На працягу некалькiх наступных гадоў Мiкалай Радзiвiл Чорны становiцца некаранаваным каралём Лiтвы. У яго руках засяродзiлiся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краiны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялiкага Княства, а яшчэ праз год атрымаў вiленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Сьмерць каралевы не пахiснула даверу Жыгiмонта Аўгуста да Мiкалая Чорнага. Вялiкакняскiм прывiлеем ён атрымаў права захоўваць у сваiм архiве ў Нясьвiжы ўсе паперы i дакуманты, зьвязаныя з унутранай i зьнешняй палiтыкай Вялiкага Княства, прыраўноўваючы нясьвiскi архiў да дзяржаўнага. Улiчваючы, што Жыгiмонт Аўгуст большасьць часу знаходзiўся ў Польскiм Каралеўстве, фактычная ўлада ў краiне была сканцэнтраваная ў руках Мiкалая Радзiвiла.
Але ня толькi палiтычная кар'ера цiкавiла князя Мiкалая. Час iмклiвага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакiнуць абыякавым Мiкалая Радзiвiла. Упершыню ён сутыкнуўся зь iдэямi аднаўленьня хрысьцiянства пад час вучобы, калi выяжджаў у Нямеччыну для завяршэньня сваёй адукацыi. Вярнуўшыся ў Вiльню, малады магнат пазнаёмiўся зь вiленскiмi лютаранамi. У гэты час ён блiзка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзi якога выклiкалi ў маладога Радзiвiла захапленьне ягонай верай i ягонай перакананасьцю. Калi ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад перасьледваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унiвэрсытэце, Мiкалай Чорны заапекаваўся хворай мацi аднаго зь першых прапаведнiкаў Рэфармацыi ў Вiльнi.
У той самы час Ян Радзiвiл, малодшы брат Чорнага, паехаў на лячэньне ў Iталiю. Па дарозе ён заехаў у Вiтэнбэрг i пазнаёмiўся там зь Фiлiпам Мэлянхтонам, вучнем i наступнiкам Марцiна Лютара. Пабыўшы некаторы час у сталiцы Рэфармацыi, Ян Радзiвiл прыняў эвангельскае вучэньне i стаў гарачым яго вызнаўцам. Наступныя два гады, якiя ён правёў у Iталii, толькi ўмацавалi Яна ў слушнасьцi зробленага выбару. Вярнуўшыся на радзiму, Ян Радзiвiл пачаў прапаведваць вучэньне Лютара сярод усiх сваiх шматлiкiх сваякоў. I хоць вiленскi бiскуп Павал Гальшанскi крывым вокам глядзеў на дзейнасьць маладога рэфарматара, нiчога зрабiць яму ня мог. Тым больш, што да Рэфармацыi пачаў схiляцца дзядзька Радзiвiлаў, найбагацейшы магнат Вялiкага Княства, Станiслаў Кежгайла.
Але лявiна падзеяў, актыўным удзельнiкам якiх стаў Мiкалай Чорны, адцягнула яго ад прыняцьця акрэсьленай духоўнай пазыцыi. Напружаны Берасьцейскi сойм, агiтацыя за Жыгiмонта Аўгуста, пасада маршалка, пасольствы, паседжаньнi паноў рады, патаемны шлюб Жыгiмонта Аўгуста i Барбары Радзiвiл, сьмерць Жыгiмонта Старога i каранацыя Жыгiмонта Аўгуста, каранацыя Барбары, дзеля якой Мiкалай Чорны вымушаны быў больш за год пераадольваць супрацiў магнатаў Польскага Каралеўства, шлюб з Альжбэтай Шыдлавецкай, атрыманьне тытулу князя, выправа супраць крымскiх татараў на Валынь. Здаецца, што няма часу, каб спынiцца i задумацца.
