Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Мориак Франсуа / Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) - Чтение (стр. 3)
Автор: Мориак Франсуа
Жанр:

 

 


      А начны Парыж жыў сваiм жыццём. Пераклiкалiся гудкамi аўтамабiлi, нiбы ў Аржалузе сабакi цi пеўнi светлай месячнай ноччу... Душна. Тэрэза запалiла лямпу i, абапёршыся локцем аб падушку, глядзела на гэтага нерухомага дваццацiсямiгадовага мужчыну. У сне ён скiнуў з сябе коўдру; дыханне амаль нячутнае; раскудлачаныя валасы спадалi на гладкiя скронi, на лоб, дзе нiводнай маршчынкi. Ён спаў, - гэты голы i безабаронны цяпер Адам, - глыбокiм, нiбы вечным сном. Тэрэза ўстала, накiнула на яго коўдру, знайшла пiсьмо, якое так i не скончыла чытаць, падышла блiжэй да лямпы:
      "...Калi б ён сказаў мне iсцi следам за iм - я кiнула б усё i пайшла... Мы спынiлiся перад самай апошняй ласкай. I не таму, што я супрацiўлялася: так захацеў ён. Правiльней будзе сказаць, што ён мне супрацiўляецца... А як бы мне хацелася спазнаць тое патаемнае, невядомае, бо, - як ён гаворыць, - адно толькi наблiжэнне гэтага дае больш, чым усе тыя ласкi i ўцехi, што мы мелi. Калi паслухаць Жана, то нам трэба заўсёды заставацца па гэты бок мяжы. Ён ганарыцца тым, што стрымлiвае сябе, i кажа, што калi мы хоць раз не спынiм, не ўтаймуем сябе, то, як i ўсе астатнiя, пакоцiмся ўнiз..."
      Пачынала свiтаць. Тэрэза адчынiла акно, парвала пiсьмы на дробныя шматкi i кiнула iх унiз, у гэтае каменнае прадонне, дзе цяпер панавалi цiшыня i спакой. Кавалачкi паперы, нiбы матылькi, ляталi ў паветры, падалi на суседнiя балконы, карнiзы... Маладая жанчына глыбока ўздыхнула i адчула водар нейкай травы. Адкуль жа гэты пах тут - сярод асфальтавай i каменнай пустынi?.. Нечакана Тэрэза ўявiла сваё пакалечанае цела там, унiзе, на вулiцы, а вакол - натоўп палiцэйскiх, прахожых... Не, Тэрэза, твая фантазiя занадта багатая, каб ты пайшла на такое... I сапраўды, яна яшчэ не хацела памiраць... Не нянавiсць, не прага помсты прывязвалi яе да жыцця, а пiльная справа: трэба, каб гэтая малая iдыётка з Сэн-Клера, што паверыла ў магчымасць шчасця, зразумела, як i калiсьцi сама Тэрэза, што шчасця няма, яно не iснуе... Калi ў iх няма нiчога агульнага, то няхай iх яднае хоць гэта: сум, нуда, туга, нiякай высокай мэты, задачы, абавязку, толькi нудныя буднi, адзiнота i безнадзейнасць!.. Золак асвяцiў стрэхi. Яна лягла ў пасцель. Бернар спаў, але ўсё роўна падсунуўся да яе...
      Прачнулася яна яснай, спакойнай. Навошта ёй далёка шукаць? Сям'я чакае ад яе дапамогi. I яна будзе дзейнiчаць так, як гэтага патрабуе сям'я, i не схiлiць з гэтай дарогi... Бернар усё паўтарае i паўтарае, што будзе бяда, калi Анна не выйдзе замуж за маладога Дэгiлема... Што ж, у гэтым я яго падтрымаю... Дэгiлемы iм, вядома, не раўня: дзед iх пастухом быў. Але затое ў iх самыя лепшыя хвоi ва ўсёй ваколiцы. А Анна не такая ўжо i багатая. Ад бацькi калi яна што i атрымае, то толькi вiнаграднiкi каля Лангона, якiя да таго ж раз у два-тры гады затапляе вада. Не, нi ў якiм разе нельга дапусцiць, каб Анна не пайшла на гэты шлюб з Дэгiлемам!
      Тэрэзу знудзiла ад паху шакаладу. Гэта пацвердзiла яе падазрэннi: яна цяжарная, нiякiх сумненняў. "Лепш, калi адразу, - кажа Бернар, - тады не трэба больш пра гэта думаць". I ён з павагай паглядзеў на жанчыну, якая носiць у сабе будучага адзiнага гаспадара хваёвых гаёў Аржалузы.
      V
      Сэн-Клер, хутка будзе Сэн-Клер!.. Адзiн за адным паўстаюць перад Тэрэзай адрэзкi яе няпростай жыццёвай дарогi... Цi ўдасца ўгаварыць Бернара вярнуцца i зноў прайсцi пехатой па гэтай крывой калдобiстай сцяжыне?.. Цi шмат будзе ад гэтага карысцi?.. "Нават, калi мы з iм дойдзем да таго апошняга ранку ў парыжскiм атэлi, мне застанецца яшчэ так многа адкрыць яму..." Зноў i зноў спрабуе яна адгадаць сваю ўласную загадку, зноў i зноў дапытвае яна гэтую маладую жанчыну, чыю разважлiвасць калiсьцi так хвалiлi...
