Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 13)
Автор:
|
Бёлль Генрих |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(545 Кб)
- Скачать в формате fb2
(231 Кб)
- Скачать в формате doc
(235 Кб)
- Скачать в формате txt
(229 Кб)
- Скачать в формате html
(232 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|
|
- ...Ты ж не можаш... - Ты не паверыш нават, але якраз у гэткiм люксовым гатэлi можна дазволiць сабе ўсё; мой бацька быў кельнерам; нават у гэтых святых харомах; ты не ўбачыш на iх тварах нi следу здзiўлення, калi будзеш есцi пальцамi i гарохавы суп, хоць гэта ненатуральна i нязручна; але менавiта ненатуральнае i непрактычнае прыцягвае найменей увагi ў такiх рэстаранах; адсюль i высокiя цэны - гэтыя цэны - ад кельнераў, якiя не робяць здзiўленых фiзiяномiй; ну, а есцi хлеб пальцамi i класцi на яго пальцамi рыбу - гэта нельга лiчыць чымсьцi ненатуральным цi нязручным. Усмiхаючыся, ён узяў апошнi кавалак ласася з талеркi i паклаў яго зноў памiж дзвюма грэнкамi. Нэтлiнгер са злосцю паглядзеў на яго. - Напэўна, - сказаў Шрэла, - ты б цяпер ахвотней за ўсё забiў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забiць тады - гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па-сапраўднаму шляхетны чалавек нiколi не схоча падпарадкоўвацца тыранii кельнераў; хоць, вядома, сярод iх ёсць i такiя, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзi. Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкi, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных столiках ставiлiся складаныя прылады - падагравальнiкi яды, на абрус клалася начынне i талеркi, выкарыстаная пасуда прыбiралася; Нэтлiнгеру было прынесена вiно, Шрэле пiва. Нэтлiнгер адпiў з чаркi. - Крышачку залiшне цёплае, - сказаў ён. Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласцi куранят, бульбы i салаты, кiўнуў галавой Нэтлiнгеру i падняў келiх з пiвам, назiраючы, як кельнер палiвае густою цёмна-бураю падлiвай кавалак паляндвiцы на Нэтлiнгеравай талерцы. - А Вакера цi жывы яшчэ? - Натуральна, - адказаў Нэтлiнгер, - яму ж толькi пяцьдзесят восем, i ён - ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, - ён належыць да непапраўных. - Ды што ты? - спытаў Шрэла. - Цi такое напраўду мажлiва - непапраўныя немцы? - Ну, ён шануе тыя самыя традыцыi, якiя шанаваў i ў 1935 годзе. - Гiндэнбург i гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар - цi так? - Менавiта. Гiндэнбург бы i цяпер быў ягоным лозунгам. - А якi твой лозунг? Нэтлiнгер падняў вочы ад талеркi, затрымаў вiдэлец, уваткнуты ў кавалак мяса, якi ён толькi што адрэзаў. - Калi ты ўсё ж здолееш мяне зразумець? - сказаў ён. - Я дэмакрат, дэмакрат паводле сваiх перакананняў. Ён зноў нахiлiўся над паляндвiцаю, падняў вiдэлец з наколатым на яго кавалкам мяса, засунуў мяса ў рот, абцёр губы сурвэткаю i, пахiтваючы галавою, працягнуў руку па чарку з вiном. - А што сталася з Трышлерам? - спытаў Шрэла. - Трышлер? Hе прыпамiнаю нешта. - Стары Трышлер жыў у Нiжнiм Порце - там, дзе карабельныя могiлкi! Хiба ты не памятаеш таксама Алоiса; ён вучыўся з намi ў адным класе? - Ага, - адказаў Нэтлiнгер, накладваючы сабе на талерку сельдэрэевай салаты, - цяпер прыгадваю: гэтага Алоiса мы шукалi колькi тыдняў запар i не здолелi знайсцi, старога ж Трышлера дапытваў сам Вакера, але не выцягнуў з таго нiчога, зусiм нiчога - гэтаксама як i з ягонай жонкi. - Hе ведаеш, цi яны яшчэ жывыя? - Hе ведаю. Але раён, дзе яны жылi, моцна бамбардзiравалi. Калi хочаш, я магу высветлiць, дзе яны i што з iмi. О Божа, - дадаў ён цiха, - што такое, што ты збiраешся рабiць? - Я хачу пайсцi, - адказаў Шрэла, - прабач, але я мушу iсцi. Ён падняўся; стоячы дапiў пiва, махнуў рукой