Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 16)
Автор:
|
Бёлль Генрих |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(545 Кб)
- Скачать в формате fb2
(231 Кб)
- Скачать в формате doc
(235 Кб)
- Скачать в формате txt
(229 Кб)
- Скачать в формате html
(232 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|
|
.. яшчэ восем хвiлiн, сем, шэсць...", i тут я паглядзела на яго; ён напаткаў мой позiрк i кiнуўся да мяне: "Рут, Рут, ты гэта зрабiла, ты?" Я затрэсла галавою, потым пачала плакаць, бо мяне зноў ахапiў смяротны жах; а ён сказаў: "Божа мой, Рут, будзь сумленная". Я б ахвотна ўзяла гэта на сябе, але тады б ён здагадаўся, што я ўсё бачыла, таму я, плачучы, трэсла галавою; яшчэ чатыры хвiлiны, тры, дзве, адна, усё... "Вы, праклятая хеўра злодзеяў, хеўра лгуноў; зараз напiшаце мне дзвесце разоў у сшытках: "Красцi няможна". Ах, вы тут са сваiмi абацтвамi! Я мусiла захоўваць куды больш страшныя таямнiцы, вытрываць смяротны жах... трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк. Чаму яны так халодна размаўлялi з гэтым добрым абатам? Што ён такое зрабiў - забiў каго, украў у каго-небудзь хлеб з маслам? У Конрада Грэца было харчоў удосталь, ён еў пячоначныя паштэты i зялёны сыр з белым хлебам; якi гэта д'ябал пасялiўся раптам у душы нашага цiхманага i разумнага настаўнiка? Смерць стаiлася памiж яго носам i вачыма, памiж носам i вуснамi, памiж вушамi; трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк, i мяне забаўляла, калi бацька, стоячы каля вялiкага плана горада, кпiў з бургамiстра: маляваў свае чорныя знакi i казаў: "Усё да д'ябла прэч! Падарваць!"; я люблю яго, люблю яго не менш i цяпер, калi пра ўсё ведаю; цi Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне? Я ж неяк бачыла чалавека, якi аддаваў свой заручальны пярсцёнак за дзве цыгарэты... за колькi цыгарэт ён аддаў бы сваю дачку, за колькi - жонку? Ha яго твары быў цэннiк: дзесяць, дваццаць цыгарэт... З iм можна было пра ўсё дамовiцца; з такiмi людзьмi заўсёды можна дамовiцца; мне вельмi шкада, тата, але мёд i хлеб былi мне смачныя i пасля таго, як я даведалася, хто гэта зрабiў. Мы хочам i надалей гуляць у бацьку i дачушку - кожны наш крок вывераны, як пад час танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсцiся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна i я наперадзе, дзядуля - за намi - як штосуботы. - Цi паспяваеш за намi, дзядуля? - Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады. - Мы не занадта хутка iдзём? - Hе, нiчога, дзеткi. Цi можна мне на хвiлю прысесцi; цi вам здаецца, што тут крыху макравата? - Пясок зусiм сухi, дзядуля, i яшчэ зусiм цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку. - Вядома, дзядуля, можаш запалiць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нiчога не здарылася. На шчасце, Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне, i запальнiчка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткiя прыгожыя сукенкi i швэдар - набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкi густ; адразу вiдаць, што дзядуля разбiраецца ў маладых дзяўчатах i жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва - гэта падман; яна не давала нам нiчога есцi, i я ўзрадавалася, калi яе ад нас забралi i ў нас паявiлася што есцi; мажлiва, твая праўда, i яна была i ёсць вялiкiм чалавекам, але нiчога не хачу ведаць пра велiч; белы хлеб з пячоначным паштэтам i залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому i сядзiць вечарамi з намi, але не давайце ёй, калi ласка, ключоў ад кухнi - прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўнiка, i я баюся гэтага; давай iм, Божа, заўсёды досыць яды, каб на iх тварах не паяўляўся той жахлiвы выраз; гэты пан Крот зусiм бяскрыўдны чалавек; штонядзелi ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонiя на ўрачыстую