Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Быков Василь / Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке) - Чтение
(стр. 3)
Автор:
|
Быков Василь |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(521 Кб)
- Скачать в формате fb2
(221 Кб)
- Скачать в формате doc
(225 Кб)
- Скачать в формате txt
(219 Кб)
- Скачать в формате html
(222 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18
|
|
- Адчынiце! Я падбег ззаду i рвануў яго за плячо. - Прэч адсюль! Санiнструктар павярнуўся, працяў мяне злым позiркам, але паслухаўся i пайшоў да брамкi. Здаля толькi брыдка нягучна вылаяўся. Я павярнуўся быў, каб падацца сьледам, як ззаду забразгалi дзьверы. - Дзякуй вам. Ён другi раз ужо... На парозе ў паўрасчыненых дзьвярах стаяла яна - мая зямлячка. Толькi зiрнуўшы ў яе кiрпаценькi, зь некалькiмi рабацiнкамi ля пераносься тварык, я адразу пазнаў наш паўзабыты дзявочы выраз - ветлiва стрыманы, мо трошкi з боязьзю перад незнаёмым чалавекам. З выгляду яна была зусiм яшчэ дзяўчо, падобная на хлопчыка-падлетка, - у цёмнай кофтачцы зь белым каўнерыкам i вузкiх штонiках замест спаднiчкi. Сьпераду быў прышпiлены куртаценькi белы фартушок - як у пакаёўкi, цi што. Уражаны гэтай сустрэчай, я на момант забыўся пра санiнструктара i нават ня бачыў, як той пералез цераз брамку. - Вы зь Беларусi? - зьдзiўлена папытаўся я. - Ну, - цiхенька адказала яна i бы насьцярожылася затым. - I я ж таксама. - Ведаю. Мне ваш салдат сказаў. - Але... Вы тут даўно? Падобна было, яна ўздыхнула цi толькi памкнулася да таго, стрымаўшы ўздых. Затым павярнулася ў дзьвярах, не запрашаючы мяне заходзiць, але й сама не выходзячы на нiзенькi каменны ганак. Уся такая спрытненькая, тоненькая, бы цьвiчок, з адзнакай чагось устрывожанага на прывабным тварыку. - Як вам сказаць... Хутка ня скажаш, - вымавiла яна й зрабiла нясьмелую спробу трошкi ўсьмiхнуцца. Бы на разьвiтаньне. Але разьвiтвацца зь ёю мне ўжо не хацелася. - Нiкога не пушчайце, - сказаў я, адчуўшы цьмяную прыязнасьць да яе. Калi будуць стукаць, не адчыняйце. Мы вас абаронiм. - Тут ужо стукалiся. - Хто стукаўся? - Вашыя ваенныя, - сказала яна i памаўчала. - То можа, зойдзеце? нечакана папыталася цi прапанавала яна i трошкi збочыла ў дзьвярах, пераступiўшы на сьлiзкiм гранiце маленькiмi, у мяккiх пантофлiках ножкамi. Я мiжволi зiрнуў на свае белыя ад пылу кiрзачы i ступiў на нiзкi парожак. Тут быў ня дужа вялiкi, з высокаю столяй вэстыбюль, бы шахматная дошка, вымашчаны чорна-белаю кафлянаю плiткай, з высокаю чорнай шафай збоку i двума стрэльчатымi вокнамi насупраць. Пасярэдзiне стаяў лёгенькi прыгожы столiк на выгнутых ножках, пакрыты квяцiстым абрусам. Некалькi гэткiх жа гнутых зэдлiкаў мясьцiлася побач, а ля сьцяны стаялi два цяжкiя скураныя крэслы. Скрозь было чыста, дагледжана i цемнавата: вокны знадворку напалову затулялi галiны старых зазелянелых дрэваў. - А вы тут - адна? - папытаўся я, трохi зьдзiўлены яўнай заможнасьцю яе жытла. - Не, чаму ж... Гаспадары ёсьць, - сказала яна, стоячы насупраць. Яна ня зводзiла зь мяне сваiх зыркiх вачэй, бы чагосьцi чакала. Чакала пытаньня. - Немцы, канечне? - Не-а. Аўстрыйцы. - Во як! Але ж... Як вы тут апынулiся? Яна не пасьпела адказаць, як паблiзу знадворку раскоцiста грымнула, аж, чуваць было, штосьцi з дробным стукам пакацiлася з даху. Дзяўчына мiжволi скаланулася, у позiрку яе мiльгануў спалох, i я выскачыў у дзьверы. За маёй агнявой якраз над лесапiльняй вецер разганяў у небе руды клубок дыму - то немцы пальнулi шрапнэляй. У такiх выпадках лепей было схавацца ў доме цi дзе пад дахам. Але я змушаны быў бегчы на агнявую. Я бег да агнявой i думаў, цi не прыстрэлачная гэта шрапнэль? Цi не засеклi яны пазыцыi маiх