Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 25)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
Надвечар пакiнуўшы Анкону, калёна ехала цэлую ноч. Мiнула Пэсаро, Рымiнi, Форлi й павярнула ў бок на Брызыгэлю. Тут знаходзiлiся сямнаццаты й чатырнаццаты батальёны пяхотнай 6-й Львоўскай брыгады. Адзiн Караткевiч трапiў у чатырнаццаты батальён, уся рэшта сяброў - у сямнаццаты. Дзежка, Самароб i Чарнецкi былi прыдзеленыя ў другую роту, а Сымон, Лабун i Ялонскi - у чацьвёртую. Сымону не пашанцавала: ён адзiн трапiў у зьвяз "кар'ераў" роты. Для паiнфармаваньня чытача мусiм зьвярнуць увагу на "кар'ер". Слова гэтае, жыўцом узятае з ангельскае мовы, азначае "носьбiт". У войску "кар'ерам" называўся лёгкi панцырны, з адкрытым верхам, воз на гусенiцах. Апрача шафёра звычайна ў iм памяшчалася двое кулямётчыкаў i ставала месца на запас амунiцыi. Будучы хуткабежным i надта паваротлiвым, "кар'ер" ужываўся для перавозу амунiцыi на перадавыя пазыцыi, надаваўся на ўдарныя патрулi й наогул быў успамагальнай адзiнкай для пяхоты. Маючы такiя ўласьцiвасьцi, як вялiкую сiлу агню, хуткасьць i паваротлiвасьць, "кар'ер" часьценька выкарыстоўваўся ў пагонях за адступаючым працiўнiкам. У першыя днi побыту на фронце Сымону давялося пераканацца, што "кар'ер" служыў i iншым патрэбам, зусiм не прадугледжаным анi яго канструктарамi, анi камандзерамi. Адным з шафёраў чатырох "кар'ераў" у зьвязе бых звыш саракагадовы, чарнявы, сярэдняга росту, шыракаплечы Пранук Бонк. Стары жаўнер, узяты бальшавiкамi ў палон у 1939 годзе, перажыўшы шмат у Сiбiры, пасьля, прайшоўшы Сярэднi Ўсход i ваенную кампанiю ў Афрыцы, Пранук чуўся ў войску быццам дома. Меў усе прыкметы старога жаўнера: няшмат думаў, быў вясёлым, нiчым надта не клапацiўся й на вайне чуўся быццам той селянiн з касою на сенажацi. Гаварыў шмат, пераважна аб драбнiцах, вельмi любiў выпiць i пагуляць з жанчынамi. Вiна ў Iталii даволi было ўсюды, а тым больш пры фронце, дзе ў пакiнутых гаспадарках стаялi вялiкiя, напоўненыя вiном бочкi. Зьвяз "кар'ераў" чацьвёртае роты заняў пакiнутую iтальянцамi фэрму ў адлегласьцi 300-400 мэтраў ад нямецкiх перадавых пазыцыяў. Была раньняя вясна, навокал усё прыгожа зелянiлася. Трымалася залатая сонечная пагода. Неяк надвечар Пранук Бонк i ягоны сябра, званы Кашыбанда, вясёлыя вярнулiся ў хату, што служыла перадавым абаронным пунктам (ПАП). Iншыя то трымалi варту, то поркалiся каля зброi або кар'ераў. Пранук з самага пачатку трапiўся быў Сымону на вока як тып самага перасечнага польскага жаўнера. Ён часьценька любiў тое-сёе зацягнуць сваiм прапiтым хрыплаватым басам. Гэтак i цяпер, ужо амаль на зьмярканьнi, ззаду хаты мiж садовых дрэў заскрыпеў Пранукоў бас: ...наварыла майму Тонi макаронi, ого! макаронi, ого! Iтальяно. О-о-о макаронi. Нон капiрэ iтальяно, ого-о-о! Гэта пародыя на нейкую iтальянскую песьню пашыраная была па цэлай армii. Пранук з Кашыбандам ня вельмi ўжо роўным крокам прыблiжалiся ззаду да хаты. - Чаго ты гарлапанiш? - асьцярог падпiтага шафёра капрал, што сядзеў каля парогу. - Ты ведаеш што, пане капрал, - кiнуўся перад iм Пранук, - ведаеш, што мы знайшлi ў суседняй пунi? - Ну што? - Ого-о што! Ну, адгадай! - памог Кашыбанда. - Нямецкiя вошы? - жартаваў капрал. - От фраер! Вошы? Якiя там вошы, пане капрал! Цi-ж мы-б, на вошы паглядзеўшы, упiлiся? - Дык вы там пiлi? - Ня пiлi, пане капрал, але вось крышку пацягнулi, каб смагу прагнаць, вось што... - Вiдаць, што й казаць... Некалькi жаўнераў выйшла з хаты, прыблiзiлiся i тыя, што поркалiся каля кар'ераў, каб пачуць навiну. - Я вам кажу, пане капрал, - прадаўжаў Пранук, - вось такую, з гэтую хату, бочку вiна мы найшлi, дый не адну, вось што. Так, пане капрал, вось як... - Не жартуеш? - заблiшчэлi ў капрала вочы. - То надта добра. Але ты, браце, перш iдзi, дакладзi сяржанту, а пасьля аб вiне... - Ну, што там новага прынесьлi? - пытаўся Пранука й Кашыбанду сяржант Ядлецкi, седзячы пры стале й разглядаючы нейкiя паперы. - Пане сяржанце, усё добрае, - пачаў Пранук. - Ёсьць там хто ў той хаце? - Нiкога няма, пане сяржанце, толькi... - Толькi? - Нядаўна нехта там быў. - Як вы гэта ведаеце? - Сяржант устаў ад стала. - Нехта прастрэлiў вялiзную кадушку з вiном; такая вялiкая яна, што, можа, пяць тысяч лiтраў мае i больш чым напалавiну поўная. Дзюркi мы так-сяк пазаторквалi, але вiно ўцякае. Трэба было б... I тут Кашыбанда, дапамагаючы Бонку словамi, у якiх вычуваўся жаль п'янiцы, што ўцякае "боскi нэктар", лямантаваў, што трацiцца так цэнная й зусiм неабходная для жаўнерскага жыцьця вадкасьць. На ягоную думку, варта было-б перашкодзiць поўнай катастрофе - пад'ехаць туды на "кар'еры" i напоўнiць пару бочак вiном. III Хата, аб якой была мова, знаходзiлася на правым флянгу ад пункта зьвяза "кар'ераў", нейкiх мэтраў за дзьвесьце ўзад. Яшчэ раней сяржант выслаў Бонка й Кашыбанду ў гэны бок на разьведку й вось цяпер атрымаў такi рапарт. Разьведчыкi даводзiлi, што немцаў нiдзе ня бачылi, што вiно было сярэдняй моцы й добрай якасьцi, хоць i "б'янко" (белае), ды што яны ўжо зусiм нядрэнна, паспрабавалi. У гэтым апошнiм сяржант Ядлецкi ня меў сумлеваў, добра ведаючы ўсiх людзей свайго зьвязу, зь якiмi зжыўся на працягу вайны, за выняткам хiба новага Сымона. - Што-ж... Як хочаце, дык пад'едзьце. Толькi не цяпер, а як сьцямнее. Ды ўважайце, каб пацiхеньку, каб часамi не папасьцiся. Гэтага толькi й трэба было. Два разы не давялося паўтараць. Хутка на адным, звольненым ад амунiцыi й зброi "кар'еры" зьявiлiся дзве пустыя бочкi й лейкi, знойдзеныя тут-жа, на месцы. Чатыры чалавекi, у тым лiку й Сымон, якога папрасiлi дапамагчы ў такой важнай апэрацыi, ледзь маглi дачакацца цямна. Ноч была цiхая й цёмная. У шматллiкiх месцах фронт гудзеў перастрэламi. З польскага боку адзывалiся "брэны", а з нямецкага - "спандалы" (гэтак хаўруснiкi называлi нямецкiя кулямёты "машынгэвэр цвай унд фiрцыг" ад месца iх прадукцыi ў Спандаў каля Бэрлiну). Радзей шумелi ў паветры снарады зь мiнамётаў. Ня маючы дакладна вызначанай мэты, яны стралялiся адно з мэтай дакучаньня працiўнiку й атрымалi мянушку зводзячых. Па гладзенькай, вылажанай каменьнямi мiжхутарнай дарожцы несамавiта гудзеў гнаны Бонкам "кар'ер". - Павальней! Сьцiшы матор! - асьцерагаў шафёра адзiн зь ездакоў. - Надта-ж, халера, чуваць. Каб хаця швабы не аблажылi нас мiнамi. Ледзь пасьпеў перасьцерагчы, як непадалёк вялiкiм рэхам тарганулася начная цiшыня. Адна мiна, другая, трэцяя. Усе кулём пакацiлiся на зямлю. Пачакаўшы колькi часу, з поўначы прынесла яшчэ тры. - Пся крэў! Цi-ж яны не разумеюць, што не на баявое заданьне едзем?! - А чаго гонiш, як вар'ят! - Халерныя швабы! Дачакаецеся, сукiны сыны! - I як то нас так хутка абмацалi! - Усё ў парадку? Дык давайце далей. - Ты пад'едзь сам, а мы тут ужо трушком. - О'кэй! Мэта хутка была дасягнутая. Катастрофа ў трысьцене, дзе стаялi дзве велiзарныя бочкi, па тры мэтры вышынi й столькi ж у дыямэтры, была вялiкай. Вiно выцякала праз папрастрэльваныя дзiркi. Яно вышынёй на пядзю залiло ўжо цэлы трысьцен. - Пся крэў! То-ж мы заторкнулi. А Божа-ж каханы, столькi выцекла за гэты час. Як то магло стацца? - жалiўся Пранук Бонк. - Мусiць, мы слаба пазаторквалi, калi зноў пацякло, - паясьнiў Кашыбанда. - Вы самi, мусiць, не памятаеце, цi заторкнулi. Напiлiся, як бэлi, ды п'яныя назад папаўзьлi. - Не гавары-ж ты мне дурнiц. Як Бога кахаю, заторкнулi, - бажыўся, стукаючы кулаком у грудзi, нецьвярозы яшчэ шафёр. - Ну, добра. Давайце