Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 18)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


      Яшчэ на досьвiтку, калi хваляй пасыпалiся артылерыйскiя стрэлы, Сымон гаварыў Гвардзейчыку:
      - Ну, братка, цi ня ёсьць ужо гэта пачатак канца?
      - Так выглядае.
      - Няхай там што будзе - будзе, а кiшкi зноў пачынаюць марш падыгрываць. Варта было-б крышку iх заспакоiць.
      Гэтак памяркаваўшы, двое сяброў палезьлi ў свае сiнiя торбы, званыя хлебакамi, i памалу жавалi чорны сухi хлеб, пасьля яблыкi. Нарэшце, не спяшаючыся, закурылi, увесь час пазiраючы наперад у бок працiўнiка. Лагчына перад фронтам была пустая й спакойная. Яны ня спускалi вачэй з бочных i заднiх вакопчыкаў, зь якiх ледзь тырчалi вяршкi шлемаў. Ззаду, крокаў сто воддаль, блiзка краю лесу, тырчаў зь ямы шлем лейтананта Калмыкова, i за iм абое найбольш сачылi. Калмыкоў ад учарашняга быў на той самай пазыцыi, адкуль назiраў, каб нiхто не пакiдаў прызначаных месцаў.
      Ураганны агонь францускай артылерыi быў перанесены далей назад, а з боку Асбаху й з правага крыла ўжо далёка ззаду даляталi водгукi рэдкiх i кароткiх сэрыяў "стэнаў".
      - Слухай, цi не пара нам вылазiць? - запытаўся ў Гвардзейчыка Сымон.
      - Хто яго ведае.
      - Бач, Калмыкова ўжо няма, цi ня скрыўся дзе ў лесе. Шлёмы таксама парадзелi па вакопах.
      - Дык давай, вылазiм.
      - Падпаўзём, давай, да суседзяў налева.
      - Слухайце, дзе Калмыкоў? - пыталi суседзяў Гвардзейчык i Сымон, асьцярожна аглядаючыся навокал.
      - А я ня ведаю, - адказаў адзiн.
      - Дык чаго тады сядзець? Давайце ў лес. У лесе далучылiся да вялiкай групы - каля паўсотнi чалавек. Былi тут обер-лейтанант Рэшатаў, Калмыкоў, дружыновыя Лакуста, Булько, Вiткоўскi й iншыя падафiцэры. Новапрыбылыя хутка даведалiся аб трапнасьцi сваiх ранейшых мяркаваньняў. Працiўнiк заняў вёску й абкружыў ззаду лес: завязаў мяшок, як казалi. Доказам гэтага быў трэск i грукат разнаякай зброi, перанесены далёка на поўнач за канал. Да групы цэлы час далучалiся новыя. Радзiлiся, як найлепш й найбясьпечней трапiць у палон.
      - Так вот, ребята, - пачаў курносенькi Рэшатаў, - желаем мы этого или нет, у нас только один остался теперь путь - это в плен. Мы окружены. Слышите стрельбу со всех сторон? Удирать нам уже некуда. Только и кранись, как всех нас перестреляют. Нужно сдаваться. Ваша судьба, конечно, лучшая, чем у нас, офицеров. Кто знает, что с нами сделают. Но вы сами знаете: я мог давно удрать, да ведь остался только для вас. Потому и остался, что вас жалко...
      - Каб табе скула ў бок, як ты праўду гаворыш, ты, крывадушны маскалюга! злосна загрымеў былы Рэшатаў канюх Спарыш.
      Обер-лейтанант раней гаварыў, гледзячы больш сабе на мыскi хромавых боцiкаў, чым у вочы людзям, а цяпер, пры такой нечаканай рэакцыi, цi навет, як магло яму здацца, пагрозе, яўна зьбянтэжыўся й на момант зусiм зьбiўся з панталыку. Кiнуў вокам перш на былога свайго канюха, пасьля на Калмыкова й рэшту людзей, быццам чакаючы ад iх слоўнай дапамогi.
      З групы пачулiся галасы:
      - Кiнь ты, Спарыш, цяпер не пара на гэта.
      - Перастань, Сымон.
      - Дык чаго тады чакаць? Давайце, iдзём, - запрапанаваў адзiн з групы.
      - Все согласны? - пасьмялеў маскалёк i зiрнуў яшчэ раз на Сымона.
      - Давайце.
      - А погоны нужно сорвать, я думаю, - гаварыў Калмыкоў Рэшатаву.
      - Да зачем? Разве солдаты не знают или не скажут? Пущай уже, что будет все равно.
      - Давайце тады не чакаць, бо могуць па нас страляць, - перасьцярог Булько.
      - Паслаць аднаго да iх. Хто тут умее крыху па-француску? Няхай iдзе й скажа, што мы тут чакаем.
      - Кiдаем зброю! - крычэў голас.
      - Давайце сюды ў кучу. Пасы, патранташы - усё чысьценька. Не разыходзьцеся.
      - Только не кричать! - супакойваў сам неспакойны Рэшатаў. - Могут услышать - они здесь близко - тогда дело плохо.
      - Кто там пойдет к ним?
