Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 7)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
V На вайсковы дзённы паёк у той час складалася 250 грамаў чорнага хлеба, якi крышыўся, сыпаўся, ня мог утрымацца ў вадным кавалку й быў празваны цэглай; каля 50 грамаў маргарыны, зубок сыру прыблiзна такой-жа вагi; макулiнка мармаляды ды дзьве цыгарэты. Але апошнiх ад даўжэйшага часу кадэты не атрымоўвалi зусiм. Ранiцою была чорная кава, на абед якая-небудзь рэдзенькая зупа з ледзь-ледзь паблiскiваючымi на паверхнi жыжкi плямкамi тлушчу, вечарам-жа - таксама кава. Атрымаўшы такi паёк, кожнаму жаўнеру даводзiлася разьвязаць цяжкое заданьне: цi ўсё гэта зьесьцi адразу й наесьцiся сяк-так хоць раз у дзень, цi тры разы намагацца замарыць голад. Адны рабiлi так, а другiя йнакш. Голад усяроўна дакучаў. Бульбу-ж, калi дзе па-суседзку была, шматлiкiя баялiся капаць, бо хто ведае, што немцам магло прыйсьцi ў галаву. Той паёк, званы па-нямецку Verpflegung, быў тут-жа ўдачна й скора перайменаваны на блiзкае па сугуках, але зусiм рознае паводле значэньня нямецкае слова verfluchte (пракляты). Пасьля паўдня, калi прыходзiў загад двум чалавекам з кожнага зьвяза браць коц i йсьцi да харчавога падафiцэра па паёк-"фэрпфлегунг", то навокал было чуваць: "Гэй, давайце па "фарфлюктар"! Хутчэй "фарфлюктар" iдзiце браць". Пакуль хто пайшоў па харчы, то слоўца "фарфлюктар" было паўторанае зь вялiкiм смакам i нацiскам на розныя лады й рознымi галасамi дзясяткi разоў. Гэным паўтараньнем кадэты зусiм нядвухсэнсоўна давалi знаць, што яны думаюць адносна нямецкага харчовага пайка. Немцы-ж тое выразна чулi, й некаторыя навет усьмiхалiся. На шосты дзень побыту ў Плоцку прыйшоў загад накiравацца ў ваколiцы Цеханава. Цягнiк вечарам пакiнуў станцыю й на наступны дзень прыехаў у Цеханаў. Яшчэ ноч пераспалi людзi ў вагонах. Вымаршыраваўшы ранiцою, пасьля трохгадзiннае хады, школа затрымалася ў маёнтку Даменты. Тут быў пакiнуты першы зьвяз разам з усiмi функцыйна-гаспадарчымi службамi й канюхамi, а другi й трэцi зьвязы пайшлi ў суседнюю вёску. У iх лiку пайшоў Кастусь Дзежка, а два ягоныя сябры засталiся ў Даментах. Наступная нядзеля ўдалася надзвычайна пагоднай. Было-б зусiм весела, калi-б не сьпякота. Першы зьвяз выйшаў на сьвежа-зжатае поле састаўляць жытнiя снапы. Гэткая праца была для юнакоў новасьцю ў войску, дык i ня дзiва, што сярод кадэтаў чулася такая гутарка: - Ну, браток, цяпер мы ўжо сабе й на хлеб заробiм, - пачаў нехта. - Ты думаеш, што нам таўстапузы немец падвоiць за гэта порцыю "фарфлюктару"? - засьмяяўся iншы. - Э, цi аб гэтым тут iдзе. Якi ты цямняк, нiчога ня кемiш. Мы-ж трымаем другую лiнiю фронту, так сказаць, забясьпечваем тых, што змагаюцца, хлебам. - Тут ты, брат, як пальцам у неба папаў. Некалькi галасоў засьмяялася. - От, абы неяк вайну пражыць, i з нас будзе даволi, - пазяхнуў iншы. - Я-б то так i да канца вайны згадзiўся езьдзiць ды навет i парабкам служыць, абы... - Чакай, цябе яшчэ завязуць, пабачыш! - Дык ты i парабкам навет служыў-бы? Вось дык дагаварыўся! - I гэта гаворыць адна з кветак беларускае моладзi - надзея нашай паняволенай Бацькаўшчыны! - Ты там ужо з кветкамi вылазiш? - агрызнуўся той, што хацеў быць парабкам. - Гэрой знайшоўся гэткi! - Як-бы там нi было, а за "фарфлюктар" адрабiць мусiш. Немiласэрна пякло лiпеньскае сонца. Юнакi пацелi ў таўстой суконнай чорнай вопратцы. - Калi мы ўжо ськiнем гэтыя палiцыйныя шматы? - прыгадаў адзiн. - Хаця-б во скарэй што зялёнае далi. - Ськiдай цяпер, чаго-ж чакаеш. Апошнi ськiнуў тоўсты мундзiр i шпурнуў на ржышча. Гледзячы на яго, тое самае зрабiла цэлая група. Сымон з Вiктарам кiнулiся ў хiтрыкi. Саставiўшы па пару копак, яны залезлi ў цень ды, аблажыўшыся навокал снапамi, праспалi ледзь не да абеду. Нямецкi "цугвахмайстар" (зьвязовы Турн сядзеў у канаве