Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 30)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
* Што вы гаворыце, пане кохасю... Магу пабажыцца, я гэтага ня ведаў, ня ведаў. Пiкантны вы тып, пане калега. Вы кажаце, што на Вiленшчыне беларусаў большасьць. I што на ваш загад сталi ўсе пад сьцягам... Гм... Банальна, гэта ўсё банальна, пане калега... (польск.) Кiршнэр малоў бесьперапынна, быццам тыя сялянскiя жорны, й цмокаў ад зьдзiўленьня шырокiмi вуснамi там, дзе ня было чаму дзiвiцца. Сымону гэты палячок выдаўся сапраўды "банальным", калi ўжыць ягонае-ж любiмае слоўца. Сам стаўляў сабе пытаньнi, быццам накiраваныя да субяседнiка, i тут-жа зараз сам стараўся на iх адказаць. У пераходным абозе каля Форлi чакалi цэлы наступны дзень. Прыехала больш кандыдатаў у школу, перадусiм - уланаў з кавалерыйскiх палкоў. Трое зьявiлiся з дванаццатага палка Ўланаў Малапольскiх, пару чалавек зь нейкага Палка Швалежэраў, пару яшчэ аднекуль. На Спарыша й Кiршнэра як пехацiнцаў глядзелi яны неяк звысоку, з той ужо даўно прынятай i традыцыйнай у iхных адзьдзелах пагардай да пяхоты, да "шэрага пехура", як маўлялi. Кiршнэр са сваёй хуткай разнамоўнасьцю i аж залiшняй балбатлiвасьцю хутка праламаў лёд i ўсiх амаль парабiў сваiмi "калегамi". Сымон, як i заўсёды, больш прыглядаўся й прыслухоўваўся ды трымаўся збоку. IV Кандыдатаў заладавалi ў кузаў трохтоннага "бэдфорда", яны ўселiся на бочных лаўках, а пасярод разьмясьцiлi свае клункi. Самы найстарэйшы, чэрствы з выгляду капрал быў вызначаны камандзерам групы. Кузаў, накрыты сьпераду й зьверху плахтай, адкрылi каля кабiны, каб вецер разганяў духату ўсярэдзiне. Дарога мела быць доўгая. Стары сiваваты шафёр быў надта спрактыкаваны ў сваiм рамястве й гнаў машыну найменш па дзевяноста кiлямэтраў у гадзiну. Перад вачыма хутка прасоўвалася панарама прыгожай, вясной прыбранай краiны. Мiнулi званую залатой i славутую колiшняй вольнасьцю для мастакоў Фларэнцыю, даўгi й старажытны мост на Арно. Асфальтавая стужка шашы круцiлася й вiлася вужакаю мiж зялёных вiнаградных i садовых узбоччаў ды парыжэлых шчытоў Апенiнаў. Пад'яжджаючы да Арэццо, увязьлi ў вялiкiм натоўпе на вулiцы. Надрываўся гудок аўтамашыны, стараючыся зрабiць канал у людзкой масе. Сьвяткавалi тут канец вайны ў Iталii. Людзi махалi рукамi й усьмiхалiся жаўнерам. На шэрых мурах будынкаў чырванелiся напiсаныя рукамi палiтычных агiтатараў клiчы. Цiкава, цi дзе ў iншай краiне Еўропы было пасьля вайны выкарыстана на пэцканьне розных клiчаў на мурах столькi чырвонай фарбы, як у Iталii. - Глядзi, глядзiце! - паказаў на вялiкую сьцяну адзiн з уланаў. "Няхай жыве Ленiн!" - гаварылi вялiкiя чырвоныя лiтары, а побач цэлы мур цьвiў сярпамi й молатамi. - Вось-жа й дурны макароньнiк! Навет не парупiўся даведацца, што камунiстычны прарок ужо даўно здох! У натоўпе, акрамя нацыянальных iтальянскiх сьцягоў, лапаталi ў лёгкiм ветры й чырвоныя, бальшавiцкiя, зь сярпамi й молатамi. - Паглядзiш на гэту цёмную масу й часта маеш уражаньне, што ў Расеi знаходзiшся. Калi-б не запярэчваў гэтаму краявiд i людзi... - Пры такой галiце няма й дзiва. Зрэшты, ад фашызму Мусалiнi да камунiзму мосьцiк вялiкi будаваць ня трэба. - Цiкава, цi заходнiя хаўруснiкi зьвярнулi на гэта ўвагу. - Хто як хто, а Сталiн-то ўжо, напэўна, пра iх не забыўся. - Скурчыя сыны, макароньнiкi праклятыя! Наогул агульнай гутаркi было мала. Перашкаджаў гэтаму хуткi рух i гул машыны. Мясьцiнамi, дзе асфальтавая дарога была пашкоджаная й засыпаная жвiрам, аўтамабiль уздымаў за сабою вялiкi слуп пылу, што густа асядаў на прыдарожную зелень цi шэрыя будынкi. Дарога паўколам абагнула слаўнае ў гiсторыi з Ганiбалавай перамогi над рымлянамi Тразiменскае возера й праз Пэруджу, Асiж i Тэрнi зноў павярнула на поўдзень. У меру прыблiжэньня да Вечнага Гораду