Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Каханы горад (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Юстапчик С. / Каханы горад (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Юстапчик С.
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Знаёмы дом, зялёны сад
      I той пагляд...
      V
      Валiк ляжаў нярухома на сваiм паходным ложку, уталопiўшыся ў вадзiн пункт перад сабою распаленымi вачыма. Гэтым пунктам выпадкам сталася маленькая, акуратненькая кругленькая дзiрачка ў палатне палаткi, прабiтая куляю. Празь яе вiдаць было чыстае, ужо цёмна-сiняе неба. Дзiрачку нядаўна зрабiў Юрка, як быў у Валiка ў палатцы i, п'яному, заманулася яму застрэлiць iз рэвальвэра муху, што сядзела была на тым месцы. "Куля прабiла маленькае вакенца ў неба", падумалася, прыгадаўшы гэта, Валiку. Але гэтая думка ня спынiла на сабе тымчасам ягонае ўвагi, склiзгануўшы й зьнiкшы, як i ўсе iншыя, ды варочаючы ўсё назад да таго аднаго - што за подласьць зрабiў яму Вiктар, i што наагул будзе сяньня, за гадзiну-другую, зараз во... Гэта мучыла й пякло, i кавалачак неба ня мог анi супакоiць, анi ўцiхамiрыць сваёй чыстаю сiняй. Можа замалы быў ён на гэта. I Валiк, хоць увесь час глядзеў на яго, не заўсёды й бачыў, апанаваны цяпер сваёй нявымоўнай пакутаю.
      ...А гэтая скацiна, Жарабцоў, iржэ й лезе з агiдным сваiм лапаньнем. Можа й праўда, такому - i на свой родны горад, як любяць яны казаць - "напляваць", i ўсёроўна, што "напляваць" - сыпаць у яго бомбы, сеючы пажары, руiны, сьмерць. Можа ў iх ува ўсiх i праўда няма Бацькаўшчыны, цi бо ёсьць, але толькi "сацыялiстычная", i зьнiкае тады, як воляю лёсу стаецца "абшарамi", хоць i "часова", але "акупаванымi ворагам". Ды што там - пэўна-ж, на Валiкавай Бацькаўшчыне ўсiм iм няма бацькаўшчыны, ня можа быць дый быць не павiнна.
      А Вiктар, Юрка? Вiктар - зусiм такi, як усе яны, мо яшчэ й больш, а ў подласьцi - дык пэўна. Юрка-ж iз школы знаны сваёй "нязвычайнай лёгкасьцяй у думках". Будзе сабе бястурботна раськiдваць направа й налева, абы куды, Галушка - галушкi... Не, ня сьмешна. Яму, Валiку, аднаму балiць гэта i за сябе, i за iх, i за...
      ...А песьня гэная - якi зьдзек, хоць-бы сабе й не Жарабцоў сьпяваў. Што за чортава, пякельная гiронiя:
      Каханы горад можа спаць спакойна
      I роiць сны, i зелянець сярод вясны...
      Хай-жа паспрабуе заснуць спакойна сяньня, хай паспрабуе сьнiць i зелянець, калi прылятуць адудзячыцца яму за ўсё родныя сыны, гадунцы, пястуны...
      Каханы горад сябру усьмiхнецца...
      Усьмiхнецца - вышчарбамi руiнаў, дымам пажараў...
      Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...
      А тады-ж, як праводзiлi iх у школу, у Веры, сьпявалi ўсе гэта за патэфонам, i не спасьцерагалася гэнага нiчога, i так хораша, слаўна ўсё было тады...
      I навошта, навошта было ляцець у гэтае "лятунства"? Нiколi-ж, нiколi не ляжала да яго душа, нi да вайны... Нат малым ня любiў гуляць "у вайну", "у салдаты"...
      Перш думаў - для яе, Веры. А тады, на праводзiнах, як апынiлiся нек зь ёй удваiх у садку ("зялёны сад"...), - сказала яму як-бы з дакорам: "А ты, Валiк, ты-ж чаго? Ты-ж мастак, i гэта-ж - не для цябе зусiм"... I насьмелiўся (пэўна, пачырванеў, ды цёмна было, ня вiдаць), i пачаў: "А ты-ж сама казала калiсь"... - "Бедненькi, дурненькi! I ты таксама ўзяў за праўду?" I палажыла яму руку на плячо. - "Ды дармо цяпер, запозна... Iдзi, Валiк... Трэба быць i такiм, трэба будзе й такiх"... I раптам - пацалавала моцна-моцна ў вусны... Аж цяпер, як успомнiць, узгараецца ўсё ад таго адзiнага, першага й апошняга - але, хiба й апошняга - пацалунку. А тады - ачмурэў зусiм, i як да прытомнасьцi зноў дайшоў - яна ўжо зьнiкла... Так праводзiла яго. Толькi яго аднаго, цi й тых таксама, кажнага мо паасобку? Загадка, заўсёды была й засталася загадкай яна, гэтая Вера...
