Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Булгаков Михаил Афанасьевич / Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Чтение (стр. 11)
Автор: Булгаков Михаил Афанасьевич
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - Дык, можа, ёсць брыльянты? - спытаўся артыст.
      - I брыльянтаў няма.
      Артыст апусцiў галаву i задумаўся, а потым пляснуў у ладкi. З-за кулiсаў выйшла на сцэну панi сярэдняга ўзросту, модна апранутая, у палiто без каўняра i ў маленькiм капялюшыку. Панi была ўстрывожаная, а Дунчыль паглядзеў на яе i нават вокам не мiргнуў.
      - Хто гэтая панi? - спытаў вядучы праграмы ў Дунчыля.
      - Гэта мая жонка, - з годнасцю адказаў Дунчыль i паглядзеў на доўгую шыю панi крыху непрыязна.
      - Мы патрывожылi вас, панi Дунчыль, - звярнуўся да жанчыны канферансье, вось чаму: мы хацелi спытаць, цi ёсць у вашага мужа валюта?
      - Ён тады ўсё аддаў, - усхвалявана сказала панi Дунчыль.
      - Ну, - сказаў артыст, - ну што ж, калi так, дык так. Калi ўсё здаў, то вам давядзецца зараз разлучыцца з Сяргеем Герардавiчам, нiчога не зробiш! Калi хочаце, вы можаце пакiнуць тэатр, Сяргей Герардавiч, - i артыст зрабiў царскi жэст.
      Дунчыль завярнуўся i з годнасцю пайшоў за кулiсы.
      - Адну хвiлiнку! - спынiў яго канферансье. - Дазвольце мне на развiтанне паказаць вам яшчэ адзiн нумар нашае праграмы, - i зноў пляснуў у ладкi.
      Чорная задняя заслона расхiнулася, i на сцэну выйшла юная прыгажуня ў бальнай сукенцы, якая трымала ў руцэ залаты падносiк, на iм ляжаў тоўсты пакунак, перавязаны цукеркавай стужкаю, i брыльянтавае калье, ад якога ва ўсе бакi адскоквалi сiнiя, жоўтыя i чырвоныя агнi.
      Дунчыль ступiў крок назад, твар яго пабялеў. Зала замерла.
      - Васемнаццаць тысяч даляраў i калье на сорак тысяч золатам, - урачыста аб'явiў артыст, - хаваў Сяргей Герардавiч у горадзе Харкаве на кватэры ў сваёй каханкi Iды Геркуланаўны Ворс, якую мы маем радасць бачыць зараз i якая ахвотна дапамагла нам гэтае багацце знайсцi, марнае i мёртвае ў руках прыватнае асобы. Вялiкi дзякуй, Iда Геркуланаўна.
      Прыгажуня ўсмiхнулася, блiснула зубамi, i пушыстыя яе павекi здрыганулiся.
      - А за ўсёй вашай важнасцю i прыстойнасцю, - сказаў артыст Дунчылю, хаваецца прагны павук, умелы ачмурала i лгун. Вы замучылi за месяц усiх сваёй тупой упартасцю. Iдзiце цяпер дадому, i тое пекла, якое наладзiць там ваша жонка, будзе вам пакараннем.
      Дунчыль пахiснуўся, i здавалася, упадзе, але нечыя спагадлiвыя рукi падхапiлi яго. Тут апусцiлася пярэдняя заслона i схавала ўсiх, хто быў на сцэне.
      Шалёныя апладысменты скаланулi залу гэтак, што Мiканору Iванавiчу здалося, быццам у люстрах задрыжалi агнi. А калi першая чорная заслона пайшла ўгору, на сцэне ўжо нiкога не было, акрамя адзiнокага артыста. Ён сарваў другi залп апладысментаў, раскланяўся i загаварыў:
      - У асобе гэтага Дунчыля перад вамi выступаў у нашай праграме тыповы асёл. Я ж гаварыў учора, што тайнае захоўванне валюты не мае нiякага сэнсу. Выкарыстоўваць яе нiхто не можа нi пры якiх умовах, запэўнiваю вас. Возьмем хаця б гэтага Дунчыля. Ён атрымлiвае цудоўны аклад, у яго ўсё ёсць, цудоўная кватэра, жонка i прыгажуня каханка. Дык не, замест таго каб жыць цiха i мiрна, без усякiх непрыемнасцей, здаўшы валюту i каменьчыкi, гэты зайздросны дурань дамогся таго, што быў выкрыты пры ўсiх, i на закуску атрымаў вялiзную сямейную непрыемнасць. Ну, дык хто здае? Няма жадаючых? У такiм разе наступны нумар нашае праграмы - вядомы драматычны талент, артыст Сава Патапавiч Куралесаў, якi знарок запрошаны, каб выканаць урыўкi са "Скупога рыцара" паэта Пушкiна.
      Абяцаны Куралесаў не марудзiў, з'явiўся на сцэне i аказаўся рослым i мясiстым голеным мужчынам у фраку i белым гальштуку.
      Без усякага ўступу ён зрабiў хмуры твар, насупiў бровы i загаварыў ненатуральным голасам, касавурачыся на залаты званочак:
      - Как молодой повеса ждет свидания с какой-нибудь развратницей лукавой...
