Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 14)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Биографии и мемуары |
-
Читать книгу полностью
(2,00 Мб)
- Скачать в формате fb2
(485 Кб)
- Скачать в формате doc
(496 Кб)
- Скачать в формате txt
(482 Кб)
- Скачать в формате html
(487 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|
|
- А ты што тут робiш? - спытаў Спарыша Стыкар. - Адпачываю. - Ты, Спарыш, там будзь больш асьцярожным. Учора чуў я, як обер-лейтанант Рэшатаў казаў, што трэба будзе цябе ўсьцiшыць, бо ты незадаволены й надта шумна сябе вядзеш. Тых чатырох ужо "форт"! - пры гэтым апошнiм слове махнуў рукой. Стыкар гаварыў аб чатырох, што ў мiнулую нядзелю напiлiся гарэлкi ды, даўшы волю п'янаму ўяўленьню, зрабiлi засадку на камандзера чацвёртага зьвяза Юхневiча. Мелi намер яго забiць. Нехта, вiдаць, даказаў, бо штучка iм не ўдалася, i ўсiх чатырох выслалi ў рабочы лягер. - Так што глядзi, - асьцерагаў Стыкар канюха, - крыху стрымайся. - А чаму-ж Рэшатаў так гаварыў? - Ды ў сувязi з высылкай тых чатырох. Бачыш, што вырабляецца, разважаў Сымон. Прыйшло яму ў галаву, што Рэшатаў, пэўна, меў у роце сваiх давераных людзей, якiя ўсё яму даносiлi. Гэта й ня дзiва: у батальёне iснавала шпiёнская сетка. Афiцэры ў бальшынi паходзiлi з савецкае армii, дзе начальства мела сярод байцоў заўсёды надзейныя вочы й вушы. Чаму-ж i тут не практыкаваць старых прывычак? Сымон надта-ж ненавiдзеў таго паршывенькага, як ён называў Рэшатава. I курносенькi маскалёк, калi зьвяртаўся да канюха, дык заўсёды са зьнявагамi, прычэпкамi. Вельмi-ж злосна бегалi малыя обер-лейтанантавы вочкi й моршчыўся, падымаўся курносенькi нос. Чысьцiць, бывала, Сымон свайго гнядога гадзiнамi цэлымi. Загадаюць. Выглянцаваць мусiш так, каб аж зьзяў. От-жа i ўелася яму тая чыстка. Блiшчыць ужо конiк з усiх бакоў - здаецца, вычысьцiў так, хоць ты вядзi на выстаўку. Прыйдзе Рэшатаў ды плясь конiку па азадку. Возьме ды пацягне, прыцiскаючы, далоньню па баках, пад жывот навет злазiць. Пасьля выме з кiшэнi чысьцюсенькую белую хусьцiнку, уважна абатрэ даланю, i... тут ужо пачынаецца. Як гэта так? Чаму на чыстай хусьцiнцы цэлая жменя пылу? - А это что? Чистил, говоришь? Да какая же это чистка? Ты почисти как сьледует, дурака-то валять мне нечего! Давай-ка опять за работу! З такой лютасьцю й нянавiсьцю пазiрае тады Сымон на скрыўлены обер-лейтанантаў твар, так цярэбяцца рукi. "От бы-ж i зьехаў аплявуху, - думае хлапец, але паўстрымоўваецца ў пару. - Каб ты здох, пракляты маскалюга!" - Ну, чего стоишь? - грымiць той. - Давай-ка, поди. Берись за работу немедленно! Сымон вурчыць, злуецца, плюе дый зноў пачынае ад конскай морды. Бывае, без малага цэлы дзень скрабе. "I цi-ж гэта ня зьдзекi? - разважае ў думках. - Ну навошта-ж гэту падлу так скрабцi? Эх, чакай-жа ты, ня мiнеш маiх рук!" - пагражае канюх у думках Рэшатаву. VII Сымонава нянавiсьць падвоiлася, калi аднойчы атрымаў у апеку обер-лейтанантавага верхавога. Гэта быў вялiкi, спрытны, беглавы конь. - Ты уже с одной разленился-то, - гаварыў Рэшатаў, - мало работаешь. Так вот тебе другая. И смотри, - пры гэтым махаў пальцам, - чтобы была чистой как следует. И не только лошадь, а и седло. "Ах, каб ты здох, гiцаль, дзе ты на маю галаву ўзяўся!" - кляў сам сабе пад носам Спарыш. Яшчэ колькi разоў паўтаралася гiсторыя з хустачкай i пылам з той рознiцай, што Сымон зьвяртаў цяпер найбольшую ўвагу на верхавога. Прыйшлося папацець удвая, а мо i ўтрая больш, чымся раней. Усё роўна не мог задаволiць маленькага расейца. Вычарпалася аж да дна юнакова цярпеньне. Раз неяк заўважыў, што два раменьчыкi ў сядле з правага боку, якiмi падшпiльвалася падпруга, былi надарваныя. Сымон патузаў iх, пакруцiў, надарваў яшчэ больш перагнiлыя нiткi, так што яны ледзь трымалiся. - Чакай-жа ты, сукiн сын, хоць гэтым ды адамшчуся. Назаўтра раненька рота выходзiла на стрэльбiшча ў Вагезы. Ужо каля шостай гадзiны Сымон меў падаць обер-лейтананту каня. У горы трэба было iсьцi больш дзьвюх гадзiн, i дзеля таго выходзiла рана. Сымон збольшага махнуў граблом i шчоткай па канi ды ўжо ўськiдаў сядло, як тут збоку пачуў крыклiвы голас расейца: - Эй, турок ты! Что, еще не готов? - Зараз, обер-лейтанант! Рэшатаў стаяў i глядзеў у другi бок вулiцы, прыкурваючы цыгарэту. Там ужо iшла першая калёна войска. Яны былi не далей як на сто мэтраў ад канюха й афiцэра. - Калi ласка, обер-лейтанант, - падаў Сымон каня. Трымаў верхавога за аброць, аддаўшы камандзеру ў рукi павады. Той усадзiў левую нагу ў стрэмя, схапiўся абедзьвюма рукамi за сядло i, ёмка падпiхнуўшы сябе правай нагой, ужо манiўся закiнуць яе наверх, як раптам усiм цяжарам, разам з сядлом, бразнуўся вобземлю. З калёны, што бачыла ўсю гэту сцэну, загрымеў голасны рогат колькi дзесяткаў чалавек. Конь, хутчэй адчуўшы, чымся ўбачыўшы, што яздок чамусьцi апынуўся на зямлi, зрабiў колькi крокаў убок заднiмi нагамi й левым вокам накасавурыўся на лейтананта. Рэшатаў маланкаю ўсхапiўся зь зямлi й, як разьюшаны тыгра, кiнуўся да Сымона. Нiколi хлапец не ўяўляў сабе, што ў такога маленькага чалавечка магло быць столькi кiпучай злосьцi. Аж пабляднеў ад страху. - Ты-ы, сукин сын! Бродяга ты! - Тут маскалёк перасалiў сваю лаянку трохпавярховым маскоўскiм матам, пачынаючы недзе зь Ленiнграду, а канчаючы на Растове. - Я тебе за ето знаешь что сделаю?! Я тебя, гада, в тюрьму, в рабочий лагерь! Вот! Я уж тебя постараюсь, погоди-ка, сукин сын ты! Юнак дрыжаў ад страху, хоць дзесьцi ў глыбiнi грудзей давiў моцны сьмех. У той момант ня мог ведаць, цi дорага абыдзецца яму гэты жарт. Тым часам Рэшатаў кiнуўся да сядла й знайшоў прычыну ўсяго няшчасьця. Уважна агледзеў раменьчыкi. - Это когда они порвались? А? - Учора надвечар, обер-лейтанант. - А ты почему не зашил? - Дык калi-ж я? Ноччу меў зашываць? - А мне что к этому? Разве ты не знаешь своего дела? Погоди-ка, я тебя научу, сукин сын ты! Лавинский, где дружиновый Барлай? Канюх Лавiнскi, з паходжаньня ўкраiнец, што даглядаў каня капiтана Вiньнiцкага, замiтусiўся: - Зараз знайду, обер-лейтанант! Пабег i за пару хвiлiн прывёў дружыновага Барлая. - Этого негодяя, - тросься злосны Рэшатаў, паказваючы пальцам на беларуса, - посадить на пять суток в сарай на воду и хлеб и поставить караульного. Там я еще придумаю, что с ним сделать. Утром и вечером только выпускать, чтоб лошадей досмотрел, а так держать под караулом в сарае. Понял? - Так есть, господин обер-лейтенант. Барлай пазiраў на разьюшанага афiцэра, на ляжачае на зямлi сядло й пабляднелага, перапалоханага Сымона, стараючыся, мабыць, адгадаць, што сталася. - А ты, Лавинский, сейчас же пришить ремни! - загадаў Рэшатаў украiнцу. Имеешь пять минут время. - То як цэ за пяць мiнут? - пачаў той. - Ты еще здесь? - кiнуўся да яго маскалёк. - Ступай же немедленно. Лавiнскi падняў сядло, узяў каня й пайшоў на панадворак. - Забирай этого негодяя! - крыкнуў афiцэр Барлаю. - Пайшлi, - кiўнуў галавой дружыновы. Гэткiм чынам канюх Спарыш апынуўся ў пустым, высланым чыстай саломай баўэрскiм хлеўчуку. Знадворку да дзьвярэй загадалi гаспадару зрабiць прабой i прынесьцi замок. Паставiлi са стрэльбаю вартавога. Быў гэта незнаёмы Сымону хлапец з трэцяга зьвяза. Вязень не надта наракаў на свой новы быт. - Эт, чорт з табой, - бурчэў ён, - хоць крыху адпачну. Надта-ж дакучаў голад. Прыносiлi толькi адну лусту, значыцца, паўпайка, чорнага хлеба на дзень i паўгаршка чыстай вады. Але Рэшатаў ня выканаў пагрозы. Пратрымаў хлапца пад замком i вартаю адно дзьве пары. Параўнальна лёгка абышоўся Сымону той жарт над обер-лейтанантам. Адно яшчэ больш дакучлiвым, прычэплiвым i нязносным стаўся ад той пары малы маскалёк. VIII У канцы верасьня й першай палове кастрычнiка ў ваколiцы Вагезаў праводзiлiся тактычныя баявыя заняткi пры ўдзеле цэлай дывiзii. Вiдаць было, што час вышкаленьня канчаецца. Па адзьдзелах кружылi розныя плёткi аб хуткiм фронце. Адна з такiх плёткаў, прыкладам, гаварыла, што хутка "трыццатка" мае паехаць у Чэхаславаччыну цi навет i ў Югаславiю. Маёр Мураўёў на зборцы свайго адзьдзелу акрамя колькiх шаблонных перасьцярогаў i iншых слоў для падтрыманьня маралi, паведамiў, што генэрал Уласаў вёў перамовы з камандаваньнем Вэрмахту й з самым правадыром Райху, каб з усiх усходнiх фармацыяў стварыць адну вялiкую армiю пад ягонай-жа камандаю й выслаць на Ўсходнi фронт. Тым часам становiшча з харчаваньнем было няцiкавае. У вёсцы Iльгойзэрн i ў суседнiм Гэмары жаўнеры панадзiлiся былi наведваць мясцовыя пякарнi. Спачатку некаторым собiла дастаць адну цi другую баханку чорнага хлеба. Адылi, калi вестка аб такой магчымасьцi абляцела пададзьдзелы, калi пры пякарнях пачалi расьцi зялёныя натоўпы, немкi, робячы вялiкiя вочы, казалi: - Ohnе Каrtе gibts nicht.* * Толькi па картках (ням.) Тады некаторыя з найсьмялейшых кiнулiся зусiм на яўнае нахальства. Валачылiся па хатах i, як кажуць, проста з моста прасiлi: - Ваuer, bitte Вrot.* - Нехта з тых-жа баўэраў хутка парупiўся данесьцi цывiльным уладам. Выйшла забарона прадаваць войску хлеб у пякарнях i ў хатах. * Гаспадар, калi ласка, хлеба (ням.) Давялося налягаць на садавiну й бульбу, якiя лягчэй было дастаць. Асаблiва цярпелi садовыя дрэвы й вiнаграднiкi пад час вялiкiх тактычных заняткаў. Часта бывала, што адзiн цi другi жаўнер, перабягаючы пад час заняткаў з месца на месца, заляжа пад кустом вiнаграду або на бягу пачне калацiць яблыню цi грушу. Пакуль скончацца заняткi, то аж пуп трашчыць, а ў роце аскому нагонiць. Аднойчы на полi канюх Сымон натрапiў на цэлую кучу параськiданых i раздуваных ветрам дробных ангельскiх лятучак. Былi пiсаныя ў ангельскай i нямецкай мовах. Схаваў юнак пару штук у кiшэню й вечарам, ужо вярнуўшыся на базу, уважна прачытаў нямецкi зьмест. Камандзер амэрыканскае армii заклiкаў нямецкiх жаўнераў здавацца ў палон. Лятучка гаварыла, што становiшча Трэцяга Райху ўжо зусiм безнадзейнае. Немцы былi бiтыя на ўсiх франтах, хаўрусьнiцкiя армii наблiжалiся хуткiм тэмпам да Рэйну, нямецкiя месты ляжалi ў руiнах. Амэрыканец раiў немцам ратаваць сваё жыцьцё, ня слухаць вар'ята фюрэра й пераходзiць у палон. Давалiся iнструкцыi, як гэта рабiць. Трэба было, увайшоўшы ў кантакт з войскам хаўрусьнiкаў, абавязкова найперш падняць уверх рукi, махаючы такой адной лятучкай, каб пераможцы ведалi, што ты не прыйшоў да iх у госьцi, ды выясьнiць, што здаешся ў палон ангельскiмi словамi: I surrender*. А там ужо будзе ўсё добра. Цябе не пакрыўдзяць i, пэўна-ж, не заб'юць. * Здаюся (англ.) "Маем, значыцца, й запрошаньне, - падумаў Сымон i схаваў тую лятучку ў самую найдалейшую нiжнюю кiшэню свае вопраткi. - А хто ведае? Мо й давядзецца скарыстаць з запрошаньня хутчэй, чым спадзяемся". Аб тым, што яму, канюху Сымону, давядзецца гасьцiць у амэрыканцаў цi там у каго iншага на другiм баку, хлапец ня меў сумлеваў. Толькi-ж, вядома, мо яшчэ прыйдзецца перад тым пастраляць крыху, вось хаця-б сабе ўверх, абы дзеля вачэй людзкiх... НАБЛIЖЭНЬНЕ I Мапны пакой бункеру галоўнакамандуючага нямецкiмi збройнымi сiламi ярка асьветлены. Пакуль што ў iм толькi адзiн прысутны - малодшы штабовы афiцэр. Усе сьцены пакоя абвешаны мапамi. Пасярод стаiць доўгi стол, таксама засланы мапамi. Больш у пакоi няма нiякай мэблi. Афiцэр стаiць на зэдлiку каля сьцяны, у левай руцэ трымае сьпiсаны машынкаю лiст паперы i, часта на яго пазiраючы, правай рукою бярэ сьцяжкi, паўтыканыя ў розных месцах мапы, ды перасоўвае на iншыя месцы. Чырвоныя сьцяжкi са свастыкай пасярод. Яны вызначаюць крывулi тэўтонска-фашыстоўскага дыназаўра, што раптоўна ў апошнiя часы пачаў худнець i звужацца. Там, дзе стаялi сьцяжкi, гарэла зямля, людзi, жыцьцё - там быў фронт. Але цi толькi там? Цяпер ужо ўсюды быў фронт. Вось хоць-бы выйсьцi наверх з бункеру. Што там робiцца! Пекла! Вечная трывога. Людзi днямi й начамi ня вылазяць з нораў-падвалаў. Гарыць, ломiцца, крышыцца, папялiцца шкiлет яшчэ наймагутнейшага ў сьвеце гораду. А тут унiзе, тут што-ж... спакойна. Якi-ж зманлiвы гэты спакой. А мо ўжо так перад надыходам той канчатковай, вырашальнай, нямiнучай часiны? Мо гэта ўжо дыханьне сьмерцi? Але-ж не! Сто разоў не! Тут жыве яшчэ "ён". О, так! Гэты "ён" валодае ўсiм i ўсiмi, натхняе, кiруе, вядзе. Гэта мозг усяго, клубок, да якога вядуць усе нiткi яшчэ шматлiкiх, хоць ужо надта-ж паскубаных, зьняможаных армiй, групаў, адзьдзелаў... А яшчэ-ж "ён" кажа, што будзе такая зброя, аб якой i сьвет ня сьнiў. А слоў-жа нiколi вунь на вецер дарма ня кiдаў, з ранейшага ведама... Ого! Яшчэ пазнаюць ворагi. Яшчэ на каленях прыйдуць да яго мiласьцi й мiру прасiць. Вось абы ўжо хутчэй гатовая была гэта зброя. А тады... Ого, што будзе тады! А тым часам... Афiцэр у бункеры часта трэ правай даланёю бараду, мармыча, штось лае сабе пад нос. Заўсёды, як толькi дзе даводзiцца перасунуць сьцяжок на ўсходняй крывулiне ў заходнi бок цi на заходняй ва ўсходнi, голас яго мацнее, вурчыць, гаркае. Кiвае галавою. Цi-ж гэта лёгка?! Помнiць-жа ён лепшыя часы. Сьцяжкi тады перасоўвалiся ў зусiм iншых кiрунках. Дыназаўр сыцеў, таўсьцеў, выпяцiў быў свой жывот аж на прадмесьцi Масквы, лапай ледзь не зачапiў Александрыю ў Егiпце ды думаў растаптаць брытанскiя абтокi. Ох, якая-ж тады была асалода перастаўляць сьцяжкi! Разам з дыназаўрам рос i ён сам, неяк i галава падымалася вышэй дый ногi раўней хадзiлi. А цяпер полымя дабiралася да нэрвовага цэнтру Райху. Гэта было тое самае страшнае зямное полымя, што вогненна-жалезным языком лiзала жыцьцё ня толькi выдатных ваякаў вермахта, але i ўсе славутыя фюрэравы мары-летуценьнi, спадзяваньнi. I яно было больш жахлiвае й знiшчальнае за тое полымя, што пасылала неба. Афiцэр яшчэ раз уважна праверыў усе крывулiны на сьценнай мапе, задуманы, уталопiўшыся ў мапу, пастаяў хвiлiны тры, пакiваў галавою, пасьля падыйшоў да стала й там правёў тую самую аперацыю. Тут ужо пайшло барзджэй дый вурчэньня, гарканьня таго менш было. Хутка накiраваўся да дзьвярэй, i крокi яго паглынула рэха бункернага калiдору. II Мiнула каля паўгадзiны. З калiдора пачалi далятаць гукi розных галасоў. Пры ўваходзе адбываўся самы грунтоўны кантроль. Рукi мацалi партфелi, правяралi дакуманты, зыркiя вочы доўга й уважна аглядалi вiзiтантаў. Нельга-ж было, каб iзноў паўтарыўся лiпеньскi дзень у Прусii.* Дый фюрэр апошнiмi часамi дзiваком нейкiм ставаўся, бачыў усюды й знаходзiў тое, чаго ня было, выдумляў непраўдападобнае, шукаў вiнаватых. Але-ж ня iм, дробным чарвям, дадзена было разгадаць тайнiцы фюрэравага мозгу. Поўзалi-ж перад iм, дык i цяпер лётаць не пачнуць. Трэба цягнуць да канца... * Маецца на ўвазе няўдалы замах на Гiтлера, падрыхтаваны групаю нямецкiх афiцэраў. Пасьля доўгай i дэталёвай iспытацыi язык гаркаў кароткае адрывiстае слова. Крокi мералi недаўгую ўжо адлегласьць да мапнага пакою, i ў дзьвярах вырасталi адчаканеныя постацi: маршалы, генэралы, адмiралы. То й былi тыя нiткi, што лучылiся з галоўным клубком. Гэта тыя мацаўкi-лапы спрута, што цiснуў, душыў усiх i ўсё, высмоктваў зь iх апошнiя сокi й кроў у iмя будучага