У 1551 годзе раптоўна памiрае стрыечная сястра Мiкалая Радзiвiла, каралева Барбара. Празь некалькi месяцаў адыходзiць у вечнасьць малодшы брат Ян. Сьмерць блiзкiх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцьця... Мiкалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасьцi. "Чалавек - як трава, i ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, i краска апала; але Слова Госпада трывае вечна", -прыйшлi на памяць словы зь Бiблii, якая з новай сiлай пачала прыцягваць да сябе князя Мiкалая. З далёкага Вiтэнбэргу прыйшоў лiст, гэта Фiлiп Мэлянхтон прыслаў элегiю на сьмерць Яна Радзiвiла. Канцлер Вялiкага Княства зноў i зноў узгадваў словы брата, як той расказваў пра Марцiна Лютара, пра апраўданьне верай, пра малiтву, пра Бiблiю. Шукаючы адказу на свае пытаньнi, Мiкалай Чорны зьвяртаўся да збораў вялiкакняскай бiблiятэкi, у якой знаходзiлася шыкоўная Бiблiя ў перакладзе Лютара зь яго ўласным прысьвячэньнем Жыгiмонту Аўгусту, камэнтар Кальвiна да Пасланьняў апостала Паўла, прысьвечаны вялiкаму князю лiтоўскаму, мноства эвангельскай лiтаратуры, асаблiва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мiкалая глыбока ўзрушыў палымяны "Зварот да хрысьцiянскай шляхты нямецкай нацыi" Лютара, прымусiлi сур'ёзна задумацца "Хрысьцiянскае выхаваньне" Кальвiна, iншыя творы айцоў Рэфармацыi. У кастрычнiку 1556 г. у адкрытым лiсьце да папскага нунцыя Лiпамана Мiкалай Радзiвiл напiсаў, што ён быў бы рады бачыць у Вялiкiм Княстве ня толькi Кальвiна, але i Мэлянхтона, i iншых рэфарматараў. Эвангельскае вучэньне захапляла князя Мiкалая. Жывая вера, непасрэдныя адносiны з Богам - гэта тое, чаго так прагнула яго душа, гэта тое, што было неабходна яго краiне.
Цёплым жнiвеньскiм вечарам 1552 году вiленскi ваявода ў атачэньне 30 вершнiкаў прыехаў у Берасьце, каб правесьцi рэвiзiю iнвэнтароў Берасьцейскага староства. Берасцейскi кашталян (камэндант замку), даючы справаздачу князю Мiкалаю, сярод пытаньняў, якiя неабходна вырашыць, узгадаў пра нейкага Сымона Зака, прапаведнiка, якога аб'явiлi герэтыком i якi шукае прытулку ў Берасьцi. Вiленскi ваявода ўжо чуў пра гэтага чалавека i пра ягоныя пропаведзi, таму неадкладна загадаў паклiкаць яго да сябе. Назаўтра ў Берасьцейскiм замку пачаўся банкет з нагоды прыезду князя Радзiвiла. Шляхта пiла вiно за здароўе шаноўнага госьця, але сам вiленскi ваявода адмаўляўся. Амаль увесь вечар ён размаўляў зь нейкiм сьцiпла апранутым мужчынам, якога нiхто з запрошаных ня ведаў. Празь некалькi дзён Мiкалай Чорны, сабраўшы ўсiх паважаных людзей староства, урачыста аб'явiў, што ў Берасцейскiм замку з гэтага часу будзе арганiзаваная эвангельская царква, мiнiстрам (прапаведнiкам) у якой будзе Сымон Зак, магiстар тэалёгii Кракаўскага ўнiвэрсытэту. Гледзячы на новага прапаведнiка, многiя пазналi таго незнаёмца, зь якiм доўга размаўляў на банкеце вiленскi ваявода.
Вясною 1553 году Мiкалай Чорны з пасольствам выправiўся да iмпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыi, вiленскi ваявода глядзеў на яе iншымi вачыма. Ён i раней быў у гэтых мясьцiнах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мiкалай Радзiвiл канчаткова акрэсьлiў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьцiянiна. Вярнуўшыся ў Вiльню, канцлер Вялiкага Княства Лiтоўскага, вiленскi ваявода князь Мiкалай Радзiвiл Чорны публiчна абвесьцiў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага iдалапаклонства, i што закладае кальвiнскую царкву ў сваiм палацы на Лукiшках, запрашаючы туды ўсiх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Вiленскага ваяводу глыбока ўзрушылi творы Жана Кальвiна, яго бачаньне хрысьцiянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўнiць сваё прызначэньне. Князь Мiкалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлiкiя пытаньнi, як асабiстыя, так i тыя, што хвалявалi яго як аднаго з кiраўнiкоў дзяржавы.