рух на шашы павялiчваўся. Найбольш было вайсковых транспартаў, часта мiналi цывiльныя iтальянскiя аўтобусы, а ўжо зусiм рэдка траплялiся прыватныя аўтамашыны. На захадзе сонца Рым усьмiхнуўся вежамi сьвятыняў i сьветла-шэрымi камянiцамi. Быццам збор цацак са сьветлай слановай косьцi, раськiнуўся ён у далiне, перарэзаны вужакай Тыбру. Велiчны купал ватыканскай сьвятынi, быццам той паважны й ганаровы гаспадар, паглядаў з цэнтру на тое вялiкае скупленьне сьвятыняў, палацаў, руiнаў, а па бакох места - высокiх жыльлёвых будынкаў. Воддаль сонца песьцiла млявы шэра-блакiтны зарыс Апэнiнаў. Цi прычынай старажытнасьць i слава Вечнага Гораду, цi тое, што "ўсе дарогi ў Рым вядуць" - нейкiм урачыстым i нявызначаным уздымам жыве чалавек, мiнаючы старажытную браму гораду. Зацiкаўлены намагаецца адшукаць утоены зьмест i адпячатак гiсторыi ў кожным сустрэнутым аб'екце, дагледзець у кожным камянi сэнс колiшняй магутнасьцi - у застылых суровых поглядах помнiкаў, у даламiтах i мармуры, адцыфраваць мiнулае ў зьедзеных часам i адноўленых старажытных сьвятынях. Воддаль налева высiцца Калiзей, й на шырокай плошчы талопiцца дзесь удаль вялiкi помнiк Вiктару Эмануэлю. Над фантанам застыў у каменi Нэптун, а на iншай плошчы сурова пазiрае бронзавы Марк Аўрэлiй. Таўкуцца па тратуарах грамады iтальянцаў, часта мiж цывiльных зелянiцца вайсковая вопратка. Вулiца бяжыць уздоўж Тыбра. За ракой адкрываюцца воку шырокiя брамы й вялiчэзны пляц Ватыкану. Толькi цяпер, прыгледзеўшыся зьблiзу, падарожны ўяўляе памеры сьвятынi Пятра й сталiцы каталiцкага сьвету. Сонца залоцiць круглы купал сьвятынi, i ўжо ў засенi ягонага ценю хаваюцца фiгуры апосталаў над высокiмi калёнамi. Аўтамашына скручвае направа цераз мост на Тыбры й лезе на ўзгорак. Тут, абгароджаны высокiм драцяным плотам, знаходзiцца пераходны вайсковы абоз. Чаму абгароджаны дротам? Гэта-ж не абоз палонных. Адказ на гэта знаходзiце, убачыўшы вялiкую групу цывiльных, пераважна жанчын, некаторых з дзецьмi, што чакаюць пры галоўнай браме абозу. Гэта - рымская бедната, што чакае нагоды, каб падабраць крошкi з вайсковых сталоў. Гэта - нашчадкi тых самых плябэяў, што калiсь насычвалiся вiдовiшчамi катаваных Неронам хрысьцiянаў i што пасьля самi падхапiлi й разнесьлi па ўсiм сьвеце хрысьцiянскае слова з катакомбаў. Як тады, так i цяпер выцягваюць яны па хлеб рукi, як калiсьцi, так i сяньня прадаецца за грошы рымская дзявочая краса. Для iх мала што зьмянiлася. Былi калiсь на дне й засталiся сяньня. Таму й абгарадзiлi калючым дротам колькi баракаў пераходнага вайсковага абозу. V Рым тулiўся яшчэ ў засенi ранiцы, калi машына мчалася ўжо па Вiя Аппiя. Дзьве трацiны дарогi з-пад Балёнii ў Нэапаль ужо засталося ззаду. Аўтамабiль выбiрае дарогу на Касыно, каб яшчэ раз кiнуць вокам на мясцовасьць, дзе бушавала найгоршае пекла Другое сусьветнае вайны й дзе сьмерць скасiла тысячы сыноў беларускай, украiнскай i польскай земляў. Ужо пад'яжджаючы да кляштарнай гары з поўначы, хаця ня бачыш яе яшчэ, навокал сустракаеш кучы каменьня П'едымонтэ. Гэта калiсьцi былi хаты. Гляньце - вунь тырчыць сярод руiнаў руля разьбiтай нямецкай "пантэры"... Направа каля дарогi на раўнiне спачываюць абгарэлыя жалезныя дамавiны амэрыканскiх "шэрманаў". Там-сям сярод рознага ламацьця й папялiшчаў вiдаць пераедзеныя ўжо iржой амунiцыйныя скрынкi й лускi снарадаў. Машына затрымоўваецца ля самага падножжа кляштарнай гары. Шафёр вылазiць з кабiны i, выцiраючы на твары пот, разглядаецца. З кузава выскокваюць i, топчучыся на месцы, распрастоўваюць ногi пасажыры. Разглядаюцца. Навокал нейкая магiльная цiшыня. - Тут калiсьцi быў гарадок Касыно, - няведама каму паясьняе сiваваты дзядзька шафёр, паказваючы на кучу злому, цэглы й рознага ламацьця на правым баку шашы. - Зраўнялi зь зямлёю. Вока блукае па