Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 28)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
Зь вялiкай насьцярожанасьцю аднесьцiся трэба да слоў Яневiча ў сьвятле таго, што выйшла наяву зараз пасьля сканчэньня вайны. Амэрыканская контрразьведка ў Нямеччыне ўстанавiла, што лейтанант Яневiч быў савецкiм агентам. Арыштаваць яго не пасьпела, бо ўцёк. Такiм чынам, найбольш праўдападобна, што Яневiч, да якога Езавiтаў адносiўся, як бацька да сына, якому поўнасьцю i абсалютна давяраў, неадступна цэлы час быў пры Езавiтаве, пакуль выдаў яго ў бальшавiцкiя рукi. Ня выключана, што й сам Яневiч не пакiнуў Езавiтава колькi гадзiн перад эвакуацыяй шпiталя з Эльстэрвэрдэ, як пазьней казаў Шчорсу, а трапiў да бальшавiкоў, а пасьля, атрымаўшы ўзнагароду ды новыя iнструкцыi, падаўся на Захад i знаходзiўся ў Заходняй Нямеччыне пасьля вайны аж да часу, пакуль амэрыканская контрразьведка яго не асачыла. Наступная i ўжо апошняя вестка адносна долi генэрала Езавiтава была перададзеная па бальшавiцкiм радыё дзесь напрыканцы 1945-га году. Паводле яе, "здраднiк беларускага народу й радзiмы, фашыст Канстантын Езавiтаў быў засуджаны ў Вiцебску на кару сьмерцi праз павешаньне, й прысуд быў выкананы". Чаму якраз у Вiцебску, а ня ў Менску? Цi-ж не таму адно, каб насыпаць беларускаму народу солi на сьвежыя балючыя раны, загубiлi маскоўскiя акупанты аднаго з найбольш заслужаных народных сыноў у месцы ягонага нараджэньня? Гэткi фiнал бурнага, працавiтага й ахвярнага жыцьця аднаго з самых перадавых сыноў беларускага народу. Страта была яшчэ больш балючая пры ўсведамленьнi таго, што яе можна было-б пазьбегчы, калi-б ня iнтрыгi некаторых самалюбных i амбiцыйна хваравiтых людзей. Дзякуючы iм Езавiтаў знайшоўся ў найбольш крытычны час у найбольш небясьпечным месцы на ваеннай шахаўнiцы Эўропы - на шляху бальшавiцкiх панцырных калёнаў, што як мага сьпяшылi на Эльбу, каб навязаць кантакт зь перадавымi амэрыканскiмi адзьдзеламi. Памiнаючы ролю Яневiча, якi зьявiўся адно дапаможным дзейнiкам, каб даставiць генэрала ў рукi Сталiна i ад якога, урэшце, апошнiя падзеi на фронце не залежалi, нельга памiнуць таго, што маральную адказнасьць за згубу генэрала Канстантына Езавiтава прыпiсаць трэба прэзыдэнту Беларусскае Цэнтральнае Рады Радаславу Астроўскаму, якi дзеля асабiстых парахункаў замянiў генэрала Езавiтава на зусiм прыпадковага чалавека, што нiчога супольнага зь беларускiм вызвольным рухам ня меў, на расейца - палкоўнiка Шувалава. ДЫВIЗIЯ "БЕЛАРУСЬ" ПЕРАХОДЗIЦЬ ДА АМЭРЫКАНЦАЎ I 15 красавiка 1945-га году дывiзiя "Беларусь", папярэдне абяззброеная, атрымала загад маршыраваць з ваколiцаў Ваергамэра на чэшскi бок Судэтаў. Пасьля колькiх дзён прабываньня там маёр Гэнэфэльд папрасiў да сябе падпалкоўнiка Кушаля й аб'явiў, што, згодна з загадам вышэйшага камандаваньня, войска мае заўтра на досьвiтку вымаршыраваць на поўдзень у кiрунку Пассаў. Кушаль мае весьцi дывiзiю, i (таму што самаход забраў палкоўнiк Шувалаў) яму будзе прыдзеленая параконная брычка. Сам-жа маёр Гэнэфэльд мусiць назаўтра зьявiцца ў вышэйшым штабе ды дагонiць дывiзiю пазьней у дарозе. - А куды-ж дывiзiя перасоўваецца? - спытаў Кушаль. - Я таксама ведаю, як i вы, - пацiснуў плячыма Гэнэфэльд. - Мне сказалi, што далейшыя загады атрымаеце ў дарозе. Кушаль загадаў усiм адзьдзелам, уключна з абозам, каб заўтра ранiцою а гадзiне чацьвёртай былi гатовыя да маршу. У згаданы час беларускае войска вымаршыравала шашою ў кiрунку Пассаў. Доўгая калёна праходзiла паўз штаб дывiзii, дзе раней памяшчалiся немцы. Быў гэта вельмi прыгожы будынак пры самай шашы. Ужо здалёк, едучы на сваёй брычцы, Кушаль заўважыў, як жаўнеры выбягалi з маршавае калёны, забягалiся ў будынак i пасьля сьпешна даганялi сяброў. Параўняўшыся з будынкам, камандзер заўважыў на фронце яго вялiкую шыльду, на якой на чэскай