Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 16)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


      На падыходзе да ракi перад Вiктарам раптоўна вырасла зялёная замурзаная фiгура старога жаўнера.
      - Гальт! - крычаў немец. - Куды йдзеш?
      Удаючы маладога француза, што крыху ведае нямецкую мову, Вiктар тлумачыў немцу, што амэрыканцы разьбiлi ягоную вёску, забiлi сваякоў i што ён проста ўцякае ад небясьпекi. Стары, здавалася, паверыў, тым больш што нядаўна бачыў пажар у тым кiрунку, адкуль зьявiўся Сянькевiч. Ён ня толькi не затрымаў хлапца, але яшчэ перасьцярог яго, сказаўшы, што той ходзiць па самай лiнii фронту. Вiктар падзякаваў старому й пайшоў да рэчкi. Была гэта рака Дуб, у гэтым месцы даволi шырокая. Доўга не думаючы, Вiктар кiнуўся ў ваду й перабраўся на другi бок. Невядома чаму здавалася яму, што ўжо нiякая небясьпека аднiкуль не пагражала.
      Там-сям уздоўж рачной далiны чуваць былi стрэлы, недзе ў гарах сакатала аўтаматычная зброя. Вiктар, сеўшы пад дрэвам, распрануўся, павыкручваў ваду з вопраткi, павылiваў яе з чаравiкаў. Адпачываў мо паўгадзiны, пасьля пайшоў пад горы. Заглыбiўся ў гушчар лесу i, прымасьцiўшыся сяк-так пад кустом, заснуў. Ноччу прачынаўся ад грукату артылерыi, што была вельмi актыўнай. Падпоўзшы пад вялiзны дуб, прасядзеў там да абеду наступнага дня.
      Устаўшы, пайшоў шукаць яды. З другога боку гары знайшоў некалькi дзiчак-iгруш i так добра "паабедаў". Калi артылерыя зусiм сьцiхла, Сянькевiч зноў наважыўся йсьцi шукаць недзе прытулку. Адылi гэтым разам юнак цьвёрда пастанавiў трымацца воддаль ад будынкаў, перш асачыць, цi няма немцаў. Калi з узбочча гары заўважыў хаты, наважыў завярнуць назад i абгледзець лепш ваколiцу. Скруцiўшы направа, зрабiў пару кiлямэтраў i наткнуўся на пустыя нямецкiя вакопы. Усё паказвала на тое, што тут нядаўна было войска й што насьпех адсюль уцяклi. Параскiдваныя навокал валялiся шлёмы, шынялi, кацялкi, амунiцыя. У адным месцы знайшоў Вiктар кавалак размяклага хлеба, якi спажыў зь вялiкiм смакам.
      Адышоўшы крыху ад вакопаў, ён наткнуўся на вялiкую яму. Пачаў шукаць у памяцi й прыгадаў старога маскаля, якi некалi расказваў пра яму, у якую трэба было-б уцякаць на выпадак небясьпекi. Гэта-ж i была тая яма, каля якой знаходзiлася некаторы час уся група Грамыкi. Вiктар прыгледзеўся ўважней i навет распазнаў некаторыя раней знаёмыя месцы. Калi так, то побач i была тая вёска, што на працягу колькiх дзён утрымоўвала харчамi Грамыкавых людзей.
      Да вушэй Вiктара Сянькевiча дабеглi нейкiя зусiм новыя, даўно ўжо нячутыя iм гукi: вясёлы сьмех i сьпеў дзяўчат, радасны гоман, шум матораў... Хлапец мяркаваў, што ў вёсцы, напэўна, ужо ёсьць амэрыканцы, й неадкладна туды накiраваўся. Навакольле было зрытае бомбамi. Пад дрэвамi зусiм неспадзявана Вiктар спасьцярог француза, якi, седзячы, здаецца, драмаў з аўтаматычным пiсталетам на жываце, i якога распазнаў як колiшняга шэфа, што апекаваўся групай Грамыкi.
      - Моnsieur!* - гукнуў Вiктар. Той ускочыў, быццам падпалены агнём, наставiўшы на Вiктара аўтамат.
      * Месье! (франц.)
      - Аllemagne?*
      * Немец? (франц.)
      - No, non Allemagne!* - станоўка й шчыра запярэчыў аброслы барадой, аблеплены балотам, галодны юнак. Француз ня мог прыгадаць Вiктара, калi той стараўся давесьцi, што ён належаў некалi да групы беларусаў, якiмi апекавалася суседняя вёска й гэты самы "мусье". Ня дзiва, бо раней чалавек быў у нямецкай вайсковай вопратцы, а цяпер - у цывiльнай. "Мусье" завёў Вiктара ў крайнюю хату да маладой жанчыны й папрасiў, каб накармiла яго. Вiктар чакаў хвiлiн пятнаццаць. На стале зьявiўся белы хлеб, а да яго - яечня, вiно, фрукты. Галодны й фiзычна зусiм вычарпаны юнак ня ведаў, на што перш кiнуцца. Выпiў шклянку вiна й адразу асалавеў. Страўнiк, што да гэтага часу працаваў на слiмаках i дзiчках, быў зусiм зьбянтэжаны ад прыплыву чырвонай вадкасьцi, што давала ўздым i цяплыню.
      * Не, ня немец! (франц.)