      I Куралесаў расказаў пра сябе многа нядобрага. Мiканор Iванавiч чуў, як Куралесаў прызнаваўся, што нейкая няшчасная ўдава выла, стоячы перад iм на каленях у дождж, але не кранула чорствага артыставага сэрца. Мiканор Iванавiч да свайго сну зусiм не ведаў твораў паэта Пушкiна, але самога яго ведаў цудоўна i кожны дзень па некалькi разоў гаварыў нешта падобнае на такое: "А за кватэру Пушкiн плацiць будзе?" альбо "Лямпачку на лесвiцы, значыць, Пушкiн выкруцiў?", "Нафту, значыць, Пушкiн купляць будзе?"
      Цяпер, пасля знаёмства з адным з яго твораў, Мiканор Iванавiч засумаваў, уявiў жанчыну на каленях, з сiратамi на дажджы, i мiжволi падумаў: "А гэты Куралесаў усё ж тып!"
      А той усё мацней i мацней каяўся i зусiм заблытаў Мiканора Iванавiча, таму што раптам пачаў звяртацца да некага, каго на сцэне i не было, i за гэтага адсутнага сам i адказваў, i называў сябе то "гасударам", то "баронам", то "бацькам", то "сынам", то на "вы", то на "ты".
      Мiканор Iванавiч зразумеў толькi адно, што памёр артыст нядобраю смерцю, закрычаўшы напаследак: "Ключы! Ключы мае!" - пасля гэтага ўпаў на падлогу, хроп i асцярожна зрываў з сябе гальштук.
      Пасля таго як памёрлы Куралесаў абтрос пыл з фрачных штаноў, пакланiўся, усмiхнуўся фальшываю ўсмешкаю i пайшоў пад слабенькiя апладысменты, канферансье загаварыў:
      - Мы з вамi паслухалi ў цудоўным выкананнi Савы Патапавiча "Скупога рыцара". Гэты рыцар спадзяваўся, што лёгкiя нiмфы збягуцца да яго i адбудзецца яшчэ многа прыемнага. Але, як бачыце, нiчога не здарылася, нiякiя нiмфы не збеглiся да яго, а музы не прынеслi яму данiны, палацаў ён нiякiх не пабудаваў, а наадварот, скончыў вельмi дрэнна, памёр к д'яблу ад iнсульта на сваёй скрынцы з валютаю i камянямi. Папярэджваю вас, што i з вамi можа здарыцца нешта такое, а то i горшае, калi вы не здасце валюту!
      Паэзiя Пушкiна зрабiла гэтакае ўражанне цi празаiчная прамова канферансье, але нечакана з залы пачуўся сарамлiвы голас:
      - Я здаю валюту!
      - Калi ласка, прашу на сцэну! - ветлiва запрасiў канферансье, углядаючыся ў цёмную залу.
      I на сцэне апынуўся маленькага росту бялявы грамадзянiн, якi з выгляду не браў ужо тры тыднi ў рот.
      - Вiнаваты, як ваша прозвiшча? - папытаўся канферансье.
      - Канаўкiн Мiкалай, - сарамлiва абазваўся незнаёмы.
      - А! Вельмi прыемна, грамадзянiн Канаўкiн, ну?
      - Здаю! - цiха сказаў Канаўкiн.
      - Колькi?
      - Тысячу даляраў i дваццаць залатых дзесятак.
      - Брава! Усё, што маеце?
      Вядучы праграмы паглядзеў у вочы Канаўкiну, i Мiканору Iванавiчу здалося нават, што з гэтых вачэй пырснулi промнi, якiя пранiзалi Канаўкiна наскрозь, нiбы рэнтгенаўскiя. У зале перасталi нават дыхаць.
      - Веру! - нарэшце ўскрыкнуў артыст i патушыў свой позiрк. - Веру! Гэтыя вочы не хлусяць. Колькi ж я вам гаварыў, што асноўная ваша памылка заключаецца ў тым, што вы недаацэньваеце значэння чалавечага позiрку. Зразумейце, язык можа ўтоiць праўду, а вочы - нiколi! Вам задаюць нечаканае пытанне, вы нават не ўздрыгваеце, iмгненна авалодваеце сабою i ведаеце, што трэба сказаць, каб утаiць праўду, i пераканаўча гаворыце, i нiводная маршчынка на вашым твары не здрыганецца, але ўстрывожаная пытаннем iсцiна на iмгненне скача з дна душы ў вочы, i ўсё скончана. Яна заўважана, а вы злоўлены!
      Артыст прамовiў гэта палымяна i пераканаўча, ласкава пацiкавiўся ў Канаўкiна:
      - А дзе ж схаваныя?
      - У маёй цёткi, Парахоўнiкавай, на Прачысцiнцы...
      - А! Гэта... пачакайце... гэта ў Клаўдзii Iльiнiчны?
      - Ага.
      - Ах, ну, ну, ну, ну! Такi маленькi асабнячок? Насупраць яшчэ агародчык? Ведаю, а як жа! А куды вы iх там запхнулi?
      - У пограбе, у каробцы з-пад Эймена...
      Артыст успляснуў рукамi.
      - Цi бачылi вы нешта падобнае? - ускрыкнуў ён засмучана. - Ды яны там заплеснеюць, адсырэюць! Ну цi можна такiм людзям давяраць валюту?! Га? Ну зусiм як дзецi, дальбог!
