Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 9)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(399 Кб)
- Скачать в формате fb2
(174 Кб)
- Скачать в формате doc
(178 Кб)
- Скачать в формате txt
(172 Кб)
- Скачать в формате html
(175 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14
|
|
Калi ўзыйдзеш на чыгуначны адхон ды зiрнеш на тыя сосны, дык здаецца табе, што яны, як дзьве гарэзьлiвыя цёткi, стулiўшы ў сакрэце галовы, пакеплiваюць са старога дуба на сугры Гараваткi. Людзi, часамi ў гурт сабраўшыся, падносяць iм новую пажыву то зь Лiтоўцаў, то ад падсуседзяў. А Архiпу ўжо цi ня два дзясяткi гадоў мiнула, як нiчога не прыбыло. Хто-ж спазнае-разгадае, аб чым шумяць-гамоняць дзьве вялiкiя сосны на лiтоўскiм могiльнiку? Мо прыгадваюць iмглу часоў мiнулых, сьняць пра лепшую народную будучыню? А мо й запраўды ўсе тыя людзi, каторыя адыйшлi, увасобiлiся цяпер у гэтыя дзьве пышныя, у вярхох калматыя прыгажунi, каб хаця пасьля сьмерцi напiцца сонца й мокрадзi, нацешыцца вобразам любай роднай зямелькi, бо за час гаротнага жыцьця ня было калi? А мо адно, каб нема вартаваць, тужыць па страчаным i нязьдзейсьненым, ды прыглядацца, што на патоптанай i зганьбаванай радзiме вырабляе "цывiлiзаваны" дзiкун-прыблуда? I ня бачылi сосны з могiльнiку за свой век анiразу таго, што аглядалi перад полуднем у гэны панядзелак. З усiх хатаў у лiтоўскай далiне, а найбольш з тэй, што блiзка з краю вёскi сюды пад гацкi гасьцiнец стаяла, пачаў плысьцi народ. Як вясной сьцякае ў далiны сьнегавая вада, гэтак цяпер людзi, групамi й паадзiночку, рухалiся на могiльнiк. Сабраны ля Бахмачовай хаты гурт паволi сунуўся вулiцай, павярнуў на хутарную дарогу Якубава Васiля й паволi наблiжаўся да могiльнiку. Перад аднаконнай каляскай чалавек iшоў iзь вялiкiм драўляным крыжам, а на возе стаяла даўгая сасновая дамавiна. Яшчэ зраньня ў верхнiм куце могiльнiку чатыры пары працавiтых рук на зьмену рыдлёўкамi выкапалi глыбокi дол. Сонца, прабiўшыся праз густое гольле дрэваў, пасьпела ўжо высушыць i зрабiць сыпкiмi дзьве горбы жоўтага пяску на яе ўзбочынах. Сонечныя праменьнi намагалiся нават ускосна зазiрнуць у дол. Птушкi, што гойдалiся на галiнах i займалiся сваймi шчабятлiвымi справамi ў шапках дрэваў, пабачыўшы цяперака, як расьце ўдоле надзiва малагаманлiвая людзкая грамада, шмыгнулi ў суседнiя лясы, або на стрэхi й клёны ў вёску. Пабудзённаму апранутая, босая, зь непакрытымi галовамi, хрысьцячыся на крыжы, асьцярожна ступаючы мiж густых, дзе-нi-дзе пазарастаўшых i зраўнаных зь зямлёю насыпаў могiлак, людзкая рака гусьцела й шчыльнай сьцяной тоўпiлiся ля сьвежае ямы. Падцягнулася да варотаў могiлак ужо тая асноўная працэсiя. Затрымалi каня. Дамавiна лёкка й павольна гушкалася на мужчынскiх плячох, зблiжалася да новае ямы. Чалавек iз крыжам паволi ступаў наперадзе. Сьцяна людзей адчынiлася, каб даць мейсца, дамавiна гладкiм дном зраўнала гарбок пяску побач ямы, каб апошнi раз затрымацца на сонечнай паверхнi зямлi. Ёй да канца падарожжа засталося ня больш за тры метры адлегласьцi. Зьнялi века труны, паклалi побач. Сонечныя праменьнi песьцяць цяплом чорнае адзеньне, пажаўцелыя рукi й твар нябожчыцы. Над тварам нахiляюцца родныя - дзеткi й старыя - блiзкiя й далейшыя, са стомленых грудзей вырываецца, перш прыдушаны, пасьля неўтаймаваны голасны плач i прамаўленьне. А супыненая рака народу, то пераступаючы з нагi на нагу, то выцягваючы шыi, каб лепш бачыць, найбольш вымоўная сваёй маўклiнёй. Апошнi раз малаток скончыў забiваць века дамавiны. На зручна падкладзеных вяроўках паволi апусьцiлася яна ўнiз, i на века паляцелi першыя жменi сыпкага жоўтага пяску. Калi малы, лысы, старасьцю паморшчаны чалавек урачыстым i ўзьнёслым тонам голасна зацягнуў: "Упакой, Госпадзi, на векi вечныя душу рабы тваей Алены", тады iз сотняў грудзей паплыло роўнай мэлёдыяй i