      Добра пад'еўшы, Вiктар аж па пояс згiнаўся ў падзяках шчодрай гаспадынi. Яна перадала госьця ў рукi карлаватаму, з вялiкiм кругленькiм пузам, старэйшаму дзядзьку, што, здавалася, ня йшоў на кароценькiх ножках, а кацiўся, быццам бочачка. Той павёў Сянькевiча да амэрыканцаў, якiх была поўная вёска. "Джып", зрабiўшы пару кiлямэтраў, затрымаўся перад вялiкiм будынкам, ранейшай школай. Адчынiўшы дзьверы, Вiктар убачыў вялiкую грамаду дарагiх людзей - усiх сяброў з групы Грамыкi. Кiнулiся вiтацца й цалавацца. Сыпалiся пытаньнi й урывiстыя адказы. Кастусь Дзежка прытулiў Вiктара, быццам роднага брата. Калi ўсё навокал сунялося, яму першаму апавядаў Сянькевiч на працягу пару гадзiн, як немцы нiяк не маглi яго застрэлiць...
      Амаль усе сябры з групы Грамыкi даўно былi пэўнымi, што Вiктар Сянькевiч падарожнiчае дзесь на iншым сьвеце...
      V
      На наступны дзень транспартныя машыны павезьлi групу Грамыкi на захад. Праехаўшы некалькi кiлямэтраў, амэрыканцы выладавалi людзей каля паўразбуранай фэрмы. Непадалёк знаходзiўся вайсковы вабоз i склады. Калi ўсю групу завялi ў хлеў, высланы сьвежай саломай, i сказалi, што ад гэтага часу ён будзе зьяўляцца для iх жыльлёвым памяшканьнем, калi навокал паставiлi канвойных, калi беларусы даведалiся, што ад заўтрашняга дня пачнуць працаваць з рыдлёўкамi, як магiльшчыкi, расплюшчылiся ў былых менскiх кадэтаў вочы.
      - Гэта здрада! Гэта праклятыя макiсы нас, як палонных, амэрыканцам аддалi! - жалiўся адзiн.
      - Вось табе й хаўрусьнiкi! Ты бачыў такую нечысьць, што зрабiлi! падтрымлiваў другi.
      - Нам ня трэба было зброi аддаваць. Дурнiцу зрабiлi. Гэта Грамыка ўсё вiнаваты, вось што!
      - I што-б ты рабiў з той зброяй, калi-б не аддаў французам? Ваяваў-бы зь iмi й амэрыканцамi?
      - Я, братцы, плюю на гэткiх хаўрусьнiкаў. Гэта проста сволач, дый годзе!
      - I толькi падумайце сабе: прыйшлi самi да iх са зброяй у руках. Разам нядолю дзялiлi, а яны вось што... Гэта самая звычайная подласьць. Цьфу!
      - Як яны маглi нас так аддаць, быццам сваiх палонных?
      Гнеў быў усеагульны. Нянавiсьць да макiсаў узрастала. Колiшнiя кадэты з Менску не надта ведалi, чаго яны чакалi ад хаўрусьнiкаў. Кожны мяркаваў, што будуць зь iмi амэрыканцы лiчыцца, як з хаўрусьнiкамi, што, мабыць, пусьцяць як вольных людзей, што атрымаюць магчымасьць выбараў далейшых шляхоў у жыцьцi. Нiхто не спадзяваўся, што здраджаныя францускiмi макiсамi, перададзеныя амэрыканцам, як быццам палонныя, апынуцца ў нейкiм хляве, каб займацца пахаваньнем трупаў на суседнiм могiльнiку... Гэтага анiяк нiхто не спадзяваўся.
      Праца на могiльнiку была цяжкая. Кожны мусiў выкапаць адну яму ў дзень. Зямля была цвёрдая, быццам скала - хоць ты зубамi грызi. I тут былыя менскiя кадэты . зачалi сапраўды адзiн другога пазнаваць. Калi хто не спраўляўся са сваiм заданьнем, дык iншыя, сiльнейшыя, дапамагалi слабейшым. Адны ездзiлi пад самы фронт i зьбiралi трупы, iншыя "апраналi" прывезенае ў мяшкi, трэцiя капалi ямы, а чацвёртыя звакопвалi. Праца йшла ледзь не канвеерам, як на амэрыканскiх хвабрыках. Адно есьцi было малавата, хоць яда была наагул нядрэнная. Цяжка папрацаваўшы, арганiзм дамагаўся дастатковай пажывы. Нянавiсьць да амэрыканцаў пабольшылася, калi аднаго дня прывезлi яны й разьмясьцiлi побач нямецкiх палонных. Беларусы чулiся надта пакрыўджанымi. Некаторыя бажылiся, пры наплыве злосьцi, што, калi-б другi раз апынулiся пры нямецкай армii й мелi выбар - уцякаць да макiсаў цi заставацца пры немцах, больш не зрабiлi-б памылкi.
      - Я-б, братка, бiў гадаўё гэтае, пакуль амунiцыi ставала. Пасьля пайшоў бы ў палон, i тое самае было-б. Адно, што лiшняга гада са сьвету звёў-бы, вось што! - казаў Кастусь Дзежка. З Кастусёвай думкай згаджалася цэлая група.
