Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 33)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
- Ведаеш, - гаварыў ён, - i мне будзе выгадней, бо калi захочаш якую дзяўчыну падчапiць, а прыйдзеш сам, дык цяжкавата. Звычайна вольныя дзяўчаты гуляць прыходзяць парамi. Дык бачыш, у чым штука. Адна-ж сяброўка другой не пакiне, нiякавата, разумееш? А калi з табой, дык мы цяпер любую парачку падзелiм, надта-ж зручна будзе. - I, пэўна-ж, ты заўсёды больш прыгожанькую прыгалубiш? - Аб гэтым ужо неяк памяркуем. Можа, навет у нас смак да прыгажосьцi ня той самы. Я заўсёды прыглядаюся, цi прыгожыя ногi. А ты? - Твар. - Ну бачыш. I гэты гарэх мы ўжо раскусiлi. Пойдзеш у сераду са мной? - Чаму ж не. Сымон раней ня браў на ўвагу забавы ў кавярнi, хоць часта даводзiлася, праходзячы, чуць там нейкую неразьбярыху гукаў. Цяпер-жа, вечарам у сераду, калi разам з Дэмарчыкам прыблiзiўся й, зiрнуўшы на натоўп танцораў праз вакно, стаў, як укопаны на месцы, й разявiў рот. З кавярнi даносiўся нейкi зусiм несуладны, на Сымонава вуха, гукавы гармiдар. Найбольш вырозьнiвалiся саксафон, трамбон i бубен. Здавалася, што гэтыя iнструманты былi расстроеныя, кожны зь iх цягнуў зусiм у iншы бок, не зважаючы на астатнiя. Колькi жыў, ня чуў Спарыш такога. Ня было гэта падобнае на нiякую, веданую iм дагэтуль музыку. Сярод таго галасу можна было адрознiць нейкi мерны такт, ды i ўсяго, бо мэлёдыi зусiм ня было, цi, прынамсi, так Сымону здалося. - Чаго раптам стаў? - штурхануў яго Дэмарчык. - Спалохаўся, цi якое? - Што гэтыя музыканты там вырабляюць? Цi яны iнструмантаў не панаводзiлi, цi з глузду зьехалi? Няма-ж нiякай мэлёдыi. Цi то ў мяне, можа, слухавыя ворганы ненармальна працуюць. - А што, ты нiколi ня чуў джазу? - Джазу, кажаш? Недзе некалi каля вуха абабiлася, што ёсьць такое нешта. Але няўжо-ж гэта музыка? Гэта чорт ведае што... - Глянь вунь на гэных людзей. Бачыш, як танцуюць? I ўсе пад такт. Значыцца, ёсьць-жа нейкая мэлёдыя й рытм. Ну, хадзем, - цягнуў Дэмарчык хлапца за рукаво. Хаця-нехаця паплёўся Сымон да дзьвярэй. - Ну пойдзем, хаця-б для цiкавасьцi паглядзець. У кавярнi аж кiшэла. На адну дзеўку выпадала каля пяцi кавалераў. Дзяўчаты былi таксама вайсковымi з Кэтэрык Кэмпа, "пэсткi", як называлi iх палякi. - Гэта "квiк стэп" танцуюць. Бачыш, - паясьняў услужлiвы Дэмарчык. - Давай iдзём, чаго-ж марудзiць... - Дык-жа дзевак няма. - Пачакаем, пакуль наступны танец пачнецца. Толькi-ж не праваронь, рот разiнуўшы, бо iншыя дзяўчат пабяруць. Пры пачатку наступнага танца Дэмарчык шмыгнуў мiж сьцiснутых у кучу людзей i ўжо ўчапiўся за нейкую "пэстку", што цямкала ў роце жвачку. Сымон ня ўбачыў нiкога вольнага й таму прыглядаўся, як iншыя выкручваюцца. Прарэзьлiвыя гукi музыкi дакучалi няпрывыклым вушам. Нiяк ня мог хлапец асвоiцца ня толькi з такой мэлёдыяй, але навет з думкай, што такiя несуладныя гукi можна было назваць музыкай. Дэмарчык пару разоў кiўнуў Сымону галавой, каб прыблiзiўся, а калi той ня рушыўся зь месца, сам падвёў сваю партнёрку i перадаў яму. Юнак нязручна пачаў стаўляць крокi, забыўся трымацца рытму аркестра й колькi разоў, ваступiўшы дзяўчыне на ногi, прамовiў "соры". Калi танец скончыўся, зьнеахвочаны хлапец з палёгкаю ўздыхнуў, быццам паўкапы жыта цапом адпярыўшы. - Слухай, мусiць, я лепш пайду дамоў. Якое-ж гэта задаваленьне, чорт знае што за музыка й танцы. - Нiчога, браце, дробязь гэта ўсё. Ня траць веры. Невялiкая бяда, калi зь першага разу не пайшло. Наглядай вось партнёрку й не марудзь. Сымон намагаўся падбадзёрыцца. Калi наступнае зайгралi танга, ён у адзiн мiг ужо стаяў пры дзяўчыне ды, падхапiўшы яе пад рукi, пачаў больш уважна стаўляць крокi. Патрапляў i то не найгорш. Навет на ногi ня ступаў. Пасьмялеўшы, паспрабаваў навет убок павярнуць - таксама