      Першыя тыднi ў змрочным халодным доме Бернаравых бацькоў... Вокны, што выходзiлi на плошчу, заўсёды былi зачынены аканiцамi. Злева зелянеў садок, дзе квiтнелi геранi, петунii, гелiятропы. Там было яе месца штодзённых прагулак. Хадзiць далей было забаронена. Тады Тэрэзе яшчэ давяралi. Тады яе лiчылi супольнiцай. Тады яна была пасрэднiцай памiж Аннай i яе бацькамi... Яна казала свякрусе: "Ды саступiце вы ёй трохi! Не спяшайцеся з рашэннем! Няхай бы яна куды з'ездзiла ў падарожжа! Я яе ўгавару, i ўбачыце: яна згодзiцца. Я буду дзейнiчаць..." Але як? Бацькi здагадвалiся, што Анна хоча пазнаёмiцца з маладым Азеведа. "Вы нiчога не зробiце адкрытым нацiскам", - часта паўтарала Тэрэза свякрусе. А тая ўсё цешылася, што людзi, дзякуй Богу, яшчэ нiчога не ведаюць пра гэтую гiсторыю. Адзiным чалавекам, якi ведаў сакрэт, была служанка Мано: яна перахапiла некалькi пiсем Анны. "Але няма чаго баяцца гэтага дзяўчацi. Гэта - магiла. Ды i не ў яе iнтарэсах распускаць язык.
      - Трэба пастарацца, каб малая як найменш пакутавала ад усяго гэтага, умешваўся часам бацька. Ён вельмi любiў Анну i яшчэ не так даўно мог задаволiць самы недарэчны капрыз дачкi. Але цяпер i ён падтакваў жонцы: "Яечнi не спячэш, не пабiўшы яйка" або "Некалi яшчэ i "дзякуй" нам скажа, абы толькi не захварэла..." Бацькi змаўкалi i не зводзiлi вачэй са сваёй няўрымслiвай дачкi. Яна адмаўлялася есцi. Чэзла на вачах. Цэлымi днямi адзiнока блукала па залiтым сонцам садзе, таптала кветкi, не заўважаючы таго, i ўсё шукала i шукала, нiбы звер у клетцы, нейкага выйсця. Мадам дэ ля Траў цяжка ўздыхала: "Не магу ж я за яе пiць мясны сок. Яна наядаецца яблыкамi ў садзе, каб потым нават i не дакрануцца да стравы..." А бацька дадаваў: "Яна сама потым папракала б нас, калi б мы далi згоду на гэты шлюб з Азеведа... Зрэшты, каб не гэтыя няшчасныя хворыя дзецi, што пойдуць ад яго..." Жонка злавала на мужа, што ён шукае нейкiх апраўданняў iх рашэнню не аддаваць дачкi за Азеведа. "Дзякуй Богу, што Дэгiлемы яшчэ не вярнулiся. Гэта ж наша шчасце, што яны прыкмецiлi Анну i так цэняць яе!.." Калi Тэрэза выходзiла пасля абеду з гасцiнай, размова iшла сваiм ходам: "I як гэта магло здарыцца? - не маглi даўмецца бацькi. - Ну не ў манастыры ж ёй гэта ў вушы ўвялi! Тут, дома, яна бачыла толькi добрыя прыклады. Мы сачылi, якiя кнiгi яна чытае... Тэрэза кажа, што маладых дзяўчат збiваюць з толку любоўныя раманы, якiя ўсе чамусьцi лiчаць "сапраўднай лiтаратурай". Але што Тэрэза... Яна ж так любiць парадоксы... Добра, што дачушка не вельмi i цягнецца да кнiг. Здаецца, нiколi на гэты конт i заўваг мы ёй не рабiлi... Яна была б цудоўнай жонкай, увiшнай гаспадыняй. Гэта наша кроў... Каб толькi выбiць з яе глупства... А ты памятаеш, як памагла ёй пасля бранхiту паездка ў Салi? Давай паедзем, куды яна захоча, вось i ўсё. Трэба ж пашкадаваць бедную дзяўчынку". Месьё дэ ля Траў цяжка ўздыхнуў: "Мусiць, мала ёй будзе радасцi ад падарожжа з намi..." - "Нiчога! Нiчога!" паспяшаўся ён адказаць глухаватай жонцы, якая недачула i ўсё дапытвалася: "Што? Што ты сказаў?" Але цi не прыгадалася гэтаму старому чалавеку, якi ўтульна ўладкаваўся ў багатым жончыным доме, цi не прыгадалася яму падарожжа з любай жанчынай - благаславёная пара маладога кахання?..
      Тэрэза адшукала ў садзе Анну, на якой леташняя сукенка вiсела як на калку. "Ну што?" - спыталася Анна... Шэрыя ад пылу прысады, сухая трава пад нагамi, пах спаленай сонцам геранi i... гэтая юная дзяўчына... У той гарачы жнiвеньскi поўдзень яна здалася Тэрэзе яшчэ больш змарнелай i чэзлай, чым гэтыя кволыя, абпаленыя бязлiтасным сонцам кветкi. У Тэрэзы балюча сцiснулася сэрца...
