Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 3)
Автор:
|
Бёлль Генрих |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(545 Кб)
- Скачать в формате fb2
(231 Кб)
- Скачать в формате doc
(235 Кб)
- Скачать в формате txt
(229 Кб)
- Скачать в формате html
(232 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|
|
Але я павiнен быў ведаць, што ты ёсць свiння. Колькi тыдняў у маiм пакоi наверсе я вучыў цябе, як незаўважна браць "на чай": купюры i манеты; гэта трэба ўмець: непрыкметна браць грошы, бо грашы "на чай" - гэта душа нашай прафесii. Я займаўся з табою, i гэта была дурная праца - каб цябе навучыць сяму-таму, але ты захацеў надурыць мяне пры гэтым: пераконваў мяне, што ў нас былi для трэнiровак тры аднамаркавыя манеты, але ж iх было чатыры; на адну ты хацеў мяне ашукаць. Ты заўсёды быў такая вось свiння, ты нiколi не ведаў, што iснуюць рэчы накшталт: "Гэтак не робiцца"; i цяпер ты робiш нешта такое, што не робiцца. Мiж тым ты навучыўся браць "на чай", i, напэўна, не раз то былi трыццаць срэбранiкаў. - Вяртайцеся зараз жа на сваё рабочае месца, Кульгамэ, я займуся гэтай справай. Дайце дарогу, я Вас папярэджваю... Толькi цераз мой труп; а ўжо ж без дзесяцi адзiнаццатая, а праз дзесяць хвiлiн ён усё адно сыдзе сюды па сходах. Вам варта было толькi трошкi падумаць, i нiкому не быў бы патрэбны гэты тэатр; але нават у гэтыя дзесяць хвiлiн - толькi цераз мой труп! Вам нiколi не было вядома, што такое гонар, бо вы не ведалi, што такое адсутнасць гонару. Вось стаю перад Вамi я, Ёхэн, гатэльны фактотум, прадажны, з ног да галавы абцяжараны заганнымi ведамi; але толькi цераз мой труп вы пройдзеце ў бiльярдны пакой. 3 Фэмель даўно ўжо не гуляў па правiлах, не хацеў рабiць серый, збiраць ачкi; бiў па шары, часам цiхенька, часам рэзка i моцна; калi глядзець збоку, дык без мэты i сэнсу; кожны раз, калi шар стукаўся аб два iншыя, для яго з зялёнага Нiчога ўтваралася новая геаметрычная фiгура; зоркавае неба, дзе рухомыя былi толькi мала якiя кропкi; шляхi камет, белае на зялёным, чырвонае на зялёным; сляды праблiсквалi i адразу ж патухалi; лёгкiя шолахi вызначалi рытм фiгур, што паўставалi: пяць, шэсць разоў, калi шар пасля ўдару дакранаўся да борцiкаў цi да iншых шароў; толькi паасобныя гукi вылучалiся сваёй вышынёю сярод манатоннасцi, крывыя лiнii былi прывязаныя да вуглоў, падпарадкоўвалiся законам геаметрыi i фiзiкi; энергiя штуршка, якую ён праз кiй перадаваў шару, i крыху энергii трэння; усё можна было памераць. Гэта замацоўвалася ў мазгах; iмпульсы, што давалi ператварыць сябе ў фiгуры; нiякага пастаяннага кшталту, а толькi мiмалётнае; гэта ўсё знiкала, калi шар кацiўся; часцяком ён гуляў цэлыя паўгадзiны адным шарам: белым на зялёным фоне, толькi адна-аднюткая зорка на небасхiле; лёгка, цiха, музыка без мелодый, жывапiс без карцiны, толькi цень колеру, адна формула. Хлопец з бледным тварам стаяў на варце каля дзвярэй, абапёршыся аб лакiравана-белую фрамугу: рукi, закладзеныя за спiну, нага - за нагу, у фiялетавай форме абслугi гатэля "Прынц Генрых". - Нешта, пане доктар, вы сёння мне нiчога не расказваеце. Фэмель падняў галаву, адклаў кiй убок, узяў цыгарэту, запалiў, потым выглянуў на вулiцу, над якой распасцёр свой цень сабор Святога Севярына. Практыканты, грузавiкi, манашкi - вулiчны рух; шэрае восеньскае святло, адбiваючыся ад фiялетавых аксамiтных фiранак, рабiлася амаль срэбраным; прыпозненыя госцi снедалi, аздобленыя велюравымi фiранкамi; пры гэткiм асвятленнi нават яйкi, вараныя ўсмятку, выглядалi як нешта заганнае, а пачцiвыя твары хатнiх гаспадынь, калi на iх падала гэтае святло, здавалiся распуснымi; кельнеры ў фраках з вачыма, поўнымi разумення, былi падобныя да Вельзевулаў, пасланцаў самога Асмадэя; а гэта ж былi звычайныя члены прафсаюзаў, якiя захоплена чыталi пасля працы перадавiцы сваёй прафсаюзнай газеты; тут можна было падумаць, што яны хаваюць свае капыты пад умела сканструяванымi артапедычнымi апаратамi; хiба з iх белых, жоўтых i чырвоных iлбоў не павырасталi зграбныя рожкi? Здавалася, што i цукар у пазалочаных цукроўнiцах - гэта не цукар; пераўтварэннi адбывалiся тут: вiно было ўжо не вiно, хлеб - ужо не хлеб, усё пад уплывам святла рабiлася складнiкам таемных заганаў; тут рабiлася святое дзейства, а iмя божышча не дазвалялася вымаўляць уголас, яго можна было толькi згадваць у думках. - Што ж табе, хлопча, расказаць? Яго ўспамiны нiколi не лучылiся са словамi i вобразамi, а толькi з пэўнымi рухамi. Бацька - гэта была яго хада, гарэзлiвая дуга, якую апiсвала яго правая нага, робячы кожны крок, хутка - гэтак, што цёмна-блакiтная стужка, падшытая ўнiзе ў калашыне нагавiцаў, паказвалася на хвiлю, калi ён ранiцой праходзiў каля лаўкi Грэца да Кронэравай кавярнi; мацi - гэта была складаная i пакорлiвая фiгура, якую выпiсвалi яе рукi, калi яна сашчэплiвала iх на грудзях, заўсёды перад тым, як яна вымаўляла якое-небудзь глупства: "Якi благi гэты свет", "як мала ў iм чыстых сэрцаў"; яна ўсё гэта крэслiла рукамi ў паветры, перш чым выказаць у словах, Ота - гэта былi яго ногi, што маршыруюць, калi ён праходзiць у ботах праз сенцы i далей, па вулiцы; "вораг-вораг", - рытмiчна выстуквалi на плiтках тратуара яго ногi, тыя самыя ногi, што яшчэ не так даўно выстуквалi iншы рытм: "брат-брат". Бабуля - рух, якi яна рабiла ўсе семдзесят гадоў i якi цяпер, як ён бачыў шмат разоў штодзень, дакладна паўтарала яго дачка; рух, якому больш як сто гадоў, якi застаўся жыць у пакаленнях i якi кожны раз абуджаў у iм страх; яго дачка Рут нiколi не бачыла сваёй прабабкi, адкуль жа ўзяўся ў яе гэты рух? Нiчога не ведаючы, яна адкiдала валасы рукою з iлба тым самым жэстам, што i яе прабабка. Фэмель бачыў i сябе самога - як ён нахiляўся па бiту для лапты, шукаючы сваю сярод iншых; як ён круцiў у левай руцэ мячык, пакуль той не ляжа ў далонь так, каб яго можна было дакладна кiнуць туды, куды ён хоча, - так высока, каб час падзення мячыка супаў дакладна з тым часам, што быў яму патрэбны, каб зручна таксама i левай рукой перахапiць бiту i стукнуць па мячыку з усёй сiлы абедзвюх рук - каб мячык ляцеў як найдалей, аж за мету. Ён бачыў сябе, як ён стаiць на прыбярэжным лузе, у парку, у садзе, нахiляецца, выпроствае, б'е. Усё залежала толькi ад разлiку; iншыя былi дурнi: не ведалi, што час падзення мячыка можна разлiчыць, што з дапамогай таго самага секундамера можна вызначыць, колькi часу трэба, каб зручна перахапiць бiту, i што ўсё астатняе - гэта толькi пытанне каардынацыi i трэнiроўкi; ён штодня па абедзе практыкаваўся рабiць гэта на лузе, у парку, у садзе; iм было невядома, што iснуюць формулы, якiя можна выкарыстаць, вагi, на якiх можна ўзважыць мячыкi. Толькi крыху фiзiкi, крыху матэматыкi i практыкаванняў; але ж яны з пагардаю ставiлiся да абодвух прадметаў, якiя тут былi патрэбныя; яны з пагардаю ставiлiся да трэнiровак, гультаявалi, практыкавалiся з дапамогай сумнiцельных сентэнцый, плавалi ў чоўне па каламутнай вадзе, нават Гёльдэрлiн быў для iх невядома чым; нават такое слова, як "лот", ператваралася ў iх вуснах у нейкую неверагодную лухту: лот - гэта ж зусiм ясна: леска, кавалак волава; яго закiдалi ў ваду, фiксавалi, калi грузiла дакраналася да дна; потым леску выцягвалi i мералi па ёй глыбiню вады; але калi яны казалi "кiнуць лот", гэта гучала як кепская iгра на аргане; яны не ўмелi нi гуляць у лапту, нi чытаць Гёльдэрлiна. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае. Яны круцiлiся перад самай лiнiяй, хацелi не даць яму як след стукнуць, крычалi: "Ну, Фэмель, давай, бi!"; iншая група неспакойна чакала каля меты, два хлопцы - ужо далёка за пляцоўкаю, там, дзе звычайна падалi пасланыя iм мячыкi, якiх усе баялiся; найчасцей iх знаходзiлi ўжо на вулiцы - там, дзе акурат тады, у тую летнюю суботу 1935 года запененыя гнядыя конi выходзiлi з брамы бровара; далей быў вiдзён чыгуначны насып, а манеўровы паравоз пускаў, нiбы дзiця, белыя аблокi пары ў паўдзённае неба; справа каля моста на верфi шыпелi ацэтыленавыя газарэзкi; рабочыя ў звышурочныя гадзiны нешта зварвалi на параходзе, што будаваўся для "Сiлы праз Радасць"; блакiтнаватыя i срэбныя iскры сыкалi, а кляпальныя малаткi... малаткi выбiвалi такт; у прыватных гародчыках пастаўленыя нядаўна пудзiлы беспаспяхова супрацьстаялi вераб'ям; бледныя тварам пенсiянеры з пагаслымi пiпкамi чакалi i не маглi дачакацца першага чысла наступнага месяца - толькi ўспамiны пра рухi, што Фэмель тады рабiў, выклiкалi ў ягоным уяўленнi тыя вобразы, словы i фарбы: "Ну, Фэмель, давай!" было схаванае за формуламi; i вось мячык ляжаў ужо ў руцэ так, як трэба, пальцы i далонь лёгка прытрымлiвалi яго: мячык павiнен быў сустрэць як найменшае супрацiўленне; бiта была ўжо ў другой руцэ - самая доўгая ў параўнаннi з астатнiмi (нiкога не турбавалi законы рычага); яе верхняя частка была абкручаная лейкапластырам. Хуценька зiрнуць на гадзiннiк: тры хвiлiны i трыццаць секунд да свiстка настаўнiка гiмнастыкi - i ён усё яшчэ не мог адказаць на пытанне - як гэта здарылася, што хлопцы з гiмназii Прынца Ота, не супрацiўляючыся, згадзiлiся, каб iх настаўнiк гiмнастыкi судзiў рашаючую гульню? Настаўнiка звалi Бернгард Вакера, але яны клiкалi яго Бен Вакс, з выгляду ён быў меланхалiчны, трохi тлуставаты, пра яго казалi, нiбыта ён платанiчна кахае хлопцаў; яму вельмi даспадобы былi пiрожныя з крэмам i фiльмы-меладрамы, у якiх дужыя хлопцы-бландзiны пераплывалi рэкi, а потым ляжалi на лузе са сцяблiнкаю ў роце, заглядаючы ў блакiтнае неба i чакаючы прыгодаў; Бен Вакс больш за ўсё любiў копiю галавы Антонiя, што стаяла ў ягоным пакоi сярод фiкусаў i палiц з лiтаратурай пра фiзiчную культуру; ён лашчыў гэтую галаву, удаючы, што абцiрае пыл; Бен Вакс, якi называў сваiх улюбёнцаў мiлымi хлопчыкамi, астатнiх жа - шыбенiкамi. - Ну, давай ужо, шыбенiк, - сказаў Бен Вакс; ён быў успацелы, у яго трэслася пуза, а ў роце тырчаў свiсток. Але да свiстка заставалiся яшчэ тры хвiлiны i тры секунды, на трынаццаць секунд раней, чым трэба; калi ён стукне зараз, у наступнага гульца яшчэ будзе магчымасць зрабiць свой удар, а Шрэла, якi чакае свайго вызвалення на меце, будзе павiнен яшчэ раз уцякаць; яны ж змогуць яшчэ раз шпурнуць мячыкам яму ў твар, у ногi альбо па нырках; Фэмель ужо тры разы бачыў, як яны гэта робяць: нехта з каманды працiўнiка трапляў у Шрэлу, пасля мячык забiраў Нэтлiнгер, якi гуляў у адной з iм i Шрэлам камандзе, i кiдаў мячык працiўнiку проста ў рукi, а той шпурляў яго Шрэле проста ў твар, - Бен Вакс жа стаяў побач i свiсцеў, калi траплялi ў Шрэлу, свiсцеў, калi Нэтлiнгер спакойна кiдаў мячык працiўнiку ў рукi, свiсцеў, калi Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухiлiцца; гульня была iмклiвая: мячык лётаў то ў адзiн, то ў другi бок - цi толькi ён адзiн заўважаў гэта? I не заўважаў нiхто з тых шматлiкiх гледачоў у стракатых шапачках i са стракатымi сцяжкамi, што, разгарачаныя ад напружання, чакалi канца гульнi? За дзве хвiлiны i пяцьдзесят секунд да фiнальнага свiстка лiк у гульнi быў 34:29 на карысць гiмназii Прынца Оты - i, можа, у тым, што бачыў хiба што толькi ён адзiн, была прычына, што каманда працiўнiка згадзiлася, каб судзiў гульню Бен Вакс, iхнi настаўнiк гiмнастыкi. - Ну давай, бi, шыбенiк, праз дзве хвiлiны дам свiсток. - Даруйце, але - праз дзве i пяцьдзесят секунд, - адказаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкiнуў высока мячык, перахапiў iмгненна бiту i стукнуў; па сiле ўдару, па тым, як спружынiла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзiн з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так i не змог яго згледзець: пачулася глыбокае "а-а-ах!" з натоўпу