Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 26)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
Удалося гэта яму, як апавядалi, толькi дзякуючы вялiкай цьвярозасьцi й неразгубленасьцi ў крытычны момант, калi на фэрме лоб у лоб сустрэўся зь немцамi. Апавядалi далей, што капрал за гэткую вялiкую баявую заслугу быў прапанаваны да ўзнагароды крыжам "Вiртуцi мiлiтары" - найвышэйшай польскай адзнакай за адвагу ў баi. Колькi было ў тым праўды цi выдуманага, Сымон ня мог ведаць. Але ў тым, што на левым флянзе крышку ўперад iснавала птушыная фэрма й што там яшчэ й цяпер былi iндыкi - ня было сумлеву. Гэтак i цяпер гоман iхнi гучаў дысанансам у агульным сьвiсьце снарадаў, тарахканьнi "брэнаў" i рогаце "спандаваў". Пры сьвятле батарэйнай электрычнай лямпачкi зьвязовы падхаронжы камандзер ПАП вызначыў трасы патруля, агледзеў трох чалавек у баявой гатоўнасьцi й тэлефанiчна паведамiў камандзеру роты аб высланьнi людзей. Той у сваю чаргу меў паведамiць iншыя польскiя пасты, каб ведалi, што свае людзi знаходзяцца ў баёвай разьведцы. Сымон Спарыш, седзячы на варце й прыслухоўваючыся розным гукам ночы, думаў аб усiм i аб нiчым. Абыякавасьць ягонай, звычайна чульлiвай натуры зьмянiлася атупеньнем. Падобным быў да таго палена, якое нядбайлiвы гаспадар топча на дрывотнi дзясяткi разоў замест таго, каб прыхаваць у зацiшнае й сухое месца пад страхою. Аднаго дня нечакана заўважыць яго пад нагамi ды знойдзе ўжытак. Хлапец быў маленькай незаўважнай пешкай, якому дзесьцi ў будучынi на нейкiм адрэзку жыцьця прыйдзецца выканаць нейкую сваю, для яго асаблiвую ролю. У гэтым ня меў сумлеваў. Абы захаваць жыцьцё. А цяпер? Што-ж цяпер? Няхай кiдаюць i топчуць. Як бы нi тапталi, а ўжо-ж зусiм ня стопчуць. Тапталi-ж i раней, дый не такiя таптуны. Цяпер дык хоць па-людзку кормяць i апранаюць, хаця фiзычна ня прыходзiцца цярпець нястачаў. А абавязкi-ж, якiя-б яны нi былi, выконваць трэба. Аб тым, што штучна прычэплены да гэтага чужога цела, зь якiм нiколi ня зможа зрасьцiся, думаць шкада было. Даўно й безьлiч разоў раней ужо думаў i паставiў кропку над "i". Думкi нейкiмi нязьвязанымi абрыўкамi мiтусiлiся ў галаве. Прыслухоўваўся да заядлай стралянiны на жыдоўскiм адрэзку, пiльна ўглядаўся ў вялыя ценi садовых дрэў i час ад часу пазiраў на ясны поўны месяц, што, здавалася, маестатычна i абыякава дзiвiўся проблiскам агню на халявiне iтальянскага бота. Сымон нагнуўся й прыкурыў папяроску. Трымаў яе ў жменi, каб, баранi Бог, хто-небудзь зводдаль не заўважыў. Нiколi-ж нельга было быць пэўным, што адна цi другая пара вачэй ня прытаiлася дзесь за зеленьню. За сьцяной ледзь чутны быў шоргат ног i гоман прыцiшаных галасоў. У заднiх дзвярох зашастала вопратка, прыклад нечага аўтамата стукнуў аб аўшак, i Сымон заўважыў тры постацi. Крокаў амаль ня было чуваць. Абутымi былi ў лёгкiя гумовыя спартовыя атопкi, каб у выпадку патрэбы цiханька, быццам тыя ценi, падкрасьцiся да пазыцыяў працiўнiка ды, калi собiць, i ўцячы баржджэй. Трохасабовы патруль, трымаючы напагатове аўтаматы, асьцярожнымi крокамi абышоў хату й схаваўся за вуглом яе. Сымона нi разу ня высылалi яшчэ на начны патруль. Цяпер-жа ён пачаў думаць, як чуўся, калi-б яму давялося iсьцi ў лiку тых трох, на якую-б выстаўляў сябе небясьпеку. Шнурок ягоных думак быў раптоўна абарваны сухiм i густым трэскам нямецкага скарастрэлу "шмайсара" зь пярэдняга боку ПАП. Пару часiнаў пасьля прыляцеў адтуль нечы крык, i з-за вугла выбеглi тры жаўнеры-патрулёўцы. Адзiн зь iх трымаў сьцiснутую вышэй локця левую руку. Ледзь усьпелi ўбегчы ў хату, як цэлы ПАП зь пярэдняга боку ажывiўся цяжкiм грукатам усёй аўтаматычнай зброi. Два браўнiнгi зьнiзу й адзiн зьверху ды пара ручных скарастрэлаў сеялi жалезным дажджом па агародзе, вiнаграднiках i садовых дрэвах сьпераду. З хаты выбег камандзер зьвяза i, прабегшы каля Сымона, прысеў за яблыняй ды пусьцiў у кiрунку немцаў яркую асьвятляльную ракету. За ёй - другую й трэцюю. Пасьля пабег назад. Стралянiна трывала хвiлiн дзесяць. Аўтаматчыкi, заўважыўшы, што сьпераду, адкуль нехта пусьцiў пару сэрыяў са "шмайсара", ня было нiякага водклiку, далi адпачыць нагрэтым аўтаматам. Ужо на свiтаньнi два чалавекi высланы былi агледзець поле сьпераду хаты. Прынесьлi назад два панцырфаўсты, адзiн "шмайсар", колькi стрэльбаў i гранатаў. Не знайшлi забiтых анi параненых немцаў. Паводле iхняга апавяданьня пра пазыцыi, дзе знайшлi нямецкую зброю, можна было ўявiць наступнае: вялiкi нямецкi патруль, чалавек дзесяць цi больш, падкраўся да ПАП. Немцы йшлi вужом ля шэрагу вiнаградных кустоў, маючы на мэце акружыць i зьнiшчыць ПАП. Аб гэтым сьведчыла раськiнутая дугой на траве зброя. Колькi часiнаў, вiдаць, патрэбна iм было, каб хвост патруля падыйшоў наперад зь левага боку й каб распачаць атаку. Праслухаўшы такi рапарт, зьвязовы падхаронжы пацерабiў галаву. - Бачыш, дрэнi, ледзь нас не накрылi. - I як то яны падпаўзьлi зусiм так незаўважанымi. - Добра сталася, што наш патруль у той час выйшаў. - I яшчэ як добра. Ня было найменшых сумлеваў, што калi-б патруль выйшаў на пару хвiлiн пазьней... але тады зусiм ня выйшаў-бы. Два панцырфаўсты замянiлi-б хату ў вялiкае полымя. Iм дапамаглi-б гранаты. Калi-б немцы заатакавалi згодна з плянам - можна было надвое варажыць, цi ўратаваўся-б хто з ПАП. Два днi пасьля зь нямецкага боку прыйшлi два жаўнеры. У палон зьявiлiся самахоць, бачачы бессэнсоўнасьць безнадзейнага змаганьня. Ад iх палякi даведалiся, што дваццацiасабовы патруль, заданьнем якога было зьнiшчэньне ПАП, зь вялiкiм перапалохам уцёк з-пад граду агню. Было трое параненых. Камандзер яго, нейкi фельдфебель, у сваёй справаздачы казаў, што па дарозе трапiў неспадзявана на засаду, што мусiў як мага ўцякаць, навет зброю пакiнуўшы. IX На працягу сакавiка й пачатку красавiка хаўрусьнiцкiя адзьдзелы папаўнялiся рэзэрвамi людзей i матэрыялаў. Асфальты гладкiх дарог угiналiся пад цяжарам шматтонных вазоў, калечылiся гусенiцамi танкаў. Зьявiлiся дадатковыя сотнi цяжкiх i лёгкiх гарматаў, танкаў, кулямётаў, амунiцыi, тысячы новых людзей. Ярка-зялёныя галiнкi садоў хавалi замаскаваныя даўгiя й тоўстыя жаролы артылерыi, што неўзабаве агнём i жалезам мела зьмянiць карту Апенiнскага паўабтоку. Калёны ангельскiх танкiстаў пры дарозе спынялi свае "чэрчылi" й "кромвелi", каб не праваронiць "ты тайм" (гарбатны перапынак). Вайна цi мiр, а жыхар Ёркшыра цi Ланкашыра трымаўся сваiх звычак i традыцыяў. Вылазiў зь пяцiдзесяцiтонных стальных пудзiлаў, распальваў польны прымус i спажываў гарбату з малаком i бiсквiтамi. Цяпер-жа й перашкодаў ня было: двухкрылыя машыны маршала Гэрынга з недахопу палiва ржавелi на паўзьнiшчаных лётнiшчах, а хаўрусьнiцкая авiяцыя была поўным гаспадаром неба. Сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады сабраўся ў вялiкiм тэатры места Фаэнцы. Камандзер батальёну гаварыў аб дысцыплiне, п'янстве, вэнэрычных хваробах, карным кодэксе. Гаварыў аб неабходнай жаўнерскай маралi, аб тым, што Андэрсаў корпус стаiць напярэдаднi апошняга бою. Хутка мае распачацца наступ, што выкiне гiтлераўцаў з паўдзённага боку Альпаў. Камандзер гаварыў, што ў немцаў, паводле здабытых разьведкамi вестак, бракавала алiвы да гарматаў, палiва, харчоў, медычных прыпасаў, амунiцыi, транспарту, людзей. Камандзер запэўнiваў, што дарога ад Сэньё да Балёнii будзе шмат лягчэйшай, чымся тая, якой прыйшлi яны на поўнач ад падножжа iтальянскага бота. Жаўнеры слухалi й напаўнялi вялiкую тэатральную залу густым блакiтным дымам сотняў цыгарэтаў. Што-ж iм? Так цi iнакш пачатае давядзецца скончыць. Хоць Сталiнавы янычары ўжо панавалi ў Варшаве й Кракаве, хоць колiшняя