      - Лоеў, давай ты, ты-ж крышку гаворыш...
      - Давай, Лоеў!
      Таго, каго называлi Лоевым, ня трэба доўга намаўляць. На хаду адкiнуў пас, хлябак i накiраваўся лясной дарожкай у кiрунку Асбаху.
      IV
      Ськiдаючы з пляча стрэльбу й пас з патранташамi ды шлём, Сымон Спарыш адчуваў, што закрывае яшчэ адзiн разьдзел у сваiм жыцьцi. Шкадаваць ня было чаго, й перад сумленьнем ня трэба было рабiць справаздачы: сiлай апранутае адкiдалася набок, на ваенны сьметнiк. Адно, што юнак думаў, - гэта тое, што не адкiнуў-бы так лёгка зброi, калi-б змагаўся за Бацькаўшчыну. Сьвядомасьць сiлы, як права, ужо даўно была асвоеная яшчэ гадамi зялёным юнаком. Для Сымона стрэльба была больш чымся прылада, якой можна было забiваць; гэта быў сымбаль прыналежнасьцi да тых, якiя нейкае права маюць цi мець могуць, да тых, што змагаюцца за быт i людзкiя правы, а зусiм не да тых, што надужваюць сiлу для паняволеньня й прыгнятаньня слабейшых. Стрэльба ў Сымонавых вачах - гэта перадусiм прылада абароны, адстойваньня сваiх правоў у тых месцах i абставiнах, дзе лiчылiся толькi з моцнымi, зброю маючымi.
      Юнак стараўся мяркаваць, дзе й на якiх пазыцыях ён быў i куды пойдзе ў будучынi. Як-нiяк - знаходзiўся на парозе няволi. Цi ў няволю йдзе дабравольна цi пад прымусам - менш iстотна. Сымон цешыў сябе, лепш сказаць - ашукваў сам сябе тым, што йдзе ў няволю дабравольна... Дык i стрэльбу трэба было дабравольна адкiнуць.
      У хуткiм часе вярнуўся Лоеў. Ногi ягоныя ледзь валачылi цяжкiя драўляныя клумбы, што французы далi ўзамен за чаравiкi.
      - Гляньце, гляньце! Ужо ўспелi пераабуць! - зьдзiвiўся хтосьцi з натоўпу.
      - Нявузка, брат! Якiя ёмкiя дзеравяшкi!
      - Это плохо, что они сапоги снимают, - заўважыў Рэшатаў i з жалем, развiтальным поглядам кiнуў на свае хромавыя боцiкi.
      - Давайце хутчэй! - загадаў Лоеў. - Далi мне пятнаццаць хвiлiн часу й папярэдзiлi, што калi за гэты час не прывяду вас, то будуць страляць. Станавецеся тройкамi!
      Два разы ня трэба было паўтараць. Усе сталi тройкамi й рушылi дарожкай, кiруючыся ў вёску.
      - Падымайце рукi ўверх! - крыкнуў Лоеў, iдучы наперадзе й махаючы ня зусiм ужо чыстай i ня надта белай насаткай.
      Сьпераду, з прыдарожных кустоў, вырасла некалькi фiгураў i, гарлапанячы на розныя лады незразумелай мовай, падняўшы ўверх аўтаматы, наблiжалiся да калёны палонных. Адзiн, старэйшы рангам, паказаў рукой, каб спынiлiся.
      - Афiцэры, наперад! - загадаў па-нямецку.
      Успомненыя выйшлi на чало калёны.
      - Цi зброi ў каго няма?
      - Няма.
      - Марш наперад! I не гаварыць! Рукi трымаць уверсе!
      Калёну з двух бакоў абступiла больш дзесятка французаў. Некаторыя зь iх хiсталiся на нагах, вiдаць, былi падпiўшы. Два былi апранутымi ў чорныя цывiльныя штаны, у аднаго ў похве пры баку вiсеў доўгi нож. Усё гэта было малое, хударлявае, мiзэрнае. Мiж iмi - тры чорныя. Як даведалiся палонныя пазьней, тут было шмат мараканцаў, сенегальцаў i iншых афрыканцаў.
      Сымону зь першага пагляду не спадабалiся гэтыя "вызвольнiкi". "Што-ж, разважаў ён, iдучы, - каб хаця йшоў чалавек у палон ды да нейкага сапраўды людзкога войска. Парабак i той добрым панам ганарыцца. А тут во нейкая нявыразная плеўка, казаў той. Аж сорамна да такiх у палон iсьцi. Цi-ж гэта войскам яно называцца мае права? Вунь гэны паўцывiльны й паўвайсковы, а гэты во з нажом ходзiць... Цьфу ты, нячыстае! Бандыты нейкiя, дый годзе. Вось каб было за што ваяваць, дык адпсяюрылi-б што называецца, паказалi-б мы iм, дзе добрае войска. Вы гэта ня думайце, што нас зброяй перамаглi..."
      Найбольш балючым i панiжаючым у Сымонавым разуменьнi было тое, што вось гэтыя, хто ведае адкуль пазбiраныя ў адну кучу бандыты думалi, што зброяй перамаглi й прымусiлi здацца ў палон такiх рослых, дужых, але - на iх думку баязьлiвых i малавартасных жаўнераў...