панаваньня "супэрнароду", "супэрмэнаў", "вярхоўнай" арыйскай расы. Гэта тыя служакi колiшняга капрала кайзераўскiх войск, што бурыў усё старое, будаваў "новую Эўропу". А мо яны - гэтыя маршалы, генэралы, адмiралы - ужо перасталi быць будаўнiкамi, мо сталi ўжо магiльшчыкамi? Хто-ж мог напэўна сказаць. Але-ж не! Яшчэ раз не! Ён-жа ўсё ведае, за ўсiх думае, усяго дапiльнуе. Яшчэ выведзе й прывядзе. А iм тым часам што? Хiба-ж толькi па сваiх дзялянках ды адрэзках... А там ужо ўва ўсiм галоўны - ён... У мапным пакоi час ад часу стукаюць запяткi, сьцiскаюцца выцягнутыя рукi пры вiтаньнях, падаюць прыцiшаныя словы. Мундзiры абступаюць стол, сьцены. Вочы ўпiваюцца ў тыя пункты-сьцяжкi. Вочы звужаюцца, касурацца. Твары моршчацца. Панурыя гэта твары - яны даўно забылiся, як сьмяяцца. Заўсёды напружаныя, неспакойныя. Мяркуюць, у якiм "ён" настроi, што зробiць, загадае, як аднясецца. Цi зноў не палезе на тую найвышэйшую ноту. А мо што й пацяшальнае скажа. Недарма-ж паўзьлi з усiх канцоў, сьпяшалiся, дэнэрвавалiся. Можа... можа... У пакоi iх ужо пару дзесяткаў. Раптам уся актыўнасьць i рух спыняюцца. Чакаюць, прыслухоўваюцца. Усе вочы ўпiваюцца ў дзьверы. Прыблiжаецца, iдзе. У дзьвярах паказваюцца чорныя варухлiвыя вусiкi, звiслая на лоб пасма валасоў, рудыя вочы. Спыняецца пара чорных выглянцаваных ботаў. Мо гэта тыя самыя боты, што калiсь падрыгвалi з захапленьня ў Камп'енскiм лесе ў дзень капiтуляцыi Францыi? Побач - два рослыя ценi. Ногi на момант затрымлiваюцца, вочы хутка паўзуць па ўсiх прысутных, i пасьля ўжо ногi прыблiжаюцца да цэнтру стала. Фюрэр, мусiць, ня ў гумaры. На твары ў яго цень. Галава то апускаецца над настольнай мапай, то падымаецца, павяртаючыся ў той бок, да каго гаворыць. Палец блудзiць па крывулiнах. Чуваць рапарты, пытаньнi, перапытваньнi. Часам у тым пакоi так глуха, што, калi-б вочы не бачылi, падумаў-бы, што тут нiкога няма. Але ў гэты момант якраз найбольш напружана працуюць мазгi прысутных. Стараюцца ўгадаць, што "ён" думае, што зробiць, скажа цi спытае наступнае. Усе вочы ўпiваюцца ў ягоны твар, стараюцца злавiць найменш заўважны цень думак. С;мяротная цiшыня. Толькi час ад часу шаргануць па цэменце падковы ботаў або пачуецца нясьмелы кашаль цi прытоенае дыханьне. Ня так шмат часу патрэбна ўжо фюрэру: мо пару месяцаў, паўгода, у найгоршым выпадку год. Ужо Лёндан стогне пад агнём "V-2", супраць якое англiчане не ведаюць абароны. Але ж гэта адно пачатак. Што ж ракеты "V-2" у параўнаньнi з той зброяй, што мае на думцы фюрэр i над якой дзень i ноч працуюць найбольш вартасныя нямецкiя мазгi! Абы час дазволiў, абы ўсё не развалiлася, ня скрышылася. Цяпер усё асноўнае й зводзiцца да здабыцьця часу. Дык за любую цану трэба ўтрымацца, загарадзiць, ня пусьцiць. На мапе, бывае, акрамя фюрэравага пальца зьявiцца побач i iншы, што ўслужлiва стараецца дапамагчы першаму. I вось фюрэраў палец даязджае ў сваю чаргу й на эльзаскi адрэзак, тыцкае на тую далiну мiж Вагезамi й Альпамi. - А як сытуацыя тут? - чуецца хрыплаваты голас. - Калi-б можна... - пачынае iншы. - Тут вельмi важны адрэзак, - перабiвае яго той першы, - тут працiўнiк будзе старацца прарвацца любой цаною, бо гэта асноўны падыход да Рэйну з паўдня. - Не дапусьцiць яго! Галоўная абаронная лiнiя на Рэйне мусiць яшчэ лепш умацавацца. Якое цяпер становiшча? - Наступ ворага затрыманы. Фронт статычны. Акцыi зводзяцца да разьведак. Працiўнiк падцягвае вялiкiя сiлы, запасы, рыхтуецца да наступу. Адзьдзелы нашы аслабленыя, змучаныя ад доўгага адступленьня з паўдзённай Францыi й патрабуюць перагрупоўкi. - Якi стан рэзэрваў? - гаркае фюрэр. Другi голас называе колькi адзьдзелаў. - Ёсьць там i трыццатая пяхотная расейская дывiзiя, - заканчвае ён. - У якiм стане? - Канчае вышкаленьне. - Даць яе супраць французаў. Матэрыял гэта другарадны, але, умела пакамандаваўшы, можна яго добра выкарыстаць. Французам яны павiнны даць рады. Неадкладна дайце дыспазыцыi ў гэтым кiрунку. Фюрэраў палец пасоўваецца на поўдзень, да Iталii. За пару гадзiнаў з Воўчага Логава зашыфраваныя загады паляцелi ва ўсе канцы, у меншыя воўчыя логавы. Ляцiць той голас па дроцiку i ў штаб трыццатай. I там ужо выпрастоўваецца шыя й плечы дзяжурнага афiцэра, пачынаецца рух у штабе. Стукаюць падковы, гаркаюцца ў тэлефонныя трубкi загады, бразгаюць дзьверы. Галоўны загад дзелiцца на кавалачкi, на дзесяткi, сотнi меншых. I далей ужо, у самых меншых адзьдзелах, ён яшчэ больш драбiцца, ажно пакуль, як той кiй у муравейнiку, не спрычынiцца да агульнага, гарачкавага руху. А там ужо, гэтым разам з самых нiзоў, ад самых найменшых выканальнiкаў, чуюцца сакавiтыя камэнтарыi, заўвагi. Дый якiя-ж цiкавыя яны бываюць... III У пакойчыку, пры цьмяным сьвятле маленькай лямпы, Вiктар Караткевiч даўно выводзiў свае храпунскiя рулады. Ня было тут нiякiх пасьцеляў - усё жыцьцё адбывалася на падлозе. Побач Вiктара, прылёгшы на сеньнiку, аблакацiўшыся на правую руку, Сымон прыглядаўся да тройкi сяброў, што гулялi ў вачко, а то зноў вяртаўся да свайго занятку - набiваньня табакаю папяросных гiльзаў. Ужо амаль даехаў да сотнi. Табакi ўдалося прыдбаць ад баўэра. Стараўся хлопец зрабiць запас на будучыню. Трое ўкраiнцаў - Лавiнскi, Антаненка й Панамарэнка - так загулялiся ў карты, што забылiся аб часе й iснаваньнi. Раптоўна й хутка адчынiлiся дзьверы, й дзяжурны падафiцэр крыкнуў: - Алярм! Хуценька пакаваць усё да самага найменшага. Прыгатовiць конi й хурманкi. Не марудзiць! Няма часу! Шах-барах-бам. Пачаўся грукат, рух, суматоха. Чулiся сакавiтыя слоўцы з прычыны страты тае цi iншае рэчы. Беганiна на двары, запраганьне коней, ладаваньне ўсякай усячыны. Нарэшце ўсё гатова, й пачынаецца чаканьне аж да ранiцы. Жаўнеры ў поўнай гатоўнасьцi апошнi раз кладуцца, дзе хто пападзе, стараюцца схапiць крышку сну. А гадзiне чацьвёртай над ранiцай войска пакiнула Iльгойзэрн i накiравалася на тую самую дарогу, якой калiсьцi прыйшло з Францыi. Iзноў прыйшлi днi й ночы ў маршы, з адпачынкам - дзе й як давядзецца. 20 лiстапада ў лiку iншых адзьдзелаў дывiзii батальён Мураўёва наблiзiўся да вёскi Гальфiнгэн, непадалёк Альткiрха. Цэлую ноч выразна чулася рэха гарматаў з захаду. Агонь гарматных залпаў частымi проблiскамi асьвятляў заходнi гарызонт. Цярушыў дробненькi густы ыазойлiвы дожджык. А другой гадзiне ночы прыбылыя ў вёску Гальфiнгэн жаўнеры разьмясьцiлiся па гаспадарскiх пунях. Схапiўшы колькi мага сну, ужо каля гадзiны дзясятай ранiцою войска было на нагах. Атрымалi прадукты, новенькiя нямецкiя стрэльбы, амунiцыю. Кожная рота, акрамя бальшавiцкiх кулямётаў i мiнамётаў, прывезеных зь Беларусi, атрымала па чатыры супрацьтанкавыя панцырфаўсты. Тут-жа, напагатове, коратка было й выясьнена, як iх ужываць. Справа зусiм просьценькая, здаецца. Трымаеш панцырфаўст пад пахай, уважаючы, каб канец трубкi тырчаў на пядзi тры ззаду, каб у часе стрэлу ня ўдарыла ў цябе полымя, - а там ужо толькi прыцэлiўся ды прыцiснуў курок. Зараэ пасьля паўдня на нямецкiх аўтамашынах войска выехала на фронт. Пад вечар пакiнуў вёску й вабоз разам з кухнямi. Жаўнеры надзеялiся, што мо нарэшце перастануць ужо кармiць iх канiнай, тым больш што бачылi, як ад фронту нямецкiя жаўнеры гналi табуны чырвоных эльзаскiх кароў. Вабоз з кухнямi затрымаўся на паляне сярод лесу, на ўсход ад вёскi Асбах, што цераз рэчку межавала з Альткiрхам. Але нядоўга давялося яму там быць. На наступны дзень, пад цяжкiм мiнамётным агнём працiўнiка, вялiкая частка вабозу пакiнула паляну й вярнулася назад у Гальфiнгэн. Ужо надвечар таго самага дня пачалi зьяўляцца першыя ўцекачы з фронту, што апавядалi пра баявое хрышчэньне. IV - Ты ведаеш, братка, ну i наваяваў-жа я, - апавядаў Вiктар Сымону. - Гэта ўчорака нас як забралi адсюль на машынах, дык завезьлi аж на другi бок Альткiрха. Высадзiлi й давай фармаваць. Чуем там за нейкiм узгоркам стралянiну, але рэдкую. Кажуць нам туды йсьцi. Наш зьвязовы, гэты сабака Рэшатаў, сам ня йдзе на першы агонь сустракаць працiўнiка, а выпраўляе нас ды сам ззаду пляцецца. Мне загадалi несьцi амунiцыю да "дзегцярова". Ну што-ж, думаю, можа, з "дзегцяровым" будзе зручней, чым са стрэльбаю. Але-ж, каб цябе халерачкi, цяжкавата трошкi. Трэба гэтую качаргу на плячы тарабанiць дый дзьве скрынi амунiцыi, дык i нялёгка, чорт вазьмi. Як-жа тут, думаю, даць сабе рады? Iдзём так дарогай шнуркамi па абодва бакi каля канаваў, каб у выпадку чаго зручней скрыцца было, а я ўсё думаю, як бы тут з гэтым цяжарам палагодзiць. Аж тут проста мне быццам на падмогу каля дарогi пакiнуты дзiцячы возiк бокам ляжыць... - Якi возiк? - Дзiцячы, звычайны дзiцячы возiк на чатырох калёсцах i ў добрым стане навет. - Што ты кажаш... - Сапраўды, - запэўнiваў недаверлiвага сябру Вiктар. - Вось дык, думаю, шчасьце. Я цап за яго, палажыў скрынкi з амунiцыяй, стрэльбу й пхну яго сабе па дарозе, быццам нi ў чым не бывала. Iншыя толькi паглядаюць на мяне, пальцамi сябрам паказваюць ды рагочуць. А мне што? Я iду, як на тым парадзе, быццам баба з дзiцём па гарадзкой вулiцы, ды пасьвiстваю. - Ха-ха-ха! - рагатаў Сымон. - Iдуць, знаеш, немцы ад фронту. Эсэсманы пераважна, старыя, аброслыя, паперакiдаўшы зброю цераз плечы, плятуцца. А я пытаюся ў iх - wie gehts?* А яны, братка, як ашчэрылiся на мяне, як зачалi злосна лаяць, зьелi-б, здаецца... * Як маецеся? (ням.) - Ну ў цябе-ж розуму хапiла. Гэта-ж уявiце толькi: тыя, пэўна, у азадак добра ад амэрыканцаў дасталi, а тут вось па дарозе нейкi блазан iдзе зь дзiцячым возiкам перад сабою й пытаецца - wie gehts. Гэта-ж, братка, зьнявага проста... - Ну i заелiся-ж былi. Я думаў, што каторы аплявушыць кiнецца. - Табе толькi заставалася яшчэ спаднiцу бабскую надзець ды хусьцiнку павязаць - можа-б, тады амэрыканцы ў госьцi прынялi... - Якiя амэрыканцы? - Як то якiя? А хто-ж там на другiм баку? - Дзе там амэрыканцы! Французы на другiм баку, вось хто. Кажуць навет, што чужаземны легiён, брат. Я-ж, пэўна, не разабраўся яшчэ, нiкога не бачыў, але-ж iншыя кажуць. - Чужаземны легiён, кажуць? - Няўжо-ж... - Дык там-жа крымiнальнiкi з усяго сьвету... - А чорт iх ведае, братка, хто там. Зрэшты, можа, яшчэ даведаемся й пабачым. Але цяпер слухай-жа, што было далей. - Ну, расказвай. - Мiнулi мы першы ўзгорак з правага боку каля дарогi. Там бачыў я нямецкiя гаўбiцы - акапаныя стаялi. Ажно падыходзiм пад нейкую вёску (гэта была Балерсдорф на захад ад Альткiрха). Загадана нам легчы й сачыць, што наперадзе робiцца. Вiдаць з правага боку пры дарозе касьцельная вежа, там цi не назiральнiк артылерыйны сядзеў толькi. Заўважылi нашы нейкiх падазроных людзей, рух наперадзе. "Давай, - кажа дружыновы, - папробуем". Чуваць было таксама воддаль каля дарогi ў кустах, як танкi равуць. Нашы кулямётчыкi давай псяюрыць па кустах, а мiнамётчыкi - мiны пускаць у ход. Але-ж, братка, доўга й чакаць не давялося. Мусiць, з таго боку добра нас угледзелi, асаблiва з той касьцельнай вежы. Як сьцягнулi мы на сябе агонь, ратуначку няма. Французы як прыпсяюрылi па тым узгорку, што мы мiнулi з правага боку каля дарогi, дык гаўбiцы нямецкiя ажно ўверх падскокваюць. Найгорш, што й нiдзе схавацца няма, каб хаця дзе якую ямку выкапалi. Так нам прысмажылi, што я аж увесь са страху пачаў калацiцца. Братка ты мой, я й сам ня ведаю дакладна, як i што сталася пасьля. Ня помню, калi я пастанавiў уцякаць i цi наагул я пастанаўляў. Мусiць, ногi самi мяне адтуль панесьлi. Адно апамятаўся тады, як ужо пару кiлямэтраў назад зрабiў i перад Рэшатавым апынуўся. - Як гэта - перад Рэшатавым? Дык ён так далёка застаўся ззаду? - Так, братка. Ён зусiм з намi не хадзiў. З падафiцэрамi наперад пхнуў, а сам ззаду застаўся, маскалюга пракляты. - Дык якi зь яго тады камандзер? Цi Вiньнiцкi яму дазволiў? Гэта-ж камандзеры зьвязаў на першыя пазыцыi разам з войскам мусяць iсьцi. - Кажу табе, што з намi не пайшоў, а ззаду застаўся. - Вось якi ваяка, значыцца. - Ён ваяка толькi з канюхамi, а не на фронце. - Ну добра, расказвай далей. - Дык тут i пачалося самае цiкавейшае. Як пабачыў мяне й iншых Рэшатаў ды як запенiўся, як пачаў раўцi, то я думаў, што застрэлiць на месцы. "Караткевiч! - раве на мяне. - Дэзэртыр ты! Дзе твая зброя, амунiцыя? Як ты сьмеў усё на полi пакiнуць?!" Але-ж i запенiўся. Я не на жарты перапалохаўся. I ведаеш што? Загадвае мне, каб я йшоў назад i ўсю мною пакiнутую амунiцыю й стрэльбу прынёс. Я тлумачыў, што там ужо нiкога з нашых няма, бо й сам-жа ён бачыў, што ўсе паўцякалi, дык нiчога не памагае. "Iдзi! - раве. - Прынясi назад стрэльбу й амунiцыю, а то застрэлю зараз, як сабаку". Штож было рабiць? Мне прыйшло ў галаву, што цi ад Рэшатава кулю дастаць, цi ад французаў, дык фактычна няма рознiцы. Ня мог я сказаць, што ня выканаю загаду. Дык i паплёўся я назад па тую амунiцыю, iзноў мне аж той дзiцячы возiк прыпомнiўся. У канцы канцоў, - думаю, - як ужо траплю да французаў у палон, дык таксама не прайграю. Тут надыходзiў ужо й вечар, дык, думаю, пакуль дайду, то й сьцямнеецца. Iду, й лыткi мае ад страху дрыжаць. Дзе пабачу якi куст цi якi цень - хоць тых ценяў i ня было, бо дробны дожджык iмжыў, - дык мне здаецца, што за кожным француз сядзiць. Iзноў-жа - як я туды зайшоў, як знайшоў тое месца, як прыцягнуў назад тую амунiцыю з возiкам, дык i сам ня цямлю. Адно што, здаецца, каб другi раз мне так нехта загадаў, дык i не пайшоў-бы. Вось, браце, як я ваяваў. Можаш сабе ўявiць. - Як той ваяка Швэйк. - Падобна. Караткевiч змоўк. Гутарка адбывалася надвечар другога дня пасьля Вiктаравых прыгодаў, у Гальфiнгэне на сене ў пунi. - А што там чуваць пра вынiкi баёў iншых? - спытаў пасьля кароткага маўчаньня Сымон. - Якiя там наагул баi! Нашы людзi, братка, наагул баёў унiкаюць. Ужо дзе калi прыпруць i выхаду няма, дык адбiваюцца. - Дык усе, значыцца, так, як ты, адразу драпака смарганулi? - Ды ня ўсе. Былi сутычкi ў iншых. Але ўсе адступiлi. На заходнiм прадмесьцi Альткiрха, ужо пазьней ноччу, першая наша рота адзiн танк францускi зьнiшчыла, але такiх паважнейшых i большых баёў ня было, адно сутычкi. Нашы ўцякаюць, бо папраўдзе дык i ваяваць няма чым. Ну як ты затрымаеш танкi? Кулаком? На адну роту далi па чатыры панцырфаўсты. Дык добра-ж, калi яшчэ пападзеш, а то й напуста пусьцiш каторы. Дык i ўцякалi. Колькi ўжо ў палон да французаў папалася... - I ў палон ужо? - О, так. Ужо многiх не далiчылiся. - Дык дзе-ж цяпер нашае войска? - Ужо на гэтым баку Альткiрха, па гэтым беразе рэчкi ў вёсцы Асбах загадана вакопвацца. Увесь батальён тут. - Слухай, а чаму-ж ты аж сюды прыбег? Цi над табою добрае сэрца Рэшатава зьмiлавалася ды адпусьцiў цябе на адпачынак? - Смяешся? Уцёк я, вот i ўсё. - А ты знаеш, што цябе чакае, як зловяць? - Дык я-ж пры сваiм абозе. Што-ж яны зробяць? Адпачну й пайду назад. - Але-ж зь цябе й ваяка. Ты-ж без загаду, самадумам нiчога не павiнен рабiць. Што ты - маленькi, цi што? - Ат, - махнуў рукою Вiктар, - неяк будзе. Вось давай лепш пасьпiм, а тады буду бачыць, што рабiць. Можа, Рэшатаў навет i ня ведае, што я тут...
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39
|