мэта - вольная й незалежная Польшча - даўно пахаваная была ў кучы ялцiнскiх папераў, хоць зьнiклi й спапялiлiся тысячы надзеяў, дарма страчаны дзесяткi тысячаў маладых жыцьцяў пачатае трэба скончыць. На гэнай зборцы Сымон не дашукаўся сваiх найблiжэйшых сяброў - Кастуся Дзежкi й Вiктара Караткевiча. Згодна ранейшага загаду, паехалi яны на кароткатэрмiновыя курсы дзесь у паўдзённую Iталiю. Туды-ж накiраваўся й Аляксандр Лабун. Сымонава пасьпяховая здача экзаменаў у Сан-Базыльё спрычынiлася, мусiць, да таго, што быў пакiнуты на фронце. Апошнiмi днямi прыдзелены быў да трэцяга зьвязу свае роты, дзе зь менскiх сяброў знайшоў Ялонскага й Ялушэвiча. Было крышку весялей - усё-ж час ад часу колькiмi роднымi словамi з другiмi перакiнуцца можна будзе. Спарыш атрымаў "п'ят" i двух амунiцыйных на помач. "П'ятам" называлася кароткая, на мэтр даўжынi, супрацьтанкавая стрэльба. Дакладней кажучы, цяжка было назваць яе стрэльбай. Трэцюю частку даўжынi складаў паўадкрыты кодаўб, куды заладоўвалася шасьцiфунтавая бомба. У даўгi й вузкi нос бомбы ўкладаўся запальнiк, i яна тады называлася завостранай, а сама аперацыя - вастрэньнем бомбы. Другой часткай "п'ята" была даўгаватая, мо на сантымэтраў дзесяць у дыямэтры труба, закончаная паўкруглым прыкладам. У сярэдзiне мэталёвай трубы была доўгая й тоўстая пружына, якая пры нацiску курка пускала ў рух адбой, што дэтанаваў капсуль таўставатага патрона ў хвасьце бомбы. З "п'ята", пастаўленага на кароткай ножцы, стралялi лежачы. Меў максiмальны засяг на сто дваццаць мэтраў, але толькi на дзевяноста мэтраў стралец мог мець шансы трапiць у мэту. Пры выстрале прыклад "п'ята" з вялiкай сiлаю таўхаў у плячо, а паўадкрыты кодаўб, у якiм ладаваўся снарад, зусiм не заглушаў дэтанацыi патрону, пры дапамозе якога ладунак зь вялiкiм цiскам выкiдаўся да мэты. Неяк у адзiн дзень, пры баявых практыкаваньнях з п'ятам" недалёка ад франтавой лiнii, Сымон выстралiў дваццаць адзiн снарад. Пасьля гэтага, асаблiва-ж пасьля начнога адпачынку, надта разбалелася правае плячо. Ня мог бяз болю паварушыць рукой, а ў вушах шумела й зьвiнела цэлыя наступныя тры днi. Адылi й да гэтага трэба было прывыкаць. "П'ят" важыў звыш трыццацi фунтаў. На час акцыi прыдзялiлi Сымону двух амунiцыйных. Кожны зь iх меў насiць па шэсьць снарадаў. Ляжалi яны па тры штукi ў кантэйнеры, што меў палатняны пасак дзеля перавескi цераз плячо. Калiсьцi ў трыццатай дывiзii на эльзаскiм фронце вартаваў Сымон у акопах з нямецкiмi панцырфаўстамi, цяпер-жа быў таксама супрацьтанкавым стралком з ангельскiм "п'ятам". Паўставала адно пытаньне, цi будзе ў што страляць, цi мелi немцы на фронце танкi, а калi мелi, дык цi было палiва й алiва для iхняга ўжытку? Сымон пацяшаў сябе, што неабавязкова страляць у танкi; ня толькi можна, але, пэўна-ж, i трэба будзе зьнiшчаць кулямётныя гнёзды ў бункерах, акопах цi мурах. Для гэтага ж "п'ят" надаваўся зусiм ня горш, чымся для лiквiдацыi панцырнай зброi. НАСТУП МIЖ ЦЬВIТУЧЫХ САДОЎ I Цудоўны сонечны вясеньнi дзень 9 красавiка 1945-га году запачаткаваў апошнi разьдзел хаўрусьнiцкай ваеннай кампанii ў Iталii. Неўзабаве пасьля абеду блакiтнае бясхмарнае неба загрымела тысячамi цяжкiх ангельскiх i амэрыканскiх бамбавiкоў. Яны плылi на поўнач, каб зьнiшчыць пульс жыцьця ворага: пусьцiць з агнём ваенныя склады, чыгуначныя станцыi, раськiдаць i спапялiць канцэнтрацыйныя пункты армiй фон Кэсэльрынга... У праменьнях мякка-цёплага й вясёлага вясеньняга сонца зьзялi смертаносныя магутныя птушкi, напаўняючы жыцьцядайнае неба злавесным рэхам маторных грымотаў. Iх былi сотнi, а мо тысячы. Плылi роўненька й паволi. Здавалася, што нiякая сiла ня здольная зьмянiць iхняга курсу, перашкодзiць цi не апошняму ўжо падарожжу туды, дзе пасеюць сьмерць i руiны. Сымон нiколi ў сваiм жыцьцi ня бачыў столькi