Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Бёлль Генрих / Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 11)
Автор:
|
Бёлль Генрих |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(545 Кб)
- Скачать в формате fb2
(231 Кб)
- Скачать в формате doc
(235 Кб)
- Скачать в формате txt
(229 Кб)
- Скачать в формате html
(232 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|
|
Стары Фэмель прамiнуў управу бургамiстра i помнiк палеглым, дзе змораны самшыт, што вырас на кiслай глебе, узняў свае галiны ў гонар тых, што загiнулi на трох войнах; стары спынiўся каля мура, якiм былi агароджаныя могiлкi; ён выцягнуў з кiшэнi насоўку, абцёр пот з iлба, зноў згарнуў i схаваў насоўку, абцягнуў на сабе пiнжак i рушыў далей; Роберт бачыў, як пры кожным кроку правая калашына бацькавых штаноў апiсвала гарэзную дугу; толькi на iмгненне рабiлася вiдочнай цёмна-блакiтная падшыўка штаноў, i нага старога апускалася на зямлю, каб тут жа зрабiць новую гарэзную дугу; Роберт зiрнуў на станцыйны гадзiннiк: без дваццацi чацвёртая; цягнiк прыбудзе толькi а чацвёртай гадзiне i дзесяць хвiлiн; паўгадзiны, значыць, - нiколi яшчэ, колькi ён сябе памятаў, яму не даводзiлася гэтак доўга бываць сам-насам з бацькам; ён спадзяваўся, што бацька прабудзе ў лякарнi даўжэй i яму не трэба будзе весцi гэтую размову, размову сына з бацькам. Пачакальня на станцыi Дэнклiнген была не найлепшым месцам для гэтага спаткання, якога бацька чакаў, можа, дваццаць альбо трыццаць гадоў; размова з сынам, якi ўжо цяпер сталы мужчына, якога не возьмеш ужо за руку, не павязеш да мора, не запросiш у кавярню з'есцi кавалак пiрага цi марожанае; пацалунак на дабранач, пацалунак на дабрыдзень, пытанне наконт хатнiх заданняў ды колькi жыццёвых сентэнцый накшталт "сумленне - сiла чалавека" альбо "Бог не ашукае"; штотыднёвыя кiшэнныя грошы сыну; усмешка, поўная гордасцi за чарговы сынаў спартыўны дыплом i школьныя поспехi; нясмелыя размовы пра архiтэктуру, паездкi ў абацтва; нi слова, калi ён знiк, i нi слова, калi ён паявiўся зноў; прыгнечанасць пад час снеданняў, абедаў i вячэраў, калi за сталом сядзеў Ота: нават размовы пра надвор'е былi немагчымыя; мяса, парэзанае срэбранымi нажамi; падлiўка, што налiвалася срэбранымi лыжкамi; мацi, здранцвелая, нiбы трус перад кобраю; бацька пазiраў у акно, крышыў хлеб, машынальна падносiў лыжку да рота, рукi ў Эдыт дрыжалi, а тым часам Ота з пагардаю клаў сабе ў талерку самыя вялiкiя кавалкi мяса; ён адзiн за сталом мог як належыць ацанiць смак кожнае стравы; бацькаў улюбёнец, заўсёды гатовы да вандровак i падарожжаў, да незвычайнага; жыццярадасны хлопчык з радаснай будучыняй; хлопчык, створаны дзеля таго, каб пад час кiрмашоў абуджаць у бацьку пачуццё ўдалага i шчаслiвага жыцця; час ад часу Ота казаў весела: "Вы ж можаце выперцi мяне з дому"; нiхто яму не адказваў. Папалуднаваўшы, Роберт iшоў у бацькаў кабiнет, сядзеў толькi там, рысаваў, манiпуляваў формуламi, пакуль Фэмель-старэйшы зморана нацягваў рабочы халат, корпаўся ў скрутках эскiзаў, раз-пораз спыняўся перад планам абацтва Святога Антонiя, пасля выходзiў - на шпацыр, на каву, наведаць даўнiх калегаў, даўнiх ворагаў; у тых дамах, дзе бацька ўжо сорак год быў жаданы госць, пачалася ледавiковая эпоха - у адных дамах праз Роберта, у другiх - праз Оту; а ён жа быў жыццярадасны па сваёй натуры, створаны для жыцця, поўнага ўцех, дзеля таго, каб пiць каву i вiно, рабiць падарожжы i разглядаць кожную зграбную дзяўчыну, убачаную iм на вулiцы альбо ў вагоне цягнiка, як на мажлiвую нявестку; часцяком ён гадзiнамi шпацыраваў з Эдыт, якая штурхала перад сабою дзiцячы вазок; у яго было тады мала працы, i ён вельмi цешыўся, калi яму даручалi спраектаваць у пабудаваных iм лякарнях невялiкiя прыбудовы i наглядаць за тым, як iдуць работы; альбо калi яго прасiлi прыехаць у абацтва Святога Антонiя, каб адрамантаваць там якую-небудзь сцяну; яму