Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


Акула К
Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

      Кастусь Акула
      Змагарныя дарогi
      Раман
      Кастусь Акула. Змагарныя дарогi
      Уладзiмiр Арлоў. Змагарныя шляхi Кастуся Акулы (Уступ да Менскага перавыданьня 1994 году)
      Станiслаў Станкевiч. "Змагарныя Дарогi" К.Акулы (Уступ да Таронтска-Мюнхенскага выданьня 1962 году)
      Кастусь Акула. Пасьля першых адгалоскаў
      Кастусь Акула
      Змагарныя дарогi
      Ад Аўтара
      Пэрыяд Другой Сусьветнай вайны прынёс беларускаму народу найбольш цярпеньняў i каштаваў яму ахвяраў. Даўно здадзеныя на злом i пераплаўленыя ў iншыя прылады вайны цi мiру зброя, што iрвала-крывавiла зьняможанае цела нашае Бцькаўшчыны. Але маскоўскi акупант, не дазволiўшы прыгнечанаму народу залячыць i загаiць ваенных ранаў, запрог яго ў непасiльнае ярмо ды сыцее й дужэе за кошт мiльёнаў нашых нешчасьлiвых родзiчаў.
      Партыйныя прыслужнiкi Масквы ў навуцы й культуры туга набiваюць кiшэнi бальшавiцкiмi чырвонцамi за мiзэрна-хвальшывыя працы, дзе намагалiся й намагаюцца ў крывым люстэрку паказаць той векапомны час. Тыя-ж, для якiх праўда, сьветлая маральнасьць, гонар i чыстае сумленьне даражэй юдаўскiх маскоўскiх прэмiяў, бляшак-мэдалёў ды тытулаў, прымушаныя сяньня маўчаць, чакаючы на лепшую будучыню, калi змогуць тварыць бяз прымусу.
      Адрэзак часу, што дзелiць нас ад вайны, быў-бы амаль дастатковым, каб хоць з большага вычарпаць багацьце матар'ялаў, што назьбiралася ў басэйне падзеяў за час вайны ў Беларусi. Але яшчэ дагэтуль амаль незакранутая сыравiна вялiкiх ваенных эпапеяў у лiтаратуры, неадсьпяванай застаецца слава беларускiх волатаў-гэрояў у музыцы. Нашы нацыянальна-сьведамыя й патрыятычныя масы на эмiграцыi ўсё яшчэ дзеляцца й жывуць ласкуткамi ўспамiнаў ды там-сям падбiраюць каласкi з плённых чужых нiваў. Удома-ж бальшавiцкiя партыйцы славяць крывадушных катаў паняволаенага народу.
      Беларускiя эмiграцыйныя пiсьменьнiкi маюць амаль неабмежаваную вольнасьць тварэньня ды й багатую спадчыну гiстарычных матар'ялаў. Адылi яны, аддаючы львiную частку свайго часу заробкам на штодзённы хлеб i жыцьцё, абмежавалiся да гэтага часу адно колькiмi ўрыўкамi-нарысамi цi кароткiмi паэмамi. Асноўны-ж запас сыравiны, што адносiцца да людзей i падзеяў у Беларусi падчас апошняе вайны, усё яшчэ неўпарадкаваны й недасьледаваны, чакае лепшае будучынi.
      Аддаючы гэту працу ў карыстаньне грамадзтва, аўтар спадзяецца, што яна хоць у малой ступенi запоўнiць вышэйзгаданы прабел.
      Вялiкая падзяка належыцьца сябром iз Школы Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску, што пасьпяшылi нам на дапамогу зь iнфармацыямi. За помач у iнфармацыях складаем вялiкае беларускае дзякуй i наступным асобам: сьв. пам. а. мiтр. прат. Данiлюку, ген. Ф.Кушалю, д-ру М.Шчорсу, сп-нi Л.Пiтушчысе, сп.сп. Г.Барановiчу, А.Маркевiчу й iншым, а за парады пры апрацоўцы матар'ялу - д-ру В.Жуку. За перагляд i некаторую карэкту ў мове рукапiсу дзякую сп. А.Марговiчу.
      Гэтта асаблiва жадаем падчыркнуць вялiкую вартасьць фiнансавае дапамогi сп-ра К.Каранеўскага i д-ра Б.Рагулi, ды й трэйцяга сябры, якi жадае астацца ананiмным, дзякуючы якiм магчымай сталася рэалiзацыя выданьня кнiгi.
      Д-ру Ст.Станкевiчу i сп-нi З.Станкевiчысе за цяжкую й наагул тэхнiчную працу, зьвязаную з выданьнем, належыцьца найбольшшая ўдзячнасьць. Фактычна дзякуючы вялiкай ахвярнасьцi ў працы сп-ва Станкевiчаў i магчымым было выдаць гэту працу ў так скорым часе.
      К.Акула
      Сябром iз школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску
      МЕЧ
      Яго ў зямлi знайшоў маёй разлогай
      Гаручы прадзедаў вузкi загон.
      Вясёлым звонам аказаўся ён,
      Калi чапiў канцом майго нарога.
      Абцёр пабожна йржу часа благога,
      I заблiшчэў старых стагодзьдзяў сон
      I напiс на клiнку, нiбы закон
      "Да рэшты бой!" - зiрнуў загадам строга.
