiн мужчына, усе ў белым. Найперш Iвана павялi ў куток, за столiк, з яўным намерам нешта ў яго выпытаць. Iван пачаў думаць пра сваё становiшча. Перад iм былi тры шляхi. Надзвычай спакушаў першы: кiнуцца на гэтыя лямпы i мудрагелiстыя рэчы i ўсе к д'яблу пабiць i паламаць i такiм чынам выказаць свой пратэст за тое, што яго дарэмна трымаюць тут. Але сённяшнi Iван ужо ў многiм адрознiваўся ад Iвана ўчарашняга, i першы варыянт здаўся яму сумнiцельным: чаго добрага, яны ўваб'юць сабе ў голаў, што ён вар'ят. Таму першы шлях Iван адмёў. Быў i другi шлях: адразу ж пачаць расказваць пра кансультанта i Понцiя Пiлата. Аднак учарашнi вопыт паказаў, што гэтаму расказу не вераць альбо ўспрымаюць яго неяк наадварот. Таму Iван i ад гэтага шляху адмовiўся, вырашыў выбраць трэцi: адгарадзiцца ганарлiвым маўчаннем. Цалкам гэта ажыццявiць не ўдалося, хочаш не хочаш, а давялося адказваць, хаця i скупа i панура, на многа пытанняў. У Iвана распыталiся пра ўсё яго ранейшае жыццё, аж да таго, калi i як ён хварэў на скарлатыну гадоў пятнаццаць назад. Спiсалi ўслед за Iванам цэлую старонку, перагарнулi яе, i жанчына ў белым перайшла да роспытаў пра сваякоў. Пачалася цэлая мiтрэнга: хто памёр, калi ды ад чаго, цi пiў, цi хварэў венерычнымi хваробамi i ўсё ў гэтым плане. Пад канец папрасiлi расказаць пра ўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках, але не надта прыдзiралiся, паведамленню пра Понцiя Пiлата не здзiўлялiся. I тут жанчына аддала Iвана мужчыну, i той узяўся за яго iнакш, нi пра што больш не распытваўся. Ён памераў тэмпературу, палiчыў пульс, паглядзеў Iвану ў вочы, свецячы ў iх нейкай лямпачкай. Потым на дапамогу прыйшла другая жанчына, i Iвана калолi нечым небалючым у спiну, малявалi ручкай малаточка ў яго на грудзях, стукалi малаточкам па каленях, ад чаго ногi ў Iвана падскоквалi, калолi палец i бралi з яго кроў, калолi ля локця, надзявалi на рукi нейкiя гумавыя бранзалеты. Iван толькi горка ўсмiхаўся сам сабе i думаў пра тое, як усё недарэчна атрымалася. Падумаць толькi! Хацеў усiх папярэдзiць пра небяспеку, якую ўяўляе незнаёмы кансультант, сабраўся злавiць яго, а дабiўся толькi таго, што трапiў у нейкi таямнiчы кабiнет, каб расказваць рознае глупства пра дзядзьку Федзю, запойнага п'янiцу ў Волагдзе. Зусiм недарэчна! Нарэшце Iвана адпусцiлi. Яго прывялi назад у свой пакой, дзе ён атрымаў кубачак кавы, два яйкi ўсмятку i белы хлеб з маслам. Iван з'еў i выпiў пададзенае i рашыў дачакацца галоўнага ў гэтай установе i ўжо ў гэтага галоўнага дамагчыся ўвагi i справядлiвасцi. I ён дачакаўся яго. I даволi хутка пасля снедання. Нечакана адчынiлiся дзверы ў пакой, i ўвайшло шмат людзей у белых халатах. Наперадзе iшоў, старанна, артыстычна, паголены чалавек гадоў сарака пяцi, з прыемнымi, але вельмi ж пранiклiвымi вачыма i далiкатнымi манерамi. Уся свiта дэманстравала павагу i ўвагу да яго, i ўваход яго таму атрымаўся нейкi нават урачысты. "Як Понцiй Пiлат!" - падумалася Iвану. Так, гэта несумненна быў галоўны. Ён сеў на табурэтку, а ўсе засталiся стаяць. - Доктар Стравiнскi, - назваўся ён i паглядзеў дружалюбна. - Вось, Аляксандар Мiкалаевiч, - цiха сказаў нехта з акуратнаю бародкаю i падаў галоўнаму з двух бакоў спiсаны Iванаў лiст. "Цэлую справу сшылi!" - падумаў Iван. А галоўны прывычна прабег вачыма па паперы, прамармытаў: "Угу, угу...", перакiнуўся са свiтай некалькiмi сказамi на незнаёмай мове. "I па латынi, як Пiлат, гаворыць..." - сумна падумаў Iван. Але тут адно слова прымусiла яго здрыгануцца, i гэта слова было "шызафрэнiя" - яшчэ ўчора вымаўленае праклятым чужаземцам на Патрыярхавых сажалках, а сёння паўторанае тут прафесарам Стравiнскiм. "I гэта ведаў!" - трывожна падумаў Iван. Галоўны, вiдаць, меў за правiла згаджацца з усiмi i радавацца ўсяму, што яму толькi не гавораць, i выказваць свае адносiны словамi "слаўна, слаўна...". - Слаўна! - сказаў Стравiнскi, вярнуў некаму аркуш i звярнуўся да Iвана: Вы - паэт? - Паэт, - панура адказаў Iван i ўпершыню раптам адчуў нейкую агiду да паэзii, i тыя свае вершы, якiя ўспомнiлiся зараз, здалiся нечым непрыемным. Ён зморшчыў твар i ў сваю чаргу спытаўся ў Стравiнскага: - Вы - прафесар? У адказ на гэта Стравiнскi загадзя далiкатна нахiлiў голаў. - I вы - тут галоўны? - працягваў Iван. Стравiнскi ў адказ i на гэта пакланiўся. - Мне трэба з вамi пагаварыць, - шматзначна сказаў Iван Мiкалаевiч. - Я для гэтага i прыйшоў, - адазваўся Стравiнскi. - Справа вось у чым, - пачаў Iван, адчуваючы, што прыйшоў яго час, - мяне ненармальным зрабiлi, i нiхто не хоча слухаць!.. - Не, мы выслухаем вас вельмi ўважлiва, - сур'ёзна i з супакаеннем сказаў Стравiнскi, - у ненармальныя вас запiсваць нiколi не дазволiм. - Тады слухайце: учора вечарам я на Патрыярхавых сажалках сустрэўся з таямнiчаю асобаю, чужаземцам цi нечужаземцам, якi зараней ведаў пра смерць Берлiёза i асабiста бачыў Понцiя Пiлата. Свiта маўклiва, нават не варухнулася, слухала паэта. - Пiлата? Пiлат, гэта - якi жыў пры Iсусе Хрысце? - прыжмурыўся на Iвана i спытаўся Стравiнскi. - Той самы. - Ага, - сказаў Стравiнскi, - а гэты Берлiёз загiнуў пад трамваем? - Вось яго ўчора пры мне i зарэзала трамваем на Патрыярхавых, прычым гэты загадкавы грамадзянiн... - Знаёмы Понцiя Пiлата? - спытаў Стравiнскi, якi, вiдаць, быў кемлiвы. - Менавiта ён, - пацвердзiў Iван, вывучаючы Стравiнскага, - дык вось ён i сказаў, што Анечка разлiла алей... А ён i паслiзнуўся якраз на тым месцы! Як вам гэта падабаецца? - шматзначна запытаўся Iван, спадзеючыся на вялiкi эфект ад сваiх слоў. Але эфекту не было, i Стравiнскi зусiм проста папытаўся далей: - А хто ж гэтая Анечка? Гэтае пытанне крыху расчаравала Iвана, твар яго перасмыкнуўся. - Анечка тут не галоўнае, - прамовiў ён i захваляваўся, - бог яе ведае, хто яна такая. Проста нейкая дурнiца з Садовае. А важна тое, што ён зараней, разумееце, зараней ведаў пра алей! Вы разумееце! - Цудоўна разумею, - сур'ёзна сказаў Стравiнскi, дакрануўся да паэтавага калена i дадаў: - Не хвалюйцеся i працягвайце. - Працягваю, - сказаў Iван i стараўся трапiць у лад Стравiнскаму, ведаючы з горкага вопыту, што толькi вытрымка дапаможа яму. - Дык вось, гэты страшны тып, а ён хлусiць, што ён кансультант, валодае нейкаю незвычайнаю сiлаю... Напрыклад, за iм гонiшся, а дагнаць не можаш. Ды з iм яшчэ парачка, i таксама прыгажуны свайго роду: нейкi доўгi з пабiтымi шкламi i, акрамя таго, неверагодных памераў кот, якi сам ездзiць у трамваi. Акрамя ўсяго, - Iвана нiхто не перабiваў, i ён пачаў гаварыць з усё большым запалам i пераконанасцю, - ён асабiста быў на балконе ў Понцiя Пiлата, у чым няма нiякага сумнення. Дык што ж гэта такое? А? Яго трэба неадкладна арыштаваць, а то ён наробiць бяды, што i не апiсаць! - Дык вы i дабiваецеся, каб яго арыштавалi? Я вас правiльна зразумеў? спытаўся Стравiнскi. "Ён разумны, - падумаў Iван, - варта прызнаць, што i сярод iнтэлiгентаў таксама трапляюцца зрэдку разумныя. Гэта нельга