ўдалося. Павёў назад выйшла зусiм як трэба. Да канца танца хлапец зусiм асьмелiўся i з радаснай усьмешкай сустрэў Дэмарчыка. - Ну што? Ужо ўмееш? - Братка, як стары ўсё роўна. - А што, не казаў я табе? Будзеш яшчэ танцорам. Пасьля такой iнiцыяцыi Сымон быў сталым спадарожнiкам Дэмарчыка на вечарынах. Адно што нiяк ня мог прывыкнуць да музыкi. Уся яна была то нейкая занадта галасьлiвая, то зноў-жа вельмi сумна-хаўтурная. Навет самая папулярная тады ў Ангельшчыне, хвалёная й модная "Месячная сэрэнада" Глена Мiлера зусiм Спарышу не падабалася. Усяго, што прыносiлi танцы, гэта нагода гутарыць па-ангельску, падлавiць колькi словаў цi зваротаў ды выйсьцi хоць на хвiлiну на волю, пакiнуўшы манатонны i невясёлы сьвет вайсковага жыцьця. VIII У бараку восьмага курсу Школы Падхаронжых Сымонавым суседам цераз прамежак мiж радамi пасьцеляў быў нейкi Хшаноўскi. Гэта быў сярэдняга росту, фiзiчна добра разьвiты, але бледны i зь вельмi паморшчаным тварам, блiзу трыццацiгадовы бляндын. Нiчым асаблiвым не вызначаўся, хiба апрача таго, што найбольш ад усiх часу пасьвячаў навуцы. Кажнюсенькi дзень, на дзьве цi на тры гадзiны прылёгшы й выгадна выпрастаўшыся на ўсю даўжыню пасьцелi, браў сшытак з запiскамi дзённых лекцый i, прагавiта заглядаючы ў нататкi, паўголасам паўтараў то радыёвыя шыфры, то тапаграфiчныя правiлы. Быццам перад экзаменамi, шматлiкае завучваў на памяць, проста зубрыў. За гэта й празваны быў "зубрыцкiм". - Ну, пане зубрыцкi, якую барбару ты сяньня апрацоўваеш? - жартаваў ня раз Сымон. "Барбара" ў радыёвых шыфрах вызначала станцыю. - Цii-i-i-ха! - спыняў Хшаноўскi рукою суседа й малоў далей. Адно ўпэўнiўшыся, што ведаў усё на сто працэнтаў, уставаў з пасьцелi, адкладаў сшытак i звычайна браўся за напiльнiк, каб агледзець свае ногцi, або прысьвячаў колькi часу чаравiкам, якiя глянцаваў пад люстра. Хшаноўскi не хадзiў на танцы. Затое шмат часу трацiў на пiсаньне пiсьмаў нейкай Марысьцы, што пакiнуў у Францыi i якую нярэдка ў апавяданьнях сябрам маляваў быццам нябеснага анёла. Якое то было "золатца" i што за прыгожая "красачка" паводле Хшаноўскага! Няхай хаваюцца перад ёю ня толькi ўсе разам узятыя Рафаэлевы мадонны, але й сама незраўнаная ў харастве Вэнэра. У дэталёвым маляваньнi Марыськi Хшаноўскi насамперш затрымоўваўся на апiсаньнi ножак, якiя, паводле яго, быццам сам Творца ўласнай рукою вытачыў i ўдасканалiў на зайздрасьць усiм iншым. Далей немалую ўвагу прысьвячаў гнуткаму й прывабнаму стану, не забываўся падчыркнуць вынятковыя "грудцы" i ўжо аж пад канец адтвараў у памяцi "боскiя" вусенкi, анёльскi выраз твару, глыбiню вачэй i пушыстыя. напоеныя водарам францускай парфумы валасы. Насалоджваўся ўспамiнамi, як любiў насычаць цалункамi кончыкi Марысьчыных вушэй ды марыў аб наступнай сустрэчы. Сапраўды, слухаючы Хшаноўскага, не маглi яму не пазайздросьцiць, што здабыў сэрца найпрыгажэйшай на сьвеце жанчыны. Праўда, здымак дзяўчыны не надта каму паказваў. Адылi некаторым удалося аднойчы ўбачыць, калi нахабны Шчуроўскi бесцырымонна выцягнуў фота з раней нагледжанага таемнага месца. Тады паўсталi нейкiя супярэчнасьцi адносна анёльскага выгляду Марыськi. Хшаноўскi, сквапны на пахвалу, калi ўбачыў на тварах у сяброў крывыя мiны, махаў рукою ды абвяшчаў зацiкаўленым, што яны не разумеюцца на харастве так, як ён - стары й спрактыкаваны ў гэтай галiне майстра. Калi прадугледзеў, што могуць пачацца кпiны, звычайна пакiдаў барак, каб, баранi Божа, не пачуць якога абразьлiвага слова пад адрасам "мiлачкi". Вiдаць, вельмi цанiў i нiзавошта не хацеў пазбыцца ўяўленага вобразу той, хараство якой у найлепшым выпадку было адноснае да створанага аб ёй уяўленьня. Неяк Хшаноўскi, пад час рэпетыцыi аб харастве сваёй каханай, прыгадаў, што сустрэўся зь ёю ў Эльзасе ў часе вайны, калi служыў у