      I вось няма нясьмеласьцi, разваг
      Для сэрца вернага - чужынцам страх:
      Радзiмы схоў вартуйце, маткi, сёстры!
      Я з грамадой iду па шчасьце нам.
      Мой меч зiхцiць непераможны, войстры.
      Змагуся сам - дык iншым перадам!
      1924 г.
      Уладзiмiр Жылка
      ЧАСТКА ЎВОДНАЯ
      ГIТЛЕРАЎСКАЯ АКУПАЦЫЯ БЕЛАРУСI Ў 1941-1944 ГАДАХ
      Паколькi апiсаныя намi падзеi ў бальшынi сваёй адбываюцца паза межамi Беларусi, неабходна дзеля ўводзiнаў малапаiнфармааванага чытача кiнуць вокам на тое, што адбывалася на беларускiх землях пад час гiтлераўскае акупацыi. Згары засьцерагаемся, што характарыстыка таго багатага гiстарычнага часу скупая й некамплетная, але дастатковая дзеля таго, каб знайсьцi ключ да зразуменьня шмат чаго, апiсванага ў самой аповесьцi.
      АДМIНIСТРАЦЫЙНЫ ПАДЗЕЛ
      З часткi, акупаванае немцамi ў 1941 годзе, быў створаны г. зв. Генэральны Камiсарыят Беларусi з цэнтрам у Менску. Ён быў падзелены на "гэбiты" (акругi), а гэныя ў сваю чаргу - на паветы й воласьцi. Нямецкi генэральны камiсар у Менску меў у кожнай акрузе для свае дапамогi гэбiтскамiсара. Адмiнiстрацыйныя нiзы ў большай меры былi ў руках беларусаў, вярхi - у руках немцаў.
      Вялiкiя прасторы Беларусi iз кампактнай масай беларускага насельнiцтва ня былi ўлучаны ў Генэральны Камiсарыят Беларусi. Гэтак Вiльня з вялiкiмi абшарамi Вiленшчыны ўвайшла ў Камiсарыят Летувы, Беласточчына была далучана да Ўсходняй Прусii; частка беларускай Берасьцейшчыны й Пiншчыны апынулася ў Камiсарыяце Ўкраiны; пытаньне Браншчыны й Смаленшчыны было неразьвязанае, таму што яны былi ў засягу прыфрантавога пасу; сумежныя-ж з Латвiяй прасторы трапiлi ў Камiсарыят Латвii.
      ШКОЛЬНIЦТВА
      Гiтлераўскiя акупанты дазволiлi толькi пачатковае й сярэдняе школьнiцтва, з вялiкiмi абмежаваньнямi апошняга ў лiку. Прагiмназii й прафэсiйныя сярэднiя школы iснавалi ў акруговых гарадах. Насуперак цьверджаньням некаторых непрыязных беларусам чужынцаў, у школах ня было дыскрымiнацыi нацыянальных мяншыняў. Для запаўненьня недахопу настаўнiкаў у акруговых гарадох былi арганiзаваныя шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы. Ня гледзячы на кароткi час, прадукт выходзiў добры. Беларуская патрыятычная моладзь намагалася выкарыстаць час i скупыя маг-чымасьцi для падняцьця народнае асьветы й усеагульнага нацыянальнага ўсьведамленьня. Немцы, праз сваiх акруговых школьных iнспэктараў i iхных памочнiкаў, пiльна сачылi за працэсам навучаньня й дбалi, каб беларускае маладое пакаленьне ўзгадоўвалася ў духу прыязьнi, калi не адданасьцi, да г. зв. вялiкай Нямеччыны й гiтлераўскай "новай Эўропы".
      Але дарма. Iхныя намаганьнi нэўтралiзавалiся вялiкай патрыятычнай ахвярнасьцю i адданасьцяй Бацькаўшчыне настаўнiцкага элемэнту. Беларускi вучань, пачуўшы праўду аб мiнуўшчыне свайго краю, вывучыўшы родную мову ды ацанiўшы ейную раўнавартасьць iз чужымi мовамi, пазнаючы родныя песьнi, гiсторыю й культуру, фармаваўся як самастойны, поўнасьцяй вартасны чалавек. Ад поўнай нацыянальнай сьведамасьцi й пачуцьця сваёй вартасьцi да палiтычна незалежнiцкiх iмкненьняў i змаганьня за iх застаўся ўсяго адзiн крок. Трэба было адно паставiць кропку над "i", а яе найчасьцей i ставiлi самi гiтлераўскiя акупанты, толькi ўжо не ў школьных класах, але там, дзе зброяй i агнём безаглядна вынiшчалi часткi акупаванае Беларусi. Гэтак нарадзiлiся сьведамыя змагары за лепшую долю паняволенага народу.
      Бальшавiкi добра разумелi небясьпеку беларускага, нацыянальнага духам школьнiцтва, а таму рукамi сваiх партызанаў, асаблiва ў лясных мясцох Беларусi, палiлi школы, лiквiдавалi настаўнiкаў. Тое-ж рабiлi й палякi, асаблiва ў тых мясцовасьцях Лiдчыны й Наваградчыны, дзе дзейнiчалi iхныя партызанскiя адзьдзелы.