iмшу; "якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялiкаднi? Мiлы чалавек з мiлай жонкай i мiлымi дзвюма дзеткамi: "Паглядзi, Рут, цi не праўда, наш Францхен падрос?" - "О, праўда, ваш Францхен вырас зусiм вялiкi"; i я ўжо не думаю пра тое, што маё жыццё некалi вiсела на валаску; не, я таксама старанна напiсала дзвесце разоў у сшытку: "Красцi няможна"; i, вядома, не адмаўляюся, калi Конрад Грэц запрашае мяне на вечарынкi ў свой дом; бо там падаюць файныя паштэты з гусiнай пячонкай i белы хлеб з зялёным сырам, а калi там хто-небудзь наступае камусьцi на нагу альбо хто-небудзь незнарок перакiне келiх з вiном, у iх не кажуць: "Прабачце, калi ласка" альбо "Пардон"; там кажуць: "sorry". Трава на ўзбочынах дарогi цёплая, Ёзэфава цыгарэта мае моцны адмысловы пах; а мне ўсё ж быў смачны хлеб з мёдам, калi я даведалася, што гэта бацька падарваў абацтва; Дэнклiнген дужа прыгожы ў промнях позняга сонца; трэба спяшацца, бо, каб пераапрануцца, нам трэба самае меншае паўгадзiны. 11 - Падыдзiце сюды блiжэй, генерал. Вам няма чаго саромецца; усiх навiчкоў найперш прадстаўляць мне, бо я даўжэй за ўсiх жыву ў гэтым прыгожым доме; навошта Вам дзяўбцi кiем нечапаную агародную глебу, пастаянна трэсцi галавою перад кожным мурам, каплiцай, парнiком i мармытаць: "Сектар абстрэлу"? Зрэшты, "сектар абстрэлу" гучыць прыгожа, гэта значыць вольная прастора для ўсiх куляў i снарадаў; Ота... як далей? Кёстэрс? Hе, фамiльярнасцей не трэба, не трэба Вашага iмя; апроч таго, iмя Ота ўжо занятае; можна, я буду называць Вас "Сектар Абстрэлу"? Па Вас вiдно, чутно з Вашага голасу, можна ўнюхаць з Вашага дыхання, што Вы не проста прынялi бычынае прычасце, Вы з яго жылi, паслядоўна трымалiся гэтай дыеты. Ну, а цяпер паслухайце, навiчок, i скажыце: Вы якой веры? Католiк? Натуральна, у iншым выпадку я была б проста здзiўленая; i Вы ўмееце слугаваць пры iмшы? Вядома ж, Вас выхоўвалi каталiцкiя пастыры; прашу прабачыць мне за мой смех; мы ўжо тры тыднi, як шукаем новага касцельнага служку; Балаша яны выпiсалi, прызнаўшы здаровым; можа, у Вас з'явiлася б ахвота крыху нам тут дапамагчы? Ты ж вар'ят цiхi, не небяспечна-шалёны; у цябе адзiн-адзiны бзiк - там, дзе трэба i дзе не трэба, паўтараць: "Сектар абстрэлу"; ты, напэўна, зможаш пераносiць малiтоўнiк з левага боку алтара на правы ды ўкленчваць перад дараносiцай, праўда? Ты ж здаровы, як мядзведзь, гэта - прыкмета тваёй прафесii, так што ў цябе атрымаецца бiць сябе ў грудзi кулакамi, паўтараючы "mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa", ды вымаўляць "Kerie eleison"*; вось бачыш, да чаго можа часам яшчэ прыдацца адукаваны, выхаваны каталiцкiмi айцамi генерал; я падам капелану лякарнi тваю кандыдатуру на новага касцельнага служку, ты ж згодзен, праўда? * "Госпадзе, памiлуй" (грэч.). Дзякуй, адразу можна пазнаць сапраўднага рыцара; не, вось сюды, калi ласка, паўз цяплiцу; я хачу Вам паказаць сёе-тое, што належыць да Вашага рамяства, i, прашу Вас, не трэба заляцанняў, гэта лiшняе; не варта выпрабоўваць тут сваiх комплексаў з танцавальных урокаў, калi ласка; мне семдзесят, Вам семдзесят тры, не цалуйце мне ручку i не рабiце старэчых залётаў; гэта ўсё абы-што, кiньце; паслухай мяне: бачыш, што там за ясна-зялёнай шыбiнай у цяплiцы? Ага, гэта зброя, гэта збраёўня нашага добрага садоўнiка: з гэтага страляюць па зайцах i курапатках, па варонах i казулях, бо наш садоўнiк - заўзяты паляўнiчы, а вось там, памiж стрэльбаў, ляжыць такi ладны, зручны, чорны прадмет - пiсталет; а зараз выкладвай тое, чаму цябе навучылi, калi ты быў фэнрыхам цi лейтэнантам; скажы: цi гэтая рэч сапраўды сур'ёзная зброя, цi з яе каго-небудзь можна застрэлiць? Толькi не трэба палатнець, стары галаварэз; ты ж цэнтнерамi паглынаў бычынае прычасце, а цяпер во млееш, калi я табе задаю пару зусiм простых пытанняў; не трэба так дрыжаць; я, хоць