францускiм чужаземным легiёне. - То ты ваяваў у Эльзасе? - зацiкавiўся Сымон. - Так. - А дзе-ж, каля якiх мясцовасьцяў ваш адзьдзел быў у акцыi? - Кольмар, Мюльгаўзэн, наогул каля швайцарскай мяжы. - А вы былi каля Бэльфорту цi пад Альткiрхам? - А як-жа. Як наступалi з-пад Дыжону, дык аж пад Альткiрхам затрымалiся на пару тыдняў. Пасьля прарвалi фронт i папхнулi швабаў аж да Рэйна. - Ня помнiш, больш-менш калi, у якiм часе гэта было? - зацiкавiўся яшчэ больш Спарыш. - Дзе? У якiм месцы? - Пад Альткiрхам. - Чакай, можа, прыпомню. Здаецца, дзесь пад канец лiстапада. Так, гэта мусiла быць пад канец лiстапада, бо пасьля за пару тыдняў, недалёка пад Каляды, дайшлi мы да Рэйна. - Ха-ха-ха-ха! - раптоўна зарагатаў Сымон. - Што за сьмех? - наежыўся Марысьчын паклоньнiк. - Дык i я-ж там у тым часе быў. Ха-ха-ха-ха! - Як то й ты? Таксама ў францускiм легiёне? - Але дзе-ж там! У тым-то й справа, што я быў з другога боку. - У швабаў? - Як табе сказаць... гэта была беларуская дывiзiя, якая ў першы дзень францускага наступу бяз бою пайшла ў палон. - Ты дрэнi кавалак! - жартаўлiва лаяўся Хшаноўскi. - Дык вось каго, значыцца, я мусiў выкурваць з тых глiняных акопаў! Вось дзе ўкрыўся мой вораг? - Ты, братка, асьцеражней! Ня зьневажай мяне! Мусiш падзякаваць, што мае сябры i я не адстрэльвалiся ды зусiм не баранiлiся. Чаго добрага - маглi б трапiць у цябе, такога адважнага ваяку. Пасьля не давялося-б табе сустрэць той боскай Марыськi. - Эх, лайдаку едэн! Ён значыць, быў маiм працiўнiкам. - Бачыш, як нашы дарогi дзiўна сышлiся. Цi ты сабе ўяўляў, што некалi з франтавым працiўнiкам будзеш насiць аднолькавы мундзiр i спаць на суседняй пасьцелi? Ха-ха-ха! - Сьмешны й дзiўны гэты сьвет. - Зусiм заблытаны, - згадзiўся былы менскi кадэт. IX Зь iншых навучэнцаў восьмага курсу трэба прыгадаць Усаевiча, сярэднiх гадоў паляка зь беларускай Смаргонi, найбольш здольнага й пiльнага вучня, што пры сканчэньнi школы заняў першае месца. Усаевiч адбыў час зьняволеньня ў бальшавiцкiх лягерах ваеннапалонных, служыў у войску яшчэ перад вайной, а на фронце быў у панцырных адзьдзелах. Меў вялiкiя веды з усiх панцырных дзялянак i таму ў школе амаль ня меў патрэбы вучыцца. Пад час заняткаў на радыёвым курсе практыкаваў альфабэт Морзэ, хоць вымагалася адно павярховае веданьне яго. Пасьля заняткаў найбольш сядзеў з Радзiвiлам у бараку, то падгладжваючы ангельскую мову, якую вельмi добра ведаў, то заглядаючы ў кнiжку матэматыкi, вiдаць, рыхтуючыся на будучыню трапiць у нейкую школу. Зьвязны Бончэк належаў да старэйшых векам падафiцэраў. Некалi трапiў у нямецкi палон i пасьля, уцёкшы зь лягеру зьняволеных, быў iнтэрнаваны ў Швайцарыi, дзе адсядзеў у лягеры гады тры. Швайцарыя была частай тэмай ягоных гутарак. Хвалiў маленькую альпiйскую краiну, а асаблiва ейныя гадзiньнiкi. Паводле ягоных мяркаваньняў, "Тысот" быў найлепшым гадзiньнiкам на сьвеце. Каб падтрымаць гэтую думку, мог бы залажыцца на вялiкую суму. Таму што навокал не было вялiкiх аматараў i знаўцаў швайцарскiх гадзiньнiкаў, нiхто з Бончкам не закладаўся. Найбольш мiзэрным, цi, калi ўжыць тут самае адпаведнае польскае слова, "нэндзным" чалавекам на восьмым курсе быў малы сьлiмазарны, заўсёды наракаючы й невясёлы Янкоўскi. Няцяжка было спасьцерагчы, што ён патрапiў набыць i захаваць у сабе самыя адмоўныя якасьцi так добра ведамага ў Заходняй Беларусi, асаблiва ў апошнiя гады акупацыi яе палякамi, тыпу польскага гiмназiста, што, скончыўшы сярэднюю школу, маючы вялiкiя вымаганьнi й прэтэнзii да грамадзтва з прычыны свае быццам адукацыi, шукаў цёпленькае пасады - звычайна дзесьцi ў малым урадзе, навет пiсарчуком, абы мог корчыць зь сябе вялiкага пана ўраднiка. У бальшынi такiя гiмназiсты, памiма немалой акумуляцыi ведаў з лацiнскае мовы й iншых клясычных