      VI
      У Вiктара Сянькевiча пад пахаю вырасла вялiкая скула. Ён ня мог больш працаваць з рыдлёўкаю цi кiркай. Амэрыканскi вайсковы лекар, агледзеўшы яго, сказаў, каб больш нiчога на могiлках не рабiў, пакуль не адашлюць у шпiталь. Вiктар атрымаў новую функцыю, якую й сам ня ведаў як-бы назваць: нi то парадкавага, нi то падручнага да ўсiх працаў. Зьбiраў сьмецьце, падмятаў памяшканьнi, дзе жылi амэрыканцы, выконваў iншыя дробязi. Акрамя сьмецьця Сянькевiч зьбiраў гарэхi, яблыкi, грушы па суседнiх садох, недакуркi ў абозе. Усю такую здабычу зносiў у хлеў i дзялiў сярод сяброў вечарам пасьля працы. Часьценька даставаў ад амэрыканцаў шакаладу, пячэньне й iншыя прысмакi. Асаблiвую цану мелi ў групе акуркi, бо хлопцы цярпелi на нястачу табакi. Гэткi Вiктараў занятак патрываў з тыдзень часу. Амэрыканцы адвезьлi яго ў шпiталь у Бэзансон, дзе праляжаў сем дзён. Адтуль быў высланы ў Авiньён каля Марсэля. Група Грамыкi, папрацаваўшы каля трох тыдняў магiльшчыкамi, таксама ў бальшынi сваёй апынулася пасьля ў абозе ў Авiньёне, а адтуль трапiла ў Другi корпус Андэрса ў Iталiю.
      ЛЕЙТАНАНТ СЬЦЕРВIН
      I
      Яшчэ за дзень перад гэnай няўдачнай выправай канюхоў у Гаймсбрун давялося Сымону Спарышу везьцi на фронт на сваёй хурманцы харчы. Чатыры вазы, у тым лiку й Сымонаў, паехалi ў галоўны харчавы склад, што быў у гумне суседняй вёскi, i, наладаваўшы свае возiкi, павалаклiся ў кiрунку Асбаха. Ужо на ўсходнiм беразе вёскi заўважыў Спарыш там-сям па абодвух баках дарогi нямецкiя гарматы, што папрытулялiся, нахутка акапаныя, каля дрэваў i кустоў. Характэрна, што нiдзе ня вiдаць было цяжкiх гарматаў, танкаў цi панцырных машынаў. У галаве не надта спрактыкаванага ў ваенных справах канюха Сымона паўстала пытаньне: якiя мэты мелi немцы на гэтым адрэзку фронту? Цi спадзявалiся яго доўга ўтрымаць? Калi так, то дзе-ж была ўся неабходная зброя?
      Элемэнты трыцдатай дывiзii, месцамi ўперамешку зь iншымi адзьдзеламi, займалi адрэзак фронту ад швайцарскай мяжы, праз Альткiрх, i дугой абгiналi на захадзе Мюльгаўзэн. Iншыя, адарваныя ад дывiзii адзьдзелы, былi параскiданыя яшчэ далей на поўнач i на захад - баронячы й так даволi недаступныя шляхi ў Вагезах.
      Жаўнеры з "трыццаткi", седзячы ў вакопах на самым левым фланзе каля швайцарскай мяжы, ноччу маглi бачыць сьвятло на швейцарскiх межавых вышках. Усе адзьдзелы былi лёгка ўзброеныя. Цi-ж яны маглi трымаць ворага кулямётамi й мiнамётамi навет у тым выпадку, калi-б старалiся й хацелi? Шмат хто думаў, што на фронце прыйдуць на дапамогу панцырныя часьцi, цяжкая артылерыя, самалёты. Але вось прыйшоў фронт, i нiчога таго ня было вiдаць. Немцы разлiчвалi, вiдаць, адно на затрыманьне наступу працiўнiка, каб, такiм чынам, ззаду на лiнii Зiгфрыда за Рэйнам даць больш часу для падрыхтоўкi ўмацаваньняў. А там ужо зiма й цяжкi для фарсiраваньня Рэйн прыйдуць абаронцам Нямеччыны на дапамогу.
      Прайшло каля трох гадзiнаў з часу, як вярнулiся канюхi з баявога паходу на францускiя танкi ў Гаймсбрун. Вiктар Караткевiч усё яшчэ круцiўся каля Сымона й варажыў, што рабiць: цi лепш самому вярнуцца на фронт, цi чакаць на тое, што лёс прынясе. Дарма турбаваўся хлапец, бо лёс зусiм неспадзявана вырашыў праблему. Надвечар зьявiлiся ў вёсцы два афiцэры, заданьнем якiх было сабраць усiх дэзэртыраў i адвесьцi на фронт. Адзiн зь iх, капiтан са штаба Мураўёва, паклiкаў падафiцэра, што наглядаў за канюхамi, i пачаў распытваць пра дэзэртыраў.
      Выявiлася, што ў вёсцы было iх колькi дзесяткаў. Найчасьцей скрывалiся пры канюхах у сялянскiх хатах. Некаторыя ўжо пасьпелi ўпiцца добрым мясцовым вiном, ня беручы на ўвагу пратэстаў сялян, шнырачы па iхных вiнных i фруктовых складох.