трохi й "таго", але не буду настаўляць пiсталета да тваiх сямiдзесяцiтрохгадовых грудзей i не дам дзяржаве магчымасцi сэканомiць на тваёй пенсii; у мяне няма такога намеру, каб даваць дзяржаве на нечым сэканомiць; дай мне на мае па-вайсковаму дакладныя пытаннi таксама па-вайсковаму дакладны адказ: цi можна гэтай штукай каго-небудзь забiць? Можна? Добра. Якая адлегласць гарантуе найбольшую трапнасць стрэлаў? Дзесяць, дванаццаць, самае большае дваццаць пяць метраў? Божухна, не хвалюйцеся так, прашу Вас! Як могуць гэтак баяцца старыя генералы... што, Вы паведамiце пра гэта? Тут няма каму паведамляць; так Вам убiлi ў галаву гэтыя паведамленнi, даклады, што Вы не можаце без iх абыцца, праўда? Добра ўжо, пацалуйце мне ручку, але язык трымайце за зубамi; а заўтра ўраннi Вы будзеце прыслугоўваць да iмшы, зрузумела? У нас тут яшчэ не было такога гожага, сiвавалосага, высокага касцельнага служкi; ты што, жартаў не разумееш? Зброя мяне цiкавiць гэтаксама, як цябе - сектар абстрэлу; няўжо ты яшчэ не дапяў, што няпiсаныя законы гэтага ўтульнага дома дазваляюць кожнаму мець свой якi-небудзь бзiк; у цябе вось бзiк "сектара абстрэлу"; поўная сакрэтнасць, "сектар абстрэлу"; прыпомнi сваё добрае выхаванне - "Наперад! Ура! Гiндэнбург...": во, бачыш, табе гэта даспадобы; трэба толькi выбраць адпаведныя словы... давай павернем цяпер i пройдзем каля каплiцы; цi не хочаш зайсцi i агледзець месца сваёй будучай дзейнасцi? Спакойна, стары; але ж яшчэ памятаеш, што трэба зняць капялюш, абмачыць пальцы правай рукi ў свянцонай вадзе; цяпер перахрысцiцца; так, вельмi добра; а зараз укленчыць, паглядзець на вечную лампадку, прачытаць малiтвы "Ave Maria" ды "Ойча наш" - зусiм цiхутка; каталiцкае выхаванне - гэта тое, што трэба; цяпер падняцца, абмачыць пальцы ў свянцонай вадзе, перахрысцiцца, даць дарогу панi, насунуць капялюш - цудоўна, i вось мы зноўку тут: летнi адвячорак, гожыя дрэвы ў гожым парку, невялiкая лаўка: "Наперад! Ура! Гандэнбург" табе падабаецца, праўда? Як табе падабаецца iншае: "мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн"; табе даспадобы, праўда? Жарты свае кiнь: пасля Вердэна з гэткiмi жартамi, уласна, было скончана; там паляглi апошнiя мужчыны-рыцары... палегла зашмат рыцараў, зашмат каханкаў - як на адзiн раз, зашмат маладых i добра выхаваных людзей; ты не спрабаваў калi-небудзь падлiчыць, колькi поту, пралiтага педагогамi, за тыя паўтара месяца было зведзена на нiшто? Дарэмна! Чаму вам нiколi не прыходзiла ў галаву, каб адразу пасля выпускных iспытаў на памочнiка майстра цi памочнiка гандляра проста ў калiдоры рамеснай цi гандлёвай школы паставiць кулямёт i пастраляць усiх тых маладых хлапцоў, на радасных тварах якiх напiсана: "здаў!"? Мяркуеш, што я перабольшваю? Ну, тады дазволь табе растлумачыць, што праўда - гэта найвялiкшае перабольшванне; я сама яшчэ таньчыла з выпускнiкамi 1905, 1906 i 1907 гадоў i брала ўдзел у вечарынах разам з гэтымi аматарамi фуражак i пiва... але з тых трох выпускаў больш як палова палегла пад Вердэнам. Як ты думаеш, колькi засталося жывых з выпускаў 1935, 1936, 1937 гадоў, альбо 1941, цi 1942 - можаш узяць любы год, усё адно; i не пачынай зноў дрыжаць; я зусiм не ведала, што стары генерал можа так баяцца; можаш узяцца за мае рукi; як мяне завуць? Запомнi сабе: тут пра гэта не пытаюцца, тут нi ў кога няма вiзiтовак, i на брудэршафт тут таксама не п'юць; адно без дазволу кажуць адно аднаму "ты", ведаючы, што ўсе людзi браты, хай сабе i браты, якiя варагуюць; адны частавалiся авечым прычасцем iх вельмi мала, стары, - а iншыя - прычасцем бычыным; а завуць мяне "Мне Патрэбны Карабiн", а прозвiшча маё "Наперад! Ура! I Гiндэнбург"; адкiнь усе свае мяшчанскiя прымхi i ўяўленнi "як трэба жыць"; тут пануе бяскласавае грамадства, i не трэба скардзiцца мне з прычыны прайгранай вайны. Божа мой, вы iх i