Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 14)
Автор:
|
Акула К. |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(399 Кб)
- Скачать в формате fb2
(174 Кб)
- Скачать в формате doc
(178 Кб)
- Скачать в формате txt
(172 Кб)
- Скачать в формате html
(175 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14
|
|
У старэйшага Пятуха, як заўсёды, часу было хоць ты адбаўляй. Быў ён найбольш ведамым карцёжнiкам, гультаём, i заядлым курцом у вёсцы. Любiў i выпiць, калi была нагода. У карты гуляў, як казаў, каб час забiць i звычайна напуста. Калi не было чаго палiць, стараўся ад старой маткi сьцiбнуць пару яйкаў ды прамяняць iх у Жыда на тытунь. Жыў у самым паўднёва-ўсходнiм кутку Лiтоўцаў на ўзгарку. У некаторых людзей лазьнi былi вялiчынёй зь ягоную хату, але для яго й маткi было даволi мейсца. I пра тыя два гактары зямлi Сымон нянадта рупiўся. Лебяда, пырнiк i быльлё заглушалi там пасеяную на заўсёды дрэнна апрацаванай зямлi збажыну. Для аднаго канякi й каровы ледзь мог Пятух сена за лета назапасiць. Вяскоўцы так апавядалi аб Пятуховай гаспадарлiвасьцi: Ляжаў ён аднойчы на печы й кармiў клапоў. Ногi, быццам тыя качэргi, ажно зьвiсалi над пяколкам. Цi-ж Пятух вiнаваты, што муляр кароткую печ пабудаваў? Мацi кешкалася ля печы, а Пятух цешыўся, што яму добра ў плечы грэе. Пайшоў дождж, i прагнiлая страха была таму вiной, што вада неўзабаве пацякла iз столi на адзiны ў хаце ложак. - Сымон, - казала яму мацi, - дождж iдзець, страха цячэць, вада вуньдзiка на пасьцелi. Чаму страху нi залатаiш? - Нi знаiш што рабiць? - пачуўся зь печы лянiвы голас. - Адсунь ложак, дык нi нацячэць. Першы спасьцярог Сымона Антось, той самы, каторага празвалi Дзеркачом i якi быў у лiку паклiканых. - От ужо й Сымон ёсьцека, цяпер можам iсьцi, - загаварыў голасна Антось, каб зьвярнуць агульную ўвагу. - Ну што, Сымон, пойдзiш з намi ў салдаты? - Адчапiся ты! - буркнуў голасна Пятух. Ён ёмка выплюнуў з роту дагарэўшы акурак, выцягнуў зь левай адтадуранай кiшэнi капшук з тытунем, адраваў кавалак газэты й супакойна, маленькiмi вачыма бегаючы па грамадзе людзей, узяўся вярцець новую папяросу. - Ну, Сымон, калi-ж будзiш жанiцца? - пакеплiваў далей Антось. - Параска Макатунiшка ўжо як лучына па табе ссохла. - Тады, як бык будзiць цялiцца! - адказаў, не паварушыўшы мяцёлкамi, стары дзяцюк. Тыя, што чулi гэтую гаворку, зарагаталi. - Ён, мусiць, жджэць пакуль Параска пяцёра будзiць мець, каб адразу на гатовыя, - кпiў з натоўпу другi мужчынскi голас. Дзякуючы Пятуху, заўсёднаму аб'екту жартаў, якi зусiм нiчым не прыгадваў працавiтага й дбайнага гаспадарлiвага малодшага брата, павесялелi некаторыя ў грамадзе. З другога боку вёскi прычыкiльгаў да натоўпу дзед Якуб. Абступiўшы, людзi вiталiся зь iм, радыя нагодзе, каб перакiнуцца словам. Стары, вядома, як скажа, дык ёсьць што паслухаць. А дзед пыхкаў сваю крывую люльку ды скупiўся на словы. - Ну што гэта дзед, вы