Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Азимов Айзек / Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке) - Чтение (стр. 4)
Автор: Азимов Айзек
Жанр:

 

 


      I потым яе ўбачаць нямногiя, i нiкому не будзе нiякай iцкавасцi да таго клунка, якi яна будзе несцi. I Цiмi будзе паводзiць сябе вельмi спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi*. Задуманае здзейснiцца, i якi толк спрабаваць выправiць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. Iм абаiм будзе падаравана жыццё.
      * Споўненым фактам.
      Яна адчынiла чамадан i выцягнула з яго палiто, шарсцяную шапку з навушнiкамi i яшчэ сёе-тое.
      - Мiс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? - устрывожыўшыся, спытаўся Цiмi.
      - Я хачу вывесцi цябе адсюль, Цiмi. Мы адправiмся ў краiну тваiх сноў, адказала яна.
      - Маiх сноў? - яго твар засвяцiўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.
      - Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павiнен баяцца, калi ты са мной. Праўда, Цiмi?
      - Праўда, мiс Фэлоўз, - ён прытулiўся да яе галоўкай, i, абняўшы яго, яна адчула пад рукою бiццё яго маленькага сэрца.
      Надышла поўнач. Мiс Фэлоўз узяла Цiмi на рукi, выключыла сiгналiзацыю i асцярожна адчынiла дзверы.
      I тут з яе грудзей вырваўся крык жаху - яна апынулася тварам у твар з Хоскiнсам, якi стаяў на парозе.
      * * *
      З iм былi яшчэ двое, i, убачыўшы яе, ён быў агаломшаны не менш, чым яна сама.
      Мiс Фэлоўз апомнiлася на нейкую долю секунды раней за яго i паспрабавала хуценька праскочыць каля яго, але, нягледзячы на гэты выйгрыш у часе, ён усё-такi апярэдзiў яе. Ён груба схапiў яе i адштурхнуў назад у глыбiню пакоя да шафы. Ён знакам загадаў астатнiм увайсцi ў пакой i сам стаў каля выхаду, засланiўшы дзверы.
      - Гэтага я не чакаў. Вы зусiм звар'яцелi?
      Калi Хоскiнс штурхануў яе, яна паспела павярнуцца так, што ўдарылася аб шафу плячом, i Цiмi амаль не ўдарыўся.
      - Што здарыцца, калi я вазьму яго з сабой, доктар Хоскiнс? - як малiтву вымавiла яна. - Няўжо страта энергii вам даражэй за чалавечае жыццё?
      Хоскiнс рашуча вырваў у яе з рук Цiмi.
      - Страта энергii ў такiх памерах прывяла б да страты многiх мiльёнаў даляраў у кiшэнях укладчыкаў. Гэта катастрафiчна затармазiла б работы, якiя вядзе акцыянерная кампанiя "Стасiс Iнкарпарэйтэд". Гэта азначала б, што ўсiм i кожнаму стала б вядомая гiсторыя жаласлiвай медсястры, якая прычынiла каласальныя страты кампанii ў iмя ўратавання хлопчыка-малпы.
      - Хлопчык-малпа! - у бяссiльным адчаi ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
      - Пад такiм прозвiшчам ён фiгураваў бы ў апiсаннях гэтае падзеi.
      А тым часам адзiн з тых, хто прыйшоў з Хоскiнсам, пачаў працягваць праз адтулiны ў верхняй частцы сцяны нейлонавы шнур. Мiс Фэлоўз успомнiла шнур, што вiсеў на вонкавай сцяне камеры з абломкам каменя прафесара Адэмеўскага, той шнур, за якi некалi таргануў Хоскiнс.
      - Не! - закрычала яна.
      Але Хоскiнс апусцiў Цiмi на падлогу i, асцярожна зняўшы з яго палiто, сказаў:
      - Заставайся тут, Цiмi, з табою нiчога не здарыцца. Мы толькi выйдзем на хвiлiнку з пакоя. Добра?
      Цiмi збялеў, яму заняло мову, аднак ён знайшоў у сабе сiлы сцвярджальна кiўнуць галавой. Хоскiнс вывеў мiс Фэлоўз з лялечнага домiка, трымаючыся на ўсякi выпадак ззаду. На нейкi мiг мiс Фэлоўз страцiла здольнасць супрацiўляцца. Яна тупа сачыла за тым, як замацоўвалi на сцяне канец шнура.
      - Мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, - сказаў Хоскiнс, - я ахвотна пазбавiў бы вас гэтага вiдовiшча. Я хацеў гэта зрабiць ноччу, каб вы даведалiся пра ўсё ўжо пасля.
      - I ўсё з-за таго, што перапала вашаму сыну, якi замучыў гэтае дзiця так, што яно ўжо не змагло авалодаць сабой?