сапраўды прайгралi, дзве запар? Такому, як ты, я б зычыла прайграць сем войнаў! А зараз перастань ныць; я напляваць хацела на тое, колькi войнаў ты прайграў; страта дзяцей куды горшая за страту перамогi; тут, у Дэнклiнгене, ты можаш прыслугоўваць да iмшы, надзвычай пачэсны занятак, i не кажы мне нiчога пра будучыню Нямеччыны; я чытала ў газеце, што будучыня Нямеччыны дакладна забяспечана. Калi ўжо табе так трэба плакаць, дык не плач гэтак плаксiва; што, цябе пакрыўдзiлi? Абразiлi твой гонар? Якая карысць ад гонару, калi першы лепшы чужынец можа яго закрануць, цi не праўда? Але цяпер ты можаш радавацца: у гэтай установе ты маеш добрае сховiшча; тут чуюць найменшы боль душы, тут паважаюць усялякiя комплексы; усё залежыць толькi ад таго, колькi ў цябе грошай: калi ты бедны, цябе будуць лячыць кухталямi i халоднай як лёд вадою, але тут разумеюць кожную тваю слабасць: калi захочаш, можаш нават мець выхадныя i схадзiць у Дэнклiнген на пiва; табе трэба будзе толькi крычаць: "Сектар абстрэлу! Сектар абстрэлу для другой, сектар абстрэлу для трэцяй армii!" - i хтосьцi адкажа: "Слухаю, гэр генерал!"; час успрымаецца тут не як цэлае, а толькi як часткi; ён тут нiколi не зможа зрабiцца гiсторыяй, разумееш? Я ахвотна табе паверу, што ты ўжо бачыў мае вочы ў кагосьцi, хто меў шнар на пераноссi; я табе паверу, але гэткiя даныя i гэткiя асацыяцыi тут забароненыя; тут заўсёды сёння, сёння бiтва пад Вердэнам, сёння памёр Генрых, загiнуў Ота; сёння 31 мая 1942 года; сёння Генрых шапнуў мне ў вуха: "Наперад! Ура! I Гiндэнбург"; ты ведаў яго, пацiскаў яму руку цi, дакладней, ён табе пацiскаў; добра, але давай крыху папрацуем; я яшчэ памятаю, якая малiтва давалася касцельным служкам найцяжэй: я вучыла яе разам са сваiм сынам Отам, слухала, як ён чытаў яе мне: "Suscipiat Dominus sacrificium de manibus tuis ad laudem et gloriam nominis sui"*, a цяпер самае цяжкае, стары, - "Ad utilitatem quoque nostram, totiusque Ecclesiae sua sanctae"**, - паўтарай за мною, стары; ды не, не "utilatem", a "ad utilitatem", гэтую памылку робяць усе; калi хочаш, напiшу табе тэкст на картачцы, альбо чытай яго са свайго малiтоўнiка... а цяпер adieu***, час iсцi на вячэру. "Сектар абстрэлу"; смачна табе пад'есцi..." * Няхай прыме Госпад ахвяру з рук тваiх дзеля хвалы i славы iмя свайго... (лац.). ** ...а таксама дзеля карысцi нашае i ўсёй святой Царквы сваёй (лац.). *** Да пабачэння (франц.). Па шырокiх чорных дарожках паўз каплiцу, назад да парнiка; толькi муры былi за сведкаў, як яна адчынiла ключом дзверы, каля парожнiх кветкавых гаршчэчкаў i градак, што пахлi гнiллю, прайшла ў каморку садоўнiка; зняўшы са стаяка пiсталет, яна адчынiла чорную сумачку; мяккая скура праглынула пiсталет, замочак лёгка зашчоўкнуўся; усмiхаючыся, пагладжваючы пустыя кветкавыя гаршчэчкi, яна выйшла з цяплiцы, зачынiла за сабою дзверы; толькi цёмныя муры былi за сведкаў, як яна выцягнула ключ з замка i па шырокiх чорных дарожках вярнулася ў дом. Гупэрц паставiў ёй вячэру на стол у пакоi; гарбата, хлеб, масла, сыр i вяндлiна; потым, падняўшы галаву, ён усмiхнуўся: - У Вас сёння проста цудоўны выгляд. - Так, - сказала яна, паклала сумачку на камод, зняла капялюш са сваёй цёмнавалосай галавы i спыталася: - Цi не мог бы садоўнiк прынесцi мне якiх дзве-тры кветкi? - Яго няма, - адказаў Гупэрц. - У яго выхадны да заўтрашняга вечара. - I што, больш нiкому не дазваляецца заходзiць у цяплiцу? - Hе, шаноўная панi, у гэтым ён надзвычай суровы. - Тады мне давядзецца чакаць да заўтрашняга вечара альбо купiць якiя-небудзь кветкi ў Дэнклiнгене цi ў Додрынгене. - Вы хочаце выйсцi на шпацыр, шаноўная панi? - Магчыма, магчыма, выйду; такi пекны вечар; мне ж гэта дазволена, праўда? - Вядома ж, вядома ж, дазволена... А можа, усё ж затэлефанаваць пану радцы цi пану доктару? - Я гэта зраблю сама, Гупэрц; прашу толькi злучыць