У тым жа годзе Мiкалай Чорны выдаў сваiм коштам у Берасьцi катэхiзм хрысьцiянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсiх сваiх вялiзарных уладаньнях ён адкрывае новыя цэрквы, цi, як iх тады называлi, зборы, дзе зьбiралiся месьцiчы i шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Вiленскi ваявода не шкадаваў нi сiлаў, нi сродкаў, каб распаўсюдзiць веру ў жывога Бога па ўсiм Вялiкiм Княстве. Яго марай было зрабiць кальвiнiзм пануючым веравызнаньнем у нашай краiне. Празь некалькi гадоў у прадмове да кнiгi "Навучаньне аб сапраўдным i фальшывым пакаяньнi", зьвернутай да Мiкалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пiсаў: "Бо гэта яўна кожнаму, i ня толькi ў Княстве Лiтоўскiм, што як толькi Госпад Бог у Сваёй мiласэрнасьцi Сваё слова i праўдзiвую навуку перад вачыма гэтага сьвету выявiў i аб'явiў, адразу Вашая княская мiласьць раней за iншых Слова Божае i сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Сьвятога ўзьлюбiў i моцна ўхапiўся, i ня толькi сам, але як сапраўдны апостал або другi Карнэль, прывёў да гэтага многiх. Спачатку наймiлейшую жонку, якая на пачатку не згаджалася i доўга працiвiлася з прычыны некаторых сваiх прыяцеляў, Вашая княская мiласьць чыстай сваёй пропаведзьдзю i праз напамiны iншых хрысьцiянскiх людзей прывёў да прыняцьця Слова Божага разам зь дзецьмi, слугамi i служанкамi, i падуладнымi сваiмi. I цяпер кожны яўна бачыць i чуе, што практычна ўсе знакамiтыя дамы ў Княстве Лiтоўскiм, i ў Жамойцi, i на Русi, гледзячы на прыклад i напамiны Вашай княскай мiласьцi, часта слухаючы Слова Божае ад сваiх прапаведнiкаў, прыйшлi i сёньня надалей прыходзяць, паводле волi i мiласэрнасьцi Божай, да пазнаньня Слова Ягонага".
Мiкалай Чорны зь вялiкiм энтузыязмам падтрымлiваў кожную iнiцыятыву рэформы царквы ў Вялiкiм Княстве. Аднак задача, якую паставiў сабе вiленскi ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялiзарную ўладу i немалыя сродкi. Сутыкаючыся з рознымi праблемамi ў ажыцяўленьнi пераўтварэньняў, князь Мiкалай вёў сталую перапiску зь нямецкiмi i швайцарскiмi рэфарматарамi: Кальвiнам, Булiнгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, i раiўся зь iмi ў шматлiкiх практычных i багаслоўскiх пытаньнях.
Мiкалай Радзiвiл ня быў адзiным, хто прагнуў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве. Лiтаральна празь месяц пасьля Мiкалая Чорнага аб сваiм навярненьнi абвясьцiлi Геранiм Хадкевiч i Станiслаў Кiшка. Не прайшло i году, як пасьлядоўнiкамi Рэфармацыi сталi Валовiчы, Глябовiчы, Сапегi, Вiшнявецкiя, Войны, Пацы, Зяновiчы, Агiнскiя, Пронскiя, Нарушэвiчы, Шэметы i iншыя. Шляхта, як католiкi, так i праваслаўныя, масава пераходзiлi ў кальвiнiзм, а месьцiчы актыўна прымалi вучэньне Лютара. Па-рознаму адбывалiся гэтыя навярненьнi. У князя Паўла Друцкага-Сакалiнскага, цiвуна троцкага, жонка пачала хадзiць на кальвiнскiя набажэнствы. Князь спачатку злаваўся, крычаў, што здрадзiла веры, потым перастаў зьвяртаць увагу. Аднойчы, пад час банкету ў вiцебскага судзьдзi гродзкага Ольбрыхта Вiльчка, дом якога стаяў па суседзтву, нехта з гасьцей выказаў генiяльную iдэю, што рабiць зь непакорнай жонкаю: узяць кiй, i выгнаць яе ад тых кальвiнаў, а зборышча iхняе разагнаць. Поўны праведнага гневу на крыўдзiцеляў праваслаўнай веры, князь Друцкi-Сакалiнскi разам з узброенымi кiямi слугамi, пайшоў на другi канец Вiцебску шукаць кальвiнскi збор. Калi, аднак, увайшоў у хату, дзе iшло набажэнства, прапаведнiк ня толькi не спужаўся загневанага князя, але, наадварот, прапанаваў яму сесьцi на лаўку i паслухаць пропаведзь. Пазьней цiвун троцкi ўзгадваў, што яго такi страх i пашана агарнулi, што нават калi б яму месца пад лаўкай паказалi, ён бы i там сеў безь нiякага супрацiву. Неўзабаве князь Павал пакаяўся, а празь некалькi гадоў вiцебскi судзьдзя гродзкi зацьвярджаў наданьне на вiцебскi кальвiнскi збор: "Я, князь Павел Друцкiй-Соколiнскiй, маршалок его королевской мiлостi, тiвун i городнiчый троцкiй, мiлуючы правдiвое слово Божое у зборе светом евангелiцком проповеданое i для размноженiя i розшыренiя в нем верных Панскiх, ку вечной чэстi i фале Пана Бога Вшэхмогонцого i Сына Его едынаго Хрыста Пана i Духа Светого, ку збудованню збору светого власным коштом своiм надал i на вечность од давного часу запiсал пляц i огород свой, лежачый в Замку Нiжнем вiтэбском".