ўзбуйнела: Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць, Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць, Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць! I не было мiж гэтага натоўпу анi прадстаўнiка цывiльнае ўлады, каб на вечны супачын правесьцi ахвяру свайго грэшнага бяспраўя, анi царкоўнае, што кагадзе прамяняць манiлася свае духоўныя абавязкi на два пуды жыта. I людзi гэтыя, голавалосыя, басаногiя, у палатканых саматканых сукенках i сьвiтках, у сваёй сьцiплай прастаце былi ў гэны час, як рэдка калi, блiзка Бога. Няшчасным у няшчасьцi спагадлiвыя, адклалi яны на сяньня прылады працы, пасьпяшылi сюды, каб выявiць усяму сьвету, што яны - адна душа, адзiн маральна й духова здаровы арганiзм, аб якi вось ужо стагодзьдзямi плешчуцца й разьбiваюцца, каб разкласьцi й зьнявечыць, чужыя варожыя хвалi. Доўга жыць будзе тое сонечнае панядзелкавае раньне ў памяцi Лiтоўцаў. Можа, у сваёй глуха-нямой дрымоце прыгадаюць калi аб гэтым дзьве пышныя сосны-каралевы, мо, жмурачыся з Гараватчынай адлегласьцi, памяне калi гэнае людзкое мора сiвастагоднi асiлак Архiп. А старэйшыя лiтоўскiя жыхары, пазiраючы на тыя сосны на могiльнiку, будуць казаць сваiм дзеткам: - Вiдзiця вунь гэныя вялiкiя сосны на могiльнiку? - Ага. Ну дык што? - Дзiва, што яны такiя пекныя вырасьлi. У iхных-жа драўляных жылах i наша бярэменная гаротнiца Алена недзiка ўвасобiлася. - Якая гэта Алена? - Ды тая, што яе чужы азьвярэлы лясьнiк за ягады маладую й цяжарную зараньня на другi сьветы адправiў... Памiлуй яе, Госпадзi... ЧАСТКА ДРУГАЯ I Так, як Гараватка была-б некамплектнаю бяз волата Архiпа, гэтак вёска Лiтоўцы была-б няпоўнаю без Васiлёвага бацькi, дзеда Якуба. Вядома-ж, ня мог Якуб раўнацца з дубам-волатам гадамi. Але дзед быў для Лiтоўцаў такiм самым завяршэньнем i прыкметай, як Архiп для Гараваткi. Надта-ж каляровы й цяглавiты гэта быў чалавек. Колькi ён меў гадоў, нiхто напэўна ня ведаў. Хвалiўся, што прыгон добра памятаў, а падчас паўстаньня Калiноўскага паўстанцам памагаў. Пасьля-ж, калi зусiм у пер'е аброс, доўгiя гады ў "маскалёх" каратаў. "Вялiкi самадзержац" гэнымi часамi сваю ўжо растаўсьцелую матухну-iмпэрыю пашыраў i многiя якiя непакорныя народы ў тым працэсе пашырэньня праглынуць намагаўся. Косткай у горле яны "самадзержцы" заселi, дык, каб далей у iмпэратарскi страўнiк гэную костку папхнуць, i Якуба ў збройную талаку паклiкаў. Якуб, вядома-ж, ня вельмi-та наперад у гэным папiханьнi пяўся, але нейдзе ў гвалтоўнай мiтусьнi неасьцярожна сваю левую нагу куды ня трэба выткнуў, дык i адкусiлi яе аж па калена. Вярнуўся ў родную вёску ўжо старым i падношаным калекам. Пазнавата было жыцьцё будаваць, дык прылiп да аднэй зусiм яшчэ не ў гадох удавы, дый сына Васiля нажыў. Жонку гадоў дзесяць таму пахаваў. - Сколька табе, дзядуля, гадоў будзiць? - пыталiся цi раз дзеткi. Якуб дзеткамi ўсiх у вёсцы клiкаў, а з малечай надзвычайна гаманiць i забаўляцца любiў. Гаварылi некаторыя, што сам другое дзяцiнства перажываў. На такое пытаньне дзед Якуб, бывала, памарудзiць з адказам, скубане сваю кароткую сiвенькую бародку, па-бацькоўску пагладзiць па галоўцы аднаго цi другога нямыцьку, зазiрне ў зацiкаўленыя вочы, дый кажа: - А мне, дзетачкi мае, мусiць, ужо капы са дзьве, калi ня болей мiнула. Калi хто старэйшы, вуха наставiўшы, збоку стаiць, Якуб падмiргне яму з хiтрай усьмешкай, быццам тлумачыць: "Ты-ж, братка, знай, што для дзетак хто старэйшы, таго болi шануюць". Дзецi пачнуць лiчыць, тады колькi гэта будзе дзьве капы. Нярэдка Якуба на помач паклiчуць, самi такой праблемы не асiлiўшы, дык пачынаецца тады доўгая й пацешная гутарка. Яшчэ ня так даўно - усяго цi пару год таму - як на тое лiха, раматус за дзедаву правую руку ўчапiўся. Мяркавалi, цi гэтым разам дзеду капцы будуць. Дзе там! Доўга-ткi крактаў i кешкаўся стары, нават нейкую поскудзь, што шаптуны яму нараiлi, ужываў, руку