ваiваць нi сабiраiцiся? - пыталi яго. - Ды вы, дзеткi, ужо бiзь мяне неяк абойдзiцiся. Я адкаратаў сваё, пагладзiў дзед бародку, гледзячы на ўсiх i на нiкога ў васаблiвасьцi. - Дзед тут будзiць за нашымi гаспадаркамi глядзець, дзевак замуж выдаваць, каб племя наша нi зьвялося. Пiтуха во ажанiць трэба... Некаторыя засьмяялiся, але няшчыра, стрымана. - Нiма за што, - казаў дзед, быццам не спасьцярогшы надзьмутай штучнай весялосьцi. - Нiма за што ваiваць. Нi наша гэта дзела за паноў грудзi выстаўляць. Калi на iх прыдзiць якое бiзгалоўя, дык так iм i трэба. Яны за нас, нябось, нi пастаяць. Дзед плюнуў сабе пад ногi й пацягнуў з крывой люлькi. Абступiўшыя яго спасьцераглi, што лiтоўскi патрыярх ня меў намеру жартаваць i, пэўна-ж, яшчэ нешта важнае скажа. А дзед зiрнуў пад клець, дзе ўжо ўсталi з лаўкi й аглядалi людзей солтыс iз рослым ураднiкам. - Вы-ж глядзiце, дзiцюкi, - казаў Якуб, - калi там якiя нiпiралiўкi, дык пад дом цiсьнiцiся, от што... - Маўчы ты, дзед Якуб, ато якоя благоя вуха пачуiць! - перасьцерагла Кмiтава Аўдоля, што й гэтым разам парупiлася, каб у цэнтры падзеяў быць. - Чаго гэта маўчы? - агрызнуўся дзед. - Ды што гэтыя паўшабэлкi мне старому калеку зробюць? Пляваў я на iх. А свайму во катораму трэба сказаць, каб на ражон дарма за чужоя ня лез... У гэты час ураднiк падаў голас, каб усе паклiканыя падыйшлi да яго блiжэй, ды паводля лiсту пачаў перавяраць, цi ўсе сабралiся. Хутка выявiлася, што не было Косьцiка Сабакевiча й Шпунтовага Лявона. Першага, вядома, сам ураднiк не спадзяваўся, але-ж прыгадаць трэба было. Дапытваўся, дзе дзеўся Лявон, ды нiхто ня змог яму адказаць. - Пойдзем, няма часу чакаць, - сказаў ён станоўка. - Пра яго ўжо парупяцца адпаведныя дзейнiкi... Апошнiя словы гучэлi пагрозай. На лiсьце было звыш за трыццаць прозьвiшчаў. Паклiканым ураднiк загадаў зыбрацца ў групу й iсьцi наперадзе, а ззаду мелi ехаць хурманкi з багажом ды маглi йсьцi тыя з раднi, хто хацеў праводзiць мабiлiзаваных аж у Гацi. Рушылi паволi. Солтыс iз ураднiкам вялi калёну на бальшак, а пасьля павярнулi на прасёлкавую дарогу, што побач могiльнiку вяла на гацкi гасьцiнец. Расьпiсаныя гумовымi ўзорамi каляiны ўраднiкавага ровару зараз-жа ззаду затоптвалiся босымi цi абутымi ў лапцi нагамi лiтоўскага народу. Калёна расьцягнулася; тыя з раднi, што йшлi ззаду, пачалi далучацца да праводжаных iмi родных, iзноў пачалася часта спыняная гаворка. Людзi, здаецца, усе тэмы вычарпалi. Што гаварыць у такi час? Мiнулае прыгадваць цi трывогу перад небясьпечнай будучыняй выказваць? Як доўга будзе гэтая разлука? Калi зноў над Лiтоўцамi й цэлай пагвалчанай краiнай засьвецiць сонца? На палёх чакала гаспадарлiвых рук нязжатая ярына. Заўтра, калi Бог пагоду дасьць, iзноў у хвастох нiваў стануць iзь сярпамi прарэджаныя сем'i. У працы гадаць будуць, што з сынамi, мужамi, цi любымi... Дзе яны, у каторы бок гонiць iх чужы вецер? У самым хвасьце калёны