Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Быков Василь / Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке) - Чтение
(стр. 2)
Автор:
|
Быков Василь |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(521 Кб)
- Скачать в формате fb2
(221 Кб)
- Скачать в формате doc
(225 Кб)
- Скачать в формате txt
(219 Кб)
- Скачать в формате html
(222 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18
|
|
Галодная Ўкраiна не магла пракармiць шматмiльённыя армii, што прыйшлi на яе зямлю, самi сяляне звыкла i даўно галадалi. Франтавiкi харчавалiся небагатым пайком, што складалi кавалак чорнага (з сурагатамi) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай цi пшоннай кашы або вэрмiшэлi. Упершыню мы наелiся толькi за межамi роднай краiны, на зямлi, ня толькi не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўднi, такой краiнай стала Малдавiя. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавiна, вiно... Нiбы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялiзнай колькасьцi войска панiшчылi ўсё харчовае багацьце гэтай краiны. Пасьля таго, як мы пайшлi далей на захад увосенi сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай i аб'едзенай, як i ўсе папярэднiя. Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзiва рацыянальна арганiзаванай сельскай гаспадаркай. Войскi адразу ж перайшлi на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны "падножны" корм. Зьдзiўляла таксама цярпiмасьць i гасьцiннасьць насельнiцтва Вэнгрыi, армiя якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны. А мiж тым не запомнiўся нiводны выпадак адкрытай варожасьцi цi сабатажу ў адносiнах да "гасьцей з усходу", усюды мы сустракалi калi ня радасьць, дык стрыманае разуменьне агульнай бяды, якую абрынуў на нас нямецкi фашызм i ў лягеры якога так цi iнакш апынулася Вэнгрыя. Жыцьцё гэтага эўрапейскага буржуазнага грамадзтва надта ж не стасавалася з тым, што мы пра яго чулi ад прапагандыстаў-палiтрукоў, i тыя з нас, што былi старэйшыя гадамi i разумнейшыя, заклапочана хмурылiся ад убачанага; маладым жа давялося задумацца пра тое пазьней. Як пачалiся наступальныя апэрацыi Чырвонай Армii, дык у войску паявiлася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылi, што нямецкаму войску ўласьцiвыя некалькi iншыя бытавыя стандарты, i што ў пакiнутых iмi акопах (таксама як i ў палонных) можна чым-колечы пажывiцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват iшлi добрыя салдацкiя боты (замест нашых чаравiкаў з абмоткамi), цьвярдыя дзягi са спражкамi, зь якiх звычайна выпiлоўвалi ненавiсную свастыку, скураныя сумкi, коўдры, камуфляжныя плашч-накiдкi. Як заўжды, папулярнымi былi гадзiньнiкi, электралiхтарыкi, запальнiчкi i розная папяровая драбяза - паперы ж нi для лiстоў, нi для цыгарак на фронце не давалi. Апроч таго, здаралася, што захоплiвалi харчовыя склады з рознай правiзiяй: шакалядам, кансэрвамi, каньяком. Сувязiсты старалiся ў наступленьнi разжыцца найперш трафэйнымi тэлефоннымi апаратамi i дротам у каляровай плястыкавай абалонцы. Карысьлiвая зацiкаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацiлася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьцi легальнае рабаўнiцтва на ўсiх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавiкам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былi створаныя i актыўна працавалi трафэйныя каманды. Салдатам i афiцэрам дазвалялася пасылаць пасылкi на абрабаваную радзiму, i начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для iх здабывалiся зусiм не на полi бою. У гэты час салдацкiя рэчмяшкi прыкметна патаўсьцелi ў аб'ёме, таксама як i супрацьгазавыя сумкi, зь якiх даўно ўжо павыкiдвалi супрацьгазавыя маскi i клалi болей патрэбныя рэчы: бялiзну для жонкi, якiх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзiцячы гарнiтурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку памiж баямi можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэi цi пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкi, якiя потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралiтэт ды iншае начальства свае баявыя трафэi вывозiлi звычайна аўтамабiльным i чыгуначным транспартам i зьбiралi iх зусiм не з падмёткаў i дзiцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбiралi для iх пушнiну, фарфор, музычныя iнструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнiкалi кароткiя канфлiкты, калi падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальнiцкай увагi некаторыя iх каштоўнасьцi, што лёгка рабiлася чужой здабычай. Зрэшты, канфлiкт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых. У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявiлася надзея выжыць. Ва ўсiх без выключэньня - ад салдата да камандуючага. Гiнуць працягвалi штодзень, а то й кожную гадзiну, але з новай магчымасьцю паявiлiся i новыя адносiны да вайны. Пачалiся малыя й вялiкiя, не заўжды прыстойныя хiтрыкi на полi бою, ва ўзаемаадносiнах з камандзiрамi. Сталi нярэдкiмi выпадкi, калi зусiм бездакорныя раней афiцэры пачалi выяўляць празьмерную засьцярожлiвасьць, а то й нерашучасьць, што блiзка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзiлася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпiша. I сьпiсвала. Усё ж начальнiцкая жорсткасьць, уласьцiвая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянiлася на пэўную памяркоўнасьць, афiцэры ўжо болей-меней прыцёрлiся ва ўзаемаадносiнах. Як i заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта i патрабавалася ў кожнай вайсковай цi таталiтарнай сыстэме. Гераiзм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў цi не адзiным рэальным сродкам перамогi, прадметам галоўнага клопату з боку палiторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся iх работа. Вядома ж, на аснове традыцыйнага сацспаборнiцтва: памiж байцамi, аддзяленьнямi, ротамi. Хто болей панiшчыць немцаў, танкаў ды кулямётаў, прасунецца ў наступленьнi. Усё падагульнялася сродкамi прапаганды i статыстыкi, старанна дакумэнтавалася, хоць i зьяўлялася па сутнасьцi плёнам палiтычнага ўяўленьня. Камандаваньне да папяровай творчасьцi сваiх нампалiтаў ставiлася цярпiма, хiба што з пэўнай iронiяй. Як, зрэшты? i да ўсёй палiтпартнадбудовы, вуха зь якой, тым ня менш, трэба было трымаць востра. Усур'ёз камiсары дапамагчы наўрад цi маглi, нашкодзiць жа - колькi заўгодна. Страявыя камандзiры тое добра засвоiлi яшчэ з даваеннага часу. Цiкава, што ў вэрмахце не было палiторганаў, i быццам бы не было каму натхняць салдатаў як найхутчэй аддаць жыцьцё за радзiму. Гераiчных жа прыкладаў там было ня менш, чым у нашай армii. Як, зрэшты, i ўмельства, баявога майстэрства. Чырвоная Армiя за вайну наладзiла немцам адзiн буйны, армейскага маштабу "кацёл" - Сталiнградзкi, а колькi нашых армiяў зь мiльёнамi салдат i камандзiраў скончылi сваё iснаваньне ў шматлiкiх "катлах" - на Ўкраiне, у Беларусi, у Падмаскоўi. Нават ужо напрыканцы вайны, зiмой 1945 году ў Вэнгрыi, немцы амаль разграмiлi III Украiнскi фронт, што складаўся зь некалькiх армiяў, i толькi наяўнасьць стратэгiчных рэзэрваў ды некаторыя выпадковасьцi (пайшоў лёд па Дунаi i пабурыў пераправы, тым адрэзаўшы шлях на ўсход) засьцераглi ад разгрому ўсёй балканскай групоўкi Чырвонай Армii. Шырокавядомыя баявыя рэкорды нашых герояў-лётчыкаў Пакрышкiна i Кажадуба, якiя зьбiлi за вайну адпаведна 59 i 62 самалёты. Але шмат гадоў мы нiчога ня ведалi пра нямецкiх асаў-зьнiшчалькаў Хартмана i Баркхорна, якiя зьбiлi 347 i 301 савецкi самалёт. Усяго ў нямецкай армii налiчвалася каля ста пiлётаў, кожны зь якiх зьбiў больш за 100 нашых самалётаў. Цi гэта не нагода для вайсковых гiсторыкаў паразважаць пра ступенi майстэрства, таксама як i пра якасьць нашай