руiнах. Пара старэнькiх жанчынаў поркаецца ў руiнах. Цяжка адрознiць, дзе былi будынкi. Там-сям ужо павылазiла наверх пустазельле. Нехта ў адным месцы зьляпiў похапкам нейкую будку. Мо якi жабрак цi пустэльнiк. Кляштарная гара панура ўталопiлася ў кучу руiнаў ля ейнага падножжа. Даволi высокая яна й зусiм недаступная з гэтага боку. На самым версе выстаўляе ўверх пацямнелыя абсмаленыя пальцы шкiлет кляштара. Зьнiзу выдаецца ён маленькiм, мiтычным i нерэальным. Можа, i ўся гiсторыя аб тым вялiкiм пекле - гэта сон? Мо й ня было тут нiякага кляштару й сьвятынi? Можа, не загiнулi тут тысячы людзей з народаў цэлага сьвету? Вось - жывыя сведкi. Яны тут бралi ўдзел, некаторыя былi раненыя, пакiнулi на палях сьмерцi сяброў, блiзкiх, мо й родных. - Там, збоку - далiна сьмерцi, - тлумачыць голас. - Немцы не давалi магчымасьцi падбiраць трупаў. Сьмярдзела на цэлую ваколiцу. Усялякая насякомая зараза жывiлася сьвежай крывёю й людзкiм мясам. Санiтары цi не санiтары немцы бiлi па ўсiх. Толькi ўпоцемку старалiся адшукваць раненых, i то нельга было схавацца пад асьвятляльнымi ракетамi... Глядзiш на поўдзень i дзiвiшся. Абаронцы Монтэ Касыно мелi дасканалы абстрэл на колькi кiлямэтраў у прасторным сэктары. Глыбока, быццам тыя краты, пазалазiўшы ў каменныя бункеры, маглi, гуляючы, нiшчыць наступаючых, быццам тых зайцоў, што без аховы й прыкрыцьця апынуцца на голым шырокiм полi. Дзесьцi з другога боку кляштарнай гары вырас шматтысячны лес белых крыжоў. Шмат зарабiлi там працавiтыя магiльшчыкi. Сакавiтае было жнiво. Ад саламяных беларускiх стрэхаў, ад украiнскiх i польскiх ляпянак вандравалi людзi праз тайгу Сiбiры, стэпы Казахстана й азiяцкiя ды афрыканскiя пустынi, каб знайсьцi супачынак тут, на скалiстым узбоччы. За што загiнулi? Думалi, што за вольнасьць... Цi-ж ведалi вы, сьвятой памяцi гэроi, што крамлёўскi тыран у той самы час душыў ужо вашы бацькаўшчыны? Iзноў разьдзьмуў вецер макулiнкi попелу. Спрацаваная рука бедняка iтальянца дбайлiва зьмяце набок кучы лому й зраўняе руiны. Iзноў вырасьце на гэтым месцы Касыно, а на гары - грыбы манастыра й сьвятыняў. Бедны далей застанецца бедным, а пакрыўджаны й палонены не перастане трасьцi ярмом. Як стагодзьдзямi раней, бубнець будуць у малiтвах да Ўсявышняга галасы манахаў, а магiльную цiшыню навокал будзiць будуць званы сьвятыняў. Будуць i ў будучынi, як раней на працягу стагодзьдзяў, малiцца за людзкiя грахi, за памiлаваньне, за вольнасьць ад тыранii й справядлiвасьць на зямлi. Адно тысячы белых крыжоў на ўзбоччы гары маўклiва будуць стаяць, каб вечна запярэчваць марнасьцi самых вялiкiх ахвяраў для здабыцьця мiражу-вольнасьцi. Чырвоныя макi на працягу доўгiх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымi з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлi. Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьцi. Рогi iншага тырана ў той час расьлi й дужэлi ў iншым месцы, за iншымi мурамi. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Калiты было крынiцаю нязьлiчоных няшчасьцяў i няволяў. VI Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спынiлiся ў ангельскiм пераходным абозе "Лямi Кэмп", кiлямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлiвалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кiраўнiк мясцовае польскае каманды паведамiў, што маюць чакаць на прыезд iншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль i Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так i рабiлi. Ужо на наступны дзень "на зайца", гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлi, уся група накiравалася ў Нэапаль. "ОUT OF ВOUNDS" I Чытачу давялося ўжо раней, калi гэроi нашы прыехалi з палону ў Францыi, пазнаёмiцца павярхоўна з гэтым прыгожым горадам. Ад таго магло застацца ўяўленьне, што Нэапаль - найцудоўнейшы горад на