Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Быков Василь / Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке) - Чтение
(стр. 1)
Автор:
|
Быков Василь |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(521 Кб)
- Скачать в формате fb2
(221 Кб)
- Скачать в формате doc
(225 Кб)
- Скачать в формате txt
(219 Кб)
- Скачать в формате html
(222 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18
|
|
Быков Василь
Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Васiль Быкаў Сьцяна НАРОДНАЯ КНIГА Кнiга народнага пiсьменьнiка Беларусi Васiля Быкава "Сьцяна" складаецца з празаiчных твораў апошнiх гадоў. Беларуская гiсторыя XX стагодзьдзя стварыла нямала сытуацыяў, калi характары розных людзей па-рознаму выяўлялiся на мяжы жыцьця i сьмерцi. Слуцкае антыбальшавiцкае паўстаньне, Курапаты, другая сусьветная вайна, "хрушчоўская" адлiга, перасьлед апанэнтаў з боку КГБ у застойныя часы... Адпаведна рознымi былi й паводзiны мiжвольных удзельнiкаў гэтай гiсторыi, ад якiх, па вялiкiм рахунку, не залежала нiчога. Яны, фатальна абложаныя таталiтарнай сыстэмай, маглi толькi захаваць або не захаваць сваю чалавечую годнасьць. Але нiякiм чынам яны не маглi паўплываць на свой прадвызначаны статус - ахвяраў чырвонага або брунатнага малоха, якi працяў кожнага зь iх наскрозь - iхны розум i iхную кроў. Васiль Быкаў у новай кнiзе прозы паказвае, наколькi немагчыма, але наколькi важна на самых фатальных этапах гiсторыi захоўваць чалавечнасьць, прыстойнасьць, годнасьць. Псыхалягiчныя сытуацыi ў крытычных абставiнах становяцца напружанымi сюжэтамi, а дакладныя характарыстыкi самых розных чалавечых тыпаў змушаюць чытача ўвесь час адчуваць сваю прысутнасьць сярод быкаўскiх пэрсанажаў i рабiць уласны маральны выбар. Кнiга "Сьцяна" рыхтавалася да выхаду ў дзяржаўным выдавецтве "Мастацкая лiтаратура", але сёньняшнi палiтычны рэжым спынiў гэтую працу. Пасьля неаднаразовых прапановаў нашых чытачоў i з ласкавае згоды аўтара кнiга "Сьцяна" выходзiць у незалежным выдавецтве "Наша Нiва". Гэты праект, ажыцьцёлены з iнiцыятывы i за сродкi грамадзянаў Беларусi, мы назвалi "Народная Кнiга". Мы далёкiя ад думкi, што беларускае слова можа iснаваць толькi за дзяржаўныя датацыi, i мяркуем, што памiж творамi народнага пiсьменьнiка, як, зрэшты, i iншых таленавiтых лiтаратараў, з аднаго боку, i чытачом - з другога, ня мусяць паўставаць непераадольныя бар'еры. Кнiгi лепшых беларускiх лiтаратараў будуць выходзiць у такiм аб'ёме i датуль, колькi i дакуль у гэтых кнiг будзе чытачоў. Мы ня ставiм на мэце знайсьцi спонсараў або зрабiць прыгожы жэст дабрачыннасьцi. Мы iмкнемся, насуперак афiцыйнай палiтыцы русiфiкацыi, сьцьвердзiць, што беларускiя кнiгi мусяць выходзiць за грошы i дзеля патрэбаў беларускага грамадзтва. Разам з тым, мы спадзяемся на кансалiдацыйны эфэкт Народнае Кнiгi, якая мусiць умацаваць нашае грамадзтва i дадаць яму сiлы духу. ЗЬМЕСТ Ад аўтара Вайна i перамога (эсэ) Пакахай мяне, салдацiк (аповесьць) Ружовы туман Пагорак Палiтрук Каламiец "Кацюша" Палкаводзец Падоранае жыцьцё Жоўты пясочак На Чорных лядах Перад канцом Народныя мсьцiўцы Бедныя людзi Музыка Восьлiк Сьцяна Ад аўтара З часоў Шэксьпiра чалавецтву вядома, якая гэта выдатная справа непарыўная повязь часоў, i як кепска, калi тая повязь iрвецца. Што тычыцца беларусаў, дык мы гэта пазналi на нашым шматвяковым гiстарычным вопыце, дзясяткi гадоў мы жылi, адрэзаныя ад нашага мiнулага, ад нашага досьведу, ад нашай гiсторыi. У тым лiку i нядаўняй - гiсторыi мiнулай вайны. Зь цягам часу памяць пра яе актыўна замянялася на прапагандавыя схемы, а яе вялiкая праўда - на карысьлiвую праўдзiвасьць таталiтарнай партыi. Тыя, хто перанес на сваiм гарбу крывавы цяжар вайны, ня надта схiльныя памятаць сябе пакутнiкамi - лацьвей пачувацца героямi на гарачых канях пад чырвонымi сьцягамi. Тым болей, што сэрвiльная пасьляваенная