Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 5)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


      - Цябе б'юць?
      - Hе, нi разу не бiлi. Я толькi вось вельмi хацеў бы даведацца, што такое - вайна, бо школу ж я мусiў пакiнуць, перш чым мне тое растлумачылi. А Вы ведаеце, што такое вайна?
      - Ведаю.
      - Вы былi на вайне?
      - Быў.
      - А што Вы там рабiлi?
      - Мая спецыяльнасць была - выбухi, Гуга. Цi гэта табе што-небудзь гаворыць?
      - Ну, бачыў, як падрывалi каменяломнi за Дэнклiнгенам.
      - Якраз тое самае, Гуга, рабiў i я; адно што я падрываў не скалы, а дамы i цэрквы. Пра гэта я нiкому не расказваў, апроч маёй жонкi, але яна ўжо даўно памерла; таму цяпер нiхто пра гэта не ведае - нi мае бацькi, нi мае дзецi. Табе вядома, што я архiтэктар i, уласна, я быў бы павiнен будаваць дамы, але нiколi iх не будаваў, а толькi падрываў, i таксама цэрквы, якiя я яшчэ ў дзяцiнстве рысаваў на добрай рысавальнай паперы, бо я марыў будаваць iх, ды нiколi не будаваў. Калi мяне забралi ў войска, у маiх дакументах яны знайшлi звесткi, што я пiсаў сваю дыпломную працу па адной з праблем статыкi. Статыка, Гуга, - гэта навука, якая даследуе раўнавагу сiл, навука аб стане напружанняў i перамяшчэннi элементаў-носьбiтаў пад уздзеяннем пэўных сiл; не ведаючы статыкi, не пабудуеш нават негрыцянскай хацiны; а супрацьлегласць статыкi ёсць дынамiка, гэта назва нагадвае дынамiт, якi выкарыстоўваецца для падрываў i мае сёе-тое агульнае з iм. Усю вайну я меў дачыненне толькi з дынамiтам. Я трохi разбiраўся ў статыцы, Гуга, меў пэўнае ўяўленне пра дынамiку i добра разбiраўся ў дынамiце: "праглынуў" усе кнiгi, што закраналi гэтую тэму. Калi нешта хочаце падарваць, трэба толькi ведаць, куды памясцiць ладунак i якая павiнна быць сiла выбуху. Я ўсё гэта ведаў, Гуга, i гэтак вось падрываў: падрываў масты i шматпавярховыя гмахi, цэрквы i чыгуначныя вiядукi, раскошныя вiлы i скрыжаваннi шасэйных дарог; за гэта мяне ўзнагароджвалi ордэнамi i падвышалi ў званнi: з лейтэнанта на обер-лейтэнанта, з обер-лейтэнанта на гаўптмана; мне давалi таксама дадатковыя адпачынкi i выносiлi падзякi - бо я так добра ведаў, як трэба падрываць. А напрыканцы вайны я быў падначалены ў пэўнага генерала, у якога ў галаве сядзелi толькi два словы: сектар абстрэлу. Цi ведаеш ты, што такое - сектар абстрэлу? Hе?
      Фэмель падняў бiльярдны кiй вышэй ад пляча i пачаў цэлiць iм, нiбы карабiнам, у напрамку вежы сабора Святога Севярына.