      Канаўкiн, i сам зразумеўшы, што нарабiў i як праштрафiўся, панурыў чубатую галаву.
      - Грошы, - працягваў артыст, - павiнны захоўвацца ў дзяржбанку, у спецыяльных сухiх i ахоўваемых памяшканнях, а не ў цётчыных паграбах, дзе iх могуць, напрыклад, папсаваць пацукi! Дальбог, сорамна, Канаўкiн! Вы ж дарослы чалавек.
      Канаўкiн ужо не ведаў, куды i дзецца, толькi i мог калупаць пальцам абшлаг свайго пiнжака.
      - Ну, добра, - злiтаваўся артыст, - хто старое ўспомнiць... - i раптам дадаў нечакана: - Ага, дарэчы: за адзiн заход, каб машыну дарэмна не ганяць... у цёткi ў самое таксама нешта ёсць? Га?
      Канаўкiн не чакаў такога павароту, разгубiўся, i ў тэатры настала маўчанне.
      - Э-э, Канаўкiн, - з ласкавым дакорам сказаў канферансье, - а я яго яшчэ i пахвалiў! Вось табе i маеш, узяў ды i схаваў нi з таго нi з сяго! Глупства гэта, Канаўнiк! Я што гаварыў пра вочы? Вiдаць жа, што ў цёткi ёсць. Навошта вы дарэмна нас мучыце?
      - Ёсць! - па-залiхвацку крыкнуў Канаўкiн.
      - Брава! - крыкнуў канферансье.
      - Брава! - зараўла зала.
      Калi ўсё сцiхла, канферансье павiншаваў Канаўкiна, пацiснуў яму руку, прапанаваў адвезцi на машыне ў горад i ў той жа машыне загадаў некаму ў кулiсах заехаць па цётку i запрасiць яе ў жаночы тэатр на праграму.
      - Ага, я хацеў спытацца, не гаварыла цётка, дзе хавае сваё? - пацiкавiўся канферансье, паслужлiва прапаноўваючы папяроску i запаленую запалу. Той запалiў i неяк сумна ўсмiхнуўся.
      - Веру, веру, - уздыхнуў i адазваўся артыст, - гэта старая качарга не толькi сваяку, чорту не скажа пра такое. Ну што ж, паспрабуем абудзiць у ёй чалавека. Можа, яшчэ не ўсе струны пагнiлi ў яе лiхвярскай душы. Усяго добрага, Канаўкiн!
      I шчаслiвы Канаўкiн паехаў. Артыст спытаў, цi няма жадаючых здаць валюту, але атрымаў у адказ маўчанне.
      - Дальбог, дзiвакi, - пацiснуўшы плячыма, прамовiў артыст, i заслона схавала яго.
      Патухлi лямпачкi, было цёмна, i з цемры быў чуваць тэнар, якi спяваў:
      "Там груды золота лежат, и мне они принадлежат!"
      Потым аднекуль здалёк двойчы пачулiся апладысменты.
      - У жаночым тэатры дамачка нейкая здае, - нечакана загаварыў рыжы барадаты сусед Мiканора Iванавiча, уздыхнуў i дадаў: - Эх, каб не мае гусi! У мяне, дарагi мой чалавеча, байцовыя гусi ў Лiкнозаве. Здохнуць, баюся, без мяне. Птушка баявая, далiкатная, патрабуе догляду... Эх, каб не гусi!.. Пушкiным мяне не проймеш, - i ён зноў уздыхнуў.
      Тут зала асвятлiлася, i Мiканору Iванавiчу пачало снiцца, што з усiх дзвярэй у залу пасыпалiся кухары ў белых каўпаках з рознымi лыжкамi ў руках. Кухарчукi ўцягнулi ў залу чан з супам i латок з нарэзаным чорным хлебам. Гледачы ажывiлiся. Вясёлыя кухары снавалi мiж тэатраламi, налiвалi суп у мiскi i раздавалi хлеб.
      - Абедайце, хлопцы, - крычалi кухары, - i здавайце валюту! Чаго вам тут дарэмна сядзець? Ахвота вам сёрбаць гэтую баланду. Паехаў дадому, выпiў як след, добра закусiў!
      - Ну чаго ты тут, напрыклад, сядзiш, бацька? - звярнуўся непасрэдна да Мiканора Iванавiча тоўсты, з малiнавай шыяй кухар, працягваючы яму мiску, дзе ў полiўцы плаваў адзiн капусны лiст.
      - Няма! Няма! Няма ў мяне! - страшным голасам закрычаў Мiканор Iванавiч. Разумееш, няма!
      - Няма? - грозным басам зароў кухар. - Няма? - жаночым ласкавым голасам папытаўся ён. - Няма, няма, - дабрадушна замартымаў i ператварыўся ў фельчарыцу Праскоўю Фёдараўну.
      Яна ласкава штурхала Мiканора Iванавiча, якi стагнаў спрасонку. Тады знiклi кухары i развалiўся тэатр з заслонаю. Мiканор Iванавiч скрозь слёзы разгледзеў свой пакой у бальнiцы i двух у белых халатах, але не нахабных кухараў, якiя лезлi да людзей са сваiмi парадамi, а доктара i тую ж Праскоўю Фёдараўну, якая трымала ў руках не мiску, а талерачку, на якой ляжаў прыкрыты марляй шпрыц.