      Мабiлiзацыя дэзэртыраў заняла звыш дзьвюх гадзiн. Сяляне памагалi афiцэрам шукаць, пазбываючыся няпрошаных i шкодных "гасьцей". На скрыжаваньнi вулiц у цэнтры Гальфiнгэна сабралася ладная група ўцёклых з фронту жаўнераў, а ўсё яшчэ знаходзiлi новых. Вiктар Караткевiч ня кiдаўся ў нiякiя хiтрыкi, а спакойна павесiў на плячо "качаргу" й далучыўся да натоўпу. Агулам сабрана было трыццаць два чалавекi. Сымон наважыў пацiкавiцца тым, што робiцца, i таксама падышоў да месца зборкi. Стаяў побач, прыглядаючыся.
      - А ты што робiш? - клiкнуў яго капiтан. - Давай далучайся! - Канюх зьбянтэжыўся. Думаў, што капiтан не да яго гаворыць, i азiрнуўся назад, каб пабачыць, цi хто за iм не стаiць, але там нiкога ня было. Гэны рух спасьцярог капiтан.
      - Ты, ты! Я да цябе гавару! - паказаў на канюха пальцам. - Чаго аглядаешся? Давай, станавiся ў калёну! Хутчэй!
      - Гаспадзiн капiтан, я-ж канюх, а не дэзэртыр.
      - Няважна, хто ты. Ногi маеш здаровыя, стрэльбу насiць можаш, дык i далучайся.
      - Дык як-жа конь мой сам застанецца? - спрабаваў Сымон.
      - Даволi! ДалучайсяI Дзе твая зброя?
      - На возе.
      - Бяжыце й прынясiце ягоную стрэльбу i ўсё iншае, - загадаў капiтан падафiцэру. Той хутка пабег у пуню, каля якой стаяла Сымонава хурманка, i вярнуўся з "качаргой", шлемам i торбай-хлебаком.
      "Цьфу на цябе! - кляў сам сябе Сымон. - I чаго мяне сюды чорт нёс? Цi ня мог гэта я дзе збоку, здалёк ад iхняга вока перачакаць? Але хто-ж там угадае, дзе цяпер лепш".
      - Ха-ха-ха! - сьмяяўся Караткевiч. - Папаўся, галубок!
      - Ну, добра. Табе ўжо буду кумпанiю трымаць. Прынамсi, пад маiм наглядам ад цяперашняга часу будзеш ды другi раз з фронту не ўцячэш.
      - Ты глянь, якi ваяка! Пабачым, як ты сам устоiш!
      II
      Дробненькi асеньнi дожджык ня ўнiмаўся. Густыя зрэбныя хмары паўзьлi нiзка над зямлёй. Зьмяркалася рана. З-за хмараў час-ад-часу выглядаў тоненькi серп маладзiка. Ужо ладна сьцямнела, калi адзьдзел змабiлiзаваных дэзэртыраў, у iх лiку й канюх Сымон Спарыш, пакiнуў Гальфiнгэн i накiраваўся дарогаю на Альткiрх. Iшлi моўчкi. Навет тыя, што былi нядрэнна падпiлi пры сялянскiх вiнных бочках, хутка працьверазелi. На чале адзьдзелу йшоў лейтанант Сьцервiн. Капiтан, з якiм ён зьявiўся ў вёску, яшчэ раней ад'ехаў на самакаце, сьпяшаючы ў батальён.
      Лейтанант Сьцервiн быў у батальёне Мураўёва зьвязовым камандзерам у трэцяй роце. Быў гэта сярэдняга росту, тонкi, чорнавалосы, з шэрагам залатых зубоў наперадзе, нябрыдкi з выгляду мужчына. Гадоў яму было звыш трыццацi пяцi. Шмат хто называў яго франтам. I ня дзiва, бо лейтанант Сьцервiн аддаваў асаблiвую ўвагу ня толькi вопратцы, але й выгляду наагул. Яму здавалася, што ён вельмi прыгожы. Вопратку ўважаў дадатковай аздобай. Любiў таксама розныя цацкi й блiскучкi, як на руках, так i на мундзiры. Ня толькi цяпер, але шмат раней, калi ўдалося яму здабыць месца камандзера палiцыi раённага места X. на Бацькаўшчыне, прыдбаў сабе вялiкi срэбраны пярсцёнак з чэрапам i дзьвюма скрыжаванымi косткамi - якраз такi, як насiлi некаторыя гiтлераўскiя каты. На другiм меншым пальцы лейтанант-францiк насiў вялiкi залаты пярсьцёнак з манаграмай. На левай руцэ ў Сьцервiна гняздзiлася каштоўная залатая "Амега", якую собiла здабыць у курсе выконваньня "службовых абавязкаў" у Беларусi.
      Афiцэрскi мундзiр Сьцервiна аж залiшне выразна быў паабшываны сярэбранымi нiткамi. Калi-б вам давялося сустрэць лейтананта ў Эльзасе ў сьвяточны дзень, калi ён прыбраны й адфранчаны йшоў па вулiцы, каб заглянуць да якой-небудзь мясцовай дзяўчыны, вы падумалi-б, што бачыце перад сабою старэйшага рангам афiцэра, калi ўжо не самога генэрала. Гэтак сьвяцiлiся й блiшчэлi абчэпленыя аздобамi рукi, зьзялi адзнакi на паплечнiках i на шапцы. Любiў Сьцервiн пафарсiць выглядам - што й гаварыць.
      Бяда вось адно, што надыходзiць бура. Прыйшоў фронт i надта-ж няпэўныя часы. Тут ужо малавата было спрактыкаваных палiцыйных здольнасьцяў Сьцервiна, каб пранюхаць, што чакае наперадзе. А здольнасьцяў i практыкi-ж не бракавала. Цi-ж гэта ўпяршыню даводзiлася нюхаць, прадугледжваць, камбiнаваць?
      Чалавек гэты быў беларусам адно з назову й для выгады. Сэрца ў яго - калi сэрцам называць ня той кавалак плоцi, што пульсуе ў чалавека ў грудзёх, а крынiцу прывязанасьцi й каханьня некага цi нечага - ня было. Бацька быў расейцам, а мацi нечым нявыразным - нi то палячкай, нi то ўкраiнкай-галiчанкай. Коратка гаворачы, дома Сьцервiн не атрымаў ад мацi тае прывязанасьцi й любовi да свайго народу й Бацькаўшчыны, што маткi даюць дзецям са сваiм грудным малаком, з прыгожымi народнымi калыханкамi, казкамi, фальклорнай культурай. Хлапец меў i нядрэннае ўзгадаваньне, казалi, што скончыў гiмназiю, хоць быў ладны гультай i надта да навукi ня хiлiўся.
      Але ён быў перадусiм камбiнатарам. Надта-ж палюбiў выгаду й багацьце, каб на шляху дасягненьня хоць часткi матэрыяльнага дабрабыту маглi перашкодай стаць такiя рэчы, як сумленьне, асабiсты гонар, прынцыповасьць цi пашана да правоў iншых. Ужо за часамi польскае акупацыi Сьцервiн неяк прымазаўся ў лясьнiцтве. Нядрэнная была пасада, тым больш што цi раз даводзiлася якога мужыка за каўнер у лесе злавiць або й маладзiц, што зьбiралi ў недазволеных месцах ягады. Ды пакуль там суд ды справа, дык i пазьдзекавацца ўволю можна было.
      Эх, як соладка быць начальнiкам! Сьцервiн ужо як асмакаваўся тым "карытам", дык дзе-ж там яго адгонiш. Усе добрыя пасады цi службовыя месцы ён заўсёды называў "карытамi". Дарма што для ўспакаеньня палякаў i задаваленьня прыёмных на працу ў лясьнiцтва нормаў трэба было з праваслаўнага на каталiка перахрысьцiцца, дарма што даводзiлася цi раз польскiм вялiкiм i малым начальнiкам рукi лiзаць, дарма што i ў "двойку" (польскую разьведку-дэфэнзыву) даводзiлася часамi тое-сёе даносiць - Сьцервiн-жа трымаўся пры "карыце" й меў усе намеры. ўтрымацца далей.
      Куды горш было, калi прыйшлi бальшавiкi й давялося ў зусiм iншы раён змывацца, дакуманты падрабляць. Але й тут нос Сьцервiна не падвёў. Зрабi ты каму паслугу, зробяць i табе. Сьцервiн заўсёды трымаўся гэтай аксiёмы й шчэ нiколi не расчараваўся ў сваiх разьлiках-камбiнацыях. Iншая справа, што трэба было ведаць, каму ласкi рабiць i хто табе мог тым самым адудзячыць. Гэтак i пры бальшавiцкай акупацыi ўдалося там падмазаць, там падкупiць, а цi ў адным месцы дык i проста звычайна папрасiць, i ўсё-ж, урэшце, удалося цёпленькае местачка пры гарадзкiм гандлёвым прадпрыемстве знайсьцi. Ня тое каб ён быў гандляром. О, не! Але ўсё-ж, як кажуць, дзе п'юць, там i льюць. Цi-ж чалавек ня мог скарыстаць хоць з маленькага карытца? Няўжо-ж меў каля крамаў, як iншыя, у чэргах гадзiнамi й днямi тырчаць? Трэба-ж было й есьцi, й апранацца. Дык i шмат зручней было пры гарадзкой бальшавiцкай гандлёвай фiрме працаваць. Там, як ужо прынялося, усё было "па блату". Ты некаму, дык i нехта табе. Так яно й вялося зьверху аж у самы нiз. Праўда, трэба было мець зыркiя вочы й надта-ж чульлiвыя вушы, каб дзе не правалiцца. Але-ж вочы й вушы ў Сьцервiна былi ледзь не падвойныя, калi гаварыць пра практыку, набiтую руку. Дык i йшло ўсё гладзенька, як па маселцу...
      Ажно тут новая перамена - немцы. Зноў спатрэбiлiся ўсе iнтэлектуальна-вынаходнiцкiя здольнасьцi. Ды тут i не так проста. Вайна-ж трывала. Хто ведае, хто там каго зможа, пераможа, чым тое ўсё кончыцца. Чакаць мо на цiшэйшае даўжэй давядзецца, й неяк не хацелася ўсяго на адну карту стаўляць... А як-жа тут без "карыта"? Нейкi час давялося сядзець, як той мышы пад мятлой, прыглядацца, сачыць, што iншыя робяць, варажыць. Бачыў, як усялякая гарадзкая басота, польская ў найбольшай меры, у палiцыю кiнулася. Сачыў, як нажывалася. Дык што-ж там i варажыць доўга. Трэба-ж наважыцца, каб запозна ня было. Любiў-жа ўладу. А хто-ж вайной мог мець уладу, калi ня той, што зброю трымаў? Дый ня там - на фронце, але тут - ззаду, дзе было крышку выгадней, зацiшней, большыя, так сказаць, вiдокi на нажыву.