за працу! - скамандаваў капрал. - Ты, Спарыш, стой там на дварэ на варце, а мы самi справiмся. - Каго ты пасылаеш, такога зялёнага?! - Як то зялёнага? Варту ня ўмее трымаць? Дык чаго-ж тады на фронт прыехаў? Давайце за працу. Сымон з "томсанам" напагатове выйшаў на двор i, прыслухоўваючыся да адгалоскаў навокал, пiў зрокам цемру. У трысьцене тройка не марудзiла. Вiдаць было па iхнiх рухах, што аперацыю такую даводзiлася праводзiць не ў пяршыню. Кашыбанда вялiкiмi глыткамi сёрбаў з кожнага напоўненага вядра, а пасьля напаўняў бочкi празь лейку, зь якой аж цераз берагi цякло. За нейкае паўгадзiны абедзьве бочкi былi поўныя, добра заторкнутыя. Пасьля цяжкiх уздыханьняў, паценьняў, стагнаньняў i "псякрэваў" былi яны заладаваныя на "кар'ер". Да фэрмы, дзе стаяў зьвяз, "кар'ер" папоўз чарапахай. Матор чхаў, заiкаўся й душыўся пад цяжарам ладунку. Назаўтра Кашыбанда аднекуль прынёс скручаную мядзяную трубку й колькi пасудзiнаў - цэлы самагонны апарат. Разлажыўшы ў вялiкiм iтальянскiм камiнку малое вогнiшча, пачаў пераганяць вiно на сьпiрт. Сымон здагадаўся, назiраючы за працаю самагоншчыка, што той меў у гэтым прыдатным рамястве вялiкую практыку, крышку быў зьдзiўлены, што такая дзейнасьць адбываецца з дазволу сяржанта - шэфа зьвязу, што наогул нiхто таму не пярэчыў, што ўсе любiлi выпiць, i прыйшоў да выснаву, што ў такiх абставiнах было гэта зусiм нармальным. IV Зьвяз "кар'ераў" быў падзелены й высланы на старожу мастоў на невялiкiм канале - па чатыры чалавекi на кожны мост. Сымон з трыма iншымi трапiў на мост, адлеглы мо на паўкiлямэтра ад першага абарончага пункта. Канал бег паралельна да ракi Сэньё. Усе рэчкi, якiя да гэтага часу давялося бачыць Сымону, былi з абодвух бакоў абложаны высокiмi, мо на мэтраў шэсьць вышынi, процiпаводнымi насыпамi. Немцы, быццам тыя краты, павыкопвалi ў iх цэлыя лабiрынты акопаў i бункераў. Мелi адтуль добры нагляд над суседняй раўнiнай. Пры мосьце стаяла ангельская шасьцiфунтавая супрацьтанкавая гармата. Побач былi руiны мураванкi з падзiраўленымi снарадамi сьценамi й згарэлай страхой. У ёй кватаравалi брытанскiя артылерысты. Новапрыбылыя са зьвязу "кар'ераў" людзi двойкамi трымалi варту пры мосьце. "Кар'ер" свой i рэчы пакiнулi ў адлеглай на мэтраў дзьвесьце направа ад моста фэрме. Сымон зьдзiвiўся, убачыўшы на хутары цывiльных. Як выглядала, яны зусiм нармальна жылi, хоць мо ня зусiм нармальна гаспадарылi. Беручы пад увагу, што рака Сэньё й нямецкiя перадавыя пазiцыi былi адлеглымi не далей як на паўкiлямэтра, трэба было дзiвiцца сьмеласьцi iтальянцаў. Праўда, канал ня быў пярэдняй лiнiяй хаўрусьнiкаў. Наперадзе былi адзьдзелы пяхоты. Усё-ткi, калi-б пайшло на благое, калi-б разбушаваў артылерыйскi агонь, iтальянцы маглi-б пацярпець ня толькi маёмасьцю, але й жыцьцём. Немцы-ж ведалi, што войска з гэтага боку часта памяшчалася ў дамах цi iншых сялянскiх будынках. Жаўнеры неахвотна сядзелi пад голым небам, хiба ў выпадку крайняй патрэбы. Маючы пад бокам цывiльных, Сымон назiраў за iхным жыцьцём. Гэта быў вялiкi кантраст у параўнаньнi з жыхарамi паўдзённай Iталii. Зямля была ўраджайная, багатая садамi, вiнаградам. пшанiцаю, гароднiнай. Калi на поўднi ўсюды сьвяцiлася бяда, дык тут навет i цяпер, пад час вайны, - дастатак. Далiна По правiльна ўважалася сьвiрнам перанаселенай Iталii. Яе найлепш можна было-б прыраўнаць да вядомай ужо чытачам Эльзаскай раўнiны. Перастрэлка на фронце была слабая. Зь нямецкага боку актыўнасьць была мiнiмальная. Часамi прыляталi на паўдзённы бок мiны, радзей - артылерыйскiя снарады. Шмат зь iх ня дэтанавала. Факт гэты тлумачыўся тым, што ў нямецкiх фабрыках было шмат чужых i варожых немцам работнiкаў, якiя займалiся сабатажам. Людзей, такiм