      FORT BREVILLE
      I
      Ад швайцарскае мяжы аж да паўдзённых Вагезаў 26 лiстапада 1944 году прарваная была лiнiя нямецкае абароны. Павуцiньне пяхоты, мясцамi толькi падтрыманае артылерыяй, ня выказала значнага супрацiву. Адно штаб Зiглiнга й рэшткi некаторых адзьдзелаў мелi час i магчымасьць адступiць. Масы беларусаў жаўнераў трыццатае дывiзii - хлынулi ў адчыненыя французамi й амэрыканцамi дзьверы, узыйшлi на парог новага сьвету. З вакопаў i бункераў, з умацаваных будынкаў, з узгоркаў i далiнаў, адусюль, дзе знайшоў iх хаўрусьнiцкi агонь, па адным, меншымi й большымi групамi валаклiся гэтыя новыя нявольнiкi пад зброю францускiх i амэрыканскiх канвойных. Вочы iх гарэлi-сьвяцiлiся ад непраспаных начэй, запалыя шчокi, бледныя твары сьведчылi аб недаяданьнi й вялiкiх фiзычных цярпеньнях. Кожны цягнуў на сваёй вопратцы па пару кiлаграмаў глiны цi чорнай гразi. Шмат каго канвойныя пазбавiлi чаравiкаў, абулi ў танныя дзеравянкi, а то й пакiнулi ў шкарпэтках цi анучах.
      Група Рэшатава й Калмыкова кiравалася галоўнай вулiцай Асбаху ў бок Альткiрху. Пры ўваходзе ў вёску, налева побач дарогi, францускiя танкiсты старалiся выцягнуць зь вязкай гразi цяжкi амэрыканскi танк "шэрман". Па абодвух баках яго вежы бялелi лёрэнскiя крыжы - прынятыя дэ Голем знакi Вольнай Францыi. Вёска была перапоўненая цывiльнымi й войскам. Па вулiцы ва ўсходнiм кiрунку паволi паўзьлi танкi й машыны. Жаўнеры, седзячы на iх зьверху, насалоджвалiся хвалямi радасных галасоў i прывiтаньняў жыхароў, якiя падносiлi iм хлеб i вiно. Маладыя дзяўчаты, якiх жаўнеры трыццатай дывiзii рэдка й бачылi, кiдалiся ў абдымкi да афрыканцаў, голасна сьмяялiся й дарылi iх сакавiтымi пацалункамi.
      Група Рэшатава са сьлiмачай хуткасьцю пасоўвалася па самым краi вулiцы. Яе праводзiлi крыкi, гiгiканьне, лаяньне й зьдзеклiвыя насьмешкi чорных афрыканцаў. Адна цi другая жанчына з натоўпу разьюшана падскоквала да калёны з кулакамi. Мужчыны кiдалiся зь яўным намерам, каб ударыць каторага палоннага. Канвойным цяжка было трымаць воддаль цывiльных. што раптам набралiся адвагi. Жыхары Асбаху хацелi, вiдаць, адпомсьцiць галодным жаўнерам "трыццаткi" за тое, што адважылiся на працягу апошняга тыдня заспакойваць свой голад куском iхняга хлеба цi агароднiны.
      Сымон заўважыў у натоўпе жанчыну гадоў сарака з дзiцём на руках. Яна, прыглядаючыся да палонных, горка плакала. Хто-ж мог увайсьцi ў тайнiцы ейнага гора ў гэты дзень i час? Магчыма, што дзесь на далёкiм фронце, мо на другiм баку Эўропы, мела сына цi мужа ды ўяўляла, што й ён дзесь галодны, празяблы, а мо й хворы пляцецца ў лiку палонных пад чужым канвоем. А мо ўжо была ўдавой...
      Адно двух- цi трохгадовае дзiця, нiчога не разумеючы, чаму навокал такая вялiкая суматоха, шырока расплюшчанымi нявiннымi вочкамi, толькi дзецям уласьцiвым поглядам, пазiрала навокал.
      На заходнiм баку Асбаху, зьлева, дымiлi яшчэ галавешкi хаты, а ў суседняй вываленая была цэлая сьцяна. Магчыма, што якраз адгэтуль заiкаўся халоджаны вадою стары бальшавiцкi "максiм" пад час раньняга наступу францускiх адзьдзелаў. Далей дарога зьбягала ў лагчыну. Па абодва бакi яе валялiся снарадныя лускi, нямецкiя шлемы, шапкi, патранташы. Крыху воддаль, налева й направа ў вадзе ляжала колькi пашматаных на кавалкi францускiх жаўнераў. Як давялося даведацца пазьней Сымону, французы ранiцою, зусiм бяз элемэнтарнай асьцярожнасьцi, вiдаць, п'янаватыя, iшлi тут групамi ў наступ. Адзiн з пярэдняе абароны батальёну Мураўёва пачаставаў iх парай панцырфаўстаў, ды, пэўна-ж, i той, ужо раней прыгаданы "максiм" таксама наступоўцаў не пагладзiў.
      Плетучыся паволi побач бясконцай калёны машын i танкаў, пад дзiкiя крыкi й насьмешкi мараканцаў, палонныя мiнулi на рэчцы новапабудаваны мосьцiк i накiравалiся ў вялiкi двор фабрыкi пры ўваходзе ў Альткiрх. У варотах двара групе загадалi спынiцца й пачалi вобыскi. Акрамя канвойных, падыходзiлi да палонных i iншыя, што спынiлiся з машынамi. Яны шукалi па кiшэнях, выцягвалi запальнiчкi, ножыкi, забiралi з рук гадзiньнiкi, а некаторыя навет выкiдалi ў гразь усякую непатрэбную iм дробязь. Праз увесь гэты час палонныя былi прымушаныя трымаць рукi ўверх.
      Непадалёк на адкрытым джыпе сядзеў афiцэр i штосьцi балбатаў у радыёперасыльны апарат. Магчыма, гэта быў карэспандэнт, а мо й афiцэр сувязi.
      - Вы откудова? Вы русские? - адлажыўшы набок трубку, раптам спытаў ён па-расейску.
      - Не, беларусы.
      - Да всякие есть, - паправiў iншы.
      - А чего же вы за Гитлера воевать пошли?
      - Да мы не пошли. Он нас сам забрал.
      - Да уж ожидайте, пока вам поверим, - скрывiўся афiцэр.
      Адзьдзел, да якога трапiў Рэшатаў са сваёй групай, як выясьнiлася, складаўся пераважна з мараканцаў. Было сярод iх шмат чорных, а таксама расейцаў, палякаў, а магчыма, што й беларусаў. Зрэшты, дзе пад час Другое Сусьветнае вайны ня было славянаў? Ваявалi яны пад усiмi сьцягамi й па ўсiх тэатрах вайны.
      На вялiкай фабрычнай плошчы група спынiлася. Пачаўся ўжо другi i яшчэ больш грунтоўны кантроль з боку канвойных. Бедны быў той, хто меў добрыя боты: хутка давялося зь iмi разьвiтацца. Сымон быў задаволены, што меў адно падношаныя чаравiкi. Разутыя найчасьцей не атрымоўвалi нiчога ўзамен. Французы, вiдаць, запасалiся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпiць.
      Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп - сотнi мо тры - раней ужо прыгнаных з трыццатай дывiзii. Сымон спасьцярог там Налепу й шмат iншых са свае роты. Афiцэры стаялi ў асобнай групе побач. Лейтанант Башмакоў нiяк не мог дапытацца, дзе згубiўся лейтанант Сьцервiн. Камандзер роты Багданаў цьвердзiў, што пазаўчора каля гадзiны адзiнаццатай Сьцервiн сабраўся ў абход пазыцыяў i ад гэтага часу яго не бачыў. Думалi, што пазьней выясьнiцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Нiхто зь iх так i не даведаўся, што сталася са Сьцервiным, а тыя, што ведалi, тым часам маўчалi.
      Пасьля блiзу гадзiннага чаканьня ўсiх палонных накiравалi ў горад пад канвоем мясцовае палiцыi. Прайшоўшы колькi вулiцаў, спынiлi iх перад будынкам каманданта. Афiцэраў паклiкалi на допыты. У гэтым часе францускiя жаўнеры, што праходзiлi й праязджалi, шнырылi ў людзей па кiшэнях. Ужо зусiм сьцямнелася, калi загналi палонных у падвал нейкага вялiзнага будынку. Там прасядзелi мо пару гадзiн, атрымаўшы першую страву па гэтым баку - па лыжцы нясмачнай полiўкi.
      Заладаваўшы людзей на шматлiкiя транспартныя машыны, завезлi iх за паўдзесятка кiлямэтраў у нейкае мястэчка, дзе разьмясьцiлi на начлег (як Сымон назаўтра даведаўся, прыгледзеўшыся) у пустой жыдоўскай сiнагозе. Пры ўваходзе ў яе яшчэ раз лазiлi людзям па кiшэнях, i ў шматлiкiх беларусаў вытварылася iдэя, што французы - дасканалыя кiшанёвыя майстры.
      Сымон апынуўся наверсе, у вялiкiм бочным пакоi. Людзей напакавалi туды, як у бочку селядцоў. Праз вокны сьвiстаў вецер. Было цёмна. Людзi клалiся адпачываць на сьцюдзёнай падлозе. Ногi й галовы так паблыталiся, што цяжка было-б i разгледзець, што да каго належыць.
      У адным кутку чуваць было нямецкую мову.
      - Ты куды нагу ўпёр мне ў плечы! - жалiўся адзiн голас.
      - Павярнiся-ж ты хаця крышку, каб i я прылёг.
      - Вось дык i жывём, - уздыхнуў трэцi.
      - Камэрад, камэрад! Дас iст фаў драй! - дражнiў немцаў Рэшатаў.
      Колькi чалавек гучна засьмяялася.
      II
      Ранiцою Сымон разгледзеўся. Бажнiца была паўнюсенька набiта народам. Балькон, нiжняя заля, бочныя каморкi - усё было перапоўнена.