      - Дык што ж гэта, - горка гаварыў Мiканор Iванавiч, пакуль яму рабiлi ўкол, - няма ў мяне валюты! Няхай iм Пушкiн здае валюту. Няма!
      - Няма, няма, - супакойвала добрая Праскоўя Фёдараўна, - а на няма i суду няма.
      Мiканору Iванавiчу стала лягчэй пасля ўкола, i ён заснуў, i яму больш нiчога не снiлася.
      Але, дзякуючы яго выкрыкам, трывога перадалася ў 120-ты пакой, дзе хворы прачнуўся i пачаў шукаць сваю галаву, у 118-м, дзе захваляваўся невядомы майстар i ў адчаi заламаў рукi, глядзеў на поўню, успамiнаў горкую, апошнюю ў жыццi асеннюю ноч, палоску святла з-пад дзвярэй i растрапаныя валасы.
      З 118-га трывога пераляцела ў пакой да Iвана па балконе, ён прачнуўся i заплакаў.
      Але дактары хутка супакоiлi ўсiх устрывожаных, i яны пачалi засынаць. Сама пазней заснуў Iван, калi над ракой ужо днела. Пасля лекаў, якiя напаiлi ўсё яго цела, супакаенне прыйшло да яго як хваля, што накрыла коўдраю. Цела было лёгкае, а галаву лёгкiм ветрыкам абвявала дрымота. Ён заснуў, i апошняе, што ён чуў наяве, было ранiшняе птушынае шчабятанне. I яму пачало снiцца, што сонца ўжо апускалася над Лысаю Гарою i была гэтая гара ахоплена двайным ачапленнем...
      Раздзел 16
      ПАКАРАННЕ
      Сонца ўжо апускалася над Лысаю Гарою, i была гэтая гара ахоплена двайным ачапленнем.
      Тая кавалерыйская ала, якая перарэзала шлях пракуратару апоўднi, рыссю выйшла да Хеўроўскiх варотаў горада. Дарога ёй ужо была падрыхтавана. Пехацiнцы кападакiйскай кагорты адцiснулi ў бакi збоiшча людзей, мулаў i вярблюдаў, i ала рыссю, падымаючы да неба белыя слупы пылу, выйшла на перакрыжаванне, на якiм сыходзiлiся дзве дарогi: паўднёвая - у Вiфлеем, i паўночна-заходняя - у Яфу. Ала паiмчала па паўночна-заходняй дарозе. Кападакiйцы таксама былi рассыпаны ўскрай дарогi i загадзя сагналi з яе ўсе караваны, якiя спяшалiся на свята ў Ершалаiм. Натоўпы багамольцаў выйшлi са сваiх часовых паласатых шатроў, раскiнутых проста на траве, i стаялi за кападакiйцамi. Ала праiмчала амаль кiламетр, абмiнула другую кагорту Маланкавага легiёна i першая падышла праз кiламетр да падножжа Лысай Гары. Тут яна спешылася. Камандзiр падзялiў алу на ўзводы, i яны ачапiлi ўсё падножжа невысокага пагорка, пакiнулi свабодным толькi адзiн пад'ём на яго з Яфскай дарогi.
      Праз нейкi час услед за алай да ўзгорка прыйшла другая кагорта, паднялася на адзiн ярус вышэй i вянком аперазала гару.
      Нарэшце падышла кентурыя пад камандаваннем Марка Крысабоя. Яна iшла двума расцягнутымi ланцугамi абапал дарогi, а памiж гэтымi ланцугамi, пад канвоем патаемнае варты, ехалi ў павозцы трое асуджаных з белымi дошкамi на шыях, на якiх было напiсана: "Бандыт i бунтаўшчык" на дзвюх мовах - арамейскай i грэцкай. За павозкаю з асуджанымi рухалiся астатнiя, нагружаныя свежаабчасанымi слупамi з перакладзiнамi, вяроўкамi, рыдлёўкамi, вёдрамi i сякерамi. На гэтых павозках ехалi шэсць катаў. За iмi конна кентурыён Марк, начальнiк храмавай варты Ершалаiма, i той самы чалавек у башлыку, з якiм у Пiлата была вокамгненная нарада ў цёмным пакоi ў палацы. Заканчвалася працэсiя салдацкiм ланцугом, а за iм ужо iшлi амаль дзве тысячы цiкаўных, хто не пабаяўся пякельнае спякоты i пажадаў прысутнiчаць на гэтым цiкавым вiдовiшчы.
      Да гэтых цiкаўных гараджан далучылiся i багамольцы, якiх без перашкод прапусцiлi ў хвост працэсii. Пад тонкiя пранiзлiвыя крыкi глашатаяў, якiя суправаджалi калону i крычалi тое, што апоўднi крыкнуў Пiлат, яна ўсплыла на Лысую Гару.
      Ала прапусцiла ўсiх на другi ярус, а другая кентурыя наверх прапусцiла толькi тых, хто меў адносiны да пакарання, а потым хуткiмi манеўрамi рассыпала натоўп вакол усяго ўзгорка гэтак, што ён апынуўся мiж пяхотным ачапленнем наверсе i кавалерыйскiм унiзе. Цяпер натоўп мог бачыць пакаранне скрозь няшчыльны ланцуг пехацiнцаў.