      АРГАНIЗАЦЫI
      З арганiзацыяў немцы дазволiлi адно на ўтварэньне Беларускае Самапомачы, якая скарэй была гаспадарскай iнстытуцыяй з заданьнем дапамогi пацярпеўшым у вайне, ды Саюзу Беларускае Моладзi. Апошнi, наўсуперак абмежаваньням i пiльнаму нагляду з боку акупанта, зрабiў вельмi шмат для пашырэньня нацыянальнага руху. Тое, чаго не змагла даць моладзi беларуская школа, дапоўнiваў СБМ. Тут моладзь вучылася арганiзаванага супольнага жыцьця, працы, спорту, загартоўвалася, высока несла бел-чырвона-белы штандар беларускага патрыятызму.
      Дарма, што немцы бачылi ў СБМ рэзэрвуар, зь якога старалiся чэрпаць нявольнiкаў для працы ў Нямеччыне. Нацыянальнае ўзгадаваньне юнакоў i юначак прынесла свае плёны - вытварылася традыцыя масавага руху моладзi, салiдарнасьцi, адданасьцi паняволенай Бацькаўшчыне. Колiшнiя сябры й сяброўкi Саюзу Беларускае Моладзi пасьля апынулiся ў народнай антыбальшавiцкай партызанцы, а iншыя, ужо на эмiграцыi, узялiся за працу ў шэрагах беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.
      КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЬЦЁ, ВЫДАВЕЦТВА, ПРЭСА
      Найбольш пiльна сачылi гiтлераўскiя акупанты за беларускай прэсай i праявамi культурнага жыцьця. У Генэральным Камiсарыяце Беларусi ня было нiводнай штодзённай беларускай газэты, акрамя пары паўтыднёвых. Нямецкiх-жа штодзённых газэт было некалькi. Беларускiя газэты вельмi скупыя былi зьместам i абыймом, нерэгулярна й спозьнена кальпартавалiся на правiнцыях. Увесь матар'ял падлягаў пiльнай цэнзуры. Iз кнiжак нiчога не выдавалася. У школах не хапала падручнiкаў, у бiблiятэках - твораў беларускае нацыянальнае лiтаратуры.
      Падобна выглядала й сытуацыя на тэатральнай нiве. Калi дзе што ўдалося беларусам зрабiць у галiнах прэсы, тэатру цi выдавецтва, дык толькi дзякуючы бязьмежнай ахвярнасьцi поўгалодных i вечна сочаных ворганамi цэнзуры й бясьпекi культурных працаўнiкоў, якiм даводзiлася ледзь ня фiзычна вырываць iз зубоў акупанта сродкi на iснаваньне й працу.
      ГIТЛЕРАЎСКАЯ ПАЛIТЫКА ВЫНIШЧЭНЬНЯ Й ДАПАМОЖНЫЯ АКУПАНТЫ БЕЛАРУСI
      Гiтлер распачаў вайну дзеля здабыцьця "лебэнсраўму" (Lebensraum (ням.) жыцьцёвая прастора). Пасьля акупацыi Беларусi ён пачаў ня толькi безаглядную эканамiчную эксплуатацыю земляў i прыродных багацьцяў яе, але праводзiў рэгулярнае й сыстэматычнае вынiшчэньне карэннага насельнiцтва.
      Дарма, што рознае масьцi прыблуды-акупанты вечна зьнiшчалi беларусаў ды не дазвалялi iм нармальна жыць, Беларусь заўсёды была густа заселенай. Гiтлераўскiя фашысты падышлi да пытаньня разрэджаньня гусьцiнi беларускага насельнiцтва самым радыкальным спосабам - агнём i зброяй. Ясна, што ня трэба забывацца тут i аб масавых вывазах насельнiцтва на нявольнiцкую працу ў Нямеччыне. Вынiшчэньне было ў духу часу й згоднае з тэўтонскай традыцыяй. Тут памаглi iм выдатна й бальшавiкi, што пакiнулi ў вялiкiх беларускiх лясох апэратыўныя групы чэкiстых для арганiзацыi чырвонае партызанкi. Пачалася пазафронтавая вайна, што каштавала беларускаму народу мiльёны ахвяраў у людзёх i неаблiчальныя страты ў маёмасьцi.
      Паколькi бальшавiкi прымусам заганялi беларусаў у партызанку, немцы каралi "вiнаватых", г. зн. вёскi й сёлы, куды заходзiлi й адкуль прымусова вэрбавалi людзей бальшавiцкiя агенты. Гэта былi найчасьцей селiшчы ў ваколiцах лясоў. Нямецкiя рэпрэсii нявiннага сельскага насельнiцтва выклiкалi помсту з боку чырвоных партызанаў, i такiм чынам была пачатая ланцуговая рэакцыя. У вынiку адны й другiя забойцы-акупанты заставалiся амаль цэлымi, а няскончаныя пажары папялiлi беларускiя вёскi, й агонь жыўцом зьядаў бездапаможныя ахвяры.
      Гiтлераўцы ўважалi, што навет гэткiм спосабам ня здолеюць дастаткова разрэдзiць насельнiцтва Беларусi. Для прыспяшэньня працэсу паклiкалi тады даўно дый ня толькi iмi выпрабаванае й найбольш эфэктоўнае - мiжнацыянальную грызьню, траўлю i ўзаемнае вынiшчэньне. Але й тут ахвяра ў васноўным была тая-ж самая - беларусы.
