Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Булгаков Михаил Афанасьевич / Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 18)
Автор:
|
Булгаков Михаил Афанасьевич |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(734 Кб)
- Скачать в формате fb2
(296 Кб)
- Скачать в формате doc
(305 Кб)
- Скачать в формате txt
(294 Кб)
- Скачать в формате html
(297 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25
|
|
- Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, - цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок. - Папрашу мяне не вучыць, - адказаў Бегемот, - ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю! - Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, - трашчаў Кароўеў, - з блiзкiмi табе... - Не, Фагот, - пярэчыў кот, - баль мае сваю асалоду i размах... - Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, - сказаў Воланд. - Слухаю, месiр, - сказаў кот, - калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць. - Ты глядзi! - адказаў Воланд. - Я пажартаваў, - пакорлiва адказаў кот, - а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi. - Тыграў не ядуць, - сказала Гела. - Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, - адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi: - Хлусня! - I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, - сказаў Воланд, - што яна - хлусня ад першага да апошняга слова. - Ага, хлусня? - ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: - Гiсторыя рассудзiць нас. - А скажыце, - звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, - вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона? - Вядома, - адказаў Азазела, - як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць. - Я гэтак хвалявалася! - усклiкнула Маргарыта. - Гэта здарылася неспадзявана. - Нiчога нечаканага не было, - запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў: - Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок! - У мяне ледзь не iстэрыка была, - дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою. - Мне вось што не зразумела, - гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, - няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю? - Вядома, не было чуваць, каралева, - растлумачыў Кароўеў, - гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць. - Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай... - Правiльна, правiльна!.. - крычаў Кароўеў. - Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама! - Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? - сказала Маргарыта. - Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! - адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца. - Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, - гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. - Вы, мабыць, добра страляеце? - Нармалёва, - адказаў Азазела. - А на колькi крокаў? - задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне. - А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, - адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое - яму ў сэрца трапiць. - У сэрца! - усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. - У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам. - Што гэта за крытык Латунскi? - спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту. Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала: - Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру. - Вось табе i маеш! А за што? - Ён, месiр, - растлумачыла Маргарыта, - загубiў аднаго майстра. - А навошта было самой старацца? - спытаўся Воланд. - Дазвольце мне, месiр! - ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся. - Ды сядзi ты, - буркнуў Азазела i ўстаў, - я сам зараз з'езджу... - Не! - усклiкнула Маргарыта. - Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр! - Як хочаце, як хочаце, - адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца. - Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго? - гаварыў Кароўеў. - Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, - Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, - на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак. Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула: - Дык iх не вiдаць! - Дарагая, - трашчаў Кароўеў, - у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць! Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула: - Гатова! Азазела, якi сядзеў задам да падушкi, дастаў з кiшэнi фрачных штаноў аўтаматычны пiсталет, паклаў дула на плячо i стрэлiў, не адварочваючыся да падушкi, чым весела спалохаў Маргарыту. З-пад прастрэленае падушкi дасталi карту. Пазначанае Маргарытаю ачко было прабiта. - Не хацелася б сустракацца з вамi, калi ў вас у руках рэвальвер, гуллiва паглядаючы на Азазелу, сказала Маргарыта. Яна любiла людзей, якiя ўмеюць рабiць што-небудзь па-сапраўднаму. - Дарагая мая каралева, - пiшчаў Кароўеў, - я нiкому не раiў i не раю сустракацца з iм, нават калi ў яго не будзе нiякага рэвальвера ў руках! Клянуся гонарам былога рэгента i запявалы, што нiхто не павiншаваў бы гэтага сустрэчнага. Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб'явiў: - Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай! Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся. - Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму! - завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм. Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся. - Я не магу страляць, калi гавораць пад руку! - крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi. - Магу паспрачацца, - сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, - што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага. Гела з катом памiрылiся i ў знак гэтага прымiрэння пацалавалiся. Дасталi з-пад падушкi карту. Нiводнае з ачкоў, акрамя прастрэленага Азазелам, не было закранута. - Не можа гэтага быць, - гаварыў кот i глядзеў праз карту на святло ад свечнiка. Вясёлая вячэра працягвалася. Свечкi аплывалi ў свечнiках, па пакоях хвалямi расплывалася сухое духмянае цяпло ад камiна. Маргарыта наелася, i яе ахапiла адчуванне задаволенасцi. Яна глядзела, як шызыя абараначкi дыму з Азазелавае сiгары плылi ў камiн i як кот ловiць iх на кончык шпагi. Ёй нiкуды не хацелася iсцi, хоць было ўжо позна. Калi меркаваць па ўсiм, што адбылося, было ўжо гадзiн шэсць ранiцы. Маргарыта выкарыстала паўзу i нясмела сказала Воланду: - Вiдаць, мне час ужо... Позна... - Куды вы спяшаецеся? - спытаў Воланд ветлiва, але стрымана. Астатнiя прамаўчалi, прытварылiся, што захапiлiся колцамi сiгарнага дыму. - Ага, пара, - зусiм збянтэжана паўтарыла Маргарыта i азiрнулася, быццам шукала адзежыну. Тое, што яна голая, пачало бянтэжыць яе. Яна ўстала з-за стала. Воланд моўчкi зняў з ложка свой зашмальцаваны халат, i Кароўеў накiнуў яго на плечы Маргарыце. - Дзякуй вам, месiр, - ледзь чутна прамовiла Маргарыта i запытальна паглядзела на Воланда. Той у адказ усмiхнуўся ёй ветлiва i абыякава. Чорная нуда раптоўна падступiла пад Маргарыцiна сэрца. Яна адчула сябе абманутаю. Нiякае аддзякi за ўсе яе паслугi на балi нiхто, вiдаць, i не збiраўся ёй прапаноўваць, нiхто i не затрымлiваў яе. А мiж тым яна цудоўна ведала, што iсцi ёй адсюль болей няма куды. Згадка пра тое, што ёй давядзецца вярнуцца ў асабняк, выклiкала ў душы выбух адчаю. Самой напрасiцца, як спакуслiва раiў Азазела ў Аляксандраўскiм садзе? "Не, нiколi!" - сказала яна сама сабе. - Усяго вам добрага, месiр, - прамовiла яна, а сама падумала: "Каб толькi выбрацца адсюль, а там дайду да рэчкi i ўтаплюся". - Сядзьце! - раптам загадаў Воланд. Маргарыта змянiлася з твару i села. - Можа, хочаце што-небудзь сказаць на развiтанне? - Не, нiчога, месiр, - ганарлiва адказала Маргарыта, - акрамя таго, што калi яшчэ вам патрэбная, то гатова выканаць усё, што вы захочаце. Я зусiм не стамiлася, i мне весела было на балi. Такiм чынам, калi б ён працягваўся яшчэ, я ахвотна падстаўляла б сваё калена дзеля таго, каб яго цалавалi вiсельнiкi i забойцы. - Маргарыта глядзела на Воланда як скрозь заслону, вочы яе напоўнiлiся слязьмi. - Правiльна! Вы гаворыце правiльна! - моцна i страшна сказаў Воланд. Гэтак i трэба! - Гэтак i трэба! - рэхам паўтарыла Воландава свiта. - Гэта было выпрабаванне, - сказаў Воланд, - нiколi i нiчога не прасiце! Нiколi i нiчога, асаблiва ў тых, хто мацнейшы, чым вы. Самi прапануюць i самi ўсё дадуць. Сядайце, ганарлiвая жанчына. - Воланд сарваў цяжкi халат з Маргарыты, i яна зноў апынулася побач з iм на ложку. - Ну, Марго, - працягваў Воланд, i голас у яго памякчэў, - чаго вы хочаце за тое, што сёння ў мяне былi гаспадыняй? Чаго хочаце за тое, што правялi гэты баль голай? Як вы ацэньваеце ваша калена? Якiя страты ад маiх гасцей, якiх вы толькi што назвалi вiсельнiкамi? Кажыце! I цяпер не саромейцеся, бо я прапанаваў. Маргарыцiна сэрца закалацiлася, яна цяжка ўздыхнула, пачала думаць. - Ну, чаго вы, смялей! - падахвочваў Воланд. - Будзiце сваю фантазiю, падганяйце яе! Адна толькi прысутнасць пры забойстве гэтага нягоднiка-барона вартая таго, каб чалавека ўзнагародзiлi, асаблiва калi гэты чалавек - жанчына. Ну? Дух заняло ў Маргарыты, i яна хацела выказаць запаветнае жаданне, вымавiць даўно падрыхтаваныя словы, але раптам пабялела, разявiла рот, вылупiла вочы. "Фрыда! Фрыда! Фрыда! - стаяў крык у вушах, надакучлiвы, умольны. - Мяне завуць Фрыда!" I Маргарыта, заiкаючыся, загаварыла: - Значыць, я магу папрасiць... папрасiць адну паслугу? - Запатрабаваць, запатрабаваць, мая донна, - адказаў Воланд i ўсмiхнуўся з разуменнем, - запатрабаваць адну паслугу! Ах, як спрытна i выразна Воланд падкрэслiў, паўтараючы Маргарыцiны словы, - "адну паслугу"! Маргарыта ўздыхнула яшчэ раз i сказала: - Я хачу, каб Фрыдзе перасталi прыносiць тую насоўку, якой яна задушыла дзiця. Кот пусцiў вочы пад лоб i ўздыхнуў шумна, але нiчога не сказаў, мабыць, памятаў, як закруцiла за вуха на балi. - Калi ўлiчыць, - загаварыў Воланд, - што магчымасць атрымаць вамi хабар ад гэтае дурнiцы Фрыды, вядома, выключаецца - гэта было б несумяшчальна з вашай каралеўскаю годнасцю, - я нават не ведаю, што тут рабiць. Застаецца толькi адно - набраць ануч i затыкаць iмi ўсе шчылiны ў маёй спальнi! - Пра што вы гаворыце, месiр? - здзiвiлася Маргарыта, калi пачула гэтыя сапраўды незразумелыя словы. - Цалкам згодны з вамi, месiр, - умяшаўся ў гаворку кот, - менавiта анучамi! - i кот раззлавана грукнуў па стале. - Я гавару пра мiласэрнасць, - тлумачыў свае словы Воланд i не адводзiў ад Маргарыты вогненнага вока. - Часам яна пралазiць скрозь сама вузенькiя шчылiнкi неспадзявана i каварна. Вось чаму я i гавару пра анучы. - I я пра гэта кажу! - усклiкнуў кот i на ўсякi выпадак падаўся далей ад Маргарыты, прыкрыў лапамi выпацканыя ў ружовы крэм свае вострыя вушы. - Пайшоў прэч, - сказаў яму Воланд. - Я кавы яшчэ не пiў, - адказаў кот, - як гэта я пайду? Няўжо месiр у святочную ноч гасцей дзелiць на два гатункi? Адны - першае, а другiя - як гаварыў гэты скнара буфетчык, другое свежасцi? - Змоўкнi, - загадаў яму Воланд i спытаўся ў Маргарыты: - Вы, калi меркаваць па ўсiм, чалавек надзвычай добры? Высокамаральны чалавек? - Не, - гучна адказала Маргарыта, - я ведаю, што гаварыць з вамi можна толькi шчыра i скажу адкрыта: я чалавек легкадумны. Папрасiла за Фрыду толькi таму, што незнарок абнадзеiла яе. Яна чакае i верыць, што я дапамагу. I калi яна застанецца падманутая, мне не будзе спакою ўсё жыццё. Нiчога не зробiш! Гэтак атрымалася. - А, - сказаў Воланд, - гэта зразумела. - Дык вы зробiце? - цiха спытала Маргарыта. - Нiколi, - адказаў Воланд, - справа ў тым, дарагая каралева, што тут адбылася блытанiна. Кожнае ведамства павiнна займацца сваёй справай. Не пярэчу, нашы магчымасцi вельмi вялiкiя, намнога большыя, чым думаюць некаторыя не вельмi празорлiвыя людзi... - Вядома, намнога большыя, - не ўтрываў кот, якi, мабыць, ганарыўся вельмi гэтымi магчымасцямi. - Замоўкнi, чорт пабяры! - сказаў яму Воланд i працягваў гаварыць Маргарыце: - Але якi сэнс рабiць тое, што павiнен рабiць нехта iншы, другое ведамства, як я сказаў? Таму я гэта рабiць не буду, а вы зробiце самi. - А хiба маё жаданне збудзецца? Азазела iранiчна, коса зiрнуў сваiм крывым вокам на Маргарыту, непрыкметна пакруцiў рыжаю галавою i фыркнуў. - Ды рабiце, вось марока мне, - прамармытаў Воланд, пакруцiў глобус i пачаў прыглядацца да нейкае дэталькi, бо, вiдаць, у час гаворкi з Маргарытаю займаўся яшчэ i нейкаю сваёй справай. - Ну, Фрыда... - падказаў Кароўеў. - Фрыда! - пранiзлiва крыкнула Маргарыта. Дзверы расчынiлiся, i растрапаная, голая, але ўжо зусiм цвярозая жанчына з адчайнымi вачыма ўбегла ў пакой i працягнула рукi да Маргарыты, а тая велiчна сказала: - Табе даруецца. Насоўку болей прыносiць не будуць. Пачуўся крык Фрыды, яна ўпала на каленi на падлогу нiцма i распласталася перад Маргарытаю крыжам. Воланд махнуў рукой, i Фрыда знiкла з вачэй. - Дзякуй вам, бывайце, - сказала Маргарыта i ўстала. - Ну што ж, Бегемот, не будзем нажывацца на непрактычнасцi чалавека ў святочную ноч, - загаварыў Воланд. Ён завярнуўся да Маргарыты: - Такiм чынам, гэта не лiчыцца, я нiчога не рабiў. Што вы сабе хочаце?.. Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха: - Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць. - Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, - сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга. I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з'явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi - у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар'яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго. Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго: - Ты... ты... ты... Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў: - Не плач, Марго, не муч мяне. Я цяжка хворы, - ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: - Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi... Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi: - Не, не, не... не бойся нiчога... я з табою... я з табою... Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма. - Сапраўды, - загаварыў Воланд пасля маўчання, - яго сапраўды моцна скалечылi. - Ён загадаў Кароўеву: - Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць. Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам: - Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць! Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног. - На шчасце! На шчасце! - зашаптаў Кароўеў Маргарыце. - Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць. Сапраўды, позiрк хворага зрабiўся не гэтакi дзiкi i трывожны. - Гэта сапраўды ты, Марго? - спытаў месячны госць. - Не сумнявайся, гэта я, - адказала Маргарыта. - Яшчэ! - загадаў Воланд. Пасля таго як майстар асушыў другую шклянку, яго вочы ажылi i зрабiлiся разумнымi. - Ну вось, цяпер iншая справа, - сказаў Воланд i прымружыўся, - цяпер i пагаварыць можна. Хто вы будзеце? - Цяпер я нiхто, - адказаў майстар, i рот ад усмешкi толькi скрывiўся. - Вы адкуль зараз? - З вар'яцкага дома. Я - псiхiчна хворы чалавек, - адказаў прышэлец. Ад гэтых слоў Маргарыта не стрымалася i заплакала зноў. Потым выцерла вочы i закрычала: - Жахлiвыя словы! Жахлiвыя словы! Ён майстар, месiр, я вас папярэджвала пра гэта! Вылечце яго, ён заслугоўвае гэтага! - Вы ведаеце, з кiм зараз размаўляеце, - спытаўся ў прышэльца Воланд, - у каго вы зараз знаходзiцеся? - Ведаю, - адказаў майстар, - маiм суседам у вар'яцкiм доме быў гэты хлопчык, Iван Бяздомны.Ён расказаў мне пра вас. - Ну, вядома, вядома, - адказваў Воланд, - я меў радасць сустракацца з гэтым маладым чалавекам на Патрыярхавых сажалках. Ён мяне ледзь самога да вар'яцтва не давёў, даказваў, што я не iсную! Але вы верыце, што гэта на самай справе я? - Даводзiцца верыць, - сказаў прышэлец, - вядома, спакайней было б лiчыць, што вы проста праява галюцынацыi. Выбачайце, - спахапiўся майстар. - Ну, што ж, калi спакайней, то i лiчыце, - ветлiва адказаў Воланд. - Не, не! - спалохана загаварыла Маргарыта i трэсла майстра за плячук. Апамятайся! Перад табою сапраўды ён! Кот i тут не вытрываў: - Хiба я адзiн падобны на галюцынацыю. Звярнiце ўвагу на мой профiль, асветлены поўняй. - Кот палез пад месячнае святло i хацеў нешта яшчэ сказаць, але яго папрасiлi сцiхнуць, i ён адказаў: - Добра, добра, я гатовы замоўкнуць. Я буду маўклiвая галюцынацыя. - I замоўк. - Скажыце, калi ласка, чаму Маргарыта называе вас майстрам? - спытаўся Воланд. Той усмiхнуўся i сказаў: - Гэта даравальны недахоп. Яна надта добрае думкi пра той раман, якi я напiсаў. - Пра што рамана? - Пра Понцiя Пiлата. Тут зноў захiсталiся, заскакалi агеньчыкi на свечках, забрынчаў на стале посуд, - гэтак моцна засмяяўся Воланд, але смехам гэтым нiкога не спалохаў i не здзiвiў. Бегемот чамусьцi пачаў апладзiраваць. - Пра што, пра што? Пра каго? - загаварыў Воланд пасля таго, як перастаў смяяцца. - Вось цяпер? Гэта нечувана! I вы не знайшлi iншае