      Тры гадзiны прайшло, пакуль працэсiя ўзышла наверх, i сонца апускалася ўжо над Лысай Гарой, але спякота яшчэ была невыносная, i салдаты ў абодвух ачапленнях пакутавалi ад яе, нудзiлiся ад суму i ў душы праклiналi разбойнiкаў, шчыра жадалi iм хуткае смерцi.
      Маленькi камандзiр алы, з мокрым iлбом i ў пацямнелай ад поту на спiне кашулi, якi знаходзiўся ля падножжа ўзгорка пры адкрытым праходзе, час ад часу падыходзiў да скуранога вядра, чэрпаў з яго прыгаршчамi ваду, пiў i мачыў свой цюрбан. Гэта давала на нейкi час палёгку, ён адыходзiў i пачынаў мераць крокамi туды-сюды пыльную дарогу, якая вяла на вяршыню ўзгорка. Доўгi меч яго стукаў аб скураны зашнураваны бот. Камандзiр хацеў паказаць салдатам сваю трывучасць, але салдат пашкадаваў, дазволiў iм з пiк, уваткнутых у зямлю, зрабiць пiрамiды i накiнуць на iх белыя плашчы. У гэтых шалашах i хавалiся ад бязлiтаснага сонца сiрыйцы. Вёдры апаражнялiся хутка, i кавалерысты з розных узводаў па чарзе накiроўвалiся па ваду ў ярок пад гарою, дзе ў рэдзенькiм цяньку ад чэзлых тутавых дрэў дажываў апошнiя днi каламутны ручаёк. Тут стаялi, хаваючыся пад хiсткi цень, i сумавалi канаводы, трымалi прыцiхлых коней.
      Пакуты салдат i iхнюю лаянку можна было зразумець. Боязь пракуратара, што можа пачацца бунт у час пакарання ў ненавiсным горадзе Ершалаiме, на шчасце, не апраўдалася. I калi пайшла чацвёртая гадзiна пакарання, мiж двух ланцугоў, верхняй пяхотай i кавалерыяй ля падножжа, не засталося, насуперак чаканню, нiводнага чалавека. Сонца спякло натоўп i пагнала яго назад у Ершалаiм. За ланцугом двух рымскiх кентурый засталiся толькi два невядома чые сабакi, якiя чамусьцi апынулiся на ўзгорку. Але i iх змучыла спякота, яны палеглi з высунутымi языкамi, цяжка дыхалi i не звярталi ўвагi на зялёных яшчарак, адзiных iстот, якiя не баялiся сонца i шнырылi мiж гарачага камення i нейкiмi раслiнамi з вялiкiмi калючкамi, якiя вiлiся па зямлi.
      Нiхто i не спрабаваў адбiваць асуджаных нi ў самiм Ершалаiме, напоўненым войскам, нi тут, на ачэпленым узгорку, i натоўп вярнуўся ў горад, бо на самай справе нiчога цiкавага не было ў гэтым пакараннi, а там, у горадзе, усе рыхтавалiся да надыходзячага вялiкага свята Пасхi.
      Рымская пяхота ў другiм ярусе пакутавала яшчэ больш, чым кавалерысты. Кентурыён Крысабой адзiнае дазволiў салдатам - зняць шлемы i накрыцца белымi павязкамi, намочанымi вадой, але трымаў салдат стоячы i з коп'ямi ў руках. Сам ён у гэтакай самай павязцы, толькi сухой, паходжваў непадалёку ад групкi катаў, не зняўшы нават са свае кашулi накладныя срэбныя львiныя морды, не зняўшы нагалённiкаў, мяча i нажа. Сонца бiла проста ў кентурыёна i не рабiла яму нiякае шкоды, а на львiныя морды нельга было зiрнуць, вочы выядала зiхоткае ззянне быццам закiпаючага на сонцы срэбра.
      На скалечаным Крысабоевым твары не было нi стомленасцi, нi незадаволенасцi, i здавалася, што велiкан кентурыён можа хадзiць вось гэтак цэлы дзень, - адным словам, гэтулькi, колькi трэба будзе. Усё гэтак жа з рукамi на цяжкой, з меднымi бляхамi папрузе, усё гэтак жа сурова пазiраць то на слупы з асуджанымi, то на салдат у ланцугу, усё гэтак жа раўнадушна адкiдаць калматым ботам выбеленыя ад часу чалавечыя косцi i невялiчкiя крэменi, якiя траплялi пад ногi.
      Той чалавек у башлыку размясцiўся непадалёку ад слупоў на трохногай табурэтцы i сядзеў задаволены i нерухомы, зрэдку толькi ад няма чаго рабiць палачкаю калупаў пясок.
      Сказанае пра тое, што за ланцугом легiянераў не было нiводнага чалавека, не зусiм праўда. Адзiн чалавек быў, але яго проста не ўсе бачылi. Ён размясцiўся не з таго боку, дзе быў адкрыты пад'ём на гару i адкуль зручней было назiраць пакаранне, а з паўночнага боку, там, дзе ўзгорак быў не адлогi i даступны, а няроўны, перарэзаны ярамi i абрывамi, там, дзе ў трэшчыне, учапiўшыся за праклятую небам бязводную зямлю, спрабавала выжыць адзiнокае фiгавае дрэўца.