прадметаў, былi зусiм няздольнымi да практычнага жыцьця, ганьбавалi чорнай працай i саромелiся яе. Заўсёды старалiся дастаць нейкую пасаду. Польская адмiнiстрацыя, выпусьцiўшы на рынак такi своеасаблiвы няжыцьцяздольны прадукт нерацыянальнай адукацыйнай сыстэмы, каб неяк знайсьцi лiшнюю дзiрку для выгадаванага панка, часта пашырала ўрадавы апарат, тварыла новыя й лiшнiя пасады, а гiмназiст зь недахопу працы калупаў дзесьцi ў валасной управе свой нос, даглядаў ногцi, корчыў зь сябе высокага ўраднiка ды непатрэбна забiраў час сялянам, платнiкам падаткаў - ягоным кармiцелям, якiм абцяжваў жыцьцё. Янкоўскi лiчыў сябе пакрыўджаным жыцьцём i людзьмi, думаў, што нiхто да гэтага часу не ацанiў ягоных здольнасьцяў, не гаворачы ўжо аб пашане да ягонага шляхоцкага паходжаньня. Лiчыў, што капрызны лёс закiнуў яго ня ў той асяродак, дзе ён мусiў-бы быць, i вызначыў яму ў жыцьцi не адпаведнае месца. I з выгляду быў малым i нявыглядным, заўсёды натапыраным i шурпатым у адносiнах да iншых. - А што-ж, пане Янкоўскi, будзеш рабiць, як скончыцца вайсковая масьленiца ды прыйдзецца ў цывiльным жыцьцi самому раду сабе даваць? - пацiкавiўся аднойчы Сымон. - Фраер ты, - самазадаволена й звысоку гледзячы, адказаў панок, - дамоў вярнуся. Там каля Кракава цёця мае маёнтак. Вось дзе я буду жыць. - Ого, брат! - засьмяяўся Сымон. - Дык ты, мусiць, уяўляеш, што маскоўскiя таварышы пакiнулi тваёй цёцi маёнтак i, пэўна-ж, таксама i для цябе цёпленькае местачка. Адно прыходзь i сядай панаваць! Нявузка! - Ах! - махаў дробненькi палячок рукой. - Што з табой гаварыць! Ты - мужык i на гэтых рэчах не разумеешся. - Я разумею, што хто працы не баiцца, таму ўсюды дарога. - Працаваць? Дзiвак ты. Я створаны да рэчаў лепшых, а не да працы. Няхай дурнi працуюць. - Але-ж ты й паразiт! - плюнуў Сымон. Янкоўскi не спасьцярог вялiкiх пераменаў, што прынесла на акупаваныя бальшавiкамi польскiя землi ваенная бура. Ня тое каб не хацеў, але прост-напраст няздольны быў сьмела заглянуць у вочы рэальнасьцi, ацанiць зьмены, што адбылiся ў сьвеце, а асаблiва на землях, захопленых Сталiным, а ў сувязi з гэтым i прадбачыць розныя магчымасьцi цi немагчымасьцi ды са здаровым розумам плянаваць будучыню. Ва ўяўленьнi шляхцiца маячыўся ўтульны маёнтак з белым выгадным домiкам у засенi высокiх стройных таполяў, пагулянкi з суседнiмi прыгажунямi-шляхцянкамi ў травеньскiя вечары, нагляданьне за паўпрыгоннымi сялянамi, гадаваньне кругленькага сыценькага жывоцiка й пагарда да чорнай працы. Сымон глядзеў на Янкоўскага больш з палiтаваньнем, чымся пагардай, i зусiм нядрэнна ўяўляў расчараваньне панка, калi-б той вярнуўся ў Берутаву Польшчу на "цёцiн маёнтак". Iснаваў на восьмым курсе й гэтак званы покерны гурток. Да яго належала нейкiх пяць асобаў, сярод якiх галоўным быў зьвязны Розмарэк, сам стары й перадваенны яшчэ жаўнер, што больш увагi ў жыцьцi аддаваў пазакулiсным, чымся простым, хадам. Ён пранюхаў, што камандзер школы, маёр Палiшэўскi, сам любiў часта прысесьцi ў "покерэчэк". Гэткiм чынам iснавалi спрыяльныя ўмовы для карцёжных гульцоў i адно заставалася выкарыстаць нагоду. Розмарэк аб тым i парупiўся. Няцяжка было спасьцерагчы, як часта пасьля заняткаў покернiкi адзiн за адным iшлi ў суседнi з маёравай кватэрай барак, дзе жылi падафiцэры. Там мелi асобны вольны пакой, дзе нярэдка займалiся ўлюбёнай гульнёй цэлымi гадзiнамi. Вучнi школы ведалi нямала адносна прайграных i выйграных, але таму, што сам Палiшэўскi часта прымаў удзел у картах, трымалi язык за зубамi. Розмарэк i сябры-покернiкi трымалiся з Палiшэўскiм за панiбратаў i будучыню ў школе мелi больш-менш забясьпечанай. РОДНЫ ЗЬНIЧ I Пасьля пары месяцаў побыту ў Школе Падхаронжых Сымон быў прыемна зьдзiўлены адносiнамi да яго з боку сяброў курсу. Змалку прывыклы да польскае