пры дарозе й ня надта сачыў за тым, дзе хто робiць. Хтосьцi хапiў соннага Сымона за нагу, што тырчэла з-пад бабкi. - Гэй, гляньце, хлопцы, хто ў бабках схаваўсяi - крычаў ён з уцехаю. Бабка ўся пахiснулася й на момант упала. - Перастань ты! - усхапiўся сонны Сымон. - Што за дурныя жарты, ледзь нагу не выкруцiў! Навокал дружна зарагаталi. - Сымон, мусiць, даўно на "фарфлюктар" зарабiў. - Няма надта на каго рабiць. Мы прыйшлi ваяваць а ня нейкiя снапы састаўляць, - апраўдваўся Сымон. - Чакай, яшчэ наваюешся. Апаўднi павольным крокам зьвяз iшоў дадому польнай дарогаю. Турн трымаўся ззаду калёны. Па абодвух баках дарогi стаяла буйнае, спелае, нязжатае жыта. Некаторыя цяжкiя каласы навiсалi, пахiлiўшыся, над дарогаю. Адзiн з кадэтаў, выцягнуўшы руку, скубануў пару поўных жытнiх каласоў. Ён цярушыў iх у руцэ й рассыпаў зерне па дарозе Гэтак часта, бывае падсьведама, па прывычцы, робiць дбайлiвы гаспадар-селянiн, каб прыгледзецца й палюбавацца сьпелым зярняткам жыта. Турн гэта заўважыў. - Наlt!* - гаркнуў ён. * Стой! (ням.) - Rechts um!* - скамандаваў. * Направа! (ням.) Усё павярнулася направа i ўпiлося зьдзiўленымi вачмi ў немца. Той падбег да рэкрута, што трымаў яшчэ ў руцэ колькi зярнят. Быў злосны й зачырванелы, як бурак. - Што ты робiш, чалавеча?! - пачаў раўцi на зьбянтэжанага юнака. - Ты iдзеш па дарозе, рвеш каласкi й рассыпаеш зярняткi. А цi ведаеш ты, што нямецкi жаўнер на фронце галадуе? Ты свiньня! Цябе, мусiць, наўчыць трэба! Ён хапiў хлапца за руку й павярнуў фронтам да калёны. - Глядзеце ўсе! Глядзеце ўважна! Гэты чалавек нiшчыць нямецкае дабро, нiшчыць хлеб! Дзьве постацi перад фронтам калёны выглядалi надта камiчна: адзiн у сваёй раптоўнай злосьцi, другi - у зьбянтэжанасьцi. Юнакi пазiралi то на немца, то на свайго сябру, што, растапырыўшы пальцы, трымаў на даланi пару зярнятак жыта. Ня ведалi, цi з таго сьмяяцца, дзiвiцца, цi ўспрымаць наагул паважна. Цi-ж Турн думаў гэнымi двума каласкамi накармiць галодных немцаў на фронце, цi гэта проста быў iзноў-жа зьдзек над чалавекам, што, пэўна-ж, ня думаючы зусiм над тым, яшчэ па дамашняй сялянскай прывычцы, пацiкавiўся сьпелымi каласкамi? - Еs ist kein Russland hier!* - зьвярэў Турн. - Памятайце, тут Нямеччына! Гавару вам гэта апошнi раз! * Тут вам не Расея! (ням.) Iзноў тое-ж Шнайдарава "кайн Руслянд", што выклiкала лiшнюю дозу нянавiсьцi да гiтлераўцаў, адлюстравалася, замацавалася ў думках кожнага з гэных юнакоў-рэкрутаў. Увечары таго дня Сымон Спарыш трымаў варту. Вечар быў лагодны, пагодны й цiхi. Нямецкiя падафiцэры з афiцэрскае школы й суседнiх ротаў пазьбiралiся ў садзе й п'янствавалi ды гарлапанiлi да позных гадзiнаў. Шмат хто навет "езьдзiў у Рыгу", як прынялося казаць мiж жаўнераў. Адзiн нямецкi зьвязовы падышоў да вартавога й доўгi час гутарыў зь iм. Калi Сымон спытаўся, цi весела яму, той адказаў, што не, хаця й напiўся. Жалiўся, што па дарозе праз Торунь ягоны афiцэр не дазволiў яму адлучыцца наведаць сям'ю, што там жыла. Немец лаяў вайну, афiцэраў i шмат яшчэ чаго, хаця не быў надта п'яным. Ад яго-ж Сымон даведаўся, што ў наступную сераду, за тры днi значыцца, афiцэрская школа мела накiравацца ў паўночна-ўсходнiм кiрунку i далучыцца да нейкага палка беларускае палiцыi. КАПIТАН МIКУЛА I ЎТВАРЭНЬНЕ ТРЫЦЦАТАЕ ДЫВIЗII I Вiталi Мiкула нарадзiўся ў 1913 годзе ў сям'i малазямельнага селянiна каля Нясьвiжа. Ягоная вайсковая кар'ера пачалася рана таму, што меў старэйшага брата ў польскiм войску, якi захацеў яго "вывесьцi ў людзi". Сам старэйшы брат Вiталяга, будучы паклiканым у польскае войска ды выказаўшы добрыя здольнасьцi, быў пасланы на падафiцэрскую школу, якую скончыў з добрымi вынiкамi. Па нейкiм часе здаў iспыты ў афiцэрскую школу для падафiцэраў. Вучыўся там чатыры гады, у вынiку чаго быў авансаваны на падпаручнiка. Калi Вiталi скончыў