      Якраз пад iм, дзе не было нiякага ценю, i размясцiўся гэты адзiнокi глядач, а не ўдзельнiк пакарання, i сядзеў на каменi з самага пачатку, гэта значыць чацвёртую гадзiну. Сапраўды, каб бачыць пакаранне, ён выбраў не лепшае, а горшае месца. Але ўсё ж i адсюль слупы вiдаць, вiдаць за ланцугом i дзве блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна, а гэтага чалавеку, якi, вiдавочна, хацеў застацца амаль не прыкмечаным i нiкiм не патрывожаным, было дастаткова.
      Але чатыры гадзiны таму, на пачатку пакарання, чалавек паводзiў сябе зусiм iнакш i вельмi нават мог быць прыкмечаны, таму, вiдаць, ён i змянiў свае паводзiны i схаваўся.
      Толькi тады, як працэсiя ўзышла на самы верх за ланцуг, ён i паказаўся ўпершыню; нiбы чалавек, якi спазнiўся. Ён цяжка дыхаў i не iшоў, а бег на ўзгорак, штурхаўся, а калi ўгледзеў, што перад iм, як i перад iншымi, замкнуўся ланцуг, зрабiў наiўную спробу, прытварыўшыся, што не разумее вокрыкаў, прарвацца мiж салдатамi да самога месца пакарання, дзе ўжо асуджаных здымалi з павозкi. За гэта ён атрымаў цяжкi ўдар тупым канцом кап'я ў грудзi i адскочыў ад салдат, ускрыкнуў цi то ад болю, цi то ў адчаi. На легiянера, якi ўдарыў яго, ён паглядзеў туманным, зусiм абыякавым позiркам, як чалавек, якi не адчувае болю.
      З кашлем i задышкаю, трымаючыся рукой за грудзiну, ён абабег вакол узгорка, хацеў на паўночным баку знайсцi шчылiну ў ланцугу, каб можна было праслiзнуць. Але спазнiўся. Кола замкнулася, i чалавек з болем на твары вымушаны быў адмовiцца ад спроб прарвацца да павозак, з якiх ужо знялi слупы. Гэтыя спробы нiчога не давалi, акрамя таго, што яго маглi схапiць, а быць затрыманым у гэты дзень ён не збiраўся.
      I вось ён адышоў убок, да трэшчыны, дзе было спакойна i нiхто яму не перашкаджаў.
      Цяпер гэты чорнабароды чалавек з гноем у вачах ад сонца i бяссоння сумна сядзеў на каменi. Ён то ўздыхаў, расхiнаў свой, зашмальцаваны за час бадзяння, калiсьцi блакiтны, а цяпер брудна-шэры талiф, агаляў удараную кап'ём грудзiну, па якой цёк брудны пот, то з нечалавечаю пакутаю падымаў вочы ў неба, сачыў за трыма каршунамi, якiя даўно ўжо плавалi ў вышынi кругамi ў прадчуваннi блiзкага пiру, потым апускаў безнадзейны позiрк на зямлю i бачыў на ёй амаль збуцвелы сабачы чэрап i яшчарак, якiя бегалi вакол яго.
      Чалавек гэтак пакутаваў, што час ад часу пачынаў загаворваць сам з сабой.
      - Ой, дурань я! - мармытаў ён, пагойдваючыся з боку ў бок на каменi ад душэўнага болю i пазногцямi драпаючы смуглую грудзiну. - Дурань, дурная баба, баязлiвец! Падла я, а не чалавек!
      Ён зацiхаў, апускаў галаву, потым пiў цёплую ваду з драўлянае флягi, зноў ажываў, пачынаў хапацца то за нож, схаваны пад талiфам на грудзях, то за кавалак пергаменту, якi ляжаў перад iм на каменi побач з палачкаю i бутэлечкай з тушшу.
      На гэтым пергаменце былi ўжо накрэслены запiсы:
      "Пралятаюць хвiлiны, i я, Левiй Мацей, знаходжуся на Лысай Гары, а смерцi ўсё няма!"
      Потым:
      "Сонца на схiле, а смерцi ўсё няма".
      Зараз Левiй Мацей безнадзейна запiсаў востраю палачкаю вось такое:
      "Божа! За што ты маеш крыўду на яго? Пашлi яму смерць".
      Пасля запiсу ўсхлiпнуў без слёз i зноў пазногцямi драпнуў грудзiну.
      Адчай Левiя быў з-за тае вялiкае няўдачы, якая спасцiгла яго i Iешуа, у дадатак да ўсяго яшчэ i страшэнная памылка, якую ён, Левiй, на яго думку, зрабiў. Пазаўчора ўдзень Iешуа i Левiй знаходзiлiся ў Вiфанii пад Ершалаiмам, гасцявалi ў аднаго агароднiка, якому надзвычай спадабалiся пропаведзi Iешуа. Цэлую ранiцу госцi працавалi на агародзе, дапамагалi, а пад вечар, халадком, сабралiся iсцi ў Ершалаiм. Але Iешуа чамусьцi заспяшаўся, сказаў, што ў яго тэрмiновы клопат у горадзе, i апоўднi пайшоў адзiн. Вось гэта i была першая памылка Левiя Мацея. Чаму, чаму ён адпусцiў яго аднаго!