гарматаў? Другi разьлiк узвода быў па той бок заваленай дошкамi лесапiльнi, як бы яму там не дасталося. На гэтай агнявой усе сядзелi ў раўку, хоць ад шрапнэлi ў раўку не схаваесься. У гэты час яшчэ з прарэзьлiвым трэскам разарвалiся два шрапнэльныя, але цяпер далей - па той бок дарогi. Я гукнуў Скiбаву зьбегаць у другi разьлiк даведацца, цi не паранiла каго там. Немцы тым часам перанесьлi агонь за дарогу, мабыць, штосьцi там згледзелi - цi ня рух пяхоты? Скiбаў толькi адбег, як зазумерыў тэлефон - гэта камбат пытаўся, што ў нас здарылася. Сказаў, нiчога пакуль ня здарылася. А калi ў каго й здарылася, дык ня ў нас, гваздаюць пакуль па суседзях. Можа, па пяхоце. Паклаў трубку i сядзеў, прытулiўшыся да нейчай сьпiны, думаў, што абстрэл, вядома, паганая справа, але ў адным здатная - абстрэлу ня любiць начальства таксама. Калi абстрэльваюць, дык можна не асьцерагацца, што на цябе нечакана наедзе якi-небудзь "вiлiс" з крыклiвым камандзiрам цi прыдзяўбецца якi нахлебнiк-камсорг, парторг цi асабiст. У час абстрэлу ты сам сабе гаспадар, лейтэнант-узводны, i болей за немца ворага тут няма. Абстрэл шрапнэляй цягнуўся, здаецца, бясконца доўга. Усё яснае неба над гарадком было спляжанае жоўта-рудымi плямамi, якiя спакваля расплывалiся, выцягвалiся ў ветраныя космы, i сярод iх пыхкалi новыя - па адным, парамi, а то й па чатыры адразу. Прарэзьлiвы трэск выбухаў голасна аддаваўся горным рэхам; ад асаблiва блiзкiх закладвала ўвушшу i прыгнятала да глыбiнi душы. Толькi б стрываць. Толькi перачакаць. Не загiнуць. Гiнуць напрыканцы вайны проста жах... Але во ўрэшце ў небе над горадам змоўкла. Праўда, штось выбухнула напасьледак удалечынi, i настала няпэўная, амаль загадкавая цiшыня. Прыбег Скiбаў, сказаў, што ў другiм разьлiку ўсе цэлыя, нiкога не паранiла, толькi побач у двары забiла двух коней зь пехацiнскага абозу. Конi ляжаць, i ўжо прыходзiў нехта з цывiльных, прасiў дазволу адрэзаць кавалак канiны на бiфштэкс. Бедныя аўстрыякi! Мы ўсё ж, як нi былi галодныя, нават на Ўкраiне ня елi канiну, хоць некаторыя й казалi, што канiна - зусiм неблагое мяса. Але, мусiць, сапраўды - голад ня цётка. Наогул пакуль што не прыкмячалася нiякага руху - нi на ўскраiне гарадка, нi на дарозе. Пяхота штосьцi прыцiхла, нават не вяла агню зь перадавой. Але не зважаючы на той зманлiвы спакой, я адчуваў, што доўга мы тут ня выседзiм, усё ж мусiм наступаць, дабiваць ворага ў ягонай бярлозе. Асаблiва калi наперадзе, з таго боку, наступаюць амэрыканцы. Салдаты па адным павылазiлi з раўка на цесную пляцоўку агнявой пазыцыi, расьселiся на станiнах, снарадных скрынках. Камандзiр гарматы Мядзьведзеў адыйшоўся на хвiлiну пад недалёкi плот лесапiльнi, а як вярнуўся, я нягучна сказаў, каб iншыя ня надта ўчулi: - Схаджу туды... - Вазьмiце каго. А то... Ну, ведама - а то. Я акiнуў позiркам маiх хлопцаў i сустрэў усьмешысты твар Кананка. - Пайшлi! Той падхапiў на плячо аўтамат, i мы хуткiм крокам пайшлi да катэджа. Брамка была зачыненая, i на гэты раз пералазiць цераз яе было трохi няёмка, ня тое, што раней. Затое грукаць у дзьверы не давялося, тыя адразу прачынiлiся, як я ступiў на нiзенькi каменны ганак. - Ну, як вы тут? Жывыя? - Ой, страхоцьця колькi! Заходзьце, калi ласка, - вiдавочна яшчэ не супакоiўшыся ад перажытага, сказала дзяўчына. - Нiчога! Нядоўга засталося. З захаду iдуць амэрыканцы. - Праўда? Але ж мы нiчога ня ведаем. Дык, можа, сядайце? - няўпэўнена прапанавала яна. Я не сядаў, марудзiў. Кананок тым часам кiўнуў на дзьверы: - Я там, таварыш лейтэнант. Ён пайшоў на ганак, а я застаўся адзiн. Можа, i ня варта было б тут затрымлiвацца, але мне хацелася болей дазнацца пра маю зямлячку. - Дык як цябе завуць? - Мяне - Франя. А