сямiгодку, старэйшы брат накiраваў яго здаваць iспыт у кадэцкi корпус. У Польшчы былi спачатку тры, а пасьля адно два кадэцкiя корпусы, у якiя прымалi маладых хлопцаў, што скончылi сямiгодку ды змаглi здаць канкурсовыя iспыты. Скончыўшы корпус, юнакi былi кандыдатамi ў афiцэрскiя школы. Вiталi Мiкула вытрымаў iспыты пасьпяхова. Апрача праверкi агульных ведаў, ад кандыдатаў у кадэцкi корпус вымагалiся пэўныя фiзычныя дадзеныя. Вiталi быў малым, хударлявым, замораным хлапцом. Калi стаў на вагi, то выйшла, што важыў на колькi кiлаграмаў менш, чым вымагала норма. Лекар маладога беларуса адкiнуў. Аднак Мiкула не здаўся. Ён наважыўся на вельмi радыкальны крок: напiсаць заяву прэзыдэнту Польшчы Масьцiцкаму. У заяве, мiж iншага, пiсаў гэтак: "Карпусовы лекар адкiнуў мяне за тое, што мая вага не сягае нормы. Гэта праўда. Але лекар ня ведаў таго, што я ў хаце ад маленства гадаваўся адно на бульбе з халаднiком". Няведама, цi гэты аргумэнт пераканаў Масьцiцкага, але прэзыдэнт налажыў на пiсьмо Мiкулы рэзалюцыю "прыняць". Вiталi Мiкула трапiў такiм чынам у кадэцкi корпус. Так добра злажылася, што кадэт Вiталi трапiў у роту Кушаля Францiша, добрага вайскоўца й ведамага беларускага патрыёты. Кушаль узяў хударлявага вучня на асаблiвую ўвагу. Было гэта ў 1932 годзе, якраз пасьля пераводу Кушаля з палка ў кадэцкi корпус на становiшча камандзера роты. Вучыўся Мiкула вельмi добра, але фiзычным заморышам застаўся далей, нягледзячы на тое, што кадэтаў добра кармiлi. У 1935 годзе кадэцкi корпус, аб якiм мова, перавялi з горада Хэлмно на Памор'i ў горад Равiч у Пазнаньшчыне. Была ў Равiчы ведамая вялiзарная турма, дзе побач са злачынцамi адбывалi кары й розныя палiтычныя, у тым лiку й грамадоўцы* - беларусы. * Сябры "Беларуска сялянска-рабочай грамады" - масавай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганiзацыi ў Заходняй Беларусi, у 1927 годзе забароненай польскiмi ўладамi. Увесну 1936 году, калi Кушалева рота рыхтавалася да выпускных iспытаў, камандзер яе быў папрошаны ў канцылярыю камандзера корпуса палкоўнiка Кавальскага. Апошнi пачаў распытваць Кушаля аб кадэце Мiкуле. Атрымаўшы найлепшыя водгукi, Кавальскi тыцнуў камандзеру роты нейкi лiст i загадаў тут-жа прачытаць. У лiсьце гэным адзiн чалавек з тае вёскi, адкуль паходзiў Вiталi Мiкула, пiсаў свайму сябру-беларусу, якi сядзеў у Равiцкай турме, быццам за камунiзм, што ў Равiчы знаходзiцца "свой чалавек", Вiталi Мiкула, якi можа яму дапамагчы. Турэмная адмiнiстрацыя, замiж таго каб уручыць лiст вязьню, пераслала яго палкоўнiку Кавальскаму. Паляк заявiў Кушалю, што Мiкула неадкладна будзе звольнены з кадэцкага корпуса. Шмат нэрваў каштавала беларусу, каб упрасiць Кавальскага пакiнуць Мiкулу ў корпусе, каб хаця здаў iспыты. Неахвотна, але паляк згадзiўся. Малая была з таго пацеха, бо калi пасьля iспытаў усiх пасьпяховых вучняў накiравалi ў афiцэрскiя школы, Мiкулу адлiчылi. Але малады беларус i тут ня здаўся, а, паклiкаўшы на дапамогу свайго брата, сам паехаў у Торунь, дзе была артылерыйская афiцэрская школа й куды ўдалося яму ўладзiцца. Скончыўшы школу, Вiталi Мiкула быў авансаваны на падпаручнiка артылерыi. З малых гадоў, трапiўшы яшчэ ў кадэцкi корпус, малады Вiталi заўважыў дыскрымiнацыю нацыянальных меншасьцяў палякамi. Яму-ж, якому давялося перажыць цi мала лiха, паўгалоднаму, недагледжанаму, якi жыў, вечна турбуючыся за заўтрашнi дзень i ўважаючы на свой кожны крок, каб дзе не правалiцца (абы, як гаварыў той старэйшы брат, "выйсьцi ў людзi"), нацыянальнае ўсьведамленьне прыйшло ў раньнюю пару. Памаглi, зусiм ясна, у гэтым самi-ж палякi, якiя на кожным кроку вытыкалi нацыянальную розьнiцу, хоць яны, ясна, ня ўжывалi слова "беларус", а найчасьцей - "хам" цi "кацап". У Мiкулы, як i ў сотняў тысяч iншых прыгнечаных польскiмi панамi беларусаў, нацыянальнае цесна