Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 17)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


      Задатак-жа нейкi ў яго пры сабе ёсьць. Вось, успомнiўшы аб задатку, гэтым жалезным капiтале, былы камандант аж крыху павесялеў. Як-жа хвалiў сябе цяпер за мудрасьць i далёказорнасьць: у гарачы час, калi эвакуiраваўся з Бацькаўшчыны, стукнула яму ў галаву iдэя жменьку цi другую залатых манетаў паўшываць у розныя месцы мундзiру, улучна з тым самым бясьпечным месцам.. Адно-ж уцеха ўцехай, але каб хаця капiтал як захаваць, каб вось неяк чэрцi не знайшлi. Хто яго ведае, як там будзе з тым пераходам. Трэба будзе старацца, камбiнаваць.
      Гэтак Сьцервiн, вядучы калёну, найбольш цяпер i думаў аб тым капiтале. Пару разоў для пэўнасьцi й рукамi там-сям па швах i па гузiках памацаў, улучна аж i з тым найбольш бясьпечным месцам. Ажно весялей неяк зрабiлася.
      "Ужо калi-б на тым баку дзе й давялося цяжкавата, дык, можа, пры дапамозе жменькi гэтых манетаў удасца дарогу як-небудзь прачысьцiць. Людзi-ж нiдзе ня без грахоў. Можна намовiць, перакупiць. Хто-ж мог бы на мiкалаеўскiя не паахвоцiцца?" - разважаў былы камандант.
      Прыходзiла часамi на думку Сьцервiну й ягоная сям'я: жонка й двое дзетак. Ня было часу забраць iх з сабою, уцякаючы, так горача было. Што-ж зробiш... Нельга было прыхiнуць сям'i, дык хаця самому трэба было ратавацца. Ня мог-жа заставацца на пэўную сьмерць. I не вiнавацiў сябе за тое. Ды наагул калi-небудзь i пры большых "справах" цi вiнавацiў сябе ён? Усё-ж рабiлася для палепшаньня будучынi. Дык i навошта было гуляць нейкiмi апраўданьнямi? Цi-ж то ён устанавiў правы жыцьця? Жыцьцё-ж, паводле Сьцервiна, гэта былi джунглi, дзе мацнейшыя й хiтрэйшыя заўсёды былi наверсе, а слабейшыя й пакрыўджаныя крычалi аб праве, праўдзе й iншых драбнiцах. Бяда была ў тым, што жаўнеры ня ведалi гэтага прыродна-жыцьцёвага права, што палягалi на сумленьнi, справядлiвасьцi, гарэлi нейкiм патрыятызмам, верай у Бога цi яшчэ чым.
      "Цьфу на гэта ўсё! То было для iншых, а не для яго, Сьцервiна, што рана пазнаў асноўную жыцьцёвую праўду. Ведаў, што ў жыцьцi, асаблiва дзеля большых здабыткаў, цi нат для собскага ратунку ў выпадку небясьпекi, ахвяры трэба было несьцi. Дык i што-ж такое, калi ён тут у ахвяру прынёс сям'ю сваю? Выхаду-ж ня было. Ня мог-жа з сабою забраць. Калi-б дзеля сям'i застаўся, дык усе разам пацярпелi-б - у гэтым не магло быць сумлеву. Дык i чорт яе там з бабай другая будзе. Падумаеш, баба! Крышку шкада было дзетак, дзяўчынкi й хлопчыка. Пэўна, бальшавiкi iх зьлiквiдуюць. Але як-жа йнакш льга было..."
      Ад гэткага разважаньня ў думках Сьцервiн зноў перакiнуўся да цяперашняй сытуацыi, i няпэўнасьць пачала закрадацца ў яго сьведамасьць.
      "А што, калi знойдзецца такi адзiн цi два, што на другiм баку данясуць, пастараюцца ўсе ягоныя мiнулыя грашкi прыпомнiць? Нямала ёсьць ворагаў. I тут у дывiзii, хаць i, здавалася, што не заўважыў нiкога, - хто-ж яго там ведае... Мала што можа здарыцца? I хiба-ж калi навет дзе хто й быў, што трымаў яго на воку, дык цi-ж ён вылезе цяпер наверх? Гэта там, ужо на другi бок дастаўшыся, трэба будзе ўважней прыглядацца. Ужо калi што дзе вылезе, пакажацца, пастараецца паклiкаць яго да адказнасьцi цi на нейкi суд перад нейкай уладай (а ўлада-ж там, як-бы яна нi выглядала цi называлася, усё-ж будзе), дык, пэўна-ж, - на другiм баку. Але, што-ж меў цяпер рабiць, каб гэтаму запабегчы? Нiчога. Зробленага - ня вернеш. Трэба падрыхтавацца на найгоршае, а там ужо няхай будзе, што будзе, што мае быць. Добра вось, што яшчэ жменьку гэтых залаценькiх неяк захаваў. Мо на помач прыйдуць. Дый калi-ж не яны, у выпадку няшчасьця, дык хто-ж тады мае памагчы? Трэба сьцерагчы й хаваць iх, быццам сваё вока. Можа, у iх будзе пачатак i канец ягоных непрадугледжаных цяжкасьцяў? Абавязкова, абавязкова трэба дапiльнаваць, каб не адабралi. Гэта-ж, можа, апошнi ратунак".
