Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 32)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
Рачыцкага памятаў Сымон з "Лэмi Кэмпу" каля Нэапалю. Улан адразу кiнуўся беларусу ў вочы таму, што хвалiўся ўжо ў той час веданьнем ангельскае мовы. Ясна, Сымон ня мог ацанiць, як добра Рачыцкi ведаў мову. У гаворцы, якую ўлан вёў быццам з сабою, быццам зь iншымi, нiчога ня ведаючымi, як Сымон здагадваўся, было шмат "лацiны", г. зн. лаянкi. Сьпяваў па-ангельску адну цi другую песьню, тое-сёе гаварыў да iншых сяброў, быццам каб пахвалiцца веданьнем мовы, i, самае галоўнае, мог навет у кавярнi дагаварыцца з ангельскiмi вайсковымi жанчынамi. Шмат хто яму ўжо тады гэтак моцна зайздросьцiў, бо як-нiяк ехалi-ж у Ангельшчыну, й кожнаму веданьне мовы прыдалося-б. Быў гэта шыракаскулы ў твары, чорны, сярэдняга росту, мускулiсты й добра збудаваны мужчына гадоў звыш трыццацi. Паходзiў дзесьцi з Заходняе Ўкраiны, што была пад польскай акупацыяй, быў сынам асаднiка, прайшоў савецкiя канцлягеры, трапiўшы ў 1939 годзе да бальшавiкоў у палон. Ваенны шлях ягоны цягнуўся ад Тобруку ў Афрыцы аж да Балёнii. Аб ваенных здольнасьцях сьведчылi два шэрагi берэтак вайсковых медалёў на левым баку грудзей мундзiра. Рачыцкi вельмi любiў сьпяваць i быў гаспадаром прыемнага басу. Звычайна, кончыўшы "Над Янцэ-Кянгам зьзяе месяц", пачынаў "Сагару", а часта заводзiў, наўмысьля выкрыўляючыся й сакавiта пераплятаючы "лацiнай", "Я - стары араб". Шырокi й злёгку пакалечаны воспай твар звычайна насiў пагодную ўсмешку, але яна часьценька й надта-ж раптоўна зьнiкала, а на яе месца зьяўлялася задуманая й сумная маска, што магла сьведчыць аб нутраных перажываньнях. Пасьля самагубства, калi сябры пачалi прыпамiнаць розныя дэталi зь ягонае размовы, выгляду й адносiнаў да iншых, вырашылi, што Рачыцкi раней насiўся з думкай аб самагубстве, адно скрытнасьць характару й зьверхняя пагодлiвасьць добра маскавалi ягоныя намеры. Тыя, што найблiжэй яго зналi, цьвердзiлi, што нябожчык даўно страцiў быў усялялую веру ў лепшае, у тым лiку перадусiм у хуткае вызваленьне Польшчы, дый, магчыма, у занадта чорных колерах уяўляў будучыню на чужыне. Як-бы там нi было, Рачыцкi павялiчыў i так ужо немалы лiк тых палякаў, што пасьля Ялцiнскай канфэрэнцыi, пазбаўленыя надзеi на лепшую будучыню свае краiны, собскiмi рукамi вызначалi апошнiя разьдзелы свайго жыцьця. II Прыступаючы да азнаямленьня чытача з удзельнiкамi восьмага курсу школы, варта спынiцца найперш на вучню найбольш ведамым i паважаным сярод iншых Юрыi Радзiвiле. Але перш яшчэ льга прыгадаць тое-сёе аб самым доме Радзiвiлаў, бо апошнiя сусьветныя буры, разам з дэтранiзацыяй старых паноў - магнатаў на зямлi беларускай, змылi з памяцi людзей i мiнулае найвызначнейшых арыстакратычных дамоў. Род Радзiвiлаў карэньнямi сягае ў далёкае мiнулае Вялiкага Княства Лiтоўскага. Iмёны Радзiвiлаў сустракаем сярод найвызначнейшых людзей княства ваяводаў, бiскупаў, дворных гэтманаў i князёў. Стаяць яны побач Сапегаў, Астрожскiх, Хадкевiчаў, Мiрскiх, Алелькавiчаў, Глiнскiх. Радзiвiлам належалi вялiкiя абшары беларускае зямлi - пачынаючы ад Случчыны праз Нясьвiж i Клецк, Лiдчыну i Трокi - аж да Коўна. Амаль ва ўсiх вялiкiх местах Радзiвiлы мелi свае палацы. Калi ўсьлед за дынастыяй лiтоўскiх князёў (пазьней-жа польскiх каралёў Ягайлавiчаў) беларускiя магнаты кiруюць позiрк на Варшаву й Рым ды пасьля зусiм пакiдаюць свой народ i шпарка адчыняюць дзьверы польскiм уплывам на Беларусь i Жамойць, Радзiвiлы знаходзяцца ў iхнiх шэрагах. Яшчэ ў 1709 годзе князь Януш Радзiвiл з Багуславам намагаюцца пры дапамозе ў той час агрэсыўных швэдаў аднавiць поўную незалежнасьць Вялiкага Княства Лiтоўскага ад Польшчы (Кароны). Палякi змаўляюцца з расейцамi i йдуць наперасек швэдам i беларусам. Iдэя