Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 20)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
VI Чытач, якi знаёмы з абставiнамi жыцьця прыгнечаных беларускiх сялян пад польскай акупацыяй, што мо на сваёй скуры перажыў панскае панаваньне, добра павiнен ведаць мэтады гаспадараньня польскiх паноў i асаднiкаў ды адмiнiстрацыi ў прамежку мiж Першай i Другой сусьветнымi войнамi. Цi-ж льга забыцца ўсю тую смуту, застрашваньне, эксплуатацыю й панiжэньне, якiя былi спадарожнiкамi польскiх акупантаў? I хiба-ж чытач не сьмяяўся-б, калi-б мы спрабавалi вобразна паказаць, як наш малады гэрой сам усьвядомiўся сацыяльна й нацыянальна? Гэткiх рэчаў ня было й быць не магло. Поўнае сацыяльнае й нацыянальнае ўсьведамленьне магло прыйсьцi адно збоку. Дапамогай была беларуская школа, царква, свае гурткi, арганiзацыi. Толькi яны маглi паказаць беларусам дарогу зь цямнiцы, у якую заперлi палякi. Але цi-ж пачне хто цьвердзiць, што беларусы былi поўнасьцю нясьведамыя навет пры адсутнасьцi сваiх школ, сьвятыняў i грамадзкiх iнстытуцыяў? Школы й гурткi свае былi-ж зараз пасьля вайны, калi народ пачаў быў будаваць незалежную дзяржаву. Адно ўжо пасьля палякi iх паступова зьлiквiдавалi. Старэйшыя ўсё гэта помнiлi. I калi часам некаторыя не маглi выказацца, якой яны нацыянальнасьцi, а паводле веравызнаньняў дзялiлi сябе на "рускiх" i "польскiх", то ўсё-ж поўнасьцю ведалi адно, што яны былi "тутэйшымi", значыцца, гаспадарамi, а ўсё, што было ў школе, царкве цi касьцёле, - гэта чужое, прынесенае тымi, што запрэглi iх у ярмо. Эканамiчныя, палiтычныя й духоўныя эксплуататары беларусаў былi вечным аб'ектам iх насьмешак, казак i жартаў. Расейскi поп, польскi ксёндз i пан былi, як правiла, асноўнымi гэроямi насьмешлiвых i кусьлiвых жартаў, што нязьлiчонай колькасьцю кружылi ў народзе. У тых насмешках, жартах i казках народ знайшоў найлепшую зброю супраць акупантаў. На iх узгадоўвалiся й бедныя сялянскiя дзеткi й моладзь, бо ведама-ж, што людзi ў маладым веку найбольш цiкавяцца казкамi й анэкдотамi. Гэта была мо адна страва, якой пакрыўджаны народ кармiў i ўзгадоўваў маладое пакаленьне й якую не маглi забаранiць нi польскiя ксяндзы цi паны, нi верныя Маскве папы. Стары Спарыш ведаў, што ён беларус, хоць, як i прыгнятальная бальшыня iншых, спалучаў нацыянальнасьць з праваслаўнай рэлiгiяй. Першы раз пачуў Сымон слова "беларус" пры перапiсе насельнiцтва. Было яму тады гадоў каля васьмi. Хоць i не распытваў пасьля бацьку, што гэта такое тое "беларус", па-свойму запамятаў i вытлумачыў. Аднойчы давялося яму ў суседняга вясковага доктара-самавука заўважыць на сьцяне адрыўны каляндар, пiсаны лацiнкай. Вучаны ў польскай школе хлапец ня ведаў, навошта ў слове "чацвер" над абодвума, пiсанымi лацiнкай "ц" стаялi нейкiя птушкi, й прачытаў цэлае слова не "чацвер", а "цяцьвер". Толькi пасьля ўдалося распытацца доктаравага сына, свайго аднагодка, што гэта быў беларускi каляндар, якi бацька дастаў зь Вiльнi. Самi палякi былi сваймi магiльшчыкамi ў акупаванай Заходняй Беларусi, калi сваю апрычонасьць ад мясцовага насельнiцтва й быццам "лепшасьць" i "вышэйшасьць" выказвалi ня добрай гаспадаркай, навукай i паляпшэньнем дабрабыту насельнiцтва, а вечным, штодзённым вытыканьнем беларусам iхняга невуцтва, цемнаты, бяды й прымiтыўнае адсталасьцi. Народ, загнаны на дно матэрыяльнай галечы, ведаў, на каго паказваць пальцам, як на вiноўнiка. У паноў ляжалi тысячы гактараў слабавыкарыстоўванае зямлi, асаднiкi абразалi хутары й вузкiя палоскi, а селянiн беларускi часта-густа душыўся на пары гактарах самае неўрадлiвае зямлi, а то й зусiм быў безьзямельным ды цягнуў бяду батраком, працуючы на пана цi асаднiка. Не дарма-ж людзi вечна сварылiся й судзiлiся за зямлю, а судовы