      - Бачыш, - сказаў ён, - калi б я зараз захацеў абстраляць мост там, за Святым Севярынам, дык сабор знаходзiўся б у сектары абстрэлу i яго трэба было б падарваць - хутка, як найхутчэй, каб я мог пацэлiць у мост; i я скажу табе, Гуга, я падарваў бы гэты сабор, хоць i ведаў добра, што мой генерал вар'ят i што сектар абстрэлу - гэта таксама вар'яцтва; бо, разумееш, зверху не трэба мець нiякага сектара абстрэлу; зрэшты, кожны самы нават тупагаловы генерал павiнен быў ведаць, што пэўны час таму былi вынайдзеныя самалёты; ды мой генерал быў вар'ят i ўмеў толькi таўчы адно: "сектар абстрэлу" - i я забяспечваў яму гэты сектар абстрэлу; у мяне была добрая каманда: фiзiкi i архiтэктары, i мы падрывалi ўсё, што паўставала на нашым шляху; апошнi аб'ект быў асаблiва вялiкi; нешта такое агромнiстае i магутнае, цэлы комплекс вялiзных i вельмi салiдных будынкаў: царква, стайнi, манаскiя цэлi, адмiнiстрацыйны будынак, фальварак - цэлае абацтва, Гуга; яно апынулася якраз памiж дзвюма армiямi, нямецкай i амерыканскай, i я забяспечваў нямецкай армii сектар абстрэлу, якi ёй, уласна, не быў патрэбны; муры ўкленчвалi перада мною, у хвалях i кароўнiках раўло быдла, мнiхi праклiналi мяне, але нiшто не магло мяне стрымаць; я пусцiў у паветра цэлае абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, падарваў яго за тры днi перад канцом вайны. Узорна, заўсёды як трэба - ты ж ведаеш мяне, хлопча.
      Ён апусцiў кiй, якiм дагэтуль усё яшчэ цэлiў ва ўяўную мiшэнь, паклаў яго зноў на сагнуты палец i ўдарыў па бiльярдным шары; белае пакацiлася па зялёным, вострым зiгзагам адбiлася раз i другi ад чорных борцiкаў.
      Званы сабора Святога Севярына глуха выцiскалi з сябе час, але калi, калi прабiла адзiнаццатую?
      - Зiрнi, хлопча, што гэта за шум там, за дзвярыма?
      Ён яшчэ раз ударыў па шары: чырвонае пакацiлася па зялёным; вычакаўшы, пакуль шары спыняцца, адклаў кiй.
      - Гэр дырэктар просiць Вас прыняць нейкага гэра Нэтлiнгера.
      - Цi прыняў бы ты кагосьцi, хто носiць прозвiшча Нэтлiнгер?
      - Hе.
      - Пакажы мне, як выйсцi адсюль не праз тыя дзверы.
      - Вы можаце прайсцi цераз рэстаранную залу, пане доктар, i адтуль - на Модэстгасэ.
      - Да пабачэння, Гуга, да заўтра.
      - Да пабачэння, пане доктар.
      Балет кельнераў, балет гатэльных служак: яны збiралi на сталы да абеду, перасоўвалi, у дакладна вызначаным парадку, чайны столiк ад стала да другога, раскладвалi срэбранае начынне, мянялi вазончыкi з кветкамi, замест белых гваздзiкоў у высокiх вузкiх вазах - сцiплыя фiялкi ў круглых вазонах; забiралi са стала мармеладавыя сподачкi, ставiлi кiлiшкi пад вiно: нiзкiя пад чырвонае, высокiя - пад белае; з адным-адзiным выключэннем: малако для авечай пастыркi; у крышталёвым графiнчыку малако мела шараватае адценне.
      Фэмель лёгкай хадою прайшоў памiж радамi столiкаў, рассунуў фiялетавыя фiранкi i - апынуўся насупраць вежы сабора Святога Севярына.
      4
      Крокi Леаноры супакойвалi яго; яна асцярожна хадзiла па кабiнеце, адчыняючы шафы, падымаючы вечкi скрыняў, развязваючы шнуркi на пасылках, разгортваючы эскiзы; яна толькi зрэдку адрывала яго ад думак, падыходзячы да акна - толькi калi на якiм-небудзь дакуменце не стаяла дата альбо эскiз не быў падпiсаны. Стары Фэмель любiў парадак i нiколi не падтрымлiваў яго. Леанора зробiць гэта за яго; на падлозе вялiкага кабiнета яна раскладвала ў стосы дакументы i эскiзы, лiсты i рахункi, упарадкаваныя па гадах; i сёння, як i пяцьдзесят год таму, падлога дрыжала ад грукату друкарскiх машын; тысяча дзевяцьсот сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты - па ўкладзеных Леанораю стосах ужо было вiдаць, што яны з цягам гадоў стагоддзя большаюць: тысяча дзевяцьсот дзевяты быў вышэйшы за тысяча дзевяцьсот восьмы, дзесяты вышэйшы за дзевяты. Леанора выведзе крывую яго працы: яна прывучаная да дакладнасцi.