здавалася, што Роберт злуе на яго, а Роберт меркаваў, што гэта бацька злы на яго. Але цяпер Роберт ужо сталы чалавек, сам бацька дарослых дзяцей, якi мусiў перажыць цяжкi ўдар лёсу - смерць жонкi, якi пабываў у эмiграцыi, потым вярнуўся дамоў; ваяваў, перажыў i здраду, i катаваннi; чалавек самастойны, з выразна акрэсленым месцам у жыццi: "Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлiкаў; пасля паўдня зачынена"; нарэшце яны сталi паўнапраўнымi суразмоўцамi. - Яшчэ адно пiва шаноўнаму пану? - спытаў карчмар з-за прылаўка, выцiраючы пiўную пену на нiкеляванай падстаўцы; пасля ён выцягнуў з вiтрыны-халадзiльнiка дзве талеркi - тэфтэлi з гарчыцаю - i аднёс iх маладзенькай парачцы, што сядзела ў куце, размораная i распараная вулiчнай спёкай. - Прашу, калi ласка, - адказаў Роберт, - яшчэ адзiн кухаль. Ён адсунуў фiранку i ўбачыў, што бацька павярнуў направа, абмiнуў могiлкавую браму, перайшоў вулiцу, спынiўся каля садочка начальнiка станцыi, пачаў разглядаць фiялетавыя астры, якiя толькi што пачыналi цвiсцi; ён, вiдавочна, адцягваў час. - Hе, - сказаў Роберт карчмару за прылаўкам. - Калi ласка, два пiва i дзесяць цыгарэт "Вiрджынiя". За сталом, занятым цяпер маладзенькай парачкай, тады сядзеў амерыканскi афiцэр, малады чалавек, якi, дзякуючы сваiм бялявым каротка пастрыжаным валасам, здаваўся яшчэ маладзейшы; яго блакiтныя вочы прамянiлiся верай, верай у будучыню, у якой усё будзе зразумелым; гэтая будучыня ляжала перад iм, нiбы карта, падзеленая на квадраты; заставалася толькi высветлiць маштаб гэтай карты: 1:1 цi 1: 3 000 000? На столiку, побач з тонкiм алоўкам, якi афiцэр раз-пораз пакручваў у пальцах, ляжала тапаграфiчная карта абшчыны Кiслiнген. За трынаццаць год, што прамiнулi з тае пары, стол анi не змянiўся; на правай яго назе, у якую малады чалавек увесь час хацеў уперцiся запыленымi сандалетамi, усё яшчэ былi вiдаць iнiцыялы, выразаныя ў нудоце нейкiм навучэнцам шафёрскiх курсаў: Ё. Д.; напэўна, хлопца звалi Ёзэф Додрынгер; i настольнiкi былi такiя самыя - з чырвонымi i белымi квадратамi; крэслы перажылi дзве сусветныя вайны - букавае дрэва без сукоў, ператворанае ў салiдную мэблю; ужо семдзесят год на iх узвальвалiся зады сялян, што чакалi цягнiкоў; новая была толькi вiтрына-халадзiльнiк побач з прылаўкам, у якой чакалi згаладалых альбо знуджаных пасажыраў сухаватыя тэфтэлi, халодныя катлеты, крута звараныя яйкi пад маянэзам. - Калi ласка, шаноўнаму пану два пiва i дзесяць цыгарэт. - Дзякую. Нават карцiны на сцяне тыя самыя; абацтва Святога Антонiя, сфатаграфаванае з вышынi - здаецца, з пагорка Казакен - старым добрым фотаапаратам з чорнай хусткаю яшчэ на фотапласцiну; галерэя, рэфекторый, магутная царква, гаспадарчыя будынкi; побач вiсеў выцвiлы алеадрук; закаханыя ў полi на мяжы; каласы, валошкi, жоўта-бураватая ад высахлай глiны дарога; вясковая красуня гарэзна казыча каласком у вуху свайго каханка, якi паклаў галаву ёй на каленi. - Вы не разумееце мяне, пан гаўптман; мы б хацелi даведацца, чаму Вы гэта зрабiлi, чуеце? Мы, натуральна, ведаем "загад аб выпаленай зямлi" - каб пакiнуць ворагу адно руiны i трупы, цi праўда? Але я не веру, што Вы зрабiлi гэта з прычыны таго, што быў такi загад; Вы, прабачце мне, занадта iнтэлiгентны, каб рабiць гэткае. Але навошта, навошта Вы тады ўзарвалi абацтва? Яно ж было помнiкам, пэўнай культурна-гiстарычнай каштоўнасцю; цяпер, калi ваенных дзеянняў на гэтым участку больш няма, а Вы ў нас у палоне i Вам наўрад цi ўдасца расказаць сваiм пра нашыя сумненнi, цяпер я магу прызнацца, што наш камандзiр ахвотней бы зацягнуў на два-тры днi пачатак наступу, чым нават пальцам зачапiць гэтае абацтва. Навошта Вы ўзарвалi яго, хоць i з пункту гледжання тактыкi i па стратэгiчных меркаваннях гэта не мела нiякага сэнсу? Вы не затрымалi нашага наступу, наадварот, Вы прыспешылi яго. Вы курыце? - Куру. Дзякуй Вам. Цыгарэта была добрая - моцная i мела