У савецкай гiстарычнай лiтаратуры пашырана меркаваньне, што галоўнай прычынай масавага прыняцьця Рэфармацыi беларускiмi магнатамi i шляхтай было прагненьне захапiць маёмасьць каталiцкай цi праваслаўнай царквы i жаданьне мець танную, невымагаючую царкву ў сваiх уладаньнях. Аднак нават павярхоўнага позiрку на сытуацыю ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм у сярэдзiне XVI стагодзьдзя дастаткова, каб абвергнуць такое цьверджаньне. Зямельныя ўладаньнi далёка ня самых заможных беларускiх магнатаў, такiх як Гарнастаi цi Тальвашы, нашмат перавышалi ўладаньнi каталiцкiх бiскупстваў. Праваслаўная царква жыла пераважна за кошт дапамогi заможных апекуноў i практычна ня мела больш менш сур'ёзнай уласнасьцi. У той жа час будаўнiцтва новых збораў, распаўсюджваньне iдэяў Рэфармацыi, увогуле стварэньне новага вобразу царквы патрабавала немалых фiнансавых выдаткаў. У дадатак рэфармаваныя цэрквы ад сваiх вернiкаў патрабавалi без параўнаньня большай пасьвячонасьцi, а самае галоўнае сапраўднай, жывой веры. Калi ж зьвярнуцца да дакумантаў таго часу, то асабiстая перапiска беларускай шляхты сьведчыць аб тым, што асноўнымi прычынамi iх падтрымкi Рэфармацыi былi асабiстая вера, народжаная слуханьнем Слова Божага, i жаданьне бачыць царкву, адпаведную вобразу царквы, апiсанай у Бiблii.
У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мiкалая Радзiвiла Чорнага на адкрыты лiст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёiза Лiпамана. У студзенi гэтага году нунцы ў сваiм лiсьце абвiнавацiў вiленскага ваяводу ў спрыяньнi вераадступнiцтву i скрытыкаваў ягоныя погляды, заклiкаючы вярнуцца да каталiцкай царквы. Адказ Мiкалая Чорнага, напiсаны на лацiне i выданы ў Караляўцы ў кастрычнiку таго самага году, стаў сваеасаблiвай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыi. Вiленскi ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялiкага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскiх цэркваў у краiне.
Перш за ўсё Мiкалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасьцi ўлады папы рымскага: "Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусiць быць, адпаведна са Сьвятым Пiсьмом, пашырана па ўсёй зямлi, ад мора i да мора, ад усiх рэк i аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусiм не такое, як iмпэрыя Кiра цi Аляксандра, цi Цэзара Аўгуста, якiя славiлiся сваiмi незьлiчонымi багацьцямi. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасьць людзей, дзе няма багацьцяў. Сам Хрыстос гаварыў: "Каралеўства Маё ня ёсьць падобным да гэтага сьвету"". Далей вiленскi ваявода выказаў праграму сваiх дзеяньняў дзеля рэформы царквы: "Закладаючы ў сваiх уладаньнях i там, куды сягае мая ўлада, зборы i алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскiх прыдумак i iдалапаклонства. Я скiнуў з алтароў багоў, апраўленых у золата i срэбра, i замкнёных у скрынках, годных найвялiкшай пагарды, якiх вы, як пагане, ушаноўвалi... Пры кожным, у духу праўдзiвай веры арганiзаваным зборы ёсьць прапаведнiцкая катэдра, зь якой вернiкам абвяшчаюцца не прыдумкi Скота, Эна, Пiгiуса, Вiцэлiуса i да iх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнiкi добра ведаюць праўдзiвую навуку Хрыстовую i прапаведуюць не каноны i дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнiгi, якiя сам чытаю i iншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што iх папскi пасол зганiў. Яны адкрываюць людзям праўдзiвае Эвангельле. Некаторыя з тых кнiгаў я сваiм коштам друкаваў i друкаваць буду... Мы, прытрымлiваючыся старых канонаў, апостальскiх прыказаньняў i навукi iншых сьвятых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былi разлучаныя з жанчынамi, што i Сьвятое Пiсьмо раiць... Найсьвяцейшая i найдастойнейшая сьвятасьць цела i крывi Госпада майго Iсуса Хрыста, якая ўстаноўленая Iм Самiм i праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна i для нас сьвяцейшая за ўсе iншыя рэчы i няма нiякага iдалапаклоньнiцтва, калi спаўняецца праўдзiва i сваiм парадкам. Госпадзе Божа, зрабi так, каб мы, адкiнуўшы ўсе недарэчныя прыдумкi, зьвярнулiся ўрэшце да служэньня, што было прынята апосталамi i iснавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага i Васiля, а ў лацiнскай - у часы Амброзiя, Геранiма i Аўгустына". Асобна князь-рэфарматар спынiўся на пытаньнi мовы ў царкве: "Я так лiчу, што ўсе людзi, узносячы хвалу, малiтвы i падзякi Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павiнны рабiць тое з чыстымi думкамi i шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чынiць, абавязкова ведаў мову i спасьцiгаў сэнс сказанага. Калi ж набажэнства адбываецца на лацiне, цi на грэцкай, цi на якой iншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён i рады быў бы шчыра малiцца Госпаду Богу i хвалiць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца i розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваiх словаў i сутнасьцi ўчынкаў. Менавiта з гэтае прычыны я так лiчу: на якой мове кожны народ здольны спасьцiгаць таямнiцы Слова Божага, на той мове трэба праводзiць сьвятыя царкоўныя набажэнствы". Папскi пасол заявiў, што адной з рысаў прававернасьцi каталiцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьцiянаў, дык сумнiўна, што ў такiм малым зборы, да якога належыць вiленскi ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мiкалай Чорны не абмiнуў увагаю i гэты закiд: "Ад пачаткаў сьвету праўдзiвая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьцi, уцiсканая. Падобна дзеецца i сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты... Я апякуюся добрымi i пачцiвымi прапаведнiкамi, якiя надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы i добрых звычаях i ведаюць праўдзiвае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду i распавядаюць пра вечнага i несьмяротнага Бога i Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзiнага Сына Iсуса Хрыста, i перададзеную праз апосталаў".
