Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение (стр. 4)
Автор: Бёлль Генрих
Жанр:

 

 


      Яна выглядала так, быццам пiла на сняданак чыстую жоўць; была апранутая ў залацiстую сукенку, насiла залацiстыя чаравiкi, залацiстую шапачку i муфту з iльвiнае шкуры. Яе выгляд выклiкаў агiду, а некаторыя госцi з забабонамi нават закрывалi твар рукою, калi яна з'яўлялася. Пакаёўкi кiдалi працу праз яе, кельнеры не хацелi яе абслугоўваць, але ён, Гуга, калi ёй удавалася яго злавiць, мусiў гадзiнамi гуляць з ёю ў карты; пальцы ў яе былi нiбы курыныя кiпцi; па-людску выглядала толькi цыгарэта ў яе вуснах. "Каханне, мой хлопча... я нiколi не спазнала, што гэта такое; не было нiводнага чалавека, якi здолеў бы не выказаць сваёй агiды перада мною; мая мацi праклiнала мяне сем разоў на дзень, выкрыквала мне сваю агiду проста ў твар; у мяне была прыгожая i маладая мацi, малады i прыгожы быў бацька, былi мае браты i сёстры; яны б атруцiлi мяне, каб толькi здолелi набрацца смеласцi на гэта; яны называлi мяне: Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца - мы жылi высока, у жоўтай вiле пад сталеплавiльняю; увечары тысячы рабочых выходзiлi з заводскай брамы, iх чакалi з усмешкамi дзяўчаты i жанкi; смеючыся, яны iшлi ўнiз па гразкай вулiцы; я ж бачу, чую, маю адчуваннi нюху, дотыку, як усе астатнiя людзi, умею пiсаць, чытаць, лiчыць i адрознiваць на смак - ты першы чалавек, якi вытрымлiвае побач са мною больш як паўгадзiны, чуеш ты, першы!"
      Следам за ёй цягнуўся страх, подых няшчасця; яна кiнула ключ ад нумара на прылавак, крыкнула служку, што стаяў там замест Ёхэна: "Гуга, дзе гэта Гуга?"; i калi хлопец пацiснуў плячыма, яна рушыла да дзвярэй-круцёлкi; прыдзвернiк, што адчынiў iх перад ёю, апусцiў вочы долу, а яна, апынуўшыся на вулiцы, адразу насунула на твар вэлюм.
      "У гатэлi я яго не нашу, - казала яна Гугу, - няхай тут нешта ўбачаць за свае грошы, няхай глядзяць мне ў твар за мае грошы; але тыя, што на вулiцы, яны гэтага не заслужылi".
      - Я прынёс каньяк, пане доктар.
      - Дзякуй табе, Гуга.
      Гуга любiў гэтага чалавека; доктар Фэмель прыходзiў шторанiцы а палове дзесятай i вызваляў яго да адзiнаццацi, надаваў яму адчуванне вечнасцi; хiба не было так заўсёды, хiба не стаяў ён ужо стагоддзi пры гэтых лакiравана-белых дзвярах, заклаўшы рукi за спiну, назiраючы за цiхай гульнёй, слухаючы аповяд, якi пераносiў яго на шэсцьдесят год назад, потым на дваццаць уперад, зноў на дзесяць назад, а пасля раптоўна перакiдалi яго ў рэчаiснасць таго лiстка календара, што вiсеў на сцяне? Белае на зялёным, чырвонае на зялёным, бела-чырвонае на зялёным, i заўсёды ў прасторы, абмежаванай борцiкамi, усяго на гэтых двух квадратных метрах зялёнага сукна; яно было чыстае, сухое, дакладнае, памiж паловай на дзесятую i адзiнаццаццю; два, тры разы сысцi ўнiз па вялiкi кiлiшак каньяку; час не быў тут анiякай велiчынёю, з якой можна было б што-небудзь прачытаць; ён усмоктваўся гэтай прастакутнай зялёнай прамакаткай; дарэмна бiлi гадзiннiкi, дарэмна рухалiся стрэлкi, бессэнсоўна намагаючыся ўцячы адна ад адной; усё спынялася, пакiдалася на месцы, калi прыходзiў Фэмель - якраз у той час, калi было найболей працы: старыя госцi ад'язджаюць, прыязджаюць новыя; ён мусiў стаяць тут, аж пакуль гадзiннiк на вежы сабора Святога Севярына не праб'е адзiнаццатую? Прасторы, пазбаўленыя паветра; гадзiннiкi, пазбаўленыя часу; ён апускаўся тут на дно акiянаў; рэчаiснасць сюды не даходзiла, прыцiскалася звонку, нiбы да шкла акварыума цi да вiтрыны крамы; яна губляла свае вымярэннi, захоўваючы толькi адно-адзiнае: была плоская, быццам выразаная з аркуша дзiцячых выцiнанак, яны ўсе мелi часовае ўбранне, як тыя выразаныя папяровыя лялькi; яны бездапаможна бiлiся аб сцены, што былi таўсцейшыя за цэлыя стагоддзi са шкла; удалечынi быў цень сабора Святога Севярына, яшчэ далей - вакзал i нерэальныя цягнiкi: "хутк." i "пас.", "прыг." i "баг."; чамаданы везлiся да пагранiчных станцый; рэальныя былi толькi тры бiльярдныя шары, што каталiся па зялёнай прамакатцы, утвараючы штораз новую фiгуру: Фэмель ударам кiя ствараў бясконцасць, што ўтрымлiвалася ў тысячах формул на двух квадратных метрах, а голас ягоны губляўся ў часе.