мове было напiсана "Выгляды". Паводле знадворнага выгляду й разьмяшчэньня "Выглядаў" можна было мяркаваць, што даўней была тут нейкая санаторыя цi нешта падобнае. Калi Кушаль загадаў хурману затрымаць конi й для цiкавасьцi забегся ў вялiкi, на колькi дзесяткаў пакояў дом, перад ягонымi вачмi ў падвале зьявiўся наступны вобраз сярод шматлiкiх паразьбiваных скрынак з гарэлкай, каньяком, вiнамi, а таксама разнаякай емiнай (сыры, шынкi, цукар i хлеб) ледзь кiваўся на нагах падпiты палкоўнiх Шувалаў, а побач яго - культурна-асьветны й прапагандовы афiцэр БКА сп-р Лобiк. Пабачыўшы Кушаля, палкоўнiк Шувалаў не бязь цяжкасьцяў намагаўся прывесьцi да паслухмянасьцi ацьвярдзелы ад п'янкi язык. - О-о-о! Господин полковник, как хоро... хорошо, что и вас бачым. Пожалуйте-ка, просим бардзо, будьте любез... - i граф iзноў перахiлiў уверх пляшку з каньяком. - Што гэта ў вас за пiр i зь якой нагоды? - кiваў галавой, гледзячы на ап'янелых афiцэраў, камандзер дывiзii. - Да вот германцы кинули тут эта всё, так разве можна ведь не позаботиться о сохранении? Да скажыце, калi ласка, разве можно ли? - бацяляўся на аслабелых нагах граф. - А-а-а, понимаю, понимаю! - пераключыўся з усьмешкай на расейшчыну беларускi падпалкоўнiк. - Да и видно, вы уж очень усердно заботитесь о сохранении. - Да вам-то что? Вы вот ведите дивизию, а мы вас из господином Лобиком догоним. Лишь надо позаботиться об разделении этих продуктов, да и только. Шувалаў тыцнуў Кушалю ў руку пляшку каньяку й загадаў палажыць у хурманку паўмяха цукру. Кушаль пакiнуў двух апекуноў алькагольных напiткаў i харчовых прадуктаў у падвале. Прыабяцалi яму заладаваць частку харчоў на вазы й даставiць у дывiзiю. Сапраўды харчы, дзякуючы стараньням Шувалавага кумпана Лобiка, прывезеныя былi пасьля да Кушаля. Забралi iх хурманы з хваста дывiзiйнага абозу, што затрыманыя былi Лобiкам у "Выглядах", i пасьля дагналi галоўную калёну. Нiводнага з тых алькагольных i харчовых "попечителей" не пабачыў больш падпалкоўнiк Кушаль да канца вайны. Шувалаў некуды змыўся сам, а ягоны кумпан Лобiк ужо пасьля сканчэньня вайны выхваляўся, што ў Аўстрыi зашыўся дзесь да маладое ўдоўкi й сядзеў там, колькi яму падабалася. - Я, братцы, быў самы апошнi жаўнер зь беларускае дывiзii, што пайшоў да амэрыканцаў у палон. Гэткая "баёвая вытрываласьць" лейтананта Лобiка сталася пасьля прадметам жартаў у тых, якiм шмат цяжэй давялося перажываць апошнюю фазу вайны. II Звыш дзьвюх тысяч беларускiх жаўнераў былi цалкам на адказнасьцi падпалкоўнiка Кушаля. Пры кожным батальёне быў нямецкi капiтан у якасьцi афiцэра сувязi, апрача таго, па пяцьдзесят вельмi добра ўзброеных нямецкiх жаўнераў. Пад час маршу беларусы пераканалiся, што нямецкая армiя таяла на iхных вачох. Па дарозе валялася шмат пакiнутай немцамi зброi, вазоў з амунiцыяй i iншымi ваеннымi рэчамi. Беларусы дазбройвалiся знойдзеным. На другi дзень маршу пад вечар дывiзiя прыйшла ў Айзенштайндорф. Тут беларусы аканчальна пераканалiся, што палажэньне на фронце трагiчнае, нямецкая армiя неарганiзавана адступае цi проста ўцякае. Аброслыя, худыя немцы групамi й па адным валачылiся дарогамi, самi, мусiць, ня ведаючы куды. Адно войскi СС яшчэ трымалiся. Яны чынiлi самасуды над здэмаралiзаванымi жаўнерамi. Можна было назiраць шмат выпадкаў вешаньня эсэсаўцамi армейскiх афiцэраў, асуджаных за дэзэрцыю. Дывiзiя "Беларусь" пасоўвалася наперад, ня ведаючы, куды й чаго. Нiякiх загадаў у часе маршу падпалкоўнiк Кушаль не атрымаў. Можна было мяркаваць, што змыўся дзесь у бясьпечнае месца й сам маёр Гэнэфэльд. Прааналiзаваўшы крытычную сытуацыю, Кушаль наважыў далей не маршыраваць, а даў загад спынiцца ў Айзенштайндорфе i чакаць выясненьня сытуацыi. Паклiкаў да сябе нямецкiх афiцэраў сувязi й заявiў, што дывiзiя далей ня пойдзе, а калi iм гэта не адпавядае, дык яны й нямецкiя радавыя маюць вольную руку. Гэтае абвешчаньне немцам Кушаль зрабiў у прысутнасьцi свайго штабу, што складаўся з капiтана Орсiча, старшага лейтананта С. i сяржанта П. Нямецкiя афiцэры абурылiся на беларускага камандзера й пагражалi, што ён будзе за гэта сурова пакараны. Пагрозы на Кушаля зусiм не падзейнiчалi. Дывiзiя пачала разьмяшчацца па кватэрах у Айзенштайндорфё й суседнiх вёсках. Так устанавiлася ў Нямеччыне першая беларуская акупацыйная зона. Каля поўначы на вулiцы паднялiся крыкi й лаянка на нямецкай мове. Кушаль, пачуўшы гвалтоўны стук у дзьверы свайго пакоя, усхапiўся. Калi адчынiў дзверы, у пакой убег камандзер батальёну, ранейшы капiтан Чырвонай Армii Тамiла й адзiн зь нямецкiх капiтанаў. Тамiла скардзiўся, што немцы цiшком намагалiся забраць беларускi абоз i ўцячы, але ягоныя вартаўнiкi паднялi трывогу. Вось яны цяпер i прыйшлi да Кушаля на вырашэньне справы. Падпалкоўнiк загадаў беларускаму капiтану, каб у выпадку патрэбы зброяй баранiў абоз, але каб немцы спакойна адыйшлi зь беларускае дывiзii. Iм меў быць выдадзены двухдзённы харчовы паёк i прыдзелена колькi хурманак для харчоў i амунiцыi. Нямецкi капiтан на гэта згадзiўся, i гэтай ноччу немцы аканчальна пакiнулi беларускую дывiзiю. Кiлямэтраў за сем ад Айзенштайндорфа знаходзiлася невялiкае мястэчка Айзенштайн Маркт. Колькi беларускiх вайскоўцаў, пераапрануўшыся ў цывiльнае, былi высланыя туды Кушалем на разьведку. Вярнуўшыся, разьведчыкi прынесьлi трывожныя весткi. У Айзенштайн Маркце стаяць вельмi добра ўзброеныя адзьдзелы СС. Немцы, пакiнуўшы дывiзiю "Беларусь", паехалi туды й паведамiлi, што беларусы ўзбунтавалiся, у вынiку чаго эсэсаўцы наважылi напасьцi на беларускую дывiзiю й зьнiшчыць яе. Адначасна разьведка паведамiла, што непадалёк знаходзiцца адна дывiзiя генэрала Ўласава. Атрымаўшы такiя весткi, Кушаль стаў перад праблемай: або баранiцца перад эсэсаўцамi самому, маючы малыя шансы на перамогу з прычыны вельмi значнай перавагi ворага ва ўзбраеньнi, або шукаць хаўрусу з уласаўскiм адзьдзелам. З двух дрэнных выйсьцяў выбраў другое й неадкладна паехаў шукаць камандзера расейскае дывiзii. Калi зьявiўся ў штабе, сустрэў яго ад'ютант i, папрасiўшы пачакаць, пайшоў далажыць. Праз колькi часу з кабiнета выйшаў нямецкi генэрал i папрасiў Кушаля заходзiць. Камандзер уласаўскае дывiзii генэрал Мальцаў паходзiў зь сям'i расейскае iнтэлiгенцыi. Быў чалавекам адукаваным i добра выхаваным. Сярэдняга росту, шчуплы, з густой сiвой чупрынай на галаве, жывым выразам твару, энергiчнымi рухамi, быў ён у пяцiдзесятых гадох. Гаварыў хутка й ясна. Пазнаёмiўшыся з Кушалем, запрасiў яго сесьцi пры стале. У абшырным пакоi сялянскай хаты, акрамя Мальцава й вышэйменаванага нямецкага генэрала, было яшчэ пару малодшых афiцэраў. Немец хутка выйшаў. - Маглi-б вы паiнфармаваць мяне аб палажэньнi на фронце, а таксама выказаць вашу думку адносна нашай сытуацыi? - пачаў Кушаль. - Я быў-бы вельмi рады, калi-б вы маглi гэта зрабiць. Я нiчога ня ведаю, адказаў, усьмiхнуўшыся, Мальцаў. - Што-ж вы думаеце рабiць? - пытаўся Кушаль. - Я думаю... ды не, не. Можа, вы сказалi-б мне, што самi думаеце рабiць. - Магу вам давяраць? - Поўнасьцю. - На маю думку, нiчога нам не застаецца, як прабiцца празь нямецкi фронт i далучыцца да амэрыканцаў, - ня зводзячы з Мальцава вачэй, адказаў Кушаль. - Правiльна, зусiм правiльна, - ажывiўся Мальцаў i борзьдзенька захадзiў па пакоi. - Я вельмi рады, што вы з намi адной думкi. Цяпер скажу вам больш. Я ўжо навязаў лучнасьць з камандзерам амэрыканскага корпусу празь людзей, якiя гарамi й лясамi пераходзяць цераз фронт туды й назад. У даны час дамаўляюся аб канкрэтным месцы й часе прарыву нямецкага фронту. - А цi ведае аб гэтым той нямецкi генэрал, якога я бачыў нядаўна тут у вас у кабiнеце? - О, гэты, - усьмiхнуўся расеец, - ён у мяне афiцэрам сувязi зь нямецкiм