вас? Стоячы ля чорнае грувасткае шафы, яна, бачна было, з большым, чым раней, даверам вывучала мяне. - Зьмiтрок Барэйка, - трохi сумеўшыся, адказаў я. - Родам зь Бешанковiчаў. А ты адкуль? - Прыкладна, адтуль жа, - скупа адказала Франя, нiбы прыслухоўваючыся да чагосьцi. Знадворку, аднак, ня чулася нiчога асаблiвага, хiба за рамамi вузкiх вокнаў цiхенька ляскатала на ветры блiзкае лiсьце дрэваў. Удакладняць сваё паходжаньне Франя, аднак, ня стала. - Але пачаставаць вас няма чым. Хiба гарбаткай? - Добра - гарбаткай! - аж узрадваўся я, учуўшы гэтае знаёмае зь дзяцiнства слова. Так некалi вымаўляла мацi, вясковая настаўнiца; бацька ж заўсёды казаў "чай", а мацi ўпарта папраўляла яго: "гарбата". - Дык пасядзiце, я хуценька, - сказала Франя i цiхенька высьлiзнула ў сваiх мяккiх пантоплях праз бакавыя дзьверы. Я застаўся адзiн i засьцярожлiва падумаў: хоць бы чаго ня здарылася. Усё ж побач немцы, i невядома, хто гаспадар гэтага катэджа. Праўда, Франя ўсё ж служыла нейкiм гарантам, што ўсё абыдзецца. Я падыйшоў да аграмадзiны шафы, даверху застаўленай шэрагамi тоўстых кнiжак у чорных вокладках з залачонымi гатычнымi лiтарамi, якiя я ня надта навучыўся чытаць у школе. Побач на сьцяне вiсела нейкая цьмяная карцiна ў дужа тоўстай i таксама счарнелай ад часу раме. Наогул усё тут было старое, можа, зь мiнулага стагодзьдзя, са сьлядамi аблезлай пазалоты, што безумоўна сьведчыла пра знатнасьць паходжаньня гаспадароў. Можа, нават цяперашнiх фашыстаў - хто ведае. Франя, аднак, бавiлася, i я ўжо падумаў, цi не пайсьцi адсюль да сябе на агнявую. Але нейкая далiкатнасьць усё ж стрымлiвала мяне, i я дачакаўся. Расчынiлiся дзьверы, i ўвайшла Франя, абярэжлiва несучы маленькi блiшчасты падносiк з двума кубачкамi гарбаты i нейкай закускай на белым зь сiнiм беражком сподку. - Цукру, аднак, ня маем. Паклiкаць салдата? - А ты? - Я гарбату ня п'ю, - сказала Франя i запыталася: - А можна, каб сюды зайшлi гаспадары? - Гаспадары? Ну, хай... Гаспадары нiяк не ўваходзiлi ў мае пляны, бачыць iх тут мне зусiм не хацелася. Але калi яна просiць?.. Тым часам у памяшканьне неяк нясьмела ўсунуўся дужа высокi стары ў чорнай старасьвецкай пiжаме, што, бы на вешаку, вiсела на ягоных худых плячах. Зрэшты, таксама, як i штаны зь недарэчнымi, бы ў генэрала, бляклымi лямпасамi сiняга колеру. Ён быў зусiм лысы, з надзiва касматымi брывамi, пад якiмi глыбока сядзелi зыркiя вочы. - Iх грусэн, гер афiцыр*, - старэчым голасам вымавiў ён, трошкi схiлiўшы галаву ў паклоне. * Я вiтаю, пан афiцэр. - Здравiя жалаю, - стрымана сказаў я. У гэты час за iм паказалася ў дзьвярах невялiчкая сухая кабетка з зусiм белаю, бы дзьмухавец, галавой. Абое прыцiхла спынiлiся каля дзьвярэй. Расставiўшы ногi, я па-гаспадарску нязрушна сядзеў каля столiка. - То доктар Шарф i фраў Сабiна, - цiхенька прадставiла гаспадароў Франя. Пра мяне яна, мабыць, сказала iм раней, i цяпер, падступiўшы да гаспадынi, ласкава прыхiнулася да яе пляча. Ну i ну, сказаў я сабе, нешта, аднак, пачынаючы разумець у iхных узаемадачыненьнях. - Кайнэ нацысты? - Кайнэ, кайнэ, - разам паўтарылi гаспадары. - Яны не нацысты, - сказала Франя. - Доктар Шарф - прафэсар бiялёгii. - Я, - пацьвердзiў гаспадар. - Унiвэрсытэт штадт Гановэр. Ну, калi прафэсар, дык, мабыць, сапраўды не фашыст, усё ж бiялёгiя як навука можа абыйсьцiся без фашыстоўскай iдэалёгii, падумаў я. Гэтая абставiна трохi зьмякчыла маё стаўленьне да гаспадара i, напэўна, ягонае да мяне таксама. Я быў узяў са стала кубачак гарбаты, як гаспадар мовiў "мамэнт" i выйшаў праз бакавыя дзьверы. Я так зразумеў, што трэба пачакаць. I праўда, ён хутка вярнуўся, з важнасьцю ступаючы на нягнуткiх нагах па сьлiзкай падлозе, паставiў перада мной