      - Цi будзеце расказваць далей, пане доктар?
      - Хочаш слухаць?
      - Хачу.
      Фэмель усмiхнуўся, адпiў каньяку з кiлiшка, запалiў новую цыгарэту, узяў у руку кiй i ўдарыў па чырвоным шары: чырвонае i белае пакацiлiся па зялёным.
      - Праз тыдзень пасля гэтага, Гуга...
      - ... Пасля чаго?
      Фэмель усмiхнуўся зноў.
      - ...Пасля той гульнi 14 лiпеня 1935 года, якую хлопцы ўвекавечылi ў тынку над бляшанай шафкаю, праз тыдзень пасля той гульнi я быў рады, што Шрэла напомнiў мне дарогу, што вяла да Трышлеравага дома. Я стаяў на балюстрадзе старой вагоўнi, у Нiжнiм Порце; адтуль як на далонi была вiдаць уся дарога, што бегла памiж шупак з дровамi i вугалем, спускалася да крамы будматэрыялаў, а адтуль iшла да порта, абгароджанага ржавым жалезным бар'ерам; тут былi цяпер адно што карабельныя могiлкi. Апошнi раз я быў там за сем гадоў да таго, але гэтых гадоў магло быць i пяцьдзесят; калi мы разам з Шрэлам хадзiлi ў госцi да Трышлера, мне было трынаццаць; доўгiя ланцугi баржаў кiдалi ўвечары якар каля падножжа схiлу; жонкi шкiпераў з кошыкамi для пакупак сыходзiлi па хiсткiх кладках на бераг; у жанчын былi свежыя твары, а ў позiрках - упэўненасць; мужчыны, занудзiўшыся без пiва i газет, сыходзiлi на бераг услед за жанкамi; Трышлерава мацi ўсхвалявана пераглядала свае тавары: капусту, памiдоры, серабрыстую цыбулю, што ў пучках вiсела на сцяне; а на дварэ аўчар даваў кароткiя i рэзкiя каманды сабакам, каб яны жвавей заганялi авечак у загарадку; на другiм баку - гэта значыць тут, Гуга, - свяцiлiся газавыя лiхтарнi, жаўтлявае святло запаўняла белыя шары, якiя ланцугом цягнулiся на поўнач у бясконцасць; Трышлераў бацька запальваў свяцiльнi ў карчме, а Шрэлаў бацька з ручнiком пад пахаю прайшоў у глыб двара, у шынок для грузчыкаў, дзе мы, хлопцы - Трышлер, Шрэла i я, разбiвалi на дробныя кавалкi камлыгi лёду i абкладвалi гэтымi кавалкамi скрынi з пiвам.
      Цяпер жа, Гуга, праз сем год, у гэты дзень 21 лiпеня 1935 года, на ўсiх парканах злузвалася фарба, i я заўважыў, што каля вугальных сховiшчаў Мiхаэлiса абноўленая была толькi брама; за парканам гiбелi зваленыя ў груду брыкеты; я раз-пораз аглядаў усе звiлiны дарогi, каб пераканацца, што за мною нiхто не сочыць; я быў змораны, адчуваў, як пякуча балелi раны на спiне, як пульсаваў гэты боль; дзесяць хвiлiн на дарозе нiхто не паяўляўся; я глядзеў на вузкую рухомую палоску чыстай вады, што злучала Нiжнi Порт з Верхнiм: нiводнай лодкi не было вiдно; я паглядзеў на неба: самалётаў там не было, i я падумаў: ты, здаецца, надаеш сабе занадта вялiкае значэнне, калi мяркуеш, што яны вышлюць самалёты, каб цябе шукаць.
      Я зрабiў тое, Гуга: я пайшоў разам са Шрэлам у маленькую кавярню Цона на вулiцы Буасэрэ, дзе збiралiся авечкi; я паўшэптам сказаў гаспадару пароль "Пасвi авечак маiх" i прыняў прысягу - гледзячы проста ў вочы маладой дзяўчыне, якую звалi Эдыт, - што нiколi ў жыццi не пакаштую бычынага прычасця; пасля ў цёмным пакойчыку ад чорнага ўвахода я сказаў прамову, поўную цьмяных выразаў, гучанне якiх не наводзiла на думку пра авечак: гэтыя словы мелi прысмак крывi, бунту i помсты, помсты за Фэрдзi Прогульске, якому яны адсеклi галаву ранiцай таго дня; тыя, што сядзелi вакол стала i слухалi мяне, выглядалi так, нiбы гэта iм адсеклi галовы; яны спалохалiся i зразумелi цяпер, што дзiцячая сур'ёзнасць не менш сур'ёзная, чым дарослая; у iх вачах былi страх i ўпэўненасць, што Фэрдзi ўжо сапраўды няма сярод жывых: яму было семнаццаць год, ён займаўся бегам на сто метраў, быў вучнем сталяра; я толькi чатыры разы бачыў яго - i не забуду яго да скону: два разы ў Цонавай кавярнi i два разы ў нас дома; Фэрдзi прабраўся ў кватэру Бена Вакса i, калi той выходзiў са спальнi, кiнуў яму пад ногi бомбу; у Бена Вакса былi толькi апёкi ступняў ног; у калiдоры разляцелася на кавалкi вялiкае люстра, пахла спаленым чорным порахам; дурнота, што вынiкала з дзiцячае шляхетнасцi... чуеш, Гуга, ты праўда чуеш, што я кажу?