      У навальнiцу пад моцныя стрэлы перуна яны хавалiся ў цяплiцы; град барабанiў па шкле.
      - Ну чаму табе не паехаць? Ты ж усё роўна не бачышся з iм.
      - Няхай сабе i не бачуся. Затое ведаю, што ён блiзка i дыхае са мной адным паветрам. А калi дзьме ўсходнi вецер, мы разам слухаем, як звоняць царкоўныя званы. Няўжо табе ўсё роўна, дзе Бернар - у Парыжы цi Аржалузе? У нядзелю, у час службы ў царкве, я нават не спрабую павярнуць галаву, каб пашукаць яго вачыма, - з нашых месцаў вiдаць толькi алтар, а тоўстая калона адгароджвае нас ад усiх. Але пасля службы, пры выхадзе...
      - У тую нядзелю яго не было?
      Тэрэза сама гэта ведала, бо бачыла, як Анна дарэмна шукала ў натоўпе любы твар: Жана не было.
      - Можа, ён захварэў? Яго пiсьмы перахоплiваюць, i я нiчога не ведаю.
      - I ўсё ж неяк дзiўна, што ён не можа што-небудзь прыдумаць, каб перадаць табе запiску.
      - Тэрэза... Калi б ты захацела... Але ж не... я ведаю, што ты i сама ў такiм далiкатным становiшчы...
      - Згаджайся ты на гэтае падарожжа. А калi цябе не будзе, я паспрабую...
      - Але ж я не магу паехаць далёка ад яго...
      - Дарагая, ён жа ўсё роўна хутка паедзе адсюль. Праз некалькi тыдняў яго ўжо не будзе ў Аржалузе.
      - Ах, не гавары ты мне такое... Гэта балюча... I нiводнай вестачкi. Не магу я так жыць. I так ужо ледзь дыхаю. Каб не памерцi, я мушу ўвесь час успамiнаць яго словы, якiя напаўнялi мяне радасцю. Але я столькi паўтарала iх сабе, што ўжо i не ўпэўнена, цi гаварыў ён iх. Вось, паслухай, што ён мне сказаў на апошнiм спатканнi: "У маiм жыццi няма нiкога, акрамя вас..." Праўда, ён так i сказаў, а гэта азначае: "Вы - самае дарагое ў маiм жыццi..."
      Тэрэза прыплюшчыла вочы i змоўкла, нiбы ўслухоўваючыся ў рэха гэтых суцяшальных, выратавальных слоў...
      - А якi ён з выгляду, гэты Жан?
      - Ды ты i ўявiць сабе не можаш.
      - Няўжо ён зусiм непадобны да iншых?..
      - Мне хочацца апiсаць табе яго. Але не магу знайсцi слоў... Урэшце, табе ён можа здацца самым звычайным... Але я ведаю, што гэта не так.
      Яна ўжо i сама не магла сказаць, чым iменна адрознiваецца Жан ад астатнiх... Увесь яго вобраз быў залiты асляпляльным святлом кахання. "А мяне, - думала пра сябе Тэрэза, - агонь кахання зрабiў бы яшчэ пiльнейшай, i нiчога не схавалася б ад мяне ў тым чалавеку, якога б я пакахала.
      - Тэрэза, а калi я згаджуся паехаць, ты сустрэнешся з iм? Ты перадасi мне яго словы? Будзеш перасылаць яму мае пiсьмы? Калi я паеду, калi толькi хопiць адвагi...
      Тэрэза адыходзiла, пакiдала гэтае царства святла i спёкi. Нiбы цёмная аса, улятала яна ў залу, дзе сядзелi старыя, чакаючы, пакуль спадзе гарачыня, а дачка нарэшце саступiць... Многа спатрэбiлася гэтых пасрэднiцкiх перагавораў, каб угаварыць Анну на паездку з бацькамi. I хутчэй за ўсё Тэрэзе гэта так i не ўдалося б, калi б не вестка пра хуткае вяртанне Дэгiлемаў. Анна аж задрыжала перад гэтай новай небяспекай. Тэрэза супакойвала яе, што малады Дэгiлем не толькi багаты жанiх, але, бадай, не такi ўжо i "страшны".
      - Ну што ты, Тэрэза! Я ў яго бок глядзець не магу. Ён жа слепаваты, лысы, стары.
      - Яму дваццаць дзевяць гадоў.
      - Ну я ж i кажу - стары. Ды ўрэшце, якая рознiца: стары цi не стары...
      I вось нарэшце на вячэры бацькi загаварылi пра Б'ярыц, захвалявалiся, у якiм атэлi лепш будзе спынiцца. Тэрэза сачыла за Аннай, - нерухомае, анямелае цела без душы... "Ну хоць прымусь сябе, калi ласка! З'еш што-небудзь! Ну можна ж сябе прымусiць..." - не адставала мадам дэ ля Траў ад дачкi. Нiбы робат, Анна падносiла лыжку да рота. У вачах знямога i адчай: нiкога i нiчога для яе цяпер не iснавала, акрамя дарагога, каханага... Часам твар дзяўчыны асвятляўся летуценнай усмешкай: гэта зноў яе бралi ў палон трапяткiя ўспамiны пра словы каханага, яго пяшчоты i ласкi, калi аднойчы ў будане моцная рука Жана незнарок крыху падрала ёй сукенку ў тым месцы, дзе палалi маладыя пругкiя грудзi...
