Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дамавiкамерон (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Адам Глебус / Дамавiкамерон (на белорусском языке) - Чтение (стр. 5)
Автор: Адам Глебус
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - Ты з твару змянiўся... Можа што здарылася, а я i не ведаю? Можа, хто памёр?
      - Нiхто не памёр, а шкада, лепш бы ён здох.
      - Хто? - здзiвiўся цiкаўны знаёмец.
      - Хто-хто? Конь у палiто! Вось хто. Сядзi пi.
      - Ты перабраў. Можа, табе i пiць не трэба? Га?
      - Добра-добра, налiвай. Вып'ем - раскажу. Мужчыны выпiлi па поўнай чарцы.
      - Бяда ў мяне. Тыдзень таму саджуся ранiцай у свой "опель", i такое адчуванне, што на iм чужы паездзiў. Ты ж ведаеш, як я да свайго "опеля" стаўлюся, як да жонкi, а то й лепш. I не хаваю гэтага. Лялька ў мяне была, а не машына, а тут бачу - брудная i бензiну ледзь-ледзь да запраўкi даехаць засталося. Хто? Што? Невядома. Можа, падалося, думаю. I думаў так да наступнай ранiцы, бо запiсаў паказчык на спiдометры, а назаўтра ранiцай там тры сотнi новых, не маiх кiламетраў. Што рабiць? Не ведаю! Колькi нi пiльнаваў злодзея, не ўпiльнаваў. Толькi аднаго разу бачыў падазронага тыпуса ў доўгiм палiтоне ды з кавенькаю. Я было да яго iсцi, а ён за рог. Пакуль я за рог дома забег, там нiкога няма, як скрозь зямлю правалiўся. Што цяпер рабiць? "Опеля" шкада. Гэта ж машына, да яе падыход адпаведны патрабуецца, а не так - сеў, паехаў.
      - Не сумуй. Давай нальём, i скажу, што трэба рабiць з канём у палiто.
      Мужчыны звонка чокнулiся i выпiлi.
      - Ты толькi не думай, што я чакануты, - пачаў знаёмец. - Бо гэта Дваравiк катаецца на тваiм "опелi".
      - Ды мне хай сам чорт, абы ты навучыў, як гада ад машыны адагнаць.
      Знаёмец навучыў мужчыну, як адагнаць Дваравiка. Той выслухаў, падзякаваў i сышоў з бара.
      Дома ён узяў парафiнавую (бо васковай не было) свечку, сярнiчкi ды папяровы абразок. Паўночы мужчына праляжаў на падлозе свайго любiмага "опеля". Ён ужо нават пачаў пацiху клясцi знаёмца з ягонай навукай, калi пачуў, як асцярожна адчыняюцца "опелевы" дзверцы. Мужчына раптам забыўся на ўсё доўгае навучанне i замест таго, каб запалiць свечку i асветленым абразком напужаць Дваравiка, схапiў таго за горла. I гэта было памылкаю, бо ўдар жахлiвага цяжару забраў свядомасць. Дваравiк не толькi збiў гаспадара дагледжанай машыны, а i саму яе знявечыў - кавенькаю разбiў ветравое шкло, нажом папрапорваў колы, пабiў фары, парэзаў крэслы, сапсаваў радыё, раструшчыў карбюратар, папарываў шлангi, вылiў на зямлю масла i бензiн растрыбушыў "опель" за ўсю, як кажуць, мазуту.
      Мужчына, як толькi ачомаўся, адразу заявiў у пастарунак, але злачынцу колькi нi шукалi, а так i не знайшлi. Так што рапараваўся "опель" за кошт гаспадара.
      Больш той машыны нiхто не чапаў, таму можна сказаць, што спраўдзiлiся словы знаёмца, якi сказаў: "А Дваравiк катаецца толькi на новых, дагледжаных, блiскучых, што тыя лялькi, машынах..."
      XXXVII. СПЯВАЧКА
      У Спявачкi быў слабы голас. Яна мела фiласофскую адукацыю i густ. Выкшталцонасць дапамагала выбiраць тэксты песень, а густ маскаваў слабiну вакальных даных. Таму Спявачка даволi паспяхова запiсвала кампазiцыi на радыё. Музыку яна прыдумвала сама, а вось iграць запрашала музыкаў з рок-гуртоў i кансерваторыi.
      Музыкаў прыходзiла шмат - хто пайграць, хто паслухаць, а хто i папiць гарбаты. На адной з рэпетыцый адбылася сварка. Спявачка не пагадзiлася з партыяй, што прапаноўвала вiяланчэлiстка. А тая, не - каб саступiць, пачала ўпiрацца i настойваць на сваiм варыянце. На бок вiяланчэлiсткi стала яшчэ i скрыпачка. Тады Спявачка папрасiла iх пайсцi з кватэры. Калi вiяланчэлiстка са скрыпачкай сыходзiлi, дык нагадалi ўсiм, што ў Спявачкi слабы голас. I яшчэ запэўнiлi, што больш рэпецiраваць i запiсвацца на радыё ў такой падвязцы яны не будуць. Спявачка таксама нагаварыла шмат рознага на музыкантак, пакуль тыя чакалi лiфта.