Дзеля ўкараненьня iдэяў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве, Мiкалай Радзiвiл Чорны пачаў паўсюль арганiзоўваць эвангельскiя цэрквы. Сьледам за Берасьцем i Вiльняй кальвiнскiя зборы паўстаюць у Нясьвiжы, Клецку, Iўi, Койданаве, Воршы. Iншыя магнаты дзейнiчалi па прыкладзе вiленскага ваяводы. Князi Пронскiя заснавалi збор у Iказьнi, Кiшкi - у Венгрове, Дарагастайскiя - у Ашмянах, i так у мностве гарадоў i мястэчак па ўсей Беларусi. Найчасьцей новыя зборы паўставалi ня коштам ужо iснуючых касьцёлаў цi праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або зьбiраючыся ў нейкiх грамадзкiх цi прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасьцi цi ў палацы Радзiвiла ў Вiльнi. Да працы ў новапаўсталых зборах запрашалiся пастары i прапаведнiкi, ведамыя дзякуючы сваёй адукаванасьцi i аратарскiм здольнасьцям, часта з-за мяжы, бо ўласных служыцеляў не хапала. Дзейнасьць пастароў не абмяжоўвалася толькi правядзеньнем служэньняў i прапаведваньнем на iх. Мiкалай Чорны прагнуў, каб хрысьцiяне сталiся авангардам нацыi, таму вялiкую ўвагу надаваў адукацыi. Дзякуючы яго намаганьням пры кожным зборы былi адчынены пачатковыя школы, у якiх маладыя людзi вучылiся чытаньню, пiсьму, а таксама асновам хрысьцiянскай веры. Практычна ўся будучая элiта Вялiкага Княства, тыя людзi, якiя вызначалi жыцьцё краiны аж да пачатку XVII стагодзьдзя, вучылiся менавiта ў такiх школах. Кальвiнскiя школы, маючы прынцыпова iншую сыстэму навучаньня, давалi значна лепшую адукацыю, чым каталiцкiя школы таго часу, i гэтым таксама спрыялi хуткаму распаўсюджваньню Рэфармацыi. Вiленская школа, заснаваная Мiкалаем Радзiвiлам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэмii, але з-за моцнага супрацьдзеяньня каталiцкай герархii i караля Жыгiмонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалiзаваць.
Адзiн з галоўных дзеячоў рэфарматарскага руху ў Вялiкiм Княстве, князь Мiкалай Радзiвiл, выдатна разумеў неабходнасьць кнiгавыдавецкай дзейнасьцi для посьпеху Рэфармацыi ў краiне. Ён бачыў, як менавiта дзякуючы друкаванаму слову iдэi Лютара i Кальвiна сталi вядомымi ўсёй Эўропе i сур'ёзна паўплывалi на жыцьцё народаў. Таму амаль адначасова са зборам на замку ў Берасьцi вiленскi ваявода заклаў друкарню, у якой сваiм коштам друкаваў разнастайную эвангельскую лiтаратуру: катэхiзмы, сьпеўнiкi, падручнiкi, палемiчныя творы, камэнтары да Бiблii. Урэшце ў 1563 годзе Мiкалай Радзiвiл Чорны ажыцявiў грандыёзны выдавецкi праект - пераклад i выданьне Бiблii на польскай мове. Жывая размоўная мова жыхароў Вялiкага Княства была ў сваёй лексiцы больш падобнай да польскай мовы, чым да царкоўнаславянскай, таму гэтае выданьне было патрэбнае ня толькi хрысьцiянам Польскага Каралеўства, але магло быць выкарыстана i ў шматлiкiх зборах у Вялiкiм Княстве. Вiленскi ваявода запрасiў да сябе вядомых вучоных хрысьцiянаў, знаўцаў гебрайскай i грэцкай моваў, i даручыў зрабiць iм пераклад усёй Бiблii з моваў-арыгiналаў: Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы Запавет - з грэцкай. Да канца 1562 году праца над рукапiсам перакладу была скончана, i 4 верасьня 1563 году зь берасьцейскай друкарнi Радзiвiла Чорнага выйшлi першыя асобнiкi шыкоўна выданай Радзiвiлаўскай, або Берасьцейскай, Бiблii з уласнай прадмовай князя-рэфарматара. На гэтае выданьне Мiкалай Чорны ахвяраваў вялiзарную суму - 10 тысячаў дукатаў - гадавы даход усiх сваiх уладаньняў.