      Перад тым, пакуль разгледзiм, як палякi, расейцы й iншыя выдатна памагалi гiтлераўцам у вынiшчэньнi беларускага народу, варта спытацца: чаму-ж беларусы апынулiся на самых нiзох, хоць i жылi на сваiх землях, чаму найбольш пацярпелi? Прычыны ў васноўным былi тры: сьцiплая колькасьць беларускага нацыянальна-сьведамага кiраўнiчага элемэнту, што змог-бы паказаць народу дарогу й заступiцца за ягоныя правы; адсутнасьць у часе прыходу гiтлераўскiх акупантаў беларускiх арганiзацыяў, якiя-б дзеялi сьведама й плянава з мэтамi народнага самазахаваньня; ды - i гэта, здаецца, самае найважнейшае нясьведамасьць нямецкiх нiзоў у пытаньнях Беларусi й ейнага народа.
      Варожыя беларусам элемэнты, што рэкрутавалiся перадусiм з расейцаў i палякаў, уводзiлi акупанту ў вушы, што кажны беларус - гэта камунiсты. У гэтым, вядома-ж, большая заслуга належыцьца палякам, чымся расейцам, з тэй простай прычыны, што апошнiя самi ў найбольшай меры так цi iнакш былi ў Беларусi заўсёды апораю Масквы, белай цi чырвонай. Гэтага нельга сказаць адносна палякаў, што выдатна выкарыстоўвалi гэткi козыр. У шматлiкiх немцаў-акупантаў беларус i стаўся сынонiмам камунiстага, а значыцца й кандыдатам на вiсельню цi на расстрэл.
      Варта па чарзе й больш дакладна прыгледзiцца, як палякi, расейцы й iншыя чужнiкi ў Беларусi сталiся зьненавiджанай чумой за iхнае супрацоўнiцтва зь гiтлераўскiм акупантам i заслугi перад iм.
      ПAЛЯКI
      Пасьля акупацыi Гiтлерам большае часткi Эўропы ў 1940 г., калi выявiлася, што лiдары некаторых гаспадарстваў, як, прыкладам, Нарвегii цi Вугоршчыны, здрадзiўшы свае народы, аддалi ўладу немцам i пайшлi зь iмi на супрацоўнiцтва, палякi ўдома й на эмiграцыi голасна хвалiлiся, што яны ёсьць адзiным "народам бяз Квiслiнга". Паколькi некаторых здраднiкаў польскага народу зь верхавiны перадваеннае адмiнiстрацыi i нельга было лiчыць гiтлераўскiмi калябарантамi, усё-ж беларусы, якiм у часе гiтлераўскае акупацыi давялося шмат выцерпець ад малых польскiх "квiслiнгаў" (гаворым аб тых, што захавалi жыцьцё), маглi-б назваць няскончаны лiк iмёнаў польскiх выслужнiкаў "фюрэра".
      Першай групай зьяўлялiся тыя, што масава паплылi ў дапаможную, папулярна званую чорнай, палiцыю. Атрымаўшы зброю ў рукi, яны цi не найбольшую ўвагу прысьвячалi вынiшчэньню беларускае нацыянальнае iнтэлiгенцыi й шырокiх масаў беларусаў наагул. Гэта асаблiва яскрава выявiлася ў самым пачатку гiтлераўскае акупацыi, калi беларусы былi здэзарганiзаванымi й толькi што пачыналi мабiлiзаваць сiлы для барацьбы за асабiстае й нацыянальнае iснаваньне.
      Другой групай трэба лiчыць, калi iх можна так назваць, "бабскiя брыгады". Гэта былi служанкi, кухаркi, перакладчыцы, працаўнiцы ва ўрадах пры нямецкай палiцыi й акруговых цывiльных нямецкiх установах. Той, хто быў у гэным часе ў Заходняй Беларусi, сачыў ды ўмеў спасьцерагаць, лёгка зможа прыгадаць знаёмы тып польскае паненкi. Тып гэты, акрамя выкананьня дзьвёх працаў - служанкi, кухаркi цi працаўнiцы бюра ўдзень i прастытуткi ўночы, найбольш пiльную ўвагу прысьвячаў трэцяй: лiквiдацыi беларусаў. Трымаючы ў абдымках нейкую гiтлераўскую большую цi меншую "шышку", зусiм няцяжка было шаптаць у ейныя вушы iмёны эвэнтуальных ахвяраў - "камунiстых", цi кармiць яе адлаведнымi "iдэямi".
      Выглядала, што дзейнасьць першае й другое групы была ня прыпадковай. Прыгледзеўшыся блiжэй, можна было збольшага заўважыць арганiзаванасьць, мэтазгоднасьць ды навет i пэўную плянавасьць. Калi ўжо пазьней беларусы, змабiлiзаваўшы сiлы, маглi часьценька пахвалiцца поспехамi ў ачышчэньнi дапаможнае чорнае палiцыi ад здраднiцкага польскага элемэнту, то змаганьне з "бабскiмi брыгадамi" было куды цяжэйшае...
      Трэйцяя група палякаў, што дзейнiчала арганiзавана, гэта былi гэтак званыя легiёны, цi, калi ўжыць iхны-ж афiцыяльны назоў, Армiя Краёвая. У асноўным група гэтая "апэравала" ў Лiдчыне й Наваградчыне. У гэту так званую "армiю" плылi польскiя паны й падпанкi, дробная спалянiзаваная шляхта, што заўсёды была гнiлым-загноеным балючым струпом на целе беларускага сялянскага народа, дый вырадкi-рэнэгаты, не ўспамiнаючы ўжо аб ладнай колькасьцi звычайнае басоты, карыстаючай з нагоды, каб рабаваць i забiваць нявiнных.