сьвеце. Гледзячы зьверху - яно так. Але адно зьверху. Дзеля таго загадзя перасьцерагаем, каб ня было рашчараваньняў i нараканьняў, што аўтар уводзiць у зман. Зараз вось, давайце, возьмемся за рукi, каб ня згубiцца ў людзкiм мурашнiку, ды заглянем усярэдзiну, кiнем вокам у самыя цёмныя закануркi. Аб падарожжы нашым, запэўнiваем, ня будзем шкадаваць. Пазнаёмiўшыся блiжэй з горадам, будзем мець лепшае ўяўленьне аб цэлай краiне i ейных жыхарох. Праменьнi вясеньняга сонца ўперлiся ў воды Нэапалiтанскае затокi. На вулiцах вельмi горача. Хуткiя машыны, пераважна вайсковыя, уздымаюць за сабой слупы пылу. Вулiцы брудныя, засьмечаныя. На тратуарах мала людзей, а дзе ўбачыце цывiльных - дык трымаюцца групамi. Ня дзiвiцеся гэтаму. У iтальянцаў i грэкаў ды iншых паўдзённа-эўрапэйскiх народаў ёсьць такая прывычка трымацца й хадзiць вялiкiмi групамi. Асаблiва-ж калi iдуць знаёмых цi сваякоў адведваць адразу дзесяткамi. Зiрнiце вунь на гэтую ў сярэднiм веку жанчыну. Яна трымае за ручкi двое малых дзетак, дзяўчынку й хлопчыка. Апранутая ў нейкую сукенку, што даўно страцiла першапачатковы колер, а цяпер наогул цяжка гадаць, якога колеру была. Доўгi час, вiдаць, не бачыла мыла й праса. Дзеткi замурзаныя. На хлапчуку адны кароценькiя штонiкi, на дзяўчынцы - нейкi рызман. Яны - босыя, а ў маткi на нагах працёртыя туфлi. Усё гэта худое i, здаецца, даўно не бачыла сонца. Матка выцягвае руку да прахожых i нешта ўвесь час манатонна паўтарае. Падыдзем блiжэй i прыслухаемся. - Signore, uno lire per Favore, per mio bambini...* - выцягвае худую пасiнелую руку да двух вайсковых амэрыканскiх нэграў. Яны, здаецца, не заўважылi беднай. Але вось адзiн спыняецца й торкае ў выцягнутую даланю зеленаватую паперку. Жанчына ня верыць вачам. Стараецца пацалаваць чорную руку вайсковага. * Сiньёр, адну лiру для майго ўлюбёнца, для майго дзiцяцi - (iтал.) - Gracie, amico, molto gracie, Dio te benedice!* - вырываюцца словы падзякi. * Дзякуй, сябра, вялiкi дзякуй, няхай блаславiць цябе Ўсявышнi! (iтал.) У нэгра на твары ледзь заўважная ўсьмешка задаваленьня. Магчыма, што прыпомнiў галечу сваiх людзей у цесных паўразваленых кварталах Чыкага цi Сант-Люiса. Магчыма, й сам мае дома бедную старэнькую матку. Iтальянка далей дакучае прахожым. Мо яна ўдава, мужа дзесь страцiла на вайне? Хто-ж ведае? Цывiльныя iтальянцы не зьвяртаюць на яе ўвагi. Вось вылезьлi зь лiмузiна два добра апранутыя пузатыя дзядзькi й кiруюцца ў рэстаран. Адзiн зь iх курыць дарагую цыгару. Не спасьцерагаюць выцягнутай рукi й бледных тварыкаў. Адзiн касавурыцца на жанчыну, што загарадзiла дарогу й просiць падачы. Для iх гэта бедная, вайной пакрыўджаная iстота, роўная назойлiвай мусе, якую трэба адагнаць, калi не забiць. Адзiн зь iх голасна апавядае нешта вясёлае, раптоўна абодва выбухаюць рогатам ды хаваюцда за дзьвярмi рэстарану. Але чакайце. Хто-ж гэта тузае нас за край вайсковай кашулi? А вось ён! Бачыце? Малое замурзанае хлапчанё, гадоў мо восем цi сем. Ён босенькi i ў кароценькiх заношаных штанах. На iм вiсiць аж нiжэй за каленi расшпiлены зашмальцаваны вайсковы "батледрэс". На галаве цывiльная шапка зь вялiкiм казырком апаўзае аж на вушы й вочы, i хлопчык бруднаю рукою падцягвае яе на шыю. - Signori, volete спаць, спаць? Volete una bella Signorina?