неталеранцыйнасьцi. падрыхтаваны быў на розныя няпрыемнасьцi, шпiлькi, дакоры цi навет i варожасьць. Але нiчога падобнага ня мог заўважыць. Наадварот нiколi не спасьцярог, каб вучнi вырозьнiвалi яго памiж iншых. Шмат хто паважаў яго й цанiў як аднаго зь лепшых вучняў курсу. Ведама-ж, часта настаўнiкi, а ў даным выпадку - iнструктары, ня ведалi так добра сваiх вучняў, як самi вучнi ведалiся мiжсобку. Нярэдка прыходзiла ў галаву Сымона думка, што прычынай ягонага згоднага сужыцьця зь iншымi на курсе была адсутнасьць там гэтак добра ведамага з ранейшай жыцьцёвай практыкi i з войска тыпу зласьлiвага беларускага рэнэгата, якi, намагаючыся быць лепшым палякам за сапраўднага паляка, вечна так цi iнакш спаганяў злосьць на сваiх суродзiчах. Дзесь у глыбiнi ў такога рэнэгата была звычайна захаваная макулiнка зраненага сумленьня, якая цэлае жыцьцё не давала яму супакою таму, што здрадзiў i апаганiў народ i самога сябе. Дзеля насычэньня эгаiзму й апраўданьня сябе як чалавека, дзеля таго, каб давесьцi палякам, што ён самы сапраўдны й цэнны паляк, нiкчэмнiк такi вечна мсьцiўся на здраджаных суродзiчах. Помста гэтая - кусаньне цела роднае маткi, прымае розныя формы. Найчасьцей выказваецца дробнай дакучлiвасьцю й ядавiтасьцю ў дачыненьнi да сваiх братоў, у канцы-ж становiцца для рэнэгата хутчэй бiялагiчнай, чымся духовай патрэбай. Адгэтуль такая цягласьць i ўпорыстасьць у дакучаньнi здраджаным людзям. Нягледзячы на карэктныя й прыязныя адносiны сяброў, Сымон намагаўся заўсёды трымацца асьцярожна. Ведаў, што нiколi з палякамi ня мог-бы зблiзiцца так, як калiсьцi, хаця i ў вельмi кароткi час, з кадэтамi Менскай Школы Камандзераў БКА. Там быў часткаю суцэльнага нацыянальнага арганiзму, тут крошкай у чужым целе. Сяброўства з Дэмарчыкам цi iншымi замыкалася ў рамках зацiкаўленьняў штодзённымi заняткамi, экскурсiямi на танцы цi навукай ангельскае мовы. Далейшы доступ у сапраўднае духовае сяброўства з гэтымi спадарожнiкамi быў зачынены. Тое, што адносiлася да сяброў з курсу, нельга сказаць было аб маёру Палiшэўскiм. Ужо вельмi рана на пачатку школы спасьцярог Сымон, што маёр-покернiк чапляўся да яго часта бязь нiякае прычыны, за абы-якую дробязь. Сустрэне, бывала, Сымон па дарозе камандзера школы. Адсалютуе карэктна, як належыцца. Ведаў, як салютаваць. Практыкi-ж хапала, ня першы дзень быў у войску. - Гэй! - рэзка крыкне на хлапца, затрымаўшыся, Палiшэўскi. - Спарыш! Ану-ка вярнiся! - Слухаю пана маёра! - падыйдзе Сымон. - Як гэта вы, радавы, салютуеце, быццам у вас рукi вялыя, зусiм без касьцей? Што гэта, лепш ня ўмееце? Як гэта вы ходзiце, быццам той дзед стары? Так жаўнер павiнен хадзiць? Сымон стаiць i чырванее, сочачы, як дрыгае маёраў падвойны падбародак. - Я вам устаўлю яшчэ яйцы! Навучу вас, як будучы афiцэр хадзiць павiнен, пся косьць! Можаце адысьцiся! Сымон адсалютуе й манiцца йсьцi. - Гэй, Спарыш! Вярнiцеся! - зноў гаркне покернiк Палiшэўскi. Сымон затрымаецца. - Жывей вы ня можаце? Ану-ка папробуйце лепш, пся крэў! За гэткiя частыя маёравы натацыi Сымону было надзвычайна крыўдна, асаблiва калi заўважыў, што Палiшэўскi яму аднаму з цэлага курсу манiўся "яйцы ўстаўляць", адно на яго рэгулярна накiдваўся. Ужо пасьля, бывала, здалёк угледзеўшы маёра, прысьпешыць Сымон кроку i йдзе, здаецца, быццам той прускi жаўнер на парадзе - выпяцiўшы наперад грудзi, высока трымаючы галаву й сьмела гледзячы афiцэру ў вочы. - Гэй! Спарыш! - зьвягне зноў, нягледзячы на ўсе юнаковы стараньнi, Палiшэўскi. - Што гэта вы раўней хадзiць ня можаце? Я вам устаўлю яйцы, пся крэў! Пераканаўшыся, што як нi старайся, а маёр-покернiк усё роўна будзе абяцаць "яйцы ўстаўляць", Сымон стараўся, калi было магчыма, не паказвацца камандзеру школы на вочы. Вiдаць было, што Палiшэўскi чапiўся наўмысьля. Была нейкая