кельнеру i, калi той цiха падышоў да стала, паказаў на падагравальнiк з срэбнай талеркай, дзе астатнiя тры кавалкi курынага мяса скварчэлi ў распушчаным тлушчы. - Калi ласка, - сказаў Шрэла, - цi не маглi б Вы запакаваць мне гэта, каб толькi тлушч не праходзiў? - Ахвотна, - адказаў кельнер, узяў талерку з падагравальнiка, крыху быў нахiлiўся ўперад, каб iсцi, але потым выпрастаўся i спытаў: - Бульбу Вам таксама запакаваць, шаноўны пане, - i, можа, крыху салаты? - Hе, дзякуй, - адказаў Шрэла з усмешкай, - бульба фры зробiцца мяккай, а салата не будзе ўжо мець смаку. Ён дарэмна намагаўся ўбачыць хоць след iронii на дагледжаным твары сiвога кельнера. Нэтлiнгер, падняўшы вочы ад талеркi, зiрнуў на Шрэлу са злосцю. - Добра, - сказаў ён, - ты хочаш мне адпомсцiць, я разумею; але хiба гэта трэба рабiць менавiта гэткiм чынам? - А што, было б лепш, каб я цябе забiў? Нэтлiнгер маўчаў. - Зрэшты, гэта нiякая не помста, - сказаў Шрэла, - мне проста трэба пайсцi адсюль; не магу больш трываць; ды я да канца жыцця рабiў бы сабе папрокi, калi б пакiнуў тут гэтую страву; можа, ты наважышся прыпiсаць гэты ўчынак маёй гаспадарнасцi: каб я цвёрда ведаў, што кельнерам i служкам дазваляецца даядаць рэшткi страваў, я яе не забiраў бы, - але мне вядома, што тут гэтага рабiць не дазволена. Ён падзякаваў служку, што прынёс i дапамог яму апрануць палiто, узяў свой капялюш, яшчэ раз сеў i спытаў у служкi: - Цi ведаеш ты пана Фэмеля? - Ведаю, - адказаў Гуга. - А яго нумар тэлефона? - Ведаю. - Тады зрабi мне ласку i тэлефануй яму праз кожныя паўгадзiны; калi ён адзавецца, скажы яму, што яго хоча бачыць пэўны спадар Шрэла. - Добра. - Я не ўпэўнены, што ў тым месцы, куды мне трэба, ёсць тэлефонныя кабiны, iначай я б паспрабаваў дазванiцца сам. Цi запомнiў ты маё прозвiшча? - Спадар Шрэла, - сказаў Гуга. - Добра. Каля паловы сёмай я затэлефаную сюды i спытаю цябе. Як тваё iмя? - Гуга. - Дзякуй, Гуга. Ён падняўся i зiрнуў зверху на Нэтлiнгера, якi акурат браў з талеркi чарговы кавалак паляндвiцы. - Мне вельмi шкада, - сказаў Шрэла, - што ты глядзiш на мой бязвiнны ўчынак як на акт помсты. Я нiводнай хвiлi не думаў пра помсту, але ты павiнен зразумець, што я зараз хачу пайсцi адсюль; у мяне няма ахвоты занадта доўга заставацца ў гэтым гасцiнным горадзе, а мне сёе-тое яшчэ трэба тут зрабiць. Але ж дазволь яшчэ раз нагадаць табе пра тыя спiсы... - Вядома ж, у любы час я гатовы прыняць цябе, дома цi на службе, як ты схочаш. Шрэла ўзяў з кельнеравых рук акуратна абвязаны белы скрутак, даў кельнеру на чай. - Тлушч не будзе праходзiць, шаноўны пане, - усё запакавана ў цэлафан i пакладзена ў нашу фiрмовую "кардонку на пiкнiкi". - Да пабачэння, - прамовiў Шрэла. Нэтлiнгер, крыху падняўшы галаву, адказаў: - Да пабачэння. - Вядома ж, - тлумачыў Ёхэн якраз у гэтай хвiлi, - i потым вы ўбачыце шыльду: "Да рымскiх дзiцячых магiлак"', там адчынена да восьмай i, калi робiцца цёмна, уключаецца асвятленне, шаноўная панi. Няма за што... дзякуй. Ён, накульгваючы, выйшаў з-за бар'ера i падышоў да Шрэлы, якому служка ўжо быў адчынiў дзверы. - Пане Шрэла, - сказаў ён, - я зраблю ўсё, каб даведацца, дзе можна знайсцi пана доктара Фэмеля; сёе-тое я ўжо высветлiў у Кронэравай кавярнi; а сёмай там адбудзецца сямейная ўрачыстасць у гонар старога пана Фэмеля; там вы яго напэўна ўбачыце. - Дзякуй, - адказаў Шрэла, - вялiкi дзякуй. Ён ведаў, што даваць на чай тут было б не да месца; усмiхнуўшыся старому, ён выйшаў праз дзверы; яны крутанулiся i неўзабаве сталi на месца, у абабiтыя лямцам пазы. 8 Аўтабан па ўсёй яго шырынi быў перагароджаны цяжкiмi шчытамi; мост, якi некалi злучаў у гэтым месцы абодва берагi ракi, быў разбураны: раўнютка адсечаны выбухам ад