* - прапануе мурзаты. * Сiньёр хоча ... Хоча прыгожую сiньярыну? (iтал.) Чуеце? Ён ужо й слова з нашай мовы ведае. Мусiць, не пяршыня яму такi занятак. Ня дзiвiцеся. Гэта дасьведчаны агент i, нягледзячы на дзiцячы век, экспарт у сваiм рамясьле. Там дзесьцi ў бочных вулiцах чакае адна, а мо дзьве цi тры прыгажунi, для якiх гэты малы шукае клiентаў. Яму мо яшчэ дзевяць гадоў, але жыцьцёвай практыкай цi ня будзе на гадоў паўтузiна старэйшы. Заложымся з вамi, што ведае цэлы сьцяг розных таямнiцаў найбольш цёмных закануркаў Нэапалю. Не гаворачы аб тайнiцах каханьня, ведае, пэўна, дзесяткi розных прастытутак, цэны, якiя бяруць за адну вiзыту й за цэлую ноч, знае цэны на рынку й масу спэкулянтаў, гнёзды зладзеяў i крымiнальнiкаў. Хто ведае, колькi-б дала палiцыя за iнфармацыю, што мае гэты хлапчук, але-ж ня ўдасца ёй. Бо як-бы жылi тады дзесяткi сем'яў, бацькi й родныя, а мо й дзецi тых дзевак цi жанчын, што гандлююць целам, не гаворачы аб зладзеях i крымiнальнiках. Не! Хлапчанё гэта нiчога не перакажа палiцыi. Гэта пагражала-б i ягонаму iснаваньню. Мы з вамi, ясная рэч, людзi высокамаральныя, дык нас прапанаваны малым тавар ня цiкавiць. Дадзiм яму вось пару цыгарэтаў, каб не дакучаў, бо нас цяпер цiкавiць штось iншае. Зiрнiце вунь налева. Бачыце гэтага белага амэрыканца, якога вядуць, узяўшы пад рукi, дзьве прыгожыя паненкi? Вось ён. Прыгледзьцеся. П'янаваты. Набок апаўзла яму шапка з двума рагамi - адным сьпераду, а другiм ззаду. Ногi ягоныя няроўна неяк iдуць. Усе трое перакiдваюцца словамi й сьмяюцца. У дзевак аж грудзi пад тонкай тканiнай падскакваюць. Апранутыя-ж яны не абы-як. Вось праходзяць мiма. Чуе нос ваш пахi парфумы? Эгэ, гэта цi ня з тых лепшых, найдаражэйшых? Мо iхнi агент непадобны да таго хлопчыка, а сыты й дагледжаны... Амэрыканец чуецца як быццам на хмарах, пад нябёсамi. Што-ж яму... Кiшэнi трашчаць лiрамi й далярамi. Гэта-ж ён зьяўляецца грамадзянiнам найбагацейшай й наймагутнейшай краiны на сьвеце - эканамiчнага гiганта й культурнага малакасоса. За даляры-ж можна купiць цi ня цэлую зруйнаваную калыску хрысьцiянска-эўрапэйскай культуры. Вось калi захоча, дык нейкi паўгалодны беспрацоўны маэстро, што гадамi студыяваў Вэрдзi, Бетховена цi Пучынi, за жменю лiраў пачысьцiць яму чаравiкi. Гэта-ж дома ў перапоўненых сьвiрнах абжыраюцца пацукi. Мо заўтра часьць таго збожжа з ласкi "Дзядзькi Сэма" будзе прызначаная для галодных у Iндыi, Афрыцы цi хаця-б сабе й тут, у Iталii. Ён магутны валадар сьвету, уласьнiк цьвёрдай гарматнай сталi й нявычарпальных запасаў харчоў. Каго зажадае - на павадку павядзе. Для галодных-жа - адно хлеб наўме. Дык чаму-ж ня жваць гумы, ня цыркаць нiтачкай сьлiны праз трубачкай скручаныя вусны й не пазiраць на ўсё зьверху. Думаеце, ён ведае, што знаходзiцца ў сьвятынi эўрапэйскай культуры й яму балiць тое, што нашчадкi Рафаэлевых мадоннаў красу прадаюць па завуголлях? Анiчуць. Цi тое, што без скарынкi хлеба блукаюць падарожнiкi-творцы, што пайшлi сьцежкамi Мiкеланджала, Расiнi цi Паганiнi? Не. Ён любiць i захапляецца чорнымi выканальнiкамi джазу, што выводзiцца з афрыканскiх джунгляў, чытае Эрскiна Калдуэла й Джона О'Хару, калi наогул што чытае... Верх красы ў ягоным уяўленьнi - "мiльёндаляровыя" ножкi Бэты Грэйбл i прынадная фiгура Рыты Гэйварт. У газэтах нiчога ня чытае, акрамя комiксаў i спорту. Пасьля школы ўсьпеў забыцца ўжо той мiнiмум аб Шэкспiры й Лiнкольне. Дайце дарогу! Сягоньня ён гуляе. Прыгаршчамi раськiдвае даляры й лiры. Вы, найслаўнейшыя са слаўных творцаў эўрапэйскае культуры й цывiлiзацыi, чакайце й прасiце, каб кiнуў вам скарынку ля хатнiх парогаў. Недаацэньвае ён вашых статуяў i мазаiк, галерэяў i музэяў, опер i бiблiятэк. Сяньня сiльны той, у каго трашчыць жывот, хто добра апрануты й мае туга набiты кашалёк, каму гiмн гудуць прапелеры самалётаў i хто валодае гарматнай стальлю, флотамi мараплаваў ды ў каго дома склады перапоўнены запасамi харчоў... Ня вам-жа хiба крыўдзiцца, што культура ваша не прасякнула, не прабiлася праз банкавыя вогнетрывалыя сховiшчы, напоўненыя капiталам, празь сьцены вялiкiх фабрык i складоў. Ён - гадунец культуры даляра, калi яе наогул так назваць можна. I цi-ж ягоная ў тым вiна? II Нiводнае iншае месца не адлюстроўвае так добра матэрыяльнага боку жыцьця людзкога, як рынак. Тут гандаль таварамi гаворыць аб