мяне з горадам, але надоўга, добра? - Слухаю, шаноўная панi. Калi Гупэрц пайшоў, яна адчынiла акно i кiнула ключ ад садоўнiкавай каморкi ў яму з кампостам, потым зачынiла акно, налiла сабе ў кубак гарбаты з малаком, села, прысунуўшы блiжэй да сябе тэлефон; "Хадзем, хадзем", сказала яна цiха i паспрабавала левай рукою суняць дрыжанне правай, у якой яна трымала слухаўку. "Хадзем, хадзем, - сказала яна, - я гатова са смерцю ў сумачцы вярнуцца да жыцця; нiхто не ведаў, што будзе досыць гэтага дотыку халаднаватага металу, яны занадта лiтаральна зразумелi слова "карабiн"; мне не трэба карабiна, пiсталет таксама добра... хадзем, хадзем; скажы мне, колькi часу; хадзем... скажы мне гэта, лагодны голас, ты ўсё яшчэ той самы i пад тым самым тэлефонным нумарам?" Яна ўзяла трубку ў левую руку, пачула доўгi сiгнал станцыi. "Варта Гупэрцу толькi нацiснуць на гузiк - i ўсё вернецца: час, сусвет, сучаснасць, нямецкая будучыня; мне вельмi цiкава, як яна будзе выглядаць, калi я выйду з гэтага заклятага замка". Правай рукой яна накруцiла нумар: адзiн-адзiн-адзiн i пачула лагодны голас: - У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, трыццаць секунд. Прыгнечаная цiшыня, востры гук гонга, зноў лагодны голас: - У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, сорак секунд. Час наплываў на яе твар, робячы яго смяротна-бляклым, а голас тым часам гаварыў: - ...Семнаццатая гадзiна пяцьдзесят дзевяць хвiлiн... дзесяць... дваццаць... трыццаць... сорак... пяцьдзесят секунд... Рэзкi ўдар гонга: - ...Васемнаццатая гадзiна, шостага верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, - сказаў лагодны голас. ...Генрыху споўнiлася б сорак восем, Ёганне - сорак дзевяць, а Оце сорак адзiн; Ёзэфу цяпер дваццаць два гады, Рут - дзевятнаццаць... Голас у трубцы сказаў: - У момант гучання сiгналу часу прамiне васемнаццатая гадзiна i адна хвiлiна. ...Памалу, iначай я i сапраўды звар'яцею; гульня робiцца зусiм сур'ёзнаю, i я канчаткова вярнуся ў вечнае сёння; парога ўжо не знайду, буду бегаць вакол высокiх муроў, што пазарасталi з усiх бакоў, буду бегаць, не знаходзячы ўвахода; вiзiтная картка часу - нiбы выклiк на дуэль, але яго немагчыма прыняць: цяпер шостае верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, васемнаццатая гадзiна, адна хвiлiна i сорак секунд; помслiвы кулак раструшчыў маё кiшэннае люстэрка, засталiся толькi два кавалачкi, у якiх адбiваецца смяротная блякласць майго твару; я ж чула, як некалькi гадзiн запар грымелi выбухi, чула абураны людскi шэпт: "Яны ўзарвалi нашае абацтва" - вартаўнiкi i прыдзвернiкi, садоўнiкi i вучнi пекара перадавалi адзiн аднаму гэтую жахлiвую навiну, якую я не лiчу гэткай жахлiвай; сектар абстрэлу, чырвоны шнар над пераноссем, цёмна-сiнiя вочы... Хто гэта мог быць? Цi ён? Хто? Я ўзарвала б усе на свеце абацтвы, каб можна было вярнуць Генрыха, уваскрасiць Ёганну, Фэрдзi, кельнера, прозвiшча якога было Гроль, i Эдыт - i каб я магла зразумець, кiм быў Ота; ён загiнуў пад Кiевам, гэта гучыць так недарэчна i пахне гiсторыяй; хадзем, стары, не будзем больш гуляць у хованкi: сёння табе спаўняецца восемдзесят, а мне ўжо семдзесят адзiн; i з дзесяцi - дванаццацi метраў можна стрэлiць трапна; хадзем да мяне - вы, гады, тыднi i днi, гадзiны i хвiлiны; колькi ж там секундаў? "...Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i дваццаць секунд..." Я пакiдаю сваю папяровую лодачку i кiдаюся ў акiян; смяротная блякласць; мажлiва, я вытрываю гэта. "...Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i трыццаць секунд" гучанне гэтых слоў прыспешвае мяне: хадзем, мне нельга марнаваць часу, губляць хоць адну лiшнюю секунду, хутчэй; фройляйн, фройляйн - чаму Вы не адказваеце? Фройляйн, фройляйн, мне трэба таксi; хутка, вельмi тэрмiнова, прашу Вас, памажыце мне; пласцiнкi адказу не даюць, гэта я павiнна была памятаць; трэба пакласцi слухаўку, падняць слухаўку, накруцiць нумар: адзiн-адзiн-два... Цi замаўляюць таксi ўсё яшчэ па тым самым нумары, што i раней? - ...