прычалкаў, iржавыя, разбэрсаныя на канцах кавалкi тросаў звiсалi з пiлонаў; шыльды трохметровай вышынi абвяшчалi тое, што хавалася за iмi, - "СМЕРЦЬ"; скрыжаваныя косткi, у дзесяць разоў пагрозлiва павялiчаны чэрап, намаляваныя асляпляльна белай фарбай на густа-чорным фоне, перасцерагалi навочна тых, каму надпiсу было замала. На гэтай мёртвай дарозе руплiвыя вучнi аўташкол вучылiся пераключаць хуткасцi, прывыкалi да iмклiвай язды, мучылi каробку перадач, даючы заднi ход, рабiлi павароты ўлева i ўправа, прывыкаючы да гэтых паваротаў; па тым насыпе, што цягнуўся ўздоўж пляцовак для гольфу памiж невялiкiмi гародчыкамi, шпацыравалi таксама добра ўбраныя жанчыны i мужчыны, выраз твараў якiх сведчыў, што працоўны дзень скончыўся; яны iшлi наўпрост да берага, да пагрозлiвых шыльдаў, за якiмi хавалiся i, здавалася, пасмiхалiся са смерцi сцiплыя баракi будаўнiкоў; з-за слова "СМЕРЦЬ" цягнуўся ўвысь сiнi дым ад пячурак, на якiх начныя вартаўнiкi падагравалi стравы ў рандэлках з вушкамi, падсмажвалi хлеб; ад жару гэтых пячурак яны скручанымi паперкамi прыпальвалi свае пiпкi. Нязграбна-шыкоўныя сходы ацалелi, не былi разбураныя, i цяпер, цёплымi летнiмi вечарамi, iх выкарыстоўвалi пад сядзенне стомленыя падарожнiкi; з дваццацiметровай вышынi яны маглi адсюль назiраць за тым, як iдуць работы: нырцы ў жоўтых камбiнезонах павольна апускалiся ў ваду, падводзiлi петлi кранавых тросаў да бетонных i жалезных абломкаў моста, i краны выцягвалi на паверхню сваю здабычу, з якой абцякала вада, грузiлi гэтую здабычу на баржы. На высокiх рыштаваннях i хiсткiх памостах, высока каля пiлонаў у "бацяновых гнёздах" рабочыя зварвалi блакiтнымi блiскавiцамi зварачных апаратаў трэснутыя сталёвыя бэлькi, пагнутыя нiты, разразалi разбэрсаныя кавалкi тросаў; слупы-быкi з iх бакавымi апорамi стаялi ў паўнаводнай рацэ, нiбы пустыя вароты, утваралi рамку пад гектар блакiтнай пустэчы; сiрэны падавалi сiгнал: "Рэчышча свабоднае", "Рэчышча занятае"; чырвоныя, зялёныя агнi; ланцугi баржаў везлi вугаль i драўнiну адсюль туды i адтуль сюды. Зялёная рака, весялосць, пакатыя берагi, парослыя лазою, блакiтныя блiскавiцы каля зварачных апаратаў; натрэнiраваныя мужчыны, натрэнiраваныя жанчыны з сур'ёзнымi тварамi, паклаўшы на плечы гольфавыя кii, хадзiлi па бездакорным мурагу ўслед за мячыкамi - васемнаццаць ямак; з гародчыкаў падымаўся дым; лiсцё бабоўнiку, гарозу, старыя слупкi плота ператваралiся ў дым, на небе ён маляваў вясёлыя завiткi, што былi падобныя да эльфаў у мадэрнавым стылi, па-барокаваму скручвалiся, а потым у надвячоркавым небе рвалiся, робячыся знявечанымi фiгурамi - пакуль верхавы вецер не раздзiраў iх на шматкi i не зганяў iх да самага далягляду; дзецi, што гойсалi на самакатах, перакульвалiся на пасыпаных грубым жвiрам паркавых сцежках, разбiвалi сабе да крывi локцi ды каленкi i паказвалi напалоханым матулям свае драпiны i раны, прымушаючы матуляў даваць абяцаннi купiць лiманаду, купiць марожанага; парачкi закаханых, што трымалiся за рукi, цягнула да набярэжных хмызоў, дзе даўно ўжо знiклi сляды паводкi: чарацiны, коркi, бутэлькi i гуталiнавыя бляшанкi; шкiперы сыходзiлi па хiсткiх трапах на бераг, у жанчын у руках былi гаспадарчыя торбы, а ў вачах - упэўненасць; бялiзна лапатала над вышараванымi баржамi ад вячэрняга вятрыскi; зялёныя нагавiцы, чырвоныя блузкi, асляпляльна-белыя прасцiрадлы па-над густою чарнатой свежай смалы, што блiшчала, нiбы японскi лак; кавалкi моста раз-пораз вынырвалi з вады, пакрытыя глеем i багавiннем; за ўсiм гэтым была вiдаць шэрая зграбная постаць Святога Севярына, а ў кавярнi "Бэльвю" стомленая кельнерка, вымавiўшы: "Пiрожных з крэмам болей няма", - абцерла пот з грубаватага твару i пачала мацаць у скураной сумцы, шукаючы дробных грошай. - ...