гiстарыяграфiя, тлумы цынiчных навукоўцаў не перастаюць пераконваць: ваша праўда - у вернасьцi iдэалам! У вашым бесьсьмяротным гераiзме. Гераiзме - так, але ж... Але ж поруч з гераiзмам было на вайне i iнакшае. Годнае суседзiла з подлым, добрае - з кепскiм. Як i ў самiм жыцьцi. Як i ў нашым сёньня, якое гэтак абрыдла большасьцi. Большасьцi, што апынулася ў дурнях i ня можа зразумець, па чыёй вiне. Па вiне ўсё тых жа. Хто рэвалюцыю робiць чужымi рукамi, хто вынiшчае iншых, непадобных да сябе. Хто прывык жыць у абставiнах лютай барацьбы - найперш са сваiмi, бо сваiх лёгка перамагчы. Хто ў бой пасылае iншых, а сам застаецца камандаваць. I з гэтае нагоды пры ўсялякiх крывуляках лёсу мае барыш. У форме ўлады, прывiлеяў цi, як цяпер, - даляровага рахунку ў банку. Мы, беларусы, у гэтым сэнсе - асаблiва цёмныя людзi. Дагэтуль мы не перастаем блытаць колеры, думаць, што брунатнае надта адрозьнiваецца ад чырвонага. Быццам ня ведаем, што ў спэктры шмат iншых колераў, i ёсьць пэўная магчымасьць выбару. Найперш выбару свайго колеру - не чужога. Бо чужы нiколi ня стане нашым, ён ужо нейчы. Кiмсьцi прысвоены, камусьцi належыць. А iнстынкт прыватнай уласнасьцi, як вядома, - магутны iнстынкт, дадзены чалавеку ад Бога. Нiкому з жывых iстотаў Бог ня даў гэтага iнстынкту, апроч чалавека. Людзi сьвету зразумелi гэта даўно, а мы толькi пачынаем разумець цяпер. Колькi ж мы нарабiлi памылак на гiстарычным шляху да таго разуменьня... Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямi. Убачым пра сябе праўду. Нават i непрывабную. Праўда ў гiсторыi - функцыя адназначная, зь яе робяць урокi. З хлусьнi нiякiх урокаў ня зробiш, апроч новай хлусьнi. У гэтай кнiзе, як спадзяецца аўтар, - дробныя аскялёпкi нашай вялiкай праўды, якiя, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела. Калi тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам i чытачам таксама. ВАЙНА I ПЕРАМОГА Эсэ Вайна абрынулася на краiну зьнянацку, яе страшныя праявы паўсталi перад людзьмi нечакана i, невядомыя ў ранейшым жыцьцi, ашаламiлi мiльёны. У тым лiку i вайскоўцаў - кадравых камандзiраў ды начальнiкаў. Памалу, аднак, людзi пачалi прызвычайвацца да жахлiвай ваеннай рэчаiснасьцi, неяк мiрыцца з уласным бязрадасным лёсам. Стала ўжо зразумела, што вайна не на адзiн год, што ваяваць прыйдзецца доўга i трэба прыстасоўвацца да яе экстрэмальных умоваў. Дзесьцi на другiм годзе вайны на фронце пачаў складвацца iмправiзаваны франтавы быт. На ўчастках, якiя не вялi баявых дзеяньняў i стаялi ў абароне, у людзей паявiлася слабая надзея выжыць - калi не да канца вайны, дык хоць бы да канца тыдня, да ранку. I людзi ўладкоўвалiся - кожны на месцы, куды яго загнала вайна. Штабiсты дружна i арганiзавана абжывалi ацалелыя куткi ў спаленых тылавых вёсках, другiм-трэцiм радам мацавалi накаты камандных ды назiральных пунктаў; артылерысты парадкавалi зямлянкi, ладзiлi печы - з жалезных бочак, малочных бiтонаў, насьцiлалi хвойнiкам земляныя нары. Уваход завешваўся плашч-палаткай - гэтым унiвэрсальным чырвонаармейскiм сродкам, што засьцерагаў ад непагоды i сьцюжы. Немцы ўсю вайну карысталiся цёплымi коўдрамi, мы ж традыцыйна абыходзiлiся шыняльком - у баi, на адпачынку, уначы. Пяхота ў завеяных сьнегам цi залiтых дажджом траншэях, ратуючыся ад непагадзi, капала лухi-ячэйкi з палiчкамi для гранат i патронаў ды абавязковай прыступкай, каб, як прагучыць сыгнал, выскачыць з акопу - у атаку. Выскокваць у атаку даводзiлася часта нават у працяглай, шматмесячной абароне. Вышэйшыя начальнiкi памяталi i непарушна выконвалi жалезны загад Вярхоўнага: не даваць захопнiкам спакою нi ўдзень, нi ўначы, няспынна бiць яго i выматваць. Таму i бiлi, i выматвалi. Нават калi не хапала нi зброi, нi боепрыпасаў, калi на гарматы прыпадала па чвэрцi боекамплекту i на кожны стрэл трэба было браць дазвол старэйшага камандзiра. У