прыемны смак. - Я спадзяюся, што Вы разумееце, пра што iдзе гаворка. Прашу Вас, скажыце хоць слова; бачу, што мы амаль аднагодкi: Вам - дваццаць дзевяць, мне - дваццаць сем. Разумееце, мне хочацца зразумець Вас. Альбо Вы баiцёся вынiкаў Вашага прызнання - з нашага боку цi з боку Вашых адназемцаў? Калi б Роберт паспрабаваў растлумачыць усё словамi, яны б перасталi быць праўдзiвымi, а, зафiксаваныя ў пратаколе, гэтыя словы былi б зусiм далёкiя ад праўды; як ён мог растлумачыць, што чакаў гэтай хвiлi пяць з паловай гадоў - хвiлi, калi абацтва стане яго здабычаю, будзе ляжаць перад iм, як дарунак Божы? Ён хацеў з пылу i руiнаў паставiць помнiк тым, хто не быў помнiкам гiсторыi i культуры i каго нiхто не шкадаваў, - Эдыт, забiтай бомбавым асколкам; Фэрдзi, якому за спробу замаху законам быў вынесены вырак смерцi; хлопчыку, якi ўкiдаў у паштовую скрынку цыдулкi з весткамi ад яго; Шрэлаваму бацьку, якi знiк невядома дзе; самому Шрэле, якi мусiў жыць так далёка ад Гёльдэрлiнавай радзiмы; Гролю, кельнеру з "Якара", i шмат каму iншаму, хто рушыў на фронт, спяваючы: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; за iх нi ў кога не патрабавалi справаздачы, нi ў кога з тых, хто не навучыў iх нiчаму лепшаму; дынамiт, колькi формул - гэта былi яго магчымасцi ставiць помнiкi; i падрыўная група была ў яго, вядомая сваёй дакладнасцю i квалiфiкацыяй, Шрыт, Гохбрэт, Кандэрс... - Нам дакладна вядома, што Вы не маглi ўспрымаць сур'ёзна загадаў Вашага непасрэднага шэфа, генерала Оту Кёстэрса; нашыя вайсковыя псiхiятры аднадушна - а Вы не ведаеце, як цяжка бывае дамагчыся аднадушнасцi сярод амерыканскiх вайсковых псiхiятраў... яны аднадушна прызналi яго вар'ятам, якi не адказвае за свае ўчынкi; гэтак вось уся адказнасць за выбух пераходзiць на Вас, пан гаўптман, бо Вы, бясспрэчна, - не вар'ят, i - я мушу прызнацца Вам - Вы моцна скампраметаваныя паказаннямi Вашых таварышаў. Я зусiм не хачу пытацца ў Вас пра Вашыя палiтычныя погляды: я прывык ужо да ўрачыстых запэўнiванняў наконт невiнаватасцi; шчыра кажучы, гэта мне нават паспела надакучыць. Я ўжо казаў неяк сваiм калегам, што мы ў гэтай прыгожай краiне здолеем знайсцi пяць, можа, шэсць, самае большае дзевяць вiнаватых, i будзем павiнны пытацца ў самiх сябе, супраць каго мы ваявалi ў гэтай вайне: няўжо толькi супраць самых разумных, сiмпатычных, iнтэлiгентных i нават высокаiнтэлiгентных людзей? Прашу Вас, адкажыце ўсё ж на гэтае маё пытанне! Чаму, навошта Вы зрабiлi гэта? На месцы, дзе тады сядзеў амерыканскi афiцэр, маладая дзяўчына, хiхiкаючы, ела цяпер тэфтэлi, маленькiмi глыткамi адпiвала пiва; на даляглядзе яму былi вiдны цёмна-шэрыя абрысы зграбнай вежы Святога Севярына, якая засталася цэлая. Можа, яму трэба было сказаць, што шанаванне помнiкаў культуры i гiсторыi гэтаксама ўзрушвала яго, як i памылка, якую рабiлi заходнiя саюзнiкi, лiчачы, што тут яны сустрэнуць адных толькi злыдняў, замест сiмпатычных i разумных людзей? Помнiк у гонар Эдыт i Фэрдзi, Шрэлы i ягонага бацькi, Гроля i хлопчыка, якi ўкiдаў цыдулкi ў iх паштовую скрынку; у гонар паляка Антонiя, якi падняў руку на Вакеру i за гэта быў забiты, у гонар тых шматлiкiх, што спявалi: "Дрыжаць спарахнелыя косцi", бо iх не навучылi нiчаму лепшаму; помнiк у гонар авечак, якiх нiхто не пасвiў. Калi яго дачка Рут яшчэ хоча паспець да цягнiка, яна павiнна якраз цяпер бегчы каля ўвахода ў сабор Святога Севярына; у зялёнай шапачцы на цёмных валасах, у ружовым свiтэры, разгарачаная i шчаслiвая ад таго, што неўзабаве сустрэнецца з бацькам, братам i дзядулем; папаўдзённая кава ў абацтве Святога Антонiя перад вялiкай сямейнай урачыстасцю ўвечары. Бацька стаяў у цянi перад будынкам станцыi i вывучаў расклад руху цягнiкоў; яго хударлявы твар пачырванеў; ветлiвы пажылы мужчына, шчодры i прыязны; ён нiколi не каштаваў бычынага прычасця, не зрабiўся зацята злы на старасцi гадоў; цi ведаў ён усё? Альбо яшчэ павiнен даведацца? А Ёзэф? Як Роберт зможа растлумачыць гэта яму, свайму сыну? Лепей было маўчаць, чым выказваць думкi i пачуццi, даць занесцi iх у пратакол, каб прачыталi псiхiятры. Роберт так i не здолеў нiчога растлумачыць таму прыязнаму маладому чалавеку, што сядзеў, пахiтваючы галавою, глядзеў на яго, потым падсунуў пачаты пачак цыгарэт; Роберт узяў пачак са стала, паклаў сабе ў кiшэнь, сказаўшы "дзякуй"; потым зняў з грудзей Жалезны крыж, паклаў на стол i падсунуў яго маладому чалавеку; настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi крыху памяўся; ён паправiў яго i заўважыў, што малады амерыканец пачырванеў. - Hе, не, - сказаў Роберт, - даруйце, што гэта так нязграбна ў мяне атрымалася; я не хацеў Вас пакрыўдзiць; проста ў мяне раптам з'явiлася вострая патрэба падараваць Вам на памяць Жалезны крыж, на памяць пра таго, хто ўзарваў абацтва Святога Антонiя i атрымаў за гэта ордэн, хоць i ведаў, што генерал быў вар'ят, што выбух не меў сэнсу нi па тактычных, нi па стратэгiчных меркаваннях. Я ахвотна вазьму Вашыя цыгарэты, толькi прашу Вас лiчыць, што мы як равеснiкi проста абмянялiся падарункамi. Магчыма, ён зрабiў гэта з тае прычыны, што тады, у дзень сонцавароту, паўдзесятка манахаў забралiся на пагорак Казакен i там, уверсе, калi агонь шугануў увысь, заспявалi: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; Ота запальваў тое вогнiшча, а ён стаяў побач, з малым Ёзэфам на руках - бялявым хлопчыкам, якi, убачыўшы, як шуганула полымя, ад радасцi запляскаў у ладкi; Эдыт, стоячы праваруч ад Роберта, сцiснула яму далонь; а можа, ён зрабiў гэта таму, што Ота не здаваўся яму нават чужым на гэтым свеце, дзе адзiн жэст рукi мог каштаваць жыцця; вакол агню стаялi вясковыя хлопцы з Додэрынгена, Шлакрынгена, Кiслiнгена i Дэнклiнгена; разгарачаныя твары маладых людзей i дзяўчат зiхацелi дзiкiм бляскам каля святочнага вогнiшча, якое далi падпалiць Оце; i ўсе спявалi песню, якую пачаў шаноўны законнiк, загнаўшы свае шпоры ў бакi шаноўнаму рабочаму каню: "Дрыжаць спарахнелыя косцi". Гарлаючы песню, з паходнямi ў руках, моладзь рушыла з пагорка долу; цi павiнен ён быў сказаць таму маладому чалавеку, што зрабiў гэта, бо яны не паслухалiся наказу: "Пасвi авечак маiх", а ён нiмала не раскайваўся; а толькi сказаў голасна: - Можа, гэта быў толькi жарт, забава. - Дзiўныя ў вас жарты, дзiўныя забавы. Вы ж - архiтэктар. - Hе, я займаюся статыкай. - Ну, гэта, пэўна, рознiца невялiкая. - Падрыванне - гэта поўная процiлегласць статыкi. Так бы мовiць, яе адваротны бок. - Прашу мне прабачыць, - сказаў малады чалавек, - у матэматыцы я заўсёды быў слабаваты. - А мне матэматыка заўсёды давала вялiкае задавальненне. - Ваш выпадак пачынае цiкавiць мяне ўжо не па службе. Цi Вашае сведчанне пра любоў да матэматыкi павiнна значыць, што выбух пэўным чынам цiкавiў Вас як фахоўца? - Мажлiва. Таму, хто займаецца статыкай, надзвычай цiкава даведацца, якiя сiлы патрэбныя, каб нейтралiзаваць дзеянне законаў статыкi. Вы павiнны прызнаць, што гэта быў узорны выбух. - Але няўжо Вы сур'ёзна сцвярджаеце, што гэтая, так бы мовiць, абстрактная цiкавасць магла мець пэўнае значэнне? - Менавiта. - Баюся, што я ўсё ж не змагу адмовiцца ад палiтычнага допыту. Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што падаванне якiх-небудзь фальшывых звестак не мае нiякага сэнсу; у нас ёсць усе дакументы i матэрыялы, з дапамогаю якiх мы можам спраўдзiць Вашыя паказаннi. Толькi ў гэтай хвiлi Роберту прыйшло ў галаву, што абацтва трыццаць пяць год таму пабудаваў яго бацька; яны гэтак часта чулi пра гэта i атрымлiвалi доказы гэтага, што яно перастала быць праўдаю; ён баяўся, што малады амерыканец можа да ўсяго дакапацца i выдумаць сабе тлумачэнне таго выбуху - бацькоўскi комплекс; можа, лепей было б сказаць гэтаму чалавеку: я ўчынiў гэты выбух, бо яны пасвiлi авечак; i гэткiм чынам я мог бы даць iм сур'ёзныя