Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 3)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
Навет сяньня й навет ягоныя палiтычныя працiўнiкi з поўнай шчырасьцю цьвердзяць, што Астроўскi як прэзыдэнт БЦР пад час гiтлераўскае акупацыi Беларусi стаяў на вышынi свайго заданьня. Пад заданьнем, ясна, разумеецца выкарыстоўваньне пазыцыi прэзыдэнта БЦР для абароны iнтарэсаў i рэпрэзэнтацыi беларускага народу. У Астроўскага гэна дзейнасьць выявiлася перадусiм у намаганьнях стрымаць азьвярэлае вынiшчэньне немцамi беларускiх вёсак i насельнiцтва. Гэтак ён часта дакучаў Ген. Камiсару фон Готбэргу, каб хутчэй арганiзаваць беларускiя збройныя сiлы. Калi-ж была праведзена мабiлiзацыя ў БКА, а рэкруты ня мелi зброi, Астроўскi пагражаў Генэрал-Камiсару, што, калi ў хуткiм часе БКА не дастане зброi, ён, Астроўскi, выдасьць загад аб дэмабiлiзацыi. Гэта было падзейнiчала на немцаў. Астроўскi аддаваў асаблiвую ўвагу вайсковаму рэфэрату пры БЦР як у Менску, так i пасьля ў Бэрлiне. Другое-ж, ня менш важнае - Астроўскi ня толькi не перашкаджаў, але спатураў, ды нярэдка й памагаў у працы самай перадавой i найбольш адданай iнтарэсам народа беларускай iнтэлiгенцыi. Каб ацанiць Радаслава Астроўскага з пазытыўнага боку, трэба ўявiць, колькi шкоды й цярпеньняў мог-бы прынесьцi беларускаму народу, будучы на становiшчы прэзыдэнта БЦР, iншы чалавек, прыкладам, адзiн з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычынiлiся да загубы сьвятароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык навет поўнасьцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў-жа ня кiдацца ў скрайнасьцi й гладзiць па галоўцы за тое благое, што ён мог-бы зрабiць, ды не зрабiў. ... I КОЛЬКI СЛОЎ АБ ГАЛОЎНЫХ ЗЛАЧЫНЦАХ На заканчэньне нашай кароткай, даволi павярхоўнай i некамплетнай характарыстыкi падзеяў i некаторых людзей у занятай гiтлераўскiмi акупантамi Беларусi ў 1941-1944 гадах неабходна падкрэсьлiць самую галоўную, сказаць-бы кардынальную, прычыну цi дзейнiк, ад якое й выводзiлiся ўсе няшчасьцi, мiльённыя страты ў людзях беларускага народу, ды - з другога боку - i рабiлiся мерапрыемствы для абароны й самазахаваньня паняволеных. Гэнай прычынай былi сталiнска-бальшавiцкiя апэратыўныя групы чэкiстых, чырвоныя партызаны. Ужо 3 лiпеня 1941 году маскоўскi дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусi й iншых заходнiх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Армii й партызанам наступны загад: "Нiводная лёкаматыва, нiводная чыгунка, нi кiляграм пшанiцы цi лiтр гаручага не мусяць быць пакiнутымi ворагу. Калгасьнiкi павiнны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскiя злучэньнi, конныя й пяхотныя, павiнны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў i дарог, для знiшчэньня тэлефонных i тэлеграфных камунiкацыяў, для паленьня лясоў..." Няцяжка адгадаць, што маскоўскi кат-душыцель хацеў зрабiць зь Беларусi суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, i то з прычыны маланкавага наступу гiтлераўскага вермахту, яму гэта не ўдалося. Пазьней загад у ладнай меры быў выкананы. Мала таго! Першапачатковая iнструкцыя, вiдаць, пазьней пашырылася i ў пляны татальнай вайны ўвайшла таксама дырэктыва масавага вынiшчэньня ўсяго жывога насельнiцтва й ягонага матар'яльнага iнвэнтару. Мусiць прыцiснуты да сьцяны крамлёўскi дыктатар лiчыў, што цывiльнае безбароннае жыхарства, у тым лiку старыя, жанчыны й дзецi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi, былi ня менш важным прадметам для лiквiдацыi, чымся самыя, чыста мiлiтарнага значэньня, аб'екты. Людзi пад загадамi Крамля бесьперапынна й мэтадычна праводзiлi ў жыцьцё сталiнскi загад, а азьвярэлыя гiтлераўскiя фашысты, маючы наўвеце свае мэты, аб якiх прыгадвалася вышэй, памагалi сталiнцам рукамi сваiх i чужых, варожых беларускаму народу, элемэнтаў. Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двумя хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывiцца Харыбда. I не было нiадкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло - арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях нарадзiлася ўсьведамленьне сутнасьцi iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было разьлiчваць толькi й выключна на свае собскiя сiлы. ЧАСТКА ПЕРШАЯ МЕНСК-АЛЬТКIРХ-МАРСЭЛЬ НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА I 22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гiтлераўскiя акупанты называлi дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавiцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавiны афiцыяльна было загадана правесьцi ў гарадох акупаванае Беларусi парады вайсковых гарнiзонаў, як нямецкiх, так i беларускiх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны. У Менску, з усходняга боку Галоўнай вулiцы, паблiзу маста на Сьвiслачы, пабудавана была вялiкая трыбуна. Над ёю беларускi бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзiнаццатай гадзiны ранiцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнiлi ходнiкi, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскалiся на шчарбатыя сьцены прывулiчных руiнаў. На трыбуне зьявiлiся высокiя дастойнiкi акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньнi сваiх ад'ютантаў i афiцэраў менскага гарнiзону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капiтанам Мiкулам. Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афiцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай iшла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю iншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямi на шапках, яўна вырозьнiвалася сярод усяго iншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацiгадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбiраў iх з цэлай Беларусi, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай i вызначанай меркi. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабiла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне. Бадзёры роўны крок i раўнамерны тахт выклiкалi доўгiя воплескi мянчан, што прыглядалiся з абодвых бакоў вулiцы. Камандзер школы капiтан Ласкутовiч, што вёў калёну, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў "зрок направа" i... "стой!". Адно гэнае "стой" выйшла зусiм слабенькае, пачутае толькi пярэдняй часткай калёны. Калi фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзiн чалавек, то заднiя, не пачуўшы каманды, ледзь змаглi ў час спынiцца як папала, каб ня ўзьбiцца пярэднiм на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных камэнтарах, нешта падобнае да таго гуку, якi бывае, калi сыпецца зь меху бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадаваленьня. Капiтан Ласкутовiч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вiнаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, i чорная калёна юнакоў памаршыравала далей. II - Каб яго лiха, як яно нядобра выйшла! - жалiўся нехта, калi вярнулiся ў Паўночныя Казармы. - I то-ж падумаць адно, гэтулькi часу маршыравалi, амаль цэлы месяц вучылiся, мазалi на нагах панацiралi, i цяпер во выйшла як на сьмех... - Каб жа з нашай вiны! - Тое-ж i балiць, што ня з нашай вiны, а зь ягонай.. - I то-ж, здаецца, такi здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое "стой", каб усе пачулi, цi што? У гэны вечар кадэты мелi змогу выслухаць каля сёмай гадзiны па менскiм радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусiм аб парадзе. I вось там iзноў пачулi музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж i тое "стой", што было прычынай такой вялiкай няўдач, ды i пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп.. Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Iнструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур'ёзныя выпадкi. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калi ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь вiны рэкрутаў, а зь вiны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калi, казаў той, толькi-толькi пасьпелi паказацца ў людзi. Затое i было крыўдна. Калi кадэты са Школы Камандзераў БКА турбавалiся такой першай няўдачай, то гэта зусiм зразумела. Усе яны зьявiлiся ў школу ахвотнiкамi ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалi вучыцца, а не бiбiкi, як кажуць, бiць. Гэта быў у бальшынi сялянскi элемэнт. Амаль нiхто зь iх раней ня трымаў зброi ў руках. Усе мелi сярэднюю асьвету й хоць пазьяжджалiся з усiх закуткаў Беларусi, - ад Вiльнi да Гомеля й ад Пiнска да Вiцебска - асноўнае, супольнае, што iх зьвязала, што прывяло ў Менск, было пачуцьцё народнае крыўды й нянавiсьцi да ворагаў, патрыятызм i ахвярнасьць. Гэтая моладзь зь сярэднiх школаў добра ведала, дзе ёсьць крынiцы няшчасьця народу й пастанавiла сваймi сiламi падбаць пра тое, каб iх зьлiквiдаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элемэнтарных, адносiлiся кадэты надзвычай паважна й пiльна. Гоманам перапоўнiлiся будынкi Паўночных Казармаў у Менску. Жыхары суседнiх вулiцаў ранiцою й папаўднi прыслухоўвалiся прыгожым мэлёдыям беларускiх вайсковых песьняў. Хаця мянчане звычайна прымалi гэтых юнакоў за палiцыю, бо-ж яны насiлi чорную вопратку, аднак хлопцы толькi ўсьмiхалiся, паказваючы з гордасьцю на Пагонi, што мелi на шапках. Мала якая iншая беларуская вайсковая фармацыя мела Пагонi. Яшчэ больш цешылiся, даведаўшыся, што ў хуткiм часе аздобяць свае каўняры Ярылавымi крыжамi на чырвоных палотнiшчах. Магла-б некаму дзiўнай здацца гэткая, ледзь ня дзiцячая любасьць i прывязанасьць да сваiх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасьветчаных у ваенных справах ды ў жыцьцёвай практыцы зусiм зялёных юнакоў. Але-ж якiм, калi ня гэткiм спосабам, маглi яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народу, якая ўзрастала, мацнела i ўкарэньвалася ў сэрцах iхных у меру росту гвалту над беларусамi з боку бальшавiкоў i гiтлераўцаў? Пачалiся першыя заняткi й муштра. Беларуская каманда гучала на вялiкiм пляцы перад казармамi. Хаця юнакi ня былi прывыкшымi да вайсковага жыцьця й вечнага посьпеху, мала хто наракаў. Старалiся, бо ведалi, што ў будучынi здабытыя веды панясуць у пададзьдзелы, каб там падзялiцца iмi са сваймi родзiчамi. Вечарам, пасьля заняткаў, пад час прыгожае вясеньняе пагоды, выходзiлi на пляц i тут, у жартах, весялосьцi, з роднай песьняй праводзiлi вольныя хвiлiны. Працаю й жыцьцём Школы кiраваў капiтан Ласкутовiч. Зь нямецкага боку за Школай наглядаў капiтан Шнайдар. У сталыя кадры ўвайшло колькi беларускiх афiцэраў i падафiцэраў ды нямецкiх iнструктараў. Жаданы лiк рэкрутаў быў асягнуты. У незадоўгiм часе Школа мела быць адчынена афiцыйна. Зь нецярплiвасьцю чакалi кадэты таго дня, набiваючы цi шмат мазалёў на нагах пры падрыхтоўцы да афiцыйнай маршавай парады. Адылi мала хто прадбачыў цi навет варажыў, што адкрыцьцё нiколi не адбудзецца, што час iхнае кар'еры ў БКА надзвычайна кароткатрывалы. Мала хто бачыў, што бура вiсела ўжо над галавой, хаця кажны яе спадзяваўся. III Ужо ад даўжэйшага часу ў падаваных у прэсе камунiкатах Вярхоўнага Камандаваньня Вэрмахту аб сытуацыi на франтах пачалi зьяўляцца такiя часта паўтараныя, як нехта мог-бы сказаць, заваяваўшыя сабе там сталае права грамадзянства, азначаньнi, як: "эвакуавана з мэтаю скарачэньня фронту", "плянава адведзена на загадзя прадугледжаныя пазыцыi" або "ворагу ўдалося ўварвацца пры цяжкiх стратах", ды шмат iншых падобных. Нiдзе не гаварылася аб сваiх перамогах, як калiсьцi, а толькi аб варожых стратах. Iнфармацыйнае Бюро Галоўнае