      Музычны крытык, якi тым часам пiў гарбату, вырашыў суцешыць пакрыўджаную. Ён дастаў з валiзкi дый паставiў на стол бутэльку вiна. Спявачка i крытык выпiлi партвейн. Яна супакоiлася, а ён узбудзiўся, бо захацеў перайсцi ад тэарэтычнага суцяшэння да практычнага. Крытык пагладзiў сваё зарослае рыжай шчэццю падбароддзе i сказаў:
      - У цябе выдатны густ.
      - У мяне слабы i не пастаўлены голас, - сумна вымавiла Спявачка.
      - У цябе выбiтная пастава i доўгiя ногi, ты цудоўна выглядаеш на сцэне.
      - А ў жыццi я выглядаю блага? - iранiчна пацiкавiлася яна.
      - Калi ты побач, дык ногi мне падабаюцца ўдвая больш, чым на сцэне...
      - А што табе падабаецца ў маiх нагах? - Спявачка пасунула спаднiцу i агалiла каленi.
      Крытык укленчыў каля спяваччынага крэсла i зашаптаў:
      - Мне падабаецца ўсё, што вышэй калень.
      - Табе падабаюцца сцёгны? - удакладнiла жанчына.
      - Сцёгны i... - крытык пацалаваў спяваччына сцягно каля самага краю ўзнятае спаднiцы.
      - Якi ты колкi! Чаму ты не пагалiўся?
      Крытыкавы вушы пачырванелi, i ён пачаў апраўдвацца:
      - У iнтэрнаце другi дзень няма гарачай вады.
      Раптам застракатаў дзвярны званок. Спявачка абсунула спаднiцу i пабегла адчыняць. Крытык падняўся з калень i сеў за стол. Ягоны няголены твар азмрочвала расчараванне. У кватэру ўляцела запыханая круглавокая жанчына менеджэр Спявачкi.
      - Ты прагнала скрыпачку i вiяланчэлiстку?! Яны патэлефанавалi i заявiлi, што не будуць выступаць з табой. Я месяц шукала iх, а ты парэпецiравала тыдзень i прагнала. Нават са мной не параiлася. Дзе я новых знайду? - прагаварыла менеджэр на адным дыханнi.
      - Яны ўпартыя, тупыя i няздатныя да iмправiзацыi, - упэўнена баранiлася Спявачка.
      - У цябе ўсе тупыя i няздатныя нi на што. Але я табе дарую...
      - Што ты даруеш? Хiба я нешта кепскае зрабiла?
      - Праз тыдзень запiс, дзе мы возьмем музыкаў?
      - Ты прынесла выпiць? - уклiнiўся ў спрэчку музычны крытык.
      - Як ты здагадаўся? - здзiвiлася менеджэр.
      - Убачыў у тваiх круглых вачах, - крытык падышоў да менеджэра, запусцiў руку ў яе валiзку i дастаў пляшку гарэлкi, не раўнуючы, як чараўнiк дастае труса з цылiндра.
      - Рыльца тырчала, - Спявачка сапсавала фокус.
      Менеджэр, крытык i Спявачка пiлi да дзвюх гадзiн ночы. Бо як скончылася пiтво, дык крытык схадзiў на таксовы прыпынак i прынёс яшчэ. Нарэшце Спявачка сказала, што хоча пайсцi легчы. Музычны крытык шырока пазяхнуў i таксама выказаў жаданне паспаць. Менеджэр нiчога не казала, адно хiтнула галавою ў знак згоды. Леглi на канапе ўтраiх - менеджэр каля сцяны, крытык пасярэдзiне, а Спявачка ўладкавалася з краю.
      - Не люблю мужчын, - гучна прашаптала менеджэр.
      - I я не люблю, - азвалася Спявачка.
      Музычны крытык хацеў быў сказаць, што i ён не любiць мужчын, але змаўчаў.
      Спявачка выцягнула з-пад коўдры руку i пачала пяшчотна лашчыць валасы менеджэра. Крытык ляжаў нерухома i не ведаў, што казаць i што рабiць. Тым часам менеджэр прытулiлася да яго ўсiм целам, але толькi дзеля таго, каб зручней было лашчыць Спявачку.
      - Можна палашчыць твой нос? - спыталася Спявачка ў менеджэра.
      - Вядома. Табе падабаецца мой нос?
      - I нос, i вочы, i спiна, i грудзi... Але я не магу дацягнуцца з-за гэтага крытыкана.
      Музычны крытык скiнуў з сябе жаночыя рукi i злез з канапы.
      - Вычварэнкi, мачалкi, лесбiянкi, iдыёткi... - мармытаў ён.
      - Пайшоў прэч! - надзiва цвяроза крыкнула Спявачка.
      Крытык запалiў святло i пачаў апранацца. Жанчыны селi на канапе. Спяваччына рука ляжала памiж сцёгнаў менеджэра.
      - Можа, i яго дарма выганяю? - пацiкавiлася Спявачка ў сваёй партнёркi.
      - Ты ўсё правiльна робiш, i я цябе люблю.
      Музычны крытык гучна ляснуў дзвярыма.