      - Слухаю? - сказаў ён. - Вы можаце перашкаджаць мне, калi захочаце, маё дзiцятка. Гэта? Гэта - лякарня ў Вайдэнхамеры; я пабудаваў яе ў 1924 годзе: у вераснi яе адчынiлi.
      Леанора напiсала сваiм добра чытэльным почыркам на палях эскiза: "1924.09".
      Зусiм тонкiя стосiкi ўтварылi ваенныя гады, з чатырнаццатага па васемнаццаты: тры, чатыры эскiзы: лецiшча для генерала, паляўнiчая хатка для бургамiстра, каплiца пад апекаю Святога Себасцьяна - для брацтва стралкоў; адпускныя паперы, ганарары, выплачаныя такiмi каштоўнымi адпускнымi днямi; каб магчы пабыць з сваiмi дзецьмi, ён бы задарма будаваў генералам замкi.
      - Hе, Леанора. Гэта было ў трыццаць пятым годзе. Кляштар францысканак. Сучасны стыль? Вядома, сучасныя гмахi я таксама будаваў.
      Фрамуга вялiкага акна ў кабiнеце заўсёды здавалася яму рамаю, якую запаўнялi кожны раз iншыя вобразы; мянялiся колеры неба, дрэвы на падворках шарэлi, чарнелi, зелянелi; цвiлi, адцвiталi кветкi на тэрасах, што на дахах дамоў. На гэтых бляшаных дахах дзецi бавiлiся, рабiлiся дарослымi, станавiлiся бацькамi, а iх бацькi - дзядулямi i бабулямi; толькi профiль лiнiй дахаў заставаўся нязменны, заставаўся мост, заставалiся горы, што ў ясныя днi вiднелiся на даляглядзе - аж пакуль другая сусветная вайна не змянiла профiль лiнiй дахаў, не зрабiла ў ёй пярэрваў, у якiх вiдзён быў серабрысты ў пагодныя днi i шэры - у пахмурныя Рэйн, а таксама перасоўны мост у Старым Порце; пярэрвы былi даўно ўжо зноў запоўненыя, дзецi бавiлiся на бляшаных дахах, на процiлеглым баку вулiцы на Кiльбавай тэрасе з падручнiкамi ў руцэ хадзiла туды i сюды яго ўнучка - гэтаксама як пяцьдзесят год назад там хадзiла туды i сюды ягоная жонка... цi гэта, можа, не Ёганна чытала там у сонечныя днi, па абедзе, "Падступнасць i каханне"?
      Зазванiў тэлефон; як гэта прыемна, што Леанора падняла слухаўку, што яе голас адказаў незнаёмаму чалавеку на другiм канцы дроту:
      - Гэта з кавярнi Кронэра? Я спытаюся ў пана радцы.
      - Колькi асоб я чакаю ўвечары? На вечары ў гонар дня нараджэння? Мусiць, досыць будзе пальцаў аднае рукi, каб палiчыць усiх?.. Два ўнукi, сын, я i - Вы. Леанора, Вы зробiце мне такую ласку? Значыць, пяць асоб. Хапiла пальцаў аднае рукi.
      - Hе, шампанскага не трэба. Усё, як дамаўлялiся. Дзякуй, Леанора.
      Пэўна, яна ўважае мяне за вар'ята; але калi я вар'ят, значыць, я быў iм заўсёды; я ўсё мог прадбачыць, ведаў дакладна, чаго я хачу, - i ведаў, што я дасягну таго; толькi аднаго я нiколi не ведаў, не ведаю дагэтуль: дзеля чаго я гэта рабiў? Дзеля грошай, дзеля славы альбо толькi дзеля прыемнасцi самому сабе? Да чаго я iмкнуўся, калi тады, ранкам у пятнiцу 6 верасня 1907 года, пяцьдзесят год таму, выходзiў вунь там, з будынка вакзала? Я перадвызначыў свае ўчынкi, рухi, дакладны распарадак дня, ад той самай хвiлi, калi зрабiў першы крок у гэтым горадзе; я стварыў складаную харэаграфiчную кампазiцыю, у якой збiраўся быць i салiстам, i балетмайстрам у адной асобе; статыстаў i дэкарацыi я меў задарма.
      У мяне было толькi дзесяць хвiлiн, перад тым як зрабiць першае па: усяго толькi каб прайсцi цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль "Прынц Генрых", перайсцi Модэстгасэ i пераступiць парог у кавярнi Кронэра. Я паявiўся ў гэтым горадзе ў дзень, калi мне споўнiлася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая ранiца. Рамiзнiцкiя клячы пiльнавалi сваiх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях гатэля "Прынц Генрых" валачылi валiзы ўслед за гасцямi на вакзал; падымалiся салiдныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы, прадаўцы газет; уланы - цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамi гатэля; ротмiстр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукi арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.
      Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кiшэнi план горада, я разгарнуў яго i пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, якi я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалi сабор i чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранiшняй iмгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялiзны цень, што падаў ад яе, прымусiў мяне задрыжаць; я зноў апусцiў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру i кабiнет, заплацiўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 - памiж Святым Севярынам i Мадэставай брамай; гэта, мусiць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзiла на другi бок вулiцы. Ён меў адзiн кiламетр радыуса - паўкруг, што я накрэслiў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збiраўся ажанiцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькi, што яна - з сям'i патрыцыяў, пра якiх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскiм палку i вярнуўся з нянавiсцю ў сэрцы, з нянавiсцю да коней i афiцэраў; да гэтай нянавiсцi я ставiўся з павагай, хоць i не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калi я сам зрабiўся афiцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае ранiцы, пяцьдзесят адзiн год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвiшча Бродэм альбо Кузэнiус, Кiльб альбо Фэрфэ; ёй павiнна было споўнiцца дзевятнаццаць, i якраз цяпер, менавiта цяпер яна вярталася з ранiшняе iмшы дадому; пакiнуўшы малiтоўнiк у пярэднiм пакоi, яна заходзiла да бацькi якраз у адпаведную хвiлю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб - перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калiдор i сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпiвала фiлiжанку кавы; "Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!" - i яна чытала мацеры пра днi чарговых баляў. Цi дазволяць ёй пайсцi на ўнiверсiтэцкi баль? Дазволяць.
      Самае позняе пад час унiверсiтэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажанiцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзiць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзецi будуць жанiцца, выходзiць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; i, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваiх унукаў, бачыў сябе васьмiдзесяцiгадовым патрыярхам, што верхаводзiць запачаткаваным сабою родам, - святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя i залатыя вяселлi, хрысцiны; немаўляты, якiх кладуць у мае старэчыя рукi, праўнукi, я буду любiць iх, як i маiх маладых i прыгожых нявестак, якiх буду запрашаць на сняданнi, якiм буду дарыць кветкi i цукеркi, адэкалоны i карцiны; я ведаў пра ўсё гэта, калi стаяў там, i быў гатовы выйсцi на танец.
      Я паглядзеў услед служку, якi вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якiм ляжалi мая бялiзна i мае эскiзы; а таксама скураны чамаданчык з паперамi, дакументы i грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацiгадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнiкаў, у бюро сярэдненькiх архiтэктараў; я рысаваў, праектаваў i будаваў рабочыя пасёлкi, прамысловыя будынкi, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзiбы, пералапачваў каштарысы, прабiваўся праз напышлiвыя моўныя звароты ў асобных пунктах - а драўляны паркет у рызнiцы павiнен быць выкананы з найлепшай, без адзiнага сучка, драўнiны; на выраб лiштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.
      Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго цi з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынiкаў не з адной радасцi; былi ў iм кпiны, здзек - можа, нават зласлiвасць; але я нiколi не ведаў, колькi чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкiя лаўкi, на якiх сядзеў на занятках вячэрнiх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасцi лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здавалiся мне гэткiмi ж пратухлымi, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццацi трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, i яны мяне спакушалi; басанож я шмыгаў па калiдорах з застаялым пахам, каб прымаць i аддаваць пяшчоту - i тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадвалiся вада з лавандаю i распушчаныя валасы; а ў жахлiвых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць, гучалi суровыя словы: "нягоднiк", "гонар", "цнатлiвасць", i там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлiвасцi дачок, а ў тварах матак, на якiх было напiсана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднiкам: шлюбу нiводнай не абяцаў i не хацеў правесцi сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць.
      Па вяртаннi з вячэрнiх курсаў я працягваў рысаваць, лiчыць i рысаваць ад паловы на дзевятую да дванаццатай, маляваць анёлаў i дрэвы, аблогi хмар i цэрквы, каплiцы - у гатычным, раманскiм, барочным, бiдэрмаераўскiм стылi, у стылi ракако - i, калi ласка, у сучасным стылi таксама: доўгавалосыя жанкi, чые адухоўленыя твары луналi над дзвярамi дамоў, а распушчаныя валасы ападалi з абодвух бакоў увахода, нiбы заслоны; дакладна над сярэдзiнай дзвярэй быў строгi прабор; калi ласка: у тыя запоўненыя працай гадзiны гаспадарскiя дочкi, знуджаныя без кахання, прыносiлi мне слабую гарбату альбо слабы лiманад, правакавалi мяне да любошчаў, якiя iм здавалiся смелымi; а я рысаваў далей, перш за ўсё дэталi, бо ведаў, што яны - хто былi гэтыя "яны"? - найлягчэй давалi сябе падкупiць дэталямi: клямкамi, дэкаратыўнымi кратамi, божымi авечкамi, пелiканамi, якарамi i крыжамi, па якiх з шыпеннем, звiваючыся, паўзлi ўгору - i не маглi ўзпаўзцi вышэй змеi.
      Захавалася таксама ў маёй памяцi хiтрасць, якую занадта часта ўжываў мой апошнi шэф Домгрэве: у найважнейшай хвiлi ён нiбы знарок выпускаў з рук ружанец; калi пад час агледзiн месца набожныя сяляне горда паказвалi ўчастак, што быў вызначаны iм пад будоўлю царквы, калi поўныя прастадушнай цноты члены ўправы царкоўнай абшчыны абвяшчалi пра намер пабудаваць новую святыню - трэба было разам з дробнымi грашыма, гадзiннiкам альбо цыгарэтавымi абцужкамi выцягнуць з кiшэнi ружанец, даць яму ўпасцi, а потым са збянтэжаным выглядам падняць з зямлi; гэта нiколi не магло рассмяшыць мяне.
      - Hе, Леанора. Вялiкае "А" на папках, скрутках з планамi i каштарысах не абазначае "атрымана". Гэта значыць "Антонi": абацтва Святога Антонiя.
      Цiха ступаючы па падлозе, яна рабiла сваiмi далiкатнымi рукамi парадак, якi стары Фэмель заўсёды любiў, але нiколi не ўмеў падтрымлiваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.
      Калi я вар'ят, дык я iм быў ужо тады, калi там, на вакзальнай плошчы, правяраў, цi ёсць у кiшэнях дробныя грошы, маленькi нататнiк, зялёны футаральчык з алоўкамi, цi добра завязаны мой аксамiтны гальштук; калi я абмацваў брылi свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно i другое крысо пiнжака ў маiм гарнiтуры - адзiнай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькi Марзiля, настаўнiка, якi памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагiльны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацiгадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбiваў у галовы сялянскiм дзецям патройнае правiла, дзе вечарамi ў сутоннi рабiў праходкi па сцежках уздоўж багнiстага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, вiно i пра славу, якую яму павiнны былi здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжылiся два гады, аж пакуль паток крывi не залiў iх i не панёс да цёмных берагоў; засталiся па iм вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнiтур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты i на зялёнай фiранцы ў школьным класе крывавая пляма, якую не здолела вывесцi жонка ягонага настаўнiка; песня, якую праспявалi дзiцячыя вусны над магiлаю галоднага настаўнiка: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?"