ёй аблеплiваў. Па нейкiм часе глядзяць людзi й веры сваiм вачам не даюць: раматус Якубаў як рукою зьняло. I ня дзiва, што казалi лiтоўскiя: - Надта-ж жывучы наш кульгавы дзед Якуб, iкраз як той дуб Архiп. Нiякая трасца яго нi бярэць. У тоне гаворкi вычувалася дзiцячае зьдзiўленьне й зусiм несхаваная пашана. Хоць гэны раматус дзед Якуб здужаў, апошнiмi гадамi менш рухлiвым i актыўным стаўся. Радзей ад свайго падворку й малога кавалку зямлi, што яму па жонцы прыйшоўся, адлучаўся. Калi-нi-калi нямогласьць замiнала яму ўпарацца з такiмi простымi гаспадарскiмi работамi, як адрэзаць цi пашчапаць калоду дрэва, цi вядро вады ў хату з калодзезя прынесьцi. Шванкаваў i зрок. Як нi кажы, гады сваё робяць. Цяперака гэта ня тое, што раней бывала, калi руплiвага й павярткога аднаногага дзеда можна было й блiзка й далёка сустрэць: ён i на поле прыклыпае, i да суседа, i на гэты канец вёскi й на другi. - Немач нейкая на мяне, дзеткi, каб яе макарэц спапялiў, напала, - крактаў цi раз дзед. А надта-ж хацелася яму мiж людзёў быць. Любiлi яго ўсе, за залаты язык хвалiлi. Адно, спачувальна галовамi кiваючы, незнарок прыгадвалi, што часта дзед дзiваком прыкiдываўся. Калi пачне ён аб чым разказваць - паслухаць мiла. А колькi-ж за свой век зьведаў, пабачыў, перанёс! Колькi зь сiвой, для iншых недасяжнай, глыбiнi часу мудрасьцi чэрпаў. Меў аб чым апавядаць. Асаблiва гарнулiся да яго дзеткi. Казкамi дзедавымi заслухаўшыся, яны аб сьвеце божым забывалiся, у Якубавым казачным жылi. Дый сам дзед, быццам тая жывая, усiм наяве хадзячая казка, быў. Абступяць яго, слухаюць, раты паразяўляўшы, яшчэ й яшчэ просяць. Меў Якубаў язык дар апавяданьня. - За гэты мой язык-даўгун, каб яго макарэц, дык i ў маскалёх мне лiшкi пiрападалi. Яфрэйтара нi даслужыўся. А такоя-ж багацьцейка маладых гадоў чорту нямытаму аддаў, - усьмiхаючыся, жартаваў Якуб. Першая й можа найважнейшая калiзiя мiж дзедам i польскай уладай адбылася падчас грамадаўскага руху. Быў ён тады надта рухавы й актыўны, ня з тых, што на цёплай печы бакi адлежвалi й плечы грэлi. Ня толькi што сам адзiн зь першых у Грамаду запiсаўся, але панамаўляў-пацягваў туды бальшыню мужчынаў зь вёскi. Iз жанчынамi куды цяжэй было. "Вы, мужчыны, ужо там палiтыку рабiце, а наша дзела ля катлоў, гаршкоў ды сьвiней", - казалi жанкi. Давялося на iх рукой махануць. Быў вялiкi народны ўздым, былi цiмалыя пляны. Ня толькi родную школу арганiзавалi й талакой будаваць ля бальшака блiзу чыгункi ўзялiся, але й iншым беларускае школьнiцтва на ногi ставiць памагалi. Плянаваўся гурток мастацкае самадзейнасьцi, раiлiся, як пачаць каапэратыўную краму. Не пасьпелi як сьлед працу разгарнуць, як тутака iм камунiзм улады прышпiлiлi, ды коршыкамi на iх кiнулiся. За Якуба, як ваўкi за авечку, цi ня самага першага ўчапiлiся. Ня даў дзед спуску й добра-ткi тых чорных груганоў-палiцыянтаў, што завецца, да нiтачкi прабраў. Разам зь iншымi дзеда дзьве пары на "пастарунку палiцыi панствовай" трымалi - зьмянiць погляды языкамi й фiзычнай сiлай пераконвалi. - Дзетачкi мае, - крактаў, вярнуўшыся, Якуб, - гэта-ж паганцы, каб iх макарэц спапялiў, пячонкi мне чаго нi адбiлi! Разагналi паны Грамаду, зачынiлi лiтоўскую беларускую школу ў прыватнай хаце, пачаты сялянамi зруб пры дарозе "владза гмiнная" ўзялася дакончваць, дый у тых сьценах школьнага будынку цяпер сялянскiх дзеткаў "пальшчызнай" пачалi калечыць. Асеў дзед Якуб. Але ненадоўга. Пачалося тое, што лiтоўскiя назвалi "Якубавай самасеячнай вайной". З гэнага шырокага сьвету, дзе Якуб ладны кусок сваёй маладосьцi стравiў, прынёс ён дзьве асноўныя здабычы: цёмнарудую люльку з доўгiм крывым цыбуком i навык дымiць зь яе ледзь не бесьперапынна. На тытунь, вядома-ж, не ставала ў дзеда грошаў. Узяўся ён гадаваць тытунь-самасейку. Тутака ўпоперак дарогi стануў дзяржаўны закон аб забароне прыватнае гадоўлi тытуню. Уся тытунёвая справа знаходзiлася ў руках "панствовай" манаполькi. Калi Якубу прыгадалi аб гэтым добразычлiвыя людзi, дзед станоўка матнуў галавою й адгукнуўся гэтак: - Ды пашла яна к чорту, каб яе макарэц, тая засмарканая Польшч! Загадаiць яна мне што можна, а чаго не. Як я гэттака малым басанож бегаў, дык яе яшчэ й смуроду нi было. Лiтоўскiх курцоў па пальцах рук аднаго чалавека можна было палiчыць. Мясцовая ўлада, гэта значыць пан солтыс Паўлоўскi ведаў, хто самасейку мог гадаваць i борзда шапнуў аб тым на чуткае вуха "адпаведных чыньнiкаў жандовых". Неўзабаве да дзеда Якуба завiтаў манапольны акцызьнiк i зусiм не пасяброўску пацiкавiўся, адкуль бярэ ён тытунь iз такiм самародным водарам. - Самасейка, паночак, - прызнаўся зусiм сур'ёзна, ня мiргнуўшы павекам, Якуб. - Сам гадуеш? - Ды якоя там, паночку, гадуеш, - разьвёў рукамi дзед. - Таму-ж iна, каб яе макарэц, завецца самасейка, бо само сеiцца; я от два калiва знайшоў, дык адно канчаю курыць, а другоя вуньдзiка яшчэ расьцець. От паглядзi, паночак, сам, калi нi лянiсься. Выцягнуў дзед зь кiшэнi свой тытунёвы капшук, разьвязаў раменны матузок, ды паднёс пад самы панскi нос. - Фэ! - зморшчыўся нос, - якi смруд! - Ну от-жа, паночак - сам, мусiць, ня курыш гэткага сьмярдзючага зельля, закончыў зусiм нахабна Якуб. - А мне гэта другое калiва пакажаш? - пытаўся акцызьнiк. - Чаму-ж не. Яй-Богу пакажу. Хадзi. Завёў Якуб пана ў самы кут агароду, дзе мiж рэдкiх сланечнiкаў росла вышэй за пас пышнае калiва тытуню. Акцызьнiк агледзеў яго, пацiкавiўся, цi няма дзе тытуню навокал, напiсаў пратакол. Сказаў Якубу, што за тое, што сам прызнаўся, гэтым разам яму даруюць правiну. Папярэдзiў, што калi дзе знойдзе тытунь, якi "сам пасеiўся", дык мае яе вырваць i выкiнуць, або яму, акцызьнiку, перадаць. Выцягнуў з каранём тое калiва й забраў iз сабой, як "рэчавы довад". Задаволены вяртаўся ў мястэчка ўраднiк, а ўсьлед яму рагатаў дзед Якуб. Ён асьцярожна расьхiнуў густыя калапнi й пралез у сярэдзiну, дзе любаваўся сваёй тытунёвай плянтацыяй. Смактаў дзед крывую люльку й пакеплiваў з Паляка. - Каб мяне, каб яго макарэц, ды каторы такi паўшабэлак абхiтрыў, дык ня мне тады люлькай гэты божы сьвет капцiць. Акцызьнiк заглядаў i наступнымi гадамi. Пранюхаў дзедавы хiтрыкi, вядома-ж, не без дапамогi солтыса Паўлоўскага, - накладаў на Якуба грашовыя кары, якiх той нiколi не плацiў. Прабавалi сьцягнуць. - Прападзi ты, нячыстая! Дзе ў мяне тыя вашы злоты, каб на вас бiзгалоўя! Населiся, як тыя вошы на беднага мужыка, каб вас макарэц спалiў! - лаяўся дзед. Крывая дзедава люлька рэдка калi спыняла дымiцца. Тытунь рос у яго ў шматлiкiх, рэдка ходжаных, мейсцах: у гародзе й на полi, на сваiм i на суседнiм, нават i ў лесе. Смуродзiў Якуб самасейкай i сьмяяўся: - Нашлася мне тутака засмарканая Польшч нейкая! Ды я нi такiх вуньдзiка на чыстую вадзiцу выводзiў! Калi-ж часам акцызьнiк занадта насядаў, калi палiцыя нацiскала, каб тыя штрафныя злоты спагнаць, тады дзед гарэзьлiвым прыдуркам прыкiдваўся. Назалялi доўга-ткi, ды нарэшце супакой далi. Пан солтыс Паўлоўскi - дарма, што раней "урадавым чыньнiкам" пра самасейку наказваў - цяперака, калi пабачыў, што "родакi" зь дзедам самасеячную вайну прагуляюць, ставiўся да Якуба з большаю пашанай i талерантнасьцю. А Якуб, набраўшы гарту й адвагi ў тэй самасеячнай вайне, цяпер i "бiнзiнку"-запальнiчку прыдбаў. Надакучыла-ж iз крэсiвам ужо поркацца, а запалкаў дзе набярэсься, калi за адны пачак трэба цэлае яйка аддаць. Дорага каштаваў на запальнiчку ад уладаў дазвол, таму Якуб iз запальнiчкай крыўся, пры людзях заўсёды агня прасiў. Чаго добрага, тыя ўлады "засмарканае Польшчы" - каб iх макарэц перакацiў - возьмуць ды адбяруць. II Было душна. На небе каб табе дзе хмарынка. Сонца хiлiлася ўжо з поўдня. Янук, сам ня вымяркаваўшы, чаго й навошта, некуды йшоў. Быў у стане поўнага атупеньня. Выкiнуты