Кватэры, дабiраючы найбольш адпаведную тэрмiналёгiю, старалася замаскаваць вялiкiя паразы на ўсiх франтох. Дзень 6-га чэрвеня 1944 году прынёс новую, вельмi важную для гiсторыi вестку: магутны дэсант заходнiх хаўрусьнiкаў высадзiўся ў Нармандыi. Адкрыўся другi фронт. Гiтлераў слаўны й прапагандаю размалёваны гэтак званы Атлянтычны Вал, празь якi, паводле Гэбэльса, i мыш ня мела змогi працiснуцца, а ня тое каб хаўрусьнiцкая армiя, быў вышчарблены. Ангельскiя, амэрыканскiя й францускiя жаўнеры паставiлi першыя крокi на ўзьбярэжжах Ля-Маншу. Найбольшая нямецкая цьвярдыня ў Iталii Монтэ Касыно, што сьцерагла дарогi з паўдня на Рым, была пасьля доўгiх i цяжкiх баёў здадзена ў рукi Восьмай Брытанскай Армii. Усюды адступалi "з мэтай скарачэньня фронту", заўсёды "займалi згары прадугледжаныя пазыцыi", i кожны раз "працiўнiку ўдавалася ўварвацца пры цяжкiх для яго стратах". Нешматлiкiя з гэтых фактаў былi ведамыя тым, што знаходзiлiся пад нямецкай уладай, ды й далёка не адразу. Газэты й радыё iнфармавалi людзей зь вялiкiм спазненьнем, а вестак аб няўдачах найчасьцей не падавалi зусiм. У мурох Школы Камандзераў БКА вучнi ня ведалi аб тым нiчога. У горад выходзiць не дазвалялася. Кожны быў больш зацiкаўлены парадкам дня й новымi абставiнамi, чымся навiнамi з прэсы. За грукатам i шумам вулiцы слаба чуваць было штораз блiжэйшае рэха гарматаў з усходу, а калi ноччу, на агульную трывогу, выбягалi хлопцы з будынкаў у вакопы, то ўважалi гэта за нармальнае ў ваенных часох зьявiшча. Часта даводзiлася сядзець у бамбасховiшчах больш за гадзiну, а па адклiканьнi трывогi з уцехаю беглi ў казармы, дзе чакала адкрытая, хоць ужо й астылая пасьцеля, каб заўтра на клiч службовага "ўставай!" iзноў як найхутчэй стаць на ногi. IV Вечарам 28 чэрвеня, як кажнага вечара, была склiканая зборка на малiтву перад сном. Як нiколi раней, абедзьве роты стаялi на першым паверсе. Пасьля малiтвы нямецкi iнструктар фэльдфэбэль Турн паклiкаў да сябе перакладчыка. - Згодна з загадам вышэйшых уладаў, - пачаў ён, - заўтра ранiцою а гадзiне сёмай усе ўдзельнiкi школы маршыруюць з Менска праз Маладэчна й Вiльню на Горадню. Менск мае быць эвакуаваны. Далейшае наша шкаленьне маем прадаўжаць у Гораднi. Iдзём пехатой. Звыш дзьвёх сотняў застылых постацяў, уталопiўшыся ў Турна, замянiлася ў слых. - На вазы, - працягваў немец, - якiя маем, загадана заладаваць найбольш неабходныя рэчы - харчы, зброю й амунiцыю. Кажны з вас забярэ сваю стрэльбу. Атрымаеце амунiцыю. Бярыце рэчы толькi найбольш неабходныя й тыя, што па дарозе ня будуць вас залiшне абцяжарваць. Камандзеры зьвязаў вызначаць па трое чалавек, якiм аддадуць несьцi лёгкiя кулямёты. Людзi гэныя будуць поўнасьцю адказныя за зброю й няхай не асьмеляцца яе кiнуць. Калi-б хто так зрабiў, будзе караны. Зазначаю, што ўсё павiнна быць у найлепшым парадку, якi пад час эвакуацыi неабходны. Цяпер камандзеры зьвязаў дадуць iнструкцыi да парадку падрыхтоўкi. Няхай нiхто не пасьмее спаць. Я скончыў. Гэтая апошняя засьцярога была непатрэбнай. Вестка атрымалася такой неспадзяванай i ашаламляльнай, што спаньнё нiкому ня было ў галаве. Пасьля атрыманьня дадатковых iнструкцыяў ад камандзераў зьвязаў зборка скончылася, а ў залi запанавалi крыкi й гул. - Канюхi, давай на двор, амунiцыю ладаваць на вазы! - Усьпееце! - Што знача ўсьпееце? Вы забылiся аб паслухмянасьцi? Перш там зробiце, а пасьля каля сябе. Хутчэй! Дзе iншыя? Кадэты не адразу ўзялiся за работу. Навiну трэба было абгаварыць. - От i выйгралi вайну! Бачыў кум слiўку? Хутчэй адсюль уцякаем, чымся прыехалi. Школа ў Гораднi... Гм, гэта выглядае вiламi па вадзе пiсана... - Як школа будзе ў Гораднi, то я буду называцца... Ну не ведаю як... - Перадусiм калi ты там будэеш? - А табе сьпешна? - А што-ж не? Як атрымаеш ад бальшавiкоў у каршэнь, то пабачым, цi табе