      - Чую.
      - Я чытаў Гёльдэрлiна: "Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае...", a Фэрдзi чытаў толькi Карла Мая, i было падобна на тое, што мы абодва прапаведавалi адну i тую шляхетнасць; ён адпакутаваў за сваю дурноту пад катавай сякерай - на досвiтку, калi царкоўныя званы клiкалi на ютрань, у пякарнях хлопчыкi-разносчыкi булак пералiчвалi iх, кладучы ў свае торбы, калi тут, у гатэлi "Прынц Генрых" падавалi сняданак першым гасцям, калi шчабяталi птушкi, дзяўчаты-малочнiцы ў пантофлях на гумовых падэшвах заходзiлi ў цiхiя пад'езды дамоў, каб паставiць бутэлькi з малаком на чыстыя какосавыя ходнiкi, ганцы на матацыклах iмчалiся па горадзе, ад слупа да слупа, наклейваючы паведамленнi ў чырвонай рамцы: "Пакаранне смерцю! Вучань Фердынанд Прогульске", - i гэтыя афiшкi чыталi тыя, хто рана ўстае: трамвайшчыкi, вучнi i настаўнiкi - усе тыя, хто ўранку, паклаўшы сняданак у сумку альбо кiшэнь, спяшалiся да трамваяў, не паспеўшы яшчэ разгарнуць мясцовую газету, дзе вялiкiмi лiтарамi было набрана: "Навука ўсiм iншым", i я прачытаў гэта, Гуга, якраз тады, калi вось тут, на рагу вулiцы, чакаў "сямёрку".
      Голас Фэрдзi ў тэлефоннай трубцы (калi гэта было, учора цi пазаўчора?): "Ну, дык прыйдзеш, як дамаўлялiся, у Цонаву кавярню?" Хвiля маўчання. "Прыйдзеш цi не?" - "Прыйду".
      Эндэрс паспрабаваў быў яшчэ зацягнуць мяне за рукаў у вагон, але я вырваўся, пачакаў, пакуль трамвай заверне за рог вулiцы, i пабег на супрацьлеглы прыпынак, з якога яшчэ сёння адпраўляецца шаснаццаты; праз цiхiя прадмесцi я паехаў да Рэйна, потым мы аддалялiся ад яго, аж пакуль трамвай не звярнуў на пятлю памiж баракамi i кар'ерамi, дзе бяруць жвiр. Каб зiма, холад, дажджы, зацягнутае хмарамi неба - тады б гэта было не так невыносна, думаў я, але тут, дзе я гадзiнамi блукаў сярод маленькiх гародчыкаў, глядзеў на абрыкосы i гарошак, памiдоры i капусту, дзе чуў звон пiўных пляшак, званочак прадаўца марожанага, што стаяў на скрыжаваннi вулiц i накладаў ванiльнае марожанае ў крохкiя вафельныя вядзерцы... Яны не могуць рабiць гэтага, думаў я, не могуць есцi марожанае, пiць пiва, абмацваць рукой абрыкосы, калi Фэрдзi... Недзе апоўднi я пакрышыў свой хлеб маркотным курам, што выкрэслiвалi няўмелыя геаметрычныя фiгуры ў пыле i памёце на двары гандляра старызнаю; аднекуль з акна данёсся жаночы голас: "Гэтага хлопца яны... Ты чытаў?", а мужчынскi голас адказаў: "Да д'ябла, сцiхнi! Я ж ведаю..." Я выкiнуў рэшткi хлеба курам i пабег далей; заблудзiўся сярод грэбляў i артэзiянскiх крынiц, потым зноў апынуўся на нейкiм канцавым прыпынку, праехаў цераз незнаёмыя мне прадмесцi, вылез з трамвая, вывернуў кiшэнi сваiх штаноў: на пыльную дарогу пасыпаўся чорны порах, я пабег далей, зноў праз грэблi, двары, памiж сховаў, фабрык, гародчыкаў, хат, каля кiнатэатра, дзе касiрка якраз падымала акенца касы. Трэцяя гадзiна? Якраз трэцяя. Пяцьдзесят пфенiгаў. На тым сеансе я быў адзiны глядач; спёка пасялiлася на бляшаным даху; каханне, кроў, ашуканы каханак выцягвае нож; я заснуў i прачнуўся толькi, калi месцы ў зале займалi гаманлiвыя гледачы сеанса на шэсць гадзiн; хiстаючыся, я выйшаў на двор. Дзе ж гэта падзеўся мой партфель з кнiжкамi? Цi я забыў яго ў кiно? Цi каля кар'ера са жвiрам, дзе я доўга сядзеў, гледзячы на грузавiкi, з якiх сцякала кроплямi вада; а можа, там, дзе я крышыў хлеб маркотным курам? Голас Фэрдзi ў тэлефоннай трубцы - цi гэта было ўчора, цi пазаўчора? "Ну, дык прыйдзеш, як дамаўлялiся, у Цонаву кавярню?" Хвiля маўчання. "Прыйдзеш цi не?" "Прыйду".