з будзённай рутыны-раўнавагi, жыў цяпер больш вобмацкам, чымся сьведама. Забойства маткi лясьнiком перакулiла Янукоў сьвет дагары нагамi. Вялiкая й балючая рана як сьлед не пачынала яшчэ гаiцца. Бацька, што сам, як адурманены, ледзь ногi валачыў, дазволiў хлопцу пабыць дома якi тыдзень цi болей. Тыя Лазоўскага хвасты нiдзе ня дзенуцца. Янук мiнуў загуменьне й мецiў на Гараватку. Зрок ягоны затрымаўся на вялiкай пышнай шапцы волата Архiпа адно бегам i папоўз далей на суседнюю сасну, ледзь пахiлены вялiкi крыж. Нейдзе голасна крычэлi гусi; аж заходзячыся, заядла брахаў сабака. Абыякавы да ўсяго, паглыблены ў свой, хаатычны цяпер, нутраны сьвет. Янук iшоў. Раптам схамянуўся, стануў, як укапаны, i ад зьдзiўленьня вылупiў вочы: абапёршыся плячмi аб дуб-волат, супакойна дымячы iз сваёй крывой люлькi, сядзеў дзед Якуб. Ужо каго як каго, а гэтага старога калекi малы Бахмач анiяк тут не спадзяваўся. Дзедаў баразнаваты, але яшчэ румяны круглы твар, iз малым шнарам наўскасяк пад левым вокам, зьнiзу закончаны кароткай сiвенькай бародкай, выглядаў тут у Архiпавым цяньку крумяненькiм i куды маладзейшым, чымся ў хатнiм змроку. Дзедава працёртая шэрая сьвiтка была расшпiленая зьверху аж да паловы грудзей, а лысую галаву накрывала шырокая кепка з абгрызанай цэшкай. Мо якраз кепка найбольш спрычынiлася да таго, што дзед нагадваў стары сiвенькi чашчавiк. Якiм мiзэрным i малым быў ён у параўнаньнi з таўстым камлём дуба Архiпа. Правая нага была босая, а зь левага галоша выглядаў рудаваты, iз тупым зялезным канцом, кастыль. Кара старога дуба была добра падгладжаная рукамi падлеткаў i моладзi, якiя тое толькi й рабiл, што старалiся ўзабрацца на старэчыя Архiпавы плечы. Рэдка каму ўдавалася. Камель быў зьнiзу надзвычайна таўсты й роўны. Мэтраў, можа, сем ад зямлi тырчэла, як кукса, Бог ведае калi й кiм адпiлаваная таўстая галiна. Блакiтныя, прыплюшчаныя дзедавы вочы глядзелi дзесьцi ўдаль. Хлапец стаяў, мецячы, што рабiць. - А я даўна ждаў цябе, сынку, - марудным роўным голасам сказаў дзед. - Га? Ждаў? - як быццам спрасоньня сказаў Янук. - Так, сынку, так, знаў, што прыдзiш. - Як гэта знаў? Янук i сам ня ведаў, што яго прывяло сюды. Як гэта дзед мог на яго тут чакаць? Цi-ж лёкка было ўзабрацца яму сюдзы з кастылём? Нешта было тут таямнiчага. - Сядзь во каля мяне, пагаворым. Янук сеў побач на камянi i ўтаропiўся ў сiнюю смуглавасьць дзедавых вачэй, якiя той жмурыў, калi праз густое лiсьце Архiпа трапляў на iх яскравы прамень сонца. Вочы здалiся Януку такiмi ласкавымi й спакойнымi, голас такiм лагодным, што ён адчуваў ад дзеда бацькаўскую цяплыню. Ведаў Бахмач дзеда ў розных станах: у маркоце й весялосьцi, асаблiва калi той апавядаў дзеткам усялякiя нябылiцы; ведаў яго ў гарэзьлiвасьцi й журбе, у злосьцi i ў ласцы. - Ага, сынку, вiдзiў я сягоньнiка ўвосьнi нешта такоя, што пазвала мяне да Архiпа, - працягваў супакойна дзед. - I ведаў, што трэба зь некiм пагаварыць. А зь кiм-жа? Ажно гляжу - ты йдзеш. Дык я й здаўмеўся, што гэта нiхто другi й ня мог быць, толькi ты... - Чаму-ж я? - Не тарапiся. Усё сваiм часам. Янук з ранейшага ведаў, што калi дзед не хацеў гутарыць, дык i спануканьнем яму нiхто языка не разьвяжа. Так i цяпер. Дзед адказаў не адразу. Ён паёрзаў левай рукой па вытаптанай вакол сябе зямлi, знайшоў галiнку, адламаў кароткi кавалачак, папоркаў у люльцы самасейку й зацягнуўся. Пусьцiўшы блакiтны дымок, прымружыў вочы й адкiнуў назад сiвабародую галаву. - Як гэта слаўна прытулiцца да старога Архiпа й так во пасядзець. Ён-жа мне - цi ты гэта знаiш? - як брат родны. Мы зь iм так даўна - божачкi, як даўна! - знаiмся. Гэттака-ж я малы, як ты во цяперака, некалi бегаў i таксама, як вы, падшыванцы, пялiўся, - вочы на лоб - каб на самы чубок узабрацца. А ён, гэты Архiп, i тады паказваўся такi сама стары, як цяпер. Бог ведае сколька яму гадоў. Кажуць-жа