штабам, ведае аб маiх плянах i салiдарызуецца з намi поўнасьцю. - Маглi-б вашы перамоўнiкi весьцi перамовы з амэрыканцамi й ад майго iмя дзеля пераходу беларускай дывiзii? - Ды чаму-ж не! Дзьве дывiзii - не адна. Гэта будзе яшчэ лепш. Нам лягчэй удасца. - Дык будзьце добрыя тады... - Абавязкова. Неадкладна загадаю. Ня турбуйцеся. Пасьля гэтага Кушаль i Мальцаў абмяркавалi праблему супольнае абароны ў выпадку атакi эсэсаўцаў з суседняга мястэчка. Мальцаў паабяцаў, што калi эсэсаўцы нападуць на беларусаў, ён адкрые па немцах агонь з цяжкiх кулямётаў i артылерыi. На тым гутарка скончылася. Вярнуўшыся ў сваю дывiзiю, Кушаль загадаў сабраць усiх афiцэраў i падафiцэраў. Паiнфармаваў сабраных аб палажэньнi, аб пагрозе з боку нямецкiх эсэсаўцаў ды аб сваёй умове з камандзерам уласаўскае дывiзii. Загадаў неадкладна правесьцi зборкi ў адзьдзелах i расказаць аб гэтым радавым. Быў прыемна зьдзiўлены, пабачыўшы на вопратках амаль усiх жаўнераў Ярылавы крыжы й "Пагонi" замест нямецкiх адзнакаў. Першы батальён, што быў закватараваны найблiжэй Айзенштайн Маркта (iм камандаваў капiтан Ч.), узяў абавязак выставiць моцную палявую варту й патруляваць ваколiцы аж да самага мястэчка. III 29 красавiка зьявiўся ў Кушаля пасланец ад Мальцава й перадаў яму лiст. Расеец прасiў беларускага камандзера, каб разам са сваiм камандным афiцэрскiм корпусам прыехаў у ягоны штаб на пiльную нараду. Беларусы не марудзiлi. Калi зьявiлiся ў Мальцава, той, спасьцярогшы беларускiя вайсковыя адзнакi на мундзiрах, сказаў: - Вот вам, господа, и Лига наций. Некаторыя з прысутных расейцаў усьмiхнулiся. На супольнай нарадзе ўласаўскi камандзер падаў да ведама, што ўжо канчаткова дамовiўся з камандзерам амэрыканскага корпусу аб пераходзе цераз нямецкi фронт 30 красавiка. Абедзьве дывiзii маюць iсьцi шашой Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль, а ў часе пераходу амэрыканскiя паветраныя сiлы й артылерыя будуць абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Начальнiк штабу Мальцава прачытаў дакладны парадак маршу й плян бою, калi-б немцы спрабавалi ставiць супрацiў. Дзень 30 красавiка быў сонечны й бязьветраны. Ранiцою абедзьве дывiзii ўпарадкавалiся ў доўгую маршавую калёну са сваiмi камандзерамi на чале кожнай i рушылi ў кiрунку Айзенштайн Маркта i Цьвiзэля. Кожны батальён дывiзii "Беларусь" нёс разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля трохгадзiннага маршу Кушаль пачуў ззаду сiгнал самаходу. Калi аўтамабiль параўняўся зь беларускiм камандзерам, той заўважыў у iм праз вакно таго самага нямецкага генэрала, якога кагадзе бачыў у штабе Мальцава. Самаход дасягнуў уласаўскага генэрала наперадзе, i ўся калёна затрымалася. Чакалi амаль паўгадзiны. Раптам чало адзьдзелу расейцаў завярнулася й накiравалася па шашы назад. - Што здарылася? - спытаў Кушаль Мальцава, калi той затрымаўся каля яго. - Мой афiцэр сувязi генэрал Ашбэрг атрымаў ад Андрэя Андрэевiча (Уласава) радыяграму паўстрымацца зь пераходам да амэрыканцаў, аж пакуль ён не загадае. Бачыце, мушу паслухацца загаду свайго начальнiка. Казаў мне iсьцi вунь у тыя вёскi, - Мальцаў паказаў на адлеглую на пару кiлямэтраў мясцовасьць на ўсход ад шашы, - там маем закватаравацца й чакаць далейшага. - Цьфу, прападзi ты, гэткi хаўрусьнiк! - ледзь не вылаяўся беларускi падпалкоўнiк. - Давайце кiнем уласаўцаў i маршыруем самi, - сказаў свайму начальнiку штаба капiтану Орсiчу. Орсiч нiчога не адказаў. Тым часам над доўгай калёнай войска ўверсе пачалi кружыць амэрыканскiя разведвальныя самалёты. Сытуацыя была крытычная. Небясьпечна было самiм беларусам без простай сувязi з амэрыканцамi iсьцi ў няведамае. Беларуская калёна атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалi каля дзьвюх гадзiн. Iзноў ззаду пачуўся сiгнал, i войска абмiнуў апрануты ў цывiльнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генэрала