      Валiк устаў з ложка, адамкнуў свой куфэрак i дастаў, руплiва загорнуты ў тонкую паперу, аркушок, выдзерты калiсь iз "сшытка на маляваньне", на якiм яна. Сам маляваў алоўкам на лекцыях, i выйшла - як улiтая ўся, нездарма-ж быў Валiк - першы ў клясе мастак, i мастаком лятуцеў стацца, пакуль тыя словы... Руплiва, рыска па рысцы, наносiў на паперу тады, хаваючыся ад iншых - i ад настаўнiкаў, i ад сяброў. А яна спасьцерагла нешта й прыслала пiсульку: "Я-ж можа не абраз, што ўсё так узiраешся ў мяне"... Бо й праўда - глядзеў, ўсё глядзеў... Папрасiў прабачэньня, падзiцячаму дакляраваў, што "болей ня будзе"... Дый усё, бадай што, было ўжо гатова, i цяпер - глядзiць на яго жывая!..
      ...I той пагляд...
      Пагляд шэрых вачэй, пiльны, пранiклы, i разам iз тым - жывы, зь iскрачкамi, агенчыкамi дзесь у глыбi. I пагляд - загадка... Пасярод галавы прадзел, ад яго iмкнуцца цёмна-русыя валасы ў дзьве даўгiя касы за плячыма. I вусны - тыя вусны... Раз - толькi раз - апалiлi яго, i тое - мо сьнiлася хiба... А як усьмiхнецца - агенчыкi ў вачох выб'юцца, выкрасяцца наўзьверх, i за вуснамi - буйныя, белыя зубы-пэрлы, i на шчоках - дзьве ямiнкi, тут... "I той пагляд", i той пагляд... Хай-бы сказаў цяпер, наўчыў, што рабiць, што рабiць? Не, маўчыць i пагляд, i пагляд - усё тая-ж загадка, той-жа сфiнкс, "Джыякондава загадка"...
      Валiк схаваў партрэт свайго рысунку за ўлоньне - мусiць быць сягоньня зь iм - кiнуўся нiцма на ложак, на яго... Што рабiць, што рабiць? Хацелася плакаць, наўзрыг, заходзiцца ад плачу... Ды сьлёзаў ня было, хоць, здаецца, так нядаўна яшчэ плакаў употай ад iншых... А цяпер - ужо сталасьць, i сьлёзаў няма, i далёка маленства адзадзя... А й сталасьцi тэй - таксама няма, каб стала разважыць, няма, як i дзiцячых сьлёзаў... Няма, нiчога няма, i ўсё, што будзе - адно нiчога...
      Ён перакiнуўся зноў наўзнак, i зноў трапiў зрок на кавалачак тае нябёснае сiнi - "вакенца ў неба".
      Сiнь сьцямнела яшчэ, i цёмна рабiлася ўжо навакол, а яшчэ цямней - у душы, у думках...
      Толькi адзiн Вiктар рыхтаваўся да "апэрацыi" стала, сыстэматычна й мэтадычна, як прапiсана ўсiмi статутамi й "слаўнымi" традыцыямi. Ён "глынуў" незамала й незашмат, у меру, не п'янюга-ж якi. Ён пачуваў усё нутраное здавальненьне ад таго, як "удружыў" Валiку... "Валiку прывiтаньне", - сказала яна, як бачылiся апошнi раз, на тым баку. Пэўна-ж, ён не перадаў i дасюль, бо так даткнула балюча... Але-ж, будзеш мець цяпер ад яго прывiтаньне... Ды не, не дапусьцiцца Валiк, каб як хоць блiзка што ўпала - Вiктар сказаў гэтак Юрку, i цяпер зусiм пэўны ў гэтым. I наагул, можа "здрэйфiць", баючыся, каб Веры не закрануць, можа падсадзiць сябе сам, а цяпер-жа - вайна, раз-два - i "выбыў iз строю"... Застанецца адзiн Юрка, а той - ужо пэўна, не цяпер, дык у чацьвер, за нешта ды зачэпiцца. Вось i сяньня з гэтай хустачкай каля яго - камiсар-жа бачыў, пры выпадку не забудзецца прыплюсаваць да iншых штукаў. Тады - тады некалi будзе перамога, i ён - Вiктар - што значыць: "пераможац"...
      Праўда, адно крыху пякло Вiктара часам. За колькi дзён перад вайной яго выклiкалi былi тэлеграмай дадому - цяжка зьлегла мацi. Там залавiла вайна, i такi нечаканы маланкавасьцяй сваёй гiтлераўскi наступ... Уцякаючы з гораду ад бомбаў, апынiўся ўсё-ж на нямецкiм баку. I там, на сяле, спаткаўся тады зь Верай, таксама "ўцякачкай". Першым рухам было - застацца цяпер пры ёй - балазе якраз адзiн... А Вера станоўка наважыла заставацца пад Немцамi. I прызналася навет раптам, што тады, як прыйшла вучыцца ў iхную школу - яны з маткаю прыехалi ў гэты горад, бо бацьку - расстралялi... Дык хiба ўцякаць ёй далей, з тымi забойцамi бацькi? Ды як Вiктар сказаў, што й ён застанецца мо тут запярэчыла катэгарычна: "Не, табе трэба туды, як баржджэй туды, тут табе няма й ня будзе чаго рабiць". Тады ня прызнаўся й ён, як нiкому не прызнаваўся (а ёй - ужо хацеў быў) - што й ягоны бацька - не "бязь вестак загiнуў", як казалася ўсiм, а таксама, тэй самай дарогай, што ў яе, толькi куды раней, на самым пачатку...
      I тады - пайшоў зараз-жа, ня турбуючыся больш аб матцы, цяжка хворай ды такiм часам... Разыйшлiся зь Верай ў розныя бакi - яна вярталася ў горад, i ён таксама вяртаўся - у авiяшколу, у Маскву. Ды зыйдуцца некалi зноў, вернуцца зноў адно да аднаго...