акупацыйны апарат выцягваў зь iх апошнi цяжка зароблены грош. Нiчога не ўтрывалiлася так у Сымонавай памяцi, як справа зь сярнiчкамi. Прадукцыя сернiкоў была ў руках манаполю. Навет на бензiнныя запальнiчкi трэба было мець дазвол, за якi салёна плацiлася. Пачка-ж сернiкоў каштавала восем грошаў. Калi параўнаць, што мужчыны пры касьбе цi жанчыны пры жнiве зараблялi ў сярэднiм ня больш за паўтара злотага, а дзесятак яек пад вясну каштаваў каля сарака грошаў, выходзiла, што сернiкi былi надзвычайна дарагiмi. Каб ашчадней было, сяляне звычайна шчапалi сярнiк на дзве, а то й на чатыры часьцi. Прыгадваў Сымон, як мацi, скончыўшы страву ранiцою, зграбала ў кучку гарачыя вугалькi ў печы, каб захаваць прысак на распалку вечарам. Здаралася-ж, што й ня было чым у хаце дроў у печы цi лямпы запалiць. - Бяжы, сынок, да Антанiны, папрасi пару вугалькоў, каб печ распалiць, прасiла хлопца мацi, - а калi няма, то няхай сернiкоў зь пяток пазыча. Прынесеную хлапцом пазычаную запалку намагалася мацi найперш падзялiць вострым нажом на колькi частак. Часьценька не ўдавалася. Найцяжэй было з галоўкаю серкi, што часта пры расшчэплiваньнi зусiм адпадала ад дрэва. Сымон нiколi не забыўся, як цяжка пры гзтым уздыхала мацi: - Божа-ж ты мой, от-жа якое лiха. I не ўдалося. Кажуць - дзе каротка, там iрвецца. Сьпяшыў назаўтра Сымон зь дзесяткам яек у мястэчка. Свая сям'я бачыла яйкi на стале адно на Вялiкдзень цi пры цяжкiх летнiх працах. Збыўшы тавар, вяртаўся дахаты хлапец з новым запасам сернiкоў, а мацi зноў старалася кожную штуку падзялiць на чатыры. Усе малыя дзецi цiкавяцца рознымi машынамi. Малы Спарыш любiў цягнiкi, аўтамабiлi й самалёты. Першых нагледзеўся ўволю, бо чыгунка прабягала каля вёскi. Горш было з аўтамашынамi. Хаця вёска ляжала пры галоўнай дарозе, яны праходзiлi там надта рэдка. Бывала, спасьцеражэ хлапец на дарозе вялiкi клуб пылу i - адкуль возьмуцца тыя ногi - прэ, задыхаўшыся й адвесiўшы язык, каб хаця-ж усьпець прыгледзецца зблiзку. Звычанна ехаў гэта з адлеглага на восем кiлямэтраў маёнтку пан Сьлiвiнскi. "Якi-ж бы я быў шчаслiвы, - думаў Сымон, калi-б гэны пан спынiўся хоць на мiнутку й дазволiў прыгледзецца да самаходу, а мо й дакрануцца да яго". Колькi чуў хлапец пра магутнасьць польскае дзяржавы, колькi наслухаўся ад настаўнiцы гiсторыi апавяданьняў аб польскiм гэройстве ў мiнулым, аб сiле Польшчы ў сучасным. Ад мясцовых панкоў i ўсякай адмiнiстрацыйнай дробязi чуў, што Польшча мае самую найсiльнейшую армiю ў Эўропе, што такой не маюць нi немцы, нi расейцы. Былi ў палякаў, паводле iх, i моцныя танкi й самалёты, i падводныя лодкi "Ожэл" i "Сэмп", i iншая зброя. - Няхай адно цяпер адважацца швабы цi кацапы ступiць на нашу польскую зямлю! - вымахвалi кулакамi панкi й падпанкi. - Не дамо нiводнага гузiка ад нашага польскага плашча. I хутка прыйшла нагода. У палякаў забралi ня толькi ўсе "гузiкi", але й сам "плашч". За два тыднi зьгiнула "вялiкая моцарствовая", якую паны так нядаўна манiлiся яшчэ разбудаваць "ад можа да можа". Польскi акупацыйны апарат, быццам тая пена, зьнiк зь беларускага цела, а маскоўская чырвань, дазволiўшы сялянам на парумесячную перадышку, хапiла iх за горла абцугамi калгаснае сiстэмы. Запоўнiлiся на станцыях гаротнiкамi-беларусамi цяплушкi-вагоны, i ўчора яшчэ прыгнятаны панамi беларускi селянiн ехаў сяньня ў Сiбiр следам тых-жа прыгнятальнiкаў. Калi раней Сымон Спарыш мяркаваў, што палякi ёсьць фальшывыя, эксплуататары, нялюдзкiя ў дачыненьнi да слабейшых, дык за часамi гiтлераўскае акупацыi, сочачы, як верна служылi немцам i дзе маглi вынiшчалi беларусаў, пераканаўся, што было сярод iх цi мала подлых. З агiдай глядзеў, як людзi, якiх ведаў са школы, што раней пагражалi "швабам", сяньня за кавалак хлеба