      - Слухай! - гукнуў Сымона Пiсаронак. - Караткевiч тут ёсьць.
      - Так? Дзе ён?
      Знайшлi Вiктара на бальконе. Сядзеў i, пазяхаючы, разглядаўся. Усмiхнулiся, паздароўкалiся, моцна пацiснулi рукi.
      - А калi-ж ты трапiў? - пытаў Сымон.
      - Учора апаўднi.
      - Дык дзе-ж ты так доўга быў заваляўся?
      - Братка, каб ты толькi ведаў, - пазяхаў iзноў той. - Хацеў я ўжо быў заставацца ў селянiна. Дамовiўся, усё абцяпаў, як належыцьца. Начаваў у яго цэлую ноч. Дзе-ж ты, братка, такое бачыў... Як пасядзеў адну пару ў тых вакопах - вады па каленi... Не, думаю, не такi я дурань, каб калець на сьцюжы. Дык ведаеш, пайшоў да Рэшатава й прашу, каб даў мне боты. Ён кажа: дам табе боты, дык хутка нi цябе, нi ботаў не ўбачу. Зараз змыешся, кажа. Як узяла мяне, братка, злосьць. Не, думаю, скула-ж табе ў бок. Калi так, думаю, дык i фiгу мяне больш убачыш. Забраўся я да мужыка ў пуню на сена й выспаўся як належыцьца. Спаў да васьмi. Ранiцаю ўстаў, папiў культурна кавы, пасьнедаў у гаспадара дый толькi ўжо збiраўся ў цывiльнае пераапранацца, як тутака табе й пачалося. Ад хаты да пунi не было як перабегчы: мiны кругом клалiся, кулi навокал сьвiсталi...
      - А я-ткi думаў, чаго яны так моцна ў тым баку страляюць? - жартаваў Сымон, ведаючы, што сябра заўсёды дабаўляе й перахвальвае. - Ажно гэта яны цябе старалiся зь бясьпечнага сховiшча вывудзiць. От яно як!
      - Ты сьмейся ня сьмейся, - крыху зьбянтэжыўся Вiктар, - а надта смачна й ня было. Гаспадар дамовiўся мне цывiльную вопратку ў пуню прынесьцi. Дык дзе там! Ня было як. Цi то ня мог прайсьцi, цi то пабаяўся. Ягоная хата была якраз з таго боку вёскi, дзе найбольш абстрэльвалi. Што-ж тады мне заставалася рабiць? Залез я, ведаеш, у хлеў i схаваўся пад бычкоў за карыта...
      - Куды? Куды?
      - Схаваўся за карыта ў быкоў.
      - У быкоў? Га-га-га! - рагатаў Сымон, а Пiсаронак яму памагаў. - Але-ж зь цябе й ваяка. I даволi арыгiнальнае сховiшча. А даiць iх ня пробаваў? Га-га-Та, хэ-хэ...
      Вiктар зьбянтэжыўся.
      - Ну, апавядай далей, - спанукаў сябра.
      - Што-ж там многа апавядаць? Прыйшлi й выцягнулi.
      - Хто прыйшоў i як выцягнулi?
      - Гаспадар сказаў iм, мусiць, бо доўга чакаць - не чакаў. Прыйшло, брат, двое - чорны зь белым. Як хвацiлi мяне за рукi й ногi ды як павалаклi з-за таго карыта, дык чаго ўсiх канцавiнаў не павыкручвалi. Як убачылi, заразы, гадзiньнiк, дык чаго з рукой не адарвалi. Забралi ўсё ўсенькае: i хлябак, i шапку, застаўся во як стаю.
      - Эх, брат, ну й ваяка-ж зь цябе, - сьмяяўся Сымон. Рана пачалi ладаваць палонных на машыны. Мiж афiцэраў вiдаць было й маёра Мураўёва. Ён стараўся быць вясёлым, але гэта не надта ўдавалася. Вясёласьць была штучная. Тое-ж наглядалася й мiж iншых афiцэраў. Яны апранулi штучныя маскi бесклапотнасьцi, з-пад якiх вiдаць было няпэўнасьць цi навет i некаторую трывогу. Магчыма, што ў галовах гнязьдзiлiся ранейшыя, часта паўтараныя немцамi пагрозы, што ўсе палонныя будуць аддадзеныя ў рукi Сталiна.
      Даўгi транспарт з палоннымi, што стаялi ў кузавах аўтамашынаў, ужо каля паўдня выехаў у кiрунку Бэльфорта. Праяжджалi празь вёскi, густа ўпрыгожаныя францускiмi сьцягамi, мiма сьвяточна апранутых жыхароў i калёнаў францускага войска, што пасоўвалася на фронт. З боку як адных, так i другiх у адрас палонных чулiся дзiкае выцьцё, пагрозы й насьмешкi. Той цi iншы з французаў падбягаў i стараўся плюнуць у палонных. Хто ведае, цi сустрэчныя адносiлiся-б iнакш, калi-б ведалi, што палонныя ня былi немцамi.