прычына, аб якой Спарыш ня ведаў. "Цi не нацыянальнасьць мая тут прычынай?" пытаў сябе хлапец. Нiколi не давялося Сымону чуць, каб Палiшэўскi сулiў iншаму "ўставiць яйцы", адно яму. Гэта нiчога добрага для юнака не варажыла. II Дзесьцi недалёка Каляд прыйшоў загад, каб Польскi цэнтр вышкаленьня панцырнай зброi (гэтак афiцыяльна называўся) з Кэтэрык Кэмпа пераехаў у Фразербург, у Шатляндыю. Вучнi восьмага курсу заладавалiся на цягнiк ранiцою. Пакуль даехалi да новага месца, скончыўся кароткi перадкалядны дзень. Нiхто не шкадаваў, што так рана скончыўся, бо надта-ж усiм надакучыў улiўным дажджом i зольлю. Але й вечар быў ня лепшым. Востры вецярок хлiстаў сьцюдзёнымi, калючымi густымi iголкамi пасiнелыя ад сьцюжы твары. Ужо пры сьвятле фараў дабiралiся на аўтамашынах ад нейкай малой станцыi да новага, невядомага й прыхаванага ў цемры абозу. Машыны праехалi пару кiлямэтраў i спынiлiся. Людзi выладоўвалiся ўпацёмку. Нiхто ня ведаў, дзе i як разьмяшчацца. Непадалёк, у цемры, ледзь вiдаць было колькi баракаў, а дзесьцi воддаль на ўзгорку хлiпаў млявы агеньчык. Машыны завярнулiся й ад'ехалi на станцыю. Вучнi восьмага курсу даведалiся, што да мэты, гэта значыць да баракаў, дзе маюць памясьцiцца, трэба йсьцi яшчэ з паўкiлямэтра. Хаця-нехаця прыехаўшыя боцькалiся па нейкай глiнястай дарожнай калатушцы, пры сiльным ветраным дажджы зь цяжкасьцю лавiлi ў грудзi паветра ды, таўкучыся, быццам той статак авечак, памалу пасоўвалiся наперад. Праклёнам ня было канца. Пачыналi ад самага "начэльнага водза", а канчалi на школьным старшынi, што дзесь застаўся ззаду. Вiнавацiлi ўсiх i за ўсё, перадусiм-жа за недахоп спраўнай арганiзацыi. Нямала сакавiценькiх праклёнаў iшло й на адрас ангельцаў, перадусiм вайсковых уладаў, што так непашанотна адносiлiся да "гэрояў" з Галандыi й Iталii. Тут найбольшы сьпец ад лаяньня Вардлоўскi выявiў шчыты свайго майстэрства. Запас у яго быў нявычарпальны. Вурчаў, быццам той маленькi, але надта-ж зьвяглiвы сабачка, i з асаблiвай, як здавалася, асалодай ужываў лiтару "р". Лаяньне яшчэ павялiчылася, калi група дасталася ў прызначаны барак. Прычынаю была адсутнасьць матрацаў на пасьцелях. Давялося чакаць пару гадзiнаў, пакуль нарэшце нехта неяк зарганiзаваў транспарт i прывёз iх з абознага складу. Дзень пераносiнаў доўга помнiлi вучнi восьмага курсу, а нехта навет ня жартам спасьцярог, што гэта быў клясычны прыклад таго, як не павiнна рабiцца ў войску. Бо ня трэба-ж забывацца, што ад выезду з Кэтэрык Кэмпа, значыцца, ад раньня, нiкому эа цэлы дзень не давялося спажыць гарачай стравы. На новым-жа месцы, калi нехта знайшоў кухню, то з таго невялiкая была пацеха, бо нiчога падрыхтаванага зь емiны ня было. Гэтак з лаянкай, галодныя, перамерзлыя, сяк-так, як хто мог, прыладзiўшы пасьцелi, палягалi спаць. Назаўтра ранiцою разгледзелiся, куды папалi. Невялiкi абоз, у якiм было ня больш трох дзесяткаў баракаў, ляжаў на ўзгорку паблiзу надморскiх выдмаў. Выдмы гэтыя, аброслыя нейкiм доўгiм i тонкiм рыжым пустазельлем, малымi буграмi падымалiся аж да адлеглага на пару кiлямэтраў на ўсход Паўночнага мора. Вузкая, брукаваная пасярэдзiне й высыпаная жвiрам дарога спалучала абоз з паложаным ад яго проста на поўнач малым мястэчкам Фразэрбург. Мясцовасьць была ў Шатляндыi ў адлегласьцi каля 50 мiляў на поўнач ад Абэрдына. Новапрыехаўшыя былi надта-ж незадаволеныя. Навокал, акрамя малога Фразэрбурга й невялiчкай рыбацкай вёскi над морам, ня было нiякiх большых селiшчаў. Праўда, выбар не залежаў ад жаўнераў. Чаго добрага, калi-б дазволiлi iм выбiраць, то мо некаторыя пажадалi-б памясьцiцца ў якiм першаклясным лёнданскiм гатэлi. Давялося пагадзiцца й прывыкаць да нявыгаднага месца. Навет пакрысе пачалi забывацца аб тым капрызным днi, што дажджом i зольлю так уеўся кожнаму ў косьцi. III