падставы лiчыць мяне вар'ятам; ды Роберт адно што паглядаў праз акно на зграбную вежу Святога Севярына як на здабычу, што ўцякла ад яго; тым часам малады чалавек задаваў яму пытаннi, на якiя ён, не задумваючыся, адказваў словам "не". Дзяўчына адсунула ад сябе пустую ўжо талерку, пасля ўзяла талерку хлопца, нейкую хвiлю трымала абодва вiдэльцы ў правай руцэ, ставячы ягоную талерку на сваю, потым паклала абодва вiдэльцы на талерку, што была зверху, а вольнай правай рукой сцiснула хлопцаў локаць i, усмiхаючыся, паглядзела яму ў вочы. - Значыць, Вы не ўваходзiлi ў нiякую арганiзацыю? Чытаеце Гёльдэрлiна? Добра. Магчыма, заўтра я выклiчу Вас яшчэ раз. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае. Калi бацька зайшоў у пачакальню, Роберт пачырванеў, тут жа падышоў да старога, узяў у яго з рук цяжкi капялюш i сказаў: - Я зусiм забыўся павiншаваць цябе з днём нараджэння, бацька. Даруй. Пiва я табе ўжо замовiў; спадзяюся, што яно будзе свежае, але калi... - Дзякуй, - адказаў бацька, - дзякуй за вiншаванне, i не заказвай свежага пiва, я не люблю надта халоднага... Бацька паклаў яму руку на плячо. Роберт пачырванеў, згадаўшы пра той iнтымны жэст, якiм яны абмянялiся ў алеi перад лякарняй; там ён раптам адчуў патрэбу пакласцi руку на бацькава плячо, i бацька адказаў на гэты жэст, калi яны дамаўлялiся сустрэцца на станцыi Дэнклiнген. - Хадзем, - сказаў Роберт, - пасядзiм; у нас ёсць яшчэ дваццаць пяць хвiлiн. Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i выпiлi. - Даць цыгару, бацька? - Hе, дзякуй. Цi ведаеш ты, мiж iншым, што за апошнiя пяцьдзесят год расклад руху цягнiкоў амаль не памяняўся? Нават шыльдачкi з гадзiнамi i хвiлiнамi ўсё яшчэ тыя самыя; толькi эмаль сям-там крыху аблузалася. - Крэслы, сталы, карцiны на сцяне, - сказаў Роберт, - усё як i было раней: калi мы пагоднымi летнiмi вечарамi прыходзiлi пехатою з Кiслiнгена i чакалi тут цягнiка. - Напраўду, - пацвердзiў бацька, - нiчога не памянялася. Цi званiў ты Рут? Яна прыедзе? Я так даўно не бачыў яе. - Прыедзе; мяркую, яна ўжо сядзiць у вагоне. - Недзе адразу па палове пятай мы будзем у Кiслiнгене; вып'ем там кавы i да сёмай вернемся ўжо дамоў. Вы ж прыедзеце на ўрачыстую вячэру ў кавярню? - Вядома, бацька; хiба ты сумняваўся ў гэтым? - Hе, але я нешта быў падумаў, цi не адмовiцца ад усяго... можа, лепш не рабiць нiчога - хоць дзеля дзяцей, пэўна, адмаўляцца не трэба, дый я шмат чаго падрыхтаваў да гэтага дня. Стары апусцiў вочы, стаў разглядваць настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi, водзячы па iм укруга келiхам з пiвам; Роберта ўразiла гладкая скура на бацькавых руках: рукi дзiцяцi, што захавалi сваю цноту; бацька падняў вочы, зiрнуў Роберту ў твар. - Я думаў пра Рут i Ёзэфа; ты ж ведаеш, у Ёзэфа ёсць дзяўчына? - Hе, не ведаю. Стары зноў апусцiў вочы да настольнiка, зноў пачаў вадзiць келiхам. - Я заўсёды меў надзею, што мае абедзве тутэйшыя сядзiбы зробяцца для вас нечым накшталт вашага другога дома, але ўсiм вам было больш даспадобы жыць у горадзе, нават Эдыт... адзiн Ёзэф, здаецца, здзейснiць мае мары; дзiўна, вы ўсе мяркуеце, што ён падобны на Эдыт i ў iм нiчога няма ад нашае раднi; а ўсё ж ён гэтак моцна нагадвае Генрыха, што мне часам робiцца вусцiшна, калi я бачу твайго хлопца; гэта - Генрых, такi, якi ён бы мог вырасцi... цi ты яшчэ памятаеш яго? Нашага сабаку звалi Бром; а я трымаў лейцы, седзячы ў карэце; яны былi з чорнай скуры, патрэсканыя; мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Гiндэнбург. - Ага, я памятаю яго. - Ён вярнуў мне маёнтак, якi я яму падараваў; каму мне цяпер яго падараваць? Ёзэфу альбо Рут? А можа, табе? Цi хочаш, каб ён быў твой? Каб ты валодаў скацiнаю i паплавамi, цэнтрыфугамi i буракарэзнымi машынамi, трактарамi i сенасушылкамi? Цi, можа, мне аддаць гэта ўсё кляштару? Абодва маёнткi я купiў з першага свайго ганарару! Калi я будаваў абацтва, мне