вязалася з сацыяльным. Дык i дарога да поўнага ўсьведамленьня ня была крутая. Калi ў 1939 годзе ўспыхнула вайна, лейтанант Мiкула не належаў да тых, што старалiся грудзьмi ўтрымаць нятрывалы паверсальскi твор - дзяржаву, пад прыгнётам якой было некалькi мiльёнаў беларусаў. II Магчымасьць служэньня свайму народу прыйшла ў 1943 годзе, калi арганiзавалася Беларуская Самаахова й Францiшак Кушаль паклiкаў свайго былога вучня ў Менск. Вiталi Мiкула ўкладае элемэнтарны беларускi вайсковы статут, працуе над устанаўленьнем беларускай вайсковай тэрмiналогii й прысьвячае шмат часу i сiл вайсковаму школьнiцтву. Цэлы час ён мае надзею, што Самаахова ёсьць адно пачатак беларускiх нацыянальных збройных сiлаў. Адносна акупанта ў яго няма iлюзiяў. Ведамы сваёй сьцiпласьцю, вымагальнасьцю да сябе й iншых ды настойлiвасьцю, ён часта ўступае ў канфлiкты зь немцамi ў абароне беларускiх жаўнераў. Ёсьць сяньня шмат людзей, якiя цьвердзяць, што гэныя канфлiкты ўплылi на пазьнейшы трагiчны Мiкулаў лёс. Вельмi праўдападобна. Калi насьпела арганiзацыя Беларускае Краёвае Абароны, адкрылася шмат шырэйшае поле да дзеяньня. Капiтан Мiкула, цяпер ужо заступнiк камандуючага БКА, ведае, што сiла армii ляжыць перадусiм у афiцэрскiх кадрах. Выкладаючы на курсах перашкаленьня беларускiх афiцэраў для Самааховы, ён спасьцярог, што мiж добрага зерня была маса й мякiны, якую разьнясе ў лiхi час першы вецер. На такi нятрывалы элемэнт нельга было абапiраць армiю на даўжэйшы час. Толькi зусiм малады, добра нацыянальна ўзгадаваны й сьведамы, патрыятычны, адукаваны элемэнт мог стацца трывалымi падвалiнамi пад будучую армiю. Школа Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, у якую прымалiся юнакi ад 16 да 19 год, i была адказам на гэтыя высновы. Мiкула часьценька прыгадваў колiшнiя свае цяжкасьцi й цэлую масу непрыемнасьцяў ды перашкодаў, што давялося перанесьцi й перамагчы ў польскiм войску беларусам, i добра ведаў вартасьць навучаньня будучых афiцэраў БКА ў сваёй роднай мове й пад сваёй камандаю, хаця ў заўсёднай амаль прысутнасьцi немцаў. Дзеля таго ён прысьвячаў афiцэрскай школе цi не найбольш увагi. З выгляду Вiталi Мiкула быў чалавекам дробнага складу, сярэдняга росту, сьветлавалосы, з шэрымi вачыма i, здаецца, рабацiньнем на твары. Наплечныя падкладкi вайсковага мундзiра рабiлi ягоныя плечы шмат шырэйшымi, чым былi ўзапраўду. Рухi меў упэўненыя, надта апанаваныя, глядзеў заўсёды ласкава й стараўся прамаўляць цi гаварыць проста, бязь лiшнiх крывуляў. Твар ягоны, звычайна лагодны, меў тую ўласьцiвасьць, што адразу будзiў давер i пашану да гэтага чалавека. Кадэты Менскае Школы Камандзераў БКА хаця спазналi капiтана Мiкулу блiжэй упершыню ў тую чэрвеньскую ранiцу, калi пакiдалi Менск, адразу вычулi, што ў асобе капiтана маюць свайго найлепшага сябру, пратэктара, чалавека, якi будзе дбаць пра iхняе дабро ня менш, чым пра сваё собскае. Яны, як пазьней паказалася, зусiм не памылiлiся. III Перад тым, пакуль спынiмся над падзеямi, зьвязанымi з утварэньнем трыццатае дывiзii, неабходна хаця павярхоўна пазнаёмiцца нам яшчэ з дзьвюма асобамi - палкоўнiкам Зiглiнгам i маёрам Мураўёвым. У жнiўнi 1942 года ў раённае места Гарадзiшча Баранавiцкае акругi зьявiўся на чале пяхотна-панцырнага батальёну капiтан Зiглiнг. Гэта быў 57-мы батальён, што налiчваў звыш 600 чалавек. Была там маса беларусаў, частка ўкраiнцаў i iншыя. Батальён гэты, утвораны для змаганьня з чырвонымi партызанамi, меў нямецкiх афiцэраў i бальшыню падафiцэраў, шмат конных хурманак, верхавых коней i лёгкiх панцырных аўтамашын. Меў таксама колькi лёгкiх гарматаў, шмат цяжкое аўтаматычнае бальшавiцкае зброi ды навет малы разьведчы самалёт, званы "скрынкай". Пасьля колькiх сутычак з партызанамi ў ваколiцах вiдаць было па баёвой спраўнасьцi людзей, што адзьдзел быў добра здысцыплiнаваны й