дабрабыце цi аб беднасьцi народу. Асаблiва выразныя рысы матэрыяльных розьнiцаў народу пасьля вайны. Калi не лянуецеся, заглянем тады на нэапалiтанскi рынак - не таму, што самi маем нечым гандляваць, а проста каб пацiкавiцца. Тут больш, чымся дзесь у горадзе, сустракаем вайсковых. Прадаюць спэкулянтам цыгарэты, некаторыя збываюць вайсковую вопратку, абутак. Асаблiва добра й лёгка iдуць вайсковыя коцы, ручнiкi, посьцiлкi. Як звычайна, трапляюць яны адразу ў рукi спэкулянтаў, што могуць плацiць большыя цэны. Гэта яны ўжо пасьля нажываюцца з тых, зь якiх якраз найменш трэба было-б нажывацца, - з самых найбяднейшых. Бачым тут харчавыя прадукты, пераважна розных сартоў макароны, алiвы, муку, агароднiну й iншае. Мы харчоў ня купляем i дакладна навет ня ведаем аб разьмерах бюджэту, патрэбнага на ўтрыманьне сям'i, але з таго, што бачым i чуем мiмаходам, вiдаць, што цэны высокiя. Праходзiм праз доўгiя шэрагi лавак, на якiх прадаецца ўсялякае рызьзё. Вiдаць, што рука нэапалiтанца апустошвае шафы й куфры, каб неяк пажывiцца за кошт падношанае вопраткi. У iншых мясцох вiдаць сталовае срэбра, абразы няведамых нам мастакоў. Гэтыя прыбылi сюды, мусiць, з дамоў багацейшых цi мо ад каторых аматараў зьбiраньня мастацкiх рэчаў, якiх той самы голад прымусiў расстацца зь iмi. Калi-б хто захацеў зрабiць спiс усяго, што тут ёсьць на продаж, давялося-б цi мала папацець i шмат страцiць часу. Ад сярэбраных падсьвечнiкаў да падношаных шаўковых хусьцiнак i ад нiжняга жаночага хусьця да слаўных iтальянскiх акардэонаў чаго тут толькi няма! Усе зьвягаюць, заклiкаючы магчымых купцоў, як хто ўмее й патрапiць. Над морам гэтым, што часта павыцягвала з хаты апошняе, каб збыць i прыдбаць кавалак хлеба, ды тымi, што ахапкамi скуплiваюць вайсковыя рэчы, каб пасьля нажыцца зь бедных, нясупынна стаiць вялiкi гоман. Вось прылiп да нас нейкi стары мужчына й выхваляе рознакалёрныя сувэнiры: розныя пацеркi, выкладаныя блiскучымi каменьчыкамi крыжыкi, здымкi Вэзувiя й нэапалiтанскага каралеўскага палацу, прыгожыя, зробленыя з рознакалёрнай плястыкi папяросьнiцы й табакеркi й яшчэ тое-сёе. Збоку хлопчык аж ахрып, выхваляючы свае цыгарэты "Нацыяналi", водар якiх падобны да смуроду бальшавiцкага "Памiра". Ён налягае на цывiльных, а ад вайсковых стараецца купiць "Плеерсы" i "Капстаны". Цана больш-менш сталая - сто лiраў за пачку з дваццацi штук. Гаворачы аб самiх грашах, варта зацемiць, што можна тут купiць якую хочаш валюту, пераважна-ж ангельскiя й амэрыканскiя папяровыя фунты й даляры. Ангельскi фунт хiстаецца ад чатырох да шасьцi сот лiраў, амэрыканскi даляр ня возьмеш нiжэй за сотню. Фунты йдуць найхутчэй пяцёркамi, а даляры дзесяткамi. Лiры - пераважна акупацыйныя, выпушчаныя ваеннымi ўладамi, але сустракаюцца й шырокiя ды прыгожыя перадваенныя. Асаблiва ўважайце на акупацыйныя, калi гандлюеце з цывiльнымi, бо сярод вялiкае масы капiталу ў руху прыблiзна адна трэцяя - гэта фальшыўкi. Таксама пiльна сачыце за сваiмi кiшэнямi, бо лёгка можаце стацца ахвяраю спрактыкаваных спэцыялiстаў. Тут, на гэтым рынку, ясна, можаце купiць ня толькi тое, што вочы бачаць. Пэўна, палова цывiльных, якiх бачыце з пустымi рукамi, гандлюе таварам, што ходзiць на дзьвюх нагах. Адылi найбольш сэнсацыйныя гандлёвыя абароты адбываюцца ня тут, на рынку, а ў дарагiх кавярнях цi начных клюбах. Там пераважна сярэднiя афiцэрскiя чыны й пераважна амэрыканскiя сустракаюцца з цывiльнымi, што кураць дарагiя цыгары, i мiльёны лiраў цi тысячы даляраў мяняюць сваiх уласьнiкаў. На наступны дзень цi вечар вайсковае транспартнае аўта заяжджае ў нейкi глухi завулак, i адбываецца пераладоўваньне цыгарэтаў, бэнзiны, алiвы цi апонаў у цывiльную машыну. Тая пасьля спяшыць дзесьцi ў склад, i прывезены ладунак развозiцца меншымi машынамi, а то й разносiцца ў шматлiкiя