самалётаў. Помнiў нямецкi наступ на ўсход. Тады таксама немцы амаль закрывалi неба. Але зь цяперашнiм ня было параўнаньня. Здавалася, што ўся плошча неба была занятая, кожная вышыня над зямлёю раўла тысячамi матораў. З жаролаў дзесяткаў тысяч гарматаў ад Генуйскай затокi да Адрыятычнага мора артылерысты здымалi маскаваньнi й ахоўныя чахлы. А трэцяй гадзiне прыйшоў сiгнал, i хвалiстая стужка хаўруснiцкай лiнii пачала шпурляць стальлю й полымем на поўнач. Крышылiся аслабленыя нямецкiя ўмацаваньнi, пражылася зямля, й ападалi ў магутным дрыжэньнi кволыя пялёсткi кветак у цьвiтучых садах. Дбайлiвая й працавiтая пчолка, зьбiраючы мёд, губiла шлях у свае вульлi, слабы матылёк сьляпiўся пылам i дымам з разьдзiраных грудзей зямлi. Здавалася, што сатана раздзьмухаў усе вогненназьнiшчальныя моцы пекла. Ёсьць нешта над меру магутнае й натхняючае ў гуле й грымотах тысячаў чародных гарматных залпаў. Трэба ўявiць, што стрэлы былi настолькi густымi й частымi, што ня было мiж iмi нiводнага, хаця-б найкарацейшага перапынку. Гул гэткi ўлiвае сiлу й падымае з пасьцеляў фiзычна аслабленых i вычарпаных старых жаўнераў, змушае iх да самых крайнiх натугаў, улiвае моц i дынамiчнасьць у змучаныя арганiзмы, дэмаралiзуе й паралiзуе тых, што бароняцца. Трэба мець сталёвую сiлу волi й жалезныя нэрвы, каб, апынуўшыся пад такiм лiўнем бомбаў i агню, ператрываць колькi гадзiнаў, захаваўшы спакой i здольнасьць супрацiву. Зьвяз i рота, да якой прыдзелены быў Сымон, былi ўчора адклiканыя з фронту й знаходзiлiся ў адлегласьцi мо трох кiлямэтраў ад яго на хутары паблiзу вёскi Санта-Лючыя. Адсюль франтавая лiнiя ва ўсходнiм кiрунку вiдаць была на дзесяткi кiлямэтраў. Цiкава было назiраць, як густая лавiна перамешанага з дымам сiнявата-шэрага пылу хутка расла, буйнела ўшыр i ўвышкi ды паволi пасоўвалася ў паўдзённым кiрунку. За пару гадзiн яна зусiм пакрыла паўночны небакрай, даплыла й густой павалокай апранула вёску Санта-Лючыя, замурзала, а пасьля амаль зусiм схавала сонца, што хiлiлася за грэбень Апэнiнаў. - Але-ж i даюць, - гаварылi жаўнеры з Сымонавага зьвязу. - Малайцы, што й гаварыць. Так iм i трэба! Лягчэй нам будзе, - i прамочвалi глоткi "б'янкам" з пукатых пляшак. Бесьперапынная артылерыйская кананада трывала больш дзьвюх гадзiнаў. Пасьля парадзела, а эстафету пераняла танкавая й дробная пяхотная зброя. У гэты вечар фронт курыўся нязьлiчонымi вялiкiмi й малымi агнямi. На адрэзку шматнацыянальнай Восьмай армii працiўнiк быў выкiнуты зь першых умацаваньняў над Сэньё й iншых стратэгiчных месцаў. Найбольш заўзята баранiўся ён пры асноўных дарогах. Страты на хаўрусьнiцкiм баку былi нязначныя, на нямецкiм вялiкiя. Навет у гэту познюю пару вайны гiтлераўскiя фанатыкi заядла баранiлiся, нягледзячы на вялiкiя ахвяры. II Сымонаў амунiцыйны Кiцынскi, паляк з Лодзi, быў навiчком у польскай армii. Прыйшоў зь нямецкага боку ня так даўно. У характары ягоным зазначалася так свойская палякам пыха, пабудаваная на зусiм, здавалася-б, нязначных дробязях, нонсэнсах. Здольны быў зрабiць з мухi слана, калi гэта была муха польская. Язык ягоны камэнтаваў усё навакольнае i, быццам тыя жорны ў дужай сялянскай руцэ, бесьперапынна цёр рознае вотруб'е. Здавалася, што язык гэты й сам худаваты, сярэднi ростам, чарнявы Кiцынскi хацелi надрабiць тое, што давялося iм страцiць за час побыту пад нямецкай акупацыяй. - Глянь, глянь, якiя танкi! Дзе швабам да нас цяпер дараўняцца! Няхай уцякаюць, бы тыя мышы пад мятлу! - захапляўся ён на трэцi дзень, калi зьвяз рыхтаваўся да наступу на супрацьпаводны насып ракi Сантэрно, а танкi й людзi станавiлiся на выхадныя пазыцыi ў занятай учора вёсцы. Артылерыя пачала падрыхтоўчую атаку. Над самым насыпам ракi пiкавалi ангельскiя "спiтфаеры", такiя самыя, як помнiў Сымон, што калiсь так моцна дакучалi iм у