На Каляды й Новы год усе, што жадалi, маглi атрымаць дзесяцiдзённы водпуск. Тыя, што не хацелi, маглi заставацца амаль беспрацоўнымi пры бараках, бо нармальных школьных заняткаў ня было. Бальшыня скарыстала з нагоды i, атрымаўшы бясплатныя чыгуначныя бiлеты, па якiх можна было ехаць хаця-б на другi канец Ангельшчыны, расплылася па абтоку. На вялiкi жаль, нiкому не дазвалялi ехаць на кантынэнт, i дзеля таго наш асноўны гэрой быў крыху расчараваны, што нельга наведаць сваiх сваякоў у Нямеччыне, аб якiх ужо пасьпеў прыпадкам даведацца. - Ну як, Сымон, куды едзеш? - пытаўся Спарыша Дэмарчык. - Хто-ж яго ведае, фактычна няма куды. - Давай, братка, са мной. Я табе пакажу цяпер сьвет. - Можа, да тваёй Бэты? - Вось, братка, ты i ўгадаў. Ды ня толькi да Бэты, але перш i да Мэр заскочымся. - Гэта дзе, значыцца? - У Шэфiлдзе. - Дык нам толькi таго й адпачынку, што езьдзiць цэлы час будзем. - Эх, братка, каб ты ведаў, што гэта за дзяўчаткi, дык ты б зь нецярплiвасьцi ня мог уседзець, каб iх хутчэй пабачыць. - Дык я-ж i бачу, што ты зь нецярплiвасьцi ледзь-ледзь дачакацца таго ад'езду можаш. - Братка, ты - мудры Саламон. Угадаў ты, як усё роўна пальцам у неба трапiў, - сьмяяўся Дэмарчык. Мэры, дачка нейкага работнiка, жыла ў Шэфiлдзе, а Бэты, ваенная ўдава, якую Дэмарчык пазнаў,яшчэ будучы ў Кэтэрык Кэмпе, на вечарыне ў Дарлiнгтоне, жыла ў надморскiм месцы Сандэрланд, што ляжала блiзу Нюкасла. Прыехаўшы позна вечарам, якраз на Куцьцю, у Шэфiлд, Дэмарчык, затэлефанаваўшы да Мэры, даведаўся, што яе няма дома. Была дзесьцi ў сяброў. Гэткая вестка надта-ж узлавала Дэмарчыка, што любiў хвалiцца дзявочаю адданасьцю да яго. Было зусiм нялоўка глядзець з гэтай прычыны сябру ў вочы. - I ты падумай, калега, што за сьвiнства. Хiба гэтак могуць толькi ангелькi рабiць. I пiсаў-жа, што прыеду. - А можа, яна ўжо другога "бойфрэнда" мае? - усьмiхнуўся Сымон. - Тут, вiдаць, бабка надвое варажыла. Хутчэй за ўсё што так, бо не падлажыла-б яна мне такой свiнкi бяз прычыны. - Дык што-ж будзем рабiць? - Пераначуем тут ды, можа, яшчэ прабацяляемся пару дзён, а тады паедзем у Сандэрланд. - А што, калi й твая Бэты такая самая, як гэта цнотка? - О не, што то - то не! Ты, братка, ня ведаеш яе. Гэта не жанчына - гэта анёлак. - Таго я й баюся, што анёлкi часта крыльлi ўжываюць. - Фраер ты, чаго табе галава балiць. Бэты ад мяне не ўцячэ. Занадта моцна мяне кахае, каб iншага шукала. - Як кахае? Лiстоўна? - Але-ж ты, братка, i цынiк. Няхай цябе кадук. Прабыўшы тры днi ў Шэфiлдзе, дзе начавалi й елi ў вайсковым гатэлi ды бадзялiся па горадзе або сядзелi ў кiно, а раз навет i на танцы заглянулi, накiравалiся хлопцы ў Сандэрланд. Бэты сустрэла жаўнераў надзвычайна ветлiва. Гэта была ў раньнiх трыццатых гадах, дробненькая, чарнявая ў твары й даволi прыгожая жанчына. Яна была вельмi рухавая й надзвычайна ветлiвая. Дэмарчык, з навыкамi чалавека, што ў гасьцях чуецца як дома, развалiўшыся ў мяккiм крэсьле ў салоне й прыхiлiўшыся да пляча гаспадынi, часта заглядаючы ёй у вочы, апавядаў аб сваiх жаўнерскiх прыгодах, часта ўсьмiхаючыся да Сымона. Сябра таксама ўсьмiхаўся, а прычынаю гэтага былi розныя Дэмарчыкавы нябылiцы. Толькi цяпер Сымон заўважыў, што ягоны сябра меў немалую практыку ў заляцаньнi да жанчын. Навет у ангельскай мове, якой яшчэ ня зусiм добра валодаў, розныя жарты й дасьцiпнасьцi густа сыпалiся з Дэмарчыкавага языка. Бэты была ўдавой ангельскага афiцэра, што загiнуў у часе вайны ў Афрыцы, i, згодна апавяданьняў Дэмарчыка аб ёй, мела нядрэнны характар ды надзвычайна любiла таварыства. Сымону таксама прыдбалi кампанiю. Бэты запрасiла сваю сяброўку, зусiм не апошнюю з выгляду, даўганосую, з надта рэгулярнымi рысамi твару й добра збудаваную, нейкую разводку Нэлi. У Сымона ня было анi таго майстэрства ў