вышкалены. Жаўнеры паважалi свайго малажавага камандзера, якi адносiўся да iх па-людзку й не належаў да тых тупых афiцэраў старое прускае вайсковае касты, што так шмат шкоды прынесьлi гiтлераўскай Нямеччыне ў часе вайны бесталковым цi проста зьверскiм абыходжаньнем з чужымi. Зiглiнг меў добрую разьведку ў ваколiцах. Сам часта выяжджаў у далейшыя мясцовасьцi для вышукоўваньня партызанскiх гнёздаў, асьцерагаючыся, каб не цярпела цывiльнае мясцовае жыхарства. Яго нельга залiчыць да тых зьверскiх тыпаў гiтлераўцаў, што ў кожнай аперацыi супраць партызанаў бачылi нагоду, каб пусьцiць дымам адну цi другую беларускую вёску разам з ейнымi жыхарамi. Дзякуючы пiльнасьцi й руплiвасьцi Зiглiнга, у незадоўгiм часе авансаванага на маёра, Гарадзiшчанскi раён i суседнiя ваколiцы былi ачышчаныя ад чырвоных. Батальён браў удзел i ў шырэйшых акцыях супраць чырвоных супольна зь iншымi адзьдзеламi ў далейшых мясцовасьцях Беларусi. Здаралася, што Зiглiнг мусiў прыходзiць да крайнiх мераў, якiх высьцерагаўся - пушчаць з дымам беларускую вёску. Гэтак, напрыканцы 1943 году, пяцьдзесят сёмы батальён спалiў у часе зацятага бою вялiкую валасную вёску Застарыньне. Налiчвала яна звыш дзьвесьце гаспадарак i мала хто з жыхароў уцалеў. Бойку ў вёсцы справакавалi бальшавiцкiя партызаны, што наўмысьля заселi на падстрэшшах i адкрылi агонь са звычайнай i аўтаматычнай зброi па адзьдзелах Зiглiнгавага батальёну. Ужо хто як хто, а лясныя злачынцы добра ведалi, што мог значыць бой у вёсцы. Калi-б яны дбалi аб дабро мiрнага беларускага жыхарства, то, пэўна-ж, не пачалi-б бiцца ў вёсцы, ведаючы, што тая пойдзе з дымам разам з усiмi будынкамi й жыхарамi. Няма iншага выясьненьня, як толькi тое, што чырвоныя сьведама сваймi й чужымi рукамi пастаралiся зьнiшчыць Застарыньне. З украiнскiм русафiлам маёрам Мураўёвым чытач сустрэнецца яшчэ шмат дзе ў будучынi, таму скажам пра яго адно пару слоў. Самае важнае, асноўнае, што нас цiкавiць цяпер, гэта тое, што маёр Мураўёў быў надта блiзкiм сябрам Зiглiнга, аж да розных iнтымнасьцяў, як, прыкладам, супольных вандровак да дзяўчат у розныя часы i ў розных месцах. Мураўёў быў калiсь афiцэрам савецкае армii. Пасьля пераходу ў палон пайшоў на службу да немцаў i побач Зiглiнга тры гады змагаўся з партызанамi ў Беларусi. Там абое й зблiзiлiся. Зiглiнг часьценька браў на ўвагу парады Мураўёва - мо таму, што той меў язык i больш ведаў краiну, а мо i зь iншых прычынаў. Гэтае нас менш цiкавiць. Асноўнае, што ня было тайнiцай, - маёр Мураўёў уважаўся правай рукой Зiглiнга й нярэдка ўплываў на тыя цi iншыя пастановы немца. IV У месяцы лiпенi 1944 года на Мазуршчыне на поўнач ад Варшавы ды ў самай Усходняй Прусii знаходзiлася колькi дзесяткаў тысяч людзей з розных збройных адзьдзелаў, а то й рэштак адзьдзелаў, што эвакуавалiся зь Беларусi. Насамперш былi там адзьдзелы Дапаможнае Палiцыi, Беларускае Краёвае Абароны, рэшткi чыгуначнага батальёну, украiнскай зялёнай палiцыi, што дзейнiчала ў Беларусi. Там-жа былi й рэшткi або й цэласьцi такiх адзьдзелаў, як Зiглiнгаў 57-мы батальён ды iншыя, створаныя немцамi з мэтаю змаганьня з партызанамi. У складзе гэтых збройных частак пераважалi палонныя з Чырвонае Армii. Паводле нацыянальнага складу, гэта рознаякае войска было ў сваёй бальшынi беларускiм. Некаторыя цьвердзiлi, што беларусы складалi цi ня больш за 80 % усiх вайскавiкоў. Ясна, нiхто-ж не правяраў i не падлiчваў працэнтаў, адно ўгадвалi паводле характару адзьдзелаў. З праўдай далёка не разьмiналiся. Перад нямецкiм вайсковым камандаваньнем паўстала пытаньне: што рабiць зь дзесяткамi тысячаў людзей, што ў Беларусi так цi йнакш былi дапамогай для акупацыйнага апарату? Бязумоўна, немцы былi задаволены з наяўнасьцi людзкiх рэзэрваў, што лiшнi раз удасца выкарыстаць. Адно - цi паслаць iх да капаньня вакопаў i будовы ўмацаваньняў