чынам, усьцераглi ад калецтва й сьмерцi. З боку хаўруснiкаў артылерыя была даволi актыўная. У кожны ясны й пагодны дзень над лiнiяй фронту бурчэў у паветры маленькi двухкрылы самалёт-разьведчык. Там артылерыйскi назiральнiк, звычайна афiцэр, дакладна сачыў за непрыяцелем i па радыё iнфармаваў артылерыйскiя пазыцыi. Немцы баялiся ўдзень выкарыстоўваць сваю старанна замаскаваную цяжэйшую артылерыю, трывожачыся, каб двухкрылы назiральнiк не асачыў яе. На другi дзень, калi Сымон i Кашыбанда вярнулiся з варты, стары iтальянец выйшаў з хаты й папрасiў iх на спагэцi. - Прэго, сiньёры, прэго! Манджарэ спагэцi, - цягнуў нiзенькi чарнявы гаспадар у хату. - Аспэто! - затрымаў яго Кашыбанда. - Ты маеш ахвоту на спагэцi? - пытаўся Сымона. - Ня ведаю. Нiколi ня еў. Што гэта такое? - Нешта падобнае да макаронаў, толькi надта даўгое й круглае. Хадзi, зараз пабачыш. За даўгаватым сталом сядзела ўжо цэлая сям'я - матка, дзьве дачкi й дзяцюк. Адна дачка была ў дваццатых гадох - чарнявая, круглаватая, вельмi прыгожая, iншая - падлетак. Побач старэйшай сядзеў дзяцюк. Калi селянiн прывёў двух жаўнераў, гаспадыня, быццам тая квактуха, усхапiлася й забегала па хаце. Каля печы наладавала дзьве талеркi горбамi спагэцi, якiя зараз-жа апынулiся на стале перад гасьцямi. - Прэго, прэго! - паказваў гаспадар на крэслы. Хлопцы селi. Сымон прыглядаўся да залiтых памiдоравым соўсам, пахучых спагэцi, што тоненькiмi сувоямi расплылiся па талерках. "Як-жа iх есьцi гэткiм вiдэльцам?" - думаў юнак, сочачы за iншымi. Iтальянцы чаплялi на канцы вiдэльцаў па колькi столак тоненькiх спагэцi, пасьля паволi круцiлi цаўямi, аж пакуль не нарасталi на iх тоўсьценькiя клубкi, якiя паважна несьлi ў раты й спажывалi. Кашыбанда бязь лiшнiх слоў узяўся за яду. Зусiм нядрэнна даваў сабе раду. Адно ў Сымона чырванаватыя й сьлiзкiя, быццам тыя чэрвi, спагэцi нiяк не хацелi накручвацца й трымацца. Як нi стараўся, вiдэлец заставаўся пусты. Мяркаваў, што цi ня лепш было-б пасеч iх на кавалкi, каб былi карацейшыя, ды пасьля ўжо, неяк падчапiўшы, у рот данесьцi. Хлапцу было вельмi нязручна, тым больш што iтальянцы прыглядалiся да ягонай бяздарнасьцi. З процiлеглага боку стала сьвяцiлiся, здавалася, зь лёгкай усьмешкай, цёмныя й прывабныя прамянiстыя вочы. Сымону раней ня было калi ўважней прыгледзецца да гэтай прыгожай дзяўчыны. Цяпер-жа, седзячы зусiм насупраць яе цераз стол, адчуваў, як нешта заказытала ў ягоных грудзях пад зялёным "батледрэсам". Сачыў за ёю больш, чымся за ейным суседам. Чамусьцi здалося яму, што дзяцюк гэты мае на дзяўчыну нейкае права, пэўна-ж, ён не брат, бо неяк i не па-брацку сядзеў побач, i беларус ужо падсьведама пачаў зайздросьцiць яму, а можа, й ня любiць iтальянца. Са спагэцi нiчога ня выходзiла. Дзяўчына, заўважыўшы хлапцову нязручнасьць, перапрасiла, падсунула ягоную талерку на сярэдзiну стала, узяла вiдэлец i спрактыкаванаю рукою накруцiла на яе вялiкi клубок. - Грац'я, - адказаў зьбянтэжаны хлапец i аж крыху пачырванеў, стараючыся нешта дагледзiць у цёмна-прамянiстых вачах. - Ваша дачка? - запытаўся ён, пасьмялеўшы, у селянiна. - Дзьве дачкi, - адказаў, выцершы рукою вусны, iтальянец. - А гэта Джузэпэ - нарачоны Анджэлiны. Сымон столькi ведаў iтальянскай мовы, што зразумеў. - Нарачоны? Дык скора вясельле будзе? - Пасьля вайны, як скончыцца вайна, - пасьпяшыла на дапамогу мацi. Кавалер паглядзеў на Анджэлiну, быццам на якi ласы кавалак. У тым паглядзе свяцiлася нецярплiвасьць няведама якога доўгага чаканьня й няпзўнасьць адносна няведамага канца вайны. - Але-ж якi вы бляндын! Якiя прыгожыя маеце блёнд валасы! - выказала сваё зьдзiўленьне, гледзячы на Сымонаў чуб, Анджэлiна. - А ў вас, iтальянцаў, няма бляндынаў? - Ёсьць, - усьмiхнулася