      Ён крочыў па пустых вулiцах i абдумваў зласлiвы артыкул пра Спявачку. Крытык меў музычную адукацыю i абсалютны слых. Таму ён быў перакананы, што мае права напiсаць пра слабы вакал. А ў падтэксце ён вырашыў адзначыць лесбiянскiя схiльнасцi так званай зоркi сучаснай сцэны. Крытыку давялося доўга грукаць у замкнёныя iнтэрнацкiя дзверы, якiя так i не адчынiлiся. Тады ён намерыўся залезцi ў свой пакой на пятым паверсе па балконах. Ён лез, як лазiў шмат разоў з балкона на балкон, i думаў пра артыкул.
      Калi б ён сарваўся i ўпаў на асфальт, дык апошнiя словы былi б такiя: "У Спявачкi слабы голас!"
      Бо менавiта так пачынаўся ягоны зласлiвы артыкул: у Спявачкi...
      XXXVIII. ЭКСКУРСАНТКА
      Гiд правёў групу ў двор Мiрскага замка. Экскурсанты вышнуравалiся паўколам. Гiд пачаў дундзiць завучаны тэкст пра каштоўнасць старажытнага помнiка дойлiдства. Нават iнтанацыйная амплiтуда i акцэнтацыi ў гiдавым дундзеннi былi завучаныя. Адна з экскурсантак адышла ад групы i праз незачыненыя дзверы апынулася ў велiзарнай залi. Экскурсантка азiрнулася, а потым хуценька пашыбавала праз усю залю да цёмнага прагалу ў сцяне.
      Замак стаяў на рэстаўрацыi, якая цягнулася больш за дзесяцiгоддзе, i па стану помнiка было вiдаць, што да заканчэння яшчэ далёка.
      Праз прагал Экскурсантка трапiла ў невялiкi пакой без вокнаў, з яго - у доўгi калiдор, на якi выходзiла шмат дзвярэй. Тут яна спынiлася, нiбыта выбiрала, у якi бок лепш пайсцi. Выбар спынiўся на сходах у самым канцы калiдора. Засыпаныя друзам сходы вывелi на другi паверх, у прасторную залю з растрыбушаным камiнам. Па залi гулялi скразнякi - Экскурсантка знiзала плячыма, яе пачала бiць дрыготка. Раптам яна схапiлася за жывот i скурчылася, нiбыта лялька, зламаная напалам. Трымаючыся сцяны, Экскурсантка прасунулася з камiннае залi ў невялiчкi светлы пакой, дзе спешкам зрабiла тое, што называюць малой i вялiкай патрэбамi. Замест гiгiенiчных сурвэтак яна скарыстала навюткую насоўку. Экскурсантка таропка ўсцягнула майткi i калготкi, аправiла спаднiцу, зiрнула на зробленае, уздыхнула з палёгкаю i пакiнула светлы пакой. З кожным крокам да Экскурсанткi вяртаўся яе заўсёды ўпэўнены i разам з тым крышачку меланхалiчны выгляд.
      Калi яна вярнулася да групы, гiд якраз скончыў дундзенне i нехта з прысутных наважыўся вымавiць нясцiплае пытанне:
      - А дзе прыбiральня?
      Гiд бадзёра паведамiў, што Мiрскi замак не адрапараваны i ў прыбiральню ўсе пойдуць на аўтастанцыi праз якiх паўгадзiны, бо экскурсiя працягваецца.
      - Няўжо нельга патрываць? - спыталася Экскурсантка адразу ва ўсёй групы i фанабэрыста ўскiнула галаву.
      XXXIX. ЧОРНАЯ ДАМА
      Вяселле было сцiплае, бо жанiх гуляў сваё вяселле другi раз. Ладзiлi банкет у цеснай двухпакаёўцы, што мясцiлася ў дзевяцiпавярховiку на ўскрайку горада. Мужчын за сталом назбiралася ледзь не ўдвая больш, чымся жанчын. Таму самаму маладому хлопцу з кампанii давялося пазавiхацца перад тым, як ён апынуўся на вулiцы з сястрою нявесты. Яна была значна старэйшая за хлопца, але яе прыгажосць проста ўражвала. Чорная сукня пасавала да вялiкiх персiянскiх вачэй. Прыгажосць была д'ябальская. I таму канкрэтна сказаць, хто каго выбiраў на банкеце, цi ён яе, цi яна яго, немагчыма. Сам для сябе хлопец назваў жанчыну Чорная дама i не памылiўся, бо здарылася неспадзяванае...
      Чорная дама прыняла запрашэнне "пакiнуць банкет" з радасцю, чым i здзiвiла хлопца. А калi ён пачаў цалаваць яе ў лiфце, дык адказала юрлiвай непасрэднасцю. На вулiцы хлопец сказаў, што ведае выдатнае месца, i павёў Чорную даму за сабою. Па дарозе ён расказаў паданне пра Барбару Радзiвiл, якую ў Нясвiжы называюць Чорная дама.
      Паданне пра Чорную даму, якое расказаў малады чалавек:
      Князёўна Барбара з Радзiвiлаў рана выйшла замуж, але рана i заўдавела, муж загiнуў на вайне. Маладая ўдава-князёўна засталася жыць у Вiльнi ў палацы нябожчыка-мужа. На той час у Вiльнi жыў княжыч Жыгiмонт, пляменнiк вялiкага князя. Ён убачыў Барбару i закахаўся. Разумная князёўна не была супраць таго, каб зрабiцца жонкаю будучага караля. Пачалiся патаемныя спатканнi.