      Тэрэза глянула на Бернара. Той схiлiўся над талеркай. Ён сядзеў спiной да святла, i рысаў твару яго нельга было разгледзець. Затое добра чутно, як старанна жуе, перажоўвае i чмякае гэты чалавек, для якога абед заўсёды быў свяшчэннадзействам. Яна ўстала з-за стала. Свякроў цiха сказала: "Тэрэзе непрыемна, калi заўважаюць яе недамаганнi... Я хацела ёй памагчы, але ж яна так не любiць, калi пра яе клапоцiшся. Гэтыя прыступы... А што зробiш... Без iх не бывае... Але адно скажу: залiшне яна цяпер палiць. А потым пайшлi ўспамiны пра ўласную цяжарнасць: "Вось помню, калi я чакала Бернара, мне абавязкова трэба было нюхаць гумавы мячык... толькi гэта i памагала".
      - Тэрэза, дзе ты?
      - Тут, на лаўцы.
      - А, бачу тваю цыгарэту.
      Анна садзiцца побач, прыцiскаецца галавой да нерухомага пляча сяброўкi, глядзiць на начное неба i кажа: "Ён таксама бачыць гэтыя зоркi..." А потым:
      - Пацалуй мяне, Тэрэза!
      Аднак Тэрэза i не думае нахiляцца да гэтага даверлiвага тварыку, а толькi пытаецца:
      - Табе цяжка?
      - Не, сёння ўжо лягчэй. Я зразумела, што б там нi было, мы ўсё роўна будзем разам. I цяпер я супакоiлася. Галоўнае - каб ён ведаў гэта. I я хачу, каб ты перадала яму мае словы. Я згадзiлася ехаць. Але, калi вярнуся, я пайду напралом. Нiхто мяне не ўтрымае. Рана цi позна я назаўсёды прытулюся да яго сэрца. У гэтым я ўпэўнена, як i ў тым, што я жыву. Толькi ты, Тэрэза, хоць ты не чытай мне маралi i не гавары пра гонар сям'i...
      - Ды не пра сям'ю я думаю, дарагая, а пра яго i цябе. Хiба так можна ўрывацца ў жыццё мужчыны: у яго, дарэчы, свая сям'я, свае iнтарэсы, свая работа, а можа, нават i сувязь з жанчынай...
      - Не, ён сам мне сказаў: "У маiм жыццi толькi вы адна..." i яшчэ: "Наша каханне - гэта адзiнае, чым я даражу ў гэтую хвiлiну".
      - У гэтую хвiлiну?!
      - Ты што, падумала, што ён меў на ўвазе толькi адну тую хвiлiну?
      Больш пытацца ў Анны, цi пакутуе яна, патрэбы не было: у цемры Тэрэза ўгадвала па голасе, адчувала ўсёй сваёй iстотай, як трывожна i балюча б'ецца дзявочае сэрца. Але яна не шкадавала Анны. А нашто яе шкадаваць? Як жа гэта павiнна быць прыемна i соладка - паўтараць iмя чалавека, з якiм ты звязана сэрцам, каханнем! Адна думка, што ён жыве, дыхае, засынае, прачынаецца на досвiтку, i яго маладое цела iмкнецца праз ранiшнi туман...
      - Ты плачаш, Тэрэза? Гэта таму, што я... Тэрэза, ты моцна мяне любiш, скажы?
      Анна апускаецца на каленi, прыцiскаецца галавой да яе жывата i раптам ускоквае на ногi.
      - Слухай, там у цябе нешта варушыцца...
      - Ужо некалькi дзён, як ён пачаў рухацца...
      - Маленькi?
      - Ага.
      Абняўшыся, як некалi на дарозе ў Аржалузу, яны вярнулiся ў дом. Тэрэза помнiць, як прыкра i жудасна ёй было адчуваць у сабе гэты жывы цяжар. Колькi агiдных iмкненняў магло зведаць гэтае яшчэ бясформеннае стварэнне там, у глыбокiх тайнiках яе цела! Зноў перад вачыма той вечар: яна сядзiць у пакоi перад адчыненым акном. Бернар недзе ў садзе. Чуваць яго словы: "Не запальвай святла, бо наляцяць камары!" Яна падлiчвала, колькi месяцаў засталося да нараджэння дзiцяцi. О! Як жа ёй хацелася верыць у Бога! Тады яна магла б прасiць i малiць яго, каб гэтая невядомая iстота, што ўжо трапечацца ў ёй, нiколi так i не ўбачыла свету...