Эльзасе. Адзiн штурмавiк шпурнуў бомбу ў бункер i, занадта зьнiзiўшыся, раптам разьляцеўся на кавалкi. Адбылося гэта ў адлегласьцi ня больш паўкiлямэтра ад выхадных пазыцый пяхоты й танкаў. - Пся крэў! Свая артылерыя самалёт зьбiла! Галганы еднэ! Не бачаць, цi што? - То не артылерыi, а самалёта вiна. Ты чуў, што яны заўчора збамбардавалi перадавыя пазыцыi трэцяй Карпацкай дывiзii й забiлi дзесяць людзей ды больш як паўсотнi ранiлi? - То праўда? - Але. - Дык тады яму й варта. - Як то яму? Гэты-ж "спiтфаер", пэўна, там ня быў. - Не важна, быў цi не. Усё роўна-ж гэта ангельцы палякаў пабiлi. - Але-ж у цябе лёгiка, як у таго асла. Самалёт разьляцеўся на драбнюсенькiя кавалачкi. Свой артылерыйскi снарад трапiў простым цэлам. Наступаючыя адзьдзелы, заняўшы пазьней першы супрацьпаводны насып, знайшлi на iм вялiкую выгаралую пляму i ў шматлiкiх мясцох адломкi мэталу. Нехта казаў, што адшукаў кавалкi стлелых касьцей i навет шматок чалавечай скуры. Вiдаць, сам ладунак бомбаў брытанскага штурмавiка больш чым што спрычынiўся да катастрофы. - Паглядзi, пан, паглядзi! - штурхануў Спарыша Кiцынскi. - Хто гэта такiя? Група пераважна маладых мужчын праходзiла вулiцаю вёскi. Былi гэта апранутыя ў цывiльнае iтальянцы з белымi апаскамi на левых рукавах. - Вiва полякi! Вiва лiбэраторы! - крычаў адзiн, махаючы капелюшом i скалячы зубы. - А вы хто? - пытаўся Кiцынскi. - Партызаны. Iтальяны партызаны. Тэдэскi вiя! Вiва полякi! Iтальянец, як вiдаць, быў падпiты. - Ты скурчы сын! Ты такi партызан, што толькi ўмееш баб падшукваць ды вiно прадаваць! - вурчаў Кiцынскi, быццам да яго толькi адносiлася тое "вiва лiбэраторы". Лейтанант, камандзер зьвяза, паклiкаў партызанаў i распытваўся пра нямецкiя ўмацаваньнi, iх колькасьць i iншае. Тыя самi ня ведалi. Былi яны, вiдаць, прыфрантавыя партызаны - значыцца, такiя, якiм нiколi ня думаецца партызанiць, аж пакуль вораг сам не ўцячэ. Ужо пасьля прыходу вызвольнiкаў начэплiвалi на рукавы белыя павязкi й лiчылi сябе калi ня гэроямi, дык, прынамсi, баявымi людзьмi. - Глядзi, калега, глядзi на гэтых гэрояў. Ня вузка табе прэзэнтуюцца скуррр... - таўхаў iзноў Спарыша Кiцынскi. - Перастаў-бы ты нарэшце малоць! Аж брыдка, яй-богу! - зьнецярплiвiўся нарэшце Сымон. - Вечна быццам тая малатарня. Адкуль гэта ў цябе бярэцца. Ты-ж ужо, напэўна, будзеш лепшым гэроем. - Лепшым цi ня лепшым, але-ж ня тое, што гэтыя макароньнiкi. За iх мы мусiм кроў нашую польскую пралiваць! - Але-ж ты й напралiваў ужо, жалься Богу. Ха-ха-ха! Хвалiўся-б хто пралiтай крывёю, але-ж ня ты. Ха-ха-ха! - рагатаў Сымон. - То-ж я не аб сваёй гавару, вуйка ты, - бурчаў малы паляк, што, здаецца, аж прыгiнаўся пад цяжарам шасьцi снарадаў. Вiдаць, "б'янка" затуманiла яму ў галаве. Шмат хто быў пад хмяльком, ня выключаючы й Сымона. Ужо "партызаны" пастаралiся пачаставаць не аднаго "лiбэратара". Артылерыйская кананада скончылася або часткова была перанесеная на далейшыя пазыцыi працiўнiка. Танкi рушылi ў наступ, а за iмi й побач iх пяхота. З супрацьпаводнага насыпу ракi Сантэрно там-сям адазвалася дробная аўтаматычная зброя. Танкi пару разоў спынялiся й абсыпалi пачарнелы ўжо ад агню насып градам куляў. Трушком перабягалi пехацiнцы. Тры агнямётныя "шэрманы", спынiўшыся ў адлегласьцi каля сотнi мэтраў ад насыпу, пусьцiлi наперад густыя чырванаватыя языкi полымя й лiзалi iмi ўзбочча й верх першага насыпу. - Так iм, сукiным сынам! Так iм трэба, швабам праклятым! - камэнтаваў Кiцынскi. Быццам у адказ яму "швабы праклятыя" з выдатнай рэгулярнасьцю дзяўблi поле наступу зь цяжкiх мiнамётаў. Мэтраў за пяцьдзесят направа ад Сымона, зараз ззаду за "шэрманам", снарад трапiў у групу людзей. Пачулiся крыкi й енкi. Зьявiлiся санiтары. Лежачы нiцма на насiлках, чалавек сьцякаў крывёю з вялiкай, вырванай ззаду аж да нырак раны. Хвiлiны