      Намiнальна гэта "армiя" была пад загадамi экзыльнага польскага ўраду ў Лёндане, фактычна-ж даводзiцца сумлявацца, што ўсё тое, што яна рабiла, было згоднае зь лёнданскiмi дырэктывамi. Палякi гэтыя выявiлi надта-ж мала iнiцыятывы, вынаходлiвасьцi й адвагi ў змаганьнi зь немцамi, затое-ж аж залiшне пiльнымi былi ў тэрарызаваньнi мясцовага непрыхiльнага беларускага насельнiцтва. У насiльным наборы людзей, здабываньнi харчоў i вопраткi паслугоўвалiся тымi самымi мэтадамi, што сталiнскiя партызаны ды маскоўскiя гэтак званыя карныя атрады.
      РАСЕЙЦЫ
      Пачынаючы з 1943 году, з волi гiтлераўска-фашыстоўскiх акупантаў, дзейнiчалi ў Беларусi дзьве асноўныя вайсковыя фармацыi расейцаў: дывiзiя Камiнскага на Бабруйшчыне й Случчыне i брыгада Радыёнава на Глыбоччыне й Лепельшчыне. Складалiся яны ў галоўным з былых ваеннапалонных Чырвонае Армii, гэта значыць з таго самага матэрыялу, што i ўласаўская г. зв. Расейская Вызвольная Армiя (РВА).
      Групу Радыёнава выдатна характарызуюць вачавiдцы, якiм тут i аддаём слова: "Гiль-Радыёнаў, якi ўсяляк пазьбягаў сутычак з "партызанамi", павыганяў на Лепельшчыне не зь лясоў, а са спаленых iм вёсак без малага тры тысячы беларусаў - бадай вылучна старых, калекаў i кабетаў зь дзяцьмi. Прагнаўшы гэтую гаротную грамаду празь сьпёку й пыл 30 кiлямэтраў, ён каля вёскi Iканьнiкi зьвярнуўся да яе: - Калi хто з вас зьвенецца да мяне з просьбай дараваньня жыцьця на расейскай мове, дык атрымае яго. Нiхто гэтае чужое мовы ня ведаў, i таму ўсе яны былi пасечаныя з кулямётаў", - успамiнае Юрка Вiцьбiч.
      Другi сьведка, сам-жа кароткатэрмiновы "радыёнавец", А.Галубiцкi. прысьвячае брыгадзе шмат больш увагi:
      "... з "радыёнаўцамi" давялося сутыкнуцца беспасярэдня. Лiчу сваiм абавязкам падзялiцца з чытачамi сваймi ўражаньнямi аб гэтай расейскай вайсковай фармацыi, тым больш што й сам я, можна сказаць, быў "радыёнаўцам", хоць, як нiжэй будзе вiдаць, даволi абмежаваны час.
      Дзесьцi раньняй вясной 1943 года пашырылiся ў нас чуткi, што ў недалёкiм (каля 20 км) мястэчку Лужкi знаходзiцца нейкая расейская фармацыя на чале з Радыёнавым, якая мае змагацца з партызанамi. Хоць у нас час-ад-часу зьяўлялiся партызаны, але нiхто не зьвярнуў асаблiвае ўвагi на гэтых новых "абаронцаў".
      I вось пасьля нейкага часу праз нашу вёску прасунулiся збройныя калёны Радыёнава, накiроўваючыся на ўсход. Празь некалькi дзён кажны свае позiркi з трывогай зьвяртаў у той кiрунак: там неба днямi чарнела густымi дымамi, а начамi палала зарывам пажараў (магчыма, што гэта й была тая "акцыя" на Лепельшчыне, аб якой успамiнае Юрка Вiцьбiч).
      Назад калёны вярталiся абладаваныя ўсялякiм сялянскiм дабром, з цэлымi статкамi кароў i iншае дамовае жывёлы. П'яныя-ж жаўнеры нярэдка вязьлi на вазох сваю "ваенную здабычу" - маладых дзяўчат. Адкрылiся вочы сялянам пабачылi, што за "абаронцаў" нажылi ў суседзтве.
      Пасьля гэтае "генэральнае акцыi" пачалiся дробныя налёты "радыёнаўцаў" на блiжэйшыя вёскi, быццам у пошуках партызанаў. П'яная арда звальвалася на вёску як саранча, рабавала, гвалцiла, а пры найменшым супрацiве - збiвала й расстрэльвала. Дайшло да таго, што часамi жыхарства данае мясцовасьцi, заўважыўшы загадзя наблiжэньне расейскiх адзьдзелаў (пазнаць iх было лёгка па вялiкай колькасьцi вабозу), шукала аховы пры нямецкiх "штыцпунктах" цi мясцовых гарнiзонах, калi такiя былi ў ваколiцы. Бывалi выпадкi й сутычак мiж мясцовай палiцыяй i радыёнаўцамi.