маленькi графiнчык, да паловы налiты залацiстым напоем. - Дас iст коньяк. - Во як! - вырвалася ў мяне. Гаспадыня штосьцi гукнула Франi, тая цiхенька высьлiзнула за дзьверы i, вярнуўшыся, паставiла на столiк чатыры мiнiятурныя чарачкi на тонкiх ножках. - Доктар Шарф частуе. Паклiкаць салдата? - Я сам. Я выйшаў на ганак - мой Кананок сядзеў на краi прыступкi i пазiраў цераз рачулку на сваю пазыцыю, дзе, вiдаць было, сядзелi i ляжалi яго таварышы. На двары было цёпла, ярка сьвяцiла сонца; над гарадком i далiнай мiж гор ляжала паўдзённая цiшыня. Нiбы й не было вайны. Я загадаў Кананку зьбегаць на агнявую, прынесьцi хлеба. - I там у Мядзьведзева тушонка была. Папрасi баначку. Кананок пабег на агнявую, а я вярнуўся ў вэстыбюль. Гаспадары былi тут, толькi цяпер сядзелi ля сьцяны ў скураных крэслах - старыя i аднолькава бездапаможныя, то было вiдно зь першага позiрку. За столiкам Франя налiла ў чатыры чаркi. - Трохi счакаем, - сказаў я. - Зараз прынясуць закусь. - То добра, - сказала Франя. - Немцы як выпiваюць, не закусваюць. - А мы закусваем. Калi ёсьць чым. - У нас дык i нiчога няма. Тыя днi я па хлеб на ровары езьдзiла. Па картках выдавалi. А цяпер усё скончылася. Як будзе далей? - А ўжо неяк будзе, - сказаў я. - Галоўнае, вайна сканчаецца. Амэрыканцы сюды iдуць. Скора i тут - Гiтлер капут! Старыя з крэслаў пакутнымi позiркамi глядзелi на мяне, савецкага афiцэра, якi ў iхных вачах поўнiўся здаровым, маладым аптымiзмам. Але, падобна, мой аптымiзм iх мала ахвоцiў. У iх былi нейкiя свае адносiны да вайны i да жыцьця таксама. Але тое мяне ня надта цiкавiла. Я чакаў Кананка, якi хутка прынес цаглiну салдацкага хлеба i бляшанку сьвiной тушонкi, - усё паклаў на край цеснага столiка. - О, амэрыкен, - цiха зазначыў стары, згледзеўшы пяцiканцовыя зоркi на бляшанцы. - Лэнд-лiз, - сказаў я. Франя прынесла сталовы нож, якiм я разрэзаў кансэрву, i яна адрэзала ад бохана некалькi тоненькiх лустаў. - Зараз я нарыхтую вам сэндвiчы. Пакуль яна рыхтавала сэндвiчы - намазвала на хлеб тлушч з бляшанкi, я тайком, з даўно не адчуванай любасьцю, назiраў за хуткiмi рухамi яе спрытных пальчыкаў, раз-пораз кiдаючы позiркi на яе ажывелы, радасны, дужа прывабны дзявочы тварык. Мне яна падабалася ўсё болей. Скончыўшы сваю працу, паклала дзьве лусткi на сподак i найперш паднесла гаспадарам у крэслах. - Данке шон, - кiўнуў гаспадар, затым падняўся i дрыготкiмi пальцамi ўзяў са столiка чарку. Фраў ня зрушылася зь месца, яна на ўсе вочы разглядала мяне. Мы выпiлi - я, гаспадар i Франя, чацьвертая чарка засталася на столiку. Каньяк аказаўся моцны, здаецца, я адразу пачаў п'янець. Цi, можа, таму, што быў нязвыклы да яго - дасюль ва Угоршчыне мы пiлi вiно i ведалi яго моц. Цi, болей дакладна, ведалi: ад вiна мала моцы. Толькi адзiн раз у жыцьцi, пад Шыяфокам, я таксама пачаставаўся каньяком, дык дасюль не забыўся таго пачастунку. Затое зразумеў: каньяк - не вiно, яго трэба ўжываць памяркоўна. - Пан прафэсар, - вымавiў я чамусьцi па-польску. - Вы тут ня крыўдзiце маю зямлячку? Гаспадар, мабыць, ня надта зразумеў маё пытаньне, i Франя патлумачыла яго па-нямецку. Праўда, тут жа i адказала: - Яны ня крыўдзяць. Яны для мяне як бацькi. - Ну то добра, калi так. Гут! - Гут, гут, - згодна паўтарылi гаспадары. - Але цяпер мы яе забярэм, - сказаў я, набiраючыся п'янай рашучасьцi, i зiрнуў на Франю. Я чакаў, што яна перакладзе мае словы гаспадарам, тая, аднак, маўчала. Лёгкi клапотны цень прамiльгнуў па яе тварыку, i я сьцямiў, што тут штосьцi ня так. Ня так, як звычайна, калi мы вызвалялi ў гарадах працоўныя лягеры, перапоўненыя людам баракi, зь якiх iхныя насельнiкi адразу кiдалiся кожны ў напрамку сваёй радзiмы. Усе рвалiся дамоў. Я