Радзiвiлаў ня была зрэалiзаваная. Другi пярэхрыст з княжага дому, званы Сiроткам, пры дапамозе iнтрыганцкiх польскiх магнатаў i ордэна езуiтаў, канчаткова перахiляе вагу будучага лёсу гэтага некалi слаўнага дому ў польскi бок. Януш Радзiвiл за свае стараньнi аднавiць незалежнасьць Вялiкага княства Лiтоўскага атрымоўвае ад Варшавы мянушку здраднiка, а род Радзiвiлаў цьвёрда становiцца ў калёны iншых вялiкiх i малых магнатаў-паноў, рэнэгатаў беларускага народу. Радзiвiл Сiротка зачыняе ў Нясьвiжы беларускую друкарню, што ў гэты час, калi на беларускiх землях моднымi былi розныя плынi заходнеэўрапэйскай рэлiгiйнай рэфармацыi, была адным з агменяў беларускага друку й культуры. Сiротка прывозiць у Нясьвiж рыцараў польскага каталiцызму - езуiтаў. Будуе для iх вялiкую сьвятыню й езуiцкую калегiю, а для сябе распачынае будову магутнага замку. Нясьвiж дзякуючы Радзiвiлу Сiротку становiцца, бадай, найгалоўнейшым асяродкам пашырэньня ў Беларусi рыма-каталiцызму й паланiзацыi нашай Бацькаўшчыны. Ад гэтага часу аж да акупацыi Беларусi Расеяй не зарастае пустазеллем дарога зь Нясьвiжу ў Кракаў i Варшаву. Польшча пры дапамозе сваiх паноў-iнтрыганаў i езуiтаў, пры пасярэднiцтве нясвiжскiх рэнэгатаў, моцна сьцiскае абшарнiцка-паланiзацыйнае ярмо на шыi сялянскага беларускага народу. У 1784 годзе гасьцяваў у Нясьвiжы польскi кароль Станiслаў Аўгуст, а ў 1929 годзе - будаўнiк павэрсальскай Польшчы маршал Пiлсудзкi. Апошнi прыяжджаў быццам дзеля наведаньня i ўшанаваньня магiлы свайго слугi - ад'ютанта князя Станiслава Радзiвiла. Фактычна-ж мiж гэтымi вiзытамi ня было iстотнай розьнiцы: сьведчылi яны аб тым, якую вялiкую вагу надавалi пануючыя ў Варшаве асобы дому Радзiвiлаў. Уважалi яго супоняй таго абшарнiцкага польскага каланiзацыйнага ярма, якiм пры дапамозе беларускiх магнатаў-здраднiкаў запрэглi ў няволю беларускiя сялянскiя масы. III Вучань восьмага курсу Школы Падхаронжых Юры Радзiвiл меў у апiсаным намi часе гадоў дваццаць пяць. Быў гэта вельмi высокi ростам, тонкi чарнявы дзяцюк. Густыя чорныя бровы парасьлi малымi стрэшкамi над доўгiмi вейкамi. Цёмна-рудыя вочы сядзелi блiзка простага й тонкага носу. На высакаватым лобе ледзь заўважныя былi раньнiя маршчыны. Невялiкiя прагалiны па кутах ужо разрэджаных валасоў, чэсаныя проста назад, былi вестунамi раньняга лысеньня. Дзякуючы вялiкаму росту Юры рабiў уражаньне худога й тонкага. Вузкiя, з доўгiмi тонкiмi пальцамi рукi лёгка, быццам наскi лыжаў, маглi загiнацца ўверх. Нямала ўвагi прысьвячаў Радзiвiл сваiм пазногцям, вострым i доўгiм, заўсёды чыстым i дагледжаным. Тыя арыстакратычныя рукi, пэўна-ж, шмат пацярпелi-б, каб давялося iм падаiць з паўтузiна кароў цi падужацца пару дзён зь вiламi пры вывазе гною. Асьмелiмся цьвердзiць, што Юрыю нi таго, нi другога не даводзiлася рабiць, хоць ня будзем запэўнiваць, што ён наогул цяжка не працаваў цi фiзычна не цярпеў. У 1939-ым годзе дзякуючы нейкаму асаблiваму зьбегу абставiн бальшавiцкiя "вызвольнiкi" захапiлi хлапца ў Нясьвiжы. Юрыю собiла зусiм непавярхоўна пазнаёмiцца з маскоўскай Лубянкай. Як i тысячы iншых палякаў, скарыстаў з нагоды ў 1942 годзе, уступiўшы ў арганiзаваную са згоды Сталiна на тэрыторыi Расеi польскую армiю. Далейшы шлях праз Iран, Iрак i Палесьцiну прывёў у Эгiпет i Лiвiю, пазьней - у Iталiю ды Ангельшчыну. Хаця Юры браў удзел у ваенных акцыях на фронце, адылi, вiдаць, адвагай не грашыў, бо на грудзях вiднелася адно пара берэтак ваенных адзнакаў i то якраз такiх, што давалiся ўсiм жаўнерам Другога корпусу бяз увагi на тое, былi яны пад агнём цi не. Як казалi на курсе (што цяжка было праверыць), бацькi ягоныя з адной дачкой знаходзiлiся ў Монтэ-Карла, а старэйшы брат служыў у польскай авiяцыi. Юры здабыў сярэднюю асьвету ў Швайцарыi, там-жа студыяваў i эканомiку