па-за фронтам, цi адправiць на паўнявольнiцкую працу на фабрыках, цi, рэарганiзаваўшы, - стварыць вялiкую збройную адзiнку? Пару тыдняў усё, як здавалася, вiсела ў паветры. Хадзiлi розныя чуткi. Найчасьцей цьвердзiлi, што неўзабаве давядзецца капаць вакопы цi будаваць бункеры. Радзей мяркавалася аб тым, што людзi атрымаюць зброю цi захаваюць тую, што маюць, ды пойдуць ваяваць на фронт. Маёр Зiглiнг быў выклiканы ў Бэрлiн, дзе меў даўжэйшыя гутаркi зь вярхоўнымi ўладамi. Бязумоўна, ён добра ведаў як людзей, так прыблiзна й iхныя настроi, а там ужо, зьверху, пэўна-ж, таксама мелi свае пляны. Хутка пасьля Зiглiнгавага выезду ў Бэрлiн афiцэры збройных адзiнак, што знаходзiлiся на Мазуршчыне i ва Ўсходняй Прусii, атрымалi загад зьявiцца ў ввабоз у ваколiцах гораду Эльбiнг. Загад адносiўся да адзiнак, у якiя ўваходзiлi беларусы i ў меншай меры ўкраiнцы й расейцы. Iхны афiцэрскi склад быў мяшаны: прыблiзна напалову - немцы, другая палова - афiцэры iншых нацыянальнасьцяў. 24 лiпеня 1944 году каля першае гадзiны ночы ў абозе каля Эльбiнга зрабiлi трывогу. Афiцэры атрымалi загад неадкладна рыхтавацца да канфэрэнцыi. Транспартнымi аўтамашынамi перавезьлi iх у вялiкую падгарадзкую вiлу, абстаўленую моцнай вартай. Пры ўваходзе ў будынак кожны быў грунтоўна кантраляваны. Нiхто ня змог адказаць на агульнае, як здавалася, пытаньне: што гэта за такая важная канфэрэнцыя, што турбуюць ажно а першай уночы, дый навошта такiя меры асьцярожнасьцi? Калi сабралiся ўсе ў залi, няведама адкуль зьявiлася вестка, пушчаная, вiдаць, наўмысьля, што чакаюць прыезду палкоўнiка з Бэрлiну, якi мае тут-жа i выявiць пляны адносна далейшага лёсу афiцэраў i iхных адзьдзелаў. Прысутных было больш за паўтары сотнi. Самая вялiкая заля набiтая была бiтком. Чакалi блiзу чатыры гадзiны, аж да ранiцы. З афiцэраў амаль палова была немцамi. Другой па велiчынi групай былi расейцы, колiшнiя чыны Чырвонай Армii. Украiнцы, пераважна русафiлы, якiя трапiлi ад бальшавiкоў у нямецкi палон i пасьля перайшлi ў палiцыю, што аперавала ў Беларусi, былi трэцяй групай. Колькасна найменшая ў параўнаньнi зь iншымi беларуская група мела таксама й найменш старэйшых рангамi: пару маёраў, колькi капiтанаў, рэшта - малодшыя чыны. Яшчэ менш было мiж iмi беларускiх патрыётаў. Загадкавай была адсутнасьць камандуючага БКА маёра Кушаля, якi ў час склiканьня афiцэраў у Эльбiнг быў цi то ў Лодзi, куды заехаў пасьля Плоцку, цi ўжо навет вярнуўся назад у Кэнiгсбэрг. Як пазьней выявiлася, маёр Кушаль аб канфэрэнцыi быў наагул непавядомлены, хоць шэф штабу БКА капiтан Мiкула ў час атрымаў паведамленьне ды, на вялiкi жаль, ня мог скантактавацца з Кушалем. Гэткiм чынам капiтан Вiталi Мiкула, апынуўшыся на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу, мусiў дзеяць на сваю руку, без папярэдняга паразуменьня са сваiм начальнiкам. Магчыма, што навет i нельга было мець нейкага папярэдняга паразуменьня цi плянаў, бо-ж сама канфэрэнцыя была неспадзяванай, тэмы нарадаў - няведамыя. Усё-ж можна было-б збольшага прадугледзець, што на парадку дня будзе лёс беларускiх збройных адзiнак, iхняя будучыня, арганiзаваньне iх у нешта большае. Можна тады загадзя было-б устанавiць беларускiя пазыцыi, палiтыку й тактыку. Магчыма, што Генэрал-Камiсар Беларусi фон Готбэрг, якi склiкаў тую канфэрэнцыю й якому да гэтага часу падлягалi ўсе вайсковыя ненямецкiя адзiнкi з былога Генэралкамiсарыяту Беларусi ды якi, пэўна-ж, i дэлегаваў маёра Зiглiнга ў Бэрлiн для нарады зь вярхоўнымi ўладамi, ня меў намеру памiнуць цэлага штабу Беларускае Краёвае Абароны. Магчыма, што ў свой час i нейкай дарогаю быў высланы загад у Беларускую Цэнтральную Раду, каб дала дыспазыцыi ўсiм афiцэрам БКА быць там i там ды тады й тады. Магчыма, што той загад дзесьцi й кiмсьцi быў загублены. Па-першае, Астроўскi з ад'ютантамi сядзеў