      Вечарам Мацею не ўдалося пайсцi ў Ершалаiм. Нейкая нечаканая i жахлiвая хвароба раптоўна навалiлася на яго. Яго калацiла, цела гарэла, зубы стукалi, i ён бясконца прасiў пiць. Нiкуды iсцi болей не мог. Ён звалiўся на дзяружку ў будане агароднiка i праваляўся на ёй да ранiцы ў пятнiцу, калi хвароба гэтак жа раптоўна, як i навалiлася, адпусцiла Левiя. Хаця ён яшчэ быў слабы i ногi дрыжалi, ён развiтаўся з гаспадаром i накiраваўся ў Ершалаiм, бо мучыла нейкае прадчуванне бяды. Там ён даведаўся, што прадчуванне не падманула. Няшчасце здарылася. Левiй быў у натоўпе i чуў, як пракуратар аб'явiў прысуд.
      Калi асуджаных павялi на Лысую Гару, Левiй Мацей бег побач з ланцугом у натоўпе зявак, стараўся як-небудзь непрыкметна падаць знак Iешуа хаця б пра тое, што ён, Левiй, тут, з iм, што ён не пакiнуў яго на апошняй дарозе i што ён за яго, каб смерць да Iешуа прыйшла як мага хутчэй. Але Iешуа, якi глядзеў удалечыню, туды, куды яго везлi, вядома, Левiя не заўважыў.
      I вось калi працэсiя прайшла амаль паўвярсты па дарозе, Мацею, якога штурхалi ў натоўпе паўз самы ланцуг, прыйшла простая i генiяльная думка, i адразу ж, у гарачцы, ён пракляў сябе за тое, шго не падумаў пра гэта раней. Салдаты iшлi няшчыльным ланцугом. Памiж iмi былi прамежкi. Пры добрым спрыце i дакладным разлiку можна было сагнуцца, праскочыць памiж двума легiянерамi, дарвацца да павозкi i ўскочыць на яе. Тады Iешуа будзе выратаваны ад пакут.
      Аднаго iмгнення дастаткова, каб ударыць Iешуа нажом у спiну, крыкнуць яму: "Iешуа! Я ратую цябе i адыходжу разам з табой! Я, Мацей, твой адданы i адзiны вучань!"
      I калi б бог быў лiтасцiвы i даў яму яшчэ адно iмгненне, можна было б зарэзацца i самому, пазбегнуць смерцi на слупе. Хаця апошняе мала турбавала Левiя, былога зборшчыка падаткаў. Яму было ўсё роўна, як загiнуць. Ён хацеў толькi аднаго, каб Iешуа, якi не зрабiў нiкому нiчога дрэннага ў жыццi, пазбег катаванняў!
      План быў вельмi добры, але справа ў тым, што Левiй не меў з сабой нажа. Не было ў яго i нiводнага грошыка.
      Злосны на самога сябе Левiй выбраўся з натоўпу i пабег назад у горад. У гарачай яго галаве бiлася адна толькi лiхаманкавая думка: здабыць у горадзе нож i паспець дагнаць працэсiю.
      Ён дабег да гарадскiх варот, прабiраючыся ў натоўпе i таўкатнi караванаў, якiя ўцягвалiся ў горад, i злева ўбачыў адчыненыя дзверы крамкi, у якой прадавалi хлеб. Цяжка задыханы пасля бегу па спякотнай дарозе, Левiй авалодаў сабой, паважна зайшоў у крамку, прывiтаў гаспадыню, якая стаяла ля прылаўка, папрасiў яе зняць з палiцы верхнi каравай, якi яму чамусьцi спадабаўся болей, i, як толькi яна адвярнулася, хутка i моўчкi схапiў з прылаўка тое, што лепшым i быць не можа, - навостраны, як брытва, доўгi хлебны нож, i адразу кiнуўся прэч з крамы. Праз некалькi хвiлiн ён быў зноў на Яфскай дарозе. Але працэсii ўжо i не было вiдаць. Ён пабег. Час ад часу ён падаў проста на пыл i ляжаў нерухома, пакуль аддыхваўся. Гэтым ляжаннем ён здзiўляў тых, хто ехаў на мулах i iшоў пешшу ў Ершалаiм. Ён ляжаў i слухаў, як калоцiцца яго сэрца не толькi ў грудзях, але ў галаве i ў вушах. Аддыхаўшыся крыху, ён усхоплiваўся i бег далей, але ўсё павольней i павольней. Калi ён нарэшце ўгледзеў запыленую ўдалечынi працэсiю, яна была ўжо ля падножжа ўзгорка.
      - Мой божа... - прастагнаў Левiй, бо разумеў, што спазняецца. I ён спазнiўся.
      Пасля чатырох гадзiн пакарання Левiй не мог болей трываць пакут i разлютаваўся. Устаў з каменя, кiнуў на зямлю непатрэбны цяпер ужо, як думалася яму, нож, растаптаў нагою бiклагу з вадой, скiнуў з галавы кефi, ухапiўся за рэдзенькiя валасы на галаве i пачаў праклiнаць сябе самога.
      Ён праклiнаў сябе, выкрыкваў незразумелыя словы, выў i пляваўся, лаяў свайго бацьку i мацi за тое, што нарадзiлi на свет божы дурня.