ва ўнiверсiтэце. Гэты рослы дзяцюк быў вельмi сьцiплага характару й абмежаваных вымаганьняў. Калi-б навет i не насiў ведамага гiстарычнага прозьвiшча, заслугоўваў-бы, бадай, на тую самую пашану, якую меў сярод сяброў. Наскрозь i заўсёды вырозьнiваўся мiж iншых жаўнераў сваёй ветлiвасьцю, ласкавасьцю й сьцiпласьцю. У мове ягонай цалкам адсутнiчала будзённая жаўнерская "лацiна". Можна было быць мiзэрным па характары й асабiстай маральнасьцi чалавекам, стаяць на найнiжэйшай сацыяльнай прыступцы, але калi Радзiвiл гаварыў з вамi, магло здавацца, што вы самi замянiлiся ў сваю адваротнасьць: зьяўляецеся чалавекам у вялiкай меры вартасным, да якога якраз таму й адносяцца з такой вялiкай пашанай. Лiшнiм гаварыць, што ад вас належылася-б чалавеку ўзаемнасьць. Самым вартасным у Радзiвiлавых адносiнах да людзей было тое, што анi тая ветлiвасьць, анi пашана й добразычлiвасьць да iншых ня былi вымушанымi, штучнымi, як гэта часьценька даецца заўважыць у людзей зьверху палiтураваных, а ўсярэдзiне - грубых i фальшывых. Магчыма, што частка сакрэту Радзiвiлавай этыкi ляжала ў тым, што ўсiх людзей лiчыў добрымi, залiчаў iх у свае сябры i, ужо зыходзячы з гэтага, зблiжаўся зь iмi. Пазнаўшы гэтага рослага дзяцюка, вы хутка ўсьведамiлi-б, што гэта было ўпоенае ў яго змалку, дадзенае ўзгадаваньнем, што iнакш ён ня мог, калi-б навет i хацеў. Некаторыя спрабавалi справакаваць яго на злосьць цi дрэнны язык. Звычайна не ўдавалася. Калi Юры спасьцерагаў, што наўмысьля правакуюць, тады зь ледзь заўважнай, але заўсёды пазбаўленай зласьлiвасьцi ўсмешкай збываў усё жартамi, нiколi не рэваншуючыся на тых, што намагалiся яго правакаваць. У кожным чалавеку, зь якiм так цi iнакш зблiжаўся, гэткiм падыходам здабываў сабе сябру. На курсе клiкалi яго "прынцам" (ад ангельскага слова "рrinсе" - князь). Другiя дзьве, заўсёды мiж людзей вельмi рэдкiя, а найбольш цэнныя якасьцi Радзiвiлавага характару - уменьне маўчаць i слухаць iншых ды - цi не найважнейшае - неятолькi не выстаўляцца сваiм "я", але зусiм мала гаварыць аб сабе. Апошняе - найцяжэйшае, бо кожны чалавек у першую чаргу - эгаiст. Таксама штука ўменьня слухаць iншых зьвязана больш цi менш з собскiм эгаiзмам i зьяўляецца мiж людзей зьявiшчам даволi рэдкiм. IV Кажуць, што багатыя людзi - таму багатыя, што ўмеюць ашчаджаць. Гутарка йдзе не пра тых, што нажываюць капiтал у спадчыну цi багацеюць нясумленнымi мэтадамi, а пра такiх, што пачынаюць зь нiчога i ўсялякую манэту горнуць пад сваю моцную апеку, хоць гэта быў-бы, як часта выражаюцца ангельцы, сhicken feed*. Да гэткiх людзей трэба аднесьцi Юрыя Радзiвiла. Казалi некаторыя з вучняў восьмага курсу, што быццам Радзiвiл меў ад бацькоў вызначаную месячную суму ў памеры ста ангельскiх фунтаў на свае патрэбы. Плётка была малапраўдападобная. Вядома было адно, што Юры нiякiх грошай ад нiкога не атрымлiваў, але ня выключана, што бацькi дзесь адкладалi на ягонае конта нейкую месячную суму. Затое было публiчнай тайнiцай, як гавораць, што Юры ашчаджаў самую найдрабнейшую манэту з вайсковай платнi, якую атрымлiваў, як i ўсе iншыя, у памеры двух з паловаю фунтаў на дзесяць дзён. * Курыны корм (англ.). Iншыя трацiлi свае грошы на пiва, курава, вечарынкi, дзяўчат, на пячэньне й каву вечарамi ў мясцовай кавярнi. Радзiвiл ня пiў i ня курыў, не хадзiў на танцы й надзвычайна рэдка заглядаў у кавярню. Затое часта ўдзень прыносiў са сталоўкi закручаны ў паперку белы хлеб. Вечарам, седзячы ў бараку пры круглай напаленай печцы, раскладаў яго на гарачым кружку i, падпякаючы з двух бакоў, быццам тоўст, спажываў з прынесенай таксама з кухнi кавай цi гарбатай. Калi каторы зь сяброў, бачачы гэта, абяцаў купiць Юрыю пару пячэньняў i кавы ў кавярнi, калi-б той быў ласкавы з iм пайсьцi, "прынц" вельмi ветлiва, але станоўка