      Гэтак Сьцервiн, заглыбiўшыся ў свае думкi, валачыўся з правага боку на чале калёны. Ад некаторага часу крыху звольнiў кроку i, маршыруючы амаль на ўзроўнi сярэдзiны групы, адным вухам падслухоўваў, як нешта ўсё вурчаў свайму сябру той канюх, якога прыпадкова залiчылi ў лiк дэзэртыраў i паслалi зь iмi на фронт. Не падабаўся Сьцервiну хлопец. "Хто яго ведае чаму? - думаў сабе. Можа, ён што пра мяне ведае? Чаго так уважна колькi разоў да мяне прыглядаўся? Навет i тады, калi яго арыштавалi за лiшнi выстралены патрон i калi Мураўёў ужо надвечар выклiкаў з бункера, калi ўсе афiцэры стаялi каля бараку, дык надта-ж неяк дзiўна быў уталопiўся ў мяне. Няўжо-ж мяне знае? Ня можа быць. Хлопец, здаецца, зусiм незнаёмы. Каб ведаў, каб быў пэўны, дык, можа-б, дзе тут пры фронце як-небудзь набок яго ўдалося? I чаму ён мне не падабаецца? Мо таму, што заголасна заўсёды выказваецца са сваiм патрыятызмам? Гэта-ж i ад Рэшатава пару разоў пра яго й пра ягонага, сябру чуў. А патрыёты - асаблiва цяперашнiя, беларускiя - гэта-ж вар'яты. Яны там за нешта ўзьнёслае, уяўленае, няiснуючае стаяць, дык i гатовы добраму, практычнаму, такому, як ён, чалавеку крыўды прынесьцi".
      Сьцервiн уважней наставiў вуха й стараўся слухаць, што гаварыў канюх. Той колькi разоў пазiраў на яго i, вiдаць, нешта хацеў сказаць.
      - Спадар лейтанант, - нарэшце асьмелiўся, гаворачы чысьценька па-беларуску.
      - Ну, что?
      - Пусьцiце мяне назад у вабоз. Мяне-ж памылкова забралi.
      - Как то? Да при чем здесь я? Разве я тебя забрал?
      - Хоць, можа, i ня вы, а капiтан той, але-ж я канюхом быў i толькi прыпадкова папаўся яму пад руку. Дый конь мой застаўся сам, даглядаць за iм няма каму. Пусьцiце, спадар лейтанант.
      - Если и была ошибка, то не моя, конечно. Пускать тебя назад я не имею права.
      - То-ж вы цяпер камандзер. Як-жа не маеце права?
      - А тебе какое дело? Разве я должен тебе докладывать о том, что делаю? Пры гэтым Сьцервiн накасавурыўся i ўжо даволi пагрозьлiва зiрнуў на канюха.
      - Пакiнь ты! - таўхануў пад бок Сымона Вiктар. - Чаму ты яго просiш? Будзем во разам.
      - Я-ж думаў, што мо чалавек зразумее, ажно...
      Сымон ня сяньня заўважыў фарсiстага афiцэра. Ня змог-бы пэўна вытлумачыць, чаму той яму так не спадабаўся з выгляду. Ня йшла гаворка аб вопратцы цi аб тых блiскучках, але найбольш - аб самiм твары. Сымону здавалася, што гэта наскрозь хвальшывы чалавек. Хоць блiжэй яго й ня ведаў, назiраў адно здалёку, але-ж хто мог не спасьцерагчы ягонай празьмернай лiсьлiвасьцi да сяброў-афiцэраў, асаблiва да старэйшых камандзераў сваiх, i той абыякавасьцi, штучнай адлегласьцi, на якой трымаў сябе Сьцервiн у дачыненьнi да малодшых чынамi?
      Цяпер-жа Сымон першы раз трапiў пад ягоную ўладу. Чуў раней, што быццам Сьцервiн быў беларусам. Дык i чаму-ж, калi iншыя афiцэры гаварылi па-беларуску й па-ўкраiнску, памiнаючы ўжо толькi чыста вайсковую расейскую каманду, чаму ён - гэты францiк з шэрагам залатых зубоў наперадзе, анiяк не хацеў зь iм, Сымонам, навет i цяпер гаварыць па-беларуску? Няўжо-ж ён быў аж настолькi маскаль?
      "Эх, тут нешта ня тое. I цiкава, чаму гэты чалавек мне так не падабаецца? Цi ня варта было-б крышку больш аб iм пранюхаць?"
      V
      - Гальт! - пачулася зь цемры наперадзе, й два ручныя лiхтарыкi з абодвух бакоў дарогi вузенькiмi палоскамi сьвятла прарэзалi восеньскую цемру ды коўзалi па тварах затрыманых Сьцервiным людзей. Дарожная старожа нямецкае вайсковае палiцыi сачыла за рухам у абодвух кiрунках, лавiла й затрымоўвала падазроных й дэзэртыраў.