тэмы? Дайце мне паглядзець, - Воланд працягнуў руку ўгору далоняй. - На жаль, я не магу гэта зрабiць, - адказаў майстар, - таму што я спалiў яго ў печцы. - Даруйце, не веру, - адказаў Воланд, - гэтага не можа быць. Рукапiсы не гараць. - Ён завярнуўся да Бегемота i прамовiў: - Ану, Бегемот, давай сюды раман. Кот iмгненна ўсхапiўся з крэсла, i ўсе ўгледзелi, што ён сядзеў на тоўстым стосе рукапiсаў. Верхнi экземпляр кот з паклонам падаў Воланду. Маргарыта затрымцела i закрычала, усхваляваная да слёз: - Вось ён, рукапiс! Вось ён! Яна кiнулася да Воланда i ў захапленнi дадала: - Усемагутны! Усемагутны! Воланд узяў у рукi пададзены яму экземпляр, пакруцiў яго, адклаў убок, без усмешкi паглядзеў на майстра. А той невядома чаму зноў засумаваў, неспакойна ўсхапiўся з крэсла, заламаў рукi i пачаў мармытаць, скаланаючыся ўсiм целам i звяртаючыся да поўнi: - I нават месячнай ноччу мне няма спакою... Нашто было трывожыць мяне? Божа лiтасцiвы, божа лiтасцiвы... Маргарыта ўхапiлася за бальнiчны халат, прытулiлася да яго, i сама пачала мармытаць адчайна i слёзна: - Божа, чаму табе не дапамагае лякарства? - Нiчога, нiчога, нiчога, - шаптаў Кароўеў i вiўся вакол майстра, нiчога, нiчога... Яшчэ шкляначку, i я за кампанiю з вамi... I шкляначка падмiргнула пры месячным святле, блiснула i дапамагла гэтая шкляначка. Майстра зноў пасадзiлi на крэсла, i твар у хворага зрабiўся зноў спакойны. - Ну, цяпер усё зразумела, - сказаў Воланд i пастукаў доўгiм пальцам па рукапiсе. - Усё зразумела, - пацвердзiў кот, якi забыўся, што абяцаў быць маўклiваю галюцынацыяй, - цяпер галоўная лiнiя гэтага опуса мне вiдна наскрозь. Што ты сказаў, Азазела? - звярнуўся ён да маўклiвага Азазелы. - Я кажу, - прагугнявiў той, - што добра было б цябе ўтапiць. - Злiтуйся, Азазела, - адказаў кот, - i не падказвай гэтую думку майму валадару. Павер мне, што тады я пачаў бы кожную ноч наведваць цябе ў гэтакiм самым месячным адзеннi, як i бедны майстар, i кiваў бы табе, i клiкаў бы за сабою. Як бы ты адчуваў сябе, Азазела? - Ну, Маргарыта, - зноў загаварыў Воланд, - кажыце пра ўсё, што вам трэба. Маргарыцiны вочы ўспыхнулi, i яна ўмольна звярнулася да Воланда: - Дазвольце мне пашаптацца з iм? Воланд кiўнуў галавою, i Маргарыта прыпала да вуха майстра, штосьцi зашаптала яму. Чуваць было, што той адказаў ёй: - Не, позна. Нiчога болей не хачу ад жыцця. Акрамя таго, каб бачыць цябе. Але табе iзноў раю - пакiнь мяне. Са мною ты загiнеш. - Не, не, не пакiну, - адказала Маргарыта i звярнулася да Воланда: - Прашу вас зноў вярнуць нас у падвал у завулку на Арбаце, i каб лямпа гарэла, i каб усё было як i раней... Тут майстар засмяяўся, абхапiў проставалосую Маргарыцiну галаву, сказаў: - Ай, не слухайце бедную жанчыну, месiр. У гэтым падвале даўно ўжо жыве iншы чалавек, i наогул не бывае гэтак, каб усё стала ранейшым... - Ён прытулiўся шчакою да галавы свае сяброўкi, абняў Маргарыту i пачаў мармытаць: - Бедная, бедная... - Не бывае, вы гаворыце? - сказаў Воланд. - Гэта праўда. Але мы паспрабуем, - i ён прамовiў: - Азазела! Адразу са столi ўпаў на падлогу разгублены, амаль звар'яцелы грамадзянiн у споднiм, але чамусьцi з чамаданчыкам i ў шапцы. Ад страху гэты чалавек калацiўся i прысядаў: - Магарыч? - спытаўся Азазела ў таго, што ўпаў з неба. - Алаiзiй Магарыч, - адказаў той, калоцячыся. - Гэта вы, пасля таго як прачыталi артыкул Латунскага пра раман гэтага чалавека, напiсалi на яго скаргу, дзе паведамлялi, што ён дома хавае забароненую лiтаратуру? - спытаўся Азазела. Грамадзянiн пасiнеў i залiўся слязьмi. - Вы хацелi заняць яго кватэру? - як толькi мог ласкава прагугнявiў Азазела. У пакоi пачулася, як зашыпела разлютаваная кошка, i Маргарыта завыла: - Памятай ведзьму, памятай! - учапiлася ў твар Магарыча пазногцямi. Усе разгубiлiся. - Што ты робiш? - пакутлiва закрычаў майстар. - Марго, не ганьбi сябе! - Пратэстую, гэта не ганьба! - крычаў кот. Маргарыту адцягнуў Кароўеў. - Я ванну паставiў... - ляскаючы зубамi, крычаў скрываўлены Магарыч i ад перапалоху пачаў вярзцi абы-што. - Адна толькi пабелка... купарвас... - Гэта добра, што паставiлi ванну, - адобрыў Азазела, - яму патрэбны ванны. - I крыкнуў: - Вон! Тады Магарыча перакулiла i выкiнула са спальнi Воланда дагары нагамi ў адчыненае акно. Майстар вытрашчыў вочы i шаптаў: - Аднак гэта, мабыць, не раўня таму, пра што расказваў Iван! - Вельмi ўражаны, ён азiрнуўся i нарэшце сказаў кату: - Прабачце... гэта ты... гэта вы... - ён зблытаўся, не ведаў, як звярнуцца да ката, - вы той самы кот, што сядзеў у трамваi? - Я, - пацвердзiў задаволены кот i дадаў: - Прыемна чуць, што вы гэтак ветлiва звяртаецеся да ката. Катам звычайна чамусьцi гавораць "ты", хоць нiводзiн кот нi з кiм нiколi не пiў на брудэршафт. - Мне чамусьцi здаецца, што вы не зусiм i кот... - нерашуча адказаў майстар. - Мяне ўсё роўна пачнуць шукаць з бальнiцы, - нясмела дадаў ён Воланду. - Чаго гэта яны будуць шукаць! - супакоiў Кароўеў, i нейкiя паперы i кнiгi апынулiся ў яго ў руках. - Гэта гiсторыя вашай хваробы? - Ага. Кароўеў кiнуў гiсторыю ў камiн. - Няма дакументаў, няма i чалавека, - задаволена прамовiў Кароўеў, - а гэта - дамавая кнiга вашага забудоўшчыка? - Яна-а... - Хто тут прапiсаны? Алаiзiй Магарыч? - Кароўеў дзьмухнуў на старонку дамавое кнiгi, - Раз, i няма яго, i прашу запомнiць, i не было. А калi забудоўшчык здзiвiцца, скажаце яму, што Алаiзiй саснiўся. Нейкi Магарыч? Нiякага Магарыча не было, - i прашнураваная кнiга засталася ў руках у Кароўева. - Вось яна i ў шуфлядзе ў забудоўшчыка. - Вы правiльна сказалi, - гаварыў майстар, уражаны акуратнаю работаю Кароўева, - калi няма дакумента, то няма i чалавека. Вось таму мяне i няма, бо няма дакумента. - Прашу прабачэння, - ускрыкнуў Кароўеў, - гэта якраз i ёсць галюцынацыя, вось ён, ваш дакумент, - i Кароўеў падаў майстру дакумент. Потым ён закацiў вочы i соладка прашаптаў Маргарыце: - А вось i ваша маёмасць, Маргарыта Мiкалаеўна, - i ён уручыў Маргарыце сшытак з абгарэлымi краямi, засохлую ружу, фотаздымак i асаблiва шаноўна ашчадную кнiжку, - дзесяць тысяч, як вы i паклалi, Маргарыта Мiкалаеўна. Нам чужое не патрэбна. - У мяне хутчэй адсохнуць лапы, чым я дакрануся да чужога, - надзьмуўшыся, усклiкнуў кот i затанцаваў на чамадане, каб утаптаць у яго ўсе рукапiсы злашчаснага рамана. - I ваш дакуменцiк таксама, - працягваў Кароўеў, падаючы Маргарыце дакумент, а потым з пашанаю далажыў Воланду: - Усё, месiр! - Не, не ўсё, - адказаў Воланд i адарваўся ад глобуса. - Куды скажаце дзець вашу свiту, мая дарагая донна? Асабiста мне яна не патрэбна. Тут у адчыненыя дзверы ўбегла Наташа, як i была голая, пляснула рукамi i закрычала Маргарыце: - Будзьце шчаслiвыя, Маргарыта Мiкалаеўна! - яна закiвала галавой майстру i зноў звярнулася да Маргарыты: - Я