      VI
      Анна з бацькамi паехала ў падарожжа. Надышлi днi поўнай адзiноты. Дзiўна, але гэтую пару Тэрэза прыгадвае цьмяна. У Аржалузе, дзе, як было дамоўлена, ёй трэба было пабачыцца з гэтым Азеведа i прымусiць яго сысцi з дарогi Анны, яна толькi i думала што пра адпачынак, спакой, сон. Бернар згадзiўся пажыць не ў сваiх бацькоў, а ў Тэрэзы. Тут было больш утульна, дый усе гаспадарчыя турботы можна было перакiнуць на цётку Клару. Тэрэза не заўважала людзей, жыла сама па сабе: а што ёй да iншых? Хай жывуць, як могуць! Адзiным яе клопатам было бясконцае чаканне, калi ж нарэшце прыйдзе час родаў... Бернар ёй абрыдзеў са сваiмi штодзённымi напамiнамi пра сустрэчу з Жанам Азеведа. Тэрэза груба яго абрывала. I ўвогуле, ёй усё цяжэй i цяжэй было выносiць гэтага чалавека. Можа, прычынай яе такога настрою была цяжарнасць? Бернар, ва ўсякiм разе, так i думаў. Прыкладна ў гэты час у Бернара з'явiлiся першыя сiмптомы падазронасцi, якiя характэрныя людзям яго складу, хоць i выяўляюцца да трыццацiгадовага ўзросту рэдка. Усё часцей i часцей яго ахоплiвала пачуццё страху, якое так не пасавала гэтаму дужаму, моцна скроенаму мужчыне. Але як яму можна было пярэчыць, калi ён усхвалявана прызнаваўся: "Вы ведаеце, што я адчуваю..." Гэтыя нашчадкi сытых, бяздзейных, гультаяватых пакаленняў - толькi з выгляду асiлкi. Яны - нiбы тая хвоя, што пасадзiлi ў добра ўгноеную зямлю: расце хутка, але ж хутка гнiе i яе стрыжань. I даводзiцца дрэва спiлоўваць, а яму яшчэ б расцi ды расцi...
      "Гэта - ад нерваў", - супакойвалi Бернара. Аднак сам ён ужо не сумняваўся: яго здароўе i ўсё яго жыццё дало расколiну. Гэта ж неверагодна: ён страцiў апетыт i яму зусiм не хочацца есцi. "Чаму табе не схадзiць да доктара?" Бернар пацiскаў плячыма, робячы выгляд, што зусiм не клапоцiцца пра сябе. На самай жа справе невядомасць здавалася яму не такой страшнай, як прыгавор урача: а раптам гэта будзе смяротны прыгавор. Па начах ён палохаў Тэрэзу: то ўскокваў з пасцелi, то неяк страшна хрыпеў. Ён браў яе руку i прыкладваў да свайго сэрца, каб яна паслухала, як няроўна яно б'ецца. Яна запальвала свечку, уставала i прыносiла яму валяр'янкi. "А што, калi б гэта было не лякарства, а... - думае Тэрэза. - Толькi ў небыццi - сапраўдны спакой, моцны i салодкi сон. Чаму ж тады гэты ныцiк так баiцца таго, што супакоiла б яго назаўсёды..."
      Ён засынаў першы. I побач з гэтым вялiкiм целам мужчыны, якi сваiм храпам i сапеннем даводзiў яе да гарачкi, доўга яшчэ не магла заснуць Тэрэза. Слава Богу, больш ён яе не чапаў. Гэта цяпер Бернар лiчыў самай небяспечнай нагрузкай для свайго сэрца. Ужо прачыналiся i будзiлi ваколiцы пеўнi, ужо вецер даносiў гукi царкоўных званоў - тады толькi пачынала драмаць Тэрэза. А Бернар уставаў. Хуценька адзяваўся, на скорую руку, па-сялянску, спалоскваў халоднай вадой твар i бег на кухню. Там, нiбы сабака, хапаў кавалак курыцы, скрылiк халоднага мяса, лусту хлеба з часнаком, гронку вiнаграду... Вось i ўся яда на цэлы дзень! Бернар кармiў сабак. Тыя спрытна на ляту лавiлi кавалкi i моцна ляскалi скiвiцамi. Туманная ранiца дыхала восенню. У такую пару Бернар зноў адчуваў сябе здаровым, да яго нiбы вярталася маладосць. Падыходзiў час палявання на вехiроў. Трэба было рабiць прынаду: лавiць птушак, выколваць iм вочы i дрэсiраваць. Спраў хапала... У адзiнаццаць гадзiн ён заходзiў да Тэрэзы. Яна яшчэ была ў пасцелi.
      - Ну як? Можа, такi падыдзеш да Жана? Мама ж непакоiцца, чакае ад цябе вестак...
      - А як тваё сэрца?
      - Ды не пытайся ты ў мяне пра гэтае сэрца! Як толькi напомнiш, яно адразу пачынае балець. Мусiць, гэта ўсё ж такi ад нерваў. Як ты лiчыш?
      Але жонка заўсёды адказвала не так, як яму хацелася:
      - А хто яго ведае... Тут толькi ты сам можаш здагадвацца. Хоць твой бацька i памёр ад грудной жабы, гэта яшчэ не значыць, што i табе трэба баяцца... Тым больш у твае гады... Урэшце, у тваiм родзе наўрад цi хто меў здаровае сэрца... Ну, якi ж ты смешны, Бернар! Чаму ты так баiшся смерцi? Няўжо ты думаеш, што свет без цябе не абыдзецца? Я дык упэўнена: абыдзецца i без цябе i без мяне... А цi не здаецца табе часам, Бернар, што ўсё жыццё такiх людзей, як мы, вельмi падобнае на замаруджаную агонiю?..
      Ён пацiскаў плячыма: замучыць яна сваiмi парадоксамi! Не такая ўжо i хiтрая справа - быць разумнiцай: бяры ды гавары тое, што iдзе насуперак здароваму сэнсу. Толькi дарэмна са мною марнуе яна сваё красамоўства! Лепш паберагла б яго для Жана Азеведа.