гатовыя былi лiзаць iм пяткi, зьдзекавалiся над безабароннымi, абы выслужыцца новым панам. "Так, - думаў юнак, прыглядаючыся зеленкавата-шэрым хвалям Мiжземнага мора з мараплава, што вёз яго цяпер у Iталiю, - вельмi-ж цiкава, як выглядаюць i што робяць цяпер "пшэкi" й цi хоць крышку зьмянiлiся, навучылiся й паразумнелi за вайну. Дый глядзець цяпер ужо буду iншымi вачыма. Колькi-ж за час вайны набраў чалавек жыцьцёвай практыкi. Гэта-ж ня тое, што калiсьцi - сьвет быў закрыты. Галоўнае, што прыйшла нарэшце нацыянальная сьведамасьць i што з поўнай разумовай сьпеласьцю магу цяпер добра ацанiць колiшняга акупанта". НА СОНЕЧНЫМ УЗЬБЯРЭЖЖЫ I Нэапаль! Колькi на працягу стагодзьдзяў валадары пяра прысьвяцiлi табе слоў, колькi кампазытары складалi аб табе песьняў, колькi маляры спэцкалi фарбы, стараючыся адлюстраваць тваё прыгожае аблiчча. А ты ўсьмiхаўся празрыста-блакiтнаю гладзьдзю шырокае паўкруглае затокi, вiтаў падарожных залатымi праменьнямi ўзыходзячага з-за твае сьпiны сонца, супiўся шэрымi, па гарбатым сьхiле раськiданымi мурамi ды вечна пагражаў цёмным сiлуэтам велiчна-маестатычнага Вэзувiя. Уяжджаючы ў Нэапалiтанскую затоку з захаду, мiнаеце па дарозе з правага боку малы скалiсты абток* Капры. Недарма ў даўнейшыя часы служыў ён добрым сховiшчам i абароннай цьвярдыняй для пiратаў. Стратэгiчнае палажэньне забясьпечвала рабаўнiкам хуткi й зручны доступ да ўсiх пунктаў горнага пахiлага ўзьбярэжжа, а лябiрынт водных злучэньняў пад скаламi абтоку быў дасканалым сховiшчам для нарабаванай здабычы, зброi й ваенных матэрыялаў. * Востраў. Зьмянiлiся спосабы людзкiх войнаў i разбояў, а разам зь iмi й прызначэньне абтоку Капры. У выгодных вiлах, санаторыях i на летнiшчах адпачываюць багатыя замежныя госьцi з усяго сьвету, лечацца й дужэюць змучаныя й хворыя, упiваюцца сонцам i палошчуцца ў крыштальна чыстай вадзе падарожнiкi, кiшэнi якiх патрапяць вытрымаць немалыя кошты. Абток Капры славiцца па цэлым сьвеце ў песьнях, памiнаецца ў назвах вулiц, мiльгае сьвётламi нэонаў на вулiхац вялiкiх гарадоў у рэклямах самых разных прадуктаў. Абток Капры лагодна казыча прыемныя ўспамiны цi аднаго з багачоў, якому ўдалося правесьцi там у выгадзе й пяшчотах сонечныя часы жыцьця. Адылi для звычайнага чалавека, што праяжджае паўз Капры ў Нэапаль, абток застаецца ў памяцi нярэальным, нявыразным сiлуэтам ахутаных ранiшнiм туманам скалаў. Затое Нэапаль - гэта ня зьява, а рэальнасьць, даступная бальшынi хаця-б таму, што зьяўляецца галоўнай брамай, празь якую замежнае людзкое мора плыве на сонечныя берагi Апенiнскага паўабтоку. Нельга не захапляцца прыгожай панарамай Нэапаля ўдзень, а ўжо зусiм немагчыма ўстрымацца ад захапленьня ўначы. Тады старажытны горад забаўляецца золатам мiльёнаў сьвётлаў. Калi вам давялося-б увечары прыглядацца месту з мараплаву, пэўна-ж, вы iмкнулiся-б адрознiць верхнюю мяжу, дзе электрычныя сьвётлы зьлiваюцца зь яркiмi зоркамi, i другую мяжу ўнiзе, дзе яны выразна адлюстроўваюцца ў спакойнай вадзяной роўнядзi. Падумаеце, што нечая магутная рука шчодрай жменяю рассыпала кавалкi золата ў небе, на зямлi i ў вадзе. Кiньце вокам на паўдзённы бераг, што дугой абгiнае затоку. Розныя збудаваньнi непарыўным шнурам абселi бераг, як сягнуць вокам - аж да Сорэнто. Колькi-ж разоў сьпiхаў людзей i iхныя збудаваньнi ў мора магутны двухгаловы Вэзувiй. Яны зноў мабiлiзавалi сiлы й сродкi ды дзяўблi чорную вулканiчную ляву, зноў узьбiралiся вышэй i вышэй на падножжа вулкану. Так i цяпер самыя найадважнейшыя, а мо й найбяднейшыя пасялiлiся аж на мяжы небясьпечнае зоны. Пражыць iх сонца зьверху й пячэ чорная лмiльёнамi ўсякнутых праменьняў чорная лява зьнiзу. Яны першымi адчуваюць кожнае дыханьне, кожны ўздрыг небясьпечнага суседа. Вунь тросься-ж