      Доўга не надумваўся. Пакаштаваў-жа вунь некалi ваеншчыны яшчэ пад польскай акупацыяй. Можа-б, тут так i знайсьцi тое "карыта"... Iншыя там беларускiм патрыятызмам, нацыяналiзмам загарэлiся, у адмiнiстрацыю, школьнiцтва кiнулiся. Гэта ўсё не для Сьцервiна было. Якое-ж там "карыта"?
      Ясна, цяпер пастараўся ўсюды самым чыстым i адданым беларусам фiгураваць. Трэба-ж было лезьцi. Дык i ўлез на кароткатэрмiновыя афiцэрскiя курсы й нядрэнна скончыў. А пасьля ўжо й да "карыта" блiжэй.
      Эх, i "карыта"-ж было гэта! Не абы якое! Тут ужо трэба было неяк зь нямецкiмi ўладамi, пераважна з жандармэрыяй камбiнаваць. Дык i што-ж там такога... Цi-ж першы раз даводзiлася даносiць на тых, што на дарозе стаялi, у ласку ўбiвацца, падкуплiваць? Як на тое шчасьце, надта-ж разумны чалавек быў камандантам нямецкай палiцыi. Добра разумеў такiх людзей, як Сьцервiн. Што было да гэтага лейтананта, што пры iм пацярпела пад мянушкаю камунiстаў колькi нявiнных беларускiх патрыётаў, што разбагацеў немец - усё бачыў. Здабыўшы месца каманданта гарадзкой раённай палiцыi, пачаў жыраваць i сам Сьцервiн. Тут жа й яўрэяў можна было выкарыстоўваць i над сялянамi ўволю пазьдзекавацца, асаблiва-ж дзе ў акцыю супраць бальшавiцкай партызанкi паехаўшы. I пiць-жа было, хоць ты, казаў той, залiся. Не шкадаваў Сьцервiн анi сабе, анi тым, што памагалi яму да ўлады далезьцi. Пажыў, казаў той, па-людзку.
      Калi-б было ў Сьцервiна нейкае сумленьне, можа, варта было-б пачаць гаварыць аб iм. Адылi гэта быў бы пусты гук.
      III
      Калi мы кагадзе заўважылi, што Сьцервiн быў фарсiсты, франтаваты, дык мусiм дадаць, што ў яго абедзьве якасьцi гэтыя вязалася вузка й цесна з заўсёдным паляваньнем на прыгожы род. Цi аднае-ж дзяўчыны ласкаў удалося пакаштаваць Сьцервiну на працягу свайго бурненькага жыцьця! Хто-ж iх i пералiчыць. Ды мо ня зусiм i ласкамi яны часамi былi. Бывала, што й змушаць прыходзiлася, асаблiва-ж калi ўлада была ягоная. Бывалi дзяўчаты, аб якiх Сьцервiн i забыўся - пералётны момант прыемнасьцi, дый толькi. Бывалi й жанчыны. Усё тое зацерлася, от так выкарысталася ды i ў нябыт адыйшло. Адно сваёй сяброўкi школьнай, у якую калiсьцi, як казалi, утрэскаўся па вушы, нiяк забыцца ня мог. Ня хiнулася да яго дзяўчына, дый годзе. Колькi-ж быў налазiўся, нацягаўся за ёю, грошы страцiў, намаганьняў рабiў. Рыба нiяк не клявала.
      Можа-б, што было, каб паабяцаў жанiмства. Але ня меў-жа такiх шляхотных намераў. Заўсёды трымаўся тае аксiёмы, хто ведае калi й кiм яму ў вушы ўложанае: "Усiх дзевак не здабудзеш, але старацца трэба". Дык i стараўся. Ды нiчога-ж ня выходзiла. I Сьцервiн быў злы. Як-жа, яго, такога прыгожага (а гэткiм заўсёды сябе лiчыў), i проста так, як нейкую кузурку, пад нагу, цi як тую анучу - набок? Гэтага-ж ён не даруе. Эх, не даруе! Ня будзе-ж ён называцца Сьцервiным, калi тое вось так люзам пусьцiць.
      Доўга чакаў. Ня было магчымасьцяў, дый абставiны ня тыя. Бывалi моманты, што й ня верыў, што некалi наагул давядзецца свой намер ужыцьцёвiць. Ажно як камандантам палiцыi стаўся, iдэя ў галаве нарадзiлася. Праўда, жанчына тая даўно замужам была, хлопчыка чатырохгадовага мела. Як-жа тут? Ды шчэ й муж на адказным становiшчы ў адмiнiстрацыi служыць. Яно-ж сабе хоць i ў беларускай, хоць i не на такой ужо высокай пасадзе, але-ж чалавек быў iншымi шанаваны, давер меў, ведамы беларускi патрыёт.
      Самае горшае, што жанчына як наўмысьля ўвесь час пад носам была, Сьцервiна дражнiла. Дый яшчэ больш расьцьвiла, папрыгажэла. На яго-ж цяпер i зусiм ужо ўвагi нiякай не зьвяртала, хоць i цi не найбольшым начальнiкам у гарадку быў. Эх, як-жа тут дараваць. Гнаiлася старая рана, й сьвярбелi рукi, што трымалi стырно лякальнае ўлады. Часьцей i часьцей усё мяркаваў Сьцервiн, як, калi й якiм чынам...
      Хто ведае, што магло-б яшчэ быць, калi-б не камандант нямецкае жандармэрыi. Той дык як зь неба быў пасланы. Можа-б, ён i ня прыдаўся так для собскiх мэтаў Сьцервiна, калi-б ня факт, што немец быў бязьдзетны й што ягоная жывоцiстая немка няздольная была малых у сямейку прыводзiць. Муж быў вельмi тым незадаволены, але й ня было рады.
      Адно пасьля таго, калi нямецкi камандант раз на вулiцы ўбачыў прыгожага сiнявокага сьветлавалосага сынка той жанчыны, на якую ад маладосьцi вастрыў зубы Сьцервiн, калi спытаўся, чый гэта быў хлопчык, адно тады прыйшла ў галаву лейтананта сьветлая думка.
      - Якое-ж бы гэта было шчасьце, каб я такога меў, - гаварыў немец, гледзячы на малога хлапчука, што праходзiў з маткай па вулiцы.
      Сьцервiн часьценька выпiваў зь немцам, гаварыў яму "ты", адным словам, быў блiзкiм чалавекам. Немец быў у пажылых гадах, на вайну папаўся не з сваёй волi й, пэўна-ж, каб ня гэтая завiруха, дык i ў палiцыi даўно ня служыў-бы, а спакойна сядзеў-бы на пэнсii, пакурваў люльку ды смактаў-бы з куфля хмельнае пiва ды мо таксама, як i цяпер, наракаў, што жонка сям'i не памножыла.
      - А гэтага вы не хацелi-б часам за сына мець? - паспрабаваў адважна, кiўнуўшы ў бок малога, Сьцервiн.
      Немец адразу ня ведаў, што сказаць, i памаўчаў, доўга пазiраючы то на свайго субяседнiка, то на дзiця з маткаю, што ўжо павярталi за рог дому.
      - Гм... чаму-ж бы не. Прыгожае дзiця. Зусiм рыхтык як немец.
      Iзноў памаўчалi. Сядзелi абодва на верандзе дома, дзе мясьцiлася палiцыя.
      - Можа-б, як давялося зрабiць... - быццам так, ад нехаця кiнуў Сьцервiн.
      - Матка-ж ягоная. Што зь ёй? Што з бацькам? - быццам пытаючы самога сябе, спахапiўся немец.
      - Што-ж матка... можна-б як-небудзь набок.
      - Я ня ведаю. Муж ейны чалавек ведамы...
      - Пакiньце справу мне, а я ўжо так неяк нешта прыдумаю, - запэўнiў Сьцервiн.
      Немец доўга i ўважна прыглядаўся да падпiтага таварыша. Нарэшце твар ягоны паясьнеў, i выраз поўнага зразуменьня; а мо ўжо i ўяўленьня шчаслiвай будучай сямейкi адбiўся на аблiччы. На твары ў Сьцервiна мiльганула агiдная ўсьмешка, прагавiта-злосныя шэрыя вочы блiснулi полымем нянавiсьцi ў тым кiрунку, куды пайшла жанчына, а тонкiя вусны моцна сьцiснулi нямецкую цыгарэту.
      Муж нiчога не падазраваў, калi выклiканы быў хутка пасьля гэтае размовы ў палiцыйны кабiнет Сьцервiна. Давялося каманданту вочы хаваць, у твар не глядзець, але ня мог-жа, раз пачаўшы, нiчым скончыць. Чалавека збаёдаць было лёгка, а ў Сьцервiна практыкi было хоць адбаўляй. Ня вельмi-ж Сьцервiн пасьля браў на ўвагу й розныя выказваньнi ды пагрозы сяброў зьлiквiдаванага, уключна аж зь нядвузначнымi пагрозамi зь iхнага боку.
      Са шмат большай далiкатнасьцю давялося дзейнiчаць у дачыненьнi да жонкi застрэленага. Колькi-ж разоў прыходзiла бедная маладая жанчына да каманданта, як горка плакала, як прасiла. Спрабаваў пасылаць яе Сьцервiн да каманданта нямецкай жандармерыi, на яго вiну звальваючы, але той цi ня так разумеў цэлую гульню, цi не хацеў рукi пэцкаць - адсылаў жанчыну назад да Сьцервiна.
      Хадзiў камандант па кабiнеце й насалоджваўся вiдам прыбiтай горам жонкi й маткi, якая, быццам тая безабаронная, не аброслая яшчэ ў пер'е маладая птушачка, звалiлася з гнязда й ня ведала, што зь ёю, бездапаможнаю, станецца. Колькi разоў запэўнiваў, што мужу ейнаму ня будзе нiякага лiха, што павезьлi яго на допыты ў Менск, што ўсё будзе добра, але жанчына не давала яму супакою. Калi захацела даведацца адрас, дзе можна было знайсьцi мужа ў Менску, паставiла Сьцервiна ў тупiк.