      - Ну, калi ж ты нарэшце перагаворыш з iм? Ён жа хутка паедзе...
      Цягнiк iмклiва ўразаўся ў начную цемру. Ужо Вiляндро. Наступная станцыя Сэн-Клер...
      "Як жа пераканаць Бернара, што я нiколi не кахала яго?.. Якi самаўпэўнены тып... Ён жа i ў думках гэтага не дапускае... Як i ўсе, хто не ведае, што такое сапраўднае каханне, гэты чалавек лiчыць, што я ад рэўнасцi пайшла на злачынства". Трэба яму растлумачыць, што ў той час ён яшчэ не быў ёй ненавiсны, хоць трываць яго было ўжо цяжка. Але ёй i ў галаву не прыходзiла шукаць уцехi з другiм мужчынай. Урэшце Бернар быў не такi ўжо i дрэнны... Яна цярпець не магла раманаў, дзе паказвалiся выключныя, незвычайныя людзi, якiх нiколi не спаткаеш у жыццi.
      Адзiным, каго яна калiсьцi лiчыла цiкавай асобай, быў яе бацька. Яна стварала арэол велiчы вакол гэтага ўпартага радыкала i заядлага скептыка, якi з нязменным поспехам мог давесцi да ладу любую справу: землеўладальнiк, прамысловец (акрамя лесапiлкi ў Б., ён меў завод у Сэн-Клеры, дзе пераганялi смалу). А якi палiтык! Праўда, тут яму трохi замiнала рэзкасць, але ягонае слова ў прэфектуры мела вялiкую вагу.
      А якая пагарда да жанчын! Нават да Тэрэзы! Пасля гэтай драмы ў сям'i ён тое i рабiў, што паўтараў адвакату: "Усе бабы - калi не iдыёткi, то iстэрычкi!" У гэтым антыклерыкале i скептыку часам прабiвалася нейкая цнатлiвая сарамлiвасць. Бывала, ён мог памурлыкаць сабе пад нос любоўныя песенькi Беранжэ, але нiколi не дазваляў, каб пры iм гаварылi на некаторыя далiкатныя тэмы. Сталы чалавек чырванеў ад гэтага, нiбы падлетак. Бернар, паўтараючы словы свайго айчыма, гаварыў пра яго: "Да шлюбу месьё Лярок не ведаў жанчын. А з таго часу, як стаў удаўцом, так i не завёў сабе палюбоўнiцы. Пра гэта ж усе ведаюць... Так што цiкавы тып твой бацька". I так яно i было. I калi здалёк бацька бачыўся Тэрэзе крыху прыхарошаным, то, разглядаючы яго зблiзку, можна было заўважыць, якi нiзкi гэты чалавек. Ён рэдка бываў у Сэн-Клеры, бо не любiў сустракацца з Бернаравай сям'ёй, але, калi Тэрэза перабралася ў Аржалузу, пачаў прыязджаць часцей. Хаця пра палiтыку гаварыць было забаронена, тым не менш у час абеду разгаралiся страшэнныя, бясконцыя, дурныя спрэчкi, якiя заўсёды канчалiся сваркай. Тэрэза не ўмешвалася ў такiя размовы i нават ганарылася гэтым. Праўда, калi гаворка заходзiла пра рэлiгiю, яна часам заступалася за бацьку. Усе крычалi так моцна, што абрыўкi фраз даляталi нават да глухой цёткi Клары. I тады i яна кiдалася ў бойку, перабiваючы ўсiх сваiм жахлiвым голасам. Абурэнне старой радыкалкi выходзiла на волю: "Я-то добра ведаю, што яны вырабляюць у гэтых манастырах!.." - "У глыбiнi душы, - думала сабе Тэрэза, - цётка - самы набожны чалавек ва ўсёй гэтай кампанii. Але яна аб'явiла адкрытую вайну таму, хто дапусцiў, што яна з'явiлася на свет глухой, непрыгожай i так памрэ, не зведаўшы нi кахання, нi мужчынскай ласкi..."
      Пасля таго, як пакрыўджаная мадам дэ ля Траў аднойчы пайшла з-за стала, усе старалiся пазбягаць абстрактных тэм. Але досыць было i размоў пра палiтыку, каб парушыць спакой i вывесцi ўсiх з раўнавагi. Усе гэтыя людзi - i правыя i левыя - сыходзiлiся толькi ў адным: уласнасць - вось адзiнае, дзеля чаго варта жыць на гэтым свеце. I лепш за ўсё - зямля. Дык цi варта тады псаваць адзiн аднаму нервы, крычаць, спрачацца? А калi ўжо пускаць пыл у вочы, то трэба ж ведаць хоць нейкую меру. Тэрэза, гэтая "ўласнiца па крывi", патрабавала, каб пытанне ставiлася рубам. Яна не магла спакойна слухаць крывадушных пустых фраз, якiмi бацька i свёкар прыкрывалi свае сапраўдныя мэты. I калi бацька з пафасам гаварыў пра "сваю адданасць справе дэмакратыi", яна перабiвала яго: "Не старайся, бацька: мы ж тут усе свае. Слухаць брыдка гэтую высакапарнасць". Яна нiяк не магла зразумець, пра якi трагiчны канфлiкт класаў можна гаварыць у краiне, дзе самы дробны ўласнiк на тое i жыве, каб павялiчыць сваё багацце? У краiне, дзе агульная любоў да зямлi, да палявання, да смачнай ежы i добрага пiтва параджае сапраўднае братэрства памiж буржуа i селянiнам...