адмаўляць!" - i адказаў: - Правiльна! А як не дабiвацца, самi падумайце! А мяне сiлаю затрымалi тут, суюць лямпаю ў вочы, у ванне купаюць, пра дзядзьку Федзю распытваюць!.. А яго ўжо даўно на свеце няма! Я патрабую, каб мяне неадкладна выпусцiлi. - Ну што ж, слаўна, слаўна, - адазваўся Стравiнскi, - вось усё i высветлiлася. Сапраўды, якi сэнс трымаць у бальнiцы здаровага чалавека? Добра. Я вас адразу ж выпiшу, калi вы мне скажаце, што вы нармальны. Не дакажаце, а толькi скажаце. Ну, вы нармальны? Тут запанавала поўная цiшыня, i тоўстая жанчына, якая ранiцай даглядала Iвана, паглядзела на прафесара, як на бога, а Iван яшчэ раз падумаў: "Праўда, разумны". Прапанова прафесара яму спадабалася вельмi, аднак перш чым адказаць яму, ён добра падумаў, наморшчыўшы лоб, i сказаў цвёрда: - Я - нармальны. - Ну вось i слаўна, - аблегчана ўздыхнуў Стравiнскi, - а калi так, то давайце думаць лагiчна. Возьмем ваш учарашнi дзень, - тут ён завярнуўся, i яму адразу ж падалi Iванаў аркуш. - У пошуках невядомага чалавека, якi назваўся чужаземцам, знаёмым Понцiя Пiлата, вы ўчора ўчынiлi наступнае, - тут Стравiнскi пачаў загiнаць доўгiя пальцы, пазiраў то на паперу, то на Iвана, павесiлi на грудзi iкону. Было? - Было, - панура згадзiўся Iван. - Упалi з плота, абабiлi твар. Так? З'явiлiся ў рэстарацыю з запаленаю свечкаю ў руцэ i ў адной бялiзне, а ў рэстарацыi збiлi некага. Прывезлi вас сюды звязанага. Адсюль вы тэлефанавалi ў мiлiцыю i патрабавалi прыслаць кулямёты. Потым паспрабавалi выкiнуцца з акна. Так? Спытаю: цi можна такiм чынам каго-небудзь злавiць цi арыштаваць? I калi вы чалавек нармальны, то самi адкажаце - нiколi. Вы хочаце пайсцi адсюль? Калi ласка. Але дазвольце запытацца, куды накiруецеся? - Вядома, у мiлiцыю, - адказаў Iван i ўжо не гэтак упэўнена i цвёрда адчуваў сябе ад прафесарскага позiрку. - Адразу адсюль? - Угу. - А на кватэру сваю не заедзеце? - хутка спытаўся Стравiнскi. - Няма часу туды заязджаць! Пакуль я па кватэрах буду раз'язджаць, ён змыецца! - Так. А што ж вы найперш скажаце ў мiлiцыi? - Пра Понцiя Пiлата, - адказаў Iван Мiкалаевiч, i вочы ў яго затуманiлiся. - Ну вось i слаўна! - усклiкнуў пакораны Стравiнскi i звярнуўся да таго, што быў з бародкаю, загадаў: - Фёдар Васiльевiч, выпiшы, калi ласка, грамадзянiна Бяздомнага ў горад. Але гэты пакой не займаць, бялiзну можна не мяняць. Праз дзве гадзiны грамадзянiн Бяздомны будзе зноў тут. Ну што ж, звярнуўся ён да паэта, - поспеху вам жадаць не буду, таму што ў поспех нi кропелькi не веру. Да хуткай сустрэчы! - I ён устаў, i свiта яго варухнулася. - А чаму я буду зноў тут? - трывожна спытаўся Бяздомны. Стравiнскi быццам i чакаў гэтага пытання, адразу ж сеў i загаварыў: - А таму, што як толькi вы з'явiцеся ў мiлiцыю ў кальсонах i скажаце, што бачылiся з чалавекам, якi асабiста ведаў Понцiя Пiлата, - вас iмгненна прывязуць сюды, i вы зноў апыняцеся ў гэтым самым пакоi. - Пры чым тут кальсоны? - разгублена азiраючыся, спытаўся Iван. - Галоўным чынам Понцiй Пiлат. Але i кальсоны таксама. Казённае адзенне мы ж з вас здымем i выдадзiм ваша адзенне. А вас прывезлi ў кальсонах. А мiж тым заехаць дадому вы не збiраецеся, хаця я вам i намякнуў на гэта. Далей будзе Пiлат... i ўсё гатова! Тут нешта страшнае адбылося з Iванам Мiкалаевiчам, i ён адчуў, што слабы, што яму патрэбна парада. - Дык што ж рабiць? - спытаўся ён на гэты раз ужо нясмела. - Ну вось i слаўна! - сказаў Стравiнскi. - Гэта рэзоннае пытанне. Цяпер я скажу вам, што з вамi здарылася. Учора вас нехта моцна ўразiў расказам пра Понцiя Пiлата i iншымi жахамi. I вось вы, нервовы, змучаны чалавек, пайшлi па горадзе з расказамi пра Понцiя Пiлата. Натуральна, што вас прымаюць за вар'ята. Ваш паратунак цяпер толькi ў адным - у поўным спакоi. I вам абавязкова трэба застацца тут. - Але яго патрэбна злавiць! - з мальбою ўсклiкнуў Iван. - Добра, але нашто ж самому бегаць? Запiшыце на паперы пра ўсе вашы падазрэннi i абвiнавачаннi гэтага чалавека. Няма нiчога прасцей, чым пераслаць вашу заяву куды трэба, i калi, як вы мяркуеце тут, ён злачынец, гэта высветлiцца даволi хутка. Але адна ўмова: не ператамляйцеся i старайцеся менш думаць пра Понцiя Пiлата. Цi мала чаго можна нарасказваць! Не ўсяму ж трэба верыць. - Зразумеў! - рашуча заявiў Iван. - Прашу выдаць мне паперу i пяро. - Выдайце яму паперу i кароценькi аловак, - загадаў Стравiнскi поўнай жанчыне, а Iвану сказаў: - Але сёння пiсаць не раю. - Не, не, сёння, абавязкова сёння! - устрывожана ўскрыкнуў Iван. - Ну добра, толькi не напружвайце голаву. Не атрымаецца сёння, атрымаецца заўтра. - Ён уцячэ! - Ды не, - упэўнена сказаў Стравiнскi, - ён нiкуды не ўцячэ, ручаюся. I памятайце, што тут вам памогуць, а без гэтага ў вас нiчога не выйдзе. Вы чуеце мяне? - раптам шматзначна сказаў Стравiнскi i ўзяў за абедзве рукi Iвана Мiкалаевiча. Ён трымаў за рукi, глядзеў проста ў вочы i паўтараў: - Вам тут памогуць... вы чуеце мяне?.. Вам тут памогуць... вам тут памогуць... Вам палягчае. Тут цiха, усё спакойна... Вам памогуць... Iван Мiкалаевiч нечакана пазяхнуў, твар яго падабрэў. - Ага, ага, - цiха сказаў ён. - Ну вось i слаўна! - як i звычайна сказаў прафесар, закончыўшы гаворку, устаў. - Да пабачэння! - ён пацiснуў Iвану руку i ўжо на выхадзе завярнуўся да таго, з бародкаю, i сказаў: - Ага, i кiсларод паспрабуйце... i ванны. Праз некалькi iмгненняў перад Iванам не было нi Стравiнскага, нi свiты. За рашоткаю ў акне пад паўдзённым сонцам красаваўся радасны i вясновы бор на другiм беразе, а блiжэй паблiсквала рака. Раздзел 9 КАРОЎЕЎСКIЯ ШТУЧКI Мiканор Iванавiч Босы, старшыня жыллёвага кааператыва дома No 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве, дзе жыў нябожчык Берлiёз, быў у вялiкiм клопаце, пачынаючы з учарашняе ночы з серады на чацвер. Апоўначы, як мы ведаем, прыехала ў дом камiсiя, у якой удзельнiчаў Жаўдыбiн, выклiкала Мiканора Iванавiча, паведамiла яму пра смерць Берлiёза i разам з iм накiравалася ў кватэру No 50. Там былi апячатаны рукапiсы i рэчы нябожчыка. Нi Грунi, прыходзячай хатняй работнiцы, нi легкадумнага Сцяпана Багданавiча ў гэты час у кватэры не было. Камiсiя аб'явiла Мiканору Iванавiчу, што рукапiсы нябожчыка забяруць для разгляду, што жылплошча нябожчыка, гэта значыць тры пакоi (былыя ювелiршыны кабiнет, гасцёўня i сталоўка), пераходзяць у распараджэнне жыллёвага таварыства, а рэчы нябожчыка будуць захоўвацца на гэтай жылплошчы, пакуль не з'явяцца спадкаемцы. Вестка пра Берлiёзаву гiбель разляцелася па ўсiм доме з нечуванаю хуткасцю, i з сямi гадзiн ранiцы ў чацвер Босаму пачалi тэлефанаваць, а потым i асабiста з'яўляцца з заявамi, у якiх былi прэтэнзii на жылплошчу нябожчыка. За тры гадзiны Мiканор Iванавiч атрымаў гэтакiх заяў трыццаць дзве штукi. У заявах былi просьбы, грозьбы, паклёпы, даносы, абяцаннi зрабiць рамонт за свой кошт, указаннi на невыносную цеснату i немагчымасць жыць болей у адной кватэры з бандытамi. У лiку ўсяго iншага было забойчае па сваiх мастацкiх вартасцях апiсанне крадзяжу пельменяў, якiя паклалi проста ў кiшэню ў кватэры No 31, два абяцаннi скончыць жыццё самагубствам i адно прызнанне ў тайнай цяжарнасцi. Мiканора Iванавiча выклiкалi ў пярэднi пакой у яго кватэры, бралi за рукаў, нешта шапталi, падмiргвалi i абяцалi не застацца ў даўгу. Пакуты гэтыя цягнулiся да пачатку першай гадзiны дня, пакуль Мiканор Iванавiч проста не ўцёк са сваёй кватэры ў памяшканне ўпраўлення, але, калi ўбачыў, што i там яго падпiльноўваюць, уцёк i адтуль. Сяк-так адбiўшыся ад тых, хто iшоў следам па пятах цераз заасфальтаваны двор, Мiканор Iванавiч знiк у шостым пад'ездзе i ўзышоў на пяты паверх, дзе i знаходзiлася гэтая паганая кватэра No 50. Пасля таго як адсопся на пляцоўцы, тоўсты Мiканор Iванавiч пазванiў, але яму нiхто не адчынiў. Ён пазванiў яшчэ раз i пачаў пад нос бурчаць i лаяцца. Але i тады яму не адчынiлi. Цярпенне ў Мiканора Iванавiча лопнула, ён дастаў з кiшэнi звязак дублiкатаў ключоў, якiя належалi домакiраўнiцтву, уладарнаю рукою адамкнуў дзверы i зайшоў. - Гэй, работнiца! - крыкнуў Мiканор Iванавiч у прыцемку пярэдняга пакоя. Як цябе? Груня, цi што? Цябе няма? Нiхто не адгукнуўся. Тады Мiканор Iванавiч зняў з дзвярэй кабiнета пячатку, выняў з партфеля складны метр i ступiў у кабiнет. Ступiць-то ён ступiў, але ўражана спынiўся ў дзвярах i аж скалануўся. За сталом нябожчыка сядзеў незнаёмы чалавек, худы грамадзянiн у клятчастым пiнжачку, у жакейскай шапачцы i ў пенснэ... адным словам, той самы. - Вы хто будзеце, грамадзянiн? - спалохана спытаўся Мiканор Iванавiч. - А-а! Мiканор Iванавiч, - закрычаў дрыготкiм тэнарком незнаёмы грамадзянiн, падхапiўся, прывiтаў старшыню гвалтоўным i нечаканым поцiскам рукi. Прывiтанне гэта зусiм не ўзрадавала Мiканора Iванавiча. - Я прашу прабачэння, - загаварыў ён падазрона, - хто вы такi будзеце? Вы - асоба афiцыйная? - Эх, Мiканор Iванавiч! - прыязна ўсклiкнуў незнаёмы. - Якое мае значэнне, афiцыйная асоба альбо неафiцыйная? Усё гэта залежыць ад таго, з якога пункту гледжання глядзець на прадмет, усё гэта, Мiканор Iванавiч, даволi хiстка i часова. Сёння я неафiцыйная асоба, а заўтра, глядзiш, афiцыйная! А бывае i наадварот, Мiканор Iванавiч. I як яшчэ бывае! Разважаннi гэтыя нi ў якой ступенi не задаволiлi старшыню домакiраўнiцтва. Ён быў ад прыроды чалавек насцярожаны i таму прыйшоў да вываду, што чалавек, якi распiнаецца перад iм, i ёсць якраз асоба неафiцыйная, а дакладней валацуга. - Ды хто вы такi? Як ваша прозвiшча? - усё суровей дапытваўся старшыня i нават пачаў наступаць на незнаёмага. - Прозвiшча маё, - суровасць нiяк не збянтэжыла грамадзянiна, - ну, скажам, Кароўеў. Ды цi не хочаце чарачку, Мiканор Iванавiч? Па-свойску! Га? - Прабачце! - Мiканор Iванавiч ужо абураўся. - Якiя тут чарачкi? (Трэба прызнацца, хаця гэта i непрыемна, што Мiканор Iванавiч быў ад прыроды чалавек грубаваты.) - На палавiне нябожчыка сядзець не дазволена! Вы што тут робiце? - Ды вы прысядзьце, Мiканор Iванавiч, - крычаў грамадзянiн. Ён зусiм не разгубiўся, круцiўся, прапаноўваў старшынi крэсла. Мiканор Iванавiч даволi люта адапхнуў крэсла i закрычаў: - Хто вы такi, нарэшце? - Я, майце ласку ведаць, перакладнiк пры асобе чужаземца, якi мае рэзiдэнцыю ў гэтай кватэры, - адрэкамендаваўся незнаёмы Кароўеў i грукнуў абцасам рыжага неваксаванага чаравiка. Мiканор Iванавiч разявiў рот. Наяўнасць нейкага чужаземца, ды яшчэ з перакладнiкам, у гэтай кватэры была