хвалёнай авiятэхнiкi? Каму не вядома, што жыцьцё пехацiнца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымлiвалiся. Тыдзень у наступленьнi, месяц у абароне - такi быў максымальны тэрмiн для салдата стралковага батальёна, за якiм наставаў "земаддзел" або "здраўаддзел", - як невясёла жартавалi пехацiнцы. I калi былi iншыя роды войска, якiм таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскi, зьнiшчальная ды штурмавая авiяцыя), дык iхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калi не адзiнай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Iерархiя ўзнагародаў, як i сама працэдура ўзнагароджаньня, былi ня так вызначаныя заканадаўча, як складалiся паводле пэўнай самачыннай традыцыi. Нiхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзiра, нiводны начальнiк не iмкнуўся ўзнагародзiць падначаленага, калi ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўвалiся зусiм не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьцi ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркi давалi камандзiру ўзвода, Айчыннай вайны другой ступенi камандзiру роты, першую ступень атрымлiваў камандзiр батальёна, якi пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзiраў i палiтработнiкаў дывiзiйнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралiтэту iснавалi шматлiкiя палкаводчыя ордэны. Даволi дзiўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, якi ўстанавiлi ў сярэдзiне вайны выключна як узнагароду сяржантаў i салдат дзейнай армii. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкi мэдаль "За адвагу". Але ў шасьцiдзясятыя гады, з iнiцыятывы Канстанцiна Сiманава, якi зьняў дакумэнтальны фiльм пра кавалераў гэтага ордэна, апошнi дзiўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркi Героя i ў гэткiм статусе застаецца й цяпер. Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгiку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якiх у брэжнеўскi час дасягнула сотнi, а то й болей. Кошт iх пасьля рэзка ўпаў, i, мабыць, не засталося старэйшага грамадзянiна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам - за вайну цi за працу. I не якой-небудзь "Працоўнай Славай", а i палкаводчым ордэнам Ленiна - здаецца, самай высокай з усiх нядаўнiх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Ленiна дазваляў узнагароджваць iм усiх - ад даяркi да маршала i мiнiстра. Толькi салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала нiякай крывi яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалi ня так i часта. Для многiх салдат, што скончылi вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзiнай вайсковай узнагародай, усе астатнiя пазьнейшага, юбiлейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацiлi невялiкую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, "паводле хадайнiцтва працоўных". Бальшавiкi, як вядома, выдатна ўмелi арганiзоўваць такiя "хадайнiцтвы". Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлi новыя пакаленьнi. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькi скарачаецца ў сваiх магчымасьцях, але й падмяняецца нiбы якой антыпамяцьцю, актыўна капiтулюючы перад прапагандавымi старэатыпамi. Мы перамаглi лютага ворага - нямецкi фашызм, але цi маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогi? I якiя яе сапраўдныя мэты - цi толькi разгром фашызму? Што мы прынесьлi на сваiх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькi ашчасьлiвiлi палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар i югаславаў, якiя й дагэтуль ня могуць выграбцiся з выкапанага для iх рова сацыялiстычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогi, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогi? Вось немцы, напрыклад, не перамаглi, не перамаглi таксама iтальянцы i японцы - стрывалi грандыёзныя нацыянальныя катастрофы. Але з тых катастрофаў