ягонага жыцьця былi палiчаныя. Першы супрацьпаводны насып выказваў адно спарадычны супрацiў. Неўзабаве апошнiя пункты ягоныя былi зьлiквiдаваныя, й месцамi над акопамi загайдалiся на палках белыя рызманы. Наступаючыя падпаўзалi на пахiлае ўзбочча. З малых акопаў паказвалiся ўверх найперш верхнiя канцы рук, пасьля шлемы й чорнымi бародамi аброслыя, замурзаныя, худыя твары. У адным месцы чалавек намогся быў выкарабкацца з акопа, i ў той жа момант "томсан" абсыпаў яго дажджом куляў. Верхняя палова чалавека пахiснулася, уздрыгнула, рукi, быццам апаленыя, схапiлiся за грудзi, i той, што хацеў быць палонным, носам занурыў у абсмаленую агнямётамi зямлю. - Не страляць палонных, лайдаку ты едэн! - крычэў афiцэр. - Што ты хочаш, каб кожны зь iх змагаўся да апошняга патрону? Самыя сьмялейшыя з наступаючых спрабавалi вылазiць на верх насыпу. З процiлеглага насыпу чуўся грукат "спандава". Немцы трымалiся на другiм баку. Тое, што ня зьнiшчыла артылерыя, ня выбiлi танкi, мусiла выкарчоўваць пяхота. Рэчышча рэчкi Сантэрно было вузенькае, але супрацьпаводныя насыпы па баках шырокiя. Адлегласьць мiж iхнiмi хрыбтамi сягала да ста мэтраў. Найгоршы вораг наступаючага жаўнера - гэта нецярплiвасьць i нэрвовасьць. У гэтым на собскiя вочы мог пераканацца Сымон. Мо вiною тут быў хмялёк у галаве. Здавалася вельмi непраўдападобным, каб цьвярозы чалавек мог зрабiць так, як адзiн з жаўнераў зьвязу. Цяжка было пасьля, гледзячы на акрываўлены труп, у агнi бою варажыць, якiмi матывамi ён кiраваўся, калi раптам, падпоўзшы да самага верху першага насыпу ды асачыўшы на другiм баку "спандаў", што, быццам гарохам, сеяў кулямi, ён устаў на цэлы рост i, нешта моцна крыкнуўшы, пачаў з "томсана" абсыпаць бункер, адкуль адзываўся "спандаў". - Што ты робiш, вар'яце?! Кла-а-дзiся! - крычаў на яго зьвязовы. Ледзь пасьпеў падафiцэр скончыць заглушаную стрэламi перасьцярогу, як з процiлеглага берагу пачуўся грукат другой сэрыi "спандава". Неразумны польскi куляметчык ад вялiкага болю здрыгануўся ўсiм целам ад галавы да ног, рукi выпусьцiлi "томсан". Чалавек скурчыўся й пакацiўся ўнiз па даволi стромым насыпе, прыцiснуўшы рукамi залiтыя крывёю грудзi. Два жаўнеры падскочылi да яго ў часе перадсьмяротных сутаргаў. Зьбялелы, стогнучы, варушыў яшчэ вуснамi й нешта стараўся сказаць, але ня мог, а ў адкрытых вачах адлюстраваўся неспадзяваны жах. Быў гэта той самы кулямётчык, што пару хвiлiн таму застрэлiў немца, якi з паднятымi рукамi вылазiў з акопу, каб стацца палонным. III - "П'ят"! Давайце сюды "п'ят"! - клiкаў Сымона камандзер зьвязу. - Там! Бачыш? - паказваў пальцам, падпоўзшы да самага верху насыпу, афiцэр. - Гэты бункер. - Так ёсьць, пане лейтанант. - Пачастуй iх. На насыпе з другога боку рэчкi Спарыш заўважыў прыкрыты зверху абсохлымi ўжо зялёнымi галiнкамi невялiкi бугор. Крыху нiжэй чарнелася падоўжаная адтулiна. - Уважай! Ня вылазь занадта наверх! - перасьцерагаў камандзер. Сымон на жываце ад'ехаў крок назад i выставiў правую руку да Кiцынскага: - Давай хутчэй снарад! З мэталёвай пушкi, з верхняй кiшэнi "батледрэсу" выцягнуў доўгi, на сантымэтры тры, запальнiк i завастрыў бомбу. Рыжа-чарнявы насып, сьпечаны нядаўна танкавымi агнямётамi, курыў яшчэ карэньчыкамi травы. Моцна пякло зьверху сонца. Левым рукавом Сымон выцер зь iлба пот, што залiваў вочы, i паставiў на ножку "п'ят", вызначыўшы адлегласьць на шэсьцьдзесят мэтраў. Прыклад кароткай стрэльбы моцна таўхануў правае плячо, што адчувала яшчэ ранейшы боль. Снарад разарваўся,не далятаючы да бункера, крышку направа ўнiз. - Давай зараз другi! Не марудзь! - спанукаў лейтанант. - Калi за гэтым разам трапiш у мэту, заробiш ад мяне пляшку водкi. - Думаю, што траплю. - Дык давай. У гэты час цемнаватая адтулiна з супрацьлеглага боку адклiкнулася "спандалавым" залпам. Наступаючая