яму неверагодным сюрпрызам, i ён запатрабаваў тлумачэння. Перакладнiк ахвотна растлумачыў. Замежны артыст пан Воланд быў прыязна запрошаны дырэктарам Вар'етэ Сцяпанам Багданавiчам Лiхадзеевым пажыць у час сваiх гастроляў, прыкладна тыдзень, на яго кватэры, пра што ён яшчэ ўчора напiсаў Мiканору Iванавiчу просьбу прыпiсаць чужаземца часова, пакуль сам Лiхадзееў з'ездзiць у Ялту. - Нiчога ён мне не пiсаў, - здзiўлена сказаў старшыня. - А вы паглядзiце ў сваiм партфелi, Мiканор Iванавiч, - соладка прапанаваў Кароўеў. Мiканор Iванавiч пацiснуў плячыма, расшпiлiў партфель i знайшоў у iм пiсьмо Лiхадзеева. - Як жа я пра яго забыў? - тупа глядзеў на распячатаную капэрту i мармытаў Мiканор Iванавiч. - Бывае i не такое, бывае, Мiканор Iванавiч! - затрашчаў Кароўеў. Няўважлiвасць, няўважлiвасць, i ператомленасць, i павышаны цiск, дарагi Мiканор Iванавiч! Я сам жахлiва няўважлiвы. Як-небудзь пры чарцы я раскажу вам некалькi фактаў з мае бiяграфii, i ў вас жывот забалiць ад рогату. - Калi ж Лiхадзееў едзе ў Ялту? - Ды ён паехаў, паехаў! - закрычаў перакладнiк. - Ён, ведаеце, iмчыць ужо, iмчыць! Ён ужо чортведама дзе! - I тут перакладнiк замахаў рукамi, як млын крыламi. Мiканор Iванавiч заявiў, што яму трэба ўбачыць чужаземца асабiста, але тут атрымаў ад перакладнiка адмову: нельга, заняты. Дрэсiруе ката. - Ката, калi хочаце, магу паказаць, - прапанаваў Кароўеў. Ад гэтага, у сваю чаргу, адмовiўся Мiканор Iванавiч, а перакладнiк адразу ж зрабiў старшынi нечаканую, але надта цiкавую прапанову. Улiчваючы тое, што пан Воланд нiзавошта не хоча жыць у гатэлi, а жыць ён прывык прасторна, дык вось цi не дазволiць жылтаварыства заняць на тыдзень, пакуль працягваюцца гастролi Воланда ў Маскве, яму ўсю кватэру, гэта значыць i пакоi нябожчыка? - Яму ж усё роўна, нябожчыку, - шэптам пеў Кароўеў, - яму цяпер, згадзiцеся самi, Мiканор Iванавiч, кватэра гэтая да лямпачкi? Мiканор Iванавiч недаўменна запярэчыў, што чужаземцам належыць жыць у "Метраполi", а не на прыватных кватэрах. - Кажу вам, капрызны, як чортведама што! - зашаптаў Кароўеў. - Ну не хоча! Не любiць ён гатэляў! Во яны дзе ў мяне сядзяць, гэтыя iнтурысты! - iнтымна паскардзiўся Кароўеў i ткнуў пальцам у сваю жылiстую шыю. - Верыце, усю душу выматалi! Прыедзе... i цi нашпiёнiць, як сучы сын, цi капрызамi ўсе нервы выматае: i тое яму не гэтак, i гэта яму не так!.. А вашаму таварыству, Мiканор Iванавiч, поўная выгада i вiдавочны прафiт. А грошай ён не пашкадуе, - Кароўеў азiрнуўся, потым шапнуў на вуха старшынi: - Мiльянер! У прапанове перакладнiка быў закладзены яўны практычны сэнс, прапанова была даволi аўтарытэтная, але нешта надзiва не аўтарытэтнае было i ў манеры перакладнiка гаварыць, i ў яго адзеннi, i ў гэтым мярзотным, нiчога не вартым пенснэ. У вынiку гэтага нешта падсвядомае мучыла старшынёву душу, i ўсё ж ён вырашыў згадзiцца з прапановаю. Справа ў тым, што таварыства мела даволi вялiкi дэфiцыт. Да восенi трэба было выкупiць нафту на паравое ацяпленне, а за якую фiгу - невядома. З iнтурыставымi грашыма i можна будзе выкруцiцца. Але дзелавы i асцярожны Мiканор Iванавiч заявiў, што яму перш за ўсё трэба ўвязаць гэтае пытанне з iнтурысцкiм бюро. - Я разумею, - крыкнуў Кароўеў, - як жа гэта без увязкi, абавязкова. Вось вам тэлефон, Мiканор Iванавiч, i тэрмiнова ўвязвайце. А наконт грошай не думайце, - шэптам дадаў ён i павёў старшыню ў пярэднi пакой да тэлефона, - з каго ж узяць, як не з яго? Каб вы бачылi, якая ў яго