Мальцава й перадаў яму пакет. Калёна зноў спынiлася. - Камандзер беларускае дывiзii, да генэрала Мальцава! - пачулася перададзенае па лiнii. Кушаль з капiтанам Орсiчам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзера, заўважылi ягонае вялiкае зьнерваваньне. - Сам ня ведаю, што рабiць, - казаў той. - З аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевiча загадвае чакаць зь пераходам фронту, а з другога - паслухайце самi. Ад'ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць i тлумачыць загад камандзера амэрыканскага корпусу наступнага зьместу: "Расейская дывiзiя генэрала Мальцава й беларуская дывiзiя сяньня маюць перайсьцi нямецкi фронт на шашы Айзенштайн Маркт - Цьвiзэль. Мая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкiя пазiцыi а гадзiне дванаццатай апаўднi. У гэтым часе пачне дзейнiчаць i авiяцыя". - Што-ж рабiць? - пытаецца ў прысутных афiцэраў уласаўскi камандзер. Бальшыня выказваецца за пераход да амэрыканцаў. Калi-б гэтага не зрабiлi, амэрыканцы могуць зразумець падзеi, як здраду, й пачаць атакаваць з паветра. Генэрал Мальцаў канчаткова быў перакананы. Войска атрымала загад завярнуць назад i памаршыравала гэтым разам ужо без затрымак. IV Шаша бегла мiж гор. Па абодвух бакох яе быў вялiкi лес. Для паўстрыманьня наступу амэрыканскiх танкаў немцы пазразалi й панавальвалi ўпоперак дарогi шмат дрэваў. Апрача гэтага, шаша была замiнiраванай. Беларусы й расейцы пасоўвалiся наперад з хуткасьцю чарапахi, адцягваючы з дарогi дрэвы й разьмiнiрваючы яе. Нямецкiя пазыцыi праходзiлi ўздоўж ракi Рэген у кiлямэтрах трох ад Цьвiзэля, дзе былi ўжо амэрыканцы. На Рэгене быў мост. Адзьдзелы беларускае дывiзii мелi выйсьцi наперад, заняць мост i ахоўваць яго, пакуль пяройдзе ўся калёна. Пасьля гэтага беларусы мелi йсьцi як задняя старожа калёны. Рота беларускiх жаўнераў, узброеная шматлiкiмi ручнымi кулямётамi, згрупаваўшыся на краi лесу, рушыла на здабыцьцё моста, што быў адлеглы прыблiзна на паўкiлямэтра. Воддаль вiдаць быў горад Цьвiзэль. Амэрыканская артылерыя пачала абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Жаўнеры дывiзii "Беларусь" хутка перабягалi па чыстым полi. Калi ўжо зусiм прыблiзiлiся да моста, быццам з-пад зямлi вырас з паднятымi ўверх рукамi цэлы адзьдзел немцаў. Беларускi камандзер загадаў немцам разьмiнiраваць мост, а калi праца была закончаная, падафiцэр з дружынаю адвялi палонных у лес i адпусьцiлi iх. Хаця вiдаць было, што немцы ня мелi намеру супрацiўляцца, беларускiя адзьдзелы прынялi баявы парадак. Моцныя старожы былi пастаўленыя па двух бакох моста. Уласаўцы рушылi цераз мост першыя. Калёна iх была страшэнна доўгая. Асаблiва вялiкiм быў абоз. Шматлiкiя вазы запрэжаныя былi павольнымi баварскiмi валамi, што ледзь-ледзь ступалi з нагi на нагу. Ехалi жанчыны й дзецi - сем'i жаўнераў. На краi Цьвiзэля амэрыканскiя танкi з рулямi кулямётаў, накiраванымi на дарогу, не варажылi нiчога добрага. Каля танкаў у баявой гатоўнасьцi чакалi жаўнеры, амаль палова зь iх - чорныя. - Кiдайце зброю! - крычалi амэрыканцы. Бальшыня так i рабiла, не марудзячы. Адзiн зь беларусаў не сьпяшыў кiдаць свае стрэльбы. Да яго падбег амэрыканскi сяржант, выхапiў стрэльбу з рук i, бразнуўшы яе вобземлю, пачаў таптаць нагамi. Беларускi адзьдзел адведзены быў у будынак велiзарнае пустое фабрыкi. Жаўнеры, змучаныя цэладзённым маршам, сядзелi на сьцюдзёных цэмэнтовых падлогах; i шмат хто хутка засынаў. - Камандзер дывiзii! Дзе ён ёсьць? - пачуў Кушаль праз сон i раптоўна ўсхапiўся: - тут ёсьць! Наступаючы ляжачым на ногi, падышлi да яго два амэрыканцы, адзiн зь iх перакладчык. Папрасiлi Кушаля ў штаб камандзера амэрыканскае дывiзii. Там беларускi падпалкоўнiк спаткаў i генэрала Мальцава. Афiцэры бяз слоў замянiлiся паглядамi, у якiх выражалiся няпэўнасьць i неспакой. Амэрыканскi афiцэр, разгарнуўшы на стале карту, тыцнуў у адно месца пальцам. - У гэтым месцы зараз-жа пастроiце вашу дывiзiю, - загадаў Кушалю. Тое самае, паказаўшы ў другое месца карты, кiлямэтры два воддаль ад першага, загадаў i Мальцаву. Гэты факт быў довадам для падпалкоўнiка Кушаля, што генэрал Мальцаў сапраўды вёў з амэрыканцамi перамовы ад iмя беларускай дывiзii, як зусiм асобнай ад сваёй. Праз гадзiну часу, калi сонца ўжо нiзка сьхiлiлася на захад, дывiзiя "Беларусь" стаяла ў стройным парадку на вызначаным месцы. На правым крыле кожнага батальёну быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Ззаду за войскам дымiлi кухнi абозу. Гатавалi вячэру. Неўзабаве зьявiўся амэрыканскi маёр зь перакладчыкам. Кушаль скамандаваў на "зважай" i здаў яму рапарт. Амэрыканец уважна агледзеў дывiзiю й сказаў, што яна вельмi добра прэзэнтуецца. Пасьля таго загадаў падзялiць войска на групы па пяцьдзесят чалавек у кожнай дзеля заладаваньня на транспартныя машыны, што зараз пад'едуць. - А абоз наш? - спытаўся Кушаль, паказваючы амэрыканцу на кухнi, вазы й конi. - Застанецца тут як наша ваенная здабыча, - адказаў амэрыканец. З гэтага адказу беларускi камандзер зразумеў, што маюць перавезьцi iх у лягер ваеннапалонных. Калi войска заладавалася на аўтамашыны, што неўзабаве зьявiлiся, Кушаля пасадзiлi побач шофера ў самай пярэдняй. Калёна рушыла зь месца. Ехалi гадзiны тры. Ужо зусiм на зьмярканьнi заўважыў беларускi падпалкоўнiк на полi велiзарную грамаду народу. Гэта быў зборны пункт ваеннапалонных. Стаялi на мокрай сенажацi, месцамi аж па каленi ў вадзе й гразi. Навокал быў калючы драцяны плот. Былi тут жаўнеры розных нацыянальнасьцяў: немцы, вугорцы, славакi, сербы, расейцы, палякi, грузiны й iншыя. У гэтую загарадку загналi й беларусаў. Гэтак на мокрай сенажацi ў абозе ваеннапалонных скончылася беларуская ваенная эпапея. Трыццатая дывiзiя, пераназваная пасьля ў дывiзiю "Беларусь", двойчы згуртавала вялiкiя масы беларускiх вайскоўцаў - першы раз каля Варшавы, другi раз у Баварыi. Памiнаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкаранiцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя iмкненьнi былi целам i душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчасьлiвай дывiзii: жаданьне служыць пакрыўджанай i паняволенай Бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваiх ворагаў. Хаця першаму iмкненьню ня суджана было зьдзейсьнiцца, беларускiя вайскоўцы да канца вытрымалi бяз кровапралiцьця за чужыя iнтарэсы. На мокрай балотнай сенажацi каля Каму беларускiя ваеннапалонныя старалiся трымацца разам. З надыходам ночы кожны хацеў неяк прымасьцiцца й заснуць. Плецакi, шынялi й людзi вязьлi ў разьмешанай гразi. Уночы выпаў густы сьнег. Пакрытая бельлю зверху, празяблая зьнiзу шматтысячная маса людзей, хто седзячы, а хто скруцiўшыся ў клубок i прылёгшы, старалася заснуць. Пад ранiцу падпалкоўнiк Кушаль прачнуўся ад нязноснае сьцюжы. Ськiнуў зь сябе цэлую гурбу сьнегу, цёр здранцьвелыя рукi й ногi. Нягледзячы на фiзычныя нявыгады, Кушаль быў у душы задаволены тым, што лёс наканаваў яму падзялiць долю сваiх жаўнераў да канца. V Адылi канец гэты быў пачаткам новага. Беларусы, што добраахвотна, бяз бою перайшлi да амэрыканцаў, надзеялiся, прынамсi, на людзкiя дачыненьнi цi неадкладнае атрыманьне вольнасьцi, забыўшыся, што заакiянскi гiгант па руках i нагах быў зьвязаны ўмовай са Сталiным. Умова абавязвала амэрыканцаў выдаваць бальшавiкам усiх вайскоўцаў зь сям'i паняволеных народаў, у тым лiку й беларусаў, што так цi iнакш апынулiся на баку тых, хто ваяваў за гiтлераўскую "новую Эўропу". Амэрыканцы, абуджэньне якiх перад пагрозаю бальшавiцкае небясьпекi мела прыйсьцi на колькi гадоў пазьней, старалiся ўмову са свайго боку ганараваць. У першым зборным абозе ваеннапалонных каля Каму, куды акрамя беларусаў трапiла й