      Пра такiя сустрэчы шмат напiсалi Бакачыо i Наварская.
      Аднойчы месячнай ноччу княжыч пералез праз высокую сцяну ў сад да сваёй любай i натрапiў на варту. Узняўся вэрхал. Усхапiлася чэлядзь...
      Княжыч Жыгiмонт змушаны быў ажанiцца з князёўнай Барбараю. Звянчалi iх патаемна ў касцёле. Неўзабаве Жыгiмонт стаў-такi каралём. Але сойм не хацеў прызнаць за каралеву Барбару Радзiвiл. Толькi Жыгiмонт усё ж дамогся свайго, i ягоная жонка стала каралеваю. Аднак Барбара заставалася бяздзетнаю, нашчадка не было, а праз год яна раптоўна памерла. Гаварылi, што, нiбыта, каралеву атруцiлi. Караля вельмi засмуцiла смерць любай. I жанiцца другi раз ён адмовiўся, бо моцна кахаў сваю Барбару. Прыдворныя запрасiлi чарнакнiжнiка з Англii, каб ён выклiкаў дух каралеўны, якi загадаў бы каралю ажанiцца. I вось аднойчы ўночы ў залю, дзе сядзеў Жыгiмонт з гасцямi, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кiнуўся да яе з крыкам: "Басенька, мая любая Басенька!" Ён схапiў яе за рукi, як стрэлiў Пярун, i Чорная дама знiкла.
      Пасля дух Барбары ў выглядзе Чорнай дамы з'явiўся ў Нясвiжскiм замку. Казалi i такое, што, калi ўзыдзе месяц, апоўначы ў замку з'яўляецца Чорная дама. Яна нiбыта спрыяе закаханым i заступаецца за бяздзетных жанчын. А на каго Чорная дама зiрне, таму выпадае шчасце.
      Выдатным месцам, куды хлопец прывёў сваю Чорную даму, быў ельнiк, што стаяў за кальцавой дарогай. Памiж ельнiкам i полем была нешырокая паласа, парослая высокай i мяккай травою. Так што можна было легчы i адчуць рамантычную вусцiшнасць. Напэўна, тое i адчувалi Чорная дама з маладым чалавекам пад месячным святлом. I раптам хлопец пачуў, што жанчына зусiм не ў жарт пракусiла яму нiжнюю губу. Але ён iмгненна забыўся на боль, бо быў заняты вызваленнем цяжкiх грудзей са станiкавага палону. Акрываўленымi вуснамi ён цалаваў шыю Чорнай дамы i адначасна спрабаваў сцягнуць калготкi з жаночых клубоў. Жанчына адказала рэзкiм супрацiўленнем i паведамiла, што ёй нельга... Малады чалавек пачаў гарачым шэптам угаворваць даму. Ён абяцаў, што не будзе глыбока заходзiць, што зробiць усё акуратна, а калi яна не згодная ў першую адтулiну, дык ён не супраць паспрабаваць i ў другую. Чорная дама пагадзiлася на варыянт з другой адтулiнай. Малады чалавек задаволiў сябе цалкам. А жанчына стомленым голасам сказала, што ёй не вельмi падабаецца генiтальны акт. Апраналася Чорная дама страшэнна павольна, i хлопец ужо збiраўся выказаць незадаволенасць, як здарылася неверагоднае...
      Чорная дама хiстанулася, i з вабнай намацальнай жанчыны ўтварылася клубчастая аблачынка, што атрутна патыхнула сераю. Аблачынка хутка ўзнялася ў зорнае неба i растала. Малады чалавек разгублена азiраўся, нiбыта шукаў сведку. Але здзiўленне i разгубленасць яшчэ павялiчылiся, бо ён убачыў, што стаiць пасярод пусткi, заваленай будаўнiчым смеццем, што святочная адзежа парваная i ў гразi.
      "Нельга столькi пiць, - падумаў хлопец, каб нейкiм чынам замацавацца ў рэальнасцi, i ўголас паўтарыў: - Нельга напiвацца на чужым вяселлi!"
      XL. ФРАНТАВIК
      Яны пiлi ўтрох. Сядзелi за гастраномам на пластыкавых скрынях i разлiвалi па шклянках моцны "Агдам". Хлопцы адзначалi вяртанне Франтавiка. Той адслужыў паўтара года ў Афганiстане i вось вярнуўся цэлы i вясёлы. Чым не свята?!
      - ...дваiх паклаў. Яны з нажамi, а я з пасам. - Франтавiк выхваляўся. I паклаў...
      Гаварыў ён падоўгу з гонарам i амбiтнасцю. Ягоныя сабутэльнiкi не служылi ў войску, бо адзiн хадзiў у студэнтах, а другi, як перакананы хiпi, памiж войскам i вар'ятняй выбраў вар'ятню. Таму Франтавiк лiчыў, што абавязаны выхваляцца.
      - I траiх магу пакласцi, - працягваў ён.
      - Канчай залiваць, - студэнт перапынiў афганскага героя.
      - Што ты там вякнуў, шчанюк? - Франтавiковы вочы заблiшчалi дурным агнём.
      - Не трэба, хлопцы, - вяла азваўся хiпi.
      - Вы ўдвох, а я адзiн! - Франтавiк устаў са скрынi i выцягнуў з нагавiцаў пас.
      - Я не буду, i вам не трэба, лепш выпiце вiна, - хiпi са шкадаваннем зiрнуў на студэнта.
      Той устаў. Франтавiк узняў складзены ўдвая i нацягнуты памiж чырвоных салдацкiх кулакоў скураны пас. Студэнт стаяў да яго бокам, таму Франтавiк не бачыў, як быў расцiснуты ў пальцах цыгарэтны недапалак.
      - Нападай! - закамандаваў Франтавiк.
      Хiпi глядзеў у шклянку з вiном.
      - Конiк! Чакай, зараз конiка злаўлю, - студэнт нахiлiўся да травы i ўзняў сцiснуты кулак.
      - Злавiў? - пацiкавiўся хiпi i папрасiў адпусцiць жамярыну.
      - Глянь, - студэнт падышоў да Франтавiка.
      Той апусцiў пас i ўтаропiўся на студэнтаў кулак. Пальцы расцiснулiся. Студэнт здзьмуў тытунёвую пацяруху ў здзiўленыя вочы. Падмануты схапiўся за твар. Студэнт без размаху, але дакладна нанёс удар пад дыхаўку. Франтавiк скурчыўся. Студэнт склаў рукi замком i абрынуў яго на Франтавiкову шыю. Той упаў на зямлю. Студэнт сеў конна на пабiтага i спытаўся:
      - Усё?
      Той застагнаў i паспрабаваў выкараскацца з-пад пераможцы, але не змог.
      - Здаюся, злазь...
      Студэнт з Франтавiком пачалi абтрасаць адзежу.
      - Трэба яшчэ выпiць, - прапанаваў хiпi.
      Яго паслалi па "Агдам".
      Франтавiк сеў на скрыню, запалiў цыгарэту i загаварыў:
      - Да войска за такi вось жарт я б нiколi не дараваў. А цяпер мне без рознiцы, прайграў цi выйграў. Звыкся не звяртаць увагi нi на што, нават на самога сябе. Абыякавасць - мой нармальны стан, нават калi запсiхую, дык толькi вонкава агрэсiўны, а ў душы ўсё роўна спакойны. Гэты спакой я адчуў у войску, калi даслужваў апошнiя паўгода. I сон гэтыя паўгода мне снiўся той самы. Спакойны сон. Нiбыта iду я ў краму, купляю бутэльку таннага мацаванага вiна i плаўлены сырок, заходжу ў пад'езд, сядаю на падлогу каля батарэi, п'ю з рыльца i закусваю сырком. I ўсё. I найвышэйшы кайф - зайсцi ў пад'езд i выпiць. Больш нiчога не трэба.
      Вярнуўся хiпi. Хлопцы разлiлi па шклянках вiно i чокнулiся.
      XLI. ЛIФТАВIК
      Жанчына зайшла ў лiфт i нацiснула кнопку з лiчбаю 6.
      "666 - знак д'ябла! Якое глупства, у нашае лiфтавае стагоддзе думаць пра д'ябла?" - разважала яна.
      Лiфт спынiўся. Жанчына павярнулася тварам да дзвярэй, але тыя не рассунулiся.
      "Засела... Лiфт зламаўся... Далiбог, - мiльганула ў жаночай свядомасцi. - Што рабiць?"
      - Чакаць! - пачула яна за спiнаю i ўкамянела.
      Схамянуўшыся, жанчына паспрабавала азiрнуцца, але дужыя прахалодныя рукi не дазволiлi.
      - Закрычу! - папярэдзiла яна.
      - Крычы! На крык збягуцца людзi, многа людзей... Яны ўзломяць дзверы. Ты плачучы пачнеш расказваць, што ў лiфце цябе спрабавалi згвалцiць. Але кабiна будзе пустая. I ўсе падумаюць, што ты ўцякла з вар'ятнi i трэба як мага хутчэй вярнуць лекарам iхнюю пацыентку. Цябе пачнуць супакойваць, але не са спачуваннем, а з апаслiвасцю, са страхам у душы. Суседка з 345 кватэры, гэты цэнтнер жывое вагi са злосным сабачкам на руках, выклiча брыгаду санiтараў. Ты паспрабуеш вырвацца, уцячы i зробiш яшчэ горш. Цябе прывяжуць да насiлак. Ты назмагаешся на сорак дзён палону ў вар'ятнi. Так што выбiрай: або ты зараз зробiш усё, што я загадаю, або трапiш у лякарню.
      - Гэ-э-эй! Хто там лiфт трымае?! - разляцелася па пад'ездзе.
      Жанчына пазнала нахабны голас суседкi з кватэры 345.
      - Пазнаеш голас? - пачула яна за спiнаю задаволены шэпт.
      - Пазнаю...
      - А зараз я далiчу да трох, i забрэша яе сабака. Раз... Два...
      - Не трэба.
      - Позна! Тры!
      Злосны брэх разляцеўся на ўвесь пад'езд.
      - Што Вам трэба? - вымавiла жанчына праз слёзы.
      - Крышачку пяшчоты...
      Прахалодныя дужыя рукi ўзляцелi па жаночых сцёгнах. Пераступаючы з нагi на нагу, жанчына зняла майткi. Яна падпарадкавалася ўпэўненым рукам, развяла ногi, нахiлiлася i ўбачыла, як мыскi яе пантофляў адрываюцца ад падлогi.
      Лiфтавая кабiна хiстанулася, заскрыгаталi тросы, рытмiчны грукат заскакаў па пад'ездзе.
      На першым паверсе каля сiнiх паштовых скрынак стаяла кабета з кватэры 345. У яе на руках сядзеў лупавокi сабачка. Побач, пры самых лiфтавых дзвярах, курыў мужчына з зямлiстым тварам. Ён трымаў за руку дзяўчынку-школьнiцу.
      - Зноў Лiфтавiк гуляе, - мужчына выкiнуў цыгарэту.
      - Пры дзецях мог бы i памаўчаць, - важна кiўнула кабета ў зямлiсты твар.
      Дзяўчынка-школьнiца запытальна паглядзела на мужчыну, той схаваў вочы.
      XLII. ПАЖАДНIК
      Юнак стаяў на тралейбусным прыпынку пад лiхтаром. У шырокаадкрытых вачах плыла смуга алкагольнай асалоды.
      З цемры да юнака наблiзiўся Пажаднiк у светлым плашчы.
      - Прабачце, малады чалавек, цi не пачастуеце Вы мяне цыгарэтай?
      Юнак са шкадаваннем дастаў пачак арабскiх цыгарэт "Клеапатра".
      - I запалкi, калi Вам не цяжка...
      Шчодры юнак затулiў далонямi агеньчык ад уяўнага ветру. Пажаднiк прыпалiў цыгарэту i пяшчотна правёў рукою па юнаковаму сцягну. Той адхiнуўся i натапырыўся.
      - Што Вы так палохаецеся? - Пажаднiк выпусцiў дым праз ноздры, - у мяне ёсць цiкавая прапанова. Пойдзем да мяне. У кватэры чакае жанчына. Гэта яна паслала мяне па цыгарэты. Ведаеце, так здараецца: ёсць жанчына, жаданне i няма цыгарэт. I даводзiцца iсцi на вулiцу i прасiць. Я ўпэўнены, што яна ўзрадуецца, калi я прыйду з Вамi. I калi Вы дасце згоду, гэтая ноч абяцае быць прыемнай...
      Халодны недавер блiснуў у асмужаных алкаголем вачах юнака.
      - А можа Вы яшчэ не ведаеце, што такое жанчына?
      - Ведаю, - паспешлiва адказаў юнак.
      - Тут зусiм побач...
      Пажаднiк i юнак зайшлi ў цемнаваты пад'езд старога будынка.
      - Другi паверх, - зусiм цiха ўдакладнiў Пажаднiк.
      На пляцоўцы памiж паверхамi ён злавiў у цемры юнакову руку. Той паспрабаваў вызвалiцца, але намаганнi былi марныя. Пажаднiк моцна трымаў яго.
      - Адну хвiлiначку... Вы, як бачу, зусiм не спрактыкаваны ў жаночым пытаннi. I таму ў мяне ёсць прапанова. Трэба хуценька зняць напружанне, iнакш Вы можаце патрапiць у малапрыемную сiтуацыю, калi развiтаецеся з патэнцыяй перад самым адказным момантам. Дазвольце Вам дапамагчы...
      Пажаднiкавы пальцы хутка расшпiлiлi гузiкi на юнаковых нагавiцах.
      - О, выдатна! Напятасць, як у струны. Даўно такога не бачыў. Выдатна...
      Пажаднiк укленчыў перад юнаком. Таму зрабiлася млосна, i ён заплюшчыў вочы.
      - А цяпер можна i да жанчыны пайсцi, - Пажаднiк выцер насоўкаю вусны.
      Юнак пачаў было запраўляць кашулю i ў гэты момант атрымаў моцны ўдар кастэтам у падбароддзе.
      Пажаднiк зашпiлiў светлы плашч, пераступiў праз непрытомнага юнака i выйшаў з пад'езда ў цёплую ноч.
      XLIII. ПАЖАРНIК
      Пажарнiк хроп на раскiрэку-тапчане. Поўня асвятляла сыты твар.
      Фуражка з неблiскучай кукардай ляжала побач з тэлефонным апаратам. Тэлефон раптоўна ўскiнуўся траскучым звонам.
      Пажарнiк ускочыў так, нiбыта яму ўсадзiлi з размаху шыла ў бок.
      - Пажарная! - пракашляўся ён у слухаўку.
      - Я вячэру сабрала. Можна прынесцi? - прапанаваў цёплы голас.
      - Нясi! Магла б i не тэлефанаваць...
      - А раптам ты на выездзе...
      - Кiнь, дурная. Яшчэ накаркаеш... Нясi хутчэй, а то кiшкi марш iграюць.
      На далёкiм канцы паклалi слухаўку.
      Пажарнiк надзеў фуражку, запалiў настольную лямпу i прамармытаў у пракураныя вусны:
      - Футы, нуты, чэрцi гнуты...