яны зрабiлi пэўныя высновы i ў вынiку так добраўпарадкавалi сваё жыцьцё, як нам не ўпарадкаваць яго нiколi. Значыцца, цi такая адназначная для нас наша гiстарычная перамога? Можа, тоiцца ў ёй штосьцi i яшчэ, болей для нас важнае? Цi гэта Ўладар сусьвету так адмыслова разьмеркаваў сваю боскую мiласьць: каму пустазвонства перамогi, а каму камфортнае жыцьцё? Каб усё па справядлiвасьцi, як таго i патрабуе мiлы для нашых сэрцаў сацыялiстычны прынцып разьмеркаваньня зямнога шчасьця. Чым болей часу мiнае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставiць мiнулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якiя зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнiкаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для iх настаў час, не зьвязаны з праклятым мiнулым, якое стала заслужаным лёсам iхных бацькоў i дзядоў. Але пачакаем з высновамi. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугiя вузлы якой, ня надта пасунесься ў Iнчасьлiвую будучыню. Хоць гiсторыя, як вядома, нiчому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нiкому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для iншых яна - непатрэбная рэч. У тым лiку i гiсторыя мiнулай i крывавай вайны. ПАКАХАЙ МЯНЕ, САЛДАЦIК Аповесьць Вайна шпарка кацiлася пад адхон, днямi быў узяты Бэрлiн, а мы ўперлiся ў нямецкi абарончы рубеж за невялiкiм аўстрыйскiм гарадком i трэцi дзень стаялi на месцы. Немцы часам пастрэльвалi з гарматаў i мiнамётаў, i тады сярод ладных, вастраверхiх дамкоў гахалi выбухi, i ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапiцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якiм быў закiданы асфальт, было б дужа здатна кацiць на ровары, асаблiва ад павароткi ўнiз да паўразьбiтай дамоўкi на рагу, за якой ля рэчкi стаялi акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглi i падстрэлiць, хоць кулi зь недалёкага "перадку" сюды не даляталi. Але каб ня мiны. Ад мiн, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нiдзе - нi ў полi, нi ў лесе, нi ў горадзе. Хiба ў зямлi. Але ў зямлi ўжо не сядзелася - наседзелiся за вайну. А тут буяла вясна, напоўнiцу зелянела абсыпаная жоўтымi казяльцамi трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвiтаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьцi зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньнi маладой бяздумнай удачы. Асаблiва, калi табе трошкi за дваццаць, i ўпершыню за вайну зьявiлася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапiўся пад рукi спраўны ровар, на якiм не катаўся зь дзяцiнства. З-за асьнежаных хрыбцiнаў гор выбавiлася ў неба ранiшняе сонца, сьляпучымi промнямi нечакана ўдарыла з-за павароткi ля рога шырокага, паўразьбiтага выбухам дому. На момант дарога пахiснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, i я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькi крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву i тады ўбачыў людзей. Блiзка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзiрскi "вiлiс", зь iм побач трафэйны "хорх", i застыла купка афiцэраў, якiя зьдзiўлена ўтаропiлiся ў мяне. Вядома, то было начальства. ("I калi iх прынесла сюды?" - няўцямна падумаў я.) Цiха мацюкнуўшыся на iх i на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўлiп, i рыхтаваўся па магчымасьцi перажыць малапрыемную сустрэчу. - Паглядзiце на яго! - прагучала тонам, якi не абяцаў нiчога добрага. Мабыць, для яго вайна ўжо скончылася! Ён ужо гатовы зламаць сабе галаву на дарозе!.. На маю бяду, то быў сам камандзiр нашай супрацьтанкавай брыгады камлюкаваты, з бычынай шыяй палкоўнiк, адмысловы крыкун i мацюгальшчык. У брыгадзе яго i любiлi, i баялiся. Болей, аднак, баялiся, бо, сустрэўшыся зь iм адзiн раз, сустракацца другi ня надта хацелася. Iншыя ля машын маўчалi. Паставiўшы нагу на бампэр "вiлiса", углядаўся ў разасланую