      Некаторыя могуць сказаць, што ў брыгадзе Радыёнава быў значны працэнт i беларусаў. Вось-жа спачатку iх там зусiм ня было, а потым - так, былi. Апынулiся-ж яны там такiм чынам. Пасьля свае першае крывавае акцыi на ўсход ад Глыбоччыны ды некалькiх ня менш крывавых рэйдаў у блiжэйшых да свае "ставки" раёнах, Радыёнаў пачаў мабiлiзацыю мясцовага жыхарства ў свае рады. Гэта было своеасаблiвае мабiлiзаваньне. Моцны адзьдзел радыёнаўскiх карнiкаў прыбываў у валасны цэнтр i загадваў старастам склiкаць на наступны дзень усiх маладых людзей на антыкамунiстычны мiтынг. За незьяўленьне - расстрэл. На мiтынгу выступаюць афiцэры-агiтатары, якiх нi мова, нi спосаб гаварэньня ня розьнiцца ад тых, якiмi карыстаюцца савецкiя палiтрукi. Адно толькi - заместа "советская родина", "коммунизм", "вождь Сталин" - чуецца "Россия", "Новая Европа", "фюрер Гитлер". А на заканчэньне такога мiтынгу "палiтрук" абвяшчае, што ўсе тут прысутныя зьяўляюцца "добровольцами русской армии". У мiжчасе натоўп абкружаны па зубы ўзброенымi "радыёнаўцамi", а пад акампанемэнт дзiкага мата пачынаецца фармаваньне яго ў калёны ды адбiраньне дакумантаў, без якiх нiдзе нельга паказацца, каб не быць палiчаным за партызана.
      Я чуў пазьней пра некалькi такiх мiтынгаў, але на самым першым у нашых ваколiцах (мястэчка Галубiчы) давялося быць i самому ды ў вынiку стацца "дабраахвотнiкам" "русской армии".
      Цiкава выглядала потым, на другi дзень, падарожжа з "мабiлiзацыйнага пункту" ў галоўную "ставку" ў Лужках. Падобнага спэктаклю не давялося мне потым пабачыць нiдзе й нiколi.
      Перадусiм шматлiкiя "дабраахвотнiкi" змаглi пры дапамозе самагону й закускi пазбыцца гонару быць "русскими воинами" - выкупiлiся. Гэтага выкупу хапiла, каб радыёнаўцы ўпалi ў ваяўнiчы настрой. Праз усю дарогу трашчэлi скарастрэлы й кулямёты, час-ад-часу рвалiся гранаты. Усё гата дзеля таго, каб партызаны чулi, хто гэта едзе, ды навет ня пробавалi падыйсьцi блiзка. Як цяпер бачу - уехалi ў мястэчка Плiса. Пераязджаем цераз мост, а тут адзiн лейтанант ба-бах гранату ў рэчку ды аж заходзiцца ад сьмеху, усё паўтараючы: "Вот здорово!.."
      Трэба сказаць, што змабiлiзаваным беларусам наагул ня доўга давялося быць у гэтай бандзе... Амаль усiм удалося потым вярнуцца дадому. А сталася гэта так. Пад восень 1943 году Радыёнаў праводзiў "аперацыi" дзесьцi ў раёне Докшыц i Бягомля. Гэтыя "аперацыi" закончылiся неспадзяваным для немцаў, але даўно прадказаным мясцовым жыхарствам вынiкам: Радыёнаў са сваёй "армiяй" перайшоў на бок партызанаў. Каб-жа давесьцi сваю адданасьць савецкай радзiме й часова здраджанаму "вождю" - напаў на нямецкi гарнiзон на станцыi Каралеўшчына й зьнiшчыў яго. Гэта яму лёгка ўдалося, бо калi прыбыў у Каралеўшчыну, немцы яшчэ зусiм ня ведалi аб паразуменьнi з партызанамi.
      Пасьля гэтага "радыёнаўцы", баючыся помсты немцаў, глыбака зашылiся ў лясы й балоты ў вярхоўi Бярэзiны. З гэтай зьмены фронту нашы людзi й скарысталi ды паўцякалi дамоў. Немцы, зразумела, нiчога да iх ня мелi, бо чулiся цяпер самi вiнаватымi, што раней дазвалялi, а, прынамсi, удавалi, што ня бачылi нi радыёнаўскiх "мабiлiзацыяў", нi ягоных ганебных учынкаў".
      Да прыведзеных успамiнаў Галубiцкага варта дадаць, што нямецкiм гарнiзонам станцыi Каралеўшчына, якую "радыёнаўцы" часткова зьнiшчылi й абрабавалi 17 жнiвеня 1943 году, былi чыгуначныя працаўнiкi арганiзацыi Тодта, людзi ў сваёй бальшынi старыя й небаяздольныя. Найбольш пацярпела не толькi ў Каралеўшчыне, але ў прыдарожных вёсках i ў Докшыцах - на паваротным шляху Радыёнава да ранейшага "бацькi" - якраз карэннае i нi ў чым нявiнаватае беларускае насельнiцтва.
      Дывiзiя Камiнскага, што апэравала на Случчыне, Бабруйшчыне й аднаго часу заглянула аж на поўнач ад Менску, зусiм ня розьнiлася ад групы Радыёнава. На сваiм шляху, пераважна ў лясных мясцовасьцях, вынiшчала ўсё i ўсiх без разбору. Старыя, жанчыны цi дзецi - нiхто ня быў выняткам зьверскага й бязьвiннага кровапралiцьця. Гэтыя "ваякi", быццам тыя цыганы, валачылiся па Беларусi, пакiдаючы ў сваiм хвасьце стогны й пракляцьцi нявiнных ахвяраў, папялiшчы й пустэчу...