людзi, што той вялiкi князь, што на Гараватцы тут некалi замак пабудаваў, дык ён яго сваёй рукой пасадзiў. Даўна гэта мусiла быць, ой даўна. А вiдзiш, якi пекны дуб вырас. Нi дарам-жа кажуць, што гэта на чужых прахах ён жывець... От як слаўна, што тады лiпавiцкаму пану нi далi яго зрэзаць, каб яго макарэц... - А цi знаiш ты, дзетка, што дрэвы сваю гаворку маюць? Вазьмi Архiпа. Услухайся, як ён ветру адгукаецца, як лiсточкi ягоныя дрыжаць, як камель ягоны гамонiць. Эгэ, сынок, маiць ён сваю гаворку, маiць... Гэта-ж ён таксама, як i мы з табой. От што нямы толька. Каб гэта яму Бог голас даў, дык цi ты знаiш што ён мог-бы нам расказаць, га? Янук паступова забываўся аб яўным i ўваходзiў у дзедаў таямнiчы сьвет. Першы раз ад часу трагэдыi ў сям'i думкi ягоныя накiравалiся на iншы шлях. Гэты скаржанелы, векам парэпаны чалавек, як упэўнены правадыр, паволi, загадкавымi шляхамi, вёў яго некуды ў невядомае. - Даўно-даўненька, сынок, на гэтай зямельцы сам наш народ гаспадарыў. Нi было тут дарог тады такiх, як цяпер, чыгункi гэнай вунь нi было, адны вялiкiя лясы былi. У лясох зьвера ўсякага вялiкае багацьце было: i мядзьведзi, i рысi, ласёў вялiкiя сем'i, па рэках баброў стады, рыбаў плоймы, а ў дрэвах птушак поўна, ды нi такiх як цяпер, што драбяза самая. От быў у нашага народу свой адзiн гаспадар, i ўсе чысьценька людзi яго слухалi. Князем ён быў. Меў замак пекны й крэпкi, моцную дружыну азброеных людзей. А зваўся той князь Гаравiк. У гэтага Гаравiка ды былi тры сыны: вялiкiя, здаровыя, пекныя. Любiў князя народ за тое, што ён надта-ж добры быў. Ён зь людзей скуры нi лупiў, падаткаў вялiкiх нi браў, а толька вымагаў, каб кажны прылажыўся як трэба ў дружыну йсьцi цi дружыне запас усяго зрабiць. Бо, хоць князь i ня квапiўся на чужое, алi знаў, што з боку суседы ёсьцека, што на яго напасьцi могуць, каб зямлю й людзей забраць, народ у ярмо запрэгчы. Дык от князь Гаравiк найболi сваю дружыну мацаваў i ня меў мiласьцi да таго, хто нi хацеў памагчы цi, як трэба, дык зброю ў рукi ўзяць. А так сабе Гаравiк пазваляў людзям вольна жыць, на зьвера паляваць, рыбу лавiць, дабро ўсякае на зямлi сеiць. Адным словам, каждаму воля была. Да сваiх-жа сыноў Гаравiк быў надта строгi. Ён каждага ваеннага рамясла навучаў, на паляваньнi з сабой браў ды на ваенныя гульнi. Думаў-жа, што, калi сам памрэць, дык яны будуць над народам гаспадарыць; трэба, значыцца, каб умелi разумна са сваiмi й чужымi жыць, а калi трэба, дык каб i за сваё ў баi адважна пастаялi. Паплыла пра гаспадарства князя слава далёка й шырока, бо пры ўмелай гаспадарцы i народ багацеў i князю самому ўдастатак было. Поўна ў засеках было, ды золата i ўсякага багацьця ў скарбнiцы князёвай. Адным словам, чулi пра яго блiзка й далёка. Свае лiрнiкi й дудары пiялi пра яго й славiлi яго, чужыя-ж на край i людзей зь вялiкай прагавiтасьцяй глядзелi й мячы вайстрылi. Надумалiся тады гэныя прагавiтыя чужнiкi на Гаравiкова гаспадарства напасьцi, багацьцi ўсе пазабiраць i людзей заняволiць. Сабралi такую вялiкую сiлу, што сьвет яшчэ такой ня вiдзiў, i на наш край паходам пашлi. А Гаравiковы ганцы, што па краёх стаялi, князю данесьлi, што вялiкая сiла чужых людзей на яго iдзець. Па ўсiм вялiкiм Гаравiковым гаспадарсьцьве зайгралi тады паходныя дуды й пачаў сплывацца да князя народ. А ён узяў усiх сваiх трох сыноў, вялiкiх i малых ваенных начальнiкаў, цэлую сваю дружыну ды пашоў тым на спатканьня. Доўга яны йшлi, а калi iз ворагам спаткалiся, дык той ужо - каб яго макарэц спалiў! - глыбака ў нашу зямлю залез, народ забiваў, дабро палiў i рабаваў. Вялiкi, дзетка, сярдзiты й даўгi быў бой. Удужкi як схапiлiся, дык болi як тры пары старалiся адзiн аднаго пiрасiлiць. Галовы людзей як тыя снапы на таку пад цэпам клалiся, рэкi ад крывi пачырванелi. Сам князь Гаравiк i два ягоныя сыны - найстарэйшы й наймаладзейшы - надта-ж адважна