пяхота не магла вылезьцi на верх насыпу. Дождж куляў бзыкаў па яго хрыбце, а некаторыя, адбiўшыся рыкашэтам ад рэдкага каменьня, быццам тыя жукi, страцiўшы ранейшы iмпэт, завурчалi, пералятаючы за плечы. Сымон падняў "п'ятаву" ножку вышэй, аблiчаючы на адлегласьць дадатковых дзесяцi мэтраў, i заладаваў другую бомбу. Прычакаўшы, пакуль сьцiхне кулямёт, на жываце пад'ехаў да самага верху насыпу i цэлiўся мо пяць секунд. Гэтым разам даўганосая, круглаватая, велiчынёю з добрую бручку хвастатая бомба трапiла проста ў вызначаную адтулiну. Стаўбур зямлi, пылу й кавалкаў дробнага сучча падняўся на мэтраў пяць уверх. Бункер ахутаўся пылам, полымем i дымам. - Брава! Вось маладзец! - крыкнуў у захапленьнi малады афiцэр. - Маеш ад мяне пляшку водкi. - Калi, пане лейтанант? - усьмiхнуўся ад задаваленьня Сымон. - Пасьля сканчэньня акцыi. - Ну, гэта дык па вадзе вiламi пiсана. Хто ведае, калi тая акцыя скончыцца. - Я-бы цяпер табе даў, дык уп'ешся й другi раз не трапiш у бункер, тлумачыў афiцэр, вылезшы ўжо наверх i разглядаючыся па баках. - Усё роўна я гэтага вам не дарую, пане лейтанант. Але той ужо ня слухаў. Рукамi паказваў людзям, каб вылазiлi наверх i падцягвалi для пераправы лодкi. - Бяры ўжо, калега, i гэтую, - сунуў Кiцынскi апошнюю з кантэйнера бомбу. Сымон узяў яе й завастрыў. На правым крыле жаўнеры спускалiся ўжо ўнiз. - Але-ж i душна, - жалiўся Кiцынскаму Спарыш. - Няхай яе кроў залье, такая сьпякота, - памог наракаць паляк. - I цягай, як той дурань, столькi ладунку на плячох. Добра, што хаця крыху ўжо выстралялi. Рэчка была няглыбокая й вузкая. Пантонныя лёгкiя лодкi бралi па пяць чалавек. Сымон пераяжджаў на другi бок устоячкi, перавесiўшы цераз плячо "п'ят" i трымаючы ў правай руцэ завостраную бомбу. Вельмi ўважаў на доўгi нос i чырвоны запальнiк, каб, баранi Божа, чаго iм не дакрануцца. Запальнiк быў надзвычай адчувальны, й часта бомба выбухала, стукнуўшы носам аб якую галiнку... На другiм баку Спарыш не хацеў бачыць, якое зьнiшчэньне зрабiла ягоная бомба ў бункеры. Хоць даўно звыкся з касьбой сьмерцi навокал, ён адно ў выпадку неабходнасьцi пазiраў на забiтых цi пакалечаных. Апынуўся разам зь Кiцынскiм i нейкiм малым тоўсьценькiм капралам у вузкiм, кароценькiм акопе, выкапаным накшталт лацiнскае пяцёркi. Раён ракi Сантэрно на гэтым адрэзку ўжо маўчаў. Адно на левым флянгу, мо на кiлямэтр цi больш воддаль, трывала самая заядлая перастрэлка ўсялякае зброi, улучна з артылерыяй. Абаронцы моста й шашы сканцэнтравалi там вялiкiя сiлы. Вось наперадзе над чупрынамi садоў праiмчалiся ў заходнiм кiрунку адзiн за адным тры ганчакi-"спiтфаеры", й там дзесь над шашою загрукацелi з гарматак якраз так, як калiсь, пранюхаўшы калёны трыццатае дывiзii на гладкiх эльзаскiх дарогах. Тыя самыя самалёты. Калiсь - чужыя, цяпер - свае. Iхнi грукат некалi напаўняў цябе трывогай, цяпер улiваў моц i сiлу. I гэта ўсё на працягу пяцi-шасьцi месяцаў. Цi-ж ня здурэў гэты сьвет? - думаў "п'ятавы" стралец. Пераправа пяхоты праз рэчку трывала каля гадзiны. Займалi акопы й бункеры на паўночным баку. Нiзка хiлiлася на захад сонца. Загадана было затрымацца. Шмат акопаў, як вiдаць было, абаронцы лiнii Сантэрно нiколi ня ўжывалi. Магчыма, што наступ быў занадта гвалтоўны, магчыма, што ў немцаў не хапiла людзей. Апошняе было менш праўдападобным, бо як-нiяк Сантэрно было другой абароннай лiнiяй i мусiла быць абсаджана жаўнерамi. На паўночны бок ад рэчкi краявiд нiчым ня розьнiўся ад таго, з паўдзённага боку. Ад акопа, дзе сядзеў Сымон, празь цьвiтучы сад вiдаць была напаўразбураная артылерыяй фэрма. Курыў, дагараючы, стог саломы й пуня. Уцалела адно белая хата-ляпянка. Меншы хутар знаходзiўся ў адлегласьцi мэтраў ста пяцiдзесяцi наперадзе крышку налева. Навокал нiкога ня было вiдаць. Сымон зiрнуў на ляжачы наўзверх