ён iзноў пад вясну ў 1944 годзе. I цяпер заўважыць можна малых хлапчукоў па вулiцах Нэапаля, Пампеi й суседнiх мясцовасьцяў, што ў шкляных прабоўках прадаюць на сувэнiры турыстам па жменьцы гэтае апошняе, чорнае, да дзёгцю падобнае лавы. Дый хто пэўны, што гэта лява, дый якраз апошняя? Мо каторы набраў, дзе чаго пад руку папала. Iм-жа, малым, босым, паўгалодным, абарваным, абы тую лiру здабыць, абы з дня на дзень пражыць. Калi Нэапаль вiтае вас тварамi незьлiчоных будынкаў i палацаў, затока аж кiшыць рухам усякiх мараплаваў i лодак. У порце людзi ўвiхаюцца над выладоўваньнем транспартных суднаў. Ваенныя матэр'ялы й прадукты едуць з-за акiяну, з Ангельшчыны. Трэба кармiць вялiкую ваенную машыну, што намагаецца цяпер выпхнуць немцаў зь iтальянскага бота на поўнач. Мараплавы халодзяць свае жываты й грэюць бакi каля берагоў прыстаняў. Каля iх мiтусяцца малыя лодкi быццам тыя парасяты каля сытых сьвiнаматак. Гудзе рой людзей, цывiльных i вайсковых - быццам у гарачую летнюю пару пчолы каля вульля. Мiж портам i абтокам Капры рэгулярна курсуюць пасажырскiя зь дзвюма палубамi, адкрытыя параплавы. Яны заўсёды запоўненыя народам. Гледзячы на той людзкi мурашнiк, можаце ўявiць важнасьць гэтай арганiчна-жыцьцёвай артэрыi, празь якую перанаселеная Iталiя, а цяпер пад час вайный звыш мiльённая армiя, лучыцца й супольна жыве з вонкавым эўрапейскiм i заакiянскiм сьветам. Гледзячы на Нэапаль i ваколiцу, можаце дзiвiцца, якiм гэта чынам сабраў Творца сюды столькi цудаў прыроды. Хто ведае, цi ў працэсе тварэньня ня спыняўся ён тут на адпачынак i цi не пазносiў тыя скарбы ў гэтае месца наўмысьля, каб налюбавацца-нацешыцца вынiкамi свае працы... II Ня гледзячы на тое, што ўжо палова сьнежня мiнула й што ў далёкай Беларусi, пэўна, пануе лютая зiма, Нэапаль купаецца ў сонцы. Вулiцы ягоныя брудныя й пыльныя. Па асфальтах бражджаць i стогнуць вялiкiя зялёна-шэрыя грузавiкi. Дзесьцi далёка на поўначы шалее бесьперапыннае змаганьне. Тут-жа адно цягнецца тоўстая нiтка, што вядзе да гэтага клубка агню й смерцi. Па ёй плывуць сокi, што стала ўзмацняюць i папаўняюць неабходнымi калёрыямi ўсе клетачкi вялiкага арганiзму ваеннае машыны. Побач гэтай нiткi таўчэцца самая бедная, абадраная й звычайна зладзейская гарадзкая Нэапалiтанская галеча. Прагнымi вачыма сочыць, цi дзе няма якое прорвы, цi не пацячэ набок, каб накiнуцца, нарабаваць. А калi само дзе не пацячэ, то й дзiрку пастарацца зрабiць, дапамагчы, абы нажыцца. Вялiкая каляна "палякаў", выладаваўшыся ў порце, паўзе ў кiрунку чыгуначнай станцыi. Зацiкаўленая публiка затрымлiваецца на тратуарах i стараецца ўгадаць, што гэта за яны такiя ў нямецкай вайсковай вопратцы. Вока шукае й не знаходзiць канвойных. Наперадзе калёну вядуць два польскiя афiцэры ў ангельскiх апранахах. Загадка разьвязана. Гэта палякi, што ваявалi за Гiтлера, а цяпер, мусiць, цi ня будуць ужо памагаць ангельцам. Гэтак падумаўшы, зацiкаўлены з тратуара прадаўжае сваю дарогу. Ад калёны адно не адстаюць падшыванцы - малыя хлапчукi. Iхняе заданьне зусiм празаiчнае: што-небудзь дзесьцi ўпаляваць. Усё-ж i ў гэтых палякаў сёе-тое ды мусiць быць. Калёна чакае на станцыi. Вунь ужо паўзе даўгаваты вуж вагонаў, хутка заладуюцца ды паедуць. Гавораць, дзеляцца ўражаньнямi, закурваюць. Розныя хатулi бязь нiякага парадку параськiданыя ляжаць на плятформе. Воддаль стаiць не адна й ня дзьве, а некалькi групаў босых, замурзаных, абарваных малых iтальянцаў. Прыглядаюцца жаўнерам, горача мiжсобку перакiдваюцца словамi. Адважнейшыя ледзь заўважна прыблiжаюцца да клункаў. - Гэй там! Глядзi! Глядзi, вунь цыганё пляцак папёрла! Лавi яго! - раве нечы голас. Малы басаногi хлапчук, схапiўшы пляцак, колькi сiл у нагах прэ цераз чыгуначныя рэйкi. За iм зрываецца зялёная фiгура й вось-вось, глядзi, як дагонiць. Злодзей кiдае хатуль i сам дае ходу. Iншыя групкi хлапчукоў як быццам хто мятлой падмёў. Ня дурныя яны цяпер тырчаць пад носам у жаўнераў, калi аднаму не ўдалося. III У самым куточку мiж абцасам i падноскам iтальянскага бота ляжыць вялiкi й стары партовы горад Таранто. Колькi кiлямэтраў на поўнач ад яго, побач галоўнае шашы на Бары, у часе Другой сусьветнай вайны знаходзiўся вялiкi пераходны вайсковы абоз* Ёлянда. Ляжаў ён на камянiстай, парослай алiўкавымi дрэвамi раўнiне. Дробныя кусты й алiўкавыя дрэвы складалi тут асноўную флёру. Зямля навокал адно месцамi была культываваная. Там-сям каля дарогi заўважыць можна было адзiнотныя каменныя, з плоскiмi вярхамi будынкi. Там жылi наёмнiкi й арандатары вялiкiх фэрмаў, што належалi да багатых абшарнiкаў, уласнасьцю якiх была большая частка паўдзённае Iталii. На ўзгорках пасьвiлiся, пабрынькваючы званкамi, козы й авечкi, раслi алiўкавыя дрэвы, а на ўраджайнейшых глебах - вiнаграднiкi й аранжавыя сады. * Лягер. Абозам Ёлянда была вялiкая колькасьць сярэднiх, пераважна васьмiасабовых, шэрых брызентавых палатак. Толькi кухня й харчовы склад былi мураваныя зь белай каменнай цэглы. Навет склад вопраткi й абозная канцылярыя былi разьмешчаныя ў палатках. Абоз прымаў рэкрутаў, надзяляў iх вопраткай, клясыфiкаваў паводле здольнасьцяў i зброi ды высылаў у базы вайсковага шкаленьня - асноўным чынам у пяхотную 7-ю дывiзiю, папулярна званую базай "сёмкi", што была ў адлеглым на нейкiх пятнаццаць кiлямэтраў па дарозе ў Бары абозе ў мясцовасьцi Сан-Базыльё. У Ёляндзе рэкруты затрымлiвалiся нядоўга: найбольш каля двух тыдняў. Тут ськiдалi старую, пераважна нямецкую, вопратку й атрымоўвалi цёмна-зялёныя ангельскiя "батледрэсы", праходзiлi медыцынскi агляд, першыя канцылярскiя фармальнасьцi й чакалi далейшага прызначэньня. Транспарт людзей з Францыi, выладаваўшыся на чыгуначнай станцыi ў Таранто, за пару гадзiн усьпеў пехатою ў Ёлянду. Пры ўваходзе ў абоз прыбыўшыя заўважылi спорную групу людзей. Тыя выглядалi сярод новапрыбылых сваiх сяброў i знаёмых. Чулiся ўсхваляваныя выкрыкi й голасныя вiтаньнi. Знаходзiлiся раней згубленыя. Амаль усе жыхары абозу насiлi на галовах скручаныя накшталт шапак зялёныя шалiкi, а пры баках - прычэпленыя да портак вялiкiя чорныя нажы-складанчыкi. Хто й калi ўвёў тут такую моду - няведама. Шалiк, служачы галаўным уборам, тлумачыўся хiба адсутнасьцю берэтаў, якiх тут новым рэкрутам не выдавалi. Але чаму нажы былi ў кожнага прычэпленыя якраз з правага боку й вiселi ды гойдалiся пры хадзьбе - гэта цяжэй было паясьнiць. Некаторым з новапрыбылых, што ўбачылi такую групу людзей пры ўваходзе ў абоз, - усiх зь зялёнымi шалiкамi на галовах i нажамi-складанчыкамi пры бакох - магло здацца, што, пэўна-ж, было гэта ўжо тут устаноўлена нейкiм загадам, а калi не, дык няйнакш увайшло ў традыцыю, няведама калi й кiм пачатую. Гэтак i новыя пасьля насьледавалi ранейшым жыхарам. Для адмiнiстрацыйных мэтаў новая група людзей была падзеленая на дзьве вялiкiя роты. Сымон Спарыш трапiў у 84-ю, а Вiктар Караткевiч i Дудкевiч - у 85-ю. IV Як нi разглядалася наша тройка сярод жыхароў абозу, не магла знайсьцi анi сяброў з былой Школы Камандзераў БКА, анi iншых з трыццатай дывiзii. На трэцi дзень пасьля прыезду зьвязовы папрасiў Спарыша памагчы пры перапiсцы людзей. Сымон быў заняты ў канцылярыi, седзячы задам да дзьвярэй, як ззаду раптам нехта абедзьвюма рукамi закрыў яму вочы якраз так, як робяць пры гульнях дзецi. - Адгадай - хто! - пачуўся ў беларускай мове перамешаны са сьмехам ззаду нечы бас. - Пусьцi. Далiбог, не адгадаю. Сымон адвярнуўся. Перад iм стаяў нявысокi ростам сябра са Школы Камандзераў БКА, прозьвiшча якога нiяк ня мог