у Лодзi, працаўнiкi-ж БЦР былi ў Кэнiгсбэргу, а сам камандуючы БКА, маёр Кушаль, як мы ўжо раней успамiналi, езьдзiў па Мазуршчыне й па Ўсходняй Прусii, шукаючы згубленых па дарозе зь Менску розных беларускiх адзьдзелаў i афiцэрскае школы БКА. Перш за ўсё трэба помнiць, што быў хаос, дык i шмат рэчаў было магчымых i немагчымых. Магчыма, што й тое-сёе сталася не бязь ведама расейцаў, што былi абселi пасады каля людзей, якiя тварылi трыццатую дывiзiю. Магчыма... Перастанем губляцца ў здагадках, адно запамятаем, што са штабу Беларускае Краёвае Абароны на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу быў сам капiтан Мiкула. Беларускiя афiцэры тварылi найменшую групку лiчэбна, найнiжэйшую рангамi i з найменшай колькасьцю людзей нацыянальна сьведамых i патрыётаў. Расейцы трымалi ў сваiх руках цi ня ўсе козыры: памiнаючы немцаў, яны былi шматколькасныя лiчэбна, мелi нямала высокiх чыноў - пару палкоўнiкаў i шмат маёраў. Па-iхняму-ж думалi, пэўна, i многiя ўкраiнцы-русафiлы. Iхныя людзi, у першую чаргу маёр Мураўёў, былi сябрамi Зiглiнга. V Ужо сьвiтала, калi ў вялiкай залi прыгараднай вiлы ў Эльбiнгу зьявiўся Зiглiнг. Ён толькi што прыляцеў самалётам з Бэрлiну й адразу пасьпяшыў на месца канфэрэнцыi. Магчыма, ня ведаў навет, што чакаюць яго добрых пяць гадзiн, бо крышку дзiвiўся, што ўсе выглядалi надта соннымi, а некаторыя дык проста й не саромелiся пазяхаць. У дзьвярах сустрэў яго Мураўёў, якi павiншаваў з новым авансам на падпалкоўнiка. Давялося патрэсьцi колькi добразычлiвых рук. Справа была пiльная, а Зiглiнг - чалавек свае справы, дык i не трацiлася шмат часу на выказваньне розных ветлiвасьцяў. За сталом з аднаго боку новага падпалкоўнiка (дзеля скароту будзем называць яго палкоўнiкам) прымасьцiўся ад'ютант-капiтан немец, з другога-ж - Мураўёў. Далей было колькi расейцаў наперамешку зь немцамi. На залi асноўныя нацыянальныя групы захавалiся ў цэласьцях - немцы, як найбольш лiчбоўныя й гаспадары, ня зьбiвалiся ў кучу, затое асобна трымалiся расейцы, таксама як беларусы i ўкраiнцы. Зiглiнг гаварыў паволi й выразна. Капiтан-расеец перакладаў сказанае на расейскую мову. Каротка гаворачы, справа выглядала наступна: нямецкае камандаваньне ўважае, што для чужых збройных адзьдзелаў, эвакуаваных з усходу, ёсьць два выйсьця - або быць зарганiзаванымi ў адну вайсковую адзiнку й працягваць змаганьне супраць ворагаў Нямеччыны, або быць завербаванымi на працу пры пабудовах прыфрантавых умацаваньняў i ў нямецкай прамысловасьцi. Нямецкае камандаваньне лiчыць, што першы выхад быў-бы карысьнейшы для абодвух бакоў, але - i тут быў нясьмелы намёк, што быццам выбар залежаў ад гэтак званых хаўрусьнiкаў з усходу, - усё залежыць ад зацiкаўленых людзей. Калi захочуць iсьцi працаваць, а не ваяваць, дык i тое будзе надта добра. - Вы як афiцэры ведаеце, як вашы людзi думаюць. Адкажыце мне тады зараз на пытаньне: што яны хочуць - цi быць у войску i ваяваць побач немцаў аж да перамогi, цi працаваць? У залi зашумела. Паветра было цяжкое. Густы табачны дым еў сонныя вочы. - Конечно, воевать будем! - пачуўся першы голас. - Застаёмся ў армii! - Мы е солдаты, а не робiтнiкi! - Все согласны с этим? - дапамог Зiглiнгу Мураўёў. - Да, конечно. - Усе. - Так, давайце далей. Пасьля аднагалоснага вырашэньня першага й самага асноўнага, як здавалася, пытаньня пачалася гутарка над тым, якой па сваiм характары мае быць новая вайсковая частка. Што па прызначэньнi гэта будзе пяхотная дывiзiя - лiшнiм было гаварыць. Iшла гаворка адно пра назву, нацыянальны твар. Тут немцы былi нямiла зьдзiўленыя, калi давялося прыслухоўвацца да розных думак, што былi ў канфлiкце мiж сабою. Расейцы, якiх было найбольш сярод афiцэраў, настойвалi, што дывiзiя павiнна быць па нацыянальным характары расейская: некаторыя ўкраiнцы (надта-ж неяк неадважна й нявыразна) даводзiлi, што