бiлiся, а пры iх i народ цэлы. Яны от як гэты дуб Архiп саўсiм зь места нi сайшлi i ў крывi варожай былi чырвоныя. Толька сярэднi сын, калi прыйшла цяжкая варожая навала, дык ён струсiў i ходу з поля бою даў. Гэта нашым многа пашкодзiла, бо трэба было дзiрку залатаць, за гэнага князёвага сына, што ўцёк, грудзьмi пастаяць. Алi ўсяроўна ворага адбiлi, хоць вялiкая-ж надта сiла свайго народу лягла. Як вярнуўся князь дамоў iз двумя сынамi ды дружынай i цэлым войскам, дык перш за ўсё Богу дзякаваў за тоя, што сiлу iм даў. А тады князь зрабiў вялiкая гуляньня. Усiх харобрых да сябе паклiкаў, нагароды каждаму даваў i цалаваўся з каждым, як з родным братам. Княжы замак ад таго народнага гуляньня, мусiць, сем дней i начэй гудзеў. Толька ўжо як узнагародзiў князь усiх харобрых i двух сыноў сваiх пiрад усiм народам, тады пазваў таго сярэдняга сына, што струсiў на полi бою, ды дамоў уцёк. I от, сынок ты мой, прывялi зьвязанага гэтага труса Гаравiкова сына пiрад чало самога гаспадара. А ён сядзiць пры стале, ды ўся сьвiта ягоная, усе ў баi загартаваныя пасьля сьвежай пiрамогi. I кажа тады Гаравiк сыну: - Выпрастайся, трус! Калi нi асьмелiўся ты, як вой, на полi бою ворагу ў вочы глянуць, дык чаго-ж тады баiсься глядзець у вочы сваiм людзям? Нiхто-ж цябе за гэта ня зьесьць. Падняў той дзяцюк галаву, алi цяжка было яму глядзець у вочы бацьку ды воям харобрым, бо ўсiм вялiкую ганьбу ён прынёс, крыўду зрабiў, калi плячо ў плячо iзь iмi на полi бою нi пастаяў. А князь тады яму кажыць: - За тоя, што ты з поля бою ўцёк i другiх на нiбясьпеку выставiў, на вялiкую кару заслужыў. Ты сам гэта знаiш. Сын апусьцiў галаву й дрыжэў ад страху. - Гэтыя мне сыны, - сказаў князь i паказаў на двух, што сядзелi ля яго з правага й левага боку. - А ты ня сын! За цябе многа народу нашага лягло, бо сам ты, як крот, у дзiрку схаваўся дый цяпер ад страху дрыжыш. А цi-ж ня ведаў ты, што на гэтым сьвеця ня ўсё дабратой робiцца? Нiкаторыя дабраты ня цэняць i толька сiлу знаюць. Дык i мы так: каб жыць вольна, каб над намi чужак верху нi ўзяў, мусiм сiльнымi быць, а як трэба, дык i баранiцца. Уся сьвiта ягоная, дый княгiня, што зь левага боку ля сына маладзейшага сядзела, дый служба навiт чула князёвы словы. Усе ждалi як гэта князь пакараiць труса-сына. Княгiня навiт сьлязу пусьцiла, бо ведала, што муж ейны вялiкi ў ласцы быў i надта-ж суровы ў караньнi. А Гаравiк тады й кажа: - Ты ёсьць маё роднае дзiця, маё цела й кроў. За тоя, што ты зрабiў, я цябе мушу караць галавой. Ты сам гэта знаiш. Алi Бог мне сьветкай нiхай будзiць, што я ў ласцы заўсягды быў болi шчодры, чымся ў караньнi. Дык i я для цябе такiм буду. Галавой цябе нi пакараю, а дам табе нагоду паправiцца. Дык от слухай: ты возьмiш людзей i ўсё, што трэба, i пойдзеш адгэтуль у той бок, дзе заходзiць сонца. Будзiш iсьцi тры днi й тры начы. Сярод лясоў там знойдзеш выгадная места, пабудуiш замак, зарганiзуiш дружыну й будзiш гаспадарыць над часьцяй народу, што табе прыдзялю. Зьбярэш i навучыш сваю дружыну, ажэнiсься й заложыш сваю гаспадарку. Толька-ж помнi, што ад таго часу свайго гаспадарства будзiш баранiць сам, калi хто нападзець. Нiхто з нас табе на помач ня прыйдзiць так, як ты нi прыйшоў нам на помач на полi гэтага бою, ды ўцёк, як вялiкi трус, якога я цяпер мушу цурацца. А калi-ж на цябе нападуць, дык ты нi абаронiсься i ў баi ляжаш, дык будзiць тады твайму народу вялiкая гора. Гараваць ён будзiць пад чужымi, аж пакуль зь яго нi народзiцца новы адважны воiн, каторы чужых прагонiць ды людзям волю вернiць. Так загадаў князь. I от даў Гаравiк сыну таму людзей, што ў вайсковай штуцы добра зналiся, а таксама такiх, што будаваць умелi, даў конi i зброю, харчы, ды выслаў яго туды, дзе заходзiць сонца. Iшоў той сын трохi што нi бiзь пiрастанку тры днi й тры ночы, аж прыйшоў от сюды й задзержыўся тутака, дзе мы з табой на