гледачоў, i гэты воклiч шырыўся, рос, нiбы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, наблiжаецца Шрэла - павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пiсяг; суддзi падлiчвалi: сем, восем, дзевяць; астатнiя гульцы каманды наўмысна-павольна праходзiлi паўз раз'юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ i дзесятае ачко; "отаўцы" ўсё яшчэ шукалi мячык, поўзаючы на карачках далёка на другiм баку вулiцы ў траве пад мурам бровара; у фiнальным свiстку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. "38:34 на карысць гiмназii Людвiга!" - абвясцiлi суддзi. Гучнае "а-а-ах!" перарасло ва "ўра!" i бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю бiту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясцiў рукаятку, надаўшы бiце патрэбны вугал нахiлу, а пасля нацiснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы нiжэй ад рукаяткi, дзе бiта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзiўленыя, абступiлi яго i збянтэжана маўчалi; яны бачылi ў гэтым нейкi знак - што славуты Фэмелеў кiй быў паламаны; мярцвяна-бела выглядалi трэскi ў месцы палому; i ўжо хлопцы пачалi тузаць адзiн аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя твары, у гэтыя заварожаныя вочы, што блiшчалi ад хвалявання, - i ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнiм вечарам 14 лiпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс мiж тым гнаў шасцiкласнiкаў гiмназii Людвiга - каб яны пазбiралi сцяжкi, што стаялi на кожным рагу пляцоўкi. Далёка на другiм баку вулiцы, пад мурам бровара, усё яшчэ вiдны былi блакiтна-жоўтыя футболкi: "отаўцы" нiяк не маглi знайсцi мячыка; вось яны марудна пасунулiся назад, сабралiся ў цэнтры пляцоўкi, выстраiлiся ў шарэнгу, чакаючы яго, капiтана каманды, каб услед за iм крыкнуць "гiп-гiп-ура!"; Фэмель павольна наблiзiўся да абедзвюх шарэнгаў; Шрэла i Нэтлiнгер стаялi там поруч; здавалася, што нiчога не адбылося, зусiм нiчога; а малодшыя вучнi ўсё за яго спiнай яшчэ змагалiся за "сувенiры"; ён прайшоў далей, адчуваючы захапленне публiкi, нiбы фiзiчную пакуту, i тут ён тры разы крыкнуў: "Гiп-гiп-ура!" "Отаўцы" зноў, як пабiтыя сабакi, рушылi шукаць мячык; не знайсцi мячыка лiчылася за найстрашэннейшую ганьбу. - Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлiнгеру; ён сказаў: "Перамагчы любой цаной"; а менавiта ён рызыкаваў нашай перамогай толькi дзеля таго, каб у працiўнiка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсiм, быў з iмi ў змове; я гэта заўважыў, адзiн я. Калi ён iшоў да распранальнi, яго апанаваў страх перад Шрэлам i перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая iмгла цягнулася ад ракi, падымалася над лугамi, абкладвала, нiбы слоем ваты, будынак, у якiм мясцiлiся распранальныя кабiны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзiлiся са Шрэлам? Падставiлi яму падножку, калi ён у перапынку сыходзiў па лесвiцы, i ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкi? Лапка акуляравай аправы прабiла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзiў па аптэчку першай дапамогi ў настаўнiцкi пакой. Нэтлiнгер са здзеклiвай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнiк мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалi на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалi яго ў пад'езды, бiлi яго - сярод сметнiц i дзiцячых вазкоў, потым скiнулi яго з цёмных падвальных сходаў, i ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай i прарослай бульбай, сярод запыленых слоiкаў: ляжаў, аж пакуль нейкi хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкi, не ўбачыў яго i не паклiкаў жыхароў дома. Толькi некалькi iхнiх таварышаў не бралi ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель i Гольтэн. За пару год да таго Фэмель пасябраваў са Шрэлам, яны разам хадзiлi ў госцi да Трышлера; Шрэлаў бацька быў кельнерам у