      Давялося нарэшце намёкамi апэраваць. Мо Сьцервiн ня быў надта вынаходлiвы з тымi намёкамi, мо крыху грубавата праводзiў цэлую справу. Як-жа жахнулася, зьбялела, ледзь не самлела, пакрыўджаная, калi аднойчы ягоныя, Сьцервiна, намёкi поўнасьцю яе ўпрытомнiлi i калi яна ўявiла, што камандант ад яе хацеў. Лепш-бы той сцэны й не прыпамiнаць, - гаварыў сабе пасьля Сьцервiн. Але-ж трэба было неяк. I як-жа iнакш?
      Пару дзён яна не паказвалася зусiм. Ужо камандант Сьцервiн i надзею пачаў трацiць i сумлявацца ў мэтазгоднасьцi цэлага прадпрыемства. Але адно на момант. Мяркаваў, што цi ня прыйдзецца й зь ёй радыкальным спосабам, так, як з мужам, скончыць. Ня мог-жа затрымацца на паўдарозе. Немец чакаў на дзiця. Аж на грудзях палягчэла, калi на трэцi дзень, апусьцiўшы вочы, сама, бяз хлопчыка, яна прыйшла. Тады ўявiў сабе камандант, як моцна гэта прыгожая iстота мусiла кахаць свайго мужа, што для ратунку яго, пасьля доўгiх i цяжкiх змаганьняў, непраспаных начэй (гэта й на пахудзелым i збляднелым твары вiдаць было), згадзiлася гонарам сваiм ахвяраваць. Дзесьцi ў натуры ў Сьцервiна зьявiлася нешта ў выглядзе спачуваньня. Адылi адно на момант, бо зараз-жа ў памяцi адрадзiўся той бесцырымонны спосаб, якiм яна некалi, яшчэ дзеўкай будучы, пазбылася яго ды пасьля ён быццам i не iснаваў для яе. Стары чарвячок злосьцi й нянавiсьцi, прагнасьцi помсты зноў заварушыўся пад грудзьмi.
      Не мог i цяпер Сьцервiн не заўважыць няскрыванай пагарды, што сьвяцiлася ў прамянiста-блакiтных вачох. Найбольш i калолi яго тыя вочы. Яны разам вабiлi й зьдзекавалiся зь яго, прыцягвалi й мучылi, чаравалi й сьмяялiся зь ягонай нiкчэмнасьцi.
      Не пайшло яно ўсё так, як плянаваў Сьцервiн. Асноўнае - памылiўся камандант, калi лiчыў, што гэта годная жанчына з крыштальна чыстым сэрцам, непераможна-ўзлётнаю душою, незапэцканым сумленьнем, высокай маральнасьцю наважыла ахвяравацца сваiм гонарам, аддацца Сьцервiну фiзычна, навет i для ратунку мужа. I цэлае шчасьце, што ў пару спасьцярогся, а то магла-б зарэзаць. Гэтак трымаючы ўжо яе ў абдымках ды розумам i чуцьцём падрыхтаваўшыся да кульмiнацыйнай насалоды, спасьцярог Сьцервiна хуткi рух, i ў парў заўважыў сталь нажа ў ейнай правай руцэ. Вырваўшы з рукi нож, моцна разгарачаны, амаль ня помнiў камандант, як сьцiснулiся кляшчамi ягоныя пальцы вакол мяккай, быццам лебядзiнай, шыi... Апамятаўся адно, як нехта пастукаў у дзьверы.
      Пробаваў супакойваць сябе пасьля Сьцервiн, даводзячы, што помста прыйшла, што мэту асягнуў, што аддаў дзiця немцу, што ўзмоцнiў сваю пазыцыю й лiшнi барыш здабыў. Ды нешта й ня тое было. Птушачка зарана выскачыла з рук. Добра адчуваў, што ў параўнаньнi з задушанай жанчынай, якую не ўдалося згвалцiць, ён быў адно малым, нiкчэмным, брудным, запэцканым у чужую кроў чарвяком.
      Часамi й пабойваўся помсты за той вялiкi злачын. Хоць здавалася, што анi муж, анi жонка ня мелi навокал сваякоў, усё-ж былi пагрозы з боку мясцовага беларускага актыву, а мо дзе якое вока й сачыла. Стараўся ад гэтага часу ўважна прыглядацца й прыслухоўвацца. Асаблiва цяпер, ужо на парозе пераходу ў зусiм iншы, заходнi сьвет, пад iншую ўладу, якая, пэўна-ж, будзе шукаць злачынцаў i караць iх, Сьцервiн быў моцна ўстрывожаны. А злачынстваў тых зрабiў шмат - i супраць жыдоў, i палякаў, i найбольш супраць беларусаў, пераважна сялян. Дык i было чаго баяцца. Не дарма-ж слухаў вушамi й стараўся абнюхваць носам.
      IV
      Iдучы на чале адзьдзелу дэзэртыраў па дарозе на фронт у Асбах, Сьцервiн не сягаў зрокам на свой жыцьцёвы шлях. Думаў тое-сёе пра цяперашняе. Дый думаць было цяжкавата. Так, як i шмат iншых афiцэраў, ён быў амаль пэўны, што раней цi пазьней прыйдзецца апынуцца на другiм баку, а там ужо давядзецца носам на ўсе бакi пачмыхаць, пашохаць, паглядзець, разьведаць. Мо й там дзе якое "карыта" будзе, калi ўдасца, калi грахоў ня прыпомняць. Дый "карыта"-ж мо будзе ня зусiм такое, як у Беларусi. Хто-ж яго ведае...

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39