ня будзе сьпешна. Хтосьцi зарагатаў. - Гэта менш важна. Найважнейшае тое, што iдзём пехатою. Ты ўявi адно пехатой такi сьвет дарогi. - Трэба было табе ў кавалерыю йсьцi, то паехаў-бы... - От i навучылiся. Я не спадзяваўся... - Добра Коля зрабiў, што не паехаў сюды. Бачыш во, адкуль можна ведаць... - Скончыць там гутаркi ды брацца за падрыхтоўкi, - загадаў iнструктар. Хлопцы крыху прымоўклi. Той цi iншы паволi ўзяўся за работу. Цэлая ноч была наперадзе й нiхто надта не сьпяшаўся. Хацелася пачуць найбольш дэталяў аб заўтрашнiм падарожжы, дый аб далейшым, але нiхто нiчога ня ведаў. Кароткiя й адрывiстыя словы Турна шмат ня выясьнiлi. Самая вестка, што далейшае шкаленьне будзе прадаўжацца ў Гораднi, была вельмi сумлеўная. Хто-ж мог сказаць, што савецкi наступ будзе спынены перад Горадняй? А калi й так, то на як доўга? А пасьля - гэта амаль пэўнае - будуць iзноў уцякаць. I на чым тое ўсё кончыцца? Што будзе зь iхнымi бацькамi, якiх пакiнулi ўдома i якiя нiчога ня ведаюць, што сяньня сынам загадана пакiнуць Менск, а за пару дзён, можа, й Бацькаўшчыну? Цi сяньняшнi загад маршыраваць на Горадню абазначаў для iх заўтрашнi загад пакiнуць Бацькаўшчыну назаўсёды? Ведалi, што Нямеччына ў крызысе патрабавала маладых людзей для працы й сiлаў для абароны на франтох. Чым стане для iх вайсковая вопратка з днём, як акупацыя ўсяе Беларусi маскоўскiм агрэсарам станецца фактам? Цi будуць змушаныя аддаць сваё маладое жыцьцё за тых, што хацелi накiнуць сьвету бяспрыкладную няволю? Няшмат хто зь iх прыйшоў да так далёкiх рэфлексiяў. Адно кажны ведаў, што заўтра а сёмай гадзiне ранiцай паставiць першы крок на дарозе, якая няведама дзе, калi i чым скончыцца. Будуць гэта першыя крокi на дарозе няведамай i няпэўнай, цяжкой i надта небясьпечнай. Падрыхтовы да адыходу скончылiся блiзка ранiцы. Той цi iншы прылёг на голай пасьцелi, каб злавiць колькi хвiлiн сну. Нядоўгай была дрэмка, бо ўжо а пятай гадзiне загадалi выходзiць на двор да апошняга перагляду. Каля складоў стаялi запрэжаныя каламажкi, а канюхi канчалi ладаваць харчы, зброю й амунiцыю. V У хуткiм часе зь бязладнае, гаманлiвае масы заспаных рэкрутаў сфармавалiся два асобныя доўгiя трохшэрагi, устаўленыя адзiн за другiм фронтам да зялёнага будынка, i пачаўся апошнi перагляд. Дружыновыя й зьвязовыя абыходзiлi навокал сваiх падуладных, таму цi iншаму даючы кароткiя ўвагi. Хтосьцi ў скручаны й надзеты на шыю коц напакаваў зашмат хлеба, iншы занадта абцяжыў патранташ амунiцыяй, трэцi меў, здавалася, зашмат рэчаў i нiяк ня мог парадзiць. Усё гэта патрабавала нагляду з боку старэйшых i спрактыкаваных. Ня радзiлi нiкому занадта сябе абцяжываць, ведаючы, што й так па дарозе шмат застанецца ззаду. Капiтан Мiкула й капiтан Шнайдар наглядалi за агульным парадкам i давалi апошнiя, зьвязаныя з падарожжам, загады. Капiтан Ласкутовiч яшчэ раней адпрасiўся ў камандуючага БКА, каб заехацца ў Стоўпцы па сваю сям'ю. Да Афiцэрскае Школы меў далучыцца пазьней. Калi ўсё было гатовае, капiтан Мiкула, седзячы на канi, зьвярнуўся да юнакоў з такiмi словамi: - Хлопцы! Хачу перад маршам сказаць вам колькi слоў. Шкада, што быў кароткi час i мы яшчэ добра не пазналiся. Але маю надзею, што, будучы разам, зжывёмся. А гэта цяпер самае асноўнае - прашу вас трымацца разам. Ведаю, што ўсе вы надзвычай добрыя й сумленныя беларусы, вялiкiя патрыёты, але ўсе вы яшчэ зялёныя. Перад намi стаiць вялiкая дарога, якая няведама дзе й чым скончыцца. Не хачу вас дарэмна цешыць, а кажу так, як ёсьць. Перад намi цяжкасьцi й небясьпекi. Дзеля таго наша згуртаванасьць поўнасьцю неабходная. Трымайцеся разам i слухайце загадаў. Дысцыплiна - самае асноўнае. Ад сябе хачу запэўнiць, што я вас не пакiну й заўсёды буду з вамi. Лiчыце на мяне ва ўсiм i лiчыце не толькi за камандзера, але й за старэйшага сябру. Я са свайго боку