пункты для збыту рукамi меншых спэкулянтаў. Карыстае пры гэтым цэлая сетка. Найчасьцей тыя, што робяць свой iнтарэс у кавярнi цi начным клубе, курачы дарагiя цыгары й п'ючы лiкёры, рэдка бачаць сам тавар. Адно загадваюць сваiм лейтанантам, а ўдзень дзесьцi працуюць у бюро ды на паверхнi захоўваюць усе патрэбныя нормы добрага грамадзянiна. Бывае i йнакш. Калi вайсковае аўта перакiне свой ладунак у якiм цёмным завулку цi складзе на цывiльнае, то па дарозе раптам напаткае вайсковую жандармерыю. Гэта апошняя, забраўшы тавар, акружным шляхам прадае яго iншаму спэкулянту - звычайна большай рыбцы, - а там-жа зноў i ўжо iншая, здаецца, група жандармерыi ловiць цывiльных па дарозе ды зноў канфiскуе, каб пазьней колькi разоў тое-ж самае прадаць. Ня дзiвiцеся. Гэта ня выдумка, а праўда. Гэткiя "гандлi" часта адбывалiся ў Рыме, Нэапалi, Мiлане й iншых iтальянскiх ды эўрапэйскiх гарадох. Зразумела, што з боку вайсковых спэкулянтаў, што выкарыстоўваюць тут збройную сiлу над цывiльнымi, мусiла дзейнiчаць спраўная сетка дзесяткаў людзей. Небясьпека была вялiзная, але затое-ж i мiльёны грошыкаў дармавых. Рабiлiся такiя "абароты" часта пераважна амэрыканцамi. Аб якой-небудзь маральнасьцi цi сумленнасьцi спэкулянтаў наогул, а вайсковых у асаблiвасьцi, не даводзiцца й гаварыць. III Iдзём вулiцай Вiя Рома. Направа ўверх пад гару цягнуцца доўгiя й вузкiя завулкi. Яны цяпер у засенi старых муроў, дарма што нядаўна прабiла поўдзень. На шэра-цёмных сьценах пры ўваходах у завулкi чарнеюць вялiкiя калы з iксамi (X) пасярэдзiне, а пад нiзом - вялiкi надпiс па-ангельску: "Оut of bounds for all military personnel" (забаронена для ўсякага вайсковага пэрсаналу). Вайсковым, значыцца, няма туды ўваходу. Там - зусiм другi сьвет, чым на Вiя Рома. Там - бяда й галеча, прастытуцыя й гнёзды зладзеяў. Там жыве чалавек, якога капiтал i вайна сьпiхнулi на самую нiжэйшую прыступку грамадзкае драбiны. Мала хто з жаўнераў зважае на тое "аўт оф баўндс". Бывае, праўда, што загляне сюды вайсковая палiцыя ды адвядзе колькi адважных пад юрысдыкцыю палiцыйнага вайсковага сяржанта. Здараецца. Але-ж i палiцыя ведае, што немагчыма пералавiць усiх, калi-б навет i старалiся. Норы-ж там цёмныя, доўгiя й глыбокiя, сырыя й небясьпечныя. Дык i йдуць жаўнеры, пераважна з адной думкай у галаве, звычайна сьпяшаць за малым басаногiм замурзаным хлопчыкам. Хто там будзе ўвагу браць на тыя знакi... Уваходзiм у завулак. Ён вузкi й цесны. Шэрыя сьцены муроў дзесяткi гадоў ужо, напэўна, ня нюхалi вапны цi якой фарбы. Каля самага нiзу яны падзёўбаныя, быццам паабгрызаныя, месцамi шчарбатыя, з павыпаданай цэглай, быццам шчарбатыя. Брук даўно забыўся, як выглядае мятла. Каля сьцен ляжаць кучы сьмецьця, у якiх капаюцца замурзаныя, апранутыя ў рызьзё, а то й зусiм голыя малыя дзеткi. Тырчаць дзесяткi галоваў з шырокiх паадчыняных дзьвярэй. Адтуль цягне змрокам i сырасьцю. Вось пры адных такiх дзьвярах жанчына з бязладна апалым на худыя плечы й на бледны твар валосьсем дае дзiцяцi грудзi. Малое зусiм голае. Яго не падманеш сухiмi грудзьмi. Крычыць на найвышэйшай ноце слабенькiм, ад частага плачу надарваным галаском. Матка трасе яго, каб супакоiлася, i штось крычыць на падлеткаў, што непадалёк паднялi зь нейкай прычыны вэрхал. Туды й сюды снуюцца цёмныя ценi людзей. Пасярод вулкi курыцца малое вогнiшча. Над кароткiмi языкамi агню ў дыме стаiць на чатырох ножках рашотка. На ёй - пара гаршкоў, а побач - у адкрытых вайсковых кансервных пушках грэецца фасоля. Няцяжка пазнаць, адкуль яна: гэта - амэрыканскi "порк энд бiнс". Хто ведае, якiм шляхам сюды трапiла - мо праз рынак цi зладзейскiя кiшэнi, а магчыма, й пры пасярэднiцтве таго маленькага хлопчыка-агента. Навокал вогнiшча - згорбленыя фiгуры старых. Дзецi выглядаюць iм цераз плечы й зачаравана сочаць за пажывай