адмаўляўся - мо таму, што самому прыйшлося-б выдаткаваць пару пенсаў. Ашчаднасьць Юрыя не канчалася на грашох, якiя ахвотна пазычаў усiм, хто прасiў. Пад канец навукi меў iх цэлае бярэма - магчыма, ня толькi ўсе атрыманыя за восем месяцаў фунты, але й шылiнгi зь пенсамi. Ён ашчаджаў i вайсковую вопратку й абутак. Кожны жаўнер меў па два мундзiры-"батледрэсы" й па дзьве пары абутку. Адна пара прызначаная была на буднi дзень, другая - на сьвяты. Рэдка давялося-б пабачыць Юрыя навет у сьвяточны дзень у лепшай вопратцы, хiба адно тады, калi разам з усiмi iшоў на абавязковую багаслужбу. Затое часта давялося-б бачыць "прынца" з прасам у руцэ пры стале ў бараку прасаваў порткi цi горшы штодзённы мундзiр. Прас быў куплены колькiмi сябрамi для супольнага ўжытку. Трэба тут заўважыць, што бальшыня жаўнераў прасавала свае порткi саматужным мэтадам, г. зн. пакрапiўшы злёгку вадою, злажыўшы роўненька на канты, клалi порткi на сяньнiк i зьверху ў падвойную столку засьцiлалi коцам. Гэта рабiлася кожны вечар перад ночным адпачынкам. Калi чалавек праспаў ноч на сваiх портках, дык ранiцай былi яны зусiм нядрэнна выпрасаваныя, хоць, вядома, не такiмi, як можна было зрабiць пры дапамозе праса. Але на буднi дзень i такога прасаваньня было даволi. Калi Юры купляў паперу й канверты для карэспандэнцыi, абавязкова выбiраў найгоршае й самае таннае. Няважна да каго пiсаў - да "прынцаў" цi звычайных сьмяротных - карыстаўся тымi самымi, найбольш таннымi пiсьмовымi матэрыяламi. Найбольшую ўвагу зьвяртаў Юры на сваё здароўе. У Ангельшчыне, пры капрызнай i дажджлiвай пагодзе, шчасьлiвы той, чый арганiзм адпорны на звычайны катар i прастуду. "Прынц" да такiх не належаў. Часта сябры бачылi Юрыя з нейкiмi кроплямi ад прастуды ў руцэ, а яшчэ часьцей - з пластыкавай ампулкай, у сярэдзiне якой, быццам той тонкi алавiк, сядзеў медыцынскi сродак супраць прастуды. У канцы ампулкi была маленькая дзiрачка. Яна ўкладалася ў нос i моцна цягнулася ў сябе для прачышчэньня насавых каналаў. Цiкава было сачыць, як Юры сваiм доўгiм i тонкiм пальцам прыцiсьне адзiн бок носу, а ў другую дзiрку ўложыць ампулку ды колькi разоў з вялiкiм смакам пацягне носам, навет аж зморшчыцца часам. Пасьля палец прыцiсьне другi бок носу, а ампулка загляне ў другую адтулiну. Апэрацыю тую паўтарае часта й некалькi разоў. На зьмену прыйдуць густыя пахучыя кроплi з малой пляшачкi, ужываньне якiх вымагае ня менш складанай апэрацыi. Юры дасягнуў верху мастацтва пры ўжываньнi тых кропляў i ампулкi, а ўжо лiшнiм будзе прыгадваць, што ўкладаў у гэта ўсю сваю душу. У моманты, калi Юры прысьвячаў увагу свайму правiльна-роўнаму панскаму носу, здавалася, што нiчога больш, акрамя яго, на сьвеце не iснавала. Пры тым "прынц" лёгка вурчэў, наракаючы на капрызную ангельскую пагоду. Падсушваючы пры печцы хлеб, Юры часта заводзiў зусiм нядрэнным тэнарам iндыйскi раманс: When I'm calling you-u-u, Will you answer to-o-o...* * Калi я паклiчу цябе, Ты адгукнешся мне... (англ.) V Толькi адзiн Шчуроўскi любiў пажартаваць над "прынцам". Шчуроўскаму й прозьвiшча надзвычайна пасавала да ягонага вонкавага выгляду. Шылаваты нос i падбародак, што нагадваў пацукову мордачку, ды цьвёрдзенькая, заўсёды настаўбураная грыўка, што нейкiм чынам нагадвала пацуковы вушы, вузка разьмешчаныя побач шылаватага носу вочы - усё гэта, здавалася, мела сувязь з прозьвiшчам языкатага хлапца. - Ну, "прынчэ", як там сягоньня маецца твой панскi хрыбет? - прыйшоўшы аднойчы зь дзённых заняткаў, зьвярнуўся да Радзiвiла Шчуроўскi. - Вы ведаеце, хлопцы, сягоньня "прынц" алiву ў "Кромвелi" зьмяняў. Але-ж i стагнаў, але-ж i крактаў. Праходжу я гэта каля танка, гляджу - нечыя доўгiя ногi, быццам тыя качэргi, з-пад гусенiцаў тырчаць. Стаю ды думаю - у каго-ж гэта ў нас на курсе такiя кавёлы даўжэзныя. Гадаю