      Праклёны i лаянка не дзейнiчалi, i нiчога пад спякотным сонцам не мянялася, ён бачыў гэта, i таму заплюшчыў вочы, сцiснуў маленькiя кулачкi, падняў iх угору ў неба, да сонца, якое апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, доўжыла ценi i адыходзiла, каб упасцi ў Мiжземнае мора, i запатрабаваў у бога неадкладнага цуду. Ён патрабаваў, каб бог адразу паслаў Iешуа смерць.
      Калi ён расплюшчыў вочы, то пераканаўся, што на ўзгорку нiчога не змянiлася, хiба толькi патухлi блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна. Сонца пякло ў спiны пакараным, якiя вiселi тварамi да Ершалаiма. Тады Левiй закрычаў:
      - Божа, я праклiнаю цябе!
      Асiплым голасам ён крычаў пра тое, што пераканаўся ў божай несправядлiвасцi i больш не будзе верыць яму.
      - Ты глухi! - крычаў Левiй. - Калi б ты быў не глухi, ты пачуў бы мяне i забiў бы яго адразу!
      Левiй заплюшчыў вочы, чакаў агню, якi абрынецца на яго з неба i спапялiць. Гэтага не здарылася, i Левiй з заплюшчанымi вачыма працягваў крычаць зняважлiвыя i крыўдныя словы небу. Ён крычаў пра тое, што зусiм расчараваўся, што ёсць на свеце iншыя багi i iншыя рэлiгii. Другi бог не дапусцiў бы такога, нiколi не давёў бы, каб такi чалавек, як Iешуа, згараў ад сонца на слупе.
      - Я памыляўся! - крычаў зусiм ахрыплы Левiй. - Ты бог злосцi, а не дабра! Цi табе засцiў вочы дым ад куродымнiц у храмах, а вушы твае ўжо нiчога не чуюць, акрамя папоўскiх трубных галасоў? Ты не ўсемагутны бог. Ты чорны бог. Пракляцце табе, бог бандытаў, iхнi абаронца i iх душа!
      I тут нешта павеяла ў твар былому зборшчыку падаткаў i шорхнула ў яго пад нагамi. Павеяла яшчэ раз, i тады Левiй расплюшчыў вочы i ўбачыў, што ўсё навокал, цi ад яго праклёнаў, цi з-за нечага iншага, перамянiлася. Знiкла сонца, якое гэтак i не дайшло да мора, у якiм танула штовечар. Навальнiчная хмара праглынула яго i ўставала з захаду грозна i няўмольна. Краi хмары ўжо закiпалi белаю пенаю, чорнае дымнае чэрава адсвечвала жаўцiзною. Хмара бурчала, i з яе час ад часу вывiвалiся вогненныя пiсягi. Па Яфскай дарозе, па беднай Гiёнскай далiне, над буданамi багамольцаў, узнятыя раптоўным ветрам, ляцелi пыльныя слупы. Левiй змоўк, спрабаваў угадаць, цi прынясе навальнiца, якая зараз накрые сабой Ершалаiм, якую-небудзь перамену ў лёсе няшчаснага Iешуа. I адразу ж, гледзячы на вогненныя пiсягi, якiя паласавалi хмару, пачаў прасiць, каб маланка ўдарыла ў слуп, да якога быў прывязаны Iешуа. Левiй з раскаяннем глядзеў у неба, якое яшчэ не накрыла хмара i дзе каршачкi клалiся на крыло, каб уцячы ад навальнiцы, i думаў, што, як дурань, паспяшаўся з праклёнамi. Цяпер бог не паслухае яго.
      Левiй паглядзеў на падножжа ўзгорка, на тое месца, дзе стаяў рассыпаны кавалерыйскi полк, i заўважыў, што там адбылiся вялiкiя перамены. З вышынi Левiю добра было вiдаць, як салдаты мiтусiлiся, вырывалi з зямлi пiкi, ахiлялiся плашчамi, каняводы подбегам спяшалiся да дарогi з варанымi коньмi на павадах. Полк ад'язджаў, гэта было зразумела. Левiй прыкрываў твар ад пылу, пляваўся i стараўся здагадацца, што гэта значыць, калi кавалерыя збiраецца ад'язджаць? Ён перавёў позiрк вышэй i ўгледзеў маленькую постаць у барвовай вайсковай хламiдзе, якая ўзыходзiла да пляцоўкi, на якой адбывалася пакаранне. I тут прадчуванне радаснага канца пахаладзiла сэрца былога зборшчыка падаткаў.
      Той, хто ўзыходзiў на гару на пятай гадзiне пакут асуджаных, быў камандзiр кагорты, якi прыехаў з Ершалаiма ў суправаджэннi ардынарца. Салдацкi ланцуг па камандзе Крысабоя разамкнуўся, i кентурыён адсалютаваў трыбуну. Той адвёў убок Крысабоя i нешта шапнуў яму. Кентурыён другi раз адсалютаваў i рушыў да групкi катаў, якiя сядзелi на камянях ля слупоў. Трыбун сам накiраваўся да таго, хто сядзеў на трохногай табурэтцы, i чалавек ветлiва ўстаў насустрач трыбуну. I яму штосьцi цiха сказаў трыбун, i яны абодва падышлi да слупоў. Да iх далучыўся i начальнiк храмавай варты.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25