Вы зможаце паглядзець у Дэнклiнгене, - сказаў лагодны голас, айчынны фiльм "Моргаскiя браты"; пачатак сеансаў а васемнаццатай гадзiне i а дваццатай гадзiне пяцьдзесят хвiлiн... У додрынгенаўскiм кiнатэатры iдзе знакамiты фiльм "Што можа каханне?"... ...Цiха, цiха, мая лодачка знiшчана, але хiба я не навучылася плаваць у Блюхербадзе ў 1905 годзе? Тады ў мяне быў чорны купальнiк з фальбонкамi i хвартушком; я скакала ў ваду, галавою ўнiз, з вышынi аднаго метра; ...узяць сябе ў рукi, набраць паветра; ты навучылася плаваць - a што там прапануе лагодны голас пад нумарам адзiн-адзiн-тры? - ...Калi ўвечары да Вас завiтаюць госцi, мы можам параiць вам смачнае i адначасна таннае меню: на першае грэнкi, запечаныя з сырам i вяндлiнай, потым зялёны гарошак са смятанаю i да яго лёгкi бульбяны пудынг, а таксама шнiцэль проста з рушту... - Фройляйн, фройляйн!.. - Я ведаю, што грамафонныя кружэлкi адказаць не могуць. - ...Госцi ацэняць знакамiтыя здольнасцi гаспадынi... ...Нацiснуць на рычагi i зноў накруцiць - адзiн-адзiн-чатыры. Лагодны голас: - ...значыць, вы паўкладалi ўвесь неабходны для кемпiнга рыштунак, падрыхтавалi гатовыя запасы, i прашу не забываць: калi Вы паставiце машыну на стромкiм схiле, трэба нацiснуць на ручны гамулец; а цяпер зычым Вам добрага нядзельнага адпачынку ў коле сям'i... ...Hе дам сабе рады; занадта многа часу трэба надрабляць; усё больш палатнее мой твар, не паяўляюцца слёзы на маiм закамянелым твары, адмоўлены, дарма патрачаны час, нiбы цвёрды камяк хлуснi, засеў ува мне; люстэрка, кавалачкi пабiтага люстэрка; скажыце мне, цi мае валасы сапраўды пасiвелi ў катоўнях гэтых лагодных галасоў? Адзiн-адзiн-пяць - заспаны голас: - Слухаю. Тэлефонная станцыя Дэнклiнген. - Цi чуеце Вы мяне, фройляйн? Цi чуеце? - Чую Вас. Смех. - Мне трэба тэрмiновае злучэнне з канторай архiтэктара Фэмеля. Модэстгасэ, дом сем альбо восем; абодва адрасы Вы знойдзеце з прозвiшчам Фамель, дзетка. Вы не будзеце злаваць на мяне, калi я буду называць вас дзеткаю? - Ды не, што Вы, шаноўная панi... - Гэта вельмi тэрмiнова. Пачулася шалясценне паперы. - У мяне тут у спiсе пан Генрых Фэмель i пан доктар Роберт Фэмель. Вам сувязь з кiм? - З Генрыхам Фэмелем. - Прашу не класцi трубку. Цi тэлефонны апарат, як i даўней, стаiць на падаконнi - гэтак, што, тэлефануючы, ён можа глядзець на вулiцу i на дом на Модэстгасэ, восем, дзе яго дзецi гулялi на тэрасе, а таксама - унiз, на Грэцаву краму, перад дзвярыма якой вiсеў дзiк; цi там напраўду ў гэтай хвiлi звонiць тэлефон? Яна чула сiгналы выклiку, а прамежкi маўчання памiж iмi здавалiся ёй бясконца доўгiмi. - Вельмi шкада, шаноўная панi: там нiхто не адказвае. - Калi ласка, паспрабуйце набраць другi нумар. - Набiраю... Няма, няма адказу. - У такiм разе, дзетка, замоўце мне таксi. - З ахвотаю. Куды? - Да дэнклiнгенаўскай лякарнi. - Зараз зраблю, шаноўная панi. - Вось, Гупэрц, можаце забраць гарбату, хлеб i закуску. I, калi ласка, я б хацела застацца адна; калi таксi заедзе ў алею, я яго ўжо неяк убачу; не, дзякуй, болей нiчога не трэба; Вы i праўда не грамафонная кружэлка? Ах, прабачце, я зусiм не хацела Вас пакрыўдзiць... гэта быў толькi жарт; дзякуй Вам. Ёй было холадна; яна адчувала, як твар нiбы збiраецца ў зморшчыны твар бабулi, памяты, стомлены; ён адбiваўся ў шыбiне; слёз няма; цi сапраўды ён, гэты час, срэбрам прабраўся ў яе чорныя валасы! Я навучылася плаваць, але не ведала, што вада бывае такая халодная; лагодныя галасы мучылi мяне, заганялi ў мяне сучаснасць; бабуля з серабрыстымi валасамi, гнеў, ператвораны ў мудрасць, думкi пра помсту - прага атрымаць дараванне; нянавiсць пад цукровым глазурам мудрасцi; старэчыя пальцы ўцялiся ў скураную