гэта я ды ажно чую, што нехта крэкча пад нiзом, як тая баба пры родах. Гэй! - крычу. - Што гэта там вам, пане калега, сталася? Памагчы, можа? Ажно сунецца з-пад "Кромвеля" нейчы доўгi кодаўб, i тады я пазнаў, што гэта наш "прынчэ". Замурзаны-ж, каб вы бачылi! I стукнула-ж таму iнструктару пану Юрыю такую брудную работачку даць! Ах, ах! Як-жа, "прынчэ", чуешся? "Бруднай работай", аб якой гаварыў Шчуроўскi, была зьмена алiвы ў танкавым маторы. Каб выцадзiць старую алiву, трэба было зьнiзу мiж гусенiцаў залезьцi пад матор, зьняць цяжкую стальную плiтку, пасьля адкруцiць шпунт ад алiўнага збарнiка. Найцяжэйшым было гэтае адкручваньне й закручваньне, бо мiж танкавым нiзам i зямлёй было вельмi няшмат прасторы. Трэба было лезьцi пад танк на плячах, а пры працы цяжка было разагнуць рукi. Работу тую, i не адзiн раз, мусiў выканаць кожны вучань пад час вывучэньня кансэрвацыi танкавых маторных мэханiзмаў. - Крыху балiць мне спiна, - гаварыў, лежачы на пасьцелi й не зьвяртаючы ўвагi на зласьлiвы сьмех Шчуроўскага, "прынц". Той-сёй, прыслухоўваючыся, хiхiкаў, але хiба не так з самога "прынца", як са Шчуроўскага, а найбольш з мэтаду ягонага насьмiханьня. Тое, што "прынцу" давялося ў "Кромвелi" алiву зьмянiць, ня было сьмешным. Раней цi пазьней кожны з вучняў адбываў тую павiннасьць. Сымон Спарыш шмат скарыстаў з Радзiвiлавай дапамогi пры вывучэньнi ангельскае мовы. Мяркаваў, што ў будучынi гэтая мова прынясе больш карысьцi, чым вайсковыя веды. Як-нiяк вайна была скончаная, i хто мог з пэўнасьцю сказаць, калi будзе прыдатны да ўжытку здабываны цяпер запас ваенных ведаў. Затое-ж, пэўна, шмат дзе прыйдзецца карыстацца ангельскай мовай. Хлапец вельмi лёгка засвойваў новы матэрыял з дзённых заняткаў i амаль зусiм ня трацiў часу на тое "зубрэньне", як шмат iншых пасьля пятае гадзiны вечара, значыцца, пасьля сканчэньня жаўнерскага працоўнага дня. Вельмi сур'ёзна ўзяўся Сымон за навуку новае мовы. Юры Радзiвiл дасканала ведаў пяць асноўных эўрапэйскiх моваў: нямецкую, францускую, гiшпанскую, iтальянскую й ангельскую, не гаворачы ўжо аб польскай, якой штодня карыстаўся, цi расейскай, якую, як казаў, навучыўся сам i ўжо не на школьнай лаўцы. Радзiвiл нiколi не адмаўляўся дапамагчы анi Сымону, анi iншым, што хацелi скарыстаць зь ягоных ведаў, навет тады, калi, здавалася. быў вельмi заняты сваймi справамi. Ведаючы Сымона як адзiнага беларуса на восьмым курсе й наогул у школе, "прынц" рэдка мiнаў нагоду, каб тое-сёе даведацца пра Беларусь. З пытаньняў ягоных вiдаць было, што аб Беларусi меў ён вельмi сьцiплыя веды, хоць мо шмат багацейшыя, чым iншыя палякi ў сiлу тых абставiнаў, што род ягоны калiсьцi быў беларускiм i маёмасьць у бальшынi знаходзiлася ў Беларусi. Сымон ахвотна i падрабязна тлумачыў усё, што цiкавiла "прынца" аб ягонай Бацькаўшчыне, асаблiва-ж ейнай гiсторыi. Аднойчы пры такой гутарцы Радзiвiл зусiм нечакана сказаў: - Пане Спарыш, вы-ж, пэўна, ведаеце, што я - таксама беларус. - Так? - усьмiхнуўся зь iронiяй Сымон. - Не, ня ведаў, пане Юры. Цi вы гэта гаворыце вось толькi сабе так, каб мне прыпадабацца, цi жартуеце? - Не, пане Спарыш, я зусiм паважна. Сымон доўга i ўважна прыгледзеўся вузкаму твару Радзiвiла. У вачах у "прынца" сьвяцiлася самая сапраўдная шчырасьць. - Ведаеце, пане Юры, ня знаю проста, што вам на гэта адказаць. Нiколi не даводзiлася мне чуць, каб хто зь цяперашнiх Радзiвiлаў лiчыў сябе беларусам. Можа, вы, калi шчыра гаворыце, уважаеце сябе беларусам толькi таму, што маёнткi вашай сям'i знаходзяцца ў Беларусi. - Не, зусiм не таму. - А чаму? - Таму, што наш род даўней быў беларускiм, цi, як тады называлi, лiтоўскiм. - Ваша беларускасьць - гэта вельмi-ж акадэмiчнае пытаньне. Хаця нельга адмовiць вам пэўнага права на беларускасьць, цяжка сягоньня было-б