      Што ж, Бернар быў адукаваным чалавекам. I стаяў ён, бадай, вышэй за сваё асяроддзе. Тэрэза магла павiншаваць сябе: яе муж - "чалавек, з якiм хоць можна пагаварыць...". Так думала яна, пакуль не пазнаёмiлася з Жанам Азеведа.
      А здарылася гэта тою восеньскай парою, калi начная прахалода трымаецца ўсю ранiцу, а пасля снедання, як бы нi свяцiла сонца, падымаецца лёгкi туман прадвеснiк яшчэ няскорага змяркання. Ужо ляцелi першыя вехiры, i Бернар прыходзiў дамоў толькi вечарам. Праўда, у той дзень ён-такi адважыўся i паехаў да доктара ў Бардо.
      "Мне тады нiчога не хацелася, - думае Тэрэза. - Выйшла на дарогу трохi прайсцiся: цяжарнай жанчыне карысна хадзiць пехатой. У лес старалася не заходзiць, бо там гэтыя паляўнiчыя: асцерагайся, спыняйся на кожным кроку, падавай сiгнал свiстам i чакай, пакуль табе дазволяць iсцi далей. А бывае, што ў адказ пачуеш працяжны свiст, значыць, у дубняк апусцiлася чарада вехiроў i трэба затаiцца i цiхенька стаяць... Потым я вярнулася, падрамала трохi ў гасцiнай. Вакол тупала цётка Клара са сваiмi бясконцымi расказамi пра кухню i ферму. Я, бадай, не звяртала нiякай увагi на гэтую векавуху, гатовую кiнуцца выконваць мой кожны капрыз. А яна ўсё гаварыла i гаварыла, абы толькi не слухаць самой. Гэта былi страшныя гiсторыi з жыцця фермераў: то пра старых, якiя працавалi да самай смерцi i мусiлi памiраць з голаду, то пра хворых i калек, ад якiх адраклiся ўсе родныя i блiзкiя, то пра жанчын, змучаных цяжкай, непасiльнай працай... I з нейкай лёгкай весялосцю цётка пераходзiла часам на мясцовую гаворку i цытавала грубыя, сакавiтыя слоўцы сваiх суседзяў-фермераў. Адносiлася цётка да гэтых людзей з кранаючай заклапочанасцю. Але глыбока, усiм сэрцам любiла яна толькi мяне. А я i не бачыла, як, стоячы на каленях, яна расшнуроўвала мае боцiкi, здымала панчохi, грэла ў сваiх старэчых далонях мае ногi...
      Потым зайшоў Бальён. Назаўтра ён ад'язджаў у Сэн-Клер, i яму трэба было атрымаць усе распараджэннi. Цётка склала спiс даручэнняў i разам з iм перадала старому слузе кiпу рэцэптаў для хворых з Аржалузы: "Перш-наперш вы зойдзеце ў аптэку, каб Даркэ паспеў падрыхтаваць усе лякарствы да вашага ад'езду".
      Першая сустрэча з Жанам... Хочацца ўспомнiць кожную дробязь... Сама не ведаю, чаму я пайшла да таго будана, дзе некалi ў час летнiх вакацый мы бывалi з Аннай i дзе, як я ўжо цяпер ведала, яна сустракалася з гэтым Азеведа. Не, я пайшла туды зусiм не дзеля таго, каб пабачыць месца, з якiм звязана столькi светлых успамiнаў. Проста хвоi ў тым баку так разраслiся, што там ужо немагчыма было паляваць на вехiроў i можна было не баяцца, што перашкодзiш паляўнiчым. Ды i будан ужо быў непрыдатны для палявання: лес шчыльна абступiў яго, засланiў далягляд. Каб толькi не забыць: кастрычнiцкае сонца яшчэ добра прыгравала; я стамiлася iсцi па пяску; не давалi спакою мухi... А як цяжка мне было несцi свой жывот! Я так марыла пасядзець на старой трухлявай лаўцы ў будане! Калi я адчынiла дзверы, то твар у твар сутыкнулася з маладым чалавекам без галаўнога ўбору. Я адразу пазнала Жана Азеведа i спачатку падумала, што перашкодзiла яго любоўнаму спатканню: надта ж ён выглядаў збянтэжана. Але дзiўная рэч - як толькi я хацела пайсцi, ён стаў угаворваць мяне: "Ну, што вы, мадам, калi ласка, праходзьце, вы мне зусiм не перашкодзiлi". Чаму ён тады спытаўся, цi вiдно знадворку, што робiцца ў будане?.. Я зайшла i была страшэнна здзiўлена, што, акрамя Жана, у будане нiкога няма. Можа, пастушка вышмыгнула праз другi выхад? Але ж нi адна галiнка не трэснула, пакуль мы стаялi ля ўваходу. Ён таксама пазнаў мяне i першы загаварыў пра Анну. Я села, ён стаяў - у той самай позе, як на фатаграфii. Я разглядала яго лёгкую кашулю i спрабавала адгадаць, дзе тое месца на грудзях, якое я праткнула на здымку шпiлькай; я глядзела на яго з цiкавасцю, але без хвалявання. I мiжволi прыгадалiся словы Анны: "Я прыцiскаю сваю руку туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве "апошняй дазволенай ласкай"...). Цi быў ён прыгожы? Высокi, цудоўны лоб, аксамiцiстыя вочы, уласцiвыя яго племенi, паўнаватыя шчокi i прышчыкi - прыкмета ўсхваляванай крывi ў юнакоў яго ўзросту. Асаблiва непрыемна было адчуваць яго мяккую, вiльготную далонь, якую ён яшчэ паспеў выцерцi хустачкай. Але вочы i гарачы позiрк былi прыгожыя. Мне спадабаўся i яго вялiкi, трохi разяўлены рот, дзе бялелi моцныя вострыя зубы, - здавалася, ён вось-вось высуне язык, як малады сабака ў спёку.