Ёсць толькi яшчэ пясочныя... не, марожанага таксама болей няма. Ёзэф выставiў далонь па дробныя грошы, засунуў манеткi ў кiшэню штаноў, а купюру - у верхнюю кiшэню кашулi; потым ён павярнуўся да Марыяны i расстаўленымi пальцамi правёў па яе цёмных валасах, каб скiнуць з iх рэшткi чарацiнак, пасля гэтага абтрос пясок з яе зялёнага швэдара. - Ты ж гэтак радаваўся сённяшняй урачыстасцi, - сказала яна, - што такое здарылася? - Нiчога не здарылася, - адказаў ён. - Я ж адчуваю: штосьцi змянiлася! - Змянiлася. - I ты не хочаш мне пра гэта сказаць? - Пазней скажу, - адказаў ён, - можа, праз колькi год, а можа, i неўзабаве. Hе ведаю. - Цi гэта мае дачыненне да нас абаiх? - Hе. - Сапраўды не? - Hе. - Да цябе аднаго? - Ага. - Значыць, да нас абаiх. Ёзэф усмiхнуўся: - Натуральна, раз я маю дачыненне да цябе. - Нешта дрэннае? - Ага. - Гэта неяк звязана з тваёй працай? - Звязана. Дай мне твой грэбень, але не круцi галавою; маленькiх пясчынак рукамi я не павымаю. Марыяна выцягнула грэбень з сумачкi i падала яго Ёзэфу цераз плячо; ён на хвiлю затрымаў яе руку. - Я ж заўсёды глядзела, як ты вечарамi, калi рабочых ужо не было, хадзiў уздоўж высокiх штабеляў навюткай цэглы, абмацваў яе, толькi дакранаўся да цаглiн... а ўчора i пазаўчора, бачыла, ты не рабiў гэтага; я ж ведаю твае рукi; i сёння ўраннi ты гэтак рана ад'ехаў. - Я купляў падарунак дзядулю. - Ты паехаў не дзеля падарунка; дзе ты быў? - У горадзе, - сказаў ён, - рама пад фота ўсё яшчэ не была гатовая; i я мусiў чакаць; ты ж памятаеш гэты здымак, дзе мацi трымае мяне за руку, на другой руцэ сядзiць Рут, а дзядуля стаiць за намi? Я папрасiў яго павялiчыць i ведаю, што дзядуля вельмi ўсцешыцца. А потым я пайшоў на Модэстгасэ i дачакаўся, калi бацька - высокi i выпрастаны - выйшаў з канторы, i я пайшоў услед за iм да самага гатэля; паўгадзiны я прастаяў каля гатэля, але ён так i не выйшаў; а заходзiць i пытацца пра яго мне не хацелася; я хацеў адно бачыць яго - i ўбачыў: элегантнага пана ў росквiтным узросце. Ён адпусцiў Марыяну, схаваў грэбень сабе ў кiшэнь, паклаў рукi дзяўчыне на плечы i сказаў: - Калi ласка, не абарочвайся; гэтак мне зручней гаварыць. - Зручней манiць? - Магчыма, - адказаў ён, - ды лепш сказаць: замоўчваць. Над яе вухам i цераз тэрасу кавярнi ён мог бачыць сярэдзiну ракi, i ён зайздросцiў рабочаму, якi амаль на шасцiдзесяцiметровай вышынi вiсеў у жалезным кашы каля пiлона i крэслiў зваркаю ў небе блакiтныя блiскавiцы; скавыталi сiрэны; унiзе каля кавярнi ўздоўж адхону хадзiў марожаншчык, выкрыкваючы: "Марожанае! Марожанае!", а потым змаўкаў, накладваючы порцыi ў крохкiя вафлi; за ракою была вiдна шэрая постаць Святога Севярына. - Гэта мусiць быць нешта вельмi дрэннае, - сказала Марыяна. - Напэўна, - пацвердзiў ён, - гэта досыць дрэнна, a можа, i не - яшчэ не ведаю. - Нейкiя ўнутраныя цi знешнiя акалiчнасцi? - Унутраныя, - адказаў ён. - Ва ўсякiм разе я сёння апоўднi паведамiў Клубрынгеру, што адмаўляюся ад працы ў яго; не абарочвайся, iнакш не скажу больш нiводнага слова. Ён зняў далонi з Марыянiных плеч, абшчапiў рукамi галаву дзяўчыны i павярнуў яе ў бок моста. - А што скажа твой дзядуля, калi даведаецца пра тваю адмову? Ён гэтак ганарыўся табою, кожная Клубрынгерава пахвала была яму нiбы мёд да вуснаў; i ён так прывязаны да абацтва; нельга яму сёння казаць пра гэта. - Мабыць, яму скажуць, перш чым мы ўбачымся з iм; ты ж ведаеш, што яны з бацькам паедуць у абацтва пiць каву перад урачыстай вечарынаю. - Ведаю, - сказала яна. - Мне шкада дзядулю; ты ведаеш, як я яго люблю; сёння пасля поўдня ён абавязкова пабывае там пасля таго, як наведае бабулю; а пакуль што я не магу болей бачыць цэглу i нюхаць