      I дабраўся-ткi да школы. I добра, што пайшоў, што дабраўся - праўда, тут, толькi тут ягонае месца, толькi адсюль прыйдзе змалку жаданая, чаканая слава...
      "Ардэнок - як прышпiлены", - успомнiлася, як сяньня шапнуў камiсар.
      Але ад тых усiх успамiнаў было ўсё-ж i неяк мулка. Бацьку свайго Вiктар памятаў мала, дый баяўся ўспамiнаць, баяўся, каб ня выплыла нек, каб не даведалiся, каб не... I часам бадай - ненавiдзеў. Ненавiдзеў за тое, што празь нешта, што бацька зрабiў цi не зрабiў, ён, Вiктар, мусiць цяпер усьцяж калацiцца ад страху быць выкрытым, злоўленым на "схаваньнi соцпаходжаньня", ды яшчэ - "ад контррэвалюцыйнага элемэнту"...
      Зрэшты, любiў Вiктар толькi сябе, i Веру - хiба. Не, ня любiў, а хацеў толькi для сябе... Падурному быў пэўны: дасца й гэта, як даецца дасюль усё, што хацеў. Гэта дарма, што цяпер яна - на тым баку, i што бацька, i што тады казала так...
      Перад стартам усмак "храпануў" гадзiнкi зь дзьве.
      VI
      "Каханы горад" пераняў сваiх нечаканых гасьцей яшчэ падарозе.
      Калi Валiк, злучаны таксама слухальнiкам iз радыёапаратам, незнарок прыслухаўся да тых хваляў, што лавiў, седзячы адзадзя за iм ягоны памагаты, слаўны хлопец, штурман-радысты Ахмет Шырахметаў, прыслухаўся баржджэй дзеля таго, каб адарвацца ад усё тых-жа думак, бязвынiковых шуканьняў выйсьця "што рабiць", якiя падмянялiся праваламi ў поўную пусьцiню, у нейкае "абсалютнае нiчога", - яму пачулiся раптам гукi, якiя сваёй знаёмасьцяй i роднасьцяй глыбака кранулi за сэрца. Ён даў Ахмету знак, i той пакiнуў сваё падарожжа па хвалях этэру, навёўшы злоўленае на большую чутнасьць. Цяпер гукi пачалi апранацца ў ваддаўна знаёмыя, квола-далiкатныя словы, якiя толькi знае простая, ды шчырая, народная нашая песьня:
      Мае босенькiя ножкi,
      Сьцюдзёна стаяць...
      Але-ж, яна, шырака знаная i на бацькаўшчыне, i далёка за ёй, засмучона-пяшчотная наша "Ў полi вярба". I яшчэ раз, рэфрэнам:
      Мае босенькiя ножкi,
      Сьцюдзёна стаяць...
      Валiк адразу занурыўся, патонуў увесь у даўно ўжо ня чутых, а блiзка-сваiх гуках, i можа нейкую часiну апарат iшоў сам, запраўды "насьлепа", занядбаны рукою й воляй пiлёта. Усё. Як шкада! Але вось - за няўхопным зь няпрывычкi голасам чужога дыктара ў малазразумелай мове - "гаворыць"... родны горад, каханы горад! I на тэй самай хвалi, як калiсьцi гаварыў! Сьпявае, гаворыць у тэй самай мове, якую, казалi там, у iх, забаранiлi тут зусiм, перасьледуюць... Казалi - пэўна-ж, хлусiлi, як i хлусяць усё, а хаценьнi такiя, хаценьнi забаранiць i сьцерцi зусiм - самi мелi заўсёды, ды цi мала чаго ўжо пасьцiралi...
      Мае босенькiя ножкi
      Сьцюдзёна стаяць...
      адбiлося водгульлем, паўтарылася яшчэ раз дзесь глыбака там, у душы. Так, значыцца, блiзка ўжо дзесь сам ён, каханы горад. Зараз, зараз ужо
      ...сябру усьмiхнецца
      Знаёмы дом, зялёны сад...
      I можа там, на Слабодцы, у тым "зялёным садзе", дзе й апошняе тое было, стаiць, залятуцеўшыся, без спадзяваньня навет якiх-колечы там трывогаў - Яна, i стыгнуць ейныя босенькiя ножкi ў прохаладзi вясьнянага вечару... Успомнiлася - бачыў раз нек - босая, несла вядро вады, i згледзеўшы яго здалёку, махала другой, вольнай рукой... Вера. I верыў заўсёды ў яе, а дзе вера цяпер? Вера "Вярба"...
      ...Дзiва - тады здавалася iм, бадай усiм, гэтая "Вярба" такой абрыджонай ужо, зацяганай, "зьбiтай" песьняй, што як завядзе хто незнарок - i падцягваць i слухаць навет нiхто не хацеў. Iнакшым зусiм выглядаў гэты "таварыш" "далёка ў сьвет таварыш адлятае"... А як апынуўся "далёка ў сьвеце", за сьветам, як пачуў iзноў пра вярбу й ваду - i адчулася зразу ўсё прадоньне мiж гэтай i гэным. Тут - простасьць i шчырасьць, якую няпраўда, не "зацягаць" i ня "зьбiць" нiкому й нiколi, бо прасякнуты ёю гукi, словы наскрозь. Там - пад вонкавай задушэўнасьцяй - адна хвальш, хлусьня, гiронiя, зьдзек - асаблiва цяпер, калi за мамэнт-другi разбудзяць сьмерцяносныя гукi каханы горад, не дадуць яму "спаць спакойна i роiць сны", хiба што - цi аднаго вечным сном супакояць...