на капоце карту знаёмы падпалкоўнiк са штабу брыгады, ля яго стаяў нейкi маёр у фуражцы колеру хакi. Гэты, апошнi, з паблажлiвай, староньняй ухмылкай назiраў за маёй нявыкруткай. - Вiнават, - прамычэў я, моршчачыся ад болю ў пабiтым калене. Рукаў гiмнасьцёркi быў здорава разадраны на локцi, i я трохi павярнуў ровар, каб стаць да iх бокам. - Дзе тваё падразьдзяленьне, лейтэнант? - вызьверыўся камбрыг. - Вунь гарматы, - нечакана тонкiм голасам сказаў я, кiўнуўшы на свой гарматны разьлiк, што тулiўся праз сотню крокаў ля рэчкi. I тады зьнiякавеў яшчэ болей: мае салдаты, выцягнуўшы шыi, як адзiн, зь цiкавасьцю ўзiралiся ў свайго небараку-ўзводнага, якi нечакана трапiў у пераплёт. - Чый ровар? Крадзены? - Нiяк не. Трафэйны. - Якi трафэйны? Ты што, яго ў баi ўзяў? - разьюшыўся камбрыг. Яго з гатоўнасьцю падтрымаў падпалкоўнiк: - Тыповы прыклад грабяжу транспартных сродкаў. Ёсьць жа пастанова ваеннага савету, якую належыць строга выконваць. - Мне грабежнiкi непатрэбныя! - адрэзаў камбрыг. - Зараз жа вярнуць ровар. Туды, дзе ўзялi! - Ёсьць! - паныла вымавiў я, аднак, з палёгкай ад таго, што размова, здаецца, сканчалася. Кульгаючы, з роварам у руках я пабрыў уздоўж дашчатай агароджы лесапiльнi да агнявой пазыцыi майго ўзвода. Дзе ўзялi гэты ровар, я ведаў. Учора наш батарэйны санiнструктар Пятрушын, калi салдаты акопвалi гарматы, пабегаў па навакольлi, як гэта ён заўсёды рабiў на новым месцы, i з блiжняга катэджа за рэчкай прывалок гэты ровар. Сам паезьдзiў нядоўга, мабыць, вучыўся, некалькi разоў упаў i страцiў да ровара цiкавасьць. Учора на iм нядоўга пакаталiся хлопцы з гарматнага разьлiку, а ранiцай узяў я. З роварам у руках я датэпаў да недалёкай агнявой пазыцыi. На станiне 76-мiлiмэтровай гарматы сядзеў наводчык Сьцяпанаў, дымiў вялiзнаю цыгаркаю з махоркi. Iншыя два сядзелi на броўцы побач. Камандзiр гармат сяржант Мядзьведзеў спаў пад палаткай за бруствэрам. Правiльны Кананок, самотна пазiраючы ў тыл, жаваў кавалак хлеба. Яны чакалi сьняданак, якi прыносiлi з батарэйнай кухнi. Яшчэ на сьвiтаньнi туды пайшлi два з кацялкамi, ды штось не вярталiся: мусiць, якая няўпраўка ў старшыны. Было цiха, наперадзе ў гарадку пакуль не стралялi, мабыць, немцы таксама сьнедалi. Батарэя ўжо каторы дзень стаяла ззаду за пяхотай, агню не вяла, чакала прарыву нямецкiх танкаў. Але, мабыць, цяпер, напрыканцы вайны, немцам было не да прарыву - хоць бы як стрымаць нашыя прарывы. Начальства, вядома, разумела тое, але ўсё роўна рабiла, як патрабавала вайсковая навука - вядома, дзеля перасьцярогi, каб чаго ня выйшла. Але ўжо пэўна нiчога ня выйдзе - немцы ўжо ня тыя, што ў ранейшыя гады, i нават у ранейшыя месяцы. Як чатыры месяцы таму пад Балатонам, калi яны задалi нам клопату. Прарвалi фронт i гналi аж да Дунаю. Тады наш полк страцiў усе гарматы i мноства людзей. Рэшта даваёўвае ў пяхоце. - Кананок, - паклiкаў я маладога салдата. - Адвядзi ровар. Вунь у той дом. Кананок, як заўжды, сьпярша нiякавата заўсьмiхаўся, зiрнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурлiваю горнай рачулкай. - Нiшто сабе дамок! Палац. Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, - каменны, двухпавярховы, з абведзенымi белаю фарбай высокiмi вокнамi. Каля ўваходу расьлi дзьве старыя елкi, а па гранiтнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, якi спазьнела зелянеў першай дробнай лiстотай. Уздоўж рачнога берагу вiдаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду мiж дамоўкай i стромкай скалой высiлiся старыя дрэвы, з куп'я якiх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялiчкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусiць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец. Я прысеў на снарадную скрынку мiж станiн, а Кананок цераз вузкi драўляны масток над рачулкай пакацiў ровар. За рэчкай ён прыпынiўся каля, мусiць, зачыненай