      Транспарт праяжджаў празь вялiкую вёску, дзе разбурэньнi й розны хлам на вулiцы сьведчылi аб нядаўнiх баёх. Усюды было поўна цывiльных i вайсковых. На павароце аўтамашыны спынiлiся. Сымон зь сябрамi стаяў у кузаве другой машыны. Колькi цывiльных, у тым лiку адна жанчына, набраўшы поўныя прыгаршчы гразi, пачалi абкiдваць ёю палонных. Яны дзiка смяялiся й крычалi, калi гразь пападала ў мэту. Канвойныя, што стаялi па чатыры ў кожным кузаве з бакоў, з уцехаю глядзелi на тыя зьдзекi, бесьперапынна жуючы амэрыканскую гуму.
      Малы смаркаты падлетак, каб зблiзку лучыць гразёй у каторага палоннага, спрабаваў узабрацца на прыступку кабiны. Гразь, няўмела кiнутая малой рукой, адбiлася аб борт кузава й часткова трапiла смаркачу за каўнер. Пачырванеўшы ад сораму й злосьцi, ён схапiў з кучы хламу палку й зноў стараўся дастацца на прыступку, каб бiць безабаронных людзей. У гэты час адзiн старэйшы чарнавусы мужчына, прыдбаўшы добрую дубiну, пачаў абкладаць ударамi палонных на кузаве трэцяй машыны. Былi там пераважна немцы, й тым па краях добра папалася. У кузавах машынаў адбываўся ў часе гэтых пабояў рух: мацнейшыя выпiхалi слабейшых на краi, а самi цiснулiся, прысеўшы на кукарэчкi, у бяспечную сярэдзiнку. Пабоi й дзiкiя крыкi натоўпу прадаўжалiся, аж пакуль транспарт ня рушыў зь месца.
      На змярканьнi транспарт прыехаў у малое мястэчка блiзу Монтбэльярда. Вялiзарная пустая хвабрычная заля памясьцiла звыш тысячы чалавек. У лiку iх было каля чвэрцi немцаў. Вечарам былi выдадзены першыя харчы: дванаццаць бiсквiтаў (сухароў) на кожнага, вялiзная пушка - каля трох кiлаграмаў валовай кансэрвы на восем чалавек i па пушцы кансэрваванага супу на кожнага. Многiя цьвердзiлi, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў армii пры немцах. Мелi слушнасьць. Такi-ж самы паёк атрымалi й на наступны вечар, дык i на голад не давялося жалiцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасьць. Пасьля валовай кансэрвы нядрэнна п'ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот. На другi дзень немцаў пачалi накiроўваць у далейшы вабоз, а новыя транспарты цэлы час прывозiлi палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевiча й Пiсаронка далучылiся тут Жылякоўскi, Дудкевiч, Сакоўскi, Лобiк, Замочак i iншыя. Пасьля абмену весткамi выявiлася, што на фронце зь лiку былых кадэтаў зь Менскай афiцэрскай школы загiнула двое сяброў. Качаноўскi, празываны спартсмэнам, загiнуў у лесе на правым крыле ад Асбаху. Лях, што паходзiў дзесьцi з Наваградчыны ды разам з Дудкевiчам трымаў пазыцыю пры кулямёце на поўдзень ад Альткiрху, быў забiты незаўважаным навет сваймi сябрамi побач. Вiдаць, снайпер узяў яго на мушку. Як сядзеў пры кулямёце, якога не манiўся выкарыстоўваць, так i ўзьлёг на яго. Сябры думалi, што задрамаў. Пасьпелi яшчэ пахаваць. Нiхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, цi хто з былых кадэтаў адступiў зь немцамi на ўсход.
      III
      Дзьве пары прабылi палонныя ў пустой хвабрыцы й на трэцi дзень пехатой былi накiраваны ў Монтбэльярд, дзе затрымалiся на вялiкiм школьным панадворку. Тут-жа былi ўжо ўсе палонныя афiцэры. Адлучыўшы немцаў у асобную групу, француз у цывiльным адзеньнi загадаў сваiм людзям пры дапамозе палонных афiцэраў перапiсаць асобна палякаў, а асобна расейцаў. Беларусаў i ўкраiнцаў як быццам i ня было. Выглядала, што французы мелi наўвеце дзяржаўную прыналежнасьць, а не нацыянальнасьць. Гэткi загад паставiў у тупiк шматлiкiх гарачых патрыётаў беларусаў i ўкраiнцаў, для якiх адмова ад собскае нацыянальнасьцi азначала шмат больш, чымся двукосьсе на ўрадавай паперы. Дарэмным было-б старацца даводзiць некаму з французаў, што акрамя палякаў i расейцаў ёсьць народы, якiя страцiлi незалежнасьць, але нiколi ня выраклiся сваёй гiстарычнай спадчыны й змагаюцца за аднаўленьне дзяржаўнасьцi. Па-першае, палоннага нiхто ня слухаў, i той, хто наважыўся-б выясьнiць справу нацыянальнасьцi, сьцягнуў-бы, пэўна, на сваю галаву больш клопату, чым дабiўся-б карысьцi, па-другое, хто-ж мог бы спадзявацца, каб нейкi францускi вайсковы цi цывiльны чыноўнiк мог разьбiрацца ў такiх справах ды шчэ ў такiх умовах, дзе ён быў поўным гаспадаром жыцьця й сьмерцi гэтых палонных...