дывiзiя Мальцава, людзi ў голадзе й холадзе цярпелi больш тыдня. Пагода была капрызная, маральна-духовы стан палонных - нiжэй нуля. Аднаго дня пасьля абеду прыехала ў абоз дваццаць амэрыканскiх транспартных аўтамашынаў. Тым, што жадалi ладавацца для пераезду ў другi абоз каля Нюрнбэргу, выдавалi вельмi скупыя харчовыя пакеты. Нiхто нiкога ня строiў у калёны й не падганяў. Галодныя палонныя, каб здабыць колькi бiсквiтаў цi пушку фасолi, самi падыходзiлi да аўтамашынаў i заладоўвалiся. Гэткiм чынам, не пранюхаўшы наперад, куды яны лезуць, вялiкая часьць беларусаў, мiж iмi й афiцэраў, трапiла на першы этап падарожжа за другi бок "жалезнае заслоны". У вялiзарным лягеры ваеннапалонных каля Нюрнбэргу жыцьцёвыя ўмовы былi яшчэ горшымi. Абоз, вельмi глiнiсты й гразкi, абстаўлены быў моцнай вартай. Людзi кешкалiся, мясiлiся ў глiне, тапталiся, каб не акалець з холаду. Перавезьлi сюды з-пад Каму адну часьць войска. Пасьля колькiх дзён накiравалi цягнiкамi пад Вюрцбург, а адтуль - пад Майнц. У вялiзарным лягеры каля Майнца, за дратамi й пад моцнай аховаю, было ў гэты час звыш двухсот тысяч ваеннапалонных, сярод iх шмат немцаў - афiцэраў i радавых. Тут беларусам упершыню давялося сутыкнуцца са шчупальцамi маскоўска-бальшавiцкае гiдры. У абозе было колькi сотняў падсавецкiх грамадзян, некалi вывезеных немцамi на працу ў Нямеччыне. Пасьля капiтуляцыi, перад паваротам дадому, яны заангажавалiся на помач хаўрусьнiкам, насамперш бальшавiкам у пошуках i вылоўлiваньнi як цывiльных, так i вайсковых, што не хацелi вяртацца пад панаваньне Крамля. Гэтыя людзi, прагныя помсты над немцамi, жадаючы выслужыцца амэрыканцам i бальшавiкам, апраўдаць свае собскiя вялiкiя й малыя грахi перад "бацькам", былi свайго роду "капо"* ў адносiнах да палонных. Яны рабiлi ўсё, каб пагоршыць жыцьцё й долю зьняволеных. Iм памагалi ў гэтым жыды-перакладчыкi, што служылi амэрыканцам. Зьдзекi зь людзей выражалiся найбольш у выдачах харчаваньня. Адна баханка хлеба на сто чалавек, пара пудоў сырое бульбы, для гатаваньня якое выдавалi адну палачку дрэва гэткай зброяй змагалiся з палоннымi, каб канчаткова зламаць iхны супрацiў i завабiць у бальшавiцкую пастку. Людзi грызьлi сырую бульбу, хварэлi на жываты, больш рашучыя собскiмi рукамi адбiралi сабе жыцьцё. Шматлiкiя заламвалiся. Амэрыканцы празь перакладчыкаў пыталiся, цi жадаюць ехаць "на родину". Некаторыя ўважалi, што бальшавiзм ёсьць менш страшны вораг, чымся голад, i згаджалiся. Бальшыня ўсё-ж трымалася. * У гiтлераўскiх канцлягерах гэтак называлi чалавека, выбранага зь лiку палонных, заданьнем якога было бiцьцё й падганяньне зьняволеных. Капо звычайна стараўся выслужыцца перад гаспадарамi i надта зьдзекваўся са зьняволеных. Тых беларусаў, што, бачачы перад сабою кашмарную бальшавiцкую бездань, ня выракалiся свайго нацыянальнага iмя, можна й трэба ўважаць за гэрояў. Гэты гэраiзм мо большы за той, якi жаўнер выказвае ў баi. Там ён выкарыстоўвае, акрамя духовых, i свае фiзычныя здольнасьцi. Тут-жа, стоячы на парозе гiбелi ад голаду, чалавек адмаўляецца вырачыся свайго найдаражэйшага, што духова вяжа яго з народным целам: нацыянальнага iмя й гонару. Супраць яго, слабога й апаганенага, змовiўся, як выглядае, цэлы сьвет. Заходнiя хаўрусьнiкi, непаiнфармаваныя аб Беларусi, несьведамыя вялiкiх цярпеньняў i крывавых змаганьняў гэраiчнага народу, памагалi бальшавiкам заганяць ваеннапалонных беларусаў, што добраахвотна перайшлi на iхны бок, у маскоўскую пастку. Былы камандзер батальёну ў дывiзii "Беларусь" капiтан Тамiла, народжаны ў Амэрыцы i ўзгадаваны ў Беларусi, што добра ведаў ангельскую мову, шмат разоў намагаўся тлумачыць амэрыканцам, што яны робяць велiзарную крыўду пакрыўджаным - фактычна iхным сапраўдным хаўрусьнiкам. Тамiлавы словы адбiвалiся аб глухiя вушы. Адганялi яго, як карова ўлетку ў часе сьпякоты адганяе назойлiвага авадня. Пасьля доўгiх фiзычных i духовых выпрабаваньняў палонныя беларусы апынулiся ў абозе Рэн у Францыi, а адтуль перавезеныя былi пад Шэрбург. Тут цiск на неахвотных, каб вярталiся ў Савецкi Саюз, дайшоў да кульмiнацыйнага пункту. Пасланцы генэрала Голiкава, шэфа бальшавiцкае рэпатрыяцыйнае мiсii ў Парыжы, праводзiлi допыты й дзялiлi на жадаючых i нежадаючых павароту. У Шэрбургу "возвращенцы" атрымалi амэрыканскiя "вiндбрэйкары". На плячах кожны меў намаляваную вялiкую чырвоную зорку. Iм дазволена было хадзiць удзень у горад, i людзi iх добра ведалi. Выкарыстоўвалi гэта пры спэкуляцыi на рынках. Ад "невозвращенцев" за ськiбку хлеба адкуплiвалi прыхаванае да гэтага часу самае цэннае й найдаражэйшае - гадзiньнiкi, пярсьцёнкi цi iншае й нажывалiся ў сотнi разоў. "Возвращенцев" вельмi добра кармiлi. Рассыцелыя й аж папухлыя ад раптоўнага прыплыву тлушчаў, яны зьяўлялiся вiдавочнай насьмешкай у вачох тых, што яшчэ трывалi й адмаўлялiся ад павароту ў рукi Сталiна. Было гэткiх у Шэрбургу звыш трыста чалавек. Iх пазнавалi лёгка па выдадзеных амэрыканцамi паласатых капялюшах, гэтак званых панамах, якiя мусiлi заўсёды насiць. Зь беларускiх афiцэраў, больш ведамых, трапiлi ў Шэрбург наступныя: падпалкоўнiк Сокал-Кутылоўскi, колiшнi камандзер брыгады падчас Слуцкага Паўстаньня, капiтан Орсiч, старшы лейтанант Кушняровiч, старшы лейтанант Сурнiн, старшы лейтанант Сасiновiч, што жахлiва дрыжэў пры самой думцы, што пападзе ў бальшавiцкiя рукi, бо раней быў маёрам у Чырвонай Армii, старшы лейтанант Зьмiтро Стэльмах, два лейтананты браты Чырко i старшы лейтанант Мiхаль. У лiку афiцэраў было й колькi iншых, менш ведамых сярод беларускага агулу. З найбольш ведамых расейцаў у групе быў насамперш сам генэрал Мальцаў, якi некалi давяраў амэрыканцам i прывёў сваю вялiкую дывiзiю ў iхныя рукi, ды маёр Бычкоў, раней два разы Гэрой Савецкага Саюзу. У Шэрбургу двух вышэйменаваных расейцаў i падпалкоўнiка Сокал-Кутылоўскага адзьдзялiлi ад рэшты афiцэраў як асаблiва важных. Трымалi над iмi спэцыяльную варту. Наважыўшыся, што даволi цацкацца зь "невозвращенцами", заладавалi iх у заднiя тры вагоны чыгуначнага транспарту для перавозу ў бальшавiцкую зону Нямеччыны. Транспарт прыехаў у Айзэнах - першую станцыю ў савецкай зоне. Усiх загналi ў вялiкую гестапаўскую турму, дзе днямi й начамi трывалi допыты. Там апошнi раз бачылi Сокал-Кутылоўскага, Мальцава й Бычкова, якiх некуды вывезьлi. Рупар на вялiкiм вязьнiчным двары абвясьцiў палонным, што "родина вам простила". Неўзабаве людзi паспыталi гэтага "прощения". Бясконцыя допыты, галадоўкi, зьдзекi, пабоi, i гэта ўсё, нягледзячы на тое, што НКВД мела ўжо дакладныя iнфармацыi й сьпiскi адносна кожнага палоннага, зробленыя яшчэ раней у Францыi. Гэтак сiта бальшавiцкае палiцыi перасейвала, перабiрала, дзялiла на групы. Пасьля пары месяцаў нешчаслiвыя людзi, якiх лёс у гэту гiстарычную пару паставiў мiж двух гiгантаў, што змагалiся на сьмерць i жыцьцё, дорага заплацiлi за давер да амэрыканцаў i за тое, што верылi ў недзе на сьвеце iсную справядлiвасьць. Сьляды iхных далейшых крокаў, для шмат каго - апошнiх крокаў жыцьця, сягоньня ўжо зацёртых, шукаць трэба пры сьценах бальшавiцкiх катоўняў, на вiсельнях цi ў халодных бязьлюдных прасторах мачыхi Сiбiры. VI Фiналам апiсаных у гэтым разьдзеле падзеяў трэба лiчыць не апошняй важнасьцi выпадак улетку 1945 года. Калi вецер разьвеяў-разьнёс дымы апошнiх ваенных пажараў, а над пакалечанай Эўропай запанаваў супакой, прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады Радаслаў Астроўскi зазiрнуў у малы баварскi гарадок, дзе адшукаў былога камандзера дывiзii "Беларусь". Мусiць, стараючыся прадбачыць новыя плынi й кiрункi пасьляваенных хваляў i вятроў, Астроўскi замянiў сваё прозвiшча на Крывiцкi.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|