хачу верыць, што вы ўсе мне блiзкiя сябры, што на вас магу палягаць, што не падвядзеце. Дык давайце, трымаймася разам. А цяпер - шчасьлiвае дарогi! Гэтыя кароткiя, вымаўленыя ў сяброўскiм духу словы адразу здабылi для капiтана Мiкулы масу сяброў. Шэф Штабу БКА быў з тых людзей, якiя ня толькi сваймi словамi, але й прыязным даверлiвым паглядам, сяброўска-братняй прастатой, кароткiм жартам i ўсьмешкай будзiлi да сябе пашану й здабывалi давер. У сваiм падыходзе да жаўнераў, асаблiва-ж да кадэтаў, ён шмат розьнiўся ад капiтана Ласкутовiча, у якога найбольш вiднай была вайсковая "помпа", надутасьць, дэманстрацыйнасьць, штучная палiтуроўка. Праўда, кадэты слабавата ведалi яшчэ як аднаго, так i другога, але калi-б ужо давялося выбiраць, дык, пэўна-ж, больш галасоў выпала-б на Мiкулу. VI Сонца ўжо выглянула з-за ўсходняе шчарбатае сiльвэты гораду i ў поўнай летняй велiчы засьмяялася на лёгка-блакiтным небе. Адчынiлiся вароты Паўночных Казармаў. Выходзiла першая рота, другая, пасьля вабоз. Выцягнулася даўгая калёна, а дагэтуль глухая вулiца задуднела сотнямi жаўнерскiх i конскiх падковаў. Глухi й раўнамерны грукат цяжкiм рэхам адбiваўся й гiнуў у суседнiх руiнах. Адзiн цi другi жыхар прывулiчнае хаты нема прылiп да акна, прыглядаючыся да чорнай калёны. Не махаў на развiтаньне рукою, але, пэўна-ж, нешта варажыў аб будучынi. Мо лiчыў, што за колькi дзён прыйдуць iншыя "вызвольнiкi". Бо ўжо-ж як там нi было, а прыйсьцi, пэўна-ж, прыйдуць... Дый якое новае няшчасьце, якiя зьдзекi прынясуць?.. Калi перад гэтым выходзiлi кадэты за муры школы, дык ужо на трэцiм кроку зачыналi "Першы зьвяз" або "Мы бойкая моладзь". 29-га чэрвеня выйшлi яны за браму моўчкi, й толькi гулкi крок ды раўнамернае ляскатаньне колаў каламажак замянiлi рэха калiшняй вясёлай i поўнагучнай мелёдыi. Цiшыня панавала ў шэрагах. Узьняўшы хмару густога й едкага пылу, павярнулi направа, на пяшчаную, пратаптаную сярод папялiшчаў i руiнаў дарогу, што вяла на Галоўную вулiцу. Тая грукацела несканчоным эшалёнам цяжкiх вайсковых транспартных машын, коламi вялiзных гарматаў, гусенiцамi цяжкiх i лёгкiх танкаў. Ехалi яны радамi, адзiн побач другога, а пры магчымасьцi кожны стараўся абмiнуць пярэдняга. Моцны гул суправаджаў iх праз амаль пустыя ад цывiльных жыхароў вулiцы Менску. Усё кiравалася на Радашкавiчы й Маладэчна. Туды-ж павярнула й Школа, паволi пасоўваючыся левым бокам дарогi. Вось канчаюцца ўжо апошнiя, драўляныя, там-сям раськiнутыя побач шашы гарадзкiя збудаваньнi. Мiнае яшчэ гадзiна - горад застаецца далекавата ззаду. Не адзiн з маршыруючых аглядаецца, быццам-бы хочучы ў памяцi ўтрывалiць рысы дарагога места. Пару гадзiн назад разьвiталiся зь зялёным будынкам, хутка гарызонт схавае за iмi апошнiя прадмесьцi, й толькi iмглiсты вобраз зруйнаванае сталiцы надоўга застанецца ў памяцi. Высока ўжо паднялося сьпякотнае сонца. Як на даланi вiдаць наперадзе даўгi вуж выежджанай дарогi, дзесьцi на небакраi - сiнявы шнур лясоў. Анямела, прытулiўшыся ў цень дрэва, галасьлiвая птушка, далёка ад грукатлiвае дарогi адляцеў вясёлы жаўрук. Грукацiць тая дарога сотнямi жаўнерскiх i конскiх падковаў, тысячамi колаў цяжкiх грузавiкоў, енчыць i стогне пад цяжарам панцырных вазоў. Усё гэта з посьпехам iмкнецца на захад, з такiм посьпехам, што не варожыць уцекачам перамогi. Паволi пасоўваецца доўгая чорная калёна, выбiраючы пабочныя прыдарожныя сьцежкi. Звычайна маюць тыя сьцежкi два кiрункi, але гэтым разам усе падарожныя, а была iх колькасьць нязьлiчоная, кiравалiся на захад. VII Першая ноч падарожжа мiнула спакойна. Абедзьве роты затрымалiся ў прыдарожнай вёсцы ды, накармiўшы й напаiўшы коней, павячэраўшы, разьмясьцiлiся па сялянскiх пунях на начлег. Хаця пах падгнiлай леташняй саломы ня дзейнiчае так дадатна на сон, як водар сьвежаскошанага сена, няпрывыклы да