      Разумеючы ўсё гэта, навет самыя гарачыя беларускiя патрыёты пакiнулi думкi аб тым, каб пiсацца беларусамi. Ведалi, што гэта магло-б раўняцца самагубству. Маглi-б iх палiчыць за расейцаў. Пасьля-ж, хто ведае, маглi-б выслаць да Сталiна. Усё-ж такi цяжка чалавеку рабiць гвалт над собскiм сумленьнем, тым больш калi яно да гэтага часу было чыстым перад сабою, Богам i Бацькаўшчынай. Адно ратаваньне жыцьця змусiла шмат каго на такi крок.
      Пасьля даўгаватага працэсу перапiскi выявiлася, што група расейцаў была вельмi скупая - усяго пару дзесяткаў чалавек. У iх лiку апынулася трое кадэтаў зь Менску, што да вайны гадавалiся пад маскоўскай акупацыяй. Польшча-ж значна пабагацела на новых "палякаў", на перапiску якiх пайшло шмат аркушаў паперы. "Палякамi" сталiся Сымон Спарыш, Вiктар Караткевiч i iншыя iх сябры з былое Школы Камандзераў БКА.
      Калi жарты й кпiны ў амаль бязвыхадным становiшчы сапраўды вызначаюць жыцьцяздольнасьць i трываласьць некаторых людзей, дык можна сказаць, што якраз да такiх належала бальшыня былых менскiх кадэтаў.
      - Вiдаць, братцы, выгадней будзе ад цяперашняга часу апрануць чужую скуру, - камэнтаваў адзiн перапiс i шлях у "палякi".
      - Як то чужую? А што-ж ты мо не паляк? Цi-ж ня сам гэта меў гонар радзiцца ў вялiкай i моцарствовай? - падпусьцiў другi зь няскрыванай iронiяй.
      - Цi-i-i-i-i-ха вы! - перапалохаўся трэцi. - Не забывайцеся, што могуць непаклiканыя вушы гэту гутарку пачуць. Вам тады не на жартачкi выйдзе.
      - Дык, мусiць, братцы, калi мы - "палякi", варта й на польскую гутарку памаленьку пераключацца.
      - Пся крэў! - пераключыўся ўжо адзiн.
      - Перастанеце вы нарэшце цi не? Пара ўжо вырасьцi й быць больш асьцярожнымi. А то быццам дзецi малыя, сьмешачкi ўсё...
      Ноч пераначавалi ў школьным падвале на голай падлозе. Назаўтра ранiцою, заладаваўшы палонных на аўтамашыны, транспарт накiраваўся ў Бэзансон. Ехалi той самай дарогай побач ракi Дуб, якой калiсьцi адступалi з Францыi. Пазнавалi вёскi й мястэчкi. Кадэты БКА пазналi навет тое месца, дзе бальшыня iхных сяброў перайшла да макiсаў. Шмат мясьцiнаў было цалкам разбурана й спалена. Макiсы, як вiдаць, дрэнна старалiся ўсьцерагчы маёмасьць свае краiны перад знiшчальнымi адзьдзеламi немцаў.
      У Бэзансоне аўтамашыны накiравалiся на ўсход ад гораду дарогай, што вяла на высокую гару, на версе якой палонныя пабачылi высокiя муры старой цвярдынi - Форт Брэвiль. Вужакай узабраўшыся наверх, дарога перарэзала першую старасьвецкую каменную сьцяну. Зараз за гэтай першай, даволi высокай сьцяной паабапал дарогi налева й направа вiдаць былi руiны. Другая сьцяна была яшчэ вышэйшая й мацнейшая. За ёй цягнулася глыбокая шыракаватая канава, абодва бакi якой спалучаў трывалы каменны мост. Аўтамашыны спынiлiся перад галоўнай брамай цьвярдынi, ля якой стаяў вартавы. Гэта ўжо трэцi з чаргi мур вышынi мо на мэтраў пятнаццаць быў асноўным i найлепш утрыманым. Скрыпнулi дзьве вялiкiя палавiны старое брамы, i машыны зь людзьмi пакацiлiся адна за другой на шырокi двор.
      Амаль у цэнтры яго, на невялiкiм бугры, стаяў немалы каменны двухпавярховы будынак прастакутнае формы. Крыху воддаль за iм ззаду стаяла малая каплiца. Памiж двума будынкамi, як давялося пасьля заўважыць прыезджым, знаходзiлася брацкая магiла закатаваных немцамi францускiх патрыётаў. На магiле стаяла вялiкая плiта з крыжам ды дзесяткамi iмёнаў i прозвiшчаў. Можна было меркаваць, што Бэзансонская цьвярдыня - Форт Брэвiль была ператворана немцамi ў катоўню. Муры ейныя былi апырсканы кроўю францускiх патрыётаў.