      Спатканне з чалавекам з адсечанай галавой. Дурнота, якая мне ўжо дорага абышлася, бо цана была занадта высокая; Нэтлiнгер чакаў мяне перад Цонавай кавярняй; яны зацягнулi мяне ў Вiльгельмаў роў, бiлi пугай з калючага дроту, паслужлiвыя нарогi аралi маё цела; праз iржавыя краты ў акне я бачыў адхон пагорка, на якiм я гуляў дзiцёнкам; мячык увесь час скочваўся ўнiз, я падбiраў яго; калi я трывожна паглядаў на ржавыя краты, мне здавалася, што за бруднымi шыбамi тоiцца нядобрае; Нэтлiнгер ударыў зноў.
      У камеры я паспрабаваў сцягнуць з сябе кашулю, але яна была гэтаксама парваная на шматкi, як i мая скура; яны пашчаплялiся памiж сабою, i калi я цягнуў кашулю за каўнер альбо за рукаў, мне здавалася, што я праз галаву сцягваю з сябе скуру.
      Кепскiя былi хвiлi, падобныя да той, калi я, стомлены, стаяў на балюстрадзе вагоўнi, мая гордасць за тое, што пацярпеў ад ворагаў, была слабейшая за боль; мая галава ўпала на парэнчы, губамi я дакранаўся да ржавага прэнта, i горыч знiшчанага надвор'ем жалеза здавалася мне прыемнаю на смак; яшчэ адну хвiлiну хады да Трышлеравага дома, i я даведаюся, цi яны мяне там чакаюць; я спалохаўся: рабочы з бiдонам пад пахай iшоў угору па вулiцы, потым знiк у дзвярах крамы будаўнiчых матэрыялаў. Спускаючыся сходамi, я так моцна абшчаперваў парэнчы, што ад iх вялiкiмi кавалкамi адвальвалася ржа.
      Вясёлы рытм молатаў, якi я чуў тут сем гадоў таму, аддаваўся цяпер адно змораным рэхам у груканнi малатка на пантоне, дзе пажылы мужчына разбiраў паром; закруткi-гайкi з глухiм стукам падалi ў картонную скрынку, дошкi ўдаралiся аб зямлю так, што было адразу чуваць, наколькi яны паспелi згнiць; а пажылы мужчына абстукваў рухавiк, слухаў яго вуркатанне, як бiццё сэрца найдаражэйшай iстоты, нахiляўся нiзка над брухам парома, выцягваў наверх паасобныя часткi: шрубкi, закруткi, насадкi, цылiндры; разглядаў iх пры святле, нюхаў iх, перш чым кiнуць у скрынку з гайкамi; за паромам стаяла старая лябёдка, на ёй вiселi рэшткi сталёвага троса, разлезлага, як збуцвелая панчоха.
      Успамiны пра людзей i падзеi заўсёды звязвалiся з успамiнамi пра рух, адбiтак якога замацаваўся ў маёй памяцi. Калi я, перавесiўшыся праз парэнчы балюстрады, падымаў i апускаў галаву, падымаў i зноў апускаў яе, назiраючы за вулiцай, - успамiн пра гэты рух абуджаў у маёй свядомасцi словы i колеры, вобразы i настроi. Hе тое, як выглядаў Фэрдзi, а тое, як ён падпальваў запалку, як лёгка ўскiдваў галаву, кажучы "але, але" - "не, не"; зморшчыны на Шрэлавым iлбе, яго пацiсканнi плячыма, бацькава хада, матчыны жэсты, рух бабулiнай далонi, калi яна адкiдала пасму валасоў з iлба, - а той стары чалавек, там, унiзе, што якраз ачышчаў вялiкую шрубу ад гнiлых рэшткаў дрэва, то быў Трышлераў бацька; гэтая рука рабiла рухi, якiя магла зрабiць толькi гэтая рука: я прыглядаўся да яе, калi яна адчыняла скрынi i зноў забiвала iх цвiкамi; кантрабандны тавар, што схаваны ў цёмных вантробах судна, вандраваў цераз мяжу: ром i разынкi, цыгарэты i шакалад; у шынку для грузчыкаў на прыстанi гэтая рука рабiла рухi, якiя яна адна магла зрабiць; стары падняў галаву, падмiргнуў мне i сказаў: "Але ж тая, уверсе, дарога, сынку, нiкуды не вядзе".
      - Яна вядзе да Вашага дома, - адказаў я.
      - Той, хто хоча прыйсцi да мяне, з'яўляецца з боку вады, нават палiцыя; i мой сын прыплывае сюды на лодцы, але рэдка, вельмi рэдка.
      - Цi палiцыя ўжо там?
      - Чаму ты пытаешся, сынку?
      - Бо яны мяне шукаюць.
      - Што-небудзь спёр?
      - Hе, - адказаў я. - Толькi i ўсяго, што я адмовiўся частавацца бычыным прычасцем.
      Судны, падумаў я, судны, цёмныя ўнутры, з капiтанамi, спрактыкаванымi ў адшукваннi мытнiкаў; мне не спатрэбiцца многа месца - не больш як скатанаму дывану; схаваны ў скатаным парусе я хачу пераплысцi мяжу.
      - Хадзi сюды ўнiз, - сказаў Трышлер. - Там уверсе цябе могуць убачыць з другога берага.