      - Падрыхтавацца... - пакрыў усё, i думкi, у слухальнiках бразгатлiвы Вiктараў голас, аж здрыганула ад яго. Валiк глянуў унiз - там, далавах, добра бачны ў вiдной, зорнай, хоць i бязьмесячнай маладой начы памалу падплываў родны горад, нiколi ня бачаны з такое высакосьцi, а ўсёдна знаёмы, да болю знаёмы. Вунь, на ўзвышшы, гатыцкiя вежы былога касьцёлу, што заўсёды здалёку вiдаць, адкуль нi падыходзь, нi пад'яжджай. Валiк зьнiзiў яшчэ вышыню й лёгка знаходзiў прыдзеленую яму часьцiну. Толькi тут пачыналася ўжо й незнаёмае, нязнанае перш, калiсь - выразна тырчэлi ўгару голыя камiны й руiны ўжо на прадмесьцi. Як-бы выскалялiся, вытыкалi дакорам, дакорам i яму, што зараз павiнен памножыць iхны сьцяг магiльных касьцякоў-шкiлетаў.
      З правага боку дзесь блiснула, i зьнiзу данёсься выбух. Гэта пэўна сусед Вiктар пачаў. I збоку зыркае сьвятло - вiсiць у небе "сьвечка" - ракета, разьлiвым сваiм вiдном сягаючы аж дасюль. Валiк даў знак, i за часiнку асьвятлiла таксама пад iм усё павешаная Ахметам iхная "сьвечка". Ён зьнiзiў апарат яшчэ, пайшоў укруга, i... Божа мой! Пад "сьвечкай" мокрадзяй вячорнае расы блiшчэла так знаёмая iржавая бляха як пераламанае пасярэдзiне хрыбнiцы даху... Ягоны дом, ён, толькi ён! Усьцешаны - а чаго? - закрычэў Валiк у слухальнiк, Ахмету: "Пад "сьвечкай"... увагнуты дах... я жыў, i бацькi там жывуць пэўна й цяпер...". Так, i бацька здаволены можа цяпер - бацька, якi ў iхным цесным сямейным коле, як ня мог нiхто пачуць, цiраз выказваў сваё пажаданьне, "каб прыйшоў ужо на iх хоць якi "хай-гiтлер". А як-жа не хацелi старыя, каб ён у гэтыя "сакалы" ляцеў, як адгаворвалi, плакала мацi, i не разумелi нiяк, што сталася зь iм, чаму раптам такое... Не сказаў-жа iм, ня мог сказаць праўды, не паслухаў, ня здаўся на адгаворы, i вось цяпер...
      Выбух пачуўся, як нейкi трэск, але нешта ня зьнiзу, а дзесь як-бы збоку й вышэй... Яшчэ - перш зьнiзу, а тады - як над галавою. Што? Артылерыя? А казалi-ж - "абароны няма, пэўныя весткi"... I тут - як заўсёды - "казалi"... Дык што - трэба вышэй, цi нiжэй? I што далей?
      Усё гарэла яшчэ над бацькавым дахам "сьвечка". I Валiк ськiраваўся iмклiва прост на яе.
      - Начальнiк, што задумаў? Лепш як далей адсюль... - пачуў ён зараз-жа ў слухальнiках устрывожаны голас Ахмета. Што здалося яму? Не, нiколi, хiба вырадак якi Валiк... I нек супакойваючы, успомнiўся часта чуты й цiраз бясьсьведама ўжываны самым, асаблiва малым, такi "нацыянальны" праклён - "каб адсохла рука"... Але-ж, адсохла-б... Ды трэба-ж, трэба нешта рабiць! "Сьвечка" ўжо згасла, а ён яшчэ не пачаў "работы". Зьнiзу стралялi цяпер там i сям, праўда, яшчэ слабавата. "Аб'ектаў" у ягоным раёне таксама няма, Вiктар усе бадай сабе забраў - пэўна-ж, дзеля славы. Дык можна спусьцiць, дзе пападзя? Толькi трэба знайсьцi перш той "знаёмы дом", каб ня трапiць хаця...
      Ён узяў курс туды, дзе, здавалася яму, павiнна была-б быць Слабодка. Загарэлася новая "сьвечка"... Кiруючыся, мабыць, ужо на яе, дужэць пачала й стралянiна зьнiзу. Рабiлася крыху "цёпла", як казалi ў iх. Лятучы як мага памальней, пiльна ўзорыўшыся ўнiз, шукаў Валiк знаёмай, ах, як знаёмай калiсь вулiцы й дому. Толькi тут усё было зусiм, зусiм незнаёмым. То камiны, то нешта такое, чаго нiколi зусiм ня было. Хiба - зблудзiў? Нейдзе зусiм блiзка, глуха покнула "шклянка" - эге! А Слабодкi й дому - як ня было.
      - Начальнiк!
      - Чакай, Ахмет, чакай, зараз...
      Хiба пакiдаць куды ў руiны, каб нiкому шкоды ня было - будзе-ж гук, "дэманстрацыя" будзе, каменьня, друзу крыху разьнясе на бакi... Не, i ў руiнах-жа могуць жыць, цi адмыслова цяпер хавацца людзi... - Згасла й гэтая "сьвечка"...