чакаў, што ў гэты момант найперш мне падзякуе Франя, а затым i гаспадары - за вызваленьне ад фашысцкай няволi. Аднак не дачакаўся таго. Настала трохi няёмкая паўза. Я сядзеў ля столiка, Франя насупраць рыхтавала маленькiя, з запалкавы карабок, сэндвiчы. Старыя нерухома сядзелi ў сваiх мяккiх крэслах. У вэстыбюлi ўжо стала вiдней - праз вузкiя вокны зазiрнулi сонечныя промнi, паклалi на керамiчную падлогу рваны ўзор ад рухавай лiстоты знадворку. Пару нарыхтаваных сэндвiчаў Франя вынесла на ганак Кананку i вярнулася з пустым сподкам - Кананок абышоўся бяз сподка. Пасьля таго, як я выпiў чаркi са тры, i ў графiнчыку засталося няшмат, старыя паднялiся i нямогла патэпалi ў бакавыя дзьверы - на кухню, цi што. Франя тады прысела за столiк, неяк са стрыманай увагай угледзелася ў мяне. Я трохi ап'янеў, але пачаў адчуваць, што мае ранейшыя, звыклыя на вайне меркi трохi захiсталiся, сутыкнуўшыся зь iншаю, не знаёмаю дагэтуль рэальнасьцю. Усё ж гэта быў iнакшы, чым ранейшы мой сьвет, зь яго iнакшымi складанасьцямi, у якiх я быў, мабыць, прафан. Ня тое што мая зямлячка, беларуска Франя - яна ў гэтым сьвеце жыла, а я зь iм толькi знаёмiўся. Цiкавасьць мая да яе ўсё большала. Але распытваць яе было трохi няёмка, а яна, бачна было, ня дужа сьпяшалася расказваць пра сябе. Цi хоць бы паскардзiцца, як гэта звычайна любяць жанчыны. Франя ня скардзiлася, хоць i радасьцi на яе твары я заўважаў ня шмат. Цi яна так навучылася - хаваць свае пачуцьцi? Але ж нашто хаваць iх, усё ж я ёй не чужы. Я зямляк на чужыне. Там, на агнявых пазыцыях, я ня надта дбаў пра свой зьнешнi выгляд выпацканыя ў зямлi штаны, нячышчаныя кiрзачы, неахайна зашытае рукаво. Цяпер у гэтым вэстыбюлi прыйшло iншае адчуваньне, i я спрабаваў стаць цi павярнуцца такiм чынам, каб мае хiбы ня надта траплялi каму на вочы. Але пасьля, мусiць, забыўся на тое i не схаваў разадраны рукаў ад хуткага позiрку Франi. - Дайце зашыю, - сказала яна дужа проста, i ў тых яе словах мне пачулася забытая iнтанацыя маёй малодшай сястры Нiны, пра якую я нiчога ня ведаў з пачатку вайны. - Дайце, дайце! Я хутка. А то... Непрыгожа так, - сказала яна i ўсьмiхнулася. Мусiць, тая яе ўсьмешка ўсё й вырашыла, - адразу прагнала маю няёмкасьць. Я расьперазаўся, сьцягнуў цераз галаву маю заношаную гiмнасьцёрку, нечакана i зь непрыемнасьцю апынуўшыся ў нясьвежай сподняй сарочцы зь недарэчнымi матузамi на грудзях. Памкнуўся быў адмовiцца ад Франiнай паслугi, ды дзяўчына ўжо ўзяла гiмнасьцёрку i кароткiм дакладным рухам распрастала яе на каленях. Яна спрытна зашывала маю прарэху, i тое яе зашываньне азначыла дужа шмат у рухах маёй, ужо скiраванай да яе душы. Як гэта я здаўна рабiў на вайне, дзе б нi быў i чым бы нi займаўся, скрозь справы i размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавiў гукi, якiя маглi данесьцi знакi трывогi, нейкiя зьмены у абставiнах. Найперш кепскiя зьмены. Мусiць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франi, позiрк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай. - Яшчэ страляць будуць? - Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца. - А як скончыцца? - Тады будзе мiр. I шчасьце. I жыцьцё, - сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкi клопат сядзеў i ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замiнаў маёй лагодзе да Франi. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае i невыразнае, якое магло зараз жа зьнiкнуць. Франя цiхенька ўздыхнула. - У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калi жывая яшчэ, - сказаў я. - Мне крышку больш, - цiха зазначыла Франя. - А дзе зараз сястрычка? - Можа, у Нямеччыну пагналi. - У Нямеччыне кепска. Апроч усяго - бамбёжкi жахлiвыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалi сюды. Як дом разбамбiлi. - А тут лепей? - Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацiлася. Дзiўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цiшэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсiх б'юць, забiваюць. Партызаны б'юць немцаў, немцы б'юць усiх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся. - Усё Гiтлер пракляты. - Гiтлер, канечне. Але й другiя ня лепшыя, - цiха сказала Франя i змоўкла. Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары i генэралы, Герынгi i Гебэльсы. Пагубiлi столькi людзей, разбурылi Эўропу. Але цяпер хутка ўжо iм канец, нарэшце Эўропа вызвалiцца ад гэтага крывапiўца, цi ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франiн пэсымiзм, i яна, памаўчаўшы, сьцiпла зазначыла: - Радасьць. Аднак не безаглядная, - сказала яна i неяк прабачлiва ўсьмiхнулася, бурачы невялiчкую нязгоду мiж намi. Дзiва, аднак, што можа мiжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мiльганула дзiкаватая думка. - А ў тваiх гаспадароў сын ёсьць? - Быў, - проста сказала яна. - I?.. - I сплыў, - напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць. - Летась загiнуў у Прусii. Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывiнка тае яе лёгкасьцi, i я маўчаў. - Прыслалi паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лiсты. I нумар магiлы. А што вас тое зацiкавiла? - Ды так. - Старыя дужа перажывалi. Фраў Сабiну было аж паралiзавала - iнсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзiць з кiёчкам. Радню, якая была, разбамбiлi ў Гамбургу. Нiкога не засталося. Пляменьнiца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалi дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна i сюды дакацiлася. Яна сканчала зашываць маё добра-такi расшкуматанае рукаво, на якое не хапiла адной нiткi, i Франя ўзялася сучыць другую. Усё тое рабiла з дакладным спрытам, i я зь любасьцю назiраў за даўно ня бачаным жаночым клопатам. Яе нядаўняе страхавiтае напружаньне таксама, здаецца, мiнулася. Цi можа, мне толькi здавалася тое. - Вайна скончылася, але... Замест немцаў тут жа заваладараць рускiя. Старыя дужа перажываюць... - Во як! Гэта чаму ж? Схiлiўшы галоўку над шытвом, Франя коратка цепнула плечуком, нiбы кажучы тым: хто iх ведае? Я таксама ня ведаў. Усё сказанае ёю было для мяне нязвыклае i нечаканае, унутрана я не пагаджаўся, але i ня ведаў, як запярэчыць. Мусiць, тое адчувала i Франя i, каб зьняць мой невыразны клопат, сказала: - Ай, ня будзем пра тое. Хай ня будзем, я не пярэчыў. Тое цяпер мяне меней за ўсё цiкавiла, мяне вабiла гэта дзяўчо, i я мiжволi iмкнуўся толькi да гарэзьлiвай вольнасьцi нашых адносiнаў. Хацелася жартаваць, але ўсё не выпадала здатнага для таго моманту цi настрою. Усё ж над намi вiсела вайна. Не пасьпела, аднак, Франя дашыць маё рукаво, як прачынiлася палавiнка дзьвярэй, i ў вэстыбюль зазiрнуў белабрысы твар Кананка. - Таварыш лейтэнант... Па ягоным устрывожаным голасе я зразумеў, што там нешта здарылася, i ў адной сподняй сарочцы выскачыў на падворак. На агнявой быццам усё было як заўжды, але насупраць на дарозе стаяў незнаёмы, бяз тэнту "додж", i ад яго наўпрасткi цераз пустку кiравала сюды група вайскоўцаў. Наперадзе крочыў рослы, плячысты чалавек быццам бяз зброi (цi, можа, зь пiсталетам на баку), за iм яшчэ трое - два, вiдаць было, з кароценькiмi аўтаматамi ППС. Яны ўразброд, неяк з маўклiваю пiльнасьцю наблiжалiся да мастка. Я насьцярожана падаўся да брамкi насустрач. - Ты хто? - запытаў пярэднi, спыняючыся перад зачыненай брамкай. На ягоных плячах былi ўсяго толькi пагоны старшыны, i ў мяне трохi апала трывога. - А ты сам хто? - як мага спакайней запытаўся я. Замест адказу старшына вызьверыўся мэталiчным голасам: - Хто займае асабняк? - Ну, я займаю. - Асвабадзiць нямедленна! - голас яго стаў зусiм свалачны. - Я з разьведроты гвардзейскай армii. - Другi пашукайце! - з раптоўнай рашучасьцю выпалiў я. - Тут процiтанкавы полк. - Якi яшчэ полк! - старшына лёгка пераскочыў цераз брамку. - Стой! - крыкнуў я, раптам пашкадаваўшы, што пакiнуў свой пiсталет у вэстыбюлi. Тады я выхапiў аўтамат у Кананка, якi сьцiшана стаяў ззаду. Стой!!! Старшына, i праўда спынiўся, утаропiўшы ў мяне зласьлiвы позiрк. Пасьля азiрнуўся назад, дзе за брамкай напагатоў стаялi яго памагатыя. Тыя, здаецца, таксама бралiся за зброю. - Ты што! Пад трыбунал захацеў? - пагрозьлiва прарычэў ён, варухнуўшы жаўлакамi на цьвёрдым, сьвежа паголеным твары. Але за свой "парабэлум", што вiсеў на ягоным сьцягне, пакуль не хапаўся. Хвiлiну мы стаялi так, адзiн супраць аднаго, - я з нарыхтаваным для стральбы аўтаматам, а ён, мабыць, набiраючыся рашучасьцi для апошняга кроку. Але ўсё ж штосьцi замiнала яму ў той ягонай рашучасьцi. Пасьля ён азiрнуўся, але не на сваiх прымоўклых сяброў за брамкай, а на прасьцяг за рачулкай, i згледзеў там маiх артылерыстаў. - Твае? - Мае. Так, мае артылерысты, мабыць, мала што разумеючы з таго, што тут адбывалася, аднак, з прыкметнай увагай узiралiся сюды з агнявой, i тое, здаецца, пахiснула набрынялую рашучасьць старшыны. - Ладна, - вымавiў ён болей спакойна i, перш чым пераскочыць назад цераз брамку, прыгразiў: - Горка пашкадуеш, мудак! Не вяртаючыся назад цераз масток, яны хуткiм крокам скiравалi кудысь па гэтым беразе, - мабыць, да iншых ускраiнных будовак. Я аддаў аўтамат Кананку i вярнуўся ў катэдж. Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць лiха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьцi тут усунулася тайнае i малапрыемнае. Цi не пашчыраваў тут наш санiнструктар, iначай чаму б яны скiравалi адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў iх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай армii? Ды i цi для разьведроты яны рупiлiся? З дрыготкiх рук прымоўклае Франi я ўзяў сваю гiмнасьцёрку, моўчкi надзеў цераз галаву. Франя чамусь нi пра што не пыталася, - мабыць, i бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, i на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох. - Ня бойся, - сказаў я, падпярэзваючыся. - Мы абаронiм. - Дзякуй вам, - цiхенька адказала дзяўчына. - I гэта... Завi мяне на ты. Добра? - Добра, Мiця. Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнiчаць на агнявой. Хоць навакол было цiха, але трывога магла ўзьнiкнуць кожнай хвiлiны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другi разьлiк, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлiк. - Я вярнуся, - сказаў я Франi, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. - Нiкога не пушчайце! На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калi не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дымiў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесiўшы на пляцоўку даўгiя ногi ў шырокiх трафэйных ботах. Малады Скiбаў дзёўбаў пад сашнiком рыдлёўкай - каб павялiчыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянiвай працай прыдзiрлiва кiраваў камандзiр Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станiне. - Глыбей, глыбей вазьмi. А то як дасьць на адкаце - наводчыку сiняк i пасадзiць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, - сказаў ён да мяне. На двух з Кананком. - Еш, Кананок, я ня буду. Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мiнуўся, як не мiнулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкi. Адкрыты "додж" кудысь зьнiк з дарогi, i я не заўважыў, куды. Цi яны, можа, зьехалi зусiм, цi шарылi дзе паблiзу. Маглi зноў налезьцi на той асабняк. I я ўвесь час пазiраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабiў бы, калi б убачыў iх там. Я сказаў Франi не пушчаць, але разумеў, што магчымасьцi яе ў тым надта абмежаваныя. Калi гэтыя захочуць, iх не спынiць i танку. Што iм гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча, праўда, ня тут - ва Ўгоршчыне, ля Балатону, у адным графскiм маёнтку, якi мы занялi надвячоркам. Толькi ўлезьлi з-пад дажджу пагрэцца на ноч, як на падворак укацiлася некалькi "студэбэкераў", i такiя во хлопчыкi з аўтаматамi пачалi нас выкурваць. Маўляў, вымятайцеся, тут будзе ўправа гвардыi палкоўнiка Маляванага. Хоць на самой справе таму палкоўнiку спатрэбiлiся зусiм не халодныя графскiя пакоi з партрэтамi продкаў на сьценах, а хутчэй сутарэньнi пад iмi, дзе было што-нiшто зь пiтнога. I закусi. Як яны нас вытурылi ў поле, дык пасьля да ранiцы гаспадарылi там, а на золаку, пакуль не пачаўся бой, тыя "студэбэкеры", цяжка валюхаючы па калдобiнах, павезьлi iхныя трафэi. А мы толькi ляскалi зубамi, седзячы ў мокрай пасадцы пры дарозе. Ну але там быў камбат, ён прымаў рашэньне застацца цi ўступiць. Вырашыў уступiць, можа, i правiльна - таньней абыйшлося. Бо што б мы зрабiлi з тою п'яною хэўрай, надзеленай уладай высокага начальства? Тут жа камбат далёка, рашэньне належала прымаць мне. Во я i прыняў. Цяпер буду чакаць наступства. Мiж тым было чутна, як у раўку штось стрымана прамаўляў па тэлефоне Муха, але, мяркуючы па голасе, не з начальствам, - хутчэй са сваiм братам-сувязiстам. Пагутарыўшы трохi, устаў ад тэлефону i голасна абвясьцiў: - Брацьця славяне! Вайне канец!! Мы ўсе на агнявой зьнерухомелi, змоўклi, чакаючы тлумачэньняў радаснай навiны, i Муха, натапырыўшы свае вусы, з важнасьцю аб'явiў: - Брыгадныя радысты падслухалi: заўтра капiтуляцыя. - А чаму нам нiчога ня кажуць? - запытаўся Мядзьведзеў. - Мабыць, скажуць... Муха зноў зьнiк у раўку, прыпаўшы да свае трубкi - цяпер адтуль чакалiся незвычайныя навiны, ад якiх радасьцю займалася салдацкая iстота, сонцам асьвятляўся ўвесь белы сьвет. Гэта ж трэба - скончылася вайна, i ты жывы! Цябе не забiлi. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Ня будзеш трэсьцiся ў зямлi i чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернесься дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханьне, якое дасьць табе законнае шчасьце ў жыцьцi. Канец вайне!.. Але калi канец вайне, дык, мусiць, доўга мы тут ня ўседзiм. Мусiць жа, мы некуды рушым - назад цi наперад. Толькi наперад чамусь не пушчаюць немцы - цi яны ня ведаюць пра сваю капiтуляцыю? Цi, што зусiм кепска, ня згодныя зь ёй? Калi якiя эсэсаўцы, дык ведама, тая капiтуляцыя дае iм няшмат радасьцi - яшчэ яны паваююць. Не дачакаўшыся, аднак, болей дакладных навiнаў, я ўзьлез у равок i патэлефанаваў да камбата. Цi праўда, што ўжо фiнiта? - Будзе фiнiта - скажам. Нi на хвiлiну ня спозьнiмся. А пакуль захоўвайце пiльнасьць, - ахалодзiў мяне камбат. Мабыць, так. Калi загадана захоўваць пiльнасьць, дык мабыць, нiчога i не адбылося. Мабыць, радысты пасьпяшалiся. Можа, дзе i капiтулююць, а ў нас будуць марудзiць. Чакаць загаду. Таксама, як i мы чакаем загаду зьверху. У гэтым сэнсе нiчога не мяняецца. Хоць i канец вайне, усе падпарадкуюцца ўласнаму начальству. Як i заўсёды. Толькi начальства вырашае, замiрыцца цi ваяваць. Але ўсё ж калi капiтуляцыя, дык, мабыць, не пакiнуць нас у гэтай зямлi. Цяпер ужо ў зямлi не сядзелася, i я выйшаў з агнявой на зялёную траўку побач. У навакольлi стаяла зусiм мiрная цiша, не стралялi нi мiнамёты, нi гарматы.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18
|