маршаў i змучаны рэкрут заснуў вельмi хутка. Цiхая й цёплая чэрвеньская ноч прыносiла гул i грукат снарадаў з неспакойнага ўсходу. Часты й працяжны, рэдка паадзiночны, глуха разьлягаўся ён у начной цемры, улiваючы трывогу ў сэрца жыхара й падвойваючы нэрвовасьць нефартуннага ўцекача. Дарма, што было вельмi цёмна - дарога жыла й рухалася. Ехалi ўпоцемках, вобмацкам. Бясконцы гул мэханiчных вазоў, часта кароткiя й адрывiстыя крыкi нямецкае каманды або адзiнотны стрэл быццам-бы дапаўнялi адгалоскi гармат з усходу i пасоўвалiся разам зь iмi на захад. Яшчэ добра не разьвiднелася, як чорныя начлежнiкi былi на нагах. Па кароткiх раньнiх падрыхтоўках пакiнулi вёску. Таму што вайсковыя мэханiчныя эшалёны займалi цэлую шырыню дарогi, дазволена iм было маршыраваць калёнаю па аднаму бочнай сьцежкай. Марш быў вольны, але агульны парадак быў захаваны. Калёна хутка расьцягнулася на добрую пару кiлямэтраў. Каля кожнае з каламажак, што былi наладаваныя харчамi, амунiцыяй i зброяй, iшло па колькi чалавек. Там, дзе дарога спускалася ў далiну, яны карысталi i з задаваленьнем пад'язджалi, усмiхаючыся й махаючы рукамi абмiнаным сябром. Дзень, як i ўчора, быў вельмi гарачы, сонца ўжо паднялося на некалькi пядзяў, на небе ня было нiводнае хмаркi, а смага й дарожны пыл сушылi горла пехацiнцаў. Якраз узыходзiлi пад горку. Нахiл быў нязначны, але надта-ж даўгi, й канюхi былi яўна незадаволеныя неабходнасьцю iсьцi пехатой. Пры адным з заднiх вазоў плялося чацьвёра юнакоў. Адзiн зь iх, правай рукой прытрымоўваючыся каламажкi, у левай трымаў дубец i штохвiлiны падахвочваў сьцёбаньнем свайго лянiвага гнядога конiка. Пагрубелыя ад пылу чорныя кучаравыя валасы няроўна ападалi на расшпiлены брудны започаны каўнер. Аб выглядзе сваiм, здавалася, ён зусiм ня дбаў. Задаволены, што атрымаў хурманку, ён паклiкаў сваiх трох калегаў, што вельмi ахвотна датрымоўвалi канюху (так называлi хурманаў) сяброўства. Трое гэных сяброў паходзiлi зь Дзiсьненшчыны, а ён пазнаў iх пад час вайны як вучняў Вiленскае Беларускае Гiмназii. Жылi ўтрох на адной кватэры зараз за Вяльлёй каля Кальварыйскай вулiцы насупраць Замкавай гары. Сам ён называўся Камовiч i быў роджаны ў Вiльнi. Зблiзiўшыся зь iмi, часта заходзiў на кватэру, дзе найчасьцей у бескарысных гутарках трацiў пазашкольны час. Зрэшты, у гiмназiю таксама прыходзiў рэдка, а дырэктар школы ўжо колькi раз абяцаў выкiнуць яго за дзясяты парог, калi будзе наведваць лекцыi, як дагэтуль. Але Камовiч чамусьцi не апынуўся ня толькi за дзясятым, але навет за першым парогам, а пагрозы дырэктара так i ня прыносiлi жаданых вынiкаў, бо вучань зусiм не рупiўся. Сяброўства зь дзiсьненскiмi хлопцамi было важным плюсам, бо было ад каго сьцягваць лекцыi. Тыя надта не супярэчылi, i здаецца, што вiленчук быў з гэтага задаволены. Апрача таго, меў яшчэ адзiн, i ўжо шмат важнейшы, мiнус - любiў выпiць. Ня быў даслоўна п'янiцай, але знаходзiўся на простай дарозе, каб iм стацца ў будучынi. Апавядалi, што бацька ягоны шмат з гэтай прычыны пацярпеў. Часьценька ў хаце зьнiкала з вачэй якаясьцi дробная, дый не заўсёды ўжо такая дробная, рэч i чамусьцi нiколi на старое месца не вярталася. Аб таямнiчым зьнiкненьнi ведаў адзiн сын. Бацька - калiшнi выкладчык у тэй гiмназii, куды цяпер хадзiў Коля, палагоджваў усе справы адносна сына ў школе зь яе цяперашнiм дырэктарам, што калiсьцi быў ягоным вучнем. Ведаў аб гэтым Коля надта-ж добра, з пратэкцыi карыстаў аж залiшне й да навукi ня рупiўся. Хоць бацька й гнаў сына вучыцца, мала памагала. - Бацька пагутарыць з Грышкам (так празвалi дырэктара Пранука Грышкевiча), - казаў Коля, - i ўсё будзе ў парадку. I запраўды, як ня дзiва, усё было ў парадку. Шмат сяброў напрыканцы школьнага году былi зьдзiўлены Камовiчавымi ацэнкамi й пераводам яго ў наступную клясу. Магчыма, што дзiвiла тое