абароне рэгулярна праводзiлiся звычайна крывавыя "разьведкi боем", штоночныя "пошукi разьведчыкаў", бясконцыя "паляпшэньнi" абарончых пазыцыяў. Некаторыя палкi i дывiзii, падначаленыя надзвычай старанным цi дужа патрыятычна настроеным камандзiрам, на працягу многiх месяцаў атакавалi адныя й тыя ж вышынi, кладучы на iх схiлах тысячы людзей, ды так i не дабiваючыся колькi-небудзь прыкметнага посьпеху. Людзей не шкадавалi. Усё на фронце было лiмiтаванае, усё дэфiцытнае i нармаванае, апроч людзей. З тылу, са шматлiкiх пунктаў фармаваньня i навучаньня няспынным патокам iшло да фронту папаўненьне - масы схуднелых, зьнямоглых ад тылавой муштры людзей, якiя трошкi навучаныя былi валодаць вiнтоўкай, але не заўжды разумелi па-расейску. Усе яны папаўнялi парадзелыя ў няспынных баях часткi, каб заўтра ж пад шквальным нямецкiм агнём падняцца ў атаку ды тут жа i ўпасьцi долу. Камандзiрам у стралковым ланцугу каштавала немалых высiлкаў iх падняць, i нярэдка на полi бою можна было бачыць, як камандзiр роты, бегаючы ўздоўж ланцуга, паднiмае кожнага высьпяткам. Падняўшы аднаго, бяжыць да наступнага, i пакуль паднiмае таго, заднi зноў кладзецца долу - забiты цi зь перапуду. Бегаць так доўга пад агнём, вядома, ня мог i ротны, якi таксама неўзабаве выбываў са строю. На некаторых участках фронту такiх бязглуздых, марных атак было мноства, яны iшлi чарадой; мянялiся байцы i камандзiры, але загад атакаваць заставаўся ў сiле. Калi дарэшты выбiвалi палкi i батальёны, дывiзiю адводзiлi ў тыл на перафармаваньне, а ўцалелых камандзiраў прадстаўлялi да ўзнагародаў: за няўхiльнасьць волi ў выкананьнi загаду - была такая ўзнагародная формула. Можна было толькi зьдзiўляцца, што нiхто не пярэчыў i не пратэставаў супраць такой яўнай бязглузьдзiцы. Але за тым, каб усе пакорлiва маўчалi, пiльна сачылi ня толькi вышэйшыя камандзiры, але i палiторганы, упаўнаважаныя асобых аддзелаў, вайсковыя трыбуналы, пракуратура. Загад камандзiра - закон для падначаленых, а на строгасьць начальнiка ў армii скардзiцца забаронена. Вайна, аднак, вучыла. Не ранейшая, даваенная вайсковая навука, не вайсковыя акадэмii, тым больш, паскораныя курсы вайсковых вучэльняў, але асабiсты вайсковы досьвед, якi клаўся ў аснову баявога майстэрства камандзiраў. Пералом у вайне, калi пасьля першых разгромных месяцаў настала пэўная раўнавага сiлаў, звычайна зьвязваюць з тым фактам, што кадравыя камандзiры канчаткова адцуралiся ад свае вайсковае навукi, а мабiлiзаваныя з запасу, учарашнiя iнтэлiгенты авалодалi ёю на практыцы. Вайсковыя дзеяньнi пачалi набываць элемэнт разумнасьцi. Вельмi хутка аказалася, што баявыя статуты, створаныя на падставе досьведу грамадзянскай вайны, мала адпавядаюць характару новай вайны i, у лепшым выпадку, бескарысныя, калi ня шкодныя ў сваiм прымяненьнi. На самой справе, чаго варта было толькi адно iх патрабаваньне аб месцы камандзiра ў баi - наперадзе ланцуга, што заўжды прыводзiла да хуткай пагiбелi камандзiра, пасьля чаго падразьдзяленьне, застаўшыся без галавы, хутка страчвала якое-небудзь баявое значэньне. Паэшалённая будова пяхоты пры наступленьнi заўжды выклiкала занадта вялiкiя страты, асаблiва ад мiнамётнага агню ворага. Зразумеўшы тыя i шмат якiя iншыя недарэчнасьцi, Сталiн вымушаны быў пайсьцi на перапрацоўку статутаў, i ўжо ў ходзе вайны паявiлiся новыя статуты пяхоты - частка I i частка II. У той час, як у войску жорстка караўся нават намёк на перавагу нямецкай тактыкi або нямецкае зброi, дзесьцi наверсе, у генштабе, гэтая перавага ўсё ж улiчвалася, i зь яе рабiлi пэўныя высновы. Са згоды Вярхоўнага тое патроху ўкаранялася ў войску. Зрэшты, укараняць i запазычваць трэба было нашмат болей i ня толькi з таго, што датычыла тактыкi. Як мы нi хвалiлiся (зразумела, у прапагандавых мэтах) якасьцю айчыннае зброi, нямецкая стралковая зброя спрэс аказвалася больш дасканалай i спрытнейшай, наш