для ўкраiнцаў было-б крыўдна, бо як-нiяк iх было-ж шмат. Палякi былi ў асноўным у лiку "фольксдойчаў", значыцца, выступалi разам зь немцамi. Нiводзiн паляк не асьмелiўся выступiць пад шыльдаю сваёй нацыянальнасьцi. А беларусы... Капiтан Мiкула, што да гэтага часу маўчаў i ўважна прыслухоўваўся, добра ацанiў сытуацыю, у якой ён, разам з групаю беларускiх афiцэраў, а шырэй гаворачы - тысячы беларускiх жаўнераў на Мазуршчыне й ва Ўсходняй Прусii, апынуўся. Пераважная бальшыня жаўнераў была беларусамi, адно афiцэраў было малавата. Але, пэўна-ж, у пачатках i iншыя афiцэры знайшлi-б месца ў дывiзii, пакуль сваiх набралася-б. Вунь-жа ёсьць афiцэрская школа. Адно абы дывiзiя была вызначана беларускай, а не расейскай цi якой iншай. БЦР i беларускiя вярхоўныя дзейнiкi мелi-б перад немцамi козыры ў руках. Дывiзiя была-б капiталам, якi можна было выкарыстаць палiтычна. Калi-ж такую нагоду пусьцiць люзам i не дамагацца свайго, дык гэта будзе непрабачальнай памылкай i адаб'ецца адмоўна на беларускай справе ў будучынi. Нельга-ж дазволiць, каб расейцы на беларускiм тавары капiтал сабе рабiлi. Капiтан Мiкула сумляваўся, што ўдасца чаго-небудзь дабiцца, але не было-ж iншага выйсьця. Як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны, перадусiм гарачы патрыёт, што на першае месца заўсёды ставiў дабро свайго народу, ён мусiць заступiцца за сваiх жаўнераў, дамагацца iхных правоў ды там-сям i паставiць пэўныя кропкi над "i", каб ведалi немцы i - мо ў найбольшай меры - расейцы. - Спадар палкоўнiк, - пачаў Мiкула спакойным голасам, устаўшы, - спадары афiцэры. Я хачу гаварыць не як звычайны беларускi афiцэр, але як заступнiк камандуючага Беларускае Краёвае Абароны. Лiчу абавязкам усiм насамперш прыпомнiць, што ўсё войска амаль, аб якiм iдзе гутарка, гэта беларусы. Ёсьць iх там звыш 80 адсоткаў. Гэта жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны, беларускай Дапаможнай Палiцыi, iншых беларускiх батальёнаў. Усе гэтыя людзi былi пад загадамi Генэральнага Камiсара Беларусi, пасярэдне-ж - пад загадамi штабу БКА й палiцыi. Праўда, у Беларусi былi й iншыя, чужанацыянальныя адзьдзелы, якiя цяпер пры адступленьнi зьмяшалiся зь беларусамi i становяць часьць цэласьцi. Яны-ж цяпер - гэтая малая часьць - асьмельваюцца дамагацца, каб усё беларускае войска, зарганiзаванае ў новую дывiзiю, сталася iхным па нацыянальным характары. Спадары афiцэры, гэта ня толькi абсурд, гэта, мякка выражаючыся, непрабачальнае нахабства! - закончыў Мiкула з нацiскам. На залi падняўся вялiкi шум, асаблiва ў групе расейцаў. Зiглiнг прыслухоўваўся адным вухам да перакладчыка, iншым - да Валянцiна Мураўёва, што, нахiнуўшыся, стараўся нешта сказаць палкоўнiку. - Откудова он такой взялся! - Что он чепуху плетет, большинство солдат - русские! - крычалi расейцы. Зiглiнгаў ад'ютант стукаў у стол, стараючыся наладзiць парадак. - Наша беларуская пазыцыя мусiць быць i ёсьць толькi адна, - прадаўжаў Мiкула, калi супакоiлася на залi, - новаарганiзаваная дывiзiя павiнна быць беларуская. Гэтага я дамагаюся як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны. Гэта нашыя жаўнеры, яны былi да гэтага часу пад нашаю камандай, такiмi яны й павiнны застацца. Iншанацыянальныя афiцэры й адзьдзелы, як меншыня, могуць увайсьцi ў новую беларускую дывiзiю... У часе, як гаварыў Мiкула, Валянцiн Мураўёў, нахiнуўшыся, шаптаў нешта на вуха палкоўнiку Зiглiнгу. Той цiкавiўся, здавалася, тым, што гаворыць украiнскi русафiл, больш, чымся тым, што адбывалася на залi. Iзноў падняўся шум. Колькi афiцэраў зь беларускай групы ўздыхнула з палёгкай, пачуўшы Мiкулавы словы. Украiнцы выглядалi зьбянтэжанымi, а расейцы шумелi найбольш, паглядаючы на Зiглiнга й Мураўёва. Перакладчык коратка пераклаў Зiглiнгу сказанае Мiкулам.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|