сумачку; золата, якое выносiцца з заклятага замку; выкуп за мяне. Забяры мяне адсюль, мой наймiлейшы, я вяртаюся да цябе. Я буду тваёй сiвавалосай, старой каханай жонкай, добрай маткаю i ласкавай бабуляю, якую можна хвалiць перад усiмi сябрамi; "наша бабуля шмат гадоў была хворая, але вось паправiлася i прынесла з сабой сумачку, поўную золата". Што мы будзем сёння есцi ў Кронэравай кавярнi? Грэнкi, запечаныя з сырам i вяндлiнай, зялёны гарошак са смятанай ды шнiцэль; i цi будзем мы крычаць: "Асанна Давiдавай нявесце, якая вярнулася з заклятага замка"? Свае вiншаваннi нам выкажа Грэц, забойца сваёй мацi; голас крывi ў iм не загаварыў, i ў Оты ён не загаварыў таксама; калi настаўнiк гiмнастыкi будзе праязджаць каля дома на сваёй сiвой клячы, я стрэлю па iм. Ад альтанкi да вулiцы не больш як дзесяць метраў - дыяганальная лiнiя не будзе даўжэйшая за трынаццаць; я папрашу Роберта дакладна ўсё вылiчыць; ва ўсякiм разе гэта месцiцца ў межах найбольшай трапнасцi стрэлу; генерал "Сектар Абстрэлу" мне гэта растлумачыў; ён павiнен ведаць такое, наш сiвагаловы касцельны служка; заўтра ад ранiцы ён заступiць на службу; цi ён да тае пары вывучыць, што трэба казаць не "utilatem", a "ad utilitatem"? Чырвоны шнар над пераноссем... i ўсё ж даслужыўся да гаўптмана; так доўга цягнулася гэтая вайна; шыбы ў вокнах звiнелi пры кожным новым выбуху, i пыл пакрываў падаконнi; я напiсала пальцам на iм: "Эдыт, Эдыт...", я любiла цябе больш, чым мне мог падказаць голас крывi; адкуль ты паявiлася ў нас, Эдыт, скажы, адкуль? Я зморшчваюся ўсё больш i больш; ён панясе мяне на руках з таксi ў Кронэраву кавярню; прыеду якраз без спазнення; цяпер самае позняе шостая гадзiна шэсць хвiлiн i трыццаць секундаў; чорны кулак, поўны помсты, расцiснуў маю памаду; i мае спарахнелыя косцi дрыжаць; баюся, як яны будуць выглядаць, мае сучаснiкi; цi будуць яны тыя самыя людзi, што былi даўней, альбо толькi падобныя да iх? А што з нашым залатым вяселлем, стары; у вераснi 1908 года - ты забыўся? - трынаццатага верасня 1908 года; як ты мяркуеш спраўляць залатое вяселле? Жонка-юбiляр з серабрыстымi валасамi, муж-юбiляр з серабрыстымi валасамi, а наўкола незлiчоная грамада ўнукаў; прабач мне за мой смех, Давiд... ты не быў Аўрамам, але я адчуваю ў сабе крышачку ад смеху Сары, толькi зусiм крышачку: шмат яго ўва мне змяшчаецца; я нясу з сабою толькi арэхавую шкарлупiну смеху ды яшчэ сумачку, поўную золата; але хоць i слабы мой смех, ён хавае ў сабе агромнiстую энергiю, большую за Робертаў дынамiт... Урачыста, вельмi ўрачыста, але занадта марудна вы iдзяце праз алею; наперадзе сын Эдыт, але побач з ёй не Рут; ёй было тры гадкi, калi мяне забралi ад iх, ды я б усё адно пазнала яе, нават калi б убачыла яе васьмiдзесяцiгадовую; гэта не Рут; жэсты рук не забываюцца; у арэхавай шкарлупiне жыве ўжо будучае дрэва; як часта мне даводзiлася бачыць гэткi, як у Рут, жэст - у маёй мацi, калi яна адкiдвала сабе з iлба валасы; дзе ж Рут? Няхай яна мне выбачае... гэта чужая, прыгожая дзяўчына; ах, вось чэрава, якое народзiць тваiх праўнукаў, стары; цi будзе iх сямёра, сем разоў па сямёра? Прабач, што я смяюся: вы паяўляецеся, нiбы герольды, павольна i занадта ўжо ўрачыста; вы хочаце забраць юбiляра-нявесту? Вось я тут, гатовая, зморшчаная, нiбы стары-стары яблык; ты можаш занесцi мяне ў таксi на руках, стары; але хуценька: я не магу цяпер змарнаваць нi секунды; ага, таксi прыехала ўжо: бачыце, як я добра ўмею ўсё арганiзаваць; ва ўсякiм разе як жонка архiтэктара навучылася гэтаму... дайце праехаць таксi, а самi станьце паабапал алеi: справа - Роберт i незнаёмая прыгажуня, злева - стары са сваiм унукам; Роберт, Роберт, хiба гэта тое месца, дзе ты павiнен пакласцi руку каму-небудзь на плячо? Табе трэба дапамагчы, падтрымаць? Хадзi сюды, стары; заходзь, прынясi сюды шчасце... святкуйма i радуймася! Прыйшла нашая часiна! 