      Сьцервiн падыйшоў наперад да немцаў, замянiўшыся зь iмi колькiмi сказамi, i малая калёна паволi рушыла наперад. Яшчэ зрабiлi адзiн кiлямэтр. Пад узгоркам шаша павярнула дугой налева ды пасьля стужкаю выпрасталася ў кiрунку Асбаха. З правага боку, ледзь заўважныя ў цемры, тырчалi густаватыя зарасьнiкi. Дарога была пад сталым абстрэлам артылерыi працiўнiка. Ледзь заўважны цёмны гарызонт асьветлiцца водблiскам гарматных стрэлаў, да вушэй прыбяжыць сьвiст снарадаў. Гул узрываў спыняе манатонна-нуднае выцьцё асеньняга ветру. Працiўнiк страляе вобмацкам, наўгад. Вось iзноў чуваць, як дзесьцi за ўзгоркам зарагаталi жалезныя глоткi, i сотнi кiляграмаў жалеза зь няпрыемным дэмаралiзуючым енкам лятуць у кiрунку малое групы дэзэртыраў. Сьцервiн ня турбуецца. Яшчэ з Бацькаўшчыны, а то й з апавяданьняў ведае, што ня трэба баяцца тых снарадаў, сьвiст якiх чуеш загадзя. Сьвiшчуць толькi пералётныя. Тых, што могуць у цябе трапiць або не далятуць, сьвiсту нiколi не пачуеш. Дык Сьцервiн i ня турбуецца. Ня тое, каб ён адважным быў. Зусiм не. Цi раз дома даводзiлася, не аглядаючыся, назад пяткi падмазваць, а то часамi й камбiнаваць, каб дзе пад лiвень агню ня трапiць. Праўда, была ў Сьцервiна адвага iншага роду: прыкладам, у селянiна самагонку адабраць цi над жыдамi пазьдзекавацца, абрабаваць дзе каго пад час "выкананьня службовых абавязкаў". Баёвой-жа адвагай не грашыў...
      Колькi снарадаў загрымела шнурам побач дарогi. Вецер прынёс смурод пораху. Але што-ж такое? Дзе-ж гэта людзi? Азiрнуўшыся, Сьцервiн спасьцярог, што бальшыня ягоных людзей зь перапалоху пакацiлася ў прыдарожную канаву. Толькi жменька, звольнiўшы крок, ня ведае, што рабiць.
      - Эй, там! - раве на ўсю глотку лейтанант. - Кто вам приказал прятаться? Встать сейчас же, такую вашу...! Ишь ты! Вон какие с вас, значится, вояки. Подыматься! Погодите, вы еше ничего не видели! Еще, может быть, забудете, куда и прятаться надо будет!
      Не без задаволенай ухмылкi на твары параўнаў у гэны момант Сьцервiн сябе, спрактыкаванага i, паводле яго-ж самога, вельмi адважнага жаўнера, з гэтым, на яго думку, палахлiвым збродам дэзэртыраў. Аж выпрасталася з задаваленьня кароценькая шыя i раўней пайшлi ногi.
      Перад будынкам, дзе мясьцiлася каманда батальёну, падзел людзей адбыўся хутка. Усе былi накiраваныя да сваiх ротаў.
      - Глядзеце, хлопцы, ня курыце й цiха гаварыце, - перасьцерагаў зьвязны падафiцэр малую групку, у якой былi Сымон i Вiктар.
      Групка мiнула колькi цёмных хатаў, увайшла ў зарасьнiкi ды, зь цяжкасьцю выцягваючы ногi зь мяккай размоклай глiны, павярнула на край лесу, дзе ледзь вiдаць былi абрысы нейкага будынку. Падыйшоўшы, заўважылi, што была гэта невялiкая сьвятыня. Увайшлi. Вокны касьцёлу пазавешаныя былi знутры жаўнерскiмi коцамi, а ў цьмякым сьвятле адзiнокае сьвечкi, што гарэла ў куточку, можна было разгледзець пару дзесяткаў замурзаных, аблепленых засохлаю глiнай людзей, што спалi на падлозе. За алтаром, у круглай адтулiне ў сьцяне, тырчаў кулямёт, а пры iм сядзеў чалавек. Побач, у кутку, галава статуi Маткi Боскай схавалася ў рудавата-глiнястым шлеме. У куце, зьмешаныя з розным жаўнерскiм хламам, тулiлiся касьцельныя рэчы.
      - Хто тут ёсьць? Войнiк! Гэта ты? - пачаў клiкаць Сымон, прыпомнiўшы, што тут павiнна быць пару ягоных сяброў.
      - Как, Спарыш? И ты здесь? Каким образом? - пачуў хлопец няпрыемны голас курносенькага Рэшатава, што ў паўдрэмцы сядзеў на прыступках аўтара.
      - Я ня ведаю, гаспадзiн обер-лейтанант, - зьбянтэжыўся такiм спатканьнем Спарыш. Ён быў ужо крыху й падзабыўся аб iснаваньнi расейца, хоць прыгадваў, што ён тут. У сустрэчы ня было нечаканасьцi, адно зьбянтэжанасьць. Накiравалi мяне толькi аднаго з канюхоў. Цi гэта, можа, прыпадкова? Пашлiце мяне назад, обер-лейтанант. Тут адзiн не мае стрэльбы, дык я яму аддам гэту, а ў абозе маю другую.
      - О, нет! - ашчэрыўся Рэшатаў. - Ты теперь с фронта не уйдешь, будешь здесь все время. Уж будем воевать вместе...
      - Давайце строiцца тыя, што прыйшлi! - загадаў лейтанант Калмыкоў. Старшына Налепа ўзяўся за ўпарадкаваньне новапрыбылай групы.