гутарцы з жанчынамi, анi такога запасу ангельскае мовы, як у Дэмарчыка. Каб не паказацца надта-ж нудным, Спарыш стараўся як мог прымаць удзел у агульнай гутарцы. Языку крышку палягчэла, калi на стале зьявiлася вiскi, а пасьля пiва. Малы пяцiпакаёвы домiк гаспадыня атрымала ў спадчыну па нябожчыку мужу. На нiзе знаходзiўся добра ўмэбляваны мяккiмi канапамi салон з характэрным малым ангельскiм камiнком у сьцяне, наступным быў сталовы пакой i ззаду кухня. Наверсе былi спальнi. Даўно Сымон ня быў у жыльлёвым памяшканьнi, гадамi ўжо валочачыся па Эўропе й пражываючы то пад голым небам, то ў палатках, то ў жаўнерскiх бараках. Гэткi хатнi спакой, утульнасьць, цiшыня, прыемная цеплыня электрычнага квадратнага грэйнiка ў камiнку ды сяброўства хоць яшчэ й слаба знаёмых, але ўсё-ж даволi прывабных жанчын - усё зрабiла на хлапца мiлае ўражаньне. Прыпомнiў, што ёсьць на сьвеце, акрамя нядолi, i нейкая раўнамернасьць, рэгулярнасьць, рацыянальнасьць, задаваленьне ў жыцьцi. Сьведкаю таму няхай хаця-б i гэты лёгкi сьмех Бэты i Нэлi з розных апавяданых Дэмарчыкам драбнiц або iхняе бесклапотнае шчабятаньне. Як-жа выгаднай i прыемна-мяккай была таксама тая шырокая гасьцiнная падвойная пасьцеля, у якой давялося хлапцам побач праспаць пару начэй. Жаўнерскiя плечы даўно ўжо ўсьпелi адвыкнуць ад мяккага пуху пярыны. Навагоднi вечар правялi на танцах у найбольшай у горадзе танцавальнай залi "Рыц". Гэта была вялiзарная цыркулярная зала, пасярэдзiне якой на круглым подыюме гралi на зьмену дзьве аркестры. Навокал сьлiзкага танцавальнага паркету былi жалезныя балюстрады з лавачкамi, а за праходам - прыбiральнi. Заля магла памясьцiць вельмi свабодна больш двухсот пар танцораў. На Сiльвестраў вечар, хаця танцы распачалiся а гадзiне дзевятай, чарга па бiлеты ў касе скончылася дзесь мо за паўгадзiны перад поўначчу. Былi гэта ў бальшынi маладыя дзяўчаты. У сярэднiм выпадала трое дзяўчат на двух хлапцоў. Нiдзе й нiколi ў сваiм жыцьцi ня бачыў Сымон столькi моладзi на танцах. Аркестра была надзвычайная - адна й другая складалiся з шасьцi музыкаў, што гралi наперамену. Былi рэдкiя й невялiкiя перапынкi. Гралi ня толькi найбольш папулярныя ў Ангельшчыне ў той час факстроты й хуткi "джайв", але й вальсы ды танга. - Глянь, рыцар, якiя магчымасьцi выбару. Бачыў ты калi гэтулькi прыгожых дзяўчат у адным месцы? - таўхануў Сымона Дэмарчык. Сымон толькi пакiваў са зьдзiўленьня галавой. Танцаваць ён ужо наламаўся й стараўся забаўляць Нэлi, як мог. Тая-ж, напарфумаваная й напудраваная, выдавалася яму ў млявым прыцемленым сьвятле зусiм прыгожай. З гутаркай было неяк цяжкавата; першае, што Сымонаў язык быў даволi абмежаваны недахопам чужых словаў, а другое, што сама Нэлi ня вельмi была гаваркая. Выдавалася Сымону навет крышку нуднай. Нiчога-ж няма горшага, калi кавалер, дзякуючы пэўным абставiнам, змушаны праводзiць час не ў самiм сабой выбраным таварыстве, ды калi ў дачыненьнях з жанчынай перашкаджае чужая мова й адсутнасьць супольных тэмаў. Гэткiм чынам у найлепшым выпадку кавалер будзе чуцца быццам сам ня свой, хаця-нехаця адбываючы павiннасьць. Гэтакi Сымон чуўся, нягледзячы на ўсю навакольную весялосьць, нiякавата. Ягоная зьвязанасьць была больш вартай пашкадаваньня, бо навокал бачыў дзесяткi маладзенькiх прыгожанькiх дзяўчатак, зь якiх, калi-б ня быў заняты накiнутым Дэмарчыкам таварыствам, мог-бы выбраць сабе сяброўку па сваiм гусьце й мець шмат большую прыемнасьць. Дэмарчык i Бэты зусiм, здавалася, не разумелi, чаму другая пара была праз цэлы вечар такой нуднай i невясёлай. Дый дзе-ж iм было разумець. Яны цэлы час закаханымi поглядамi ўпiвалiся адно ў аднаго ды моцненька прытулялiся, танцуючы, пераплятаючы ўсё гэта вясёлым смехам i шматабяцаючымi поглядамi.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|