прыгадаць. Помнiў, што той уцёк у Францыi ў горы. Сябра ўсьмiхаўся. - Пазнаеш? - Чаму-ж не? Здароў. Хлопцы моцна сьцiснулi на прывiтаньне рукi. - Якiм-жа чынам ты тут апынуўся? - зацiкавiўся Спарыш. - Зусiм проста. Так, як i ты, толькi што раней, - сьмяяўся той. - Мо Дзежку бачыў? - А вось ён стаiць, - паказаў знойдзены сябра ўбок. Сымон выглянуў з палаткi. Усьмiхаючыся, стаялi там Дзежка й Лабун. Хлапец хацеў кiнуцца да сяброў, каб прывiтацца, ды спынiў яго голас зьвязовага: - Пiш, пан, пiш! Прайшло каля дзесяцi хвiлiн, пакуль Сымон змог закончыць свой абавязак i кiнуцца да хлапцоў, каб з асалодаю пацiснуць iхныя рукi. - А бадай-жа на вас! Вось дзе дык сустрэча. Шукалi мы вас тут на месцы й не спадзявалiся, што так хутка. - Ну, ну. Iзноў наша тройка сабралася. - Але цiкава, што Дзежка й да гэтага часу ад Лабуна не адкацiлася. Хлопцы дружна зарагаталi. - Дзе-ж вы пасялiлiся? - цiкавiўся Сымон. - У школе падхаронжых, кiлямэтраў дваццаць адсюль. За нейкiх пяць хвiлiн наш воз ад'яжджае. - Шкада, што так хутка. Нiчога ня зробiш. Думаю, што хутка ўбачымся.Скажыце, як вы там выжылi? Як вялося? - Зусiм добра. Працаваў у амэрыканцаў на кухнi, - казаў Дзежка. - I цэлы час чакаляду налева сьпiхаў, - памог Лабун. - Цiкава, аднак, што табе амэрыканцы гумары з галавы ня выдурылi. - Не, братка. Жывём. Iзноў засьмяялiся. - Мне цiкава было ведаць, як вам вялося да таго часу, пакуль да амэрыканцаў трапiлi, - пытаў Сымон. - Гэта, братка, доўгая гiсторыя. Раскажам, як трапiце да нас. - Дык вы ў школе падхаронжых? - Фактычна дык ня школа, а кампанiя, зь якой iдуць у школу. Там усе зь сярэдняй асьветай. - Дык, мусiць, i мы туды трапiм. - Пэўна-ж. Старайцеся. Ганi Дудкевiча й Караткевiча ды рэшту. Гэта патрэбна для нашай справы й будучынi. Трэба, каб там было як найбольш беларусаў. Сымон запiсаў адрас, i сябры разьвiталiся. Сустрэча пад алiўкавымi дрэвамi ўзбагацiла Сымонава жыцьцё й падняла ягоны дух. Няма ў жыцьцi нiчога больш каштоўнага, чымся ў незнаёмых людзкiх джунглях, выкiнутаму на чужы бераг й адзiнокаму, сустрэцца з дарагiмi сябрамi. У гэны-ж самы дзень, надвечар, адбыўся ў роце падзел па зброi й вайсковых адзьдзелах, у якiя мелi накiроўвацца рэкруты. Сымон Спарыш, Вiктар Караткевiч i Мiкола Дудкевiч трапiлi ў тую роту "цэнзусоўцаў", у якой раней апынулiся Дзежка, Лабун i iншыя былыя кадэты зь Менску. V Вечар на Куцьцю быў хмарны й ветраны. Але вецер i хмары былi сухiмi, а надвор'е - цёплае. Жыхары Ёлянды гудзелi каля палатак, быццам тыя пчолы каля вульляў пасьля гарачага працавiтага дня. Кожны па-свойму стараўся вызначыць урачысты вечар, калi не пры стале й сярод сяброў цi найблiжэйшых родных, дык, прынамсi, у думках. Сам дзень у абозе нiчым ня розьнiўся ад iншых дзён чаканьня на далейшы лёс. Адно пры атрымлiваньнi сухiх прадуктаў, акрамя звычайнага пайка, кожны атрымаў па мяшочку iтальянскiх гарэхаў i пачцы салодкiх фiгаў. Тыя, што былi абжыўшыся й ведалi мясцовыя хады, прыдбалi аднекуль iтальянскага вiна - белага "Б'янка" цi навет лепшага чырвонага "Россо". Гудзелi ў групах пры сьвечках у палатках i пад голым небам. Падпiтыя няроўнымi шурпатымi галасамi заводзiлi калядкi. Сымон сядзеў, абапёршыся сьпiною аб камель алiўкавага дрэва, й моўчкi лушчыў гарэхi. Побач яго, на разасланым на траве коцы, выцягнуўшыся, як парсюк пасьля яды, ляжаў Вiктар. Лёгкi вецер казытаў дробныя лiсточкi нiзенькiх алiўкавых дрэўцаў. Хлопцы маўчалi. Мо ня было аб чым гаварыць, а мо й гаварыць ленавалiся. Дый аб чым? Цэлы час разам былi, разам цярпелi й перажывалi. Хiба-ж прыпамiнаць i паўтараць абодвум ведамае? У гутарках разумелiся на паўслове. Калi-б у гэны час раптоўна перад iхнiмi насамi прарваўся зь зямлi водны фантан, то хiба й таму ня зьдзiвiлiся-б. Адно