      Я павярнуўся да яго спiнай i пачаў паволi ссоўвацца долу, трымаючыся за купкi травы.
      - Ах, гэта ты, - сказаў стары. - Ты... я ведаю цябе, але прозвiшча твайго не памятаю.
      - Фэмель, - адказаў я.
      - Ну вядома ж, цябе шукаюць; пра гэта казалi ў ранiшнiх навiнах, i я павiнен быў адразу здагадацца, калi яны перадавалi апiсанне тваёй знешнасцi: чырвоны шнар на пераноссi; гэта здарылася тады, калi мы пад час паводкi перапраўлялiся на той бераг i ўрэзалiся ў апору моста, бо я не разлiчыў хуткасцi плынi; ты выцяўся галавою аб жалезны кант на лодцы.
      - Вось акурат пасля гэтага мне не дазвалялi прыходзiць сюды.
      - Але ж ты прыходзiў.
      - Ужо нядоўга - потым мы пасварылiся з Алоiсам.
      - Хадзем, але прыгiнайся, калi мы будзем iсцi пад перасоўным мостам, бо наб'еш сабе гузак, i табе не дазволяць прыходзiць сюды. Як табе ўдалося ўцячы ад iх?
      - Нэтлiнгер на досвiтку прыйшоў у маю каморку i вывеў мяне да чорнага ўвахода - туды, дзе пачынаюцца падземныя пераходы, што вядуць да чыгуначнага насыпу поблiзу Вiльгельмавага рова. Ён сказаў мне: "Змывайся - але я магу табе даць толькi адну гадзiну форы: праз гадзiну я павiнен буду паведамiць у палiцыю; я пятляў па ўсiм горадзе, перш чым прыйшоў сюды да цябе".
      - Так-так, - сказаў стары. - Значыць, вы збiралiся кiдаць бомбы! Збiралiся рабiць змовы i... учора я ўжо аднаго перапраўляў за мяжу.
      - Учора? - спытаўся я. - Каго ж гэта?
      - Шрэлу, - адказаў ён. - Ён хаваўся тут, i я ледзьве яго ўгаварыў адплысцi на "Ганне-Катарыне".
      - Гэта ж Алоiс заўсёды марыў быць штурманам на "Ганне-Катарыне"!
      - ...I зрабiўся iм. А цяпер - пайшлi.
      Спатыкаючыся, я iшоў за Трышлерам да яго дома, уздоўж пахiленага набярэжнага мура каля падножжа ўзгорка; я падымаўся i падаў зноў, падымаўся, i пры гэтых рэзкiх рухах кашуля то адрывалася ад скуры, то зноў прыляплялася да яе; ад няспыннага болю я амаль знепрытомнеў; у гэтым стане рухi, колеры, пахi з тысячаў успамiнаў перапляталiся, накладвалiся адно на адно; боль выцясняў размаiтыя таемныя знакi зменных колераў, зменных накiрункаў, зменных нахiлаў.
      Паводка, думалася мне, паводка: мяне заўсёды цягнула кiнуцца ў ваду каб яна панесла мяне да шэрых даляглядаў.
      У паўсонных лятунках мяне доўга турбавала пытанне, цi можна ў збане схаваць пугу з калючага дроту; у маiх успамiнах рухi ператваралiся ў лiнii, якiя складвалiся ў фiгуры: зялёныя, чорныя, чырвоныя фiгуры былi падобныя да кардыяграм, у якiх адлюстроўваюцца жыццёвыя рытмы пэўнага чалавека; рэзкi рух, якiм Алоiс Трышлер выцягваў вудачку з вады, калi мы лавiлi рыбу ў Старым Порце; рух, якiм ён закiдваў леску з прынадай; яго рука, што плыве ў паветры, паказваючы хуткасць плынi; зялёным па шэрым дакладна вымаляваная рука; тое, як Нэтлiнгер падымаў руку, каб шпурнуць мячык Шрэле ў твар; дрыжанне ягоных вуснаў, раздзiманне ноздраў; ён ператвараўся ў шэрую постаць, што сваёй формай нагадвала павучыны след; нiбыта з дапамогай тэлеграфаў, якiя я не здолеў прывязаць да пэўнага месца, у маёй памяцi адбiвалiся вобразы: Эдыт увечары пасля той гульнi, калi я пайшоў да Шрэлы; твар Эдыт пада мною на траве, у Блесэнфэльдскiм парку; калi мы ляжалi там, яе твар быў вiльготны ад летняга дажджу; на яе светлых валасах блiшчэлi кропелькi вады, сцякалi па яе брывах: вяночак серабрыстых кропляў, што падымаўся i апускаўся ў рытме яе дыхання; гэты вяночак зафiксаваўся ў маёй памяцi як шкiлет марской жывёлiны, знойдзены на ржавым пляжным пяску i памножаны да незлiчоных хмарак аднолькавай велiчынi; лiнiя яе рота, калi яна сказала мне: "Яны цябе заб'юць". Эдыт.
      У тых лятунках дратаваў мяне згублены школьны партфель - я ж заўсёды быў такi прыкладны, - я выхапiў з-пад дзюбы худой курыцы свой зялёна-шэры том Авiдзiя; я таргаваўся з касiркаю ў кiнатэатры за верш Гёльдэрлiна, якi яна вырвала з майго падручнiка па лiтаратуры, бо верш надта ёй спадабаўся: "Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае".
      Фраў Трышлер прынесла вячэру: малако, яйка, хлеб, яблык; яе рукi зрабiлiся маладымi, калi яна прамывала раны на маёй спiне вiном; боль выбухаў полымем, калi яна выцiскала губку, а вiно сцякала па баразёнках ран; потым яна палiвала iх алеем, i я спытаў: "Адкуль Вы ведаеце, як гэта трэба лячыць?"
      - Як гэта робiцца, ты можаш прачытаць у Бiблii, - адказала яна, - i я ўжо гэтаксама лячыла твайго дружбака Шрэлу! Алоiс вернецца паслязаўтра, а ў нядзелю адправiцца з Рурорта на Ротэрдам! Табе не трэба баяцца, - дадала яна, - яны ўсё зробяць як мае быць, бо пачуваюць сябе на рацэ як на гэтай вулiцы. Яшчэ крыху малака, хлопча?
      - Hе, дзякую.
      - Hе хвалюйся. У панядзелак альбо ў аўторак ты будзеш у Ротэрдаме. Што здарылася, што з табою?
      Нiчога. Нiчога. Усё яшчэ перадавалi паведамленнi, што шукаецца: чырвоны шнар на пераноссi... Бацька, мацi, Эдыт - я не хацеў вылiчваць дыферэнцыялы пяшчотнасцi, не хацеў надакучваць болю модламi; вясёла выглядала рака i белыя прагулачныя параходы з каляровымi сцяжкамi; вясёла выглядалi таксама фрахтавыя судны - чырвоныя, зялёныя i блакiтныя, - што перавозiлi вугаль i драўнiну адсюль туды i адтуль сюды; на другiм беразе зялёная алея, снежна-белая тэраса кавярнi "Бэльвю", а яшчэ далей за iмi вежа сабора Святога Севярына, ярка-чырвоная пасма святла каля гатэля "Прынц Генрых", за сто крокаў ад дома маiх бацькоў; там усе якраз вячэралi, мелi грандыёзную iмпрэзу, якой, нiбы патрыярх, кiраваў бацька; субота, якую святкавалi як шабас; цi чырвонае вiно не занадта ахалоджанае, а белае - не занадта цёплае?
      - Яшчэ не хочаш малака, хлопча?
      - Hе, дзякуй, фраў Трышлер, напраўду не хачу.
      Ганцы на матацыклах iмчалi па горадзе з плакатамi ў чырвонай рамцы, ад слупа да слупа: "Пакаранне смерцю! Вучань Роберт Фэмель..." Бацька малiўся перад вячэраю: "...Ён адпакутаваў за нас", мацi пакорлiва накрэслiла ў паветры перад сабою крыж i сказала потым: "Свет благi, так мала чыстых сэрцаў у iм", а Отавы боты ўсё яшчэ выбiвалi рытм: "брат-брат" на зямлi, на плiтках тратуара, па вулiцы ўнiз - да Мадэставай брамы. Гэта "Штыльтэ" загучала сiрэнай на рацэ, высокiя гукi прарывалi вечаровае неба, белымi маланкамi рабiлi барозны ў цёмным блакiце. Я ляжаў ужо на парусным палатне, як чалавек, якi сканаў у адкрытым моры i чыё цела павiнна быць яму аддадзена; Алоiс падымаў ужо край палатна, каб укруцiць мяне ў яго; мне быў вiдзён выразны, вытканы белым па шэрым, надпiс "Морыен. Эймёйдэн". Фраў Трышлер схiлiлася нада мной, заплакала, пацалавала мяне, а Алоiс пачаў павольна скручваць палатно, як быццам мой труп быў асаблiва каштоўны; ён ускiнуў мяне сабе на плячо. "Сынку, - крыкнуў стары, - сынку, не забывайся на нас!"
      Вячэрнi брыз; яшчэ раз загула сiрэна "Штыльтэ" з лёгкiм напамiнам, у загарадцы бэкалi авечкi, марожаншчык крычаў: "Марожанае! Марожанае!"; потым змоўк: напэўна якраз клаў ванiльнае марозiва ў крохкiя вафлi. Памост, па якiм нёс мяне Алоiс, лёгка прагiнаўся пад маiмi нагамi; нечы цiхi голас спытаўся: "Гэта ён?" I Алоiс таксама цiха адказаў: "Ён". На развiтанне ён шапнуў мне: "Думай пра тое, што вечарам у аўторак будзеш у Ротэрдаме". Мяне неслi iншыя рукi, па сходах унiз; там пахла машынным маслам, вугалем, пасля - драўнiнай; здалёк чуўся спеў сiрэны, "Штыльтэ" здрыганулася, глухое вуркатанне рухавiка пачало мацнець, i я адчуў, што мы плывём, плывём унiз па Рэйне, усё далей i далей ад вежы Святога Севярына.