шынку, якi належаў Трышлераваму бацьку; яны наладжвалi сабе забавы на старых чоўнах, на спiсаных пантонах, вудзiлi рыбу, забраўшыся ў лодку. Ён спынiўся перад распранальняй, пачуў галасы, гаману: ахрыплыя ў мiфiчным запале хлопцы гаварылi пра легендарны палёт мячыка; нiбыта мячык той знiк у звышчалавечых сферах. - Я ж бачыў, як ён ляцеў-ляцеў, нiбы камень, пушчаны з волатавай прашчы. - Бачыў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт. - Чуў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт. - Яны яго не знойдуць, таго мячыка, што ўдарыў Роберт. Калi Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклi; у гэтым раптоўным маўчаннi адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалi яго - якi зрабiў тое, у што нiхто не здолеў бы паверыць, пра што нiхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апiсаць палёт таго мячыка? Басанож, накiнуўшы на плечы вялiкiя ручнiкi, яны шпарка пабеглi ў душ; застаўся адзiн Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзiў; i толькi цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла нiколi не прымаў душ пасля гульнi, нiколi не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдлiку, на твары была жоўтая i блакiтная пляма, вакол вуснаў, з якiх ён ужо абцёр кроў, - вiльготны след; на руках i плячах былi вiдаць сiнякi ад удараў мячыка, якi "отаўцы" ўсё цяпер яшчэ недзе шукалi; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулi, надзеў куртку, выцягнуў з кiшэнi кнiжку i пачаў чытаць: "Увечары, калi званы звястуюць мiр..." Было непрыемна вось гэтак застацца сам-насам са Шрэлам, прымаць падзяку гэтых халодных вачэй, занадта халодных нават каб ненавiдзець - толькi ледзь прыкметны рух павекаў, няўлоўная ўсмешка як падзяка яму, выратавальнiку, якi нанёс той удар; Фэмель усмiхнуўся ў адказ, таксама ледзь заўважна, потым павярнуўся да бляшанай шафкi, знайшоў там сваю адзежу i хацеў ужо як найхутчэй, не прыняўшы душ, вымкнуць з распранальнi; на сцяне над ягонай шафкай нехта выбiў у тынку надпiс: "Фэмелеў удар, 14 лiпеня 1935 г.". Пахла скурай - ад гiмнастычных прыладаў, ссохлай зямлёю - што паабтрэслася з футбольных, гандбольных i бейсбольных мячоў i грудкамi пазабiвалася ў шчылiны бетоннай падлогi; у куце стаялi брудныя бела-зялёныя сцяжкi, сохлi развешаныя футбольныя сеткi, тырчала надламанае вясло; пад трэснутым шклом вiднеўся пажоўклы дыплом: "Пiянерам футбола, пачатковаму класу гiмназii святога Людвiга. 1903 г. Прэзiдэнт зямельнага ўрада"; калектыўнае фота ў выдрукаваным лаўровым вянку; з гэтага фота на яго глядзелi васемнаццацiгадовыя хлопцы 1885 года нараджэння з моцнымi цяглiцамi; вусатыя, з жывёльным аптымiзмам глядзелi яны ў будучыню, якую рыхтаваў iм лёс; iм было наканавана гнiсцi пад Вердэнам, сцякаць крывёю ў балотах Сомы альбо яшчэ праз пятнаццаць гадоў на могiлках герояў Шато-Цьеры быць аб'ектам прымiрэнчых выказванняў, якiя ўпiсваюць турысты па дарозе ў Парыж, паддаўшыся настрою гэтага месца, у размоклую ад дажджу кнiгу наведнiкаў; пахла жалезам, пахла выспяваючай мужчынскасцю; звонку сюды пранiкала вiльготная iмгла, што цягнулася лагоднымi воблакамi ўдоўжкi рачных берагоў; з карчмы, што паблiзу, далятала пераднядзельная гамонка нiзкiх мужчынскiх галасоў, хiхiканне афiцыянтак, бразгатанне пiўных кухляў, а ў канцы калiдора пачыналi рабiць сваё гульцы ў кеглi, кацiлiся шары, расстаўлялiся кеглi, чулася трыумфальнае "ax!" i "ох!" - як сведчанне расчаравання, гучала на ўвесь калiдор, пранiкала ў распранальню. Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стулiўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад iм, i ён не мог болей адцягваць тае хвiлi; яшчэ раз праверыў, цi добра завязаны гальштук, расправiў апошнiя складачкi на каўняры спартыўнай кашулi - ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, - глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзiў, цi ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а мiж тым з душа паявiлiся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра "Робертаў удар". - Пойдзем разам? - Пойдзем. Яны паднялiся патаптанымi бетоннымi сходнямi, на якiх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мiнулае вясны: паперкi ад цукерак, пачкi ад цыгарэт; яны ўзышлi на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалi лодку на зацэментаваную прыстань; моўчкi iшлi яны разам па дамбе, што вяла сярод нiзкай iмглы быццам бы на другi бераг ракi; гудкi параходаў, чырвоныя лiхтары i зялёныя - на сiгнальных рубках суднаў; каля верфi ў паветры ўспыхвалi чырвоныя iскры, вымалёўваючы на шэрым фоне адмысловыя фiгуры; моўчкi яны дайшлi да моста, у паўзмроку паднялiся ўгору па сходах, побач на сценах з пясчанiку былi ўвекавечаныя жаданнi маладых людзей, што вярталiся тут пасля купання дамоў; грукат таварнага цягнiка, што праiмчаўся па мосце, даў iм магчымасць памаўчаць лiшнiя пару хвiлiн: на заходнi бераг везлi партыю шлаку; чыгуначнiкi сiгналiлi лiхтарамi, свiсткi кiравалi цягнiком, якi пачаў заварочваць на правую каляю; унiзе ў тумане iшлi на поўнач караблi, жалобнае дудзенне рагоў папярэджвала аб смяротнай небяспецы, разляталася, поўнае смутку, над вадою; гэты гоман, на шчасце, не даваў весцi размову. - I я тады спынiўся, Гуга, абапёрся аб парэнчы, тварам да ракi, выцягнуў з кiшэнi цыгарэты, даў адну Шрэле, ён прыкурыў мне, i мы курылi моўчкi, а за нашымi спiнамi цягнiк, грукочучы, ужо з'язджаў з моста; унiзе пад намi цiха плылi на поўнач цугам грузавыя баркасы; з-пад покрыва iмглы даносiўся iх мяккi плёскат; толькi зрэдку вочы ўлоўлiвалi паблiскванне iскраў над карабельнымi камбузамi; на колькi хвiлiн усё сцiхла, пакуль наступнае судна не прайшло пад мостам на поўнач - на поўнач, да туманаў Паўночнага мора, - а мяне ахапiў страх, Гуга, бо я мусiў зараз спытацца ў яго i ведаў, што калi зраблю гэта, мяне зацягне вiр, з якога я ўжо не здолею выбрацца; гэта была, напэўна страшэнная таямнiца, дзеля якой Нэтлiнгер рызыкаваў выйгрышам сваёй каманды, а "отаўцы" згадзiлiся, каб гульню судзiў Бен Вакс; цяпер была амаль што непранiкальная цiшыня, i гэта надавала вялiкую вагу пытанню, якое я павiнен быў задаць i якiм я мусiў абцяжарыць вечнасць; я ўжо развiтваўся, Гуга, яшчэ не ведаючы, куды i ў iмя чаго я збiраюся рушыць; я развiтваўся з цёмнаю вежай Святога Севярына, што ўзвышалася над густым слоем iмглы, з бацькоўскiм домам, якi стаяў недалёка ад гэтай вежы i ў якiм мая мацi якраз заканчвала накрываць на стол да вячэры, папраўляла срэбранае начынне, асцярожна расстаўляла кветкi ў вазончыкi, адпiваючы з графiнаў, каштавала вiно: цi гэта белае ахалоджана добра, а чырвонае - не? Субота, якая святкавалася ўрачыста, як шабас; мацi ўжо разгарнула iмшал, каб паводле яго тлумачыць нам нядзельную лiтургiю сваiм пяшчотным голасам, што гучаў нiбы вечны адвент; голасам ад слоў "Пасвi авечак маiх"; я развiтваўся з сваiм пакоем, вокны якога глядзелi ў сад, а ў тым садзе старажытныя дрэвы стаялi ў пышнай зелянiне; у тым садзе я заглыбляўся аддана ў матэматычныя формулы, у строгую крывiзну геаметрычных фiгур, у празрыстыя, як зiма, стэрэаметрычныя пабудовы, што ўзнiкалi пад маiм цыркулем, пад маiм пёркам з тушшу - там я рысаваў кiрхi, касцёлы, якiя збiраўся калi-небудзь пабудаваць. Шрэла стрэлiў недакуркам у туман, што сцялiўся ў нас у нагах; чырвоная кропка, круцячыся, паляцела долу; Шрэла з усмешкаю павярнуўся да мяне, чакаючы майго пытання, якога я яшчэ не задаў; ён страсянуў галавою. Ланцуг лiхтарняў на беразе ясна вылучаўся на фоне густога слоя iмглы. - Хадзем, - сказаў Шрэла. - Яны ўжо блiзка, хiба не чуеш? Я чуў, як яны iдуць, балюстрада ўжо дрыжала пад iхнiмi нагамi: яны размаўлялi пра мясцiны, куды яны неўзабаве збiраюцца выехаць на вакацыi Альгой, Вэстэрвальд, Бадгаштайн, Паўночнае