      Вялiкi двор, у цэнтры якога былi прыгаданыя намi кагадзе аб'екты, быў абкружаны двух- i трохпавярховымi будынкамi з тоўстымi каменнымi сьценамi, у прызначэньнi якiх цяжкавата было разабрацца. Сярод палонных было шмат немцаў, адасобленых ад усiх iншых. Па схудзелых i змучаных тварах можна было здагадацца, што кармiлi iх дрэнна ды што знаходзяцца яны тут ад даўжэйшага часу, збiраныя з усiх адрэзкаў фронту.
      Новую групу зноў падзялiлi паводле нацыянальнасьцяў. Групай "палякаў" заапекаваўся сярэдняга росту й веку, шыракатвары, добра адпасены мужчына, апрануты напалову па-цывiльнаму, напалову па-вайсковаму. Меў цёмна-зялёны мундзiр, шэрую вайсковую фуражэрку з жаўтаватым арлом наперадзе й чорныя цывiльныя штаны.
      - Uwaga! Bacznosc! - вырвалася з ягонае хрыплаватае глоткi. - Ustawic sie w trojszeregu!*
      * Увага! Зважай! У тры рады шыхтуй! (польск.)
      "Палякi" схамянулiся, пачуўшы новую для iх цi ўжо надта-ж даўно забытую мову й каманду, ды памалу, як авечкi, топчучыся, i не бязь лiшнiх таўхалёў, пачалi станавiцца ў калёну па трое.
      - Naprawo r-o-o-wnaj! - ня сунiмаўся новы камандзер. Беларускiя афiцэры на правым крыле, а за iмi цэлая вялiзарная калёна так-сяк выраўнялася. Камандзер з двума французамi пералiчыў усiх, пачынаючы з правага крыла, выдзелiў у асобную групу афiцэраў, параўнаў колькасьць усiх з колькасьцю прозьвiшчаў на перапiсаных лiстах i, адлiчаючы зноў па колькi дзесяткаў, накiроўваў кожную групу ў адны цi ў другiя дзьверы падвалу каменнага будынку.
      IV
      Зьмяркалася. Падвал, у якi трапiлi Вiктар i Сымон зь сябрамi, быў зусiм цёмны. Палонныя вобмацкам шукалi, дзе прытулiцца нанач. Новапрыбылыя хутка выявiлi, што падвал ня быў пусты: колькi папярэджаньняў i лаянак у польскай мове сьведчылi, што тут ужо прысутнiчала пэўная група "родакаў". Пасьля колькiх пытаньняў новапрыбылыя даведалiся, што тыя таксама служылi пры нямецкiм войску, хоць i былi палякамi, як яны тлумачылi, сiлаю забранымi з "кангрэсоўкi" або зь Сiлезii. Беларусы ўгадвалi, што быў гэта ня хто iншы, як польскiя "фольксдойчы", якiя цяпер пры зьмене палiтычнага ветру зьмянялi й нацыянальны колер.
      Людзей налезла, як селядцоў. Паветра было цяжкое, пахла цьвiльлю. Сымон i Вiктар вобмацкам знайшлi пустое месца на вялiкiм круглым камянi. Угадвалi, што быў гэта млыновы камень. Тут-жа побач яго намацалi вялiкае драўлянае кола. Усё гэта сьведчыла, што падвал некалi служыў млыном.
      - Вот, братка, будзе табе сяньня пасьцеля, - гаварыў упоцемку сярод цiхага агульнага гоману Вiктар.
      - Адно, што на галаву капаць ня будзе. Што й гаварыць - высьпiмся па-людзку.
      - Яшчэ-б! Бяда вось адно, што нiчога пасёрбаць не далi. Кiшкi марш граюць.
      - Весялей, брат, будзе спаць.
      - I што, ты думаеш, з намi будзе?
      - Вось дзiвак, яшчэ пытаецца. Усё добра будзе. Ты сягоньня памножыў шэрагi палякаў, дык яны цяпер аб табе й клапацiцца будуць.
      Удзень яшчэ, адразу пасьля прыезду ў Форт Брэвiль, "палякi" даведалiся, што ў хуткiм часе маюць быць добраахвотна высланыя ў польскую армiю ў Iталiю.
      - Так, гэта я ведаю. Мяне цiкавiць толькi, як яно там тое польскае войска выглядае, - мяркаваў Вiктар.
      - Нейкi-ж там цяпер у iх маршалак цi "вудз начэльны" ёсьць. I, пэўна-ж, такiмi, як мы, "патрыётамi" заапякуецца.
      - Чорт пабяры, але-ж, брат, i цьвёрда. Нiколi-ж не даводзiлася яшчэ на каменi спаць, - жалiўся Вiктар, паспрабаваўшы прылегчы i не зьвярнуўшы ўвагi на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.
      - Але ты ведаеш, - цягнуў сваё Спарыш, - нашы дарогi, мая з тваёй, значыцца, мусiць, нiколi не разлучацца. Гэта-ж я думаў, як нас там пад Альткiрхам разлучылi ды паслалi ў iншыя вакопы, што мо прыйдзе якая завiруха й згубiмся. Ажно не. Мусiць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.
      - Або як мы некалi ўмовiлiся ўцякаць у горы, - прыпамiнаў Вiктар, - i ты пайшоў, а я не. То ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Iзноў дарогi чуць не разлучылiся.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39