мо зварухнулi-б галовамi, каб пераканацца, што ня страцiлi здольнасьцяў распазнаваньня навакольных зьяў. Даўно перасталi ўсяму дзiвiцца. Жыцьцё за апошнiх колькi месяцаў прынесла столькi неспадзевак, што тыя прымалiся ўжо як звычайныя зьявы й на ўсё глядзелася зусiм абыякава. Добра вось, што iх цяпер пакiнулi ў супакоi, што колькi часу могуць пабыць вольнымi. А гэткiя-ж часiны надта рэдкiя, проста выпадковыя. Кожны з хлапцоў быў пры сваiх думках. Вiктар, як звычайна, лянуецца думаць i адно прымружанымi вачыма паглядае ўверх на зрэб'е хмараў. Ён задаволены, што можа паляжаць i што нiчога ня трэба рабiць. Што яму да таго, што недзе ў некага цяпер Куцьця й што недзе й некалi там нарадзiўся Збавiцель. Вiктар наогул мала думае. У галаве, быццам кавалкi хмарнага зрэб'я ўверсе, зьяўляюцца лапiкi ўспамiнаў. Яны нясуцэльныя, нязьвязаныя. Вiктар не манiцца iх вязаць. Навошта? Трэба было-б тое-сёе аналiзаваць, хвалявацца, перажываць яшчэ раз, а на гэта ў Вiктара няма ахвоты. Дык няхай i мiльгаюць, i перасоўваюцца. Сымон тым часам зусiм не пад алiўкавым дрэвам, а далёка, на Бацькаўшчыне. У бацькавай хаце сiвы дзед мароз тоўстым слоем лёду пазалеплiваў шыбы ўсiх вокнаў i намаляваў-павыводзiў на iх усялякiя ўзоры-выкрутасы. На дварэ лютая сьцюжа, мо па каленi цi па пояс сьнегу. Сам стары, барадаты, сiвы дзед мароз таўчэцца каля акон i чакае, пакуль паклiчуць яго ў хату куцьцю есьцi. Вунь засланы ўжо сенам i накрыты чысьценькiм белым абрусам доўгi й шырокi стол. Гусьцеюць на iм першыя стравы. Глыбокая мiса з куцьцёй, быццам каралева, расьселася ў самым цэнтры. Побач - другая з салатай-вiнегрэтам. На талерках, быццам парсюкi, серабрацца селядцы, абложаныя пакроенай i палiтай iльняным алеем цыбулькай. Навокал шэрагам парастаўлялiся талеркi, паляглi нажы й вiдэльцы. На краi стала спачывае спорная баханка чорнага жытняга хлеба. Дзесь там на прыпечку ў катле, пры грамадзе глiняных мiсак, чакае полiўка з грыбамi. Вось сядае за стол уся сямейка, i бацька адмаўляе малiтву. Усе набожна хрысьцяцца. Месцы навокал стала занятыя, акрамя аднаго. Мусiць, пакiнулi для яго - Сымона. Сон гэта цi рэальнасьць? А мо няма нi стала таго, нi хаты, няма й цэлай сям'i... Але не, не! Яны мусяць быць! Яны жывуць? Ня мог-жа Бог дапусьцiць! Вунь, усе за сталом. Так, усе чысьценька, адно яго, Сымона, не стае. Часта пазiраюць на пустое месца. На ягонае, Сымонава. Хоць яго й няма сярод iх целам, але-ж ён прысутны духам. Ох так, напэўна. А цi-ж яны ведаюць, што Сымон жыве? Адкуль-жа? Колькi-ж бы хлапец цяпер даў, каб ведалi, што ён жыве й што зусiм цэлы, што хаця сядзiць у паўдзённай Iталii пад алiўкавым дрэвам, але што ён зь iмi ўсёй iстотай, усiм сваiм iснаваньнем. Колькi-ж гэта часу мiнула ад дня, калi й Сымон дзялiўся куцьцёй з роднымi за бацькоўскiм сталом? Год? Два? Ня быў-жа на Каляды дома i ў мiнулым годзе не ўдалося зь Вiльнi бяз пропуску цягнiком даехаць. Вунь пачалi ўжо цягнуць з-пад абруса сена й варажыць. Найдаўжэйшую травiну выцягнула найменшая Сымонава сястра. Усе прарочаць ён шчасьце i ўсмiхаюцца. Бацька выцягнуў найкарацейшую й зажурыўся. Iншыя нешта сказалi, й стары павесялеў. За Сымона цягне малодшы брат. Усе пiльна сочаць за ягонай рукой. Выцягвае доўгую, сухую, пакручаную, тонкую травiну. Задумаўшыся, прыглядаюцца i ўздыхаюць. Цi-ж могуць угадаць Сымонаў лёс? Сам Бог ведае. А традыцыя традыцыяй. Далёкi бацькоўскi дом, Бацькаўшчына. Якое яно ўсё цяпер нерэальнае. Здаецца, што й зусiм нiчога рэальнага няма на сьвеце, апрача гэтых сытных iтальянскiх гарэхаў, салодкiх фiгаў i алiўкавых дрэваў. Дый самая тая Куцьця. Гэта-ж сяньня Куцьця каталiцкая, а праваслаўная - аж за два тыднi. Дык усё гэта няпраўда. Дарма. Мо й шкада ў галаве ярзолiць. Мо лепш