брамкi, нешта гукнуў. I тады зь дзьвярэй паказалася постаць нейкае дробненькай жанчынкi ў вузкiх штонiках, яна рухава наблiзiлася да брамкi i ўзялася адмыкаць дзьверцы. Кананок, вiдаць было, загаманiў штось, i яна, падобна, адказала. Хвiлiну яны там быццам перагаворвалiся, але адсюль не было чутна, пра што. Хаця пра што мог гаварыць Кананок, якi наўрад цi ведаў хоць бы дзясятак словаў па-нямецку. - Ты глядзi! - зайздросна вымавiў ззаду Сьцяпанаў. - Наш Кананок ужо немачку палюе. Ужо дамаўляецца... - Ня немачку - мабыць, аўстрыйку. Але праўда, спрытная дзяўчына, высунуўся з раўка чарнавусы тэлефанiст Муха. Мабыць, i праўда. Нават здаля дзяўчына выглядала зграбнай - асаблiва сваёй хлапчуковай постацяй, рухавай i невялiчкай, i ўжо тым захапiла салдацкую ўвагу артылерыстаў. Яна пераняла ў Кананка ровар, лёгенька крутнуўшы галавой, адкiнула назад пасму коратка пастрыжаных валасоў i павярнулася да дзьвярэй у катэдж. Кананок, аднак, усё гукаў да яе нешта, i яна, прыпыняючыся, адказвала, пакуль ня зьнiкла за елкамi. Салдат трохi пастаяў яшчэ, а пасьля, усё азiраючыся, пайшоў цераз масток да агнявой пазыцыi. Я зiрнуў назад, на дарогу, - "вiлiс" усё стаяў пад сьцяной разьбiтага дому. Афiцэры схiлiлiся над ягоным капотам, над разасланай картай; мабыць, яны ўжо страцiлi да мяне ўвагу. Ды ня ўсе. Адзiн з-за сьпiнаў iншых усё ж разы два зiрнуў у наш бок - цi ня той лагодны маёр, падумалася мне. Але ў той час у раўку зазумерыў тэлефон, i тэлефанiст Муха паклiкаў: - Камбат, таварыш лейтэнант! Я скочыў у равок, узяў трубку. Камбат пытаўся, колькi ў мяне снарадаў асобна бранябойных, асобна асколачных. Я сказаў, што трэба падлiчыць, тады далажу. Нiбы мiж iншым камбат папярэдзiў: - Там недзе першы ля вас. I асабiст. - Ужо бачу. Стаяць на дарозе. - Як паедуць, зьвякнi - куды? Я паклаў слухаўку i вылез з раўка. Машыны былi на ранейшым месцы, але афiцэры там, вiдаць было, заварушылiся, перасталi разглядваць карту. I той лагодны маёр у фуражцы ўжо не пазiраў сюды. Значыць, гэта й ёсьць наш брыгадны асабiст, упаўнаважаны страхавiтага "сьмерша" (сьмерць шпiёнам). Дагэтуль я нiдзе ня бачыў яго, цi, можа, ён у брыгадзе нядаўна? Нашага палкавога "сьмершаўца" усе добра ведалi, той заўжды тоўкся на батарэях, асаблiва на маршах цi на фармоўках, любiў пасядзець з афiцэрамi ў вольны час ды з чаркай. I яшчэ быў вялiкi аматар сьпеваў - хоць "Распрагайце, хлопцы, коней", хоць "На позицию девушка провожала бойца". Казалi, у полк прыехаў з Далёкага Ўсходу i ўжо праз пару месяцаў на фронце атрымаў два ордэны, як i наш камбат, якi топае па перадавой ад самага Харкава i два разы паранены. Ну, але здаўна вядома, што Бог няроўна дзелiць ня толькi ў мiрным жыцьцi, але й на вайне. Машыны з афiцэрамi нарэшце паехалi па дарозе ў тыл, трэба было папярэдзiць камбата. Палкавыя батарэi ў гэтай цеснай горнай далiне разьмяшчалiся па адной у некалькi эшалёнаў - першая батарэя была наперадзе, па той бок гарадка, адразу за пяхотай; па гэты бок наша, за ёй астатнiя. Усе сядзелi пры адной дарозе. Вядома, камбаты цiкавалi за няўрочным рухам камбрыга i паведамлялi аб iм адзiн аднаму, каб ня быць захопленымi зьнянацку. Начальства, як i працiўнiка, належала асьцерагацца на вайне. Я ўлез у цесны равок i патэлефанаваў камбату, а як вылез, Кананок ужо быў на агнявой. Ягоны ўсьмешлiвы твар зьзяў стрыманым захапленьнем, i тое адразу прыкмецiлi нашыя зубаскалы-хлопцы. - Ну, дамовiўся? Калi пабяжыш? - А можа, ён сюды яе прывядзе? У госьцi... Кананок, аднак, без увагi да iх адразу зьвярнуўся да мяне: - Там зямлячка ваша, таварыш лейтэнант. - Якая зямлячка? - Ды зь Беларусi, кажа. - Як зь Беларусi? Савецкай? - ня мог зразумець я. У сярэдзiне Аўстрыi, напрыканцы вайны, у гэткiм шыкоўным катэджы зямлячка? Штосьцi тут незразумелае... - Ну, - толькi й адказаў нешматслоўны Кананок. Мабыць, болей ён ня ведаў