дзяўчына, - толькi маляваныя. - Ты ведаеш, браце, - сказаў да Сымона, канчаючы свае спагэцi, Кашыбанда, - хутчэй мы iхныя ўсе бочкi асушым, чымся ў iх вырасьце бляндын. Як Бога кахаю. Пасьля гэтага, не зважаючы на iншых, налiў са шклянога графiна шклянку "б'янка" й вялiкiмi глыткамi прапаласкаў спагэцi. - Мольто грац'я, сiньёры, - дзякаваў, устаючы, Кашыбанда, а за iм пасьпяшыў i Сымон. - Спагэцi мольто боно. - Прэго, сiньёры, прэго, - падняўся з крэсла гаспадар. - Арывiдэрчы, - разьвiталiся жаўнеры й пайшлi вылежвацца на сонцы. V Прыйшоў загад у зьвяз "кар'ераў" даць пяць чалавек на падмацаваньне перадавога абароннага пункту (ПАП) на левым флянгу роты. У лiк вызначаных трапiў i Сымон. - Запрагай каня! - крычалi Прануку жаўнеры. - Конь запрэжаны. Сядайце! Хочаце, дык да самых швабскiх бункераў давязу. Пранук Бонк, як i заўсёды, быў падпiты. Калi ўсе ўселiся, пусьцiў у рух матор i, ад'ехаўшы з паўкiлямэтра назад, разагнаў борзды "кар'ер" на поўную хуткасьць. Густы пыл курыў па польнай жвiровай дарожцы. Праехаўшы мо кiлямэтр на захад, зусiм не зьмяншаючы хуткасьцi, крутой дугой павярнуў направа. Мясцовасьць была тут больш узвышаная, i, прыгледзеўшыся ўважней, льга было спасьцерагчы воддаль насып над Сэньё. Пяцёрка сядзела на "кар'еры", выпрастаўшыся на поўны рост. Раптам зь нямецкага боку праз гул матора пачулася густая траскатня аўтаматычнай зброi. "Кар'ер" умiг спынiўся, а ездакi, быццам тыя галовы качаноў, пакацiлiся ў бочную канаву. - Ты, вар'яце! - крычаў нехта. - Чаго ты прэш? З глузду зьехаў? - Як то - чаго прэш? Чым вальней, тым iм лягчэй узяць на прыцэл. - Усе цэлыя? У адказ зь нямецкага боку пачуўся працяжны й дэмаралiзуючы рогат "спандаву", а кулi завiшчэлi навокал пустога "кар'ера". Шасьцёрка яшчэ мацней прылiпла да зямлi няглыбокай прыдарожнай канавы. Ясна было, што немцы добра асачылi "кар'ер". - Давайце паўзём на гэну руiну. Чакайце яшчэ, забярэм рэчы з воза! Мэтраў дваццаць налева ад дарогi тырчаў мураваны шкiлет фермы. Да ПАП было ўжо недалёка, але "кар'ерам" неяк было далей ехаць. Трэба было перачакаць агонь. - Ты, Пранук, перачакай тут, пакуль спынiцца агонь, ды давай назад, а мы ўжо дойдзем, - загадаў Бонку яфрэйтар. - О'кэй, давайце. Яфрэйтар асьцярожна ўспоўз ззаду на "кар'ер" i па хвiлiне пачаў адтуль шпурляць клункамi й зброяй у канаву. - Бярыце ды паўзiце за гэныя сьцены. Лiшнiм было паўтараць. Хуткiмi перабежкамi пяцёрка неўзабаве апынулася за сьцяной разьбiтага дому. Усьпелi ў добры час. Адно прыселi за сьцяной, як паблiзу скалатнулася зямля, i колькi чарговых артылерыйскiх снарадаў падняло ўверх стаўбуры мяккай чорнай зямлi. - Скурррррр... сыны! - лаяўся адзiн з тых, што схавалiся. Спрактыкаванае вока магло ацанiць, што немцы ўстрэльвалiся ў "кар'ер". Пасьля двух снарадаў па баках i аднаго ззаду цяпер мусiў прыляцець наступны, якi меў папасьцi ў мэту. Гэтак звычайна артылерыст трапляў у малы нярухомы аб'ект чацьвёртым снарадам, а больш спрактыкаваны мог рызыкнуць i трэцiм. Чацьвёрты не трапiў. Выкапаў вялiкую яму мэтры два сьпераду "кар'ера" i абкiдаў зямлёю ды асколкамi машыну й канаву. Пяцёрка з-за сьцяны прыглядалася з затоеным дыханьнем. Цiкавiлiся, цi паранены быў Пранук, што застаўся ляжаць у канаўцы побач возу. Як быццам у адказ iм, з канавы найперш паднялася Пранукова галава, а пасьля й тулава. Хуткiм крокам скочыў на "кар'ер", мяркуючы, мусiць, што хутка запозна будзе ратаваць. Ня ўсьпеў ускарабкацца, як зь нямецкага боку зарагатаў "спандаў". Пранук уздрыгнуў, застагнаў, i бязладнае цела звалiлася перад гусенiцамi сьпераду. - Пранук! Пранук! - крычаў У адказ пачуўся ледзь чутны стогн. - Пся косьць, на чорта яму той воз, чаму не ляжаў! - камэнтаваў адзiн за