было дваццаць дзевяць год, i вы нават не можаце сабе ўявiць, што значыць для маладога архiтэктара атрымаць такi заказ. Скандал! Сенсацыя! Я езджу туды гэтак часта не толькi дзеля таго, каб згадваць будучыню, якая даўно ўжо стала мiнуўшчынай. У мяне заўсёды была мара зрабiцца на старасцi гадоў нечым накшталт селянiна. Я не зрабiўся селянiнам, а толькi старым дурнем, якi гуляе ў хованкi са сваёю жонкаю; мы па чарзе заплюшчваем вочы i мяняем даты, нiбы малюнкi ў эпiдыяскопе: калi ласка, вось 1928 год - мацi трымае за руку двух сыночкаў-прыгажуноў; аднаму трынаццаць год, другому - адзiнаццаць; побач усмiхаецца бацька з цыгарай у роце; у глыбi вiдна Эйфелева вежа. Цi, можа, гэта Энгельсбург альбо Брандэнбургская брама? - выберы сабе якую трэба дэкарацыю; магчыма, гэта будуць: марскi прыбой каля Астэндэ, вежа Святога Севярына альбо кiёск па продажы лiманаду ў Блесэнфэльдскiм парку? Hе, гэта, напэўна, абацтва Святога Антонiя: ты знойдзеш яго ў фотаальбоме са здымкамi з усiх пораў года; толькi адзенне, знешнi выгляд мяняюцца адпаведна модзе; твая мацi то ў вялiкiм, то ў малым капелюшы, то з кароткiмi, то з доўгiмi валасамi, то ў шырокай, то ў вузкай спаднiцы; a дзецям тым часам тры i пяць, пяць i сем гадоў; потым з'яўляецца незнаёмая жанчына - светлавалосая, зусiм маладая; адно дзiця яна нясе на руках, другое стаiць, трымаючыся за яе руку; малодшаму дзiцёнку адзiн год, старэйшаму тры гады; ты ведаеш, што я любiў Эдыт так, як не здолеў бы палюбiць сваёй роднай дачкi; я нiколi не мог паверыць, што ў яе быў свой бацька, свая мацi i свой брат. Яна была пасланнiца вялiкага Госпада; калi яна ў нас жыла, я мог зноў паўтараць у думках Яго iмя, не чырванеючы, мог паўтараць гэтае iмя ў малiтвах; якую вестку яна прынесла, перадала табе? Помсту за авечак? Я спадзяюся, што ты дакладна выканаў даручэнне, не зважаючы на тыя фальшывыя аргументы, якiя я заўсёды браў пад увагу; маю надзею, што ты не захаваў пачуццё вышэйшасцi ў лядовым склепе iронii - як гэта рабiў я. Цi Эдыт сапраўды мела брата? Цi ён жывы? Цi iснуе? Стары Фэмель па-ранейшаму вадзiў пiўным келiхам укруга па столiку, утаропiўшыся ў бела-чырвоны настольнiк; потым ён, зусiм крыху падняўшы галаву, спытаў: - Скажы мне ўсё-ткi, цi ён сапраўды iснуе? Ён жа быў твой сябар; я аднаго разу бачыў яго; стоячы каля акна ў спальнi, я бачыў, як ён iшоў цераз двор да твайго пакоя; я не забыў яго i часта пра яго думаю, хоць бачыў яго тады не больш як дзесяць цi дваццаць секунд; ён наганяў на мяне страх, нiбы анёл цёмнага царства. Цi ён сапраўды iснуе? - Iснуе. - I ён жывы? - Жывы. Ты баiшся яго? - Баюся. I цябе - таксама баюся. Хiба ты гэтага не ведаў? Я не хачу ведаць, якую вестку табе перадала Эдыт; скажы толькi: ты выканаў яе наказ? - Выканаў. - Добра. Цябе здзiўляе, што ўва мне жыў страх перад табою - i цяпер трохi таго страху засталося. Я смяяўся з вашых дзiцячых гульняў у канспiрацыю, але смех засеў у мяне ў горле, калi я даведаўся, што яны забiлi таго хлопчыка; ён бы мог быць братам Эдыт, але пазней я зразумеў, што гэта была ледзь не гуманнасць з iхняга боку - забiць хлопца, якi ўсё-такi як-нiяк кiнуў бомбу i прычынiў апёкi настаўнiку гiмнастыкi, а вось хлопчык, якi кiдаў твае цыдулкi нам у паштовую скрыню, паляк, што падняў руку на настаўнiка гiмнастыкi? Было досыць неадпаведнага руху павекаў, не таго колеру валасоў цi формы носа: дый таго потым не было трэба, а толькi бацькавай цi бабулiнай метрыкi; доўгiя гады я жывiўся са свайго смеху, але i ён вычарпаўся, не засталося запасаў, Роберт: i я адчынiў лядоўню, дазволiў пракiснуць маёй iронii i высыпаў яе, нiбы паскудныя адкiды чагосьцi, што раней мела вартасць; я думаў, што люблю i разумею тваю мацi, ды толькi тады я па-сапраўднаму зразумеў i палюбiў яе, як зразумеў i палюбiў вас; толькi яшчэ пазней я добра ўсвядомiў гэта; калi скончылася вайна, я быў "на канi"; мяне прызначылi ўпаўнаважаным па