Аднак вiленскi ваявода нiколi не забываўся i пра патрэбы сваёй краiны, i адначасова зь Берасьцейскай Бiблiяй, у Нясьвiжскай друкарнi князя Радзiвiла пабачылi сьвятло два кальвiнскiя выданьнi на старабеларускай мове: "Катэхiзiс" i "Аб апраўданьнi грэшнага чалавека перад Богам", падрыхтаваныя Сымонам Будным. У звароце да князёў Радзiвiлаў у прадмове "Катэхiзiсу" мы чытаем: "Слушная бо речь ест, абы Вашы княжыцкiе мiлостi того народу язык мiловатi рачылi, в котором давные предкi i iх княжецкiе мiлостi панов отцы Вашiх княжецкiх мiлостей славне преднейшые положеньства несуть".
Мiкалай Радзiвiл Чорны i ягоныя аднадумцы сярод палiтычнай элiты Вялiкага Княства дзейнiчалi зь вялiкiм пасьвячэньнем i ахвярнасьцю. Сваiм коштам яны закладалi эвангельскiя цэрквы, будавалi зборы, дзе маглi зьбiрацца вернiкi, запрашалi пастароў i прапаведнiкаў для навучаньня праўдам веры, адчынялi школы, у якiх магла вучыцца моладзь з розных станаў грамадзтва, закладалi друкарнi. Дзякуючы iх намаганьням перакладалiся кнiгi Сьвятога Пiсьма, пiсалiся палемiчныя i пазнавальныя кнiгi, якiя пашыралi ў грамадзтве iдэi Рэфармацыi, друкавалiся падручнiкi для школаў i катэхiзмы эвангельскай веры. Прыклад пачынальнiкаў рэфармацыйнага руху натхняў iншых рээфарматараў, i Вялiкае Княства Лiтоўскае лiтаральна на вачах станавiлася эвангельскай краiнай. На пачатку ХХ стагодзьдзя дасьледчык Рэфармацыi ў Беларусi В.Плiс пiсаў: "Трэба прызнаць бясспрэчным той факт, што на пачатку 60-ых гадоў XVI стагодзьдя кальвiнскае вызнаньне знаходзiлася на ўзроўнi пануючага веравызнаньня i пачынала моцна ўкараняцца тут". Дасьледваньнi iншых гiсторыкаў адназначна падцьвярджаюць гэтыя словы. Г.Мерчынг, аўтар спэцыяльнага дасьледваньня аб колькасьцi эвангельскiх храмаў у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, налiчыў iх каля 200. Iншы дасьледчык, Букоўскi, называе яшчэ большую лiчбу 320, што выглядае больш праўдападобна, улiчваючы сьведчаньнi сучасьнiкаў тых падзеяў. Каталiцкi аўтар сярэдзiны XVII ст., езуiт В.Каяловiч, паведамляе, што калi перад Рэфармацыяй у Вялiкiм Княстве налiчвалася каля 700 каталiцкiх парафiяў, то ў 1576 годзе ва ўсёй Жамойцi, каталiцкiм рэгiёне Княства, засталося ўсяго 6 каталiцкiх сьвятароў, а ва ўсёй краiне католiкi складалi толькi тысячную частку насельнiцтва. На Берасьцейскiм саборы 1596 году католiкi, дакараючы праваслаўных за спробы заключыць саюз з кальвiнiстамi, гаварылi, што толькi ў Наваградзкiм ваяводзтве рэфарматары "спустошылi" 650 праваслаўных цэркваў. У гэтым жа ваяводзтве (сучасная Берасьцейская вобласьць, уключаючы Наваградак, Слонiм, Нясьвiж i Слуцак), якая складала асноўную частку епархii праваслаўнага мiтрапалiта, з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты толькi 16 цi нават менш не прынялi вучэньня Кальвiна. На вальным сойме 1563 году беларуская шляхта зьвярнулася да вялiкага князя з просьбаю: "iж бы прысега шляхетского i посполiтого человека не на образ малёваный анi рытый, яко первей была, але на iмя Бога в Тройцы едного каждый подлуг веры свое закону хрыстiянского прысегал". У тым жа 1563 годзе магнаты i шляхта на чале зь Мiкалаем Чорным "одностайне бiлi чолом", каб быў адменены параграф Гарадзельскага прывiлею 1413 году, якi забараняў некатолiкам займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Жыгiмонт Аўгуст ня меў вялiкага выбару i 6 чэрвеня 1563 году падпiсаў у Вiльнi прывiлей, згодна якому: "достоiнства i преложеньства всякiе, i до рады нашое, i на уряды дворные i земскiе не только подданые костелу рымскому обiраны i прекладаны бытi мають, але одiнаково i заровно всi рыцерского стану з народу шляхетского, людi веры хрестiянское, яко Лiтва, так i Русь, каждый водле заслуг i годностi своее, от нас, господаря, на месца зацные i преложеньства с ласкi нашое браны бытi мають".