сьцяной. Яфрэйтар маланкай перабег ад сьцяны да "кар'еру". Прылёг i памацаў рукою параненага. Пасьля колькiх хвiлiнаў ён iрвануў назад, i амаль у той самы момант, як дабягаў да сьцяны, снарад шарпануў па "кар'еры", якi ўмiг ахапiла полымя й дым. Тыя, што хавалiся за сьцяной, ужо ня мелi патрэбы пытацца, цi жыве Пранук Бонк. - Пся крэў! Скурр... сыны! - вылаяўся зноў яфрэйтар. - Давайце наперад, бо зараз i па нас зачнуць! Пяцёрка трушком i перабежкамi кiнулася наперад. З гэтага боку адазвалiся гарматы й мiнамёты. Дрыжала й калыхалася залатое вясеньняе, напоўненае смяротнымi зыкамi паветра. VI Асноваю перадавога абароннага пункту, куды зьявiлася пяцёрка, была вялiкая мураваная хата. Вокны з паўночнага боку былi пазакладаныя мяшкамi зь пяском. У кутах мура павыбiваныя былi адтулiны дастатняй вялiчынi, каб наглядаць поле абстрэлу. Зь iх тырчэлi цёмна-шэрыя рулi цяжкiх кулямётаў браўнiнгаў. Два былi на першым, а адзiн - на другiм паверсе. Нанач варта ўзмацнялася - адзiн трымаў старожу ззаду хаты, а другi - на першым паверсе дома сьпераду. Узброеныя былi ручнымi аўтаматамi "томсанамi". Камандзерам ПАП-у быў сухi ў твары, высокi й тонкi. у трыццатых гадох зьвязовы падхаронжы. Меў дванаццаць чалавек пад сваёй камандай. Ззаду хаты, на мэтраў пяцьдзесят воддаль, стаяў пусты хлеў i сьвiран, побач яго - абрэзаны навокал даволi тонкi ўжо, але высокi стог саломы. Гэты ПАП больш быў умацаваны, чымся суседнiя. Рака Сэньё рабiла тут дугу, й нямецкiя пазiцыi больш былi высунутымi ў глыб польскае лiнii, чымся ў iншых месцах. Да варожых пазыцыяў было адсюль каля трох сотняў мэтраў. З паўночнага боку хаты, зараз каля яе, раўналегла да абароннае лiнii бегла мiжхутарная дарога. Цяпер яна ня ўжывалася. Адно начамi хадзiлi па ёй патрулi. Згодна зь iхнымi апавяданьнямi, немцы часта падкрадалiся да самых польскiх пазыцыяў. Ночы былi найбольш небясьпечныя. Удзень абодва бакi абмяжоўвалiся лёгкiмi перастрэлкамi зь мiнамётаў, аўтаматычнай ручной зброi й зусiм рэдка з артылерыi. Яфрэйтар адрапартаваў камандзеру ПАП-у аб зьнiшчэньнi немцамi "кар'ера" й сьмерцi Пранука Бонка. Гэта была адно фармальнасьць, бо раней яшчэ данесьлi камандзеру ягоныя-ж людзi, што сачылi за ўсiм выпадкам. Тэлефанiчна камандзер зьвязаўся з ротным, якому перадаў няпрыемную навiну. Пасьля зьмярканьня рэшткi Пранука Бонка былi прыбраныя з дарогi людзьмi з санiтарнае часьцi. Сымонаў твар разьяснеў шчырай, ветлiвай усьмешкай, калi ўбачыў Аляксандра Лабуна. Гэта быў, апрача яго, адзiн беларус на ПАП. Сябры моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi. - Здароў, брат, здароў. Сьцiпла называю цябе братам, але ты мне даражэйшы цяпер, як брат, - трос рукой Сымон. - Такiх мiлых гасьцей чымся пабольш. Ведаеш, як мне аднаму сярод чужых надакучыла. - Што й гаварыць. - Як-жа ты ўцалеў? "Кар'ер" ваш немцы разьбiлi. - Жартуеш? Такога загартаванага ваяку, як я, i кулi ўжо не бяруць. - Ня вер тым кулям, бо яшчэ, чаго добрага... - Ускочылi былi за сьцяну руiнаў. Толькi бядака-шафёр папаўся, бо хацеў з "кар'ерам" - наўцёкi. "Спандавам" зрэзалi. - Сукiны каты! - Вам добра дакучаюць тут? - Гэта месца даволi небясьпечнае, асаблiва ўночы. Як быццам на запярэчаньне гэтаму колькi мiн тузанула паветрам. Адна ўпала блiзка хлява, але не дэтанавала. - Гэй, там! - пачулася з хаты. - Чаго пасталi, як разiнькi сярод панадворку?! Бяжыце ў хату або трымайцеся блiжэй сьцяны! Два беларусы падыйшлi й селi ля кучы зь пяском каля самай сьцяны. - Ну, як ты? Ужо прывык да фронту? - пытаўся Лабун. - Ведаеш, братка, спачатку было страшнавата. Быў-жа чалавек ужо ня раз пад абстрэлам i на фронце - сам ведаеш. Але кожны новы раз, якi-б ты стары жаўнер ня быў, калi трапiш пад агонь, то нанава