славуты ППШ зь вельмi нязручным для напаўненьня дыскавым магазiнам па ўсiх парамэтрах саступаў нямецкаму "шмайсэру". Няўклюдная, з даўжэзным штыхом вiнтоўка XIX стагодзьдзя канструкцыi Мосiна саступала нямецкаму карабiну. Увогуле някепскi сярэднi танк Т-34, манэўровы, з добрым рухавiком, меў слабую браню i пры кепскай 76-мiлiмэтровай гармаце рабiўся лёгкай здабычай нямецкай супрацьтанкавай зброi, найперш - цяжкага танка тыпу "тыгр". Перавага апошняга асаблiва праявiлася ў абароне, пры адбiваньнi наступу нашых "трыццацьчацьвёрак". Выдатная цэйсаўская оптыка i магутная гармата давалi "тыграм" магчымасьць з далёкай адлегласьцi распраўляцца з атакай дзясяткаў нашых танкаў. Нярэдка савецкiя танкiсты плакалi ад роспачы, калi наш танкавы батальён, толькi пачаўшы атаку (асаблiва на роўнядзi), трапляў пад агонь дзе-небудзь замаскаваных "тыграў" у той час, як самi "тыгры" заставалiся ў поўнай бясьпецы з прычыны далёкай да iх адлегласьцi. Здаралася, калi танкiсты, разумеючы, што наблiзiцца на адлегласьць прамога стрэлу не пасьпеюць, кiдалi машыны i пад агнём вярталiся на зыходны рубеж. Пакуль яны туды дабягалi, iхныя танкi ўжо гарэлi. Зразумеўшы нарэшце крамольную хiтрасьць танкiстаў, камандаваньне загадала аддаваць пад суд ваенных трыбуналаў экiпажы, якiя выйшлi з-пад агню ў поўным складзе. Тады танкiсты ўжывалi новую хiтрасьць: сталi пад'яжджаць да "тыграў" блiжэй i пакiдаць машыны ўжо пад кулямётным агнём з танкаў. Хто-нiхто зь iх гiнуў, нехта быў паранены ў адкрытым полi, але камусьцi ўсё ж шанцавала дабрацца да схову. З падбiтай жа i падпаленай машыны шанцаў выбрацца жывым было нашмат меней. Састарэлы, з вадзяным ахалоджаньнем кулямёт "максiм" прычыняў нямала клопату, асаблiва ўлетку ды на бязводным поўднi, а з тэкстыльнай стужкай усюды ў непагадзь. Ручны кулямёт Дзегцярова запомнiўся былым кулямётчыкам хiба што празьмернаю для гэтае зброi вагой. Калi на ўзбраеньнi нямецкай пяхоты паявiўся кампактны хуткастрэльны МГ-42, нашым батальёнам у атацы не засталося шанцу ацалець пад ягоным шквальным (да 1000 стрэлаў у хвiлiну) агнём. Адзiн такi кулямёт з удалай пазыцыi за лiчаныя хвiлiны вынiшчаў батальён. Тым, хто ваяваў у пяхоце, дужа помняцца нямецкiя мiнамёты, ад вэртыкальнага агню якiх не было паратунку нi ў полi, нi ў лесе, нi ў горадзе. Нашыя страты ў наступленьнi былi жахлiвымi, найбольшая iх колькасьць, вядома, прыпадала на долю параненых. Лёгкапараненыя з бою выбiралiся самi, цяжкапараненыя нярэдка падоўгу ляжалi ў зоне агню, атрымлiваючы новыя раны, а то й памiраючы. Выносiць параненых у тыл не дазвалялася; спробы такога роду квалiфiкавалiся як уцёкi з бою. Ведама, дзяўчаты-санiнструктаркi завiхалiся, як маглi, але iх было па адной на роту, параненых жа на полi бою заўжды набiралася дзясяткi. Таму выносiць iх не пасьпявалi, параненыя падоўгу чакалi, сьцякаючы крывёй, памiраючы на полi цi па дарозе ў санбат. Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць "генiяльная" iдэя мабiлiзаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай армii нiчога падобнага не назiралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфiцытнасьцi людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хiба каб аздобiць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкi быт старэйшых камандзiраў i палiтработнiкаў, якiя на час вайны засталiся бяз жонак i тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якiя зь дзяўчат атабарывалiся ў штабах, тылавых установах у якасьцi сакратарак, мэдсясьцёр, сувязiстак, якiя на салдацкай мове называлiся ППЖ. Тыя ж зь iх, што дабiралiся да палкоў i батальёнаў, не выклiкалi да сябе сур'ёзных адносiнаў - на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскiх масаў яны адразу выяўлялi ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыi, як снайпэры, што ў хвiлiны зацiшку памiж баямi павiнны былi выпаўзаць