муравальны раствор. - Пакуль што? - Ага. - А што скажа твой бацька? - О, - сказаў ён хутка, - яму будзе прыкравата толькi перад дзядулем; ён нiколi не цiкавiўся стваральным бокам архiтэктуры, а толькi формуламi; стой, не абарочвайся. - Значыць, гэта мае дачыненне да твайго бацькi - я адчуваю гэта; з вялiкай цiкаўнасцю чакаю, калi нарэшце ўбачу яго; па тэлефоне я з iм колькi разоў ужо размаўляла; гледзячы па ўсiм, ён мне спадабаецца. - Ён табе спадабаецца. I ты ўбачыш яго не пазней як сёння ўвечары. - Мне таксама трэба iсцi з табою на вечарыну? - Абавязкова. Ты сабе не ўяўляеш, як узрадуецца дзядуля: ён жа недвухсэнсоўна запрасiў цябе. Яна паспрабавала вызвалiць галаву, але ён засмяяўся, ухапiўся за яе скронi яшчэ мацней i сказаў: - Hе варушыся. Гэтак мне куды зручней размаўляць з табою. - I манiць. - Замоўчваць, - сказаў ён. - Ты любiш свайго бацьку? - Люблю. Асаблiва з той хвiлi, калi даведаўся, якi ён яшчэ малады. - Ты не ведаў, колькi яму гадоў? - Hе ведаў. Я думаў, што яму пяцьдзесят, можа, нават пяцьдзесят пяць смешна, але я нiколi не цiкавiўся, колькi яму дакладна, я папросту спужаўся, калi пазаўчора атрымаў сваю метрыку i прачытаў у ёй, што бацьку толькi сорак тры гады; малады, праўда? - Праўда, - адказала яна. - А табе дваццаць два. - Ага. I амаль да двух гадоў маё прозвiшча было не Фэмель, а Шрэла; дзiўнаватае прозвiшча, ты згодна? - I праз гэта ты злуеш на яго? - Я не злую на яго. - I якое такое лiха ён зрабiў, што ў цябе зусiм прапала ахвота будаваць? - Я не разумею, пра што ты... - Ну, добра... але чаму ён нiколi не наведваў цябе ў абацтве? - Вiдавочна, яго зусiм не цiкавяць будаўнiчыя пляцоўкi, i, магчыма, у маленстве яны зачаста ездзiлi ў абацтва; можа, ён крыху дзiкаваты; часам, калi я знянацку заяўляюся дадому, ён сядзiць у гасцёўнi пры пiсьмовым стале i крэмзае формулы на палях рысункаў-фотакопiй - у яго iх цэлая калекцыя, але, думаю, бацька табе спадабаецца. - Ты мне нiколi не паказваў ягонае фота. - У мяне няма нiводнага новага; у яго вопратцы i паводзiнах ёсць нешта такое кранальна-старасвецкае, ён такi ветлiвы, гжэчны - куды болей старасвецкi, чым дзядуля! - Мне так карцiць убачыць яго. Можна, я цяпер павярнуся? - Можна. Ён адпусцiў яе галаву, паспрабаваў усмiхнуцца, калi Марыяна раптоўна павярнулася, але позiрк яе круглых светла-шэрых вачэй патушыў яго вымушаную ўсмешку. - Чаму ты не кажаш мне пра гэта? - Бо сам таго яшчэ не разумею. Як зразумею - дык раскажу табе; але гэта можа цягнуцца доўга; што, паедзем? - Паедзем, - адказала яна. - Твой дзядуля неўзабаве будзе на месцы, не трэба прымушаць яго чакаць; калi яму раскажуць пра ўсё, перш чым вы сустрэнецеся, яму будзе прыкра; i, калi ласка, паабяцай мне, што ты зноў не памчыш на гэты жахлiвы шчыт, каб у апошняй хвiлi затармазiць. - Толькi што, - сказаў ён, - я ўявiў сабе, нiбыта пералятаю цераз бар'ер, змятаю з дарогi баракi i з насыпу, як з трамплiна, скачу разам з машынай у ваду... - Значыць, ты мяне не кахаеш. - Ах, Божа мой, - сказаў ён, - гэта ўсяго толькi гульня. Ён пацягнуў Марыяну за сабою. Яны пайшлi ўнiз па сходах, што вялi да рачнога берага. - Мне сапраўды вельмi прыкра, - сказаў Ёзэф, - што дзядуля мусiць даведацца пра гэта акурат у той дзень, калi яму споўнiлася восемдзесят. - А ты не можаш як-небудзь засцерагчы яго ад гэтага? - Ад самога факта - не, але ад паведамлення можна, калi яму не раскажуць раней. Ёзэф адчынiў дзверцы машыны, сеў за руль, адчынiў Марыяне другiя дзверцы знутры; i калi яна села побач, ён абняў яе рукою. - Цяпер паслухай, - сказаў ён, - гэта ж зусiм проста: дыстанцыя - роўна чатыры з паловаю кiламетры; мне трэба трыста метраў, каб разагнацца да ста дваццацi на гадзiну, a на тое, каб затармазiць - яшчэ трыста метраў, прытым я лiчу з вялiкiм запасам; значыць, усяго каля чатырох кiламетраў; ты павiнна толькi глядзець на гадзiннiк i сказаць мне, калi пройдуць дзве хвiлiны, каб я пачаў тармазiць. Hе разумееш? Я б хацеў проста даведацца, колькi можна выцiснуць з гэтае калымагi. - Гэта - жахлiвая гульня, - сказала яна. - Калi б я здолеў набраць сто восемдзесят, мне было б трэба толькi дваццаць секунд, тады б i тармазны шлях быў даўжэйшы. - Калi ласка, не рабi гэтага. - Ты баiшся? - Баюся. - Добра, тады я не буду. Цi можна мне разагнацца хоць бы да васьмiдзесяцi? - Няхай так, раз табе ўжо хочацца гэтага. - Можаш нават не глядзець на гадзiннiк; я магу ехаць "на вока", а потым вымераю адлегласць, на якой я тармазiў, разумееш? Хачу проста ведаць, цi не дураць нам галаву з гэтымi спiдометрамi. Ён завёў матор, праехаў паволi вузкiмi вулачкамi маляўнiчай адпачынкавай зоны, праiмчаўся паўз агароджу пляцоўкi для гольфа i спынiўся каля выезду на аўтабан. - Паслухай, - сказаў ён, - едучы восемдзесят на гадзiну, мне спатрэбiцца роўна тры хвiлiны; гэта сапраўды зусiм бяспечна; калi табе боязна, можаш тут вылезцi i чакаць мяне. - Hе, аднаго цябе я не пушчу. - Гэта ж апошнi раз, - пачаў ён тлумачыць. - Мажлiва, заўтра мяне тут ужо не будзе, а дзе-небудзь у iншым месцы такую магчымасць наўрад цi атрымаеш. - Але ж лепш паспрабаваць рабiць гэта на звычайнай шашы. - Hе. Мне ўласна карцiць затармазiць перад самым шчытом. Ён пацалаваў Марыяну ў шчаку. - Ведаеш, што я зраблю? - Hе. - Я паеду сорак кiламетраў на гадзiну. Яна ўсмiхнулася, калi Ёзэф рушыў, але ўсё-такi паглядзела на спiдометр. - Глядзi, - сказаў ён, калi машына праехала каля кiламетровага слупка з лiчбаю "5", - цяпер глядзi на гадзiннiк i падлiчы, колькi часу нам будзе трэба да слупка "9"; я еду дакладна сорак. Нiбы засаўкi агромнiстых брамаў, далёка наперадзе перад яе вачыма паяўлялiся шчыты; спачатку яны былi падобныя да бар'ераў, потым рабiлiся большыя i большыя з няўмольнай няспыннасцю; тое, што здалёк нагадвала чорнага павука, аказалася скрыжаванымi косткамi; а тое, што было нiбы нейкi дзiўны гузiк, ператварылася ў чэрап, павялiчвалася, як павялiчвалася, наблiжаючыся да яе, i ўжо, здавалася, амаль дакраналася да радыятара вялiзная лiтара "е" ў слове "смерць"; гэтая лiтара выглядала нiбы разяўлены рот, якi хацеў выкрыкнуць нешта страшнае; стрэлка спiдометра дрыжала памiж лiчбамi "90" i "100"; у вокнах машыны прамiльгвалi дзецi на самакатах, мужчыны i жанчыны, на тварах якiх ужо не было выразу "пасля працоўнага дня"; яны асцерагальна махалi рукамi, яны рэзка крычалi, i тыя крыкi нагадвалi крыкi чорных птахаў-вестуноў смерцi. - Слухай, - сказала цiха Марыяна, - ты яшчэ тут? - Вядома ж; i дакладна ведаю, дзе я, - адказаў ён, углядаючыся ў лiтару "е" ў слове "смерць", - не хвалюйся. Перад самым канцом працоўнага дня майстар з прадпрыемства, што займаецца разбiраннем руiн, павёў яго ў рэфекторый; там у куце на транспарцёр загружаўся, а з транспарцёра на грузавiкi выгружаўся друз; ад вiльгацi, якой ён увесь набрыняў, з рэшткаў цэглы, бетону i гразi невядомага паходжання ўтварылiся лепкiя груды; вiльгаць плямамi павыступала на сценах; гэтыя плямы, спачатку цёмныя, потым святлейшыя, павялiчвалiся па меры таго, як меншала гара друзу; з-пад плямаў прабiвалася нешта чырвонае, блакiтнае i залатое - сляды фрэсак, якiя, як падалося майстру, былi каштоўнымi: сцэна таемнай вячэры, пакрытая цвiллю; залаты келiх, белая аблатка, твар Хрыста; светлая скура i цёмная барада, каштанавыя валасы апостала Iаана; "зiрнiце, пане Фэмель, сюды; гэта цёмная скура Юдавага скуранога кашалька"; майстар, узяўшы ў руку сухую анучу, беражлiва ачысцiў частку роспiсу ад цвiлi; паркалёвы абрус, дванаццаць апосталаў; цяпер можна было добра разгледзець iх ногi, берагi абруса, падлогу залы таемнай вячэры, выкладзеную плiтамi; ён, усмiхнуўшыся, паклаў майстру руку на плячо i сказаў: - Добра, што Вы мяне паклiкалi; вядома ж, фрэску трэба захаваць; трэба ачысцiць i прасушыць яе, пакуль яна яшчэ больш-менш цэлая. I ён ужо хацеў быў iсцi; на стале стаялi гарбата, хлеб, масла i селядцы; як звычайна, у пятнiцу пасля працы была рыба; Марыяна ўжо выехала са Штэлiнгерс-Гротэ, каб выправiцца разам з iм на шпацыр - i тут ён убачыў, перш чым паспеў адвярнуцца, у нiжняй частцы роспiсу, справа, лiтары "XYZX"; ён сотнi разоў бачыў тыя бацькавы "X", "Y" i "Z", калi бацька дапамагаў яму рабiць хатнiя заданнi па матэматыцы; i цяпер яны зноў былi ў яго перад вачыма - над прабоiнай ад выбуху ў падвальнай столi памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра; калоны рэфекторныя былi разбiтыя на часткi, скляпенне разбуранае; застаўся толькi кавалак сцяны з "Таемнай вячэрай" ды лiтары "XYZX". - Што здарылася, пане Фэмель? - спытаў майстар i паклаў руку яму на плячо. - Вы ж зусiм спалатнелi... а можа, гэта ад Вашага кахання? - Толькi ад кахання, - адказаў ён, - толькi ад яго. Вам няма чаго турбавацца, i вялiкi дзякуй за тое, што мяне паклiкалi. Ужо нясмачныя былi яму i гарбата, i хлеб, i масла, i селядцы; пятнiца, рыбны дзень; нават цыгарэта была яму нясмачная; ён абышоў усе будынкi абацтва, пасля завярнуў за галоўны касцёл да прытулку пiлiгрымаў, шукаючы ўсюды тых месцаў, якiя б маглi мець важнае значэнне з пункту гледжання статыкi; але ён знайшоў толькi адну, адну-адзiную маленькую лiтару "iкс" у пiўнiцы прытулку; немагчыма было зблытаць з якiм iншым бацькаў почырк таксама як бацькаў твар, бацькаву хаду, усмешку, строгую ветлiвасць бацькавых рухаў тады, калi ён налiваў вiно альбо перадаваў над сталом хлеб; яго маленькi "iкс"; доктар Роберт Фэмель, кантора статычных разлiкаў. - Прашу, прашу цябе, - вымавiла Марыяна, - апамятайся! - Я ўжо апамятаўся, - адказаў ён, адпусцiў педаль газу, паставiў левую нагу на педаль счаплення, а правай нацiснуў на тормаз; скрыгочучы, вiхляючы ў абодва бакi, машына падсунулася да самай лiтары "е" ў слове "смерць", падняўшы пыл, тармазы завiскаталi, да машыны, размахваючы рукамi, беглi спалоханыя пешаходы; памiж словам "смерць" i скрыжаванымi косткамi паявiўся стомлены начны вартаўнiк з кацялком кавы ў руках. - О Божа! - сказала Марыяна. - Навошта было мяне так палохаць? - Даруй, - сказаў ён цiха, - прашу цябе, даруй; мяне нешта панесла. Ён хутка развярнуўся i паехаў назад, перш чым натоўп пешаходаў паспеў абступiць машыну; чатыры кiламетры ён, абняўшы адною рукой Марыяну, павольна ехаў паўз пляцоўкi для гольфу, на якiх трэнiраваныя жанчыны, трэнiраваныя мужчыны iмкнулiся дабрацца да шаснаццатай, семнаццатай, васемнаццатай ямкi. - Даруй, - сказаў я, - я праўда - больш такога рабiць не буду. Ён звярнуў з аўтабана i паехаў паўз маляўнiчыя палi, паўз цiхiя лясныя ўскрайкi. "XYZ" - гэта былi тыя самыя лiтары, якiя ён бачыў на фотакопiях эскiзаў велiчынёю з дзве паштоўкi: вечарамi бацька ператасоўваў iх, ныбi карты для гульнi; дом для выдаўца на ўскраiне лесу - "XxX"; разбудова гмаху таварыства "Сас'етас" - "YxY"; дом для настаўнiка на беразе ракi - адзiн "Y"; тыя самыя лiтары памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра. Ён павольна ехаў сярод палеткаў, на якiх круглявыя буракi выглядалi ўжо з-пад буйнага зялёнага лiсця; iржышчы, паплавы, за якiмi быў ужо вiдзён узгорак Казакен. - Чаму ты не хочаш мне пра ўсё расказаць? - спыталася Марыяна. - Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажлiва, гэта проста паскудны