ведала, куды вы ходзiце. - Хатнiя работнiцы ўсё ведаюць, - адзначыў кот i шматзначна падняў лапу, памылка думаць, што яны сляпыя. - Чаго ты хочаш, Наташа? - спыталася Маргарыта. - Вяртайся ў асабняк. - Душачка, Маргарыта Мiкалаеўна, - умольна загаварыла Наташа i стала на каленi, - папрасiце iх, - яна зiрнула на Воланда, - каб пакiнулi мяне ведзьмаю. Не хачу я болей у асабняк! Нi за iнжынера, нi за тэхнiка не пайду! Мне пан Жак учора прапанову зрабiў на балi, - Наташа раскрыла кулачок i паказала нейкiя залатыя манеткi. Маргарыта запытальна паглядзела на Воланда. Той кiўнуў галавою. Тады Наташа кiнулася на шыю Маргарыце, звонка яе пацалавала, пераможна ўскрыкнула i вылецела праз акно. На Наташыным месцы апынуўся Мiкалай Iванавiч. Ён меў ужо чалавечае аблiчча, але быў надзвычай засмучаны, мабыць, нават i раззлаваны i засмучаны. - Вось каго я адпушчу з асаблiвым задавальненнем, - сказаў Воланд i з агiдаю паглядзеў на Мiкалая Iванавiча, - з асаблiвым задавальненнем, бо ён тут зусiм лiшнi. - Я вельмi прашу выдаць мне пасведчанне, - загаварыў Мiкалай Iванавiч i ўвесь час дзiка азiраўся навокал, - дзе я правёў мiнулую ноч. - Наконт чаго? - сурова спытаўся кот. - Каб паказаць у мiлiцыi i жонцы, - цвёрда сказаў Мiкалай Iванавiч. - Пасведчанняў мы звычайна не выдаём, - адказаў кот i надзьмуўся, - але вам, няхай будзе па-вашаму, выключэнне зробiм. I не паспеў Мiкалай Iванавiч апамятацца, як голая Гела ўжо сядзела за пiшучай машынкаю, а кот дыктаваў ёй: - Гэтым сведчым, што Мiкалай Iванавiч правёў памянёную ноч на балi ў сатаны, быў прыцягнуты туды ў якасцi транспартнага сродку... пастаў, Гела, дужку! У дужках напiшы "япрук". Подпiс - Бегемот. - А дата? - пiскнуў Мiкалай Iванавiч. - Дат не ставiм, з датаю папера будзе несапраўдная, - адазваўся кот, падмахнуў паперку, аднекуль здабыў пячатку, як i належыць, падыхаў на яе, адцiснуў на паперы слова "заплачана" i ўручыў паперу Мiкалаю Iванавiчу. Пасля гэтага Мiкалай Iванавiч знiк бясследна, а на яго месцы з'явiўся нечаканы чалавек. - Гэта яшчэ хто? - гiдлiва спытаўся Воланд i рукою засланiўся ад святла свечак. Варэнуха апусцiў галаву, уздыхнуў i цiха сказаў: - Адпусцiце назад. Не магу быць вампiрам. Я ж тады разам з Гелаю Рымскага ледзь насмерць не ўходаў. А я не крывапiўца. Адпусцiце. - Што гэта за трызненне? - зморшчыўся i спытаўся Воланд. - Якi яшчэ там Рымскi? Што ён вярзе? - Не хвалюйцеся, калi ласка, месiр, - адазваўся Азазела i звярнуўся да Варэнухi: - Хамiць не трэба па тэлефоне. Хлусiць па тэлефоне не трэба. Зразумела? Больш гэтым займацца не будзеце? Ад радасцi ў галаве ў Варэнухi ўсё змяшалася, але твар засвяцiўся, i ён, ужо не памятаючы, што гаворыць, мармытаў: - Сапраўды... я хачу сказаць, ваша вя... адразу пасля абеду... - Варэнуха прыцiскаў рукi да грудзей, умольна глядзеў на Азазелу. - Ну добра, дадому, - адказаў той, i Варэнуха растаў. - А цяпер усе пакiньце мяне аднаго з iмi, - загадаў Воланд i паказаў на майстра i Маргарыту. Воландаў загад быў выкананы iмгненна. Воланд крыху памаўчаў i звярнуўся да майстра: - Ага, значыць, у арбацкi падвал? А хто будзе пiсаць? А мары? Натхненне? - У мяне не будзе болей нiякiх мар i натхнення, - адказаў майстар, - нiшто мяне навокал не цiкавiць, акрамя яе, - ён зноў паклаў руку на Маргарыцiну галаву, - мяне зламалi, мне сумна, i я хачу ў падвал.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25
|