на пазыцыi блiжэй да працiўнiка. Прынята лiчыць, што кожны iх снайпэрскi стрэл - гэта забiты немец. На справе ўсё было iнакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лiчаныя хвiлiны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл - зусiм не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калi на фронце панаваў спакой i нашыя не наступалi, дык снайпэрская актыўнасьць была адзiным паказчыкам баявой актыўнасьцi, i камандзiры не скупiлiся на лiчбы ў справаздачах. На пэрыяды франтавога зацiшку прыпадала асаблiвая актыўнасьць палiторганаў. Менавiта тады ў акопах паяўлялiся малазнаёмыя, чыста паголеныя, у скрыпучых партупэях маёры i падпалкоўнiкi, якiя распачыналi з байцамi цёплыя, "душэўныя" гутаркi. "Ну, як справы? Як кормяць? Цi атрымлiваеце лiсты з дому?" Адказвалi iм суха i пахмурна - гэтых ветлiвых афiцэраў не паважалi й ня дужа баялiся (ня тое, што крыклiвых мацюгальшчыкаў, сваiх камандзiраў), моўчкi, без пытаньняў слухалi iх таропкi аповед пра мiжнароднае становiшча ды задачы, пастаўленыя ў апошнiм загадзе таварыша Сталiна. Пасьля на батарэi i ў роты прыходзiлi палiтработнiкi рангам нiжэйшыя, паклiкаўшы каго-небудзь у закуток, прапаноўвалi ўступiць у партыю. Адмаўляцца было не прынята, ды й навошта? Якая розьнiца байцу, як гiнуць - беспартыйным цi членам ВКП(б)? Сышоўшыся дзе-небудзь за пагоркам на чарговы партсход, адзiнадушна галасавалi i праз тыдзень-другi выдавалi кандыдацкую картку. Партыйнасьць, вядома, мала што мяняла ў становiшчы байца - калi заставаўся ў страi, прысвойвалi званьне малодшага сяржанта ды перад наступленьнем давалi заданьне крычаць у ланцугу "За Радзiму, за Сталiна!" Насамрэч, можа, крычалi, а можа, i не. Легенда пра той баявы клiч мае больш прапагандавае паходжаньне i перавандравала, вядома ж, са старонак вайсковага друку. У няспынных грымотах бою, сярод выбухаў i кулямётна-аўтаматнай стралянiны цяжка было ўчуць уласны голас, ня тое што нейчы недарэчны, мала адпаведны абставiнам, мiтынговы крык. Не чуваць было нават звыклага для славянскага вуха "ўра", якое сапраўды крычалi ў адпаведныя моманты бою. Пасьля якой-небудзь няўдачы, калi пачынаўся "разбор палётаў" ды пошукi вiнаватых, палiтработнiкi звычайна дапытвалiся ў падначаленых: чаму не было заклiкаў? Iм звычайна адказвалi: "Крычалi, далiбог! Хiба ня чулi?" Мабыць, ня чулi, таму што ззаду ня надта чуваць. I далёка ня ўсё вiдаць. Камандзiрская iерархiя на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якiх, як вядома, тым болей розуму i ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кiлямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскi, раўчукi былi забiтыя вайсковымi штабамi, аддзеламi i ўстановамi зь дзясяткамi i сотнямi старэйшых афiцэраў, якiя штосьцi рабiлi - пiсалi, званiлi, раiлiся, узгаднялi, што патрабавала вялiзнае колькасьцi транспарту, сродкаў сувязi. У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полi жменька змораных, галодных васямнаццацi- i дваццацiгадовых хлапцоў. Яны наступалi. Ад iх здольнасьцi, патрыятызму i самаадданасьцi залежаў посьпех наступленьня i ў канчатковым вынiку - вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асаблiва ў далёкiм тыле. Генэралы i старэйшыя афiцэры, як гэта й прынята ў кожнай армii, усё ж кiравалi ня войскам, а зноў жа генэраламi i афiцэрамi, што стаялi ад iх на прыступку нiжэй - так было зручней ва ўсiх адносiнах. Найбольш сумленныя i разумныя гэта рабiлi так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, iмкнулiся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымлiваючы тым рэпутацыю справядлiвых начальнiкаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правiла, правiлам былi поўная пакорлiвасьць перад начальствам i бязьлiтасная жорсткасьць у адносiнах да падначаленых. Менавiта такiм чынам у вайну зрабiлi кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьцi - вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнiкаў сталiнскай школы. Памятаю выпадак, калi пасьля вайны судзiлi афiцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзi ўзнагароджанага палкоўнiка, камандзiра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнiк ваяваў з чужым прозьвiшчам, з дакумэнтамi сапраўднага камандзiра палка, у якога служыў ардынарцам i якi загiнуў. На судзе яму задалi пытаньне: "Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыi, будучы толькi сяржантам, адважылiся на такую афэру, падпарадкавалi сабе сотнi людзей? Як вы iмi камандавалi?" "Вельмi проста, адказваў былы сяржант. - Атрымаўшы зьверху загад, выклiкаю камандзiраў батальёнаў i так накручваю iм хвасты, што кiдаюцца выконваць, бы ўгарэлыя". Мабыць, някепска "накручваў хвасты", калi атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоiў сталiнскую навуку перамагаць. Iснуе шырока распаўсюджаны мiф пра тое, што няўдачы першага пэрыяду вайны выклiканыя, апроч iншага, перадваеннымi рэпрэсiямi сярод вышэйшага камандаваньня Чырвонай Армii. Вядома, рэпрэсii заўжды зло ва ўсiх адносiнах, але цi так ужо яны адбiлiся на баяздольнасьцi армii? Рэпрэсавалi ж ня ўсiх, самыя знакамiтыя ацалелi i ўзначалiлi войска. Але як яны праявiлi сябе ў гэтай вайне? Ужо першыя месяцы паказалi поўную iх няздольнасьць кiраваць войскамi ва ўмовах фашысцкай агрэсii, супрацьстаяць высокатэхнiчнай эўрапейскай армii, якой зьяўляўся вэрмахт. Хутка на палкаводчыя пасады заканамерна вылучылiся iншыя камандзiры, якiя нядаўна яшчэ займалi невялiкiя цi сярэднiя пасады ў палках, брыгадах, дывiзiях. Менавiта яны хутчэй за сваiх знакамiтых начальнiкаў навучылiся ваяваць у новых умовах, i, як нi дзiўна, менавiта на iхным вопыце чаму-колечы навучыўся Сталiн. Можа быць, упершыню ў савецкай рэчаiснасьцi iдэалягiчныя ўстаноўкi былi адкiнутыя, i ў пэўных вайсковых пытаньнях перамагла голая лёгiка. Адным з самых лягiчных актаў было скасаваньне iнстытуту вайсковых камiсараў, гэтага абсалютна непатрэбнага камандзiрскага дубля ў армii. Зрабiць так вымусiлi Сталiна ня толькi пэўныя адносiны з саюзьнiкамi (лiквiдацыя Камiнтэрну), але й велiзарны дэфiцыт камандзiрскiх кадраў, што ўтварыўся пасьля катастрафiчных няўдач пачатковага пэрыяду вайны. Амаль пры ўсiх навучальных вайсковых установах была арганiзаваная тэрмiновая перападрыхтоўка палiтработнiкаў на страявых камандзiраў. Зрэшты, перакаваць усiх учарашнiх камiсараў на страевiкоў ня мог нават сам Сталiн, пэўная частка iх была пакiнутая ў войску ў якасьцi намесьнiкаў па палiтчасьцi - у баявых умовах абсалютна недарэчных, яшчэ неяк цярпiмых у пяхоце, але зусiм абсурдных у iншых, спэцыяльных родах войска, дзе, апроч правядзеньня палiтiнфармацыi ды выпуску "баявых лiсткоў", патрэбныя яшчэ й спэцыяльныя веды, пра якiя нампалiты мелi даволi цьмянае ўяўленьне. Уся iх дзейнасьць на фронце вычэрпвалася прымiтыўнай агiтацыяй ды дубляжом камандзiрскiх рашэньняў, што, аднак, не перашкодзiла iм пасьля вайны прыпiсаць сабе галоўную заслугу ў дасягненьнi перамогi над "зьлейшым i каварным ворагам". На палавiне вайны ваяваць збольшага навучылiся; навучылiся таксама хiтраваць, вадзiць за нос начальства. Мабыць, без таго ды iншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомнiўся выпадак пры наступленьнi, калi мой гарматны разьлiк апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзiр батальёна капiтан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за iншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамi i сувязiстамi, ён кiраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалi суседзi. Камандзiр палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, i Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкi, бадзёра дакладваў: "Прасоўваюся пасьпяхова... Спрабую зачапiцца за паўночную ўскраiну... Ужо зачапiўся... Зьбiваю