      - Начальнiк! Паслухай, Ахмет скажа...
      - Зараз, Ахметка, - "сьвечку"!
      Божа! Iзноў над самым домам бацькоўскiм павiсла, iзноў зьвярнуўся, значыць, туды - iзноў, як знарок...
      I ён рынуўся прочкi адтуль, наганяючы ўжо хутчыню. Стралянiна часьцела, дужэла, збоку даляталi выбухi й зь зямлi, далей на поўнач, вiдаць было, занялiся пажары...
      Валiк кiдаўся па сваiм "раёне" туды й сюды, палiў "сьвечкi", усё шукаў i знаходзiў - каторы раз - толькi бацькаў дом, i ня мог у вадчаi адважыцца на што-небудзь. Толькi Ахмет не чакаў. Хай начальнiк паслухае: ён, Ахмет, ня выдасьць нiколi. Адляцецца куды за лясок, i ў балота "згрузiць" усё. Хто там пазнае - праверыць? А што - бiць бязьвiнных людзей, навошта, каму гэта трэба? Ахмет-жа - магiла, каб толькi начальнiк паслухаў Ахмета...
      Валiк вагаўся... Ахметаў разьвязак - генiяльны ў сваёй прасьцiнi, як ня прыйшло гэта ўдум яму самому - сама прасьцiня Ахметавымi вуснамi прамаўляе, але...
      - Канчай! - забражджэў нарэшце ў апараце Вiктар. Так, слаўны Ахмет, няхай будзе так! Той лясок - напэўна Папоў лес. Валiк памкнуў на яго, бадай "голячы". Вось прагалiна - паляна, балотца? Дык - сюды! Раз, i раз-по-раз усё. Блiснула, яшчэ, i страшэнны пякельны выбух - гук, i яшчэ, i яшчэ, i, здаецца, аж машыну шыбнула ўгару, цi, можа, палягчэўшы, узмыла сама вольнай птушкай. Так, будзь, што будзе! "Канчалi", Ахметка, "канчалi"!
      I аж радасна палягчэла ў самога ўсё, палягчэла й прасьвятлела. Праўда, чаму было так не здаўмецца адразу?
      Толькi, як адляцеўшыся ўжо, азiрнуўся назад - сэрца зайшлося. Чырвоначорная заслона вiсела над горадам, каханым горадам... Што-ж, толькi i ўцехi - ня ён... Бывай, родны горад, каханы, бывай, да лепшага мо спатканьня, твой верны сын ня ўзьняў сяньня на цябе рукi. Ня ўзьняў i ня ўзьнiме нiколi "каб адсохла"...
      ...Каханы горад сiняй смугай тае...
      Не, ня сiняй смугай - крывава-чырвоным адблескам пажараў, чорнай жудой адплывае адзадзя родны горад...
      VII
      Здавалася, усё так грунтоўна наперад абдумаў Юрка яшчэ ўдома, а вось тут, "на мясцовасьцi", нек ня йшло адразу. Не, "зьлiквiдаваць" перш-на-перш Гадэнку, як было надумана, - i зручнасьць пакуль не падкручваецца, i мо, наагул, нядобра. Лепш стварыць хоць уражаньне, што пачаў быў "работу", а пасьля - нешта выйшла, i загiнулi ўсе з машынай разам. Гэтак i на тым баку будуць спакойныя. Пэўна-ж, спакойныя, бо Вiктар-жа ня будзе клапацiцца па Юрку, а баржджэй "сьвечку паставiць", хоць сабе ў думках. Яшчэ й прыямней навет - справяць "памiнкi" як па "ахвяры"; а не - i "гэроi", "разьдзьмухаюць кадзiла", нахваляць, нашкадуюць хоць публiчна, дзеля прылiку, а ты тут сабе цалюсенькi i - каля Веры... Каб пасьля й даведалiся (але дзе там!), дык такое бяды: "вымушана", з парашутам - дый наагул, больш-жа зь iмi - "дзяцей ня хрысьцiць".
      Ага, вунь там - якраз пад нагамi - могiлкi, той "адзiны ваенны аб'ект", як жартаваў сяньня Юрка. Вось тут i пахрысьцiм, хоць сабе нябожчыкаў, пэўна-ж, ёсьць сярод iх i няхрышчаныя...
      "Сьвечка", спушчаная Гадэнкам на Юркаў загад, якраз добра асьвятлiла царкву сярод гайка. Да ўстановаў гэтага роду Юркава ўзгадаваньне прышчапiла яму звычайныя для гадунца савецкае школы i нялюбасьць i кплiвасьць. Дык вось-жа ён яе зараз! Пэўна, цяпер паднавiлi, падчысьцiлi, папы "разгарнулi сваю работу" пазапраўднаму, ня так, як на гэтым баку, на паказ - дый тое-ж як не падабалася i Юрку i iншым. Праўда, там, на другiм баку, давядзецца мо й прывыкаць цярпець, але гэта - хай будзе апошняя данiна ягонай "старой веры" бязьвер'я й бязбожжа. Раз, i - блiсь, гух! Яшчэ разок дзергануць - так яе! Цяпер - паверсе "пасалiць" запальнымi - дзервяная-ж, стане, як сьвечка! Вось "работа" й пачалася як слаўна!