      - Зараз пойдзеце ў вакопы, дзе маеце прасядзець у абароне па дваццаць чатыры гадзiны, - тлумачыў Калмыкоў. - Глядзеце, каб нiхто не пакiдаў пазыцыяў без загаду.
      Калмыкоў даў кароткую iнфармацыю аб баёвой сытуацыi й распалажэньнi роты. Трынаццаць чалавек, прызапасiўшыся амунiцыяй, пакiнулi касьцёл. Прайшоўшы прыблiзна дзьвесьце мэтраў, спынiлiся на самым бугру ўзгорка. Перад iмi на захадзе адкрылася далiна. Пры млявым сьвятле месяцавага сярпа Сымон заўважыў у цемры будынкi горада Альткiрха. Прыблiзна адлеглая на пяцьсот мэтраў на захад, цьмяна вызначалася стужка шашы, што бегла да пярэднiх вакопаў батальёна Мураўёва. Блiжэй у гэты бок ледзь можна было заўважыць крывулю прасёлачнай дарогi. Бугор, на якiм затрымалася група, быў даволi абрывiсты; пэўна, цяжка было-б узьлезьцi на яго танкам працiўнiка. Гэтулькi спасьцерагло маласпрактыкаванае ў вайсковай тапаграфii вока канюха Сымона. Зiгзагаватая глыбокая канава, аж па каленi напоўненая вадой, была адным з перадавых вакопаў.
      - Хлопцы, вылазьце! Зьмена прыйшла! - гаркнуў зьвязовы.
      Паволi, зь вялiкай цяжкасьцю выцягваючы з глiнястае калатушкi ногi, пачалi вылазiць з ямы запэцканыя з ног да галавы цёмныя фiгуры.
      - Але-ж вы й абляпiлiся! Чаго тут i баяцца: вас i супрацьпанцырны не ўзяў-бы! - здабыўся адзiн з прыбылых на жарт.
      - Скалi, скалi зубы. Пабачыш, як табе стане весела, тут пасядзеўшы, агрызнуўся нехта з папярэдняй зьмены.
      - Колькi чалавек прывёў? - пачуўся голас дружыновага Лакусты.
      - Трынаццаць.
      - Хто з вас знае панцырфаўст?
      - Я, - пахвалiўся Ўладзiк.
      - I я, - далучыўся Сымон.
      - Iдзеце там колькi крокаў проста наперад. Там у бункеры сядзяць трое з гэтым "шрэкамi" - зьмянiце iх. Хто трэцi? Давайце хутка, не марудзiць! Чаго стоўпiлiся так у кучу? Што, вы на кiрмашы, думаеце? Хочаце, каб вас мiнай узнагародзiлi? Давайце, хто там яшчэ, - пяць чалавек iдзеце налева. Завядзi iх, Пiсаронак, пакажы!
      Сымон, Уладзiк i трэцi, iм незнаёмы, накiравалiся наперад. З бункеру вылязьлi Войнiк, Панумарэнка й Бабрыцкi. Ногi ўлезьлi аж па каленi ў глiнястую калатушку. Упоцемку хлопцы абмацалi ў сьценах бункеру даўгаватыя полкi, высланыя ўжо вiльготнай саломай. Два Сымонавы таварышы палезлi на тыя полкi спаць, а канюх, узяўшы з сабою панцырфаўст, што называў "балдавешкай", ды "качаргу", падняўся па выразаных прыступках на перадавы назiральны пункт, каб трымаць варту. Толькi цяпер прыгадаў, што дзесь па дарозе згубiўся вызначаны, мабыць, у другi вакоп Вiктар Караткевiч.
      - Але-ж цяля, - бурчаў пад носам Сымон. - Яго, як тое дзiця, за ручку вадзi. Чаму-ж нам цяпер якраз собiла разьдзялiцца, у ваблiччы найбольшай мо небясьпекi...
      НОЧ I СЬВIТАНЬНЕ
      I
      Зольная васеньняя эльзаская ноч дыхала хуткабежнымi нiзкiмi хмарамi, хлiстала густым i назойлiвым, праймаючым аж да касьцей дробненькiм дожджыкам, там-сям шпурляла й тузалася мiнамi й снарадамi. Людзi зяблi й дрыжэлi, ляскалi зубамi, мясiлiся ў жыдзенькiм глiняным цесьце, адхуквалi й церлi пасiнелыя рукi; трасучыся ад золi, тулiлiся да акалелых i насычаных вадою сьценаў вакопаў, абрасталi рудаватаю глiнаю. Людзi, як краты. Краты ў глiне.
      Сымон Спарыш прылiп да пярэдняе сьцяны вакопу. Дрыжыкi пачыналiся зьнiзу, ад мокрых нагавiцаў i шкарпэтак. Хваляю прабягалi па сьпiне й канчалiся на пасiнелых ад сьцюжы вуснах. Цяжка было трымаць паднятымi алавяныя павекi. Мала памагаў настаўлены тонкi каўнер мундзiра. Маскавальная палатка крышку ратавала ад дажджу, але ня грэла. Навокал былi дзiч i пустка. Хмары, дождж i глiна. Золь i глiна. Зямля й цемра.
      Сымон амаль ня здольны быў думаць. Здавалася, што пад халодным шлемам празяблi мазгi. Толькi нудны й жаласны вецер сьвiстаў каля шлему, паўзучы нiзенька над самымi грудамi ральлi. Над вакопамi мiльганула нейкая цёмная шыракакрылая зьява i, пакруцiўшыся, шыбнула зь ветрам у кiрунку лесу. Здалося, што груган.
      - Цьфу на цябе! - злаваўся былы канюх. - На нядобрае ты, гад, мусiць, варожыш.
      У галаве пашарпанымi абрывамi, малазьвязанымi вобразамi перасоўвалiся мiражы: цi гэта быў брэд. Не, мусiць не. Чалавек быў у тым стане, калi анi ня сьпiць, анi ня жыве сьведама. Мусiць, i мазгi былi празябшыя, здранцвелыя, акалелыя.
      Першаы мiраж: мiска стравы. Тлустай, сытнай, гарачай. Абавязкова гарачай, хоць мо й ня так тлустай. Ах, якое то было-б багаслаўленьне для прысохлага да сьпiны жывата, для прагнучага цяпла арганiзму. I няхай бы хто папробаваў тады сказаць Сымону, што ёсьць на сьвеце лепшыя дабрадзействы за тлустую, сытную, гарачую мiску стравы. Нiчога ня было. Была адно цемра, золь, быў галодны празяблы Сымон, i ў ягоным уяўленьнi - гарачая мiска стравы.
      Дзе гэта апошнi раз давялося былому кадэту-канюху спажываць такi ўяўлены прысмак? Хiба-ж ня была гэта тая густая нямецкая гарохавая зупа ды ўжо й, пэўна-ж, ня рэдзенькiя крупы са смярдзючай канiнай. Не. Гэта было хiба шмат раней. Так. Напэўна, раней. Здаецца, так нядаўна - усяго чатыры цi пяць месяцаў таму назад, а з другога боку - цэлая вечнасьць. Гэта было ўдома, яшчэ на Бацькаўшчыне, у бацькавай хаце, калi прыехаў зь Вiльнi...
      Другое трызненьне - абед у сялянскай хаце. З-за шырокага дубовага падоўжанага стала далятае звон алюмiнiевых лыжак аб глiняныя мiскi. Сямейка, аблакацiўшыся, нахiлiўшыся над мiскамi, заядла сёрбае. Няма часу. На полi чакае жнiво, а то й малацьба. Мала хто гаворыць. Толькi кот мяўкае, круцiцца й трэцца каля ног пад сталом, назiрае, дзе й як падпiльнаваць кусочак леташняй, пахучай, на дробненькую мязгу пацёртай у зупе сьвiнiны.
      - Кастусь, не разьлiвай на кашулю, разiнька ты, - перасьцерагае й навучае бацька.
      Кастусь - самы малодшы. Ён яшчэ не ўмее добра валодаць лыжкаю. Пакуль пад'есьць - залье ўвесь перад сiняй кужэльнай кашулi. На сьцяне паволi, мераючы хвiлiны, цыкае-такае вага вялiкага, пазалочанага, прывезенага некалi бацькам з Петраграду, гадзiньнiка. Вось захрыпелi спружыны, адхiнуўся далёка назад мядзяны малаточак.
      - Бум!
      - Раз, - чуецца дзiцячы голас з-за стала.
      - Бум!
      - Два.
      - Чуем безь цябе. Глядзi ўжо, куды лыжку нясеш, разiнька, - iзноў ня вытрымаў бацька.
      Як прыемна й утульна было ў роднай хаце, хоць i беднай, але-ж сваёй. Дзе-ж яны падзелiся - родныя, дарагiя, незаменныя? Цi зьмёў iх ужо з паверхнi зямлi нячысьцiк з усходу? Госпадзi, Валадар Усемагутны! Цi-ж пры падзеле долi на гаротнай зямельцы гэтай ня выпала ў Цябе трохi больш дабра беларусу? Чаму й за што так цяжка караеш?
      Пасiнелыя вусны шэпчуць, ледзь варушачыся ў цемры...
      Уяўленьне зноў вяртае вобраз бацькi - хваравiтага, спрацаванага, згорбленага горам i несканчонай жыцьцёвай злыбядой. Зморшчаны ласкавы твар. Блакiтныя спачувальныя вочы. I словы:
      - Iдзi-ж, сынок, калi ты ўжо так пастанавiў, але помнi, што сам сабе мусiш раду даваць. Я больш ня ў сiлах. Каб во не бяда гэта й не вайна, дык, можа-б, як i памог, а так...
      I ў гэны момант, здаецца, няма мiж бацькам i сынам адлегласьцi.
      Голас зноў абрываецца. Ён- зусiм нярэальны. Цi й сапраўды калi такi быў? Усё-ж ужо нярэальнае, навет жыцьцё самое. Яно - жахлiвае, беспрасьветнае...
      Але-ж не. Некалi ня было для Сымона анi гэтай эльзаскай калатушкi-глiны, анi чужой золi, нi выючага ветру. Была сям'я, цяпло, утульнасьць, бацькоўскае й мацярынскае каханьне й клопаты. Было роднае цёплае гняздзечка, крыльле, што ахоўвала, вусны, што сьпявалi й цешылi, грудзi, што тулiлi, сэрца, што бiлася любоўю... Былi штодзённыя дробныя клопаты, звычайная будзёншчына ў сваёй сямейцы. Усё гэта, такое далёкае, непаўторнае, цяпер адыйшло ў нябыт...