так, як сябра Вiктар - парсюком выцягнуўшыся, на зрэбныя рэдзенькiя хмары ўпоцемку ўглядаецца... Хмары былi ў мiнулым, плывуць яны бесьперапынна цяпер, хмары й на гарызонце будучынi... VI - Дык расказвай, як i дзе вы там гадавалiся ў Францыi, - прасiў Сымон Кастуся Дзежку. Было гэта па пераезьдзе ў Сан-Базыльё. На ўзьмежжы кустоўя сядзелi на крушнi: Лабун, Дзежка, Спарыш, Дудкевiч i Караткевiч. - Гадавалiся, няма чаго й казаць. Ладнае ты, братка, слова падабраў, уздыхнуў Дзежка. - Дык як сказаць? Iснавалi? - Гэта будзе блiжэй да праўды. - Колькi вас было тады ў групе? - У той, што перайшла? - Так. - Добрая рота, братка, мусiць, за сотню спарней. Ня праўда, Лабун? Нашых са школы больш паловы было, а рэшта з суседняе роты, што побач стаяла. Помнiш? - Але-ж. - Ну, дык вось. - I куды вы тады пайшлi? - Тады ўночы мы нiкуды надта не пайшлi. Адышлiся ад абозу, выставiлi варту й прычакалi дня. Пераспалi, як хто мог i як папала. Паршывенькi дождж надта дакучаў. Назаўтра разгледзелiся й папаўзьлi далей, выбiраючы, дзе зацiшнейшыя мiжгорныя сьцяжыны. - I як вы, усе разам iшлi? - Ясна, што гуртам старалiся трымацца. Дзежка тут даволi падробна расказаў, як быў навязаны першы кантакт з макiсамi i як пазьней беларусы хавалiся ад немцаў. - А цяпер, хлопцы, хачу бачыць перад сабой дзесяцёх з цыгарэтамi, паўжартам спынiў Кастусь апавяданьне. - А свае дзе падзеў? Ужо ў макароньнiкаў? - Мусiць, не ў макароньнiкаў, а цi ня ў карты прабулiў. Кожны жаўнер на тыдзень атрымоўваў па сто штук цыгарэт. Апрача таго, дазвалялася купiць пяцьдзесят штук па нiзкай цане, бо не плацiлася падатку. Навет найбольш апэтытным курцом такой колькасьцi хапала. Некаторыя-ж прадавалi свае цыгарэты iтальянцам, каб здабыць грошы на вiно, карты й iншыя прыемнасьцi. - Дык што-ж гэта вы? Хочаце мо, каб вам задарма апавядаў? - жартам злаваўся Дзежка. Перад ягоным носам зьявiлiся тры пачкi з цыгарэтамi. - Паволi, паволi! Не пхайцеся, станьце ў чаргу! Не магу-ж я кожнаму з вас зрабiць гонару. А цяпер сотня з агнём! Зьявiўся й агонь. Усе закурылi. - Ну й што далей? - пытаўся Караткевiч. - Далей... аж жах прыпомнiць, братка. Няхай мне цяпер каторы ўладыка стане аб пекле рассасульваць, то хуценька разьвiтаецца ён з барадой. Няма хiба нiдзе горшага пекла за тое, што мы бачылi. Дзежка цяжка ўздыхнуў i, спахмурнеўшы, зiрнуў на Лабуна. - Няхай вось ён скажа. - Што ж то ўжо было за пекла там такое? - Цэлы месяц трупаў зьбiралi й закопвалi... - дапамог Лабун. - Трупаў? - Самых сапраўдных. Да таго-ж часамi ўжо такiх гнiлых i сьмярдзючых, што аж табе тое галоднае нутро вырывала. А цьфу! - Немцаў цi амэрыканцаў? - Усялякiх. Гэтыя заразы - францускiя макiсы, сiфiлiс гэты, выдалi нас амэрыканцам, як палонных сваiх. Надулi, дый годзе. Што-ж зробiш... З Грамыкi камандзер быў нiякi, усю зброю французам аддаў, да таго-ж нiхто мовы па-людзку ня ведаў. Ну i ўпялiлi-ж нас амэрыкашкi - на могiльнiк! Падзялiлi на групы, й гайда - адны ямы капаць, iншыя трупаў каля фронту зьбiраць, трэцiя ў мяшкi iх апранаць, чацьвёртыя - закопваць. А то-ж то восеньскае надвор'е - дождж, золь, не дай ты, Божа. Вопратка - самi ведаеце якая. Прамоклыя заўсёды да апошняй нiткi хадзiлi, зуб на зуб не пападаў. Часта няпрытомныя былi ад голаду, як напрацуешся, то кiшкi аж да пазваночнага слупа, здаецца, лiпнуць. - Мала есьцi давалi? - Давалi, братка. Наясiся таго, каб iм здароўе такое. Дадуць якую пушку кансерваванай фасолi й булку белага хлеба на дзень на васьмёх. Хлеб той быццам вата якая, не тое што жытнi, на наш беларускi сялянскi жывот ён не пасуе. У гнiлых трупах вунь па кiшэнях паролiся, каб якую скарынку знайсьцi. Ня жартачкi гэта! - А як вы гэных трупаў цягалi?
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|