      Я зноў азiрнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вiсеў над бiлетнаю касай, каб яго маглi лепш разгледзець навабранцы: "Тым, хто служыць у войску, раiм набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Густава Егера, бялiзну з натуральнай тканiны "Палас", запатэнтаваную ва ўсiх цывiлiзаваных краiнах, i арыгiнальную рэфармаваную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Лямана". Надышоў час пачынаць свой танец.
      Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкi, прамiнуў гатэль "Прынц Генрых" i Модэстгасэ i на хвiлю завагаўся, перш чым пераступiць парог кавярнi Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалi мне маё аблiчча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе памiж равiнам i акторам-цыганам - чорнавалосы i апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасцi на твары; я зноў засмяяўся i адчынiў дзверы; афiцыянты якраз пачыналi расстаўляць на сталах вазоны з белымi гваздзiкамi; яны папраўлялi карткi з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах, чорных жылетах, белых кашулях з белымi гальштукамi; дзве маладыя дзяўчыны, адна бландзiнка з ружовым тварам, другая - цёмнавалосая i бледная, раскладалi ў буфеце печыва, бiсквiты, падпраўлялi крэмавыя фiгуркi, адчышчалi да бляску срэбраныя лапаткi для пiрожных. Гасцей не было, а чысцiня панавала, як у лякарнi перад вiзiтам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкiмi крокамi, нiбы салiст; статысты i дэкарацыi чакалi мяне; гэта была дрэсiроўка, прытым дасканалая, i мне падабалася тое, як тры кельнеры iшлi да столiка, робячы строга акрэсленыя рухi: сальнiчка, вазон, лёгкiм жэстам папраўленая картка, якая вiдавочна павiнна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальнiцы; папяльнiчка, снежна-белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны; гэта быў сапраўдны горад, нi ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзiлася тырчаць, нiчога такога не было.
      Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кiнуў на крэсла капялюш, побач з iм - нататнiк i футаральчык з алоўкамi; потым сеў; кельнеры мiж тым вярталiся з кухнi, бясшумна падпiхваючы перад сабою чайныя столiкi, пачалi расстаўляць бутэлечкi з прыправамi, прычапляць газетатрымальнiкi; я разгарнуў свой нататнiк, перачытаў - якi ўжо раз? - газетную выразку, наклееную на франтыспiсе вокладкi: "Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i Гёрлiнгер-Штуль, на адлегласцi прыкладна 2 км ад сяла Кiслiнген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архiтэктар, якi адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кiльба; Модэстгасэ, 8. Апошнi тэрмiн надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзiна дня".
      Я пералазiў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, памiж прызмамi навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмiнаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якiх рабiлiся дзвярныя i аконныя каробкi; на калашыны маiх штаноў паналiпалi камякi гразi, на жылеце былi плямы вапны; тут, на будоўлi, раз-пораз чулiся моцныя слоўцы; цi камянi для мазаiкi, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкi, усё яшчэ нiяк не прывезлi? Выбух гневу, сварка; крэдыты былi спыненыя, а потым зноў пачалi паступаць; майстры стаялi ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкi, выдавалiся грошы за пятнiцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кiслiнгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягнiка, валiўся ў мяккае крэсла; цягнiк валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскiх бурачных палёў, праваднiк сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: "Дэнклiнген", "Додрынген", "Кольбiнген", "Шаклiнген"; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нiбы горы чалавечых чарапоў, ляжалi на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; i далей цягнулiся i цягнулiся бурачныя палi; на вакзале я валiўся ў каламажку, а дома - у абдымкi жонкi, якая цалавала мяне i пяшчотна праводзiла пальцамi па маiх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалi мае рукавы; я пiў каву; паклаўшы галаву ёй на каленi, курыў доўгачаканую цыгару - шэсцьдзесят пфенiгаў штука - i апавядаў ёй пра муляраў ды iх моцныя слоўцы; з iмi трэба было толькi блiжэй пазнаёмiцца, яны не былi злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзiцца з iмi; час ад часу iм трэба было паставiць скрыню пiва, расказаць iм на дыялекце адну-другую показку; i толькi нiколi не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногi цэлую скрыню раствору - гэтак, як яны падстроiлi, калi прыехаў упаўнаважаны па будаўнiцтве ад архiбiскупа; альбо скiнуць з высокага рыштавання бэльку - так, як яны ўчынiлi пад час вiзiту ўрадавага прадстаўнiка: агромнiстая бэлька разляцелася на кавалкi перад самымi яго нагамi. "Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад iх, а не яны ад мяне; цяпер, калi гэтулькi ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму iм не быць такiмi? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрмiны; калi я з камiсiямi падымаюся на рыштаваннi, досыць аднаго разу падмiргнуць iм - i дзiвосы робяцца".