пераканаць людзей у тым, што вы цi ваша сям'я - беларусы. - Чаму-ж так? - Вы-ж, пэўна, нядрэнна ведаеце гiсторыю Лiтвы ды асаблiва пэрыяд швэдзкiх войнаў. Можаце прыгадаць, што Януш Радзiвiл пры дапамозе швэдаў хацеў аднавiць незалежнасьць ад Кароны Вялiкага Княства Лiтоўскага, значыцца, Беларусi. I вы, пэўна-ж, прыгадваеце, як за тую спробу князя Радзiвiла Януша збэсьцiў у сваёй трылогii Генрык Сянькевiч. Дарэчы, Радзiвiла Януша гiсторыкi й лiчаць апошнiм беларусам з роду Радзiвiлаў. Ён быў беларусам. Але вы, пане Юры... што-ж у вас беларускага? Вы навет мовы беларускай ня ведаеце, аб iншым ужо не гаворачы... На такi Сымонаў аргумэнт "прынц" нiчога не адказаў, хаця ў будучынi шмат разоў вяртаўся да тэмы аб колiшняй здраджанай Бацькаўшчыне. VI Адвард Дэмарчык паходзiў дзесьцi з Пазнаншчыны. З выгляду належаў да тых людзей, якiя здалёк кiдаюцца вам у вочы i пабачыўшы якiх, будзеце помнiць цэлае жыцьцё. Глыбака сядзелi пад густымi бровамi малыя блакiтныя вочкi й яўна выставаў навiслы ўперад вузкi высокi лоб, зьверху закончаны лесам густых i хвалiстых сьветлых валасоў. Гэта быў чалавек рухавы й энэргiчны. Усё рабiў плянава й сiстэматычна, нiкому ня ўступаў з дарогi за найменшую дробязь. Аддаваў належную данiну навуцы, быў старанны пры вывучэньнi лекцыяў, а галоўным яго заняткам пасьля школьнага працоўнага часу была ангельская мова й дзяўчаты. Дэмарчык пасябраваў з Сымонам ня толькi таму, што той таксама цiкавiўся ангельскаю мовай. - Ты ведаеш, Сымон, - гаварыў да яго аднойчы, - падабаешся ты мне за твой здаровы, як кажуць англiчане, horse sense*. Дый ня толькi за гэта. Ты маеш арыгiнальнасьць характару. Ведаеш, што ты ёсьць, чаго хочаш i чаго ад жыцьця вымагаць. Сяньня людзей такiх няшмат. * Конскi сэнс, розум (англ.). - Няўжо-ж праўда? - усьмiхнуўся Сымон, што прыняў тое за хвальбу, ды асаблiва ня мог зносiць такой хвальбы ў вочы. - Ты ня сьмейся. Шчыра гавару. Тое, што ты - беларус, зусiм ня робiць цябе горшым ад iншых. Наадварот ты ў няспрыяльных абставiнах, там, дзе шмат хто скрыўся-б са сваёй нацыянальнасьцю, - бо ты-ж ведаеш, што мы, палякi, кульгаем на талеранцыйнасьць, - ты, значыцца, у такiх абставiнах ня цураешся нацыянальнасьцi й адстойваеш свае правы. Тут то й вызначаецца ня толькi нацыянальная, але перадусiм асабiстая вартасьць чалавека. - Ну, браце, а што-ж гэта за чалавек, што сябе й свайго адракаецца? - Вось то-та. У тым то й справа, што сягоньня гэта модна. Мне-ж здаецца, што адракацца свайго, цурацца свае нацыянальнасьцi гэта значыць, стаптаць сябе самога ў гразь, не гаворачы ўжо аб тым, што такi суб'ект, страцiўшы пашану да свае вартасьцi, ня будзе шанаваць i нiколi ня зможа добра ацанiць iншых. - Ну ты ведаеш, Эдзё, у гэтым я з табой згаджаюся на сто процант, проста слова ў слова. - Як-жа б ты не згадзiўся, калi жывеш паводле гэтага прынцыпу. - Ты ўсё-ткi тое-сёе адносна мяне падмецiў. - Ды ня толькi адносна цябе. Вывучэньне людзей, перадусiм iхных характараў, ды найбольш слабасьцяў характараў, зьяўляецца маiм hоbbу*. * Улюбёны занятак (англ.). - А навошта-ж табе гэта? Вось так сабе толькi дзеля "гобi"? - Шчыра прызнацца, дык не. Мне гэта некалi прыдасца. Пры нагодзе раскажу, толькi не цяпер. Калi прыйшла тая нагода, аб якой успамiнаў Дэмарчык, а сталася тое пару месяцаў пасьля, калi хлапцы больш пасябравалi й зблiзiлiся, пазнаняк выявiў Сымону, што ў будучынi мае намер улезьцi (так i казаў - "улезьцi") у ангельскую разьведку - "Iнтэлiджэнс Сэрвiс". - Гэта, братка, - гаварыў, разгарачыўшыся й сьцiснуўшы кулак, Дэмарчык, дасьць мне шанс адпомсьцiць шмат якiм сукiным сынам за крыўды, што зрабiлi нашаму народу. Цяпер войска канчаецца, дык трэба шукаць iншых шляхоў змаганьня. Я, братка, доўга думаў i прыйшоў да выснаву, што гэта для мяне адзiны й найлепшы