будоўлi ва ўсёй акрузе; нарэшце надышоў мiр, думаў я; самае дрэннае засталося ў мiнулым; але аднаго разу ангельскi камендант вырашыў, так бы мовiць, папрасiць у мяне прабачэння за тое, што яны разбамбiлi касцёл Святога Анупрыя, знiшчыўшы пры гэтым скульптурную групу дванаццатага стагоддзя "Распяцце"; ён не прасiў прабачэння за смерць Эдыт, а толькi за знiшчаную скульптурную групу дванаццатага стагоддзя; "Sorry"*, - казаў ён; a я засмяяўся, першы раз за апошнiя дзесяць гадоў; але то быў нядобры смех, Роберт, - i я адмовiўся ад сваёй пасады; упаўнаважаны па будаўнiцтву! Навошта? Я ж быў гатовы аддаць на знiшчэнне ўсе скульптурныя групы з усiх стагоддзяў дзеля таго толькi, каб яшчэ раз убачыць усмешку Эдыт, адчуць дотык яе рукi да майго пляча; што маглi значыць малюнкi вялiкага Госпада ў параўнаннi з сапраўднай усмешкай яго пасланнiцы? А за хлопчыка, якi прыносiў вестачкi ад цябе - я нiколi не бачыў яго твару, не ведаў яго iмя, - за яго б я аддаў сабор Святога Севярына, хоць разумею, што гэта проста смешна нiзкая цана - як, напрыклад, медаль таму, хто ўратаваў чалавечае жыццё; цi бачыў ты ў каго-небудзь яшчэ ўсмешку Эдыт цi ўсмешку сталяровага вучня? Цi хоць слабы водблiск тых усмешак? Роберт, Роберт! * Мне шкада (англ.). Стары Фэмель адставiў келiх з пiвам, паклаў рукi на стол. - Цi бачыў ты яшчэ хоць раз такiя ўсмешкi? - прамармытаў ён, закрываючы твар рукамi. - Бачыў, - адказаў Роберт. - На твары гатэльнага служкi, якога завуць Гуга. Я пакажу яго табе. - Я падару гэтаму хлопцу маёнтак, якi не захацеў узяць Генрых; напiшы мне яго iмя ды адрас тут, на падстаўцы пад пiва; на гэтых круглых кардонках пiшуць самыя важныя рэчы; i паведамi мне, калi што-небудзь дазнаешся пра брата Эдыт. Цi жывы ён? - Жывы. Ты ўсё яшчэ баiшся яго? - Баюся. Самае жахлiвае тое, што ў iм не было нiчога, штб б магло ўзрушыць iншага; калi я глядзеў, як ён iдзе цераз двор, я ведаў: ён моцны i ўсё, што ён робiць, робiцца не з тых прычын, з якiх робяць пэўныя ўчынкi астатнiя людзi: з прычыны, што нехта бедны, а нехта багаты, нехта брыдкi, а нехта прыгожы, што некага лупцуе мацi, а некага не лупцуе - прычыны, якiя прымушаюць кагосьцi штосьцi рабiць: альбо будаваць цэрквы, альбо забiваць жанчын; альбо зрабiцца добрым настаўнiкам, альбо - дрэнным арганiстам; я ведаў, што ягоных учынкаў нельга растлумачыць нiводнай з названых тут прычын; у тыя часы я яшчэ ўмеў смяяцца, але ў iм я не знайшоў нiчога, нiводнай шчылiнкi, якая б магла быць прычынай майго смеху; гэта палохала мяне: мне здавалася, нiбыта цераз мой двор iшоў анёл цёмнага царства, божы экзекутар, якi хоча накласцi секвестр на цябе; ён зрабiў гэта, наклаў на цябе секвестр; нiшто ў iм не ўзрушвала iншых; нават калi я пачуў, што яны збiлi яго i хацелi забiць, гэта мяне не ўзрушыла... - Пане радца, я толькi цяпер пазнаў Вас. Вельмi ўсцешаны бачыць Вас жывога-здаровага. Колькi ж гэта гадоў прайшло з тае пары, як Вы былi тут апошнi раз? - Ах, Муль, гэта Вы? Цi жыве яшчэ Вашая мацi? - Hе, пане радца: пахавалi яе. Гэта былi вялiкiя хаўтуры. Яна пражыла багатае жыццё - сямёра дзяцей, трыццаць шэсць унукаў i адзiнаццаць праўнукаў... багатае жыццё. Вы зробiце мне гонар, спадары, калi вып'еце за памяць па маёй мацi. - Ахвотна, дарагi Муль; яна была слаўная кабета. Стары Фэмель падняўся, Роберт устаў таксама; тым часам гаспадар пайшоў да прылаўка, каб напоўнiць келiхi; станцыйны гадзiннiк паказваў усяго толькi дзесяць на пятую; двое сялян стаялi каля прылаўка; яны, сумна паглядаючы, запiхвалi сабе ў рот памазаныя гарчыцаю тэфтэлi; задаволена пакрэкваючы, пiлi пiва; гаспадар вярнуўся з-за прылаўка з пачырванелым тварам, але вочы зрабiлiся вiльготныя; ён зняў з падноса келiхi, паставiў на стол, потым узяў свой келiх У руку. - За добрую памяць па Вашай матулi, Муль, - сказаў стары Фэмель. Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i, адпiўшы, адставiлi iх. - Цi ведаеце Вы, - сказаў стары, - што Вашая мацi пяцьдзесят год таму дала мне крэдыт - калi я, сасмяглы i галодны, вяртаўся з Кiслiнгена? Тады якраз быў рамонт гэтага ўчастка чыгункi, ды мне было яшчэ зусiм няцяжка адмахаць чатыры кiламетры пехатою; за Вашае здароўе, Муль, i за добрую памяць па Вашай матулi. Гэта вось мой сын, Вы яго яшчэ не ведаеце? - Фэмель, вельмi прыемна. - Муль, вельмi прыемна. - Вас, пане радца, знае тут кожнае дзiцё; усiм вядома, што Вы пабудавалi нашае абацтва, а старыя бабулi яшчэ могуць расказаць пра Вас нямала розных гiсторый - як Вы замаўлялi цэлыя вагоны пiва для муляраў, як Вы давалi сола ў скоках на свяце з нагоды канца будаўнiцтва. Гэты глыток за Вашае здароўе, пане радца. Яны, стоячы, выпiлi да дна; Роберт з парожнiм келiхам у руцэ глядзеў на карчмара, якi тым часам вярнуўся да прылаўка, забраўшы апарожненыя талеркi са стала, дзе сядзела маладая пара, прасунуў iх у акенца на кухню; потым падышоў i атрымаў ад маладога чалавека плату. Стары Фэмель пацягнуў сына за крысо пiнжака: - Сядай, сядай жа; у нас яшчэ дзесяць хвiлiн часу. Гэта цудоўныя, добрыя людзi. - I ты не баiшся iх - праўда, бацька? Стары паглядзеў сыну проста ў вочы; на яго хударлявым, усё яшчэ без адзiнай зморшчыны твары не было ўсмешкi. - Якраз гэтыя людзi, - сказаў Роберт, - здзекавалiся з Гугi, i, мажлiва, нехта з iх быў катам Фэрдзi! - Калi цябе не было i мы чакалi ад цябе вестачкi, я баяўся кожнага чалавека... але каб баяцца Муля? Хiба ты яго баiшся? - Убачыўшы кожнага новага чалавека, я пытаюся ў сябе, цi хацеў бы я апынуцца ў ягонай уладзе; i няшмат ёсць такiх, пра каго я мог бы сказаць: "Я гатовы на гэта". - А цi быў ты ва ўладзе брата Эдыт? - Hе. Мы жылi ў Галандыi з iм у адным пакоi, дзялiлiся ўсiм, што ў нас было; палавiну дня мы гулялi ў бiльярд, a другую палавiну вучылiся: ён нямецкай мове, я - матэматыцы; я не быў у ягонай уладзе, але заўсёды быў гатовы на гэта... I гатовы апынуцца ў тваёй уладзе, бацька... Роберт выцягнуў цыгарэту з рота. - Я вельмi хацеў бы падарыць табе што-небудзь да васьмiдзесяцiгоддзя, хацеў бы сказаць табе... ну, мажлiва, ты i сам ведаеш, што я хацеў бы табе сказаць? - Ведаю, - адказаў стары i паклаў руку сыну на плячо, - можаш мне гэтага не казаць. Я ахвотна б ахвяраваў табе колькi слязiнак скрухi, але не магу выцiснуць iх з сябе: я ўсё яшчэ гляджу на вежу Святога Севярына як на здабычу, што выслiзнула ў мяне з рук; шкада, што абацтва было справай тваёй маладосцi, тваiм вялiкiм лёсам, першай вялiкай гульнёй; i ты добра пабудаваў яго: салiдныя муры, выдатныя статычныя характарыстыкi; мне давялося запатрабаваць два грузавiкi выбуховага рэчыва; я абышоў будынкi, крэйдаю напiсаў свае формулы ды знакi з лiчбамi на сценах, калонах, апорах скляпенняў, напiсаў iх таксама на вялiкiм роспiсе - карцiне "Таемнай вячэры", памiж нагой святога Яна i ступнёю святога Пятра; я ж дасканала ведаў абацтва; ты гэтак часта апавядаў мне пра яго, калi я быў яшчэ хлопчыкам, падлеткам, юнаком - я iшоў i пiсаў свае знакi з лiчбамi на сцяне, а побач са мною бег абат, адзiны чалавек, якi застаўся там, на месцы; ён апеляваў да майго розуму, да маiх рэлiгiйных пачуццяў; на шчасце, то быў новы абат, якi мяне не ведаў. Ён апеляваў да майго сумлення; дарэмна; ён не бачыў, як я прыязджаў туды па суботах, еў стронгу, натуральны мёд, намазваў масла на вясковы хлеб; не бачыў мяне, архiтэктаравага сына; i калi ён глядзеў на мяне, як на вар'ята, я шапнуў яму: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; мне тады было дваццаць дзевяць год - якраз столькi, колькi табе, калi ты будаваў абацтва, - i я чакаў ужо новай здабычы, шараватая танклявая постаць якой вiднелася на даляглядзе, - сабор Святога Севярына; але я трапiў у палон, i вось тут, на станцыi Дэнклiнген, за тым сталом, дзе цяпер нiкога няма, мяне дапытваў малады афiцэр.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19
|