вiла ў Нiцы! На наступнае лета, як паедзеце за мяжу, знарок заязджайце паглядзець - ахнеце! Справа з iнтурысцкiм бюро ўладзiлася па тэлефоне з незвычайнаю хуткасцю, якая ўразiла старшыню. Аказалася, што там ужо ведаюць пра намер пана Воланда жыць у прыватнай кватэры Лiхадзеева i супраць не маюць нiчога. - Ну i цудоўна! - крычаў Кароўеў. Крыху аглушаны яго траскатнёю, старшыня заявiў, што жылтаварыства згодна здаць на тыдзень кватэру No 50 артысту Воланду з платай па... - Мiканор Iванавiч сумеўся крыху i сказаў: - Па пяцьсот рублёў у дзень. Тут Кароўеў канчаткова ўразiў старшыню. Ён жулiкавата падмiргнуў на спальню, адкуль чуваць было, як мякка скача кот, i прасiпеў: - За тыдзень, выходзiць, тры з паловаю тысячы? Мiканор Iванавiч падумаў, што ён дадасць: "Аднак жа i апетыт у вас, Мiканор Iванавiч!" - але Кароўеў сказаў зусiм iншае: - Прасiце пяць, ён дасць! Хiба гэта сума? Мiканор Iванавiч разгублена ўсмiхнуўся i сам не заўважыў, як апынуўся ля пiсьмовага стала нябожчыка, дзе Кароўеў хуценька напiсаў кантракт у двух экземплярах. Пасля гэтага ён злятаў з iм у спальню i адразу ж вярнуўся, абодва экземпляры былi размашыста падпiсаны чужаземцам. Падпiсаў кантракт i старшыня. Тут Кароўеў запатрабаваў распiсачку на пяць... - Пропiссю, пропiссю, Мiканор Iванавiч!.. тысяч рублёў... - i са словамi, якiя не стасавалiся да сур'ёзнай справы: - Эйн, цвэй, дрэй! - паклаў старшынi пяць новенькiх банкаўскiх пачкаў. Адбыўся пералiк, перасыпаны жарцiкамi i прымаўкамi Кароўева накшталт "грошыкi падлiк любяць", "свае вочкi не глядзяць убочкi" i iншымi. Пасля таго як пералiчыў грошы, атрымаў ад Кароўева пашпарт чужаземца i кантракт i ўсё паклаў у партфель, старшыня не ўтрымаўся i сарамлiва папрасiў кантрамарку... - Пра што гаворка! - гаркнуў Кароўеў. - Колькi вам бiлецiкаў, Мiканор Iванавiч, дванаццаць, пятнаццаць? Агаломшаны старшыня растлумачыў, што кантрамаркi яму патрэбны толькi дзве, яму i Пелагеi Антонаўне, яго жонцы. Кароўеў адразу ж выхапiў блакнот i залiхвацка выпiсаў Мiканору Iванавiчу кантрамарачку на дзве асобы на першым радзе. I гэту кантрамарачку перакладнiк леваю рукою спрытна ўсунуў Мiканору Iванавiчу, а праваю ўклаў у руку старшынi тоўсты хрусткi пачак. Мiканор Iванавiч кiнуў на яго вокам, густа пачырванеў i пачаў адпiхаць ад сябе. - Гэтага не паложана... - мармытаў ён. - I слухаць не буду, - зашаптаў яму на вуха Кароўеў, - у нас не палагаецца, а за мяжой палагаецца. Вы пакрыўдзiце яго, Мiканор Iванавiч, а гэта няёмка. Вы працавалi... - Строга праследуецца... - цiхенька прашаптаў старшыня i азiрнуўся. - А сведкi дзе? - шапнуў на другое вуха Кароўеў. - Я ў вас пытаюся, дзе яны? Што вы? I тут здарылася, як сцвярджаў потым старшыня, дзiва: пачак сам сабою ўпоўз яму ў партфель. Потым старшыня, нейкi расслаблены i нават разбiты, апынуўся на лесвiцы. Вiхор думак бушаваў у яго ў галаве. У iм круцiлiся i вiла ў Нiцы, i дрэсiраваны кот, i думка пра тое, што сведкаў сапраўды не было, i што Пелагея Антонаўна будзе рада кантрамарцы. Гэта былi блытаныя думкi, але ў цэлым прыемныя. I разам з тым нейкая iголачка ў самай глыбiнi душы паколвала старшыню. Гэта была iголачка трывогi. Акрамя ўсяго, тут, на лесвiцы, старшыню, як удар, працяла думка: "А як трапiў у кабiнет перакладнiк, калi на дзвярах была пячатка?! I як гэта ён, Мiканор Iванавiч, пра гэта не папытаўся?" Нейкi час старшыня, як баран, глядзеў на прыступкi лесвiцы, але потым вырашыў напляваць на ўсё гэта i не мучыць