      - Паверце мне, што не ў гэтым прычына. Мне зразумела, што тут сёння адбылося, i я ведаю, што ва ўсiм вiнаваты Джэры. Але гэтая гiсторыя ўжо набыла розгалас, ды iнакш i быць не магло пры такой колькасцi карэспандэнтаў, якiя сабралiся тут у такi дзень. Я не магу рызыкаваць i дапусцiць, каб iлжывыя чуткi пра нашу неахайнасць i так званых "дзiкiх неандэртальцаў" трапiлi ў друк i прынiзiлi значэнне поспеху "Праекта Сярэднявечча". Так цi iнакш Цiмi ўсё роўна павiнен неўзабаве знiкнуць, дык чаму б яму не знiкнуць цяпер, стрымаўшы тым самым iмпэт ахвотнiкаў да сенсацый i зменшыўшы тую колькасць бруду, якi яны на нас пастараюцца вылiць.
      - Але ж гэта не тое самае, што адправiць у мiнулае асколак каменя. Вы заб'яце чалавека.
      - Гэта не забойства. Ён нiчога не адчуе, ён проста зноў стане хлопчыкам-неандэртальцам i трапiць у сваё звыклае асяроддзе. Ён не будзе больш чужынцам, асуджаным на вечнае зняволенне. Ён будзе жыць свабодным жыццём...
      - Якое ж гэта жыццё? Яму ўсяго сем гадоў, i ён прывык, каб яго кармiлi, адзявалi, аберагалi. Ён будзе адзiнокi, за гэтыя ж чатыры гады яго племя магло пайсцi з таго месца, дзе ён яго пакiнуў. А калi нават племя яшчэ там, дзiця нiхто не пазнае, ён вымушаны будзе сам пра сябе клапацiцца, а яму ж не было дзе навучыцца гэтаму.
      Хоскiнс бездапаможна пахiтаў галавою.
      - О Божа, няўжо вы лiчыце, мiс Фэлоўз, што мы не думалi пра гэта? Хiба вы не разумееце, што мы вызвалi з мiнулага дзiця толькi таму, што гэта была першая чалавечая цi, дакладней, паўчалавечая iстота, якую нам удалося зафiксаваць, i мы баялiся адмовiцца ад гэтага, бо не былi ўпэўнены, што нам удасца так жа вось удала паўтарыць тую спробу? Як вы думаеце, няўжо мы трымалi б Цiмi так доўга, калi б нас не бянтэжыла неабходнасць адаслаць яго назад у мiнулае?! Мы робiм гэта цяпер таму, - у яго голасе загучала рашучасць адчаю, што мы не можам больш чакаць. Цiмi можа паслужыць прычынай той шумiхi, якая скампраметуе нас. Мы цяпер на парозе вялiкiх адкрыццяў, i мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, але мы не можам дапусцiць, каб Цiмi перашкодзiў нам. Не можам. Я вельмi шкадую, мiс Фэлоўз, але гэта так.
      - Ну што ж, - журботна вымавiла мiс Фэлоўз. - Дазвольце мне хоць развiтацца з iм. Дайце мне пяць хвiлiн, я больш нiчога не прашу.
      - Iдзiце, - пасля пэўнага вагання сказаў Хоскiнс.
      * * *
      Цiмi кiнуўся ёй насустрач. Апошнi раз ён падбег да яе, i яна апошнi раз прытулiла яго да сябе.
      Нейкае iмгненне яна моўчкi тулiла яго, сцiскала ў абдымках. Потым падсунула нагою да сцяны табурэтку i села.
      - Не бойся, Цiмi.
      - Я нiчога не баюся, калi вы са мною, мiс Фэлоўз. Гэты чалавек вельмi злуецца на мяне, той, што застаўся за дзвярыма?
      - Не. Ён проста нас з табою не разумее... Цiмi, ты ведаеш, што такое мацi?
      - Гэта як мама ў Джэры?
      - Ён расказваў табе пра сваю мацi?
      - Зрэдку. Мне здаецца, што мацi - гэта жанчына, якая пра цябе клапоцiцца, якая да цябе добра ставiцца i робiць табе шмат добрага.
      - Правiльна. А табе калi-небудзь хацелася мець мацi, Цiмi?
      Цiмi адкiнуў галаву, каб убачыць яе твар. Ён паволi працягнуў руку i пачаў гладзiць яе па шчацэ i валасах, як некалi даўным-даўно, у першы дзень яе з'яўлення ў Стасiсе, яна сама гладзiла яго.
      - А хiба ты не мая мацi? - спытаўся.
      - О Цiмi!
      - Вы злуецеся, што я так спытаўся?
      - Не, што ты, вядома, не.
      - Я ведаю, што вас завуць мiс Фэлоўз, але... iншы раз я сам сабе заву вас мамай. У гэтым няма нiчога кепскага?
      - Не, не! Я нiколi не пакiну цябе, i з табой нiчога не здарыцца. Я заўсёды буду з табой, заўсёды буду клапацiцца пра цябе. Скажы мне: "Мама". Але так, каб я чула.
      - Мама, - задаволена вымавiў Цiмi, прытулiўшыся шчакой да яе твару.
      Яна паднялася i, не выпускаючы яго з рук, узлезла на табурэтку. Яна ўжо не чула шуму i крыку за дзвярыма. Свабоднай рукой яна схапiлася за працягнуты ў сцяне шнур i ўсiм цяжарам павiсла на iм.
      Стасiс быў прарваны. Пакой апусцеў.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4