сон; мажлiва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, i нiколi не здолею. - Але быць архiтэктарам ты ўжо не хочаш? - Не, - адказаў ён. - I з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты? - Мажлiва, - адказаў ён. - Я заўсёды ненавiдзела людзей, якiя не ведаюць, што такое грошы, сказала Марыяна, - якiя з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напiсана "СМЕРЦЬ", якiя нi за што нi пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлi прайсцiся i заслужылi адпачынак пасля працоўнага дня. - У мяне была прычына iмчацца проста на шчыты. Ён ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спынiўся: машына стала пад разлапiстымi галiнамi хвоi. - Навошта ты тут спынiўся? - спытала яна. - Хадзем, пройдземся трошкi, - адказаў ён. - Пазнавата ўжо, - запярэчыла яна, - твой дзядуля хутчэй за ўсё прыедзе цягнiком а палове пятай, а ўжо дваццаць на пятую. Ёзэф вылез з машыны, прайшоў некалькi крокаў угару i, прыклаўшы руку да лба, зiрнуў у бок Дэнклiнгена. - Напраўду, - сказаў ён, - бачу, як цягнiк выходзiць з Додрынгена; тая самая пыхкаўка, што i ў гады майго маленства: i прыбывае таксама, як i тады. Хадзем, чвэрць гадзiны яны, напэўна, пачакаюць. Ён вярнуўся да машыны, дапамог Марыяне вылезцi, пацягнуў яе за сабою ўгору - пясчанаю дарогай; на палянцы яны селi; Ёзэф паказаў у бок раўнiны, яго палец рухаўся разам з цягнiком, якi тым часам iмчаў цераз бурачныя палеткi памiж iржышчаў i лугоў у напрамку Кiслiнгена. - Ты нават не можаш сабе ўявiць, - сказаў ён, - як добра я ведаю гэтыя вёскi; як часта мы прыязджалi менавiта гэтым цягнiком; пасля таго як памерла мама, мы амаль увесь час жылi ў Штэлiнгене альбо ў Гёрлiнгене, а ў Кiслiнгене я хадзiў у школу; вечарамi мы беглi да цягнiка, на якiм з горада прыязджаў дзядуля - бачыш, вунь з таго цягнiка, што якраз цяпер выязджае з Дэнклiнгена; дзiўна, але мне заўсёды здавалася, што мы бедныя; пакуль была жывая мама i з намi жыла бабуля, нам давалi есцi менш, чым знаёмым дзецям, i мне нiколi не дазвалялi насiць добрага адзення, а толькi перашытае са старога - i мы мусiлi быць сведкамi таго, як яна налева i направа дарыла добрыя рэчы чужым людзям: хлеб, масла i мёд з кляштара i з маёнткаў; мы ж мусiлi есцi штучны мёд. - I ў цябе не было нянавiсцi да яе, тваёй бабулi? - Hе, i я сам не ведаю, чаму я не стаў ненавiдзець яе за гэтыя бессэнсоўныя дзiвацтвы; можа, таму, што дзядуля забiраў нас у свой кабiнет i крадком даваў усялякiя ласункi; а яшчэ ён нас вадзiў у кавярню Кронэра i напiхваў нас усiм; ён заўсёды казаў: "Toе, што робяць вашыя мама i бабуля, гэта вялiкая, вельмi вялiкая рэч... але я не ведаю, цi вы ўжо досыць вялiкiя для гэткай вялiкасцi". - Ён сапраўды казаў гэта? - Казаў, - рассмяяўся Ёзэф. - Калi мама памерла, a бабулю забралi, мы засталiся з дзядулем адны, i нам хапала ежы; апошнiя гады вайны мы амаль заўсёды былi ў Штэлiнгене; я чуў, як аднаго разу ўначы было падарвана абацтва; мы сядзелi ў кухнi ў Штэлiнгене, а суседзi-сяляне праклiналi нямецкага генерала, якi даў загад падарваць; яны мармыталi самi сабе: "навошта-навошта-навошта?" Праз пару дзён да нас завiтаў бацька; ён прыехаў у амерыканскай машыне, i яго суправаджаў амерыканскi афiцэр; яму дазволiлi пабыць у нас тры гадзiны; ён прывёз з сабою шакалад, але мы баялiся гэтай лiпкай цёмна-карычневай рэчы, якой яшчэ нiколi ў жыццi не елi; мы пачалi есцi яе толькi пасля таго, як фраў Клошграбэ, жонка кiраўнiка маёнтка, адкусiла кавалачак; бацька прывёз фраў Клошграбэ каву, i яна сказала яму: "Hе турбуйцеся, пане доктар; мы даглядаем Вашых дзяцей, як сваiх", - i яшчэ яна сказала: "Хiба гэта не ганьба, што яны перад самым канцом падарвалi абацтва?
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|