шлях. - Ого-го! - зьдзiвiўся Сымон. - Дык ты маеш нявузкiя пляны. - I даю табе слова гонару, няхай гэтая чужая зямля й Матка Чэнстахоўская будуць ммне сьведкамi, што да свае намечанае мэты дабяруся. - Якая-ж гэта мэта? Хiба-ж "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" будзе толькi сродкам? - Слушна. "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" лiчу толькi сродкам. А мэта мая - выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць i ўпiвацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсьмяротнымi мукамi ворагаў нашага народу. Буду калечыць, забiваць, i нiколi ва ўзбуджэньнi ня здрыгане маё павека. Буду зь мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсьмяротных цярпеньнях цела людзкое гадзюкi... Сымон уважна сачыў сьцiснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, зьзяючыя агнём нянавiсьцi маленькiя вочкi, дрыжачую ад узбуджэньня адвiслую нiжнюю губу. - А беларусаў ты таксама залiчаеш у лiк тых шчасьлiўцаў, якiх душыць маеш намер? - iранiчна спытаў Сымон. - Я чуў, што беларусы - добрыя людзi. Але ясна, калi-б яны апынулiся ў лiку нашых ворагаў, то... - Ну, ведаеш што, - пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы, хвалю цябе за шчырасьць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякi накiдвалi нам сваё ярмо, а нiколi наадварот... - Дык у чым-жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасьлiва разам. - Табе гэта надта-ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэньне "нейкае княства". Што за "нейкае" й чаму-ж "княства"? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасьцi, панскасьцi, а ня толькi няпрошанага панiбрацтва. Нотка гэта даволi добра далася нам ужо ў знакi. - Але-ж ты, брат, i прычэплiваешся да словаў. Зусiм ня тое хацеў я сказаць. - Мо й ня тое, але, як у нас у Беларусi кажуць, вылезла зь мяшка шыла. - Ну, браце каханы, але-ж ты й крыўдны характар маеш. - Скажы мне, - спытаў Сымон, - якi народ ты найбольш ненавiдзiш? - Немцаў. - А пасьля? - Расейцаў. А ты? - Насамперш маскалёў. - А яшчэ каго? Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасьцярог хiстаньне. - Скажы, скажы, што ненавiдзiш палякаў! - спанукаў Сымона. - Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жменi паказаў? - узлаваўся Спарыш. - Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца. Дэмарчык чуўся нiякавата й адвярнуў зрок у другi бок. - Калi я й ненавiдзеў, то цi маю аб гэтым гаварыць? Навет i табе, здаецца, блiзкаму сябру. Ёсьць-жа пэўная рацыянальнасьць i такт, якi трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але-ж гэта - адно дагадкi. Зусiм iншае, калi б ты пачуў тое з маiх вуснаў. - Разумею, брат, разумею. Закрануў я ў тваiм сэрцы адну з балючых ран. - Разуменьне - то адно, а дамаганьне цераз меру лiшняга - гэта зусiм другое. Слухай, Дэмарчык, добра, каб мы былi з табой сябрамi, бо гэтак нам цяпер выгадней. Дык нiколi ня пытайся, цi ненавiджу палякаў. - Разумею й згаджаюся. Але чаму ты сказаў "гэтак нам цяпер выгадней"? Цi ты прадугледжваеш, што ў будучынi будзем ворагамi? - Магчыма. Хто-ж яго ведае... - Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык i хвалю цябе за шчырасьць. - Не перасольвай ужо. На меншае я здабыцца ня мог, так як i ты. Бо-ж ведай ты, знаток людзкiх характараў i студэнт слабасьцяў, што не магу быць хвальшывым, асаблiва перад самiм сабой. - Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзiць разам на дзяўчат, а розную палiтыку пакiнем на той час, калi прыйдзе момант. - Бяз сумлеву. VII Хадзiць "на дзяўчат", як выражаўся Дэмарчык, давялося зь iм Сымону шмат разоў. Пазнанскi хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным - вывучэньне ангельскае мовы з гуляньнем. - Ну што ты, братка, уявiш сабе лепшае? - пачынаў разважаць