      Трэцi мiраж: на Росах ледзь стаiць ужо пахiлены, збуцьвелы, падгнiлы драўляны крыж. На iм пагода амаль зьлiзала чорны надпiс. На зусiм аселую, амаль зраўнаную з навакольнай зямлёй магiлку дрыжачая юнацкая рука стаўляе запаленую сьвечку. Вецер гасiць яе. Далонь ахутвае слабое полымя. Заплылыя сьлязамi вочы яшчэ раз поўзаюць па тым зьлiзаным на крыжы надпiсе, каб упэўнiцца, што яна тут, а ня ў iншым месцы... Дарагая, незаменная, адзiная... Хоць адзiн сын знайшоў сюды сьцяжыну, каб адведаць, успомнiць. Чаму-ж лiхi лёс не дазволiў легчы табе ў роднай вёсцы, каб адведвалi дзеткi, каб штодзень зрок iхны шукаў зводдаль месца твайго супачынку?
      Калiсьцi даўно-даўненька, здаецца, назад цэлыя стагодзьдзi таму, было гэта. Сымону гадоў цi ня дзесяць тады мiнула. Вунь памагаў ужо матцы зь сярпом пры загоне перасьпелага жыта. Трэба-ж чым хутчэй. Суседзi, у якiх стае рук да працы, даўно пажалi. Памагае й самая старэйшая замужняя сястра. Рэжуць вострыя сярпы таўстыя сьцёблы, й паволi пляцецца гутарка.
      - Эх, Божа-ж мой, Божа, - уздыхае, выпрастаўшы сьпiну й навокал пазiраючы, мацi, - працуеш, працуеш век, а памрэш, дык цi ўспомнiць хаця хто...
      - Мама, мамачка даражэнькая... каб ты толькi ведала...
      Але гэтых апошнiх слоў ня чуваць было тады на жытнiшчы. Iх цяпер заглушае жаласлiвы вецер на чужой эльзаскай зямлi.
      II
      Ад самай першай сутычкi з французамi, ад часу заняцьця пазыцыяў на фронце, перабежкi людзей да працiўнiка прадаўжаюцца. Пераходзяць найчасьцей малымi групамi - па тры-чатыры. Камандзеры бачаць, як таюць шэрагi, як убываюць людзi. Рапарты аб перабежках падаюцца ўверх позна - каб адцягнуць, утаiць. Афiцэры бачаць, што мараль войска нiзкая. Адной з прычынаў зьяўляецца нiзкаякаснае й нярэгулярнае харчаваньне. I чаго-ж вартая ў баi армiя, якая навет на сталым адрэзку фронту, пры добрых магчымасьцях даставаў, ня можа наладзiць нармальнага харчаваньня?
      Няма сумлеву, што працiўнiк ад перабежчыкаў ведае колькасьць, якасьць, твар, баявую маральнасьць i распалажэньне ўсiх адзiнак на гэтым баку. Ён ужо добра зарыентаваны, што тут адно павуцiная заслона, прайсьцi празь якую ня будзе нiякiх цяжкасьцяў. Ведае, пэўна-ж, i тое, што беларусы ня маюць намеру баранiць чужой нявольнiцкай iмпэрыi. Працiўнiк, як вiдаць, спынiўся адно для перадышкi, каб падцягнуць запасы амунiцыi, харчоў, людзей. Тое з трыццатай дывiзii, што само не адпаўзе добраахвотна на той бок ды пакуль што трымаецца ў цэласьцi, жыве на пазычаным часе.
      Галодныя жаўнеры насуперак загадам зьверху лазяць па гаспадарскiх падвалах, забiраюць усё, што пападаецца пад руку зь емiны. Iншыя, забываючыся, залiваюцца вiном. Цi адзiн ужо дастаў за гэта кулю ў лоб ад немцаў. Але галодных не накормiш загадамi, забаронамi, не пашлеш у вакоп баранiць свае пятлi...
      Камандзеры батальёну Мураўёва, прынамсi, тыя, што стараюцца бачыць i думаць, ведаюць, што штучна склееная адзiнка дажывае апошнiя днi. Дзеля таго думаюць яны аб ратаваньнi свайго жыцьця ў недалёкай будучынi. Калi пачнецца апошнi акт драмы на нямецкiм баку, калi гарматнымi грымотамi адчыняцца дзьверы ў новы сьвет, трэба ўцалець пад агнём i перайсьцi на другi бок - вось асноўная iдэя, што гнезьдзiцца цi ў адной галаве.
      Лейтанант Сьцервiн зноў паклiкае на дапамогу ўсю сваю вынаходлiвасьць. Што хутка фронт крахне - у яго няма сумлеву. Застаецца адно крыху прадугледзець, а пасьля - папярэдзiць выпадкi. Трэба перабрацца на той бок - гэта ўжо ясна, ведама й пастаноўлена ня сяньня. Трэба ня толькi перайсьцi цэлым, але й захаваць усё сваё багацьце.
      Лейтананта Башмакова - камандзера зьвяза з чацвёртай роты - Сьцервiн ведаў яшчэ зь Беларусi. Разам у палiцыi доўгi час служылi. Каб яму, Сьцервiну, столькi год здаровага й шчаслiвага жыцьця, колькi яны ўдвух лiтраў самагонкi зглумiлi. Дый чаго iншага толькi ня выраблялi пад час таго глумленьня... Адным словам, гэта - "парень", зь якiм шмат чаго можна было зрабiць. Дый цi першы раз рабiць прыйдзецца...