й самога вучня, але ўдаваў, што на такiя ацэнкi поўнасьцю заслужыў. Але вернемся да iншага. Як ужо было ўспомнена, з хаты зьнiкалi ў розныя часы розныя рэчы. Звычайна ў днi, калi гэта здаралася, матка ламала галаву над тым, чаму Коля вяртаўся зь места дахаты пазьней нармальнага. Жанчына хоць тое-сёе й здагадвалася, сама сабе старалася запярэчыць, ня верачы, што зь некалi добрага й маленькага сынка вырас цяпер зусiм не такi, як-бы яна жадала. Аднойчы бацьку спатрэбiўся мiкраскоп. Звычайна стаяў ён у шафе на палiцы, побач кнiжак, абкручаны паперай. Адчынiўшы шафу, стары Камовiч зьняў паперу й пры немалым зьдзiўленьнi замест цэннае прылады знайшоў нейкую iмiтацыю са шмацьця й палачак. Мiкраскоп зьнiк - калi й куды, няведама. Апавядалi, што пасьля была вялiкая авантура, што сын часьцей сядзеў дома, што сядзеў дома ён не з сваёй волi, а на загад бацькi й што прайшло цi мала часу, пакуль Коля йзноў пачуў поўную вольнасьць. У нiкога ня было сумлеву, што няўдалым майстрам iмiтацыi мiкраскопа быў якраз Коля. Сваiх трох сяброў ён наведваў часта. Сядзеў, бывала, доўга, й неяк напрыканцы гутарка заўсёды зыходзiла на тэму: як-бы здабыць пляшку "сiвухi". Ягоны найблiжэйшы з гэных трох сяброў, Кастусь Дзежка, вывучыў i даўно ведаў Камовiчаў падыход. Недарма, седзячы на балконе i ўбачыўшы ў вузенькiм завулку Камовiча, Косьця рагатаў: - Гэй, хлопцы, зiрнiце! I хто гэта, вы думаеце, пляцецца вунь да нас па дарожцы, калi не сам пан Камовiч чарачку жабраваць! Ха-ха-ха! Калi-ж ня верыце, дык зiрнiце вунь на паўаршынны чырвоны нос! Камовiчаў нос быў зусiм у меру. Тут Косьця пераўвялiчваў. Хоць адведзiны такiя былi нярэдкiя, чарачка знаходзiлася амаль заўсёды. Купiць "сiвухi" ў Вiльнi было лёгка, хiба што грошай не ставала. Пасьля п'янства прыходзiлi песьнi, а часамi й спрэчкi. Звычайна пасьля такога вечару гаспадарова сястра, пяцiдзесяцiгадовая дэвотка, прыходзiла ў пакой студэнтаў i чытала iм маралi, якiх яны не слухалi. Далёка заавансаванымi сябрамi з гэтай тройкi былi Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч. Паходзiлi з суседнiх вёсак i сядзелi на адной школьнай лаўцы ад пятае клясы пачатковае школы ды разам трапiлi ў Вiленскую гiмназiю. У канцы травеня, якраз пасьля сканчэньня заняткаў, усе тры разам з Камовiчам добраахвотна паступiлi ў Школу Камандзераў БКА ў Менску. Такiм чынам трапiлi яны ў лiк тых чорнаапранутых юнакоў, што мелi быць асноваю новастворанае Беларускае армii. Хаця-нехаця сяньня маршыравалi побач з жаўнерамi Вэрмахту з той толькi рознiцай хiба, што тыя ехалi аўтамашынай, а яны валаклiся пехатой. VIII Конi цягнулi пад горку вольна, хаця ня былi яшчэ перамучанымi. - Пайшоў ты! Я ця... нооооо! - паганяў Камовiч i часта сьцёбаў дубчыкам малога конiка. Iшлi доўгi час моўчкi. - Вы зiрнiце, хлопцы, назад, - адазваўся Вiктар, - цi вы ўяўляеце, што-б гэта было, каб сюды паказалася хоць пару зьнiшчальнiкаў? Ай-я-яй, я-яй! Я хацеў-бы бачыць, як гэтая банда выглядала-б. Бальшавiкi, вiдаць, ня ведаюць, дзе iхняе жнiво. Гэта-ж падумаць толькi - такi дзень i нiводнага самалёту! Хлопцы азiрнулiся. Якраз узьехалi на горку. Ззаду на дарозе, што бегла тут праз глыбокую лагчыну аж да небакраю суседняга ўзвышша, цягнуўся адзiн суцэльны двухрадовы шнур вайсковых вазоў. Некаторыя былi наладаваныя рознымi матэрыяламi, iншыя - перапоўненыя жаўнерамi. Яны ўздымалi за сабою шырокую й густую лявiну пылу, што павольна асядаў на прыдарожныя кусты, дрэвы й збожжа. Зь левага боку дарогi, на нядаўна выежджанай паласе, можна было заўважыць шмат конных хурманак. Запрэжаныя ў вадзiночкi, яны былi пераладаваныя ўсякiм хатнiм дабыткам. Ехалi на iх дзецi й старэйшыя, а дужыя валачылiся побач. Гэта былi калгасьнiкi, што не хацелi больш падпасьцi пад эксплуатацыю Сталiна.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|