маўклiва крочыў i Янук Бахмач iзь неразлучным Тапсiкам. Ён яшчэ не вымяркаваў, цi яму аж у Гацi йсьцi, цi дзесь на дарозе назад завярнуць. Паглядаў на дарожныя сьляды, якiя пачаў мачыць-зацiраць густы, як празь сiта, дожджык. Людзi настаўлялi каўняры, жанчыны й дзеўкi нацягвалi хусткi. А дожджык зьверху то сеяў, то спыняўся. Ня ведаў, мусiць, нябесны сейбiт, цi неба мае плакаць зь перапынкамi, цi без супыну... Таронта, 1963-64 г. КАНЕЦ ПЕРШАЕ КНIГI Сьпiс некаторых чужых або рэдка ўжываных словаў Дзярлiвы - (бел.) драпежны. Велькапольска - (польск.) лiтаральна "Вялiкая Польшча". Жэч Паспалiта - Рэч Паспалiтая. Просты беларускi пераклад лацiнскага "рэспублiка" (res publiсa - "рэч публiчная", "рэч паспалiтая") палякi перайначылi на свой капыл паводля свайго спецыфiчнага вымаўленьня (Rzeczpospolita), а ў далейшым называлi й называюць так Польшчу. Крэсы (Крэсы Всходне) - "усходняе памяжоўе". Так звыклi называць палякi заходнебеларускiя землi, дзе польская прапаганда залiчвала беларусаў у "расеезаваныя палякi". Мiтычны - мiфiчны (бел., паходнае ад грэцкага. Падчас савецкае "моўнае рэформы" замененае на "мiфiчны" паводля расеезаванага вымаўленьня). Тарэбка - (польск.) торбачка (жаночая). Элiмiнацыя - выключэньне (бел., паходнае ад лацiнскага). Жондовы - (польск.) урадавы. Офяра едэн - (польск.) ах ты недарэка. Хаме едэн - (польск.) ах ты хам. Жондова владза - (польск.) урадавая ўлада Двадзесьця пеньць - (польск.) дваццаць пяць (маецца на ўвазе дваццаць пяць удараў). Троп - (бел.) сьлед, быць на тропе - злавiць сьлед, iсьцi па сьледу. Ровар - (бел.) веласiпед Транзакцыя - (бел., паходнае ад лацiнскага) зьдзелка. Ужэнднiк - (польск.) чыноўнiк. Мiльчэць - (польск.) маўчаць. Ажэлкi - (польск.) "арляняты" - кукарды на шапках польскiх палiцыянтаў ды жаўнераў. Залатоўка - (бел., размоўнае) злотая - польская грашовая адзiнка. Родак - (польск.) суайчыньнiк. Гэтта - (бел.) гэтак, гэта значыць, гэтакiм чынам, значыцца... Хварбаваць - (бел.) фарбаваць. Хурманка - (бел.) фурманка. Хутра - (бел.) футра. I г.д. Словы з шэрагу тых шматлiкiх, якiя праз савецкую "рэформу правапiсу" беларусам было загадана пiсаць i вымаўляць... па-польску: "фарбаваць, футра..." Замэльдаваў - (польск.) даклаў, адрапартаваў. Дэфэнзыва - польская таемная палiцыя, контрвыведка. Iнвазii - утаргненьнi, напады (бел., паходнае ад лацiнскага, ужываецца пераважна йранiчна). Чыньнiкаў жандовых - (польск.) дзяржаўных ворганаў. Пшэклентэ - (польск.) клятыя. Неўдзенчны - (польск.) няўдзячны (у дадзеным выпадку вымаўлена зь беларускiм акцэнтам) Панствовы пастарунак - (польск.) палiцыйны ўчастак. Панствовая зьнiжка - (польск.) дзяржаўная йльгота, права на навучаньнеся за дзяржаўны кошт. Гвязды - (польск.) зоркi. Владза - (польск.) улада. Крынiца: Кастусь Акула. Гараватка (Кнiга I - Дзярлiвая птушка). Таронта, Выдавецтва "Пагоня", 1965.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14
|