баявы заслон..." Ягоныя роты, мiж тым, спакойна ляжалi сабе наперадзе ў полi пад рэдкiм мiнамётным агнём зь сяла, i я думаў: як жа ён апраўдаецца, калi раптам сюды завiтае камандзiр палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаi камандзiра палка i не баяўся ягонага хуткага вiзыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунулiся суседнiя батальёны, i немцы пакiнулi паўночную ўскраiну вёскi, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзiра палка i бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзiр палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывiзiю, а адтуль дакладвалi ў корпус. Такi быў няпiсаны парадак, якi задавальняў усiх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна i разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага працiўнiка, трупамi ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносiнах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралi. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмiнаў (гадавiны Кастрычнiка, Дня Чырвонай Армii, дня нараджэньня таварыша Сталiна, iншых знамянальных датаў), i большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалi тыя, хто яе распрацоўваў. Значна меншая частка заставалася для непасрэдных выканаўцаў. Батальёну Андрэева перапала апошняя ноч, ды й тая занятая перадысьлякацыяй, i толькi за гадзiну да атакi камбат атрымаў магчымасьць зiрнуць на поле бою, дзе яму належала перамагчы цi памерцi. Ды яшчэ без падтрымкi танкаў, з хлiпкiм артылерыйскiм забесьпячэньнем. Ведама, такога роду авантуры не былi надта бясьпечныя. Хоць у баявых умовах шмат што можна было ўтаiць; тыя, каго трэба было баяцца, ня дужа iмкнулiся паяўляцца на перадавой. Але ў выпадку адводу ў тыл, у другi эшалён цi на перафармоўку, пра ўсё рабiлася вядома, утаiць што-колечы крамольнае практычна было немагчыма. Адразу ж у падразьдзяленьнях пачыналiся начныя кантакты з "кумам", упаўнаважаным асобага аддзелу (пасьля пераназванага ў контрразьведку "сьмерш"), у вынiку якiх камандаваньню рабiлася вядома пра ўсё, што адбывалася ў апошнiх баях, усе хiтраваньнi камандзiраў. Упаўнаважаныя "сьмерша" валодалi магутнай нябачнай уладай, ад iх прыхiльнасьцi залежалi лёс i службовая кар'ера камандзiраў. Тыя з камандзiраў, якiя ў свой час не асьцераглiся палону (хоць бы на колькi дзён) або акружэньня, зь якога вырвалiся са зброяй у руках, былi пад асаблiвым наглядам органаў. Звычайна яны вымушаныя былi паводзiць сябе нiжэй травы i цiшэй вады, ва ўсiм дагаджаючы ня толькi начальнiкам, але й сваiм падначаленым. Iначай была рэальная рызыка страцiць ня толькi пагоны, але й апынуцца ў штурмбаце, зь якога хiба што некаторыя выйшлi пасьля адбыцьця тэрмiну (адзiн месяц) цi пасьля раненьня. Другой катэгорыяй павышанай рызыкi былi афiцэры якраз iншага характару адкрытыя, сьмелыя ваякi, у вынiку чаго пры вольных размовах, асаблiва за чаркай, дазвалялi сабе нестандартныя выказваньнi пра даваеннае жыцьцё, нямецкую тактыку або пра НКВД. У хуткiм часе такi чалавек зьнiкаў назаўсёды. Немалую шкоду афiцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвiзам "Нi кроку назад". Улетку 1942 году, iмкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньнi далейшага адступленьня на ўсход, Сталiн усю строгасьць выкананьня гэтага iмпэратыву пераклаў на франтавых камандзiраў сярэдняга й нiжэйшага зьвяна, якiя адступалi, хiба што страцiўшы магчымыя сродкi да абароны. Шмат хто зь iх паплацiўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзiкае паляваньне на тых, хто адступiў без загаду. Iмi аказалiся, напрыклад, нейкi камандзiр палка, якому спазьнiлiся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзiр батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыi, а ранiцай трапiў пад разгромны ўдар нямецкай авiяцыi; малодшы лейтэнант, якi камандаваў мiнамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалi з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалi зьвестак аб колькасьцi расстраляных за суткi, за тыдзень i дэкаду, асобна па катэгорыях - старэйшых i малодшых афiцэраў, камунiстаў i беспартыйных, па сацпаходжаньнi i нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкi зьяўлялiся, апроч iншага, i падставай для ўзнагароджаньня афiцэраў карных органаў, шмат якiя за гады вайны i былi шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзi - героi нароўнi зь iншымi, несумненнымi героямi, i мала хто здагадваецца, якiм чынам заслужаныя iхныя ўзнагароды. Асаблiва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер мiфалягемай: прайшлi вайну "ад званка да званка". У "сьмершы" цi ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьцi не адну вайну... Вайсковыя газэты тае пары, малыя i большыя, зьяўлялiся адно сродкам палiтычнай прапаганды, разьлiчанай на самага масавага i прымiтыўнага чытача. Штодзённыя зводкi Iнфармбюро - вось адзiны элемэнт iхнай iнфармацыйнасьцi, у якiх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфiя баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей i падразьдзяленьняў. Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпiзоды баёў на ўзроўнi роты-батальёна, прапагандавыя выступленьнi штатных палiтработнiкаў у духу выхаваньня "навукi нянавiсьцi", прыдуманыя "клятвы" байцоў, "не шкадуючы жыцьця, бiць азьвярэлага ворага". Шырока прапагандавалася ахвярная героiка абароны i хоць бы невялiчкiя посьпехi наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалi захапiць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалi каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькi сёньня. У выпадку ўдачы прыводзiлiся заўжды яўна завышаныя лiчбы стратаў працiўнiка i падрабязны пералiк трафэяў: вiнтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак... Нашыя страты ўтойвалiся. Фатаграфiяў забiтых з нашага боку газэты не друкавалi да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забiтых савецкiх воiнаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пiсаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскi, вельмi нагадвала таго добрасардэчнага гультая, якi, назiраючы, як сякуць дровы, старанна "хакаў", наiўна думаючы, што тым памагае дрывасекам. Наступалi, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сiле, справiцца зь якой не маглi ўжо i немцы. Нямецкi генэрал i ваенны гiсторык Цiпельскiрх пiсаў, што, калi суадносiны сiлаў на фронце склалi 1:10 на карысьць рускiх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлi ня толькi людзкiя папаўненьнi, але i ўзбраеньне, тэхнiка, боепрыпасы. Вельмi дапамагалi саюзьнiкi, асаблiва ЗША, iх славутыя пастаўкi па ленд-лiзу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскiх аўтамабiляў "фордаў", "шэўрале", "студэбэкераў", "доджаў", "вiлiсаў". Нашмат горш было з прадуктамi харчаваньня, хлебам; нярэдка армii, i нават франты, харчавалiся ў лiтаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украiнскi i I Беларускi франты апынулiся бяз хлеба i змушаныя былi раскопваць у Сумскай вобласьцi няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць i з таго пячы хлеб, кармiць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кiшынёўскай апэрацыi харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацiкiлямэтровай прыфрантавой паласы былi выселеныя ўсе малдаўскiя сёлы, харчовыя запасы якiх рэквiзавалiся для двух Украiнскiх франтоў. Чыгуначны ды iншы транспарт на той час вазiў выключна боепрыпасы i зброю для будучых апэрацыяў. Вайна дарэшты разбурыла эканомiку эўрапейскай часткi СССР. Гарады ляжалi ў руiнах, калгасная сельская гаспадарка была зусiм дабiтая баявымi дзеяньнямi войска - сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым - на захад.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18
|
|