прывыкай. Здаецца, што ўсе кулi лятуць у тваiм кiрунку й абавязкова ў цябе трапяць. - А тая, што мае трапiць, дык так неспадзявана бзыкне, што й не агледзiшся. - У тым-то й сук. Толькi пасьля ўжо чалавек звыкне, што цi кулi сьвiшчуць, цi чмялi гудуць - усё роўна. - Кажы, што дзе новага. Бачыў каго з нашых цi чуў мо? - Не, братка, нiкагусенькi, - адказаў Сымон. - А ты? - Бачыў на днях Дзежку. Казаў, што ўсе нашы цэлыя й здаровыя. Як i раней, ня страцiў гумару. - Ага, вось маю i я навiну. - Ну? - Не так даўно, тыдзень мо таму назад, чытаў я ў дывiзiйнай газэтцы разьдзел пошукаў Чырвонага Крыжа. I ведаеш, каго напаткаў? - Каго-ж? - Мiкула Мар'ян шукае брата Вiталiя Мiкулу. - Мар'ян Мiкула? - Так. - Выглядае, што капiтан Мiкула меў брата. - Мусiць. - I што ты зрабiў? - Ну, што-ж мог... напiсаў у Чырвоны Крыж, што ягоны брат Вiталi быў, ведаеш, у БКА, пасьля ў трыццатай, ды што быў немцамi арыштаваны й, падобна, застрэлены. - Адказу яшчэ не атрымаў? - Ня было-ж калi. - Цiкава. Мы й ня ведалi, што Мiкула меў брата ды яшчэ ў польскай армii. - Ды яшчэ маёра. - Так? - Гэтак падаваўся ў пошуках. - Гм. Ён табе, напэўна, яшчэ раз напiша. Думаю, варта было-б паiнфармаваць яго дакладна, што ведаеш аб капiтану Мiкуле i што ён, ягоны брат, павiнен толькi ганарыцца Вiталем. Гэта быў адзiн з гэрояў нашага народу. Кажу "быў"... Хто ведае, мо яшчэ жыве... - Хадзiлi чуткi, што зьлiквiдавалi яго ў Дахаў. - Сам Бог ведае. I сапраўды за нейкi тыдзень пазьней Сымон Спарыш атрымаў ад маёра Мiкулы лiст, дзе той, пiшучы па-польску, распытваўся пра брата й прасiў, каб Сымон напiсаў усё-ўсенька, хаця-б найменш важнае, што ведае. Сымон напiсаў другi лiст на беларускай мове. У цёплых словах адлюстраваў усё яму ведамае адносна былога свайго камандзера, пачынаючы ад Менску й канчаючы Эльзасам ды пераходамi беларусаў да макiсаў. Што да далейшага лёсу шэфа штаба БКА, хлапец адно мяркаваў, бо й сам ня ведае напэўна, цi капiтан быў зьлiквiдаваны немцамi ў Дахаў. На другi лiст адказу не атрымаў. VII Пяшчотна-цёплае вясеньняе сонейка вяртала прыродзе жыцьцёвыя сiлы. Навокал абароннага пункту пачыналi зелянець сады й вiнаграднiкi, усьмiхалiся краскi. Травiца зарастала й пакрывала зеленьню сляды танкаў i "кар'ераў", няглыбокiя канаўкi ад мiнаў i снарадаў. Парваная, патаптаная, парэзаная зямля, як магла, лячыла ваенныя раны. Густым зялёным дываном буйнела на палях азiмiна. Ад ПАП у кiрунку нямецкiх умацаваньняў на насыпе ракi Сэньё роўнымi шэрагамi апраналiся ў лiсточкi яблынi, грушы й вiнаграднiк. Птушкi, часта палоханыя ўзрывамi й перастрэлкаю, маўклiва таiлiся ў садох, а то i ўцякалi ад фронту, каб у бясьпечнейшых месцах будаваць гнёзды. На гэтак званай нiчыёй зямлi - паласой мiж нямецкiмi й хаўрусьнiцкiмi абароннымi пазыцыямi - зелень дрэваў мела ўплыў на павышэньне двухбаковай актыўнасьцi патрулёў. Пад аховай зеленi людзi падпаўзалi зусiм блiзка да ўмацаваньняў працiўнiка. Вартавыя напружвалi зрок, сачылi за рухам кожнае галiнкi, каб у час спасьцерагчы ворага й не дапусьцiць яго за мяжу небясьпечнае лiнii. У адзiн з такiх прыгожых вясеньнiх дзён на панадворку фэрмы сядзела група жаўнераў. Бальшыня была разьдзетая вышэй паясьнiцаў i старалася здабыць першы вясеньнi загар. Чацьвёра зь iх, седзячы на траве на разасланых коцах, крокаў за восем ад задняе сьцяны дома, гулялi ў карты. Адзiн выпыльваў коц. Сымон прымасьцiўся на старым крэсле пад сьцяною каля дзьвярэй i штосьцi чытаў. Лабун стаяў побач карцёжнiкаў. Было цiха й цёпла. То з аднаго, то з другога боку адклiкаўся фронт. Мiны капалi на палях i агародах новыя канаўкi. Адна такая мiна раптам разарвалася крокi за два ад карцёжнiкаў i блiзка чалавека, што выпыльваў коц. Цэлая група здаровых i