нiчога. Тая навiна ня толькi кранула - яна амаль узрушыла мяне. Землякi наогул мяне абходзiлi, за ўсю вайну я стрэў iх, можа, чалавекi тры. Мабыць, таму, што гэты Ўкраiнскi фронт быў наводдаль ад Беларусi, салдаты ды й афiцэры ў нас болей паходзiлi з Украiны, Паўночнага Каўказу, дзе фармавалася брыгада, ну i, вядома, з Расеi. Беларусаў жа ў палку, здаецца, не было нiводнага. Аднойчы дачуўся, быццам начальнiк ГЗМ - беларус i пры выпадку запытаўся ў самога, адкуль ён. Але не, не зь Беларусi, хоць вымаўленьне яго было дужа падобнае да беларускага. Казаў, смаленец. Я быў расчараваны. Так хацелася сустрэць родную душу, хоць бы адкуль-небудзь з блiзкага цi далёкага раёну, успомнiць, пагаманiць пра даваеннае. А можа, i дазнацца што пра сучаснае з родных мясьцiнаў, ад якiх я быў адарваны з пачатку вайны. Вайна вайной, але, мабыць, належала зашыць разадранае рукаво. З тае прычыны, што тут гойсала начальства, распранацца ня стаў, папрасiў Кананка зашыць гiмнасьцёрку на мне, i той выняў зь зiмовай шапкi ржавую iголку зь нясьвежаю нiткаю. Толькi ён прыладзiўся зашываць, як ззаду завухалi нашыя гаўбiцы; цераз галовы, праразаючы тугое паветра, са шморгатам паляцелi цяжкiя снарады. Спакваля зь iншага боку глуха загаўкалi нямецкiя мiнамёты - гэтыя, як i ўчора, пачалi бiць па гарадку. Мiж дахаў i дрэваў пыхнулi ўгору дымныя выбухi - два зь iх зусiм побач, за лесапiльняй. - А ну ўсе ў равок! Цесьненька, адзiн ля аднаго, мы стулiлiся ў вузкiм раўку; на агнявой ля панарамы гарматы, як заўжды, застаўся адзiн наводчык Сьцяпанаў. Выбухi таўклi навакольле, разьбiвалi ўшчэнт дахi дамовак. Невядома было, колькi працягнецца той абстрэл, калi толькi гэта звычайны абстрэл безь якога руху пяхоты. Калi зь пяхотай, будзе горш справа, можа, i нам прыйдзецца ўключыцца ў бойку. - Абармоты! - бурчэў тэлефанiст Муха. - Не дадуць i пасьнедаць. Так, сьняданак, мiж тым, затрымлiваўся, як бы не давялося есьцi яго разам з абедам. Як пазаўчора. Тут, у Аўстрыi, зусiм ня тое, што нядаўна было ў Вэнгрыi, калi мы пра кухню ня дбалi, харчавалiся з цывiльнага харчу - ня трэба была нi пярловая каша, нi вэрмiшэлевы суп. У кожнай хаце лёгка было здабыць кавалак вяндлiны, колца прыперчанай каўбасы, бохан белага хлеба. Ды яшчэ бутлю, а то й болей вiна - чырвонага цi белага. Але Вэнгрыя каштавала нам немалой крывi i засталася ззаду, а ў Аўстрыi з харчам было тугавата. Аўстрыякi самi сядзелi на картках. Увогуле, галадалi. I мы мусiлi есьцi тое, што варыў старшына. А той, вядома, ня дужа даваў сабе клопату - частаваў тым, што прывозiлi з тылу. Абстрэл доўжыўся з гадзiну, стралялi нашыя артылерысты i немцы. Разы два выбухнула на дарозе, ля тога паўразьбiтага дому, дзе ранiцай стаялi машыны, паленым смуродам пацягнула ў наш бок, да рэчкi. I мне раптам стала клопатна: хоць бы не патрапiлi ў той слаўны катэдж. За адну сэкунду маглi спляжыць усё гэтае ўтульнае хараство, над якiм шчыравала, можа, не адно пакаленьне ягоных уласьнiкаў. Тым часам па той бок гарадка на перадавой было быццам цiха. I то добра, значыць, атакi не было нi з чыйго боку. Можна было трохi расслабiцца, адыйсьцi ад напругi, i я вылез з раўка. Ля наводчыка Сьцяпанава ўжо сядзеў камандзiр гарматы Мядзьведзеў, - ня ў лад са сваiм прозьвiшчам худы, даўгалыгi сяржант з вузкiм, стараватым тварам. Абстрэл прыпынiў яго ранiшнi сон пад плашч-палаткай ля бруствэру, i цяпер сяржант нэрваваўся. - Якога д'ябла! - зазлаваў ён, калi выбухнула зусiм блiзка, здаецца, за агароджай лесапiльнi. - Запаляць, будзе сьмярдзець да вечара. - I без таго смуроду хапае, - сказаў наводчык. - Такi гарадок пляжаць. Безь якой патрэбы. Усё роўна хутка канец, нiкуды ня дзенуцца. - А можа, таму й пляжаць, што напасьледак, - сказаў Сьцяпанаў, - каб нiкому не дасталося. Што напасьледак, гэта пэўна, падумаў я, бо дужа няшмат засталося. Толькi мы штось замарудзiлi, уперлiся