      - Дзень добры пану. Вам снеданне?
      - Калi ласка, - адказаў я i адмоўна затрос галавой, калi кельнер падсунуў мне блiжэй картку з меню; я падняў угору аловак i гучна вымавiў усе па чарзе пункты майго заказу - так, нiбы я ўсё сваё жыццё нiяк iначай не снедаў: - Кубак кавы, але, калi ласка, не менш як тры фiлiжанкi, падсмажаны хлеб, два кавалкi жытняга, масла, апельсiнавы мармелад, варанае яйка i сыр з папрыкаю.
      - Сыр з папрыкаю?
      - Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.
      - Вельмi добра.
      Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымi абрусамi сталы - i прагучала першая рэплiка: статысты былi добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.
      - Сыр з папрыкаю? - спытаў кухар з-за акенца.
      - Менавiта, - адказаў кельнер, - смятанкавы сыр.
      - Спытай у гэтага пана, колькi папрыкi яму трэба да сыру?
      Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.
      - Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?
      - Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi - добра перамяшаць... i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады - вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.
      - Слухаю пана.
      Гэта было тое, чаго я дамагаўся, - i спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйснялiся гэтак дакладна i нiколi не адбывалася нiчога непрадбачанага; праз два днi я ўжо быў "пан, якi есць сыр з папрыкаю", праз тыдзень - "той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзiць снедаць", а праз тры тыднi - "пан Фэмель, малады архiтэктар, якi працуе над вялiкiм праектам".
      - Так, так, дзiцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонiя; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора, - дзесяцiгоддзi, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонiя адно зойме цэлую палiцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзiў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.
      У рамах з пераменнымi малюнкамi вiдаць блакiтнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профiль лiнii дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялiкiя кубкi з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнулiся на сонцы; вакзал, што вiруе адпачынкоўцамi - можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажлiва, яна з'ехала, адклаўшы ўбок "Падступнасць i каханне"? Ён асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, нiколi яго надта не дапякалi нi спёка, нi сцюжа; паблiзу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ iмчалi на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў - i той, найвышэйшы ваявода, таксама; i нахiл ягонай галавы па-ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры столiку кавярнi Кронэра, калi кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усмiхаючыся, рысаваў цокаль, на якiм яшчэ не было помнiка; я заўсёды быў такi ўпэўнены ў будучынi, што сучаснасць здавалася мне закончанай мiнуўшчынай - было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярнi цi ўжо трохтысячнае? Дзень пры днi ў кавярнi Кронэра а дзевятай пры снеданнi; толькi адно магло перашкодзiць у гэтым - вышэйшая ўлада: калi мой найвышэйшы ваявода паклiкаў мяне пад свае баявыя харугвы - гэты прыдурак, што ўсё яшчэ iмчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Цi еў я гэтую своеасаблiвую чырвона-белую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыццi, бо прыдумаў яе толькi за гадзiну перад тым, у хуткiм цягнiку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада, - каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; цi я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калi кельнер забiраў са стала кiлiшак для яйка i адсоўваў сподачак з мармеладам?