дужых людзей за iмгненьне да гэтага раптам замянiлася ў акрываўленых калекаў. Рэзультат быў настуюны: Аднаму карцёжнiку, што ляжаў на левым баку ды, выставiўшы ўверх рукi, трымаў карты, адарвала тры галоўныя пальцы правае рукi. Вiселi яны на перасечанай амаль напалову далонi, што ператварылася ў акрываўлены кавалак мяса. Другому карцёжнiку, што сядзеў задам да месца ўзрыву, асколак патузаў правае плячо. Трэцяму кавалак, жалеза зашыўся ў мякаць правага бока. Аляксандру Лабуну два маленькiя кавалачкi гарачай сталi трапiлi ў нiжнюю шчаку. Кроў тоненькiмi нiтачкамi сачылася па шыi. Чалавека, якi, трымаючы абедзьвюма рукамi за рагi, выпыльваў коц, нейкiм цудам жалеза мiнула. Адно ў руках з тоўстага суконнага коца засталiся падзюраўленыя, быццам сiта, абрыўкi. Сымону, што сядзеў найдалей ад месца дэтанацыi, нешта балюча ляпнула па цеменi на пальцы чатыры ўверх ад левага вуха. Ён памацаў мiж густых валасоў маленькi гузячок, прыцiснуў яго, зiрнуў на плямку крывi на пальцы i пераканаўшыся, што косьць была непашкоджаная i што пад скураю ня было асколку, прыглядаўся суматосе сярод параненых. На панадворку паднялiся енкi. З хаты выбеглi жаўнеры. Раненыя хутка так-сяк былi перавязаныя, а выклiканая тэлефонам санiтарная машына забрала чатырох на пункт першае дапамогi. Ужо на зьмярканьнi Аляксандр Лабун вярнуўся назад з аблепленай бандажом нiжняй часткай левай шчакi. Тры раненыя засталiся ў шпiталi. Мiна, мо адна з тысячы такiх, выпушчаных працiўнiкам, гэтым разам знайшла здабычу. ПАП паслабеў на трох чалавек. Таго самага вечара камандзер ПАП забаранiў жаўнерам бяз службовай патрэбы выходзiць па-за сьцены ўмацаванага будынку. VIII На другую ноч пасьля вышэйапiсанага выпадку, каля дзесятае гадзiны, Сымон стаяў на варце. Меў загад перш страляць, а пасьля ўжо распытвацца, хто й што. Сымонаў пост быў пры паўдзённа-ўсходнiм куце хаты. Сядзеў у сярэдзiне высокай, паўколам вылажанай гурбы мяшкоў з пяском. Адно шлем i вочы тырчэлi над краем. Перад носам - заладаваны скарастрэл "томсан", а побач яго - паўдзесятка гранатаў. Спевы конiкаў часта заглушалiся водгульлем ад выбухаў снарадаў i мiн. На правым фланзе, ад польскiх пазыцыяў на ўсход, кожную ноч амаль бесьперапынна гучала сымфонiя гармат. Там былi пазыцыi жыдоўскай брыгады, створанай з уцекачоў з розных краiнаў Эўропы. Адносна гэтага адзьдзелу хадзiлi мiж жаўнерскае масы розныя сьмешныя анэкдоты. Тэмай бальшынi была прыказкавая баязьлiвасьць нашчадкаў Аўраама. Якраз яна, як тлумачылi суседзi па фронце, спрычынялася да бесьперапыннай начной стральбы на жыдоўскiм адрэзку. Стралялi не таму, што немцы iх атакавалi, цi таму, што адрэзак iх быў найбольш важным i небясьпечным, а, як казалi, таму, што старалiся дэмаралiзаваць i палохаць працiўнiка згодна старой адносна iх прыказкi: "жыда ня б'юць яшчэ, а ён ужо крычыць". Гэтак i цяпер: жыдоўскi адрэзак захлынаўся агнём, хаця суседнiя хаўрусьнiцкiя адзьдзелы абмяжоўвалiся адно самай неабходнай перастрэлкай. Дзесь недалёка на захад i крышку наперад у нямецкi бок крычалi iндыкi. Сымону давялося раней чуць, што iндычыны гоман даносiўся з пакiнутай птушынай фэрмы, якая апынулася на нiчыёй тэрыторыi. Птушкi, трывожаныя стрэламi, а то й патрулямi, праводзiлi неспакойныя ночы. На фэрму часьценька заглядалi патрулi з абодвух бакоў, i пасьля кожнага такога вiзiту сям'я iндыкоў зьмяншалася. Бывала, што варожыя патрулi там сустракалiся. Месца было вельмi небясьпечнае. Паводле апавяданьняў, на мiнулым тыднi капрал зь iншай польскай роты, што са сваiм пяцiасабовым патрулём заглянуў на фэрму ўночы (быццам службова, але фактычна таму, каб наладаваць мяшок птушкамi), застрэлiў чатырох немцаў.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|