ў нейкую перашкоду. З захаду па Аўстрыi ўжо наступалi амэрыканцы. Часам батарэйны радыст лавiў iх ня так i далёкiя перамовы на ангельскай мове, якая перамешвалася ў эфiры зь нямецкай, чаго раней не чутно было нiколi. Значыць, яны тут недалёка i, можа, днямi ўдараць насустрач нам з захаду. Калi да таго часу гэты гарадок не ператвораць у руiны. Чамусьцi раней пра тое ня думалася. Будынкi, гарады i сёлы на вайне наогул ня бралiся пад увагу i аднолькава руйнавалiся i намi, i немцамi. Але цяпер во паявiлася новае пачуцьцё, новыя адносiны як да чалавечых жыцьцяў, так i да чалавечай маёмасьцi. Ды яшчэ такой, як у гэтай пакутнiцы Аўстрыi, таксама па-сутнасьцi нямецкай ахвяры. Як трохi пацiшэла ўгары, прыйшлi нашыя салдаты з кухнi. Атрошчанка i Скiбаў прынесьлi па два кацялкi, боханы хлеба ў рэчмяшках - харч для ўзвода на ўвесь дзень. За iмi чамусьцi валюхаста валокся праныра санiнструктар Пятрушын, i я зласьлiва падумаў: а гэты навошта? Мне ён не падабаўся нiколi, гэты трыццацiгадовы сяржант, якi ў прамежках памiж абстрэламi бадзяўся па батарэйных тылах. Калi ж узьнiкала якая патрэба, дык санiнструктара было не знайсьцi. Зноў жа празь ягоны ровар я сёньня перажыў сутычку з камбрыгам. Мабыць, адчуваючы тое, Пятрушын адразу пачаў трошкi нават лiсьлiва, нiбы паддобрываючыся: - Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лiчы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй - сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? запытаўся ён. Салдаты павылазiлi з раўка, пачалi рэзаць хлеб на палатцы, усаджвалiся над кацялкамi з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо i не выказваў цiкавасьцi да ежы. Ён дастаў з кiшэнi "бархотку" i, паставiўшы бот на станiну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другi. З усiх сяржантаў у палку адзiн ён фарсiў у зграбных хромавых ботах, аб якiх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў. Начысьцiўшы боты i палюбаваўшыся на iх амаль люстраны бляск, санiнструктар раптам успомнiў: - А дзе мой трафэй? - Якi трафэй? - знарок не зразумеў я. - Ровар. - Ровар камбрыг адабраў, - схлусiў я. - Ды ну? Так i адабраў? - Менавiта адабраў. Вунь хай Кананок скажа. Пятрушын павярнуўся да Кананка, якi з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьмiхаўся. - Ну, адабраў... - Так я i паверыў, - засумняваўся санiнструктар. - Схавалi недзе. Ён пачаў азiрацца каля агнявой, шукаць ровар: зазiрнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай. - Не шукай, ня знойдзеш, - раптам сказаў Мядзьведзеў. - Камбрыг загадаў аддаць. - Каму аддаць? - У каго ўзялi. Ну, навошта было гаварыць тое, зласьлiва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае i, нi слова ня мовiўшы, пераскочыў бруствэр. - Ты куды? Назад! Той толькi буркнуў штось на хаду i хуткiм крокам скiраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь iм рабiць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносiнах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлi зь вiном, выручаў, калi ён, перабраўшы, ляжаў у кабiне "студэбэкера", казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ - малярыя. Той i праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэi. Але хварэлi ўлетку i ўвосень, зiмой малярыя ня брала. Абстрэл ужо сьцiхаў, здаецца, з абодвух бакоў; закацiлася за вяршынi гор далёкае рэха, надоўга цi не - невядома. Санiнструктар перайшоў масток, рашуча пераскочыў цераз невысокую брамку i скiраваў да дзьвярэй катэджа. Штосьцi пагрозьлiвае здалося мне ў той яго самаўпэўненай, амаль злой рашучасьцi, быццам i я ўжо меў пэўнае дачыненьне да таго катэджа. Я выскачыў з агнявой i, накульгваючы на пабiтую нагу, перайшоў масток, пералез цераз агароджу. З дамоўкi нiхто не паказваўся, а Пятрушын раз-пораз дубасiў кулаком у цяжкiя дзьверы.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18
|