      Праз нiзенькiя дзверы ў пакой зайшоў Шафёр. На iм, як i на Пажарнiку, спраўна сядзела гiмнасцёрка i галiфэ. Толькi на цалкам лысай галаве не хапала фуражкi з кукардаю.
      - Лахудра есцi нясе? - Шафёр баднуў лысiнаю паветра.
      - Вядома, - меланхалiчна адказаў Пажарнiк.
      - Кажуць, яна раней да салдатаў поўзала.
      - А мне што з гэтага?
      - Каб вошы не прынесла, а то потым не адцярэбiмся, - Шафёр завалiўся на тапчан-раскiрэку.
      Пажарнiк выняў з галiфэ калоду картаў i шпурнуў у круг святла пад лямпаю:
      - Габлюй.
      - Каб толькi трасцы не прыцягнула.
      - Зубоў баяцца, у рот не даваць. Габлюй.
      Шафёр з Пажарнiкам згулялi ў "дурня" разоў з пяць, пакуль да iх не завiтала жанчына ў сiвым парыку. Проста на карты яна паставiла кайстру, з якой тырчала дзюба кiтайскага тэрмаса.
      - Казляты-рабяты, ваша мама прыйшла, малака прынясла, - праспявала жанчына з чорнай дзiркаю замест пярэдняга верхняга зуба.
      Пажарнiк пасунуў i згроб карты.
      Шафёр высветлiў, што ў тэрмасе замест гарбаты быў цукровы самагон.
      Пажарнiк кульнуў у сябе паўшклянкi i выхукнуў:
      - Гарыць.
      - Шэйсят градусаў, канешне, гарыць, - начная госця падаравала прысутным дзiравую ўсмешку.
      Пасля другой порцыi самагону Пажарнiк зняў фуражку, а пасля трэцяй расшпiлiў гiмнасцёрку i прапанаваў Шафёру пакiнуць памяшканне.
      Той не стаў спрачацца, а хуценька пайшоў за нiзенькiя дзверы.
      Пажарнiк з жанчынаю ў сiвым курчавым парыку добра-ткi ўладкавалiся на тапчане, калi пачулi такое:
      - Засунь ёй у дупу.
      Над голымi каханкамi ўзвышаўся Шафёр у гiмнасцёрцы, сваё галiфэ ён акуратна расклаў на стале.
      Пажарнiк з неахвотаю перапынiў распачаты занятак. Ён лёг на спiну i заклаў рукi за галаву. Жанчына села на яго i схiлiлася так, каб Шафёр змог зрабiць тое, што прапаноўваў Пажарнiку.
      Нацешыўшыся, Пажарнiк, Шафёр i жанчына селi дапiваць самагон.
      Кiтайскi тэрмас хутка апаражнiўся.
      Шчарбатая начная госця сышла.
      - Нутро гарыць, - паскардзiўся Пажарнiк.
      - Вадою патушы! - параiў Шафёр i бадануў паветра спатнелай лысiнаю.
      XLIV. ЦЕНЯВIК
      У букiнiстычнай краме я гартаў "Беларуска-нямецкi слоўнiк" i знайшоў спiсаны аркуш паперы.
      Вось што я прачытаў:
      "Яго заўсёды прынiжалi.
      Адразу, як мы сабралiся, каб стварыць клуб аматараў фантастыкi, i прычыкiльдаў ён, па нявымаўленай нiкiм дамоўленасцi з яго зрабiлi апошняга чалавека, яго адсунулi, адпiхнулi, заштурхнулi ў цень. Ён паспрабаваў супрацiўляцца i нават пасварыўся з клубным Старшынёю за свае фантастычныя абразкi, але супраць, на абарону Старшынi, паўсталi ўсе сябры клуба. Так атрымалася, што Ценевiку раз i назаўсёды адмовiлi ў публiкацыях. Нiхто не казаў, што я цябе нiколi не надрукую, усе казалi прасцей: ты - няздара, ты плагiятар, ты - гiдкi... Калi што i даручалася гэтаму нябогу, дык толькi самая няўдзячная праца: схадзiць на пошту, пасварыцца з электрыкам цi прыбiральшчыцаю... I нават малапрыемныя даручэннi давалi яму неахвотна. А калi на рахунку аматараў фантастыкi з'явiлiся сямiзначныя лiчбы, а на прэзентацыю нашага часопiса былi запрошаны мiнiстры культуры i фiнансаў, дык Старшыня напярэдаднi сказаў Ценевiку, што ягонае прозвiшча не значыцца сярод сяброў клуба. Казалi: Ценявiк заплакаў.
      Ён кульгаў i хадзiў з кавенькаю. Ценевiка можна было пазнаць здалёк: шырокi, з цяжкай галавою ў цыратавай кепцы, падобны да акiянiчнай пачвары, якую выкiнулi на бераг. I гэтае няўклюднае прыпаданне на карацейшую нагу... Толькi вось спачування Ценявiк не выклiкаў. Нават калi яму даручылi прадаваць састарэлыя газеты, i ён сядзеў каля метро з пачкам пажоўклай макулатуры, ва ўсёй каржакаватай постацi Ценевiка прамалёўваўся нязломны каркас. Ён абапiраўся на самшытавую кавеньку, на рукаяцi ў якой ашчэрвала пашчу львiная галава. Газеты нiхто не браў. У клубе ведалi, што так яно i будзе, але знарок паслалi Ценевiка гандляваць непатрэбшчынаю. Можна сказаць: запланаванае прынiжэнне. Але ён пагадзiўся. Ценявiк, пэўна ж, не прадаў нiводнага асобнiка, але здаў у бухгалтэрыю такую выручку, нiбыта распрадаў усё да апошняга нумара.
      Калi нехта з сяброў клуба аматараў фантастыкi скажа, што i думаць не думаў пра магчымасць такога жахлiвага здарэння, дык тое няпраўда. Усе ведалi, усе бачылi прынiжэнне, усе спрыялi здзекам...
      I тое, што Ценявiк у рэшце рэшт выйшаў з ценю ды самшытавай кавенькаю праламаў чэрап Старшынi, - натуральны вынiк з нашага да яго стаўлення. Ценявiк у нечым..."
      На гэтым запiсы абрывалiся.
      Чарнавiк тлумачальнае запiскi я забiраць не стаў. Я пакiнуў яго ў слоўнiку, якi вярнуў на палiцу букiнiстычнае крамы.
      XLV. ПАЭТ
      Паэт у 33 гады нарэшце выдаў за ўласныя грошы зборнiк вершаў.
      Ён перавёз з друкарнi дадому 20 пачкаў з танюткiмi брашуркамi i склаў iх пад ложак.
      З таўсценнай этнаграфiчнай энцыклапедыi Беларусi ён дастаў прыхаваныя 500 рублёў i разгубiўся, бо зразумеў, што ён адзiнокi чалавек, што сяброў няма, што жанчыны, з якiмi зрэдку i сустракаўся, зусiм не адпавядаюць урачыстаму моманту ягонага жыцця, што знаёмыя i суседзi проста не зразумеюць, з якой нагоды пасярод тыдня ладзiцца свята... Паэт лiхаманкава гартаў даведнiк, пакуль не спынiўся на прозвiшчы Журналiсткi. Тэлефанаваць не хацелася, але i заставацца аднаму не хацелася таксама.
      - У мяне свята. Выйшла з друку першая кнiга. I я...
      - Прабачце, але я вас не помню, - пачуў Паэт.
      Ён змоўк i намерыўся пакласцi слухаўку, але замест гэтага набраў поўныя грудзi паветра i працягваў:
      - Паэт выдаў кнiгу i мае права запрасiць жанчыну на свята...
      Праз хвiлiну яны дамовiлiся, дзе i калi ўбачацца.
      Паэт з Журналiсткаю сустрэлiся ў тэатральным скверыку.
      - Мяне прывяла сюды прафесiйная цiкаўнасць, - паведамiла яна замест прывiтання.
      Ён падаў жанчыне танюткую брашурку сваiх вершаў.
      - Вiншую, - Журналiстка зрабiла кнiксен.
      "Што нi раблю - адны памылкi спрэс", - Паэту згадаўся ўласны радок.
      - I як будзем святкаваць? - Журналiстка перахапiла iнiцыятыву.
      - Трэба ўзяць спiртное, - вяла прапанаваў аўтар кнiгi.
      У камiсiйнай крамцы яны ўзялi "NAPOLEON".
      Журналiстка затэлефанавала дамоў i папрасiла мужа, каб ён забраў сына з дзiцячага садка. А на пытанне, дзе пiць каньяк, прапанавала сесцi ў дваровай альтанцы, зрабiць па глытку i вырашыць, куды iсцi далей.
      Праз якiя паўгадзiны парожняя бутэлька паляцела ў хмызы за альтанкаю.
      "Ёсць дарога, няма ў той дарогi канца дый пачатку", - ап'янелы Паэт успомнiў другi радок.
      - Мне трэба ў прыбiральню, - Журналiстка паднялася.
      - Я правяду, - Паэт устаў.
      Яны ўзялiся за рукi i пайшлi праз хмызы да гаражоў.
      - Iдзi, а я пагляджу, каб нiхто не iшоў, - прапанаваў ён.
      - Можам разам пайсцi, - яна зазiрнула ў Паэтавы вочы.
      За гаражом Журналiстка спрытна ўскiнула спаднiцу i прысела на кукiшкi. Паэт стаў тварам да гаражнае сцяны. Узбуджанасць замiнала яму, i Журналiстцы давялося доўга чакаць Паэта. Яна ўжо зусiм не з прафесiйнай цiкаўнасцю назiрала за мужчынам, якi спраўляў патрэбу на аблезлую сцяну.
      Паэт зашпiлiў нагавiцы i прапанаваў пайсцi да яго дамоў. Журналiстка апусцiла вочы ў знак згоды. Яны селi ў тралейбус, дзе Паэт адчуў няёмкасць, бо ў нагавiцах меў больш плоцi, чым звычайна, калi ездзiў грамадскiм транспартам. Яму стала зусiм нiякавата, калi сутыкнуўся твар у твар са знаёмым Тэлеаператарам. I каб выйсцi з недарэчнай сiтуацыi, Паэт не прыдумаў нiчога лепшага, як запрасiць яго ў госцi. Тэлеаператар узяў дый пагадзiўся.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9