У хуткiм часе пасьля гэтага ў сэнаце Вялiкага Княства Лiтоўскага засталося толькi два католiкi: бiскупы вiленскi i жамойцкi, прысутнасьць якiх была замацаваная статутам Княства, а ўсе астатнiя былi эвангельскiмi хрысьцiянамi. Сярод iх можна назваць Стэфана Збаражскага, ваяводу троцкага, Станiслава Паца, ваяводу вiцебскага, Паўла Сапегу, ваяводу наваградзкага, Васiля Тышкевiча, ваяводу смаленскага, Юрыя Осьцiка, ваяводу мсьцiслаўскага, Габрыэля Гарнастая, ваяводу менскага, Астафея Валовiча, кашталяна троцкага i падканцлера, Яна Хадкевiча, маршалка земскага, Юрыя Зяновiча, кашталяна полацкага, Яна Гайко, кашталяна берасьцейскага i iншых. Калi дадаць да гэтага сьпiсу каталiцкага кiеўскага бiскупа Мiкалая Паца, якi ў 1564 годзе стаў кальвiнiстам, i жамойцкага бiскупа Юрыя Пяткевiча, стаўшага лютаранiнам, то вобраз рэлiгiйнай сытуацыi ў Вялiкiм Княстве будзе даволi адназначны. Шляхта ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, у адрозьненьнi ад многiх краiнаў Эўропы, а таксама Расеi, складала каля 10% насельнiцтва (для параўнаньня: шляхецкi стан у Францыi налiчваў недзе 1,5% грамадзтва), i ў пераважнай большасьцi яна стала пад сьцягi Рэфармацыi. У яшчэ большай ступенi гэта адносiцца да мяшчанства краiны. Мандат вялiкага князя Жыгiмонта Аўгуста на заснаваньне кальвiнскай царквы ў Вiцебску пачынаецца такiмi словамi: "Прыслалi до нас бояре, шляхта, бурмiстры, райцы i мешчане тамошнiе вiтэбскiе, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Вiтэбском дозволiлi iм ку науцэ детем i для хожэнiя iх ку слуханю слова Божего дом збудоватi i казнодею ховатi". У Полацку ў той самы час летапiсец адзначае, што "не только мiрстii людi, но i iгумены i чернцы, i попы, i дiаконы Греческого закона" актыўна ўдзельнiчаюць у стварэньнi i разьвiцьцi эвангельскiх цэркваў. Сярод 22 сэньёраў (назiральнiкаў за царкоўным жыцьцём у зборах, якiя абiралiся з найбольш паважаных членаў збору), прысутных на сынодзе ў Вiльнi, 11 чалавек былi шляхецкага стану, а другiя 11 - месьцiчы. Гэты сынод прыняў пастанову, каб у кальвiнскую школу ў Вiльнi хадзiлi "деткi шляхецкiх i мейскiх станов". Калi ў 1563 годзе маскоўскiя войскi захапiлi Полацак, "сафейскi протопоп i со священнiцы з братiей i все градскiе i посадцкiе священнiцы благодарственне iспущающе гласы, iзбавлышеся i свободiшеся от Люторского насiлованiя, что те Люторы отпалi святые православные веры, церквi разорылi i iконам не поклонялiся, i поруганiе чынiлi велiкое".
Такi ўздым рэфармацыйнага руху, асаблiва ўлiчваючы масавыя навярненьнi шляхты, ня мог не закрануць i сялян. I хоць гэты працэс iшоў значна павальней, што i ня дзiўна, калi ўзгадаць зьнiкомы ўзровень разуменьня сутнасьцi хрысьцiянства i поўную непiсьменнасьць беларускага сялянства, зь цягам часу сытуацыя пачала мяняцца. Захавалiся дакуманты, якiя сьведчаць пра тое, што ў некаторых уладаньнях кальвiнскiх магнатаў сяляне таксама вызнавалi эвангельскую веру. Адзiн з правiнцыйных сынодаў пастанавiў, каб шляхта не прымушала сялян прымаць кальвiнiзм, але раiць сэньёрам збораў, каб яны сваiх падданых прыцягвалi да слуханьня Слова Божага, самi зьяўляючыся для iх прыкладам.
Iмклiвае разьвiцьцё Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве дазволiла ўжо ў 1557 годзе правесьцi пад старшынствам Мiкалая Радзiвiла Чорнага першы сынод (сход сэньёраў i магiстраў збораў) эвангельска-рэфармаванага Задзiночаньня, як называлi сябе вызнаўцы кальвiнiзму ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. На гэтым сынодзе быў абраны першы супэрiнтэндант (адказны) беларускiх збораў - Сымон Зак. Неўзабаве далейшы рост колькасьцi эвангельскiх цэркваў у краiне прымусiў эвангельска-рэфармаванае Задзiночаньне падзялiцца на два, а пазьней на шэсьць дыстрыктаў (рэгiёнаў), на чале кожнага зь якiх стаяў свой супэрiнтэндант. Штогод дэлегаты ад кожнага дыстрыкту зьязджалiся ў Вiльню на агульны сынод.
Эвангельскiя цэрквы ў гарадах Вялiкага Княства, нават задоўга да свайго юрыдычнага афармленьня, вылучалiся немалой мiсыянэрскай актыўнасьцю. Прымаючы веру Хрыстовую, купцы i рамесьнiкi сур'ёзна прымалi словы Госпада: "Iдзiце i зрабiце вучнямi ўсе народы". Гарады паўночна-усходняй Беларусi мелi даўнiя гандлёвыя сувязi з Ноўгарадам Вялiкiм, Цьвер'ю i Масквою, i разам з купецкiмi абозамi на ўсход iшлi iдэi Рэфармацыi. Як вынiк гэтага ў сярэдзiне XVI стагодзьдзя ў Маскоўскай дзяржаве пачало распаўсюджвацца эвангельскае вучэньне. Адзiн зь лiдараў гэтага руху, Мацьвей Башкiн казаў, што яго настаўнiкамi былi "лiтвянiн аптекарь Матфей i другой лiтвянiн Андрей Хотеев". Калi маскоўскiя духоўныя i дзяржаўныя ўлады жорсткiмi рэпрэсiямi стлумiлi рэфармацыйны рух у Маскоўскiм царстве, частка вернiкаў уцяклi "ў Лiтву", або "ў Немцы", дзе "свабодна гучала Слова Божае".
У гэты час Вялiкае Княства Лiтоўскае перажывала ўздым ня толькi ў духоўным жыцьцi, але таксама ў эканомiцы i культуры. I менавiта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвiна, якое вялiкую ўвагу надавала характару чалавека i рэалiзацыi кожным свайго прызначэньня, асаблiва падкрэсьлiвала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваiх абавязкаў, пры гэтым нiколi не задавальняючыся дасягнутым. Такi бiблiйны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнiкненьня рынкавай гаспадаркi. Падобныя працэсы адбывалiся i ў Беларусi.
Асаблiва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, лiтаральна зьмянiўшая аблiчча Беларусi на працягу XVI стагодзьдзя. Iдэя рэформы, якая б дазволiла кожнаму селянiну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялiкага князя Жыгiмонта Старога. Актыўна падтрымлiваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнiк Лiсманiнi, адзiн з прапаведнiкаў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве, якi лiчыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалiзуецца тады, калi ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежавалiся толькi ейнымi ўладаньнямi ў Гарадзенскiм i Кобрынскiм староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мiкалай Радзiвiл Чорны, якi лiчыў Лiсманiнi адным са сваiх настаўнiкаў, зацiкавiўся пераўтварэньнямi на землях Боны Сфорцы i ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якiя разьвiвалi iнiцыятыву i актыўнсьць сялянства i рабiлi сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камiсiя па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь вiленскiм ваяводам. Разам зь iм працавалi пiсар Вялiкага Княства Астафей Валовiч i адзiн зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскi. Камiсiя падрыхтавала так званую "Уставу на валокi", абвешчаную Жыгiмонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгiя гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялiкiм Княстве. Сутнасьцю гэтай рэформы было мераньне зямлi i яе клясыфiкацыя паводле вартасьцi, апрацаванасьцi i ўраджайнасьцi.