      А я сама? Што ж, я трымалася так, як i належыць чалавеку з сям'i Дэскейру: гаварыла пагардлiва, рэзка i абвiнавацiла яго: "Ты ж унёс смуту i разлад у такую паважаную сям'ю..." Ах, якое непрытворнае было яго здзiўленне - гэты хлапец шчыра разрагатаўся: "Як? Дык вы лiчыце, што я хачу ажанiцца з Аннай? Вы думаеце, што я замахнуўся на яе гонар?" Я атарапела, i мне адразу стала ясна, якая бездань аддзяляе Анну ад гэтага раўнадушнага юнака. Ён актыўна абараняўся: "Як можна ўстаяць перад чароўнасцю такой дзяўчыны? Але ж пагуляць нiкому не забаронена. I якраз таму, што тут i гаворкi пра шлюб быць не магло, гэтая гульня мне здавалася бяскрыўднай. Я, вядома, толькi рабiў выгляд, што падзяляю намеры Анны..." I калi я высакамерна спынiла яго, ён горача запярэчыў, што сама Анна можа засведчыць яго прыстойнасць - далёка ён нiколi не заходзiў, i, урэшце, мадмуазэль дэ ля Траў павiнна быць удзячнай яму за тыя хвiлiны сапраўднай страсцi - хутчэй за ўсё адзiныя, якiя адпушчаны ёй у гэтым сумным, змрочным жыццi. "Вы кажаце, што яна пакутуе, але паверце мне: такiя пакуты - гэта самае лепшае, чаго яна можа чакаць ад свайго лёсу. Я многа чуў пра вас i ўпэўнены, што вам гэта можна сказаць, бо вы непадобныя на тутэйшых мяшчан. Што чакае гэтую дзяўчыну? Нуда i гiбенне ў якiм-небудзь старым доме Сэн-Клера! У гэтае невясёлае падарожжа па жыццi я даў ёй з сабой запас пачуццяў, мараў, успамiнаў, якiя, магчыма, выратуюць яе ад адчаю цi, ва ўсякiм разе - ад атуплення". Нешта я не прыпомню, цi раззлавала мяне гэтая прэтэнцыёзнасць, гэтая самаўпэўненасць?.. А можа, наадварот - спадабалася... Праўду кажучы, ён гаварыў так хутка, што я ледзьве паспявала разумець яго. Потым я ўсё ж прывыкла да яго шматслоўя. "Паслухайце, мадам! Няўжо вы сапраўды лiчыце, што я хацеў гэтага шлюбу? Мне - кiнуць якар у гэтым пяску або ўзяць на сябе такую абузу i везцi гэтае дзяўчо ў Парыж? Я, безумоўна, зберагу ў памяцi цудоўны вобраз Анны. I ў тую хвiлiну, калi вы засталi мяне тут, у будане, я якраз думаў пра яе... Але, мадам, хiба можна спутаць самому сабе ногi, прыкаваць сябе да аднаго месца. Кожнае iмгненне павiнна прыносiць сваю асаблiвую радасць, адметную ад усяго таго, што ты ўжо меў". Спалучэнне гэтай маладой жывёльнай прагнасцi i цвярозага розуму ў адной асобе здалося мне такiм незвычайным, што я слухала i не перабiвала. О! Жанавы словы асляпiлi мяне! Праўда, таннай мiшурой! Але ўсё ж такi асляпiлi!.. Помню, як пачулiся званочкi i галасы пастухоў: у наш бок падыходзiў статак авечак. Я тады сказала Жану, што будзе няёмка, калi нас дваiх убачаць у гэтым будане. I мне захацелася пачуць у адказ: "А давайце прытаiмся i цiхенька перачакаем, пакуль пройдзе статак..." Мяне б так парадавала гэтае маўклiвае чаканне, нiбы мы абое супольнiкi (вось i я ўжо рабiлася патрабавальнай - мне хацелася, каб кожная хвiлiна даравала мне новыя пачуццi i перажываннi)... Але Жан Азеведа паслушна адчынiў дзверы i ветлiва прапусцiў мяне наперад. Адважыўся ён правесцi мяне да Аржалузы толькi тады, калi ўпэўнiўся, што я супраць гэтага нiчога не маю. Якой жа кароткай здалася мне тады дарога! Мы так нагаварылiся!

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7