мора, - яны гаварылi пра Робертаў удар. На хаду мне было лягчэй задаць яму тое пытанне. - Чаму, - спытаў я, - чаму? Хiба ты жыд? - Hе. - Дык хто тады? - Мы - авечкi, - адказаў Шрэла, - i паклялiся, што нiколi не пакаштуем бычынага прычасця. - Авечкi, - я баяўся гэтага слова. - Што гэта, нейкая секта? - спытаў я. - Можа, i так. - Але ж не партыя? - Hе. - Я не здолею, - сказаў я, - я не змагу быць авечкаю. - Ты хочаш пакаштаваць бычынага прычасця? - Hе, - адказаў я. - Ёсць такiя пастыры, - сказаў ён, - што не пакiдаюць свайго статка. - Хутчэй, - сказаў я, - хутчэй. Яны ўжо блiзка. Мы спусцiлiся цёмнымi сходамi з заходняга боку, а калi мы апынулiся на вулiцы, я на хвiлiну завагаўся; мне трэба было паварочваць дадому направа, а Шрэле - налева; але я пайшоў за iм, налева, дзе вулiца паварочвала да горада i вiлася памiж дрывотняў, вугальных шупак i гародчыкаў. За першым паваротам мы спынiлiся, ужо ў густой паласе туману, i сталi сачыць за ценямi хлопцаў з нашай каманды, што, нiбы чорныя постацi, рухалiся на балюстрадзе моста. Мы чулi, як гулка адбiваюцца iх крокi, чулi гоман iх галасоў, калi яны сыходзiлi ўнiз, чулi гучнае рэха ад iх падкаваных боцiкаў, чулi, як нечы голас крыкнуў: "Нэтлiнгер, Нэтлiнгер, пачакай!" Моцнае рэха ад гучнага Нэтлiнгеравага голасу пераляцела цераз раку i, разбiўшыся аб быкi моста, вярнулася да нас, а пасля згубiлася недзе за намi, у гародчыках i сховах крамаў - рэха Нэтлiнгеравага крыку: "А дзе ж гэта падзелася наша авечка з ейным пастырам?" Залп смеху, адбiўшыся некалькi разоў, звалiўся на нас, нiбы чарапкi разбiтай пасудзiны. - Ты чуў? - спытаў Шрэла. - Чуў, - адказаў я. - Авечка i пастыр. Мы глядзелi на ценi тых, што ад нас адсталi i iшлi цяпер балюстрадаю, глуха гучалi ў праходзе iх галасы, потым, калi яны выйшлi на вулiцу, галасы пагучнелi, адбiваючыся ад выгiбаў моста: "Робертаў удар..." - Мне трэба, - сказаў я Шрэле, - ...мне трэба ведаць усё дакладна. - Хадзем, - адказаў ён, - я табе пакажу. Мы прабiралiся навобмацак праз туман, уздоўж агароджаў з калючага дроту, потым убачылi драўляны паркан, якi пах яшчэ свежай драўнiнай i свяцiўся жаўтаватым колерам; лямпачка над замкнутай брамай асвятляла эмалiраваную шыльдачку: "Мiхаэлiс - вугаль, кокс, брыкеты". - Цi пазнаёш гэтую дарогу? - спытаў Шрэла. - Пазнаю, - адказаў я, - сем гадоў таму мы часта хадзiлi тут разам i гулялi ўнiзе ў Трышлераў. А дзе цяпер Алоiс? - Ён шкiпер, як i даўней яго бацька. - А твой бацька па-ранейшаму кельнер у прыбярэжнай карчме? - Hе, ён цяпер у Верхнiм Порце. - Ты хацеў нешта паказаць мне? Шрэла выцягнуў цыгарэту з рота, сцягнуў з сябе куртку, ссунуў з плячэй помачы, падняў кашулю i павярнуўся спiнай да слабай лямпачкi: уся спiна была ў дробных, велiчынёю з фасолiну, чырванавата-сiнiх шнарах. "Абсеяная шнарамi, - падумалася мне, - вось як можна сказаць дакладней". - Божа, - сказаў я, - што гэта? - Гэта Нэтлiнгер, - адказаў Шрэла. - Яны робяць гэта ўнiзе, у казармах каля Вiльгельмавага рова. Бен Вакс i Нэтлiнгер. Яны называюць гэта дапаможнай палiцыянцкай службай; мяне яны схапiлi пад час аблавы на жабракоў у Партовым квартале; за дзень было арыштавана трыццаць восем жабракоў, адным з iх быў я. Дапытвалi нас з дапамогай пугi з калючага дроту. Яны сказалi: "Прызнайся, што ты - жабрак", а я пацвердзiў: "Сапраўды, я - жабрак". Спозненыя госцi ўсё яшчэ снедалi: смакталi памаранчавы сок, нiбы грахоўны трунак; бледнатвары хлопец, абапёршыся аб дзвярную фрамугу, стаяў нерухома, як стод; ад фiялетавага колеру лiўрэi твар яго здаваўся амаль што зялёным. - Гуга, Гуга, ты чуеш, што я кажу? - Я, пане доктар, ... я чую кожнае слова. - Калi ласка, прынясi мне кiлiшак каньяку, вялiкi. - Зараз, пане доктар. Калi Гуга сыходзiў да рэстарана, востра блiснуў яму перад вачыма Час вялiкi каляндар, якi ён мусiў перагортваць шторанiцы; ён перагарнуў ужо вялiкi кардонны