      На Аршаншчыне й Вiцебшчыне лютавала вайсковая група, складзеная зь ленiнградцаў, былых палонных з Чырвонае Армii. Было iх больш дзьвёх тысяч. Гэтыя спэцы сьмерцi й зьнiшчэньня, нiколi ненасытныя крывёй i мукамi безбаронных людзей, практыкавалi ў "акцыях" самыя жахлiвыя мэтады бальшавiцкiх людаедаў - Дзяржынскага, Ягады, Яжова й Бэрыi. Ня толькi Iван Грозны й Чынгiс Хан, але сам нячысьцiк Люцыпар мог-бы шмат чаму ў iх навучыцца.
      Дарма, што сяньня маскоўскiя прыгнятальнiкi, з мэтаю канчатковага духовага паняволеньня й зламаньня беларускага народу, бесьперапынна загадваюць беларусам праслаўляць "брацкую руку" й "дабрадзействы вялiкага братняга рускага народу". Нiякая доза казённае партыйнае прапаганды не зможа залячыць крывавых ранаў, зробленых на целе беларускага народа Камiнскiм, Радыёнавым ды iншымi маскоўскiмi валацугамi. Побач зь няслаўным Iванам Грозным, Пятром Першым, Мураўёвым-Вешальнiкам i Сталiным назаўсёды застануцца ў беларускай народнай памяцi праклятыя iмёны маскоўскiх катаў-людаедаў, што служылi маскоўскаму й бэрлiнскаму тыранам пад час Другое Сусьветнае вайны.
      ЛАТЫШЫ
      Беларусы з усходнiх, зрабаваных расейцамi пасьля Першае Сусьветнае вайны тэрыторыяў нашай бацькаўшчыны захавалi яшчэ ў памяцi няслаўныя iмёны карных латыскiх стралецкiх адзьдзелаў, што выдатна выявiлi сябе бiзуном маскоўскiх акупантаў, бязьлiтасна душачы сялянскiя супрацьбальшавiцкiя паўстаньнi.
      Падчас Другое Сусьветнае вайны латышы ня менш удала вызначылiся як наймiты другога зьненавiджанага акупанта Беларусi. Вельмi трапна, але зусiм скупа й мiмаходам успамiнае ў сваiх нарысах пра iхныя злачынствы ў сумежным з Латвiяй беларускiм раёне Юрка Вiцьбiч:
      "Шмат чаго гаротнага бачыла Асьвея ў мiнулым, але найбольшага лiха дазналася яна й ейная ваколiчнасьць у часе Другое Сусьветнае вайны. Здаўна латышскiя нацыяналы, акупаваўшы сьпярша з дапамогаю кайзераўскага генэрала графа Рудыгера фон дэр Гольца Дзьвiнскi, Рэжыцкi й Люцынскi паветы Вiцебшчыны, у якiх большасьць насельнiцтва складалi беларусы, марылi аб далейшым прасоўваньнi на ўсход. Таму, калi нямецкiя нацы загадалi латыскiм нацы лiквiдаваць партызанаў у Асьвейшчыне, дык лютасьць гэтых гайдукоў у дачыненьнi да мiрнага насельнiцтва зьдзiвiла навет iхных паноў. Латыская дывiзiя СС ператварыла ўвесь раён у пустэльню, спалiўшы жыўцом у зачыненых хатах больш за 15 тысяч старых, жанчын i дзяцей. Гэтыя фашыстоўскiя наймiты - кроў ад крывi i плоць ад плоцi бальшавiцкiх наймiтаў - латыскiх стралкоў, што раздушылi цi мала супрацьбальшавiцкiх паўстаньняў у Беларусi, нагадваюць нам у сувязi з Асьвеяй толькi татараў часоў Батыя".
      Але не ў вадным беларускiм раёне выявiлi латышы ў 1941- 1944 гадах сваю адданасьць гiтлераўскiм спэцам злачынаў. Толькi нямыя сьцены менскага ўнiвэрсытэцкага гарадка, замененага ў часе вайны на гэстапаўскую катоўню, ды склепы менскае вязьнiцы змаглi-б пасьветчыць аб бязьмежным садызьме латыскага адзьдзелу СД, што ў ваднэй групе з бальшавiцкiмi агентамi душыў найлепшых патрыётаў беларускага народу. Калi сяньня, прыгадваючы злачыны гэтых вылюдкаў, даводзiцца шкадаваць, што няма мiж жывых сьветак апошнiх хвiлiн жыцьця вялiкага мучанiка - ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага, то ў канчатковым падсумаваньнi якая-ж нам з таго пацеха, што ахвярная кроў беларускiх патрыётаў мяшалася ў адным рэчышчы са здраднiцкай крывёй слугаў Сталiна?
      ЛЕТУВIСЫ
      Летувiскiя збройныя адзьдзелы, такiя-ж паводле свайго прызначаньня карныя, як i раней прыгаданыя зь iншых нацыянальнасьцяў, у найбольшай меры выявiлi сябе па суседзтву з домам, значыцца. перадусiм у акупаванай з ласкi самых-жа галоўных акупантаў Вiльнi й прылеглых раёнах Вiленшчыны. Ясна, што летувiсы, згодна з загадамi запраўдных гаспадароў, пад час выкананьня "службова-патрыятычных" абавязкаў зусiм чулiся гаспадарамi i ў iншых мясцох Беларусi, улiчваючы ня толькi тыя тэрыторыi, якiя сяньня некаторыя летувiсы навет у эмiграцыi скваплiва ўлучаюць (мусiць, цi не на аснове iхняе "праўды" аб гiстарычнай мiнуўшчыне Летувы) у межы сваёй дзяржавы.
      УКРАIНЦЫ
      Памiнаючы надта-ж ужо далёкую, самую, можна сказаць, сiвую i першапачатную гiстарычную мiнуўшчыну, калi беларускiя князi, ня могучы мiрна ўстанавiць межаў з украiнскiмi княствамi, загадвалi сваiм воям шпурляць пiкамi й адбiвацца шчытамi цi то ў вабароне, цi ў наступе, Бог так наканаваў, што на працягу доўгiх стагодзьдзяў беларускi вязень i нявольнiк бразджэў ланцугамi побач зьняволенага ўкраiнца. Ня дзiва тады, што назоўнiк "брат" у вуснах беларуса здабыў сабе вельмi пачэснае месца побач назоўнiка "украiнец", калi беларус так цi йнакш дзе-небудзь жадае падкрэсьлiць даўно iснуючую й больш навет чым традыцыйную ўжо прыязьнь мiж двума народамi. Так-жа сама й з такой-жа дозай людзкой шчырасьцi наш нацыянальна-сьведамы сусед з паўдня памiнае, падкрэсьлiваючы сваю прыязьнь, жыхара з-над Нёмна, Дзьвiны, Дняпра цi Сожа.
      Калi-ж аўтару гэтых радкоў даводзiцца цяпер у лiк тых, што так бязьлiтасна й без найменшага зразуменьня зусiм сьлепа iрвалi кускамi цела нашага народу, улучыць i ймя ўкраiнскiх злачынцаў, дык не таму, каб, успамiнаючы гэтта гiстарычны факт, зьменшыць сярод нашых родзiчаў цi сярод украiнцаў сьведамасьць вялiкае вартасьцi акропленага ахвярнаю крывёю вялiкага капiталу супольнага змаганьня з супольнымi ворагамi ў мiнуласьцi. Непараўнальна шмат больш добрага, чым благога, вяжа беларусаў з украiнцамi й наадварот. Толькi люнатык мог бы даводзiць адваротнае.
      Адылi, калi беларус з ваколiцаў Вялiкiх Лукаў, Меншчыны цi якога iншага раёну Беларусi ўспамiнае, што ўкраiнскiя палiцыйныя адзьдзелы дарылi нашае няшчаснае сельскае насельнiцтва не зразуменьнем i прыязьню, а агнём i кулямётным сьвiнцом ды ў акцыi не рабiлi розьнiцы мiж сталiнскiмi злачынцамi й нявiннымi жыхарамi, дык у iмя гiстарычнае праўды, цi хаця-б мiнiмальнае аб'ектыўнасьцi гэтага анiяк нельга тут прамаўчаць.
      Няма сумлеву, што ў той час яшчэ толькi разбуральнiкi старой (але гучна ахрысьцiўшыя сябе ўжо будаўнiкамi "новай") Эўропы, фашыстоўскiя злачынцы з Бэрлiну, навет у раньнi час вайны маглi мець дваякiя думкi адносна трапнасьцi ацэны магутнасьцi свайго мiлiтарнага патэнцыялу. Чаму-ж тады ня мелi яны прымянiць у жыцьцё ўжо так уцёртай i выгаднай ды выпрактыкаванай аксiёмы аб забiцьцi адным стрэлам двух зайцаў?
      Гiтлераўцы чхалi на тое, дасканала ведаючы, што акцыя ўкраiнскiх палiцыйных адзьдзелаў у Беларусi падважывавала й разбурала вялiкi манумэнт адвечнай дружбы мiж суседнiмi народамi. Iм трэба была грызьня, братабойства, супольная i ўсеагульная разьня й нянавiсьць, каб зьняможаныя ў супольным кровапралiцьцi, спакораныя, зьвязаныя ланцугамi няволi, маглi быць запрэжаныя гэтыя народы ў мулкае ўдушлiвае ярмо тэўтонскага Малоха. А ў той гарачы час заменены ўкраiнцам на пазафрантавой службе жаўнер гiтлераўскага Райху мог заткнуць цi адну шчылiну на асноўным усходнiм фронце?
      ВУГОРЦЫ
      Вугорскiя карныя адзьдзелы, што, згодна з апавяданьнямi вачавiдцаў, ня толькi ня ўступалi, але часта сваёй прымiтыўнай лютасьцяй i безагляднасьцяй перавышалi шмат iншых чужых карных адзьдзелаў, далiся ў знакi найбольш насельнiцтву Случчыны й Мазыршчыны.
      БЕЛАРУСКIЯ ЗБРОЙНЫЯ АДЗЬДЗЕЛЫ
      ДАПАМОЖНАЯ ПАЛIЦЫЯ
      Беларускi народ калi гаварыў аб палiцыi, то з асаблiвым нясмакам, з агiдаю вымаўляў слова "чорная" (ад чорнай палiцыйнай вопраткi). Пад "чорнай" разумеў ня толькi колер вопраткi, але ўсё самае, можна сказаць, нячыстае, здраднiцкае, хвальшывае, чужое, варожае. Чаму-ж так сталася?

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39