      Ня трэба было Башмакову й двух слоў, каб зразумеў, у якi бок кiруе Сьцервiн свае аглоблi.
      - Так в чем же дело, - адказаў былы чырвонаармеец, - давай, не медля...
      Умовiлiся на сяньня. Башмакоў мае быць дзяжурным па роце, будзе цэлы час у баёвой гатоўнасьцi. Каля гадзiны адзiнаццатай сустрэнуцца на перадавых пазыцыях, на левым крыле абаронных вакопаў Асбаху. Сьцервiн будзе абыходзiць пазыцыi свае роты, а там ужо сустрэнуцца й гайда... Так, здаецца, проста й дасканала. Як пiць даць, казаў той. Ужо раней асачылi й абмяркавалi дарогу на другi бок, найбольш праўдападобныя месцы пазыцыяў працiўнiка, да якiх трэба накiравацца.
      Сьцервiн зацягнуў пару глыткоў штучна пэрфумаванага, пахучага, удушлiвага дыму зь нямецкае цыгарэты, устаў i зiрнуў на камандзера роты, што драмаў за сталом пры закуранай лямпе.
      - Думаю пройтись, Иван Павловнч, - кiнуў, быццам нехаця.
      - Да, да, хорошо, пройдитесь, - адказаў камандзер, - проверьте, как там ребята и вообще, что где слышно. Черт подери, уже двадцать три человека из роты удрало, - церабiў галаву. - Разве они не знают?.. Да, впрочем... - махнуў вялай рукой капiтан.
      Сьцервiн бярэ на плячо аўтамат i, не азiраючыся, выходзiць.
      - Але-ж i цёмна, бляха! - кляне, спынiўшыся за дзьвярыма.
      Ноч цёмная, як дзёгаць. Лейтанант пастаяў, колькi змог разгледзеўся, штосьцi памяркаваў. Рука выцягнула з-пад пазухi плоскую пляшку, а вусны ўзялiся смактаць зь вялiкай прагнасьцю. Цяплыня разьлiлася па жываце.
      Сухi вецер магутнымi крыльлямi бушаваў у цемнаце. Дзесьцi ўверсе шумелi густыя клубы хмараў, калацiлiся вяршынi аголеных дрэваў. Вецер церабiў выстаючую ў Сьцервiна з-пад шапкi грыўку валасоў.
      Нiдзе нiкога ня вiдаць. Лейтанант пастаяў, пасьля, паволi адмераўшы крокаў трыццаць у заходнiм кiрунку, павярнуў налева ў бочную, вядучую на поле, вулiчку. Ужо наблiжалася адзiнаццатая, i хто ведае, цi Башмакоў яго не чакае. Ён i ня думае паказвацца ў вакопы свае роты. Чаго? Няма дурных. "Трохi мо й занадта цёмна, але хто яго ведае. Можа, так i лепш", - мяркуе, асьцярожна ступаючы, Сьцервiн.
      Ззаду, здаецца, чуваць нейкiя крокi. Ён спыняецца й азiраецца, але нiчога не бачыць. Зрэшты, навокал-жа свае. Чаго-ж тут баяцца? Але нейкая няпэўнасьць пачала дакучаць апошнiмi днямi... Ледзь ня трывога. Нiколi так раней ня было... Эх, дурнота, - махае ён у думках рукой i для пэўнасьцi падцягвае ды трымае напагатоў аўтамат, каб у выпадку нечаканасьцi... Тулiцца блiжэй да сьцяны забудаваньняў па левым баку. Можа, так хутчэй спасьцеражэ спадарожнiка. Iзноў спыняецца й чакае момант, але нiчога ня вiдаць. "Ат, мусiць, цi не здалося мне. Дый чаго я так, як дзiця, трывожуся? Свае ж навокал..." - i ставiць смялей крокi, трымаючыся амаль самых сьцен.
      Раптам нечыя рукi, быццам стальныя кляшчы, хапаюць за шыю й цягнуць за вугал хаты.
      - Ах ты! У-у-у-ух! - вырываецца нечакана ў Сьцервiна, i ён напружвае ўсе сiлы, каб вырвацца са стальных абдымкаў. Але напасьнiк балюча крутануў назад левую руку Сьцервiна, а другой умiг ськiнуў з пляча аўтамат i трымае за горла.
      - Стой, гадзюка! - нянавiсьцю дыша голас. - Папаўся ты нарэшце!
      Ззаду хуткiм трушком зблiжаюцца нечыя крокi, й перад Сьцервiным вырастае рослая фiгура.
      - Малiся, нячысьцiк, калi ў Бога верыш! - загадвае шурпаты бас. - Бо прыйшла хвiлiна помсты. За ўсе крыўды, якiя ты прынёс беларускаму народу, за гвалчаную матку, мужа, дзiця, за расстраляных i апаганеных...
      - Пу-у... - задыхаецца i ўецца, быццам тая гадзюка ў кляшчах, Сьцервiн.
      Вочы ягоныя аж вылазяць з вачнiц, спасьцярогшы маланкавы рух правай рукi папярэдняга напасьнiка. Даўгое жыгала кантаватага штыка ўядаецца пад рэбры.
      - У-у-ух!