сябе непатрэбнымi пытаннямi... Ледзь толькi старшыня выйшаў з кватэры, са спальнi даляцеў густы голас: - Мне гэты Мiканор Iванавiч не спадабаўся. Ён абармот i ашуканец. Цi нельга зрабiць так, каб ён больш не прыходзiў сюды? - Месiр, вам варта толькi загадаць!.. - адгукнуўся аднекуль Кароўеў, але не дрыготкiм, а чыстым i гучным голасам. I адразу ж пракляты перакладнiк апынуўся ў пярэднiм пакоi, накруцiў там тэлефонны нумар i пачаў чамусьцi плаксiва гаварыць у слухаўку: - Галё! Лiчу, што мой абавязак паведамiць, што наш старшыня жылтаварыства дома нумар трыста два-бiс на Садовай, Мiканор Iванавiч Босы, спекулюе валютаю. Зараз у яго ў кватэры нумар трыццаць пяць, у прыбiральнi, у газетнай паперы чатырыста даляраў. Гаворыць жыхар адзначанага дома з кватэры нумар адзiнаццаць Цiмафей Квасцоў. Але богам прашу трымаць маё прозвiшча ў тайне. Баюся помсты вышэйназванага старшынi. I нягоднiк павесiў слухаўку. Што далей адбывалася ў кватэры No 50 невядома, што ў кватэры Мiканора Iванавiча - вядома. Ён зашчапiўся дома ў прыбiральнi, дастаў з партфеля пачак, пераканаўся, што ў iм чатырыста рублёў. Гэты пачак Мiканор Iванавiч закруцiў у абрывак газеты i сунуў у вентыляцыйную адтулiну. Праз пяць хвiлiн старшыня сядзеў за сталом у сваёй чысценькай маленькай сталоўцы. Жонка яго прынесла з кухнi акуратна парэзанага селядца, густа пасыпанага зялёнаю цыбуляю. Мiканор Iванавiч налiў у лафiтнiчак гарэлкi, выпiў, другi раз налiў, выпiў, падхапiў на вiдэлец тры кавалачкi селядца... i ў гэты час пазванiлi, а Пелагея Антонаўна прынесла рондаль, глянуўшы на якi абавязкова i адразу здагадаешся, што ў iм, у гушчы вогненнага баршчу, знаходзiцца тое, смачней за што няма на свеце, - мазгавая костка. Мiканор Iванавiч скаўтнуў слiну i правурчаў, як сабака: - А каб вы правалiлiся! Пад'есцi не дадуць. Не ўпускай нiкога, мяне няма дома. Наконт кватэры скажы, каб перасталi балбатаць. Праз тыдзень будзе паседжанне... Жонка пабегла ў пярэднi пакой, а Мiканор Iванавiч апалонiкам павалок з вогненнага возера - яе, костку, трэснутую ўдоўжкi. Але ў гэтае iмгненне ў сталоўку ўвайшлi двое грамадзян, а за iмi чамусьцi спалатнелая Пелагея Антонаўна. Як толькi глянуў на грамадзян, адразу ж спалатнеў i Мiканор Iванавiч. I ўстаў. - Дзе сарцiр? - заклапочана сказаў першы, якi быў у касаваротцы. На стале нешта грукнула (гэта Мiканор Iванавiч упусцiў лыжку на стол). - Тут, тут, - скоранька загаварыла Пелагея Антонаўна. I прышлыя адразу ж памкнулiся ў калiдор. - А што такое? - цiха спытаўся Мiканор Iванавiч, якi iшоў следам. - У нас нiчога такога ў кватэры быць не можа... а ў вас дакуменцiкi... я прашу прабачэння... Першы на хаду паказаў Мiканору Iванавiчу дакуменцiкi, а другi ўжо стаяў на табурэтцы ў прыбiральнi з рукою ў вентыляцыйным ходзе. У вачах у Мiканора Iванавiча пацямнела. Газету разгарнулi, але ў ёй аказалiся не рублi, а невядомыя грошы, не то сiнiя, не то зялёныя, з партрэтам нейкага старога. Мiж iншым, усё гэта Мiканор Iванавiч бачыў ужо цьмяна, у вачах у яго плавалi нейкiя плямы, плямы. - Даляры ў вентыляцыi, - задумлiва сказаў першы i спытаўся ў Мiканора Iванавiча ветлiва: - Ваш пакецiк? - Не! - адказаў Мiканор Iванавiч страшным голасам. - Вораг падкiнуў! - Гэта бывае, - згадзiўся той, першы, i зноў мякка дадаў: - Ну што ж, трэба здаваць i астатнiя. - Няма ў мяне! Няма, богам клянуся, нiколi ў руках не трымаў! - адчайна ўскрыкнуў старшыня.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25
|