будучы кандыдат у "Iнтэлiджэнс Сэрвiс". - Пойдзеш сабе на танцы цi на спатканьне, разам дзяўчыну прытулiш i пацалункаў нап'ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Навет i ня шукай лепшых настаўнiкаў мовы, чымся ангельскiя красунi, бо ня знойдзеш. На жаўнерскi мундзiр яны таксама гоняцца, як тыя мухi на гной. Тут толькi выпадае паставiць кропку над "i", скарыстаць з нагоды. - Можа, й маеш слушнасьць. - Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай-жа тады. Толькi дазволь пану Дэмарчыку пакiраваць у блiжэйшай будучынi некаторымi тваймi сьцежкамi, пабачыш, што чалавекам будзеш. I каханьнем насыцiшся, й мовы навучышся. - А ты ўжо ў гэтым такi вялiкi спэцыялiст? - Яшчэ якi! Хочаш пераканацца? - Чаму-ж не. Што-ж мне перашкаджае. - Ты, братка, глядзi на гэта з пункту карысьцi. - Дык што-ж маю рабiць? - Перш за ўсё пойдзем разам на забаву. - Дзе-ж тая забава? - Усюды колькi хочаш. Навет тут у абозе кожнае серады й пятнiцы ў вялiкай залi кавярнi адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд цi навет у Дарлiнгтон езьдзiць - там баб, як смецьця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш? - Некалi пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах. - Ня журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькi пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар... - Пабачым... Раз неяк надвечар Дэмарчык схапiў Сымона за руку: - Хадзем. - Куды? - Танцаваць вучыцца. - Куды? - А вось хадзi й ня пытайся. Дэмарчык накiраваўся ў кiрунку прыбiральнi. - Дык што-ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж ня маю патрэбы. - Ня ў уборную, а ў умывальню. Там ёсьць шмат месца, дзе разгуляцца можна. А дзе-ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядалiся й кпiлi? Умывальны барак быў прасторны. Мiж двух радоў, дзе над карытамi знаходзiлiся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца. - Вось тут, бачыш, як выгадна будзе? - А дзе-ж той музычны iнструмент, пад якi танцаваць будзем? - А вось! Бачыў? - Дэмарчык выставiў даўгi, зложаны ў трубку язык i зарагатаў. - Ха-ха-ха! - памог Сымон. - А добра-ж ён iграе хаця? - Слухай: До-рэ-мi-фа-соль-ля-сi-до-оо. До-сi-ля-соль... Ну як? - Будзе аll right*. * Поўны парадак (англ.) - То цяпер давай крокi. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такiя, як факстрот, якi англiчане тут завуць "квiк стэп", танго, навет i "джайв", палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногi разам - глядзi, о так! Тады зачынаецца зь левай наперад, пасьля iдзе правая наперад, iзноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на зьмену. Глядзi ўважна: так - левая, правая, левая, зьмена, раз, два, зьмена - i так цэлы час. Пры гэтым можаш рабiць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокi ведаў, гэты альфабэт усiх танцаў. Разумееш? - Ну. - Дык хадзi. Давай мне рукi. О так, гэту залажы за плячо. I чакай, ня прытуляйся-ж так, я-ж табе ня дзеўка. Пастаў ногi разам, i пачынаем. Я вяду. Ну, увага! Тра-та-та-та-та, тара-та-тата, та-ра-та-та-та. Стой! Ногi крышку заштыўныя, быццам калкi тыя. Старайся свабадней крыху, не напiнайся, каб гнуткiя ў каленях былi. Ну давай яшчэ раз: та-ра-та-та-ра... - Дык у гэтым цэлая штука? - Ясна. Нiчога тут надзвычайнага. Цяпер паспрабуй сам. - Тра-ля, тра-ля-ля-ля... - пачаў Сымон, сам сабе падпяваючы, тупаць па ўмывальным бараку. - Маладзец, вельмi ўдала! Бачу, што будуць яшчэ зь цябе людзi. А цяпер пакажу табе танго, самым простым спосабам, значыцца, глядзi, пачынаецца таксама: тра-ля-ля-ля, та-ра-та-та-та... Гэткiм чынам Дэмарчык, выясьнiўшы Сымону асновы самых простых танцавальных крокаў i паваротаў, намовiў яго ў наступную сераду пайсьцi разам у кавярню на забаву.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|