      Сьцервiнавы каленi гнуцца, арганiзм слабее й звужаецца, паглынае ўсё навокал начны дзёгаць.
      Дзьве постацi моўчкi пару хвiлiн стаяць над сьвежым трупам. Насок жаўнерскага чаравiка паварочвае ўверх улiплы ў балота нос.
      - Цi ня лепш было-б дзе прыхаваць?
      - Пэўна-ж. Але дзе?
      - А вось, давай, цягнем туды, - паказвае гаспадар голасу ў бок будынку з большым падстрэшшам. - Чым-небудзь накрыем. Пакуль суд ды справа, дык i ня будуць ведаць, дзе падзеўся. Падумаюць, што ўцёк. А то нашы нявiнныя хлопцы пацярпець могуць...
      - Дык давай хуценька!
      Адзiн бярэ труп за рукi, другi за ногi й цягнуць пад iншы будынак. Палажыўшы пад самай сьцяной, воддаль ад вулiцы, бяруць, што трапляецца пад рукi - усялякi хлам - i кiдаюць наверх. Штык застаецца ў грудзях.
      - Здаецца, што будзе добра.
      - Мабыць, ужо ня вiдаць, - мяркуе друтi.
      - Ты стой! - спасьцерагаецца першы. - Гэты-ж гад на сабе кучу золата пэўна. меў... Чаму-б не папароцца?
      Момант маўчаньня.
      - Можа, й праўда... Ах, - махае рукой другi, - няхай яно яму на водкуп ад чарцей у пекле будзе. Хадзем хутчэй!
      Адзiн падымае кiнуты па дарозе каля вугла хаты Сьцервiнаў аўтамат, i абое накiроўваюцца ў поле. Паволi, крадучыся, мiнаюць пярэднiя пазыцыi i, кiруючыся на захад, таюць у ночы.
      III
      Пасьля ўсяночнай варты, па каленi ў калатушцы, Сымон быў зьменены. Вярнуўшыся ў касьцёл, крышку, што ўдалося, падсушыў, адпачыў i зноў быў накiраваны з панцырфаўстам у хату, дзе з двума iншымi мелi назiраць з акна ў падвале. Тут крышку пажывiлiся. Праўда, у гаспадарскай пустой хаце не знайшлi хлеба. Тут не яны ўжо першыя былi, ды мо й не апошнiя. Адно было ўволю яблыкаў i кiслага белага вiна. Цэлы час паласкалi вiном засохлыя горлы й закусвалi фруктамi.
      Таго самага вечару, калi помста дагнала лейтананта Сьцервiна, Сымон зноў быў высланы на правы фланг у малы ненакрыты вакопчык. Зь iм пайшоў ведамы ўжо чытачу Гвардзейчык. Нiводзiн не спаў, бо й спаць было цяжкавата неяк. Каля паўночы сухi вецер пачаў разганяць хмары, i зноў паказаўся серп месяца. Мiны не давалi заснуць. Яны сьвiсталi, чаргуючыся, па ўсёй лiнii фронту. Направа ад таго месца, дзе трымалi пазыцыю Сымон i Гвардзейчык, на паўночны захад ад iх, нехта нанiзваў вогненныя пацеркi на шнурочак. Рэгулярныя дугi агнявых куляў то падымалiся ўверх i лукам спадалi да зямлi, то зноў ёмка несьлiся, прыгнуўшыся, здавалася, да самых чубоў недалёкiх кустоў. На дапамогу iм побач рагаталi снарады лёгкай артылерыi й мiнамёты. Аб'ектам працiўнiка быў мост на канале ў вёсцы Гагэнбах. Здабыўшы яго, можна зайсьцi ў тыл адзьдзелам у Асбаху, адрэзаць iм дарогу водступу. З боку "трыццаткi" агонь быў слабы. Навет няшмат зарыентаваным у вайне Спарышу й Гвардзейчыку пасьля паругадзiннага назiраньня ясна было, што працiўнiк здабыў аб'ект i вужакай улез у зробленую адтулiну. Пад дзень агонь перанёсься добрых пару пядзяў на ўсход.
      Нядзельнае свiтаньне 26 лiстапада загрымела сотнямi глотак францускiх гарматаў. Загарэлася доўгая дуга эльзаскага фронту. Французы згушчалi агонь на пярэднiх пазыцыях вёскi Асбаха, намацвалi бункеры й звычайныя вакопы. Снарады торгалi мяккiя грудзi голага поля, крышылi дрэвы. Жвавы вецер разганяў едкi сiнявы дымок пораху па-над буграмi й далiнамi. Пасьля блiзу гадзiннай артылерыйскай, амаль аднабочнай, кананады згусьцелi хвалi гукаў танкавай, аўтаматычнай i пяхотнай хуткастрэльнай зброi. Сухi ляскат "стэнаў" амэрыканскiх кароценькiх скарастрэлаў - нагадваў трэск ломаных галiнаў.
      Цяжар галоўнага ўдару пайшоў на Асбах i направа ад Сымона, праз вёску Гагэнбах, дзе ноччу працiўнiк здабыў мост на канале. З боку "трыццаткi" супрацiў быў зусiм слабы, амаль нiякi. Толькi на пярэднiх пазыцыях Асбаха кароткi час бражджэў "максiм", але й той хутка заглох. Працiўник хутка й глыбока ўядаўся ў грудзi "трыццаткi".

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39