Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Здарэнне (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Лем Станислав / Здарэнне (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Лем Станислав
Жанр:

 

 


      Масена, крыху згорбiўшыся, iшоў першы. Штораз мацнейшае святло дня не пакiдала больш нiякiх iлюзiй наконт "лёгкiх мясцiн" сцяны - гэта зманлiвае адчуванне лёгкасцi i бяспекi было выклiкана блакiтнаватай смугой далечы, якая так спакойна абдымала кожны ўчастак блiскучай скалы. Дзень, ясны i чысты, дабраўся ўжо да падарожнiкаў, iх доўгiя рухомыя ценi дасягалi вяршынi асыпку. Ад каменнай сцяны да асыпку вялi два вялiкiя жалабы, у якiх яшчэ стаяла ноч; застылы паток гравiю ўздымаўся там i нечакана знiкаў, паглынуты моцнай цемрай.
      Даўно ўжо нельга было ахапiць масiў адным поглядам. Прапорцыi змянiлiся, сцяна, якая з адлегласцi нiчым не адрознiвалася ад iншых, уяўляла непаўторную iндывiдуальнасць формаў, а наперадзе нiбы вырастаў з-пад рассыпанай картачнай калоды пляскатых плiт вялiзны слуп - павялiчваўся, пашыраўся, рос, пакуль нарэшце не адпiхнуў i не засланiў усё iншае i застаўся адзiн у халодным, змрочным цянi нiколi не асветленых сонцам мясцiн. Яны якраз узышлi на ўчастак вечнага снегу, пакрыты пырскамi злятаючых зверху камянёў, калi Масена запаволiў крок, пасля спынiўся, нiбы прыслухоўваючыся. Пiркс, якi падышоў да яго першы, зразумеў - Масена паказаў пальцам на сваё вуха, у якiм тырчаў шарык-маслiна мiкрафона.
      - Ён быў тут?
      Масена толькi кiўнуў галавой i паднёс да бруднай, спрасаванай паверхнi снегу металiчны пруток iндыкатара радыеактыўнасцi. Падэшвы чаравiкаў Анэля былi насычаны радыеактыўным iзатопам, i iндыкатар выявiў яго след. Робат прайшоў тут учора, невядома толькi - iшоў угару цi ўжо вяртаўся. Ва ўсякiм выпадку яны знайшлi яго маршрут. З гэтага месца пайшлi ўжо не спяшаючыся.
      Здавалася, што цёмны скалiсты слуп зусiм побач, але Пiркс ведаў, што ацэнка адлегласцi ў гарах бывае памылковая. Яны iшлi далей, мiнулi ўжо лiнiю снегу i валуноў i былi на пляскатай гранi. Пiрксу здавалася, што ў поўнай цiшынi ