Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 10)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


Крыху дзiвiўся, чаму гэта раней такая добрая iдэя ня прыйшла. Але-ж i цяпер яшчэ ня позна. Там трэба будзе з тым-сiм пагаварыць, супольна абмеркаваць. А мо й ня толькi ў яго аднаго такая думка ёсьць, мо i ў каго iншага? Дык тады мо й разам? Варта падумаць больш глыбей, абмеркаваць усе "за" i "супраць", як кажуць. Гэта-ж бо такi важны жыцьцёвы крок меў бы быць. Дый ня толькi важны, але й небясьпечны. Асаблiва-ж небясьпечны. Крыху рызыкоўна, бо й краiна чужая ды няведамая. Але якая-ж iншая магчымасьць ратунку? Жыцьцё-ж належыць да адважных i сiльных духам.
      Прыгадалася Сымону, што да гэтага часу анi ён, анi сябры ягоныя - нiхто не даваў вайсковае прысягi. Спарыш не ўважаў прысягу, як некаторыя iншыя, за чыстую фармальнасьць. Прысяга для яго была таксама нечым большым, чымся ўрачыстая дэкларатыўнасьць. Яна абазначала поўнае адданьне, без рэзэрву, без павароту, усяе свае духовай й фiзычнае iстоты на службу Бацькаўшчыне, народу. Магло пасьля прыйсьцi Бог ведае што - раз дадзеная прысяга для Сымона былаб сьвятым правам i абавязкам на цэлае жыцьцё.
      Лежачы ў Вальдагоне ў бараку на пасьцелi, Сымон пастанавiў злажыць прысягу на вернасьць Бацькаўшчыне. Лiчыў, што час i месца зусiм ня горшае, чымся якое iншае. Дагэтуль - дарма што пайшоў у беларускую армiю - нiхто не парупiўся зь яго й пару сотняў iншых сяброў узяць прысягi. Тут-жа чалавек стаяў на парозе няведамага, цёмнага, небясьпечнага. Хто ведае, што можа стацца, куды лёс закiне. Што-б у будучынi зь iм, Сымонам, нi здарылася, якiя-б нi давялося рабiць фармальнасьцi, куды-б нi давялося трапiць - няхай Бог i Бацькаўшчына ведае, што ягоная ўрачыстая прысяга ёсьць сьвятым словам, абавязкам, вехаю дарожнай, якая будзе накiроўваць яго ў будучынi. "Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, - шапталi ў цемнаце вусны, - дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькi Табе. Колькi ў мяне стане сiл, здольнасьцяў, здароўя - усё аддам для Твайго дабра. Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткi маёй, на нявiнную кроў маiх суродзiчаў, на памяць загiнуўшых нязьлiчоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерцi. Калi-б я сьведама адрокся тут прырэчанага - няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамi гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны".
      Аж сьлёзы пакацiлiся з вачэй, Сымон так сябе ўзрушыў, так усхваляваўся, што толькi цяпер, пасьля даньня волi сэрцу й душы, пасьля прысягi, супакоiўся. Незадоўга ўжо спаў моцным i спакойным сном.
      V
      Ранiцою, пасьля скупога сьнеданьня й атрыманьня ўсёй, учора здадзенай, амунiцыi назад, даўгая шэра-зялёная калёна накiравалася проста на поўнач. Дзень быў сонечны й душны. Маршыравалi павольна. Пераначаваўшы па дарозе яшчэ адну ноч, на другi дзень дайшлi да рэчкi Дуб, што плыла лагчынай, з абодвух бакоў абмежаванай гарамi. Войска павярнула шашой на ўсход. Сымон цэлы час iшоў моўчкi i ўсё песьцiў тую неспадзяваную думку аб уцёках у горы, што ўчора так раптоўна стрэлiла яму ў галаву.
      - Што-ж ты так нос павесiў, быццам-бы бацьку ў магiлу пахаваў? - пачуў бас каля левага вуха. Гэта быў Вiктар.
      - Ведаеш, я й сам думаў з табой парадзiцца, але раней пастанавiў яшчэ перадумаць i абмеркаваць. Таму й нос, як ты кажаш, павесiў. Цi ня варта было-б смаргануць нам у горы?
      - Як гэта ў горы? - зьдзiвiўся той.
      - Звычайна. - Сымон азiрнуўся навокал, цi хто не прыслухоўваецца.
      - Да францускiх партызанаў, - дакончыў амаль шэптам.
      Вiктар ня выказаў зьдзiўленьня. Добрых некалькi хвiлiн iшоў побач, нiчога не адказваючы, ды, здавалася, перажоўваў такую новую iдэю.
      - Га? Што ты думаеш? - перапытаў Сымон.
      - Цяжка так адразу сказаць. Там няведама, дзе й да каго трапiш, мовы францускай не знаеш... Ды хто яго ведае. Надта-ж рызыкоўна.
      - Я ведаю, што рызыкоўна. Небясьпека вялiкая як з боку адных, так i другiх. Але падумай, як-жа тут далей быць? Паўгалодныя цэлы час жывём. Пачакаўшы-ж, пакуль прыйдзе фронт, у такое пекла трапiш, што сам Бог ведае, як удасца ўцалець. А выжыць трэба было-б за ўсялякую цану. Не за таўстапузых швабаў, а за сваю Бацькаўшчыну мы йшлi ваяваць.
      - Гэта лiшнiм i гаварыць... Ведаю, што ваяваць няма за каго. Можа, й варта было-б уцячы. Толькi трэба было-б абдумаць, як гэта зрабiць...
      - Дык вось давай i абдумаем.
      - А як ты думаеш уцякаць - нам дваiм цi ўсiм гуртам?
      - Лепш было-б усiм гуртам, гэта ясна. Калi-б пасьля дзе й трапiлася небясьпека, дык лягчэй было-б. Ды каб i да французаў цэлая сiла людзей прыйшла, дык больш лiчылiся-б. А то пару чалавек - чорт ведае каму можна ў рукi папасьцiся.
      - Трэба лiчыць на ўсё, навет на самае найгоршае.
      - Вось-жа пра тое i йдзе. Варта было-б пагутарыць з блiжэйшымi хлапцамi й паглядзець, што яны думаюць. Мо хто яшчэ знойдзецца.
      Памаўчалi.
      - Слухай, - распачаў зноў Сымон, - пад час абедняга перапынку давай парадзiмся з Кастусём i некаторымi iншымi. Пабачым, што яны аб гэтым думаюць. Калi-ж нiхто ня знойдзецца для кампанii, дык смарганём удвух.
      - Няхай будзе й так, - згадзiўся Вiктар. - Толькi-ж калi-б давялося нам удвух, то як i калi гэта зрабiць?
      - Няма нiчога лягчэйшага. Адышоўся набок у кусьцiкi, быццам дзеля патрэбы, пачакаў, пакуль усе пяройдуць, а там i гайда...
      - Так проста?
      - Нiчога ня можа быць прасьцейшага. Немцы навет не заўважаць да наступнай. зборкi, а тая будзе ўжо аж надвечар, як затрымаюцца.
      VI
      Вiктар Сянькевiч у апiсаны намi час быў юнаком сярэдняга росту, даволi мiзэрнага выгляду. Першае ўражаньне ад яго складвалася мiж тым зусiм памылковае. Можна было-б падумаць, пэўна, што гэта лагодны, добрай натуры чалавек, зусiм ня здольны на больш паважныя нейкiя рэчы. Мо да гэтага спрычынiлася ягоная паўдзiцячая ўсьмешка цi павольна-лянiвая гутарка - цяжка сказаць. Магло здавацца, што перад вамi стаiць зусiм яшчэ зялёненькi хлопчык. Тут якраз можна было найбольш памылiцца. Вiктар розумам i практыкай быў вельмi дасьпелы, пранырлiвы, вынаходлiвы. Меў моцную сiлу волi й гарачае патрыятычнае сэрца. Але зь Вiктарам нам часьценька давядзецца бачыцца ў будучынi. Чытач сам яшчэ пераканаецца ў трапнасьцi нашай характарыстыкi.
      Думка аб уцёках, што паўстала пераважна ў Вальдагоне, нарадзiлася ў шматлiкiх галовах. Некаторыя, схамянуўшыся, разважыўшы з усiх бакоў гэту новую iдэю, спакойненька адлажылi яе цi адсунулi ў нейкi бочны куточак мазгоў, бо былi баязьлiўцамi й навет голасна перад сабою не асьмельвалiся прызнацца, што ў iхных галовах магла паўстаць такая сьмелая iдэя. Iншыя-ж, адразу спасьцярогшы новае, ухапiлiся за яго й пачалi думаць i дзеяць. Да такiх, акрамя Сымона Спарыша, зусiм незалежна ад яго належалi Кастусь Дзежка, Рак, Лабун i Вiктар Сянькевiч. Было, ведамая рэч, i шмат iншых, больш пасiўных. Успамiнаем прозьвiшчы чатырох толькi таму, бо яны зьяўлялiся афiцыйным, але нелегальным камiтэтам уцёкаў, якi завязаўся сам сабой ужо ў Вальдагоне. Камiтэт гэты, галавою якога фактычна быў Кастусь Дзежка, пастанавiў, пасьля шматлiкiх гутарак зь сябрамi, прыступiць да арганiзацыi пераходу на другi бок. Варта тут яшчэ зацемiць, што чытач ужо, бяз сумлеву, заўважыў, што ў камiтэт не ўвайшоў нiводзiн беларускi падафiцэр, хоць iх было ў роце чатыры. Адылi ўсе яны былi другараднае, а мо й нiжэйшае якасьцi. Былыя кадэты хутка спасьцераглi, што немцы сьведама не далi ў роту нiкога зь першаклясных падафiцэраў беларусаў. Гэтым i тлумачылася, што сярод iнiцыятараў уцёкаў iх ня было.
      Камiтэт першым чынам пастанавiў уплянаваць месца й час пераходу ды сагiтаваць цэлую дванаццатую роту й тыя суседнiя роты, якiя ўдасца. Былi надзеi на ўдачы ў сваёй роце, асаблiва прыгадваючы ранейшую салiдарнасьць i дружнасьць.
      Далёка ня ўсе сябры згаджалiся на пераход да макiсаў. У некаторых не ставала адвагi, iншыя-ж не пагаджалiся з плянам папярэдняга перастраляньня немцаў. Найбольш разыходжаньняў было адносна апошняга. Прадугледзiлася, што немцы пры помсьце могуць зьлiквiдаваць многа самых перадавых беларусаў, якiя застануцца ў iхных руках. Урэшце, урадзiлi немцаў не страляць, толькi асьцерагчы, каб устрымалiся з рэпрэсiямi. Таму што людзi ня ведалi канкрэтна, дзе яны знаходзiлiся, як далёка ад нямецкае мяжы, трэба было неадкладна здабыць iнфармацыi. Асаблiва важным было ведаць, цi далёка быў ад Нямеччыны адзьдзел, якi пасоўваўся ва ўсходнiм кiрунку шашой у катлавiне рэчкi Дуб. Трэба было бачыць карту. Камiтэт даручыў гэтую справу Вiктару Сянькевiчу.
      Вiктар Сянькевiч, што выглядаў надта мiзэрна й меў на нагах страшна дакучлiвыя мазалi, пажалiўся камандзеру роты Петрыку, што далей iсьцi ня можа. Петрык зьлiтаваўся й папрасiў двух старэйшых афiцэраў, што ехалi на чале калёны ў аўтамабiлi, каб узялi "iнвалiда". Сянькевiчу толькi таго й трэба было. Прысеўшы ззаду на аўце, на сваю вялiкую пацеху, Вiктар спасьцярог i карту, што адзiн з афiцэраў трымаў на каленях. Адным вокам удалося Сянькевiчу заўважыць вызначаную чырвоным алавiком трасу маршу, але дакладней ня мог спасьцерагчы нi мясцовасьцяў, нi нямецкае мяжы. Афiцэры - абодва былi са штаба Зiглiнга - амаль забылiся аб iснаваньнi "iнвалiда". Зiрнуўшы на карту, капiтан павесiў мапнiк на плячо i ўзяўся закурваць. Сянькевiч увесь замянiўся ў вочы. Хутка спасьцярог, што калёна была блiзка нямецкае мяжы (фактычна мяжы Эльзаса), i ўжо на перапынку, калi войска затрымалася на адпачынак, зьлезшы з аўта, паведамiў Кастусю Дзежку й iншым сябрам камiтэту аб вынiках разьведкi. Было пастаноўлена ўцякаць тае-ж ночы, адкiнуўшы канчатковы плян страляньня немцаў. На канчальную пастанову здабылiся ўжо позна папаўднi.
      VII
      Пад час абедняга перапынку Сымон i Вiктар Караткевiч выявiлi сваю думку Кастусю Дзежку. Той пахвалiў iдэю, але настойваў, што ўцякаць трэба гуртам. Заўважыў, што думка такая ёсьць i ў шматлiкiх iншых, але канчаткова зарганiзаванага i ўплянаванага нечага яшчэ ня было (адбывалася гэта перад разьведкай Вiктара Сянькевiча). Iншыя сябры, да якiх зьвярнулiся Сымон i Вiктар Караткевiч, былi зусiм ненаважанымi й больш выпытвалiся, чымся радзiлi.
      Мо тутака два нашы гэроi занадта пагарачылiся. Маглi-б пачакаць, больш разьнюхаць, разважыць, iншых намовiць. Ды й ня шмат трэба было каго намаўляць. Камiтэт працаваў па зьвязах, усюды праводзiлася агiтацыя. Была зроблена сувязь зь iншымi ротамi, й там пачалася прапаганда, але, як пасьля выявiлася, яна ня прынесла жаданых вынiкаў.
      Сымон асаблiва падкрэслiваў той факт, што цяпер мiналi спрыяльную тэрыторыю, што праходзiў час, якi трэба выкарыстаць, i што пасьля мо ня будзе такой добрай нагоды. Такiм чынам Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч пастанавiлi ўцякаць у той-жа дзень удвух пры першай лепшай нагодзе. Сымон меў першы адысьцiся на левы бок дарогi ў кусты, быццам для патрэбы, перачакаць, пакуль цэлая калёна пяройдзе, а там ужо - i ў горы. Мясцовасьць добра падыходзiла. Горы высокiмi скаламi засланялi паўночны бок. Такiм самым спосабам, прайшоўшы яшчэ мо пару сотняў мэтраў, меў змыцца й Вiктар Караткевiч. Бязумоўна, усю зброю й амунiцыю мелi захапiць з сабою.
      VIII
      Рэчка вялiкiм лукам выгнулася ў паўдзённым кiрунку, а побач яе бегла чыгунка. Толькi шаша не палегла тут побач рэчкi, а прасьцяком адскочыла ад яе на паўтара кiлямэтра на поўнач ды апаясвала самыя падножжы гор. Зараз-жа побач дарогi зь левага боку былi густыя кусты, пасьля ў кiрунку гор цягнулася на мэтраў сотню шырокая паласа сенажацi, там-жа зноў пачыналiся густыя горныя зарасьнiкi. Самi горы былi з лагоднымi ўзбоччамi й нявысокiя. Сымон кiнуў вокам направа й налева, памяркаваў i наважыўся. Была ўжо гадзiна чацьвёртая цi больш папаўднi. Неба зацягвалася хмарамi, немiласэрна парыла. Можна было лёгка ўгадаць, што прыйдзе дождж, калi ня бура. Дзесь далёка на захадзе пагражаў гром.
      - Слухай, Вiктар, тут!
      Вiктар разгледзеўся.
      - Ужо цяпер?
      - А чаго чакаць? Ты зараз-жа падрыхтуйся, не зявай. Там за некалькi дзясяткаў мэтраў шмыгнеш i ты.
      - Я гатовы. Хiба-ж ты не парадзiш мне хатуля забiраць, каб немцы пыталiся, куды йду.
      - Добра, няма часу на жарты. Глядзi адно, як пачуеш у лесе мой голас, то адклiкнiся, каб мы, баранi Божа, ня згубiлiся.
      - Добра, iдзi ўжо.
      Сымон паправiў за поясам сваю гранату, якую пазаўчора ўдалося яму знайсьцi ў Вальдагоне, агледзеў патранташы, стрэльбу й павольным крокам адыйшоў на левы бок дарогi, паплёўшыся ў кусты. Палажыў на траву стрэльбу, наўмысьля, каб усе бачылi, адшпiлiў пояс з патранташамi й прысеў за кустом. Якраз праязджаў на самакаце зьвязовы Штык, што бачыў Сымона й не зьвярнуў на яго вялiкай увагi. Жаўнеры часьценька па дарозе адыходзiлiся ў кусты.
      Таму, што Сымонава рота iшла пры хвасьце калёны, доўга не давялося чакаць. Хутка хвост схаваўся на загiбе дарогi. Сымон хуценька зiрнуў, цi нiкога няма на дарозе, i шпаркiмi крокамi кiнуўся пад горы цераз паласу сенажацi. Адно некалькi крокаў дзялiла яго ад падгорных зарасьнiкаў, як раптам з таго боку, дзе нядаўна знiкла калёна, высунулася нямецкая вайсковая аўтамашына. Мiж Сымонам i ёй было мо паўкiлямэтра адлегласьцi.
      У кузаве ехалi жаўнеры Вэрмахту. За першай паказалася другая й трэцяя.
      Хаця Спарыш моцна ўстрывожыўся, але ў панiку ня кiнуўся. Яму выпадала або тут-жа на месцы прылегчы на голай выкашанай сенажацi ды варажыць на тое, што немцы яго не заўважылi, або дабегчы тых колькi крокаў да кустоў. Мо да часу, пакуль дабяжыць, немцы яго й заўважаць. Але няўжо-ж кiнуцца за iм у кусты? Сымон думаў маланкай i наважыўся дабегчы да кустоў. Прысьпяшыўшы як мага кроку й прыгнуўшыся, ён нарэшце грымнуўся нiцма цэлай сваёй постацьцю на першыя зарасьнiкi. Трапiў, мусiць, на нейкiя калючкi, што, быццам кацiнымi кiпцюрамi, дзёрнулi яму ўздоўж твару. Гвалтоўна бiлася сэрца, цяжка дыхалi грудзi. Сымон баяўся зварухнуцца. "Бачылi цi не? Няўжо-ж бачылi? А вось тады мне пападзецца".
      Крышку падняў галаву, павярнуў яе направа ў кiрунку дарогi й сачыў за тымi трыма машынамi. Яны затрымалiся. Сымону новая хваля крывi хлынула ў галаву. Ужо яму здалося, што вось-вось пачнуць саскокваць з машын жаўнеры й гнацца, шукаць яго, Сымона, па лесе. Але нiчога падобнага не сталася. Машыны пастаялi нейкiх пару хвiлiн няведама чаго й зноў рушылi. Юнак устаў i ледзь выблытаўся з густых калючых галiнак. Правёў правай рукой па твары й пабачыў на далонi кроў.
      - Каб цябе лiха! - прамармытаў.
      Часу нельга было трацiць. Хутка заглыбiўся ў зарасьнiкi, якiя зараз замянiлiся сярэдняга росту дрэвамi. Пад нагамi шалясьцела леташняе лiсьце. Затрымаўся, заладаваў стрэльбу, наставiў бясьпечнiк i трымаў яе напагатове. Уважна разглядаючыся навокал, а перадусiм у правы бок, яшчэ прайшоў колькi крокаў i пачаў клiкаць свайго сябру:
      - Вi-i-i-i-i-i-ктар!
      Рэха гулка раскацiлася на ўсе бакi. Адказу ня было. Сымон гукнуў яшчэ колькi разоў. Тое самае. Вецер моцна скалатнуў вершалiнамi лесу. Сонца схавалася за хмарай.
      Збочча гары раптоўна падымалася, й Сымон не бязь цяжкасьцяў крочыў наперад. Часта хапаўся за камлi дрэваў, каб не спатыкнуцца й не скацiцца назад. Iшоў цi, дакладней сказаць, лез мо хвiлiн пятнаццаць. Дрэвы зноў парадзелi й замянiлiся нiзкiмi кустамi. Уверсе вецер хутка гнаў хмары на ўсход, Яшчэ колькi хвiлiн, i пачнецца дождж. Сымон ня мог зразумець, што сталася зь Вiктарам. Няўжо-ж не асьмелiўся?
      Адзiнокая аса, узбуджаная, вiдаць, раптоўнай зьменай пагоды, а мо й нечаканым наведвальнiкам, дробнымi кружкамi замiтусiлася над Сымонавым шлемам, быццам выбiраючы месца, дзе ўкусiць, i джгнула яго ў шыю.
      - Ах, каб цябе нячыстая! - вылаяўся ўцякач.
      Першыя рэдкiя й цяжкiя кроплi дажджу пасыпалiся на чупрыны кустоў. Сымон, выбраўшыся на плоскi гарызантальны хрыбет горкi, падаўся ў правы бок, асьцярожна ступаючы наперад. Хутка апынуўся над самым краем стромай сьцяны. Прысеў, схаваўшыся за куст. Тое, што пабачыў унiзе, адразу выясьнiла яму ўсю сытуацыю.
      Пад нагамi яго ляжала вялiкая мясцовасьць. Як пасьля даведаўся называлася Клерваль. Дарога раптоўна загнула налева якраз там, дзе Сымон, уцякаючы, убачыў тры нямецкiя аўтамашыны. Вiктар таму й не мог уцячы. Бок гары з усходу быў надта стромы, а калi-б i не, дык Вiктар Караткевiч ня мог-бы ўцячы ад свае калёны ў мястэчку. Сымон разглядаў мост на рэчцы, чыгунку, што праходзiла ля самага падножжа гары, шашу, якая, перабегшы на паўдзённы бок рэчкi, стужкай абкружыла даволi шырокую далiну ва ўсходнiм кiрунку. Дарога была пустая. Сымонавай калёны ўжо ня было вiдаць. Толькi ў мястэчку затрымалiся на вулiцы тры хурманкi. Па нейкiм часе зь дзьвярэй крамаў выйшла колькi зялёных фiгурак. Яны селi на каламажкi, якiя трушком пакацiлiся па шашы.
      IX
      Сымон сядзеў, разглядаўся й разважаў. У сэрца пачала ўкрадацца трывога. Уцячы - гэта адно, але што цяпер рабiць? Трэба было наважыцца й то хутка. Куды кiнуцца? Дый як-жа гэта аднаму быць? Бязвыхаднасьць раптам ярка адлюстравалася ў Спарышовым уяўленьнi. Зрок блудзiў перш па далёкай дарозе, па стрэхах мястэчка й пасьля спынiўся каля правай рукi, якой юнак быў падпёршыся. На шыракаватай, можа, на сантымэтр цэлы, выхаджанай мурашкамi сьцежачцы Сымон заўважыў вялiкую чорную мурашку, што цягнула ў колькi раз большы за сябе кавалак сухога дрэва. Учапiўшыся за яго пярэднiмi лапамi, яна паволi рухалася задам.
      Спарыш на момант забыўся аб сваiх турботах i зацiкавiўся працавiтым жыхаром лясоў i палёў. Асаблiва цiкава назiраць было, як мурашка старалася перавалачы свой багаж на другi бок таўставатай галiнкi, што ляжала поперак ейнай сьцежачкi. Праз той вузенькi праход, што мурашкi вытачылi пад галiнкай, кавалак дрэва не пралазiў. Пасьля пары няўдалых спробаў мурашка выпаўзла сама, адапхнула дрэва назад, колькi разоў абабегла навокал яго, быццам мяркуючы, што рабiць далей, ды хутка зноў узялася за працу, каб перацягнуць ладунак цераз бар'ер. Але як нi чаплялася заднiмi лапкамi за галiнку й як нi натужвала ўсе свае сiлы - нiчога не выходзiла. Iзноў абабегла навокал багажу, мяркуючы, якi тут знайсьцi ратунак.
      Сымон сачыў тое мураўiнае змаганьне з захапленьнем. На момант i забыўся, што сам знаходзiцца ў большым клопаце й небясьпецы. Цэлую ўвагу аддаў малой iстоце. Гэтак калiсьцi любiў сачыць мурашак i ў дзяцiнстве. Дый хто-ж ня любiць назiраць за тымi працаўнямi. Адчуваў Сымон i нейкае задаваленьне з мураўiнага клопату - мо ад той сьвядомасьцi, што ня толькi ён адзiн у бядзе, але што i ўсё iншае ў прыродзе працуе, змагаецца й церпiць.
      "I мог-бы-ж я памагчы ёй, - думаў хлапец, - але вось-жа няхай сама зробiць, а я буду збоку сядзець, сачыць i сьмяяцца. Няхай мурашка пазнае, якi лёгкi на гэтым сьвеце хлеб".
      Тым часам мурашка наважылася, мусiць, пераправiцца цераз папярэчную галiнку iншым спосабам. Стаўшы раўналегла да свайго падоўжанага кавалка дрэва, яна пярэднiмi лапамi падапхнула адзiн ягоны канец уверх, так што ладунак ускосна лёг на бок галiны. Пасьля, адышоўшыся крыху назад, ухапiлася за заднi канец i зь вялiкаю натугаю папхнула ўвесь цяжар уверх. Кавалак дрэва перакулiўся на другi бок галiнкi.
      Мурашка, вiдаць, узрадавалася, адскочыла назад i шпарка кiнулася ў левы бок, каб самой пералезьцi на другi бок праз той вузенькi праход пад галiнкай. Мусiць, ашчаджала сiлы й сама не хацела пералазiць цераз верх без патрэбы. Сымон дзiвiўся - колькi мудрасьцi цi мо толькi памяркоўнага iнстынкту мела маленькая працавiтая iстота.
      Мурашка зноў хапiла кавалак дрэва пярэднiмi лапкамi й пачала цягнуць паволi, як раней. Але тут Сымон наўмысьля паставiў ёй на той вузенькай сьцежачцы вялiкi шырокi свой палец. Мурашка, кiнуўшы ладунак, абгледзела перашкоду i ўжо старалася, мусiць, разгледзець, як абысьцi яе, бо кiнулася крышку ўбок, хоць там дарожку загароджвалi сухiя сцёблы травы. Шкада Сымону стала раптам мурашкi. Ён прыняў палец i зь вялiкiм спачуваньнем уздыхнуў: "Эх, братка ты мой, мурашка. Дзiвяцца й людзi з тваёй працавiтасьцi й цярпеньня. Але ня ведаеш ты нашай горкай долi. Што й казаць! Ведала-б - дык i не пазайздросьцiла!"
      Юнак адчуў вялiкi прылiў жалю й змагаўся са сьлязамi. Так i паплакаў-бы, здаецца, уволю й пажалiўся-б навет той мурашцы, бо ня было-ж каму. Але Спарыш не плакаў, хоць i сядзеў на вяршынi гары сам, хоць нiхто й не падгледзеў-бы. Сьлёзы лiчыў адзнакаю слабасьцi, а яму-ж нельга было цяпер быць слабым, старой сьлязьлiвай бабай. Трэба было мацавацца, гартавацца й ходацца зь лёсам.
      Сымон вярнуўся да сваiх папярэднiх думак. "Уцёк-то ўцёк, - разважаў Спарыш. - Але што-ж далей? Цi чакаць ночы, цi цяпер куды йсьцi? Дый куды? Невядомая мясцовасьць, мова, людзi. I дзе-ж былi тыя макiсы? Казалi, што недалёка тут у ваколiцы ёсьць, але-ж гэта мяне не грэе. А што будзе, як пападуся ў рукi немцам? Яно-ж таксама магчыма. Ды мо гэткi канец i найверагоднейшы. Гэта-ж тут каля самай дарогi, не абы-што табе. I што-ж тут рабiць?"
      У гэты час неба густым цяжкiм дажджом лiнула на Сымона зьверху. Засланiўся галiнкамi куста, але яны нiчога не памагалi. Так вось пабудзь пад такiм дажджом, дык хутка прамокнеш, а пасьля дзе высушышся?
      "Трэба-ж нагвалт на нешта наважыцца. Не магу так вось сядзець, - разважаў Сымон. - А мо каб пайсьцi дый дагнаць вабоз? Пэўна-ж, далёка не ад'ехалiся. Цi гэта ня будзе небясьпечна? Мо ўжо даведалiся, што мяне няма? Але якi-ж iншы выхад? Мо там як вытлумачуся, а мо маёй адсутнасьцi й не заўважылi, а калi й спасьцераглi, дык можна будзе неяк выясьнiць, апраўдацца, сказаць, што проста дзеля патрэбы застаўся, цi яшчэ што выдумаць. Але што? I цi павераць? Дык што рабiць? Эх, што будзе, тое няхай будзе!"
      Пры гэтай думцы Сымон махнуў рукой: буду даганяць!
      Хуценька падняўся й, стулiўшы плечы, каб дождж не лiў за каўнер, падаўся назад тымi самымi сьлядамi, якiмi прыйшоў. У лесе схаваўся пад страхой верхнiх густых лiсьцяў. Менш дакучаў дождж. Хутка перабег тую паласу сенажацi й зноў апынуўся на шашы. Перш упэўнiўшыся, што нiкога няма на дарозе, на хаду разладаваў стрэльбу. Хуткiм крокам iшоў па правым баку. У Клервалi вулiцы сьвяцiлi пусткай, жывой душы ня вiдаць было. Сымон мiнуў масток i ўжо плянаваў, як гэта будзе тлумачыць сваю адсутнасьць. А тлумачыць, пэўна-ж, прыйдзецца.
      Х
      Першая гвалтоўная хваля лiўня мiнула. Церушыў дробненькi гусьценькi дожджык. Сымон не зважаў. Каб толькi ўсяго й было бяды - дажджу. Прайшоўшы нейкiх пару кiлямэтраў, заўважыў насупраць аўтамашыну. Гэта была легкавая даўгая вайсковая машына, у якой езьдзiлi штабовыя афiцэры. Яна прыблiзiлася, звольнiла, затрымалася. Сьпераду сядзеў шафёр, а ззаду - палкоўнiк з капiтанам. Сымон адсалютаваў.
      - Што ты робiш адзiн тут на дарозе й зь якога ты адзьдзелу? - гаркнуў палкоўнiк на Спарыша па-нямецку.
      - Я з трыццатай дывiзii, спадар палкоўнiк. Мой адзьдзел пайшоў наперадзе, вы, пэўна, бачылi па дарозе...
      - Я, яволь, - кiўнуў галавой афiцэр.
      - ...а я крыху адстаў ззаду й стараюся дагнаць.
      Афiцэр нiчога не адказаў, уважна сьвiдруючы Спарыша вачыма. Махнуў шафёру рукой, i машына памчалася далей. Сымон паскорыў крокi.
      Маршыраваў больш дзьвюх гадзiн. Дарога была зусiм пустая. Яшчэ адзiн раз праехала невялiкая калёна нямецкiх вайсковых аўтамашынаў у заходнiм кiрунку. Пасажыры iх, здавалася, са зьдзiўленьнем кiнулi вокам на адзiнокага ўзброенага жаўнера на дарозе.
      Трывога павялiчвалася ў Сымонавым сэрцы па меры наблiжэньня да свайго адзьдзелу. "А што будзе, калi прычэпяцца немцы? Што мяне чакае?" - думаў ён. Але пастановы ўжо не зьмянiў. У выпадку найгоршага разьлiчваў, што памогуць, заступяцца сябры. Шаша зноў накiравалася цераз мост на рэчцы Дуб i перакiнулася на паўночны яе бок. Воддаль хлопец заўважыў свой вабоз. Затрымаўся ён на шырокай лагчыне мiж шашой i рэчкаю. Канюхi, парасстаўляўшы каламажкi ля самага берагу рэчкi, ужо павыпрагалi й даглядалi коней, жаўнеры-ж мiтусiлiся навокал сваiх ужо дзе-нiдзе пабудаваных палатак. Шмат зь iх, пасабiраўшыся групамi, пераважна пры хурманках, над чымсьцi радзiлi.
      Сымона здалёк заўважыў Вiктар i выбег насустрач.
      - Ну як, уцёк? - сьмяяўся ён.
      - Няхай цябе чорт, такога сябру! - скрывiўся Спарыш.
      - Дык а што-ж я меў рабiць, калi там зараз вёска натрапiлася?
      - Ведаю, добра ўжо... Не патрабуеш апраўдвацца.
      - Ты й добра зрабiў, што вярнуўся.
      - Пыталiся пра мяне?
      - Штык пытаўся. Я сказаў, што ты дзеля патрэбы застаўся. Iдзi зараз да яго замэльдуйся.
      Сымон так i зрабiў.
      - А што-ж з табой? Дзе ты так доўга бадзяўся? - спытаў немец, зырка ўталопiўшыся ў яго.
      - Застаўся крышку ззаду, адпачыў. Пасьля дождж зачаў падаць, дык пад кустом перачакаў, - тлумачыў спакойна Спарыш.
      - Так? А ня ведаеш, дзе Сiткоўскi й Камар?
      - Не, ня ведаю, - адказаў хлапец. Ён зараз здагадаўся, што гэтыя хлапцы ўцяклi пасьля яго, i ў той момант iм пазайздросьцiў толькi таму, што ягоныя ўцёкi не ўдалiся. Здавалася Сымону, што зьвязовы Штык здагадаўся, дзе ён быў i што сталася з двума, аб якiх пытаўся. Ягоны, здавалася, i твар гаварыў: "Ты-ж мяне, братка, стараешся вакол пальца абвесьцi, але-ж я ведаю, дзе ты, даражэнькi, быў". I толькi чакаў Спарыш, як вось-вось Штык скажа: "Ты лгун! Ты ў горы ўцякаў, ды не ўдалося. Забраць яго! Зараз расстраляем перад фронтам адзьдзелу". I калi Штыкова правая рука палезла ў кабуру, у Сымона дзесьцi каля каленаў пачалi бегаць мурашкi.
      - Трымайце, трымайце яго! - крыкнуў Штык i выняў з кабуры "люгера".
      Двое хлапцоў колькi крокаў воддаль трымалi добра адпасенага падцёлачка. Штык падышоў i, прыставiўшы рулю пiсталета ў самы бычкоў лоб, стрэлiў. Хлопцы адскочылiся, бычок гоцнуўся вобземлю, задрыпаўшы нагамi.
      - Голад быў у Нямеччыне, дык хоць мо чужога пад'ядзём, - сказаў адзiн з тых, што трымалi падцёлачка, сочачы ягоныя перадсмяротныя ўздрыгi.
      - А фiгу бачыў, дружа мой? - зарагатаў другi. - Немцы мяса зьядуць, капыткi нам дадуць... - зацягнуў ён на матыў "Если завтра война".
      Штык, пачакаўшы пару хвiлiн i ўпэўнiўшыся, што падцёлак застрэлены, уважна агледзеў "люгер" i палажыў яго ў кабуру.
      - Бяжы да кухнi памагаць абразаць бульбу!
      Сымону ня трэба было двойчы паўтараць.
      Кастусь Дзежка вельмi ўзрадаваўся, знайшоўшы Спарыша пры кухнi. Ён расказаў, што ўсе радзiлi над уцёкамi ў горы ноччу, што вялася агiтацыя. Пастанова была пэўная.
      - А як будзе з табою? - папытаў Сымона. Той адказаў не адразу.
      - Ня ведаю яшчэ. Бачыш, вось я толькi вярнуўся з адных уцёкаў.
      - Дык ты не марудзь, а памазгуй там у сваёй башцэ ды скажы мне. Я хачу, каб ты й Караткевiч, каб мы ўсе пайшлi разам.
      - Добра, падумаю, - паабяцаў Сымон, шпурнуўшы абрэзанай бульбiнай у вялiкi кацёл.
      ПЕРАХОД ДА МАКIСАЎ
      I
      Дрэва вольнасьцi час-ад-часу мусiць быць адсьвежана крывёй патрыётаў i тыранаў. Гэта - натуральнае яго ўгнаеньне", - пiсаў да палкоўнiка Смiта, зяця прэзыдэнта Адамса, аўтар амэрыканскае "Дэклярацыi аб незалежнасьцi", будаўнiк Злучаных Штатаў, архiтэкт вольнасьцi й дэмакратыi - Томас Джэфэрсон.
      Кроў няслаўных i зьненавiджаных тыранаў пралiваецца ў ахвяру новых i лепшых iдэяў; кроў змагароў за лепшыя iдэi родзiць вольнасьць, шчасьце, справядлiвасьць. Але колькi-ж крывi пралiваецца зусiм бяз мэты, хiба толькi для насычаньня ненармальных, нялюдзкiх iнстынктаў тыранаў...
      Калi ў раньнюю пару другой сусьветнай вайны нямецкiя карныя адзьдзелы збурылi чэскую вёску Лiдыцэ й спалiлi жыўцом усiх яе жыхароў мужскога роду, дамэтныя й палiтычна разумныя чэхi раструбiлi аб гэтым зьверстве па цэлым сьвеце, здабываючы вялiкi палiтычны капiтал. Чэхi мелi за межамi спагадлiвыя сэрцы, што спачувалi, пiльныя вушы, што прыслухоўвалiся, прыязныя рукi, што сьпяшылi iм на дапамогу.
      За час другой сусьветнай вайны акупантамi ў Беларусi былi разбураныя тысячы вёсак, жыўцом папалена iх насельнiцтва. Крышылася, папялiлася, гарэла, стагнала, енчыла шматпакутная Крывiччына-Беларусь. У пякельна-вогненных муках уздымалiся пад неба, клiчучы на ратунак i на помсту Ўсемагутнага, бясьсiльныя абамлелыя рукi беларускай маткi, жыўцом душылiся дымам i гарэлi ў полымях пажараў няшчасныя нявiнныя дзеткi.
      Надлюдзкiя цярпеньнi гаротнага народу не ўзбагацiлi беларускага палiтычнага капiталу за межамi. Ня было там вушэй, што прыслухоўвалiся, зычлiвых сэрцаў, што спачувалi, сяброўскiх хрысьцiянскiх рук, што пасьпяшылi-б на дапамогу. Беларусь за межамi была няведамай, недасьледаванай белай плямай на мапе, чужой правiнцыяй. Рэха народных iмкненьняў заглушана было грымотамi змаганьня за беларускую зямельку двух паразiтаў-драпежнiкаў.
      А ў сталiцах заходнiх дэмакратычных краiнаў зьдзiчэлыя ў сваёй прагавiтасьцi груганы - польскiя абшарнiкi, вайсковыя асаднiкi, крывадушныя ксяндзы, ураднiкi й iншая шляхоцкая й панская дробязь, што дваццаць гадоў жыравалi на беларускiм целе, рыхтавалi тым часам нашаму народу новыя аковы. Белыя расейцы - папы, чарнасоценцы, усякай масьцi няслаўныя нашчадкi Мураўёва-Вешацеля - з другога боку майстравалi яшчэ мацнейшае, больш удушлiвае й цясьнейшае ярмо. Адны й другiя чакалi добрае нагоды. I знаходзiлi ў заходнiм сьвеце сымпатыi й падтрымку для сваiх захопнiцкiх плянаў i пасяганьняў на чужое.
      Цяжкiмi ёсьць пачаткi змаганьня за незалежнасьць без агульнага ўздыму, калi полымя сьвядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапiла яшчэ цэлы народ. Колькi-ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гiсторыю нашай краiны, пачынаючы хаця-б ад Кастуся Калiноўскага. Колькi дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага гэройства, колькi неўзнагароджаных цярпеньняў, а з другога боку - нявыкарыстаных магчымасьцяў!
      Катаклiзм Другой Сусьветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускi народ. Побач зь нязьлiчонымi стратамi ў ваеннай завiрусе расьлi й множылiся ладныя шэрагi новых змагароў за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адбываўся прысьпешаны працэс вырастаньня й гартаваньня новага беларускага сына - змагара за будучае шчасьце народу. Падрастала й гартавалася ў школах i нацыянальных арганiзацыях моладзь, што высока ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг i крыж Ярылы, сьмела крочыла на змаганьне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гiстарычныя часы, прасякла бязьмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народу ляжыць толькi ў сваiх собскiх сiлах. Як не хацелася таго акупантам, зерне iмкненьня да волi й самастанаўленьня аб сваiм лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.
      Юнакi, што ў чэрвенi 1944 году зьехалiся ў Менск у Школу Камандзераў БКА, прыйшлi добраахвотнiкамi, каб ваяваць за вялiкую й несьмяротную iдэю, iмя якой - вольнасьць i незалежнасьць Беларусi.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39