акопа свой пуцаты завостраны "п'ятавы" снарад, на той малы хутар i звярнуўся да капрала: - Як вы думаеце, пане капрал, цi ня варта было-б гэтай бомбачкай смалянуць па гэтай хатцы? - кiўнуў на снарад i на хату. - Хто-ж яго ведае. Мо й не зашкодзiла-б. Падбадзёраны такiм адказам, стралок ужо стаўляў сваю пузатую стрэльбу. - Давай, кохасю, - песьцiў i гладзiў сварад Кiцынскi, пакуль перадаць яго Сымону, - заляцi ты туды й секанi па швабах. Ацанiўшы адлегласьць да абгароджанай плотам i аброслай зеленьню хаты, Сымон мяркаваў, што "п'ятаў" засяг мог быць закароткi, дзеля таго й выцягнуў ножку на максiмальную адлегласьць. Капрал моўчкi прыглядаўся. Камандзер зьвязу, што абяцаў Сымону пляшку, пайшоў дзесьцi налева, цi не да камандзера роты, каб атрымаць далейшыя iнструкцыi. Сымон прыцэлiўся ў самы шчыт страхi i, моцна прыцiснуўшыся да пляча прыкладам, нацiснуў курок. Снарад разарваўся ў садзе, не далятаючы да хаты на мэтраў дзесяць. Навокал амаль ня было стральбы. Усе зацiкавiлiся выбухам у садзе. - Эх, партач ты, калега, - скрывiў тоўстыя вусны Кiцынскi. - Сам ты партач! Не бачыш, што задалёка? Як хутка выявiлася, шчасьце было ў тым, што "п'ят" не дасягнуў хаткi. Адно сьцiхла рэха выбуху, як з хаты выбегла нейкая фiгура ў "батледрэсе" i, махаючы стрэльбай над галавой, крычала: - Не стра-а-а-а-ляць, вы там, скуррр-чы сыны! - То нашы там! - усхапiўся капрал. - Мусiць, - схамянуўся Сымон. - Пся крэў, матка Боская Чэнстахоўская, вось дык было-б! - перапалохаўся Кiцынскi. - Хто тут страляў?! - прыбег, засопшыся, з левага крыла камандзер роты. Пытаюся, хто тут стрэлiў цяпер у гэну хату? Усе навокал маўчалi. Капiтанаў зрок затрымаўся на "п'яце" й акопчыку, дзе сядзела тройка вiноўных. - Пане капрал, вы бачылi, хто тут цяпер стрэлiў? Капрал адказаў не адразу. Уталопiўся зрокам у Сымона, быццам мяркуючы, што сказаць, i шукаючы парады ды вырашыўшы, што была й ягоная вiна, адказаў: - Не, не бачыў, пане капiтан. - Там пайшоў наш патруль, i маглi пакалечыць сваiх людзей. - Пане лейтанант, - накiнуўся ён на бягучага зь левага боку камандзера звязу, - чаму не загадалi вы сваiм людзям спынiць агонь? - Пане капiтан, то само сабой было зразумелым, што лiшняга... - Мусiць, ня ўсiм было зразумела. Ледзь сваiх людзей не пастралялi. Будзьце пры зьвязе й чакайце далейшых дыспазыцыяў, - кiнуў на адыход. Сымону прыгадаўся дваццаты патрон, што ў батальёне Мураўёва выстралiў пад час практыкаваньняў над Рэйнам i за якi адседзеў колькi гадзiн арыштаваны ў бункеры. "Мо трэба больш кiравацца развагай, а менш iмпульсамi", - мяркаваў юнак. IV Сантэрно засталося ззаду. Ад часу той пераправы дзелiць iх ужо пару дзён. Сямнаццаты батальён зноў iдзе ў наступ. Былi прыйшлi на зьмену iншыя, памаглi. Цяпер зноў iдзе iхняя чарга. Абы хутчэй дабiць i скончыць. Слабое дрыжыць, баронiцца рэшткамi сiл, крышыцца, раздрабняецца, разьлятаецца, а нешта з паднятымi рукамi, раненае й змучанае, перасочваецца на другi бок у палон. Вызвольныя армii iмкнуццца на поўнач. Нiкому ня ўдасца ўжо iх стрымаць, аж пакуль ня дойдуць да мэты. Мэтаю - руiна праектаванага вялiкага тысячагадовага Райху. Праекты засталiся марамi, заўзятасьць i вытрываласьць, падпёртыя людзкой зьверскасьцю й безагляднасьцю да ўсяго чужога, не змаглi пабудаваць супэрiмперыi, што праiснавала-б дэкаду, ня тое што тысячагодзьдзе. У вялiкай i шматнацыянальнай армii iдзе наперад сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады. Чаму якраз Львоўскай? Некалi й недзе паны стварылi яе, ахрысьцiўшы назовам чужога гораду. Мусiць, не дзеля чыстага сымбалiзму, а каб зьвязаць-замацаваць за сабой чужое, каб выставiць руку па яго i ў будучынi, так як выстаўлялi ў мiнулым. Дый ня толькi выставiць, але й прыгнесьцi ды прысвоiць...
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|