      Пасьля трэску й гулу ўнiзе "сьвечка" згасла, i Юрка з апошняга кругу хацеў ужо "прагуляцца" па ўсiм раёне, як у выбухлым раптам зыркiм поламi, мусiць, ад "солi" ягоных запальных бомбаў - згледзеў крыж царквы зусiм збоку, анi не закранутым. Значыцца, улялёшыў гэтулькi матар'ялу i ў зусiм iншае нешта...
      Юрка ўськiпеў. Ён заўсёды разьюшваўся адразу ад найменшае няўдачы, а тут-жа - дагэтуль быў лепшым цалком у эскадрыльлi i - раптам табе! Дый наважанае, а пачатае пагатоў, Юрка звык даводзiць да канца. I ён павярнуўся назад, на той "пракудны крыжык". Першыя стрэлы супрацьпаветранай абароны, спаткаўшы яго тут, ня выдалiся яму нiякiм дзiвам. Юрка й забыўся зусiм, што "паводля пэўных вестак" нiякай абароны тут не павiнна было быць. Ён толькi адзначыў сабе, што крышку "пралыпалi", "праспалi", вiдаць не чакаючы сяньня гасьцей, - толькi цяперака бяруцца... Дык-жа - пiльнасьць, i акуратней, каб iзноў ня схiбiць!
      Бязь сьвечкi, бо пажар разгарэўся шырака - гнаў яго, мусiць, вецер, i цяпер усё было дужа добра вiдаць, як ясным днём - Юрка асьцярожна й спакойна выцаляваў у царкву яшчэ парачку выбуховых i запальных. Ну, цяпер напэўна ўзяло! Ды, як уляглося ўсё зноў, падлятаючы, каб пераканацца яшчэ, Юрка пабачыў усё тое-ж: у магутнейшым яшчэ водблiску поламя - крыж на царкве аж зiхацеў i мяняўся!
      Зрабiлася нек аж крышку нядобра. Няўжо запраўды - "нешта ёсьць" i ахоўвае сваю сьвятыню, цi дае нейкi знак, перасьцярогу... Дурнiна! Зараз дасца!
      Юрка зьнiзiў, як толькi льга было, вышыню i хуткасьць ды стараўся прымерыцца як спакойней яшчэ раз...
      - Дарма займаешся, таварыш начальнiк, гэтым крыжыкам, - пачуўся раптам у слухальнiках нейкi цi то падлiзьнiцкi, цi то кплiва-насьмешлiвы голас штурмана Гадэнкi, цяпер удвая прыкры й працiўны. Юрку аж здрыганула. "Чакай, будзе зараз i табе крыжык", - падумаў толькi ён, i ўголас рэзка кiнуў у мiкрафон: "Ня вучыць! Яйцы курыцу...". Тут-жа, праўда, мiльганула, што й "курыца" ад "яец" ня вельмi адыйшлася - Юрку звычайна адразу-ж накручвалiся думкi, як ён называў, "супраць сябе" - i, можа, гадзiч мае рацыю. Але-ж, трэба канчаць i з гэтым, i зь iм. Толькi яшчэ - апошнюю "порцыю"...
      Юрка ськiнуў, яе, не разглядаючыся больш i не чакаючы на вынiкi, ды ўзяў кiрунак адтуль. Скончыць iз Гадэнкам, асаблiва пасьля ягонае рэплiкi, здавалася яму цяпер асаблiва безадкладнай патрэбаю. Дый наагул, досыць гуляць, пара рабiць справу...
      Ён пачаў спушчаць рэштку бомбаў абы-як, "на маны", пiльна сочачы ў люстэрка перад сабою захоўваньне свайго штурмана. А той - якраз добра! прыгнуўшыся, сам сачыў кiрунак бомбаў i выбухi. Юркава рука ўжо моцна сьцiскала ў кiшэнi сьцюдзёную сталь рэвальвэру. Круткi паварот назад - i проста ў цемя, раз-по-раз... Раськiрэчыўся нiцма, як-бы адбiваючы земны паклон. Гатоў - гэта ня бомбай у крыжык...
      Зьнiзу, пад самым самалётам, якi ўсё яшчэ йшоў вельмi нiзка, кэрхнулi залпам гарматы. "Разьвiтальны салют па бясцэнным таварышу Гадэнку. Паў, не, раськiрэчыўся гэройскай сьмерцяй. Дадзём i мы ад сябе", удаючы ўрачысты тон савецкiх мiтынговых прамоўцаў, праказаў Юрка ўголас, хоць за гудам матору сам сябе й не рашчуў, ды ськiнуў рэштку бомбаў, што яшчэ засталiся. Але раптам зрабiлася зноў крыху нядобра, так, як там, над царквою... Як-бы з гэтым Гадэнкам адарвалася ў сярэдзiне нешта, ды адарвалася ня так, каб аблегчыць, як гэтыя во бомбы, лятучы далоў, а каб наадварот - прыцiснуць, прыгнесьцi да зямлi. Гадэнка - гад, а ўсё-ж - чалавек. "У постацi чалавека". Гэта - "постаць чалавека", гэтая - раськiрэчана-распластаная? Усё-ж - Юрка сяньня забiў чалавека. Ды цi аднаго ўжо забiў за сваю лятунскую службу, хоць-бы сабе мо й сягоньня? Але каб так проста - з рукi - у галаву...
      Юрка глядзеў на сваю ахвяру, i было нек i цяжка, i гадка, i вусьцiшна, i мо крыху навет - шкада... Самалёт хiстанула на бок, i Юрка кiнуўся да стырна. Але-ж, за гэтай дурной псыхалёгiяй гатоў i кiраваньне згубiць, i галавой налажыць сам. Ды яму лёгка ўдалося выправiць машыну, i ён пачаў зноў набiраць вышыню. Азiрнуўся яшчэ раз на Гадэнку. Ськiнуць хiба далоў? Не, хай ляцiць iз самалётам - сваёй дамавiнай. Ськiдацца пара самому. Парашут - у парадку. Курс самалёту - насьлепа, вышэй i - на захад, як далей ад "дому".
      Юрка зарыентаваўся ў мясцовасьцi. Ад свайго "раёну" ён адляцеўся ладна. На паўдня. Якраз добра - скочыць тут дзе ў лясок, i - блiжэй да Веры, баржджэй дойдзецца...
      Паветра рванула ў вадчынены люк. Пераймай, зямля, бывай, паветра! Юрка Галушка апошняй сяньня "галушкай" вытрасаецца на зямлю.
      Жывая ячшэ сэрцам матору машына зь няжывым пасажырам паляцела далей няведамаю дарогай да няведамага канца.
      VIII
      Прыземлiўся, як казалi ў iх, "на зэкс" - акурат пры дарозе, у мокрай ад ночнае расы прыдорожнай траве. Паабапал цёмнымi сьценкамi бег, прысядаючы, нягусты, здаецца, лясок. Дзе-ж бы гэта? Усёдна, пакуль не разьвiдняе - не зарыентуешся. Пераседзець тымчасам у ляску зь беражку.
      Вызвалiўшыся ад парашуту, Юрка адчуў як-бы вызваленьне ад усяго, што засталося там. Мiльганулi яшчэ ў памяцi Вiктар, Валiк, "Макрыца", раськiрэчаны сьмерцяй зь ягонай рукi Гадэнка, ды цяпер ужо не кранала нiчога, - хай прамiльгаюць i застаюцца там, не вяртаючыся нiколi навет i ў думках. Думкi цяпер - наперад, да Веры, да блiзкой сустрэчы. Як гэта будзе? Сказаць ёй адразу?
      Ды i ў гэтым кiрунку думкi штось ня йшлi, не хацелася й падганяць iх штучна, адчулася ў iх раптам нейкая ўтома, млявасьць. Дык няхай - будзе яшчэ час, а цяпер - адпачыць i ад думак, i ад усяго. Даволi было сягоньня "работы"...
      Прабiраючыся ўскрайкам лесу, спаткнуўся на пянчук. Тут i прысесьцi, побач, да дрэва можна й прыхiнуцца. Добра! Можна было-б i прымгнуць, задрымаць хоць крыху, ня шкодзiла-б дзеля адпачынку, дзеля сьвежасьцi...
      Але сон, як i думкi, ня йшоў. Няхай i так! Усё-ж было добра, i гэтае "добра" абапiралася можа на адным адчуваньнi: на зямлi, на "гэтым" баку, недалёка ад мэты. Так iз гэтым, цi на гэтым i праседзелася нейкi час, заўсёды ў такiх разох, бязь меры - нядоўга й некаротка, як у тых казках. Толькi крыха-па-крысе пачынаў прабiраць начавы халадок. Гэтыя ночы, хоць ужо й перад саменькiм летам, бываюць-ткi залкаватыя. I гэта-ж у лесе, а што, каб на полi? Падацца хiба крышку яшчэ больш у лес, павiнна быць зацiшней.
      Юрка ўстаў iз свайго пянчука i пачаў прабiрацца далей у лес, пасьвечваючы сабе прадбачлiва ўзятым iз сабой кiшэнным лiхтарыкам. Пад нагамi пачынала крыху мякчэць i макрэць - каб ня ўбiцца ў якое балота? Ён зьмянiў кiрунак, узяўшы крыху ўбок наўскаса, як здавалася, на сушэйшае. I раптам, узьняўшы нек галаву i глянуўшы перад сабою, прыстояў. Наперадзе, праўда, далекавата яшчэ адсюль, па вяршалiнах дрэваў гулялi нейкiя слабыя водблiскi. Хiба ад ягонага лiхтарыка? Згасiў, не - тое самае. Мусiць, вогнiшча нейдзе. Дык лепш ня рыпацца далей - мала на што й на каго можна яшчэ напароцца. Сьвежы-ж яшчэ тут зусiм чалавек, хто iх ведае, што тут у iх i як, якiя парадкi...
      Аднак, усё-ж брала цiкавасьць. Юрка стаяў, напружана ўслухваючыся i ўглядаючыся перад сабою. Пакрысе рашчулася - не, хiба-ж не здавалася - трэск поламя i - цi не галасы?... Эге, дык назад...
      Ды цiкавасьць брала ўсё-ж сваё - падцiкацца блiжэй, падгледзець хоць. "Можна, толькi асьцярожна", - часам любiў гаварыць сабе Юрка. I кiруючыся гэтым правiлам, ён памалу пачаў прадзiрацца далей, на тое трымценьне водблiскаў. Неўзабаве ня было ўжо няпэўнасьцi - вогнiшча й галасы, здаецца, дзiцячыя. Дзецi ўначы ў лесе? Начлег? Але-ж, здаецца, скрозь лес. Вось раптам адтуль проста на Юрку затупаў нехта, неяк медзьведзявата. Юрка застыг, прытулiўшыся да дрэва. Тупат спынiўся недалёка ад яго, i пачуўся трэск - нехта ламаў, мусiць, сухастоiнку на цяпло. Ламаў доўга, вiдаць, што нейкi малы. Юрка мусiў чакаць, не варушачыся. Вось павалок па зямлi, барануючы галiнамi. Юрка памалу пачаў пасоўвацца сьледам тых гукаў. Далей трэ было ўжо падыходзiць, хаваючыся за дрэвамi. I нарэшце-ткi вачом адкрылася, як i меркаваў: невялiчкая, мусiць балацяная, палянка сярод лесу, вогнiшча ды пры iм - чатыры хлапчукi. Адзiн, зусiм малы - мусiць той, што ламаў i валок сухастоiну, падкладае ў цяпло. Другi стаiць так, i двух яшчэ, расьцягнуўшыся на зямлi, узлокцiўшыся, тварамi да цяпла. Падыйсьцi хiба няма асаблiвае небясьпекi, i цiкава, дый зарыентавацца, пэўна, памогуць. Толькi - ськiнуць хiба гэты камбiнэзон, зраджвае-ж адразу? Але "кавалерчыкам" цi ня будзе больш падазрона? Дый прадрыжышся да раньня ад холаду, хiба, што каля вогнiшча... Ды што там малых баяцца? Баржджэй якраз iх напалохаць можна.
      I Юрка, не хаваючыся больш, запраставаў да вогнiшча. Тыя пачулi ўжо, начыпурылiся, павярнулi галовы ў ягоным кiрунку, углядаючыся ў цемру, але больш нiяк не зьмянiлi паставаў - нат два, што ляжалi, ня ўсталi зь зямлi. Сполаху, значыцца, ня выйшла.
      - Здаровы, мужчыны! - вясёла прывiтаўся Юрка, падыйшоўшы.
      - Здрастуйця, - адказаў за ўсiх малы, i ўсе прыглядалiся далей, больш зь цiкавасьцяй, чымся iз спалохам, або можа ўмелi ўжо схаваць яго.
      - Начлег? - спытаўся Юрка.
      Усе маўчалi. Толькi пачакаўшы, адзiн iз тых, што ляжалi, працягнуў цiха, нек няўпэўнена:
      - Начлег...
      - А самi адкуль будзеце? - бiтка пачаў допыт iзноў малы, адразу паставiўшы Юрку да шуканьня належнага адказу.
      - Што ты, Мечык, бязвокi? - кiнуў яму цiха той, што стаяў.
      - Да хлопцаў? - не ўтаймоваўся малы.
      - Да якiх хлопцаў?
      - Ды да Юзiк... - ён зацяўся i дадаў цiшэй, з асьцярогаю: - да парцiзантаў.
      "Вось табе й штука - нейдзе й гэтыя тут... Дрэнь, i не падумалася зусiм. Так блiзка ад гораду?" - занепакоiўся Юрка. Ды нельга было цягнуць з адказам.
      - Не, ня знаю нiякiх такiх.
      - А-а? - недаверлiва працягнуў малы. - А чаму-ж па-ра-шуцiсты? - вымавiў ён, расьцягваючы толькi першыя склады, не такое ўжо, вiдаць, нязвыклая слова.
      - А ты што... бачыў такiх?
      - Iга, колькi хочаце, - борзьдзенька адказаў, ня даўшы й разьзявiцца малому, другi зь зямлi, што маўчаў дагэтуль, - як пачне сыпаць - як гарохам...
      - Сам ты гарохам сыплеш, - стала абарваў яго малы, трапна характаразуючы пры гэтым спосаб гаворкi сябрука.
      - Ты ўжо вельмi, Мечык...
      - Ого, дык вы, бачу, пiсьменныя ўсе! - вясёла праказаў Юрка, пастанавiўшы падсесьцi да хлапчукоў, да цяпла. Побач зь iм зараз-жа ўсадавiўся й той пракiдкi малы.
      - Але ты, Мечык, - зьвярнуўся да яго Юрка, - хоць i ўсякiх бачыў, а такiх як я, - пэўна, што не...
      - Во... а чаму вы ведаеце, што я - Мечык? - уськiнуўся той адразу.
      - Цябе-ж, браце, па ўсiм сьвеце ведаюць, - адказаў за Юрку той, што ўсё яшчэ стаяў, i цяпер, поркаючы палкаю, папраўляў цяпло. Ды тут-жа й растлумачыў: - Дзядзя-ж чуў, як мы на цябе казалi.
      - А-а, - крыху рашчаравана працягнуў Мечык, але зараз-жа падсунуўся блiжэй да Юркi i навет лопнуўшы яго ўжо панiбрацка па калене ды хiтра-таямнiча падмiргнуўшы, паўшэптам пралапатаў: - А мы ведаем, дзе цяпер хлопцы...
      - Нэпатрэбныя мне зусiм вашыя хлопцы, Мечык, - адказаў Юрка.
      - I нам яны непатрэбныя, - зусiм, як стары, ажно нейкiм басам праказаў Мечык. - Нi яны, нi... хто...
      Гаворка спынiлася. Хлапчукi, вiдаць, думалi сабе нешта, гледзячы на вагонь, нешта такое, што няраз iм думалася й думаецца, ды ня выдумаецца нiчога.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4