      Увага! Я выцягнуў з кiшэнi пiнжака адзiны надзейны прыбор, якi дазваляў мне беспамылкова разбiрацца ў гэткiх нечаканых i дакладных мроях: кiшэнны каляндарык, абавязкам якога было ў iлжэкраiне фантазii нагадваць мне пра месца, дзёнь i час; а тады была пятнiца, 6 верасня 1907 года, i тое снеданне было маiм першым тут; да таго дня я нiколi не снедаў з сапраўднай каваю пiў толькi каву са збожжа; нiколi не еў яйка - а толькi аўсяную кашу, просты хлеб з маслам i кавалачак свежага гурка; але мiф, якi я хацеў стварыць, нарадзiўся ўжо ў хвiлi, калi кельнер перапытаў: "Сыр з папрыкаю?"; гэты мiф быў адразу зразуметы i пачаў шырыцца там, дзе я хацеў: сярод шырокай публiкi. Мне ўжо больш нiчога не трэба было рабiць, толькi чакаць, сядзець там да дзесятай, да паловы на адзiнаццатую, пакуль кавярня павольна запаўнялася людзьмi; выпiць бутэльку мiнеральнай вады, да яе - кiлiшак каньяку; сядзець з нататнiкам на каленях, з цыгараю ў роце, з алоўкам у руцэ; рысаваць, рысаваць - а тым часам банкiры ў кампанii паважных клiентаў праходзiлi паўз мяне ў канферэнц-залу, кельнеры неслi за iмi ўслед на зялёных падносах бутэлькi з вiном; заходзiлi слугi царквы з замежнымi калегамi, якiх яны вадзiлi па саборы Святога Севярына, услаўляючы на ламанай лацiне, на ламанай ангельскай альбо iтальянскай пякноты горада; чыноўнiкi з урадавай канцылярыi пацвярджалi свой высокi ранг тым, што могуць дазволiць сабе выпiць тут днём, каля паловы адзiнаццатай, фiлiжанку чорнай кавы i кiлiшак вiшнёўкi; жанчыны, што вярталiся з гароднiннага базару з плеценымi скуранымi торбамi, поўнымi капусты, морквы, гарошку i слiў, iмкнулiся давесцi ўсiм яшчэ раз, што яны выхаваныя на добрых гаспадыняў, бо здолелi вытаргаваць у стомленых сялянак свае пакупкi за танна: яны праглыналi тут пiрожныя, выпiвалi каву, выдаткоўваючы на гэта ў сто разоў болей, чым вытаргавалi; размахваючы лыжачкамi, нiбы шаблямi, яны абуралiся ротмiстрам, якi - "на службе, але ж, на службе!" - зрабiў паветраны пацалунак пэўнай какотцы, што стаяла на балконе - той, з якой - "гэта бачылi, бачылi!" - ён развiтаўся толькi а палове шостай ранiцы, выйшаўшы з гатэля праз падвазныя дзверы. Ротмiстр ды праз падвазныя дзверы! Ганьба!
      Я разглядаў iх, сваiх статыстаў, i прыслухоўваўся да iхнiх слоў; я рысаваў шэрагi крэслаў, шэрагi столiкаў i кельнерскi балет; без дваццацi адзiнаццаць я запатрабаваў рахунак; сума была меншая, чым я думаў; я вырашыў паказаць сябе "шчодрым, але ў меру" - пра гэта я недзе вычытаў i падумаў сабе, што гэта добрая формула. Я адчуваў стому, калi выходзiў з кавярнi, i мяне праводзiлi паклонамi кельнер i служкi; я ўзнагародзiў кельнеравы вусны, ад якiх пачаў iснаваць мой мiф, дадатковымi пяццюдзесяццю пфенiгамi "на чай"; а тыя ўсе вывучалi мяне з ног да галавы, калi я пакiдаў кавярню; яны не падазравалi, што я салiст: стройнаю хадою, эластычнымi крокамi я iшоў памiж тых шэрагаў столiкаў i крэслаў, паказваў iм сваю асобу такою, якою яны хацелi мяне бачыць: мастаком у вялiкiм чорным капелюшы, чалавекам малога росту, зграбным, якому на выгляд не дасi больш за дваццаць пяць, з неакрэсленым адбiткам вясковасцi на твары, але ўпэўненым у сабе. Яшчэ дзесяць пфенiгаў хлопцу, якi адчынiў перада мною дзверы.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19