      Цень ад сабора Святога Севярына падпоўз блiжэй, запоўнiў ужо левае акно бiльярднага пакоя, закрануў правае; час, якi сонца гнала перад сабою, наблiжаўся, нiбы пагроза, запаўняў вялiкi гадзiннiк, якi неўзабаве мусiць выпрастацца ад яго, выдаўшы з сябе жахлiвыя гукi; белыя на зялёным, чырвоныя на зялёным кацiлiся шары; гады, рассечаныя напалову, гады, узваленыя адзiн на адзiн - i секунды, секунды, што падаюцца спакойным голасам, нiбы вечнасцi; каб толькi не трэба было зараз бегчы зноў па каньяк, не сустракацца з календаром, з гадзiннiкам, з авечай прапаведнiцай, з Гэткiм-што-не-павiнна-было-нарадзiцца; каб толькi яшчэ раз пачуць наказ: "Пасвi авечак маiх", пачуць пра жанчыну, што ляжала ў траве пад летнiм дажджом; баркасы на якарах, жанчыны, што iшлi па кладках, i мячык, якi ўдарыў Роберт - Роберт, якi нiколi не каштаваў бычынага прычасця, якi моўчкi гуляў далей, выбiваючы сваiм кiем на тых двух квадратных метрах усё новыя i новыя фiгуры.
      - А ты, Гуга, - спытаў ён прыцiшана, - цi ты не хочаш мне сёння нiчога расказаць?
      - Hе ведаю, колькi часу гэта доўжылася, але мне здаецца, што цэлую вечнасць: пасля ўрокаў у школе мяне заўсёды бiлi. Часам я заставаўся чакаць, пакуль не ўпэўнiваўся, што ўсе яны пайшлi палуднаваць, а жанчына, што прыходзiць прыбiраць у школе, сустракала мяне ўнiзе ў калiдоры i пыталася: "Што ты тут яшчэ робiш, хлопчык? Мацi дома, напэўна, чакае цябе".
      Але мне было боязна, i я чакаў, пакуль гэтая жанчына пойдзе i зачынiць мяне на замок у школе; гэта мне ўдавалася не заўсёды, бо часцей за ўсё яна выганяла мяне, перш чым зачынiць школу, але, калi ў мяне атрымлiвалася застацца сядзець зачыненым, я быў рады: ежу я знаходзiў у партах i ў выварках для адкiдаў, якiя прыбiральшчыца выстаўляла ўнiзе ў вестыбюлi для машын, што вывозяць смецце: удосталь бутэрбродаў, яблыкаў, рэшткi бiсквiтаў. Вось так я заставаўся ў школе адзiн, i нiхто мне нiчога не мог зрабiць. Сагнуўшыся, я сядзеў у настаўнiцкiм гардэробе, за дзвярыма, што вялi ў падвал, бо баяўся, што яны могуць зазiрнуць у акно i ўбачыць мяне; але прайшло нямала часу, пакуль яны дапетрылi, што я хаваюся ў школе. Нярэдка я сядзеў там гадзiнамi, да самага вечара, калi я мог спакойна адчынiць акно i вылезцi на вулiцу. Я глядзеў доўга на апусцелы школьны двор: цi можна знайсцi што-небудзь больш бязлюднае, чым гэткi школьны двор надвячоркам? Гэта была цудоўная часiна, пакуль яны скемiлi, што я застаюся сядзець зачынены ў школе. Я сядзеў, сагнуўшыся, у настаўнiцкiм гардэробе альбо пад самым акном i чакаў чагосьцi, што мне было вядома толькi як слова: нянавiсцi. Я так хацеў бы ненавiдзець iх, але я не ўмеў гэтага, пане доктар. Я адчуваў толькi страх. Былi днi, калi я чакаў толькi да трэцяй альбо чацвёртай гадзiны, думаў, што яны ўжо ўсе пайшлi i я здолею хутка перабегчы цераз вулiцу, каля Майдавай стайнi, i паўз могiлкi даляцець да свайго дома, каб замкнуцца ў iм. Але яны падмянялi адзiн аднаго, хадзiлi палуднаваць па чарзе - бо адмовiцца ад ежы, гэтага яны не маглi, - i калi яны беглi да мяне, я ўжо здалёк унюхваў, што яны елi на абед: бульбу з падлiўкай, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi; i калi яны мяне лупцавалi, я ўсё думаў: у iмя чаго сканаў Хрыстос, якая мне карысць ад яго смерцi, якая мне карысць ад таго, што яны кожнае ранiцы чытаюць малiтву, штонядзелi прымаюць прычасце, i ад таго, што ў iх на кухнях вiсяць распяццi - над тымi сталамi, за якiмi яны ядуць сваю бульбу з падлiўкаю, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi? Нiякай карысцi. Што мне з усяго гэтага, калi яны кожны дзень падпiльноўваюць мяне i збiваюць на горкi яблык? Пяцьсот цi шэсцьсот год ужо - яны нават ганарылiся, што ў iх такi старажытны сабор, - можа, нават тысячу год яны хавалi сваiх продкаў на могiлках, тысячу год малiлiся i елi пад распяццем бульбу з падлiўкай i скваркi з зелянiнай. Дзеля чаго? I цi ведаеце, што яны выкрыквалi, калi лупцавалi мяне? - "Авечка божая". Гэта была мая мянушка.
      Чырвоныя на зялёным, белыя на зялёным - новыя фiгуры паўставалi, нiбы знакi, i хутка знiкалi: нiчога ад iх не заставалася; музыка без мелодыi, жывапiс без вобразу, шары звiнелi, адскокваючы ад чорнага борцiка.