12 Парцье ўстрывожана паглядаў на гадзiннiк: прамiнула ўжо шостая гадзiна, а Ёхэн усё яшчэ не паявiўся, каб замянiць яго; госць з нумара 11 спаў ужо дваццаць адну гадзiну, павесiўшы на клямку шыльдачку з надпiсам "Прашу не турбаваць"; i ўсё-ткi дагэтуль яшчэ нiхто не адчуў цiшынi смерцi за зачыненымi дзвярыма; не чуваць шэптаў, ляманту пакаёвак; час вячэры: цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, шмат срэбра, агеньчыкi свечак, музыка; да амара пад маянэзам - Моцарт, да мясных страў - Вагнер, пад дэсерт - джаз. У паветры адчувалася бяда; парцье спалохана паглядаў на гадзiннiк: стрэлкi занадта павольна наблiжалiся да пункта, у якiм бяда павiнна зрабiцца вiдавочнай; тэлефонныя званкi адзiн за адным: першае меню ў нумар дванаццаць, трэцяе меню ў дзвесце васемнаццаты нумар, шампанскае - у чатырнаццаты; суботне-нядзельным парушальнiкам шлюбнай вернасцi патрабавалiся стымулятары; пяцёра багатых валацугаў сядзелi ў вестыбюлi, чакаючы аўтобуса, якi меў завезцi iх да начнога самалёта: "...Менавiта так, шаноўная фраў, першая вулiца налева, другая - направа, трэцяя - налева; рымскiя дзiцячыя магiлкi маюць вячэрняе асвятленне; фатаграфаваць дазволена". Бабуля Блейзiк у аддаленым куце пiла свой партвейн i нарэшце перахапiла Гугу, якi чытаў ёй навiны з мясцовай газеты: "Няўдача злодзея-кiшэннiка. Учора ў Эрэнфэльдгюртэлi малады чалавек зрабiў спробу выхапiць сумачку з рук у пажылой жанчыны, але адважная бабулька здолела... Дзяржаўны сакратар Далес..." - Лухта, лухта, - перапынiла яго бабуля Блейзiк, - не хачу слухаць нiчога пра палiтыку цi пра мiжнародныя справы; мяне цiкавяць толькi мясцовыя навiны. I Гуга чытаў далей: - Бургамiстр горада ўшанаваў слыннага баксёра... Час здзеклiва адцягваў выбух бяды; тым часам у рэстаране цiха звiнелi келiхi; на сталы ставiлiся срэбныя талеркi, пад узнёслую музыку пазвоньвалi фарфоравыя талеркi; у дзвярах, што мякка вярнулiся ў абабiтыя лямцам пазы, стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii i жэстамi заклiкаў тых, хто ад'язджае, збiрацца хутчэй; парцье нервова зазiраў у свой нататнiк: "ад 18.30 зарэзерваваць нумар з боку вулiцы для пана М.; з 18.30 - двухмесны нумар для пана радцы Фэмеля з жонкаю, абавязкова з боку вулiцы; а дзевятнаццатай забраць на прагулку сабаку Кэсi з нумара 114"; толькi што якраз гэтай псiне панеслi яечню, згатаваную паводле спецыяльнага рэцэпта: цвёрды жаўток i мяккi бялок, а да яек - моцна засмажаныя кавалачкi каўбасы, i, як заўсёды, гэтая паскудная жывёлiна пачне грэблiва адварочвацца ад яды; госць у адзiнаццатым нумары спiць ужо дваццаць адну гадзiну i васемнаццаць хвiлiн... - Менавiта так, шаноўная фраў, феерверк пачнецца праз паўгадзiны пасля захаду сонца; гэта значыць, недзе а палове восьмай; парад прыхiльнiкаў "Саюза змагароў" павiнен пачацца а дзевятнаццатай пятнаццаць; мне вельмi шкада, але я не магу сказаць Вам, цi пан мiнiстр будзе там. Гуга чытаў голасам хлопчыка, толькi што адпушчанага са школы: "...Айцы горада ўручылi заслужанаму баксёру не толькi пасведчанне ганаровага грамадзянiна, але i залаты жэтон Марсiлiя, якi даецца толькi за самыя вялiкiя заслугi ў галiне культуры. Урачысты вечар скончыўся святочнай бяседай". Багатыя валацугi нарэшце пакiнулi вестыбюль; "калi ласка, панове, урачыстая вячэра левай апазiцыi адбудзецца ў блакiтнай зале... Hе, урачыстая вячэра правай апазiцыi - у жоўтай зале; дарогу паказваюць шыльды з надпiсамi, шаноўны пане; хто там левы, хто правы - па iх не вiдаць; у такiх рэчах найлепей цямiць Ёхэн: у яго беспамылковае чуццё, калi трэба вызначыць прыналежнасць да грамадскiх групаў; ён пазнае сапраўднага пана ў рызманах i пралетарыя ў самым шыкоўным гарнiтуры; ён бы адрознiў левую апазiцыю ад правай; у iх нават заказы меню не рознiлiся памiж сабой.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|