лiст з лiчбай, што абазначала дзень, засунуў яго пад шыльдачкi з назвамi месяца i года: 6 верасня 1958 года. У яго кружылася галава: усё, пра што ён пачуў, адбывалася задоўга перад тым, як ён нарадзiўся, - гэта адкiдала яго назад на дзесяцiгоддзi, на цэлыя паўстагоддзi: 1885, 1903 i 1935 - гэта было недзе далёка ззаду, схаванае ў часе, але ж i прысутнае тут; яно гучала ў голасе Фэмеля, якi стаяў, абапёршыся аб бiльярдны стол, i глядзеў на плошчу перад саборам Святога Севярына. Гуга мацней ухапiўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў паветра - як той, хто вынырваў з-пад вады, адплюшчыў шырока вочы i адным скачком схаваўся за вялiкай калонай. Бо па сходах долу якраз iшла яна, басанож, у апратцы пастушкi, веючы пахам авечага гною, якiм было прапахлае яе рыззё, што спавiвала яе ад грудзей да сцёгнаў. Зараз яна з'есць сваю прасяную кашу, з ёй - кавалак чорнага хлеба, пару арэхаў; вып'е авечага малака, якое дзеля яе трымаюць у лядоўнi; яна прывозiла з сабою авечае малако ў тэрмасах, прывозiла авечы гной у маленькiх карабках i ўжывала яго як парфуму да сваёй грубай, вязанай на прутках з суровай воўны бялiзны; па снеданнi яна гадзiнамi праседжвала ў вестыбюлi - вязала i вязала, час ад часу хадзiла ў бар па шклянку вады, палiла сваю кароткую пiпку, сядзела на канапе, скрыжаваўшы свае голыя ногi так, што была вiдаць яе грубая, зацвярдзелая скура на пятках; яна прымала сваiх вучняў i вучанiц, якiя, апранутыя, як яна, i гэтаксама, як яна, пахнучыя, атачалi яе, седзячы са скрыжаванымi нагамi на канапе, вязалi пруткамi, раз-пораз адкрывалi карабкi, што iм давала iх майстрыня, i ўдыхалi пах авечага гною, як самы лепшы водар: праз пэўныя прамежкi часу яна адкашлiвалася i пыталася сваiм дзявочым голасам з канапы: "Як мы ўратуем свет?" А вучнi i вучанiцы адказвалi: "Праз авечую воўну, авечую шкуру, авечае малако - i праз вязанне на прутках". Дзынканне пруткоў, цiшыня, адзiн хлопец, ускочыўшы, пабег у бар, прынёс майстрынi свежай вады, i зноў мяккi дзявочы голас запытаўся з канапы: "Дзе хаваецца блаславенне свету?" I ўсе адказалi: "У авечцы!" Яны зноў адкрылi карабкi, пачалi з захапленнем нюхаць памёт, а ў гэты час блiскалi фотаўспышкi, алоўкi журналiстаў хутка спiсвалi лiсткi рэпарцёрскiх нататнiкаў. Гуга павольна адступiў яшчэ далей назад, калi яна абыходзiла калону па дарозе ў залу для снедання; ён яе баяўся; надта часта ён бачыў, як яе лагодныя вочы рабiлiся суровымi, калi яна заставалася з iм сам-насам: яна лавiла яго на сходах, заказвала яму прынесцi малако ў нумар, дзе яна сустракала яго з цыгарэтай у роце, потым вырывала ў яго з рук шклянку з малаком, смеючыся вылiвала малако ва ўнiтаз, напаўняла шклянку каньяком i з гэтай шклянкай у руцэ пачынала наступаць на яго, у той час як ён задам адыходзiў да дзвярэй. - Цi табе яшчэ нi адна жывая душа не казала, што ў цябе твар варты золата, чыстага золата, ты, неразумны хлопча. Чаму ты не хочаш стаць божай авечкай маёй новай рэлiгii? Я зраблю цябе вялiкiм, багатым, i яны будуць укленчваць перад табою ў яшчэ больш раскошных, чым гэты, гатэлях! Хiба ты працуеш тут досыць доўга, каб ведаць, што iхнюю нуду можна запоўнiць толькi новай рэлiгiяй - i чым дурнейшай, тым лепш? Iдзi сабе - ты занадта дурны. Ён глядзеў ёй услед, а яна з нерухомым тварам давала кельнеру магчымасць адчынiць ёй дзверы ў залу для снедання; сэрца яго ўсё яшчэ бiлася ненармальна хутка, калi ён выходзiў з-за калоны i павольна спускаўся ўнiз да рэстарана. - Кiлiшак каньяку ў бiльярдную для пана доктара, вялiкi. - Тут нейкая сварка праз твайго пана доктара... - Якая такая сварка? - Hе ведаю. Здаецца, яго тэрмiнова шукаюць, твайго доктара. Вось, бяры свой каньяк i - змывайся хутчэй. Самае меншае семнаццаць старых i маладых баб ганяюцца за табой; давай, бо ўжо нейкая зноў спускаецца сюды.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|