      - Пазней я паспрабаваў iншы спосаб: зачынiў на ключ дзверы ў доме, заставiў iх мэбляю, усiм, што папалася пад руку: скрынямi, розным хломаздам, матрацамi; тады яны выклiкалi палiцыю, i палiцыянты прыйшлi, каб вывесцi вучня-гультая; яны атачылi дом, крычалi: "Гэй ты, вiсус! Выходзь!"; але я не выйшаў; тады яны ўзламалi дзверы, адсунулi мэблю i выцягнулi мяне, завялi ў школу - я зноў быў адлупцаваны, кiнуты ў прыдарожную канаву, абазваны "авечкай божай". Ён сказаў: "Пасвi авечак маiх"; але яны не пасвiлi яго авечак, калi гэта ўвогуле былi яго авечкi. Усё марна, пане доктар: марна дзьме вецер, марна падае снег, марна квiтнеюць дрэвы i ападае лiсце - яны ядуць сваю бульбу з падлiўкай альбо свае скваркi з зелянiнай.
      Часам нават мая мацi была дома, п'яная i брудная, пахнучы смерцю, трупнымi выпарэннямi; яна крычала: "навошта-навошта-навошта-навошта"; выкрыквала гэта часцей, чым усялякiя "злiтуйся з нас" ва ўсiх магчымых модлах; я трацiў розум, калi яна гэтак цэлымi гадзiнамi крычала: навошта-навошта-навошта-навошта; i я ўцякаў з дому, бег па дажджы, галодны, да ботаў, да ўсяго цела прыляплялася глiна; я ўвесь быў аблеплены мокраю глiнаю; я хаваўся на бурачных градках, але ахвотней ляжаў у суглiнкавых барознах: хай лепш на мяне лiецца дождж - адно каб не чуць таго жахлiвага "навошта-навошта"; i здаралася, што часам хтосьцi меў лiтасць да мяне, адводзiў мяне дахаты, у школу, у тую багадзельню, што называлася Дэнклiнген; i яны зноў лупцавалi мяне, абзывалi "авечкай божай", а мацi зноў мармытала сваю бясконцую жахлiвую малiтву: "навошта-навошта-навошта-навошта"; i я зноў уцякаў, i зноў да мяне мелi лiтасць, але гэтым разам мяне завялi ў прытулак. Там мяне нiхто не ведаў - нiхто з дзяцей i нiхто з дарослых, - ды не прайшло i двух дзён, там, у прытулку, як яны таксама пачалi называць мяне авечкай божай - i я спужаўся, хоць яны мяне не бiлi: яны толькi смяялiся з мяне, бо я не ведаў гэтулькi слоў; я не ведаў слова "снедаць", я ведаў толькi "есцi" - у любы час дня, калi толькi было што есцi альбо я што-небудзь знаходзiў; але калi я прачытаў на дошцы: "Снеданне: 30 г масла, 200 г хлеба, 50 г мармеладу, кава з малаком", - я спытаўся ў аднаго хлопца: "Што гэта значыць, "снеданне"?" I ўсе яны абступiлi мяне, дарослыя прыйшлi таксама; яны смяялiся i пыталi: "Снеданне, хiба ты не ведаеш, што гэта такое, хiба ты нi разу не снедаў?" "Hе", - адказаў я. Тады нехта з дарослых спытаўся: "А ў Бiблii хiба ты нiколi не сустракаў слова "снеданне"?" А яшчэ адзiн дарослы спытаў у таго першага: "А Вы ўпэўненыя, што ў Бiблii можна сустрэць слова "снеданне"?" "Hе, - адказаў першы, - але дзесьцi, у нейкай чытанцы цi дома, павiнен жа ён быў пачуць слова "снеданне", яму ж хутка будзе трынаццаць; гэта ж горш, як у дзiкуноў; можна цяпер уявiць сабе ступень заняпаду яго мовы". Я не ведаў таксама пра тое, што нядаўна была вайна, i яны пыталiся ў мяне, цi я таксама нiколi не бываў на могiлках, дзе на надмагiльных камянях было напiсана "Паў смерцю...", i я адказаў iм, што, вядома, бачыў гэткiя надпiсы; а калi яны спыталiся, як я гэта разумею, я сказаў, што я ўяўляю гэта так: тыя, што там пахаваныя, упалi, бо былi мёртвыя; тады яны пачалi смяяцца яшчэ больш, чым тады, калi пыталiся ў мяне пра слова "снеданне", а потым вучылi нас гiсторыi ад найстаражытнейшага часу; але хутка мне споўнiлася чатырнаццаць, пане доктар, i ў наш прытулак прыйшоў дырэктар гатэля; мы, чатырнаццацiгадовыя хлопчыкi, мусiлi выстраiцца ў шарэнгу перад кабiнетам кiраўнiка нашага прытулку; ён выйшаў адтуль разам з дырэктарам гатэля. Яны абодва прайшлiся перад намi, заглядваючы кожнаму ў вочы i кажучы адно i тое ж: "Да службы; мы падбiраем хлапцоў, прыдатных да службы"; але выбралi яны аднаго мяне. Я мусiў зараз жа ўпакаваць у кардонную каробку свае рэчы i адправiцца разам з дырэктарам сюды; у машыне ён сказаў мне: "Спадзяюся, што ты нiколi не даведаешся, чаго сапраўды варты твой твар. Ты ж сапраўдная "авечка божая", a я пачаў баяцца, пане доктар, i дагэтуль усё яшчэ баюся, чакаючы ўвесь час, што яны будуць мяне лупцаваць".

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19