у бляшанках. Паморшчаная гадамi старэчая сiняватая рука выцягвае з катла развараную, калiсьцi сушаную рыбу. Павольна пачынае кратацца й жаваць бяззубы, аброслы шчацiнаю рот. Рызман споўз зь пляча. Збоку ляжыць жабрачая кавяла, якую часамi падымае касьцiстая худая рука, каб адагнаць зьвяглiвых i назойлiвых малых. - Вiя! А вiя! - ледзь чутна сярод агульнага вэрхалу. Дзесьцi з глыбiнi нары-завулка захлiпаецца надарванымi i паржавелымi гукамi шарманка. Вунь здалёк зблiжаюцца з раўнамерным рытмам па каменьнях дзьве цяжкiя пары жаўнерскiх чаравiкаў, а мiж iмi тупаюць дробненькiмi крокамi ня зусiм ужо новыя, але добра яшчэ ўтрыманыя жаночыя туфлi. Быццам вiхор, пранёсься мiма нас басаногi малы хлапчук наўцёкi ад падлетка, якi нешта крычыць i лаецца на малога. Уверсе на шнурках сохне латаная бялiзна. Дзесьцi зь верхняга вакна жаночы голас клiча сына цi дачку. З кутка зноў далятае плач дзiцяцi. Чуваць гоман у шэрых цемнаватых сырых падвалах. Там цэлыя сем'i жывуць ва ўмовах, якiя цяжка было-б апiсаць. Гэта - дно жыцьця, нара, у якую ўваход забаронены - "аўт оф баўндс". Продкi гэтых беднякоў некалi пад загадам магутнага Рыма тапталi iншыя дзяржавы й народы, вышчэрблiвалi й бурылi чужыя абаронныя муры, кiравалi моцнымi людзьмi тагачаснага сьвету. Iншыя служылi ў сваёй-жа дзяржаве нявольнiкамi, даглядалi гаспадаркi й прыслужвалi пры багатых сталах патрыцыяў. Ня так даўно ганялi па пустынi абiсiнцаў, дужалiся з грэкамi й парадавалi па вулiцах са зброяй у руках пад загадам Мусалiнi. Прыйшла новая вайна - зноў-жа ня iхняя. Тысячамi забiралi iх у палон у Афрыцы ў той час, як дзецi шукалi па сьметнiках скарынак хлеба i аранжавых шалупiнаў, а маткi, жонкi, сёстры й дочкi аддавалi апошняе на продаж за сродкi для мiзэрнага iснаваньня. Вайна прынесла яшчэ большую галечу, сьпiхнула на яшчэ нiжэйшую прыступку. Пэўна-ж, бальшыня з гэтых пралетараў нiколi ня чула пра барадатага Маркса. Адылi сяньня рукi iхныя пэцкаюць чырвонай фарбай сярпы й молаты ды камунiстычныя клiчы па сьценах i платох цэлае краiны. Ня ведаюць, што хаця-нехаця зьяўляюцца шчупальцамi самага большага тырана, што ўслаў касьцямi мiльёнаў ахвяраў Эўропу й Азiю. Крывадушныя й зманлiвыя клiчы тыранавых служкаў не гарманiзуюцца з сэнсам казаньняў слугаў рымскага намесьнiка сьвятога Пятра. Ды хто зь iх, гэтых бедных i пакрыўджаных, ужо заўтра жадае лезьцi ў замагiльны рай? Як можа чалавек мацавацца духова, калi занадта дакучае сяньня ненакормленае й неапранутае цела? Вунь у тысячах сьвятыняў па цэлай краiне застылi ў мармуры i ў фрэсках статуi й воблiкi, абразы й фiгуры сьвятых i самога Валадара Нябеснага. Зьзяюць у вясеньнiм сонцы купалы й вежы касьцёлаў, енчаць, заклiкаючы на малiтву, цяжкiя званы. На стварэньне сьвятыняў вякамi адкладвалася найбольшае багацьце. Вунь стальныя жаролы й шматпрапелерныя бамбавiкi зраўнялi з зямлёю кляштар й сьвятынi Монтэ Касыно. Адылi ўцалелi валадары стальных жаролаў i самалётаў, таксама як уцалелi й собсьнiкi кляштару. Першыя спажываць будуць плёны перамогi, iншыя на руiнах кляштару пабудуюць яшчэ мацнейшы й прыгажэйшы. Адно доўгiмi гадамi сьлязьмi будзе выплакваць вочы гаротная матка цi малая сiрата, гараваць будзе ўдава цi з кавёламi цягацца па жыцьцёвых сьметнiках ваенны калека. Iншы тыран зь iншае зямлi карыстаць будзе зь нядолi найбяднейшага й найбольш пакрыўджанага, муцячы цёмную вадзiчку й заклiкаючы яго да нейкiх новых i яшчэ большых высiлкаў. Тыран нап'ецца больш крывi паняволеных, а ў новай вайне вырастуць новыя крыжы або й бязь iх ахутае зямля шмат бязыменных i загубленых. IV Мы, паважаны чытачу, зайшоўшы ў Нэапалiтанскi завулак i ўгледзеўшыся ў самае дно жыцьця людзкога, ня будзем плакаць па чужым горы, бо сваё цераз берагi пералiваецца.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|