Гараватцы. Надумаўся тут замак свой будаваць. Пагараваў ён тутака многа, пакуль замак збудавалi ды гаспадарку на парадак навёў. Можа гэта ад таго й пачалi людзi гэта места Гараваткай называць. Дык от гэты новы гаравацкi князь, як ужо збудаваў вялiкi й пекны замак, дружыну сваю выдрасiраваў i добра на ногi паставiў, тады нагледзiў сабе дзеўку, таксама са свайго народу, ды ажанiўся. Нiкаторыя дзiвiлiся, што ён так зрабiў. Трэба табе, сынку, ведаць, што тады князi толькi iз княжнамi жанiлiся, хоць i чужымi, а ён дык iз простай сваёй. Дзяўчынка, казалi, была, як малiна. А жанiўся ён iз сваёй, хоць i простай, таму, бо ўжо тады пазнаў мудрасьць жыцьця, а сама найболi дык тоя, што iз сваiм народам трэба быць, любiць яго трэба, за яго галавой пастаяць. Бо нiколi нi забыўся ён вялiкага сораму, што нажыў, калi з поля бою ўцёк. Пёк той сорам яго, як перац у гарляку. I думаў сабе гаравацкi князь, што, калi ўжо час прыйдзiць, дык ня толька тое паршывае кляймо зь сябе крывёй змыiць, але яшчэ пастараiцца й славу сабе вярнуць, каб i бацька агледзеўся. Ды бацька скора ўжо памёр. Два браты ягоныя гаспадарылi пасуседзтву, алi нiнадта каб яны дружна iз сабой жылi, нi гаворачы каб iзь iм. От жанiўся, знацца, гаравацкi князь, надта-ж пекную дзяўчыну ўзяў. У сваiм замкавым дзядзiнцы разам iз новай улюбленай княгiняй дубок малады пасадзiў ды загадаў палiваць-даглядаць, каб вялiкi рос i пекны быў. Мы - кажыць - тут як гэты дубок расьцi будзем i нiхто нас зь места нi кранець. Гэты дубок i ёсьць от гэты самы Архiп. Пачаў, адным словам, гаравацкi князь шчасьця пазнаваць. Думаў, што ацiхла ўжо, вайны праклятай ня будзiць. У яго навiт дружына добра выдрасiраваная была, гаспадарка на добры лад пашла. Калi-ж нiбясьпекi зьнiкуль нi было вiдаць, дык памякчэў гаравацкi князь, нi такiм пiльным стаў i, мусiць, трохi ваенная рамясло закiнуў. А тыя, сынок, благiя ворагi, што iх раней бацька Гаравiк iз двумя сынамi разьбiў, дык яны за гэты час пакрапчэлi, у поўсьць абрасьлi, клыкi зноў iм павырасталi, як тым ваўком, ды давай тыя клыкi шчэрыць, глядзець, цi збоку дзе ўварваць кусок можна. Вiдзiлi-ж, што Гаравiк памёр, што сыны падзялiлiся й паслабелi, дык давай на гаравацкага князя напасьцi. I зноў сабралi сiлу людзей i сюды iз боем прышлi. I от разьбiлi яны гаравацкага князя саўсiм. Нiхто зь ягоных братоў яму на помач нi пасьпяшыўся, бо бацька сказаў, што баранiцца сам маiць. Сам гаравацкi князь iз сваёй маладой княгiней як львы змагалiся. Яна яму зброю падавала. Калi-ж чужыя ў замак уварвалiся, дык князь жывым нi здаўся. Забiлi яго й пекную маладую княгiню ля таго самага маладога дуба. Замак тады зруйнавалi, дружыну гаравацкую на чатыры вятры разагналi, а народ у цяжкае ярмо запраглi i як над скацiнай пачалi зьдзеквацца. Так сталася, сынок мой, што пасьля й тыя другiя два браты нi ўстаялi самi, як на iх напалi. Дык i прапала воля цэлага нашага народу. На памiн толькi руiны ад добрых гаспадарак асталiся, а народ у нiшчасьцi аж да сягоньнiшняга стогнiць. Толька чужыя паны мiняюцца, алi нiчуць людзям нi лягчэiць, а яшчэ горы робiцца. I поўзаюць перад чужымi нашыя, як тыя чэрвi, а яны з нашага поту, з нашага мазаля жывуць, нашу кроў смокчуць. Толька от расказваюць, сынок, што тры начы ўвосенi, неяк пад Дзяды, у Гараватцы кажды год бываiць вялiкi бой. Князь гаравацкi з сваёй княгiней дый з дружынай стараiцца адбiцца ад ворагаў, а яны насядаюць. Нiкаторыя кажуць, што гэта ўсе чэрцi ўскапашылiся ды на нашага князя процьмай iдуць. Ён тады завець i завець сваiх братоў на помач, але нiхто нi прыходзiць памагаць чужнiкаў цi гэтых рагатых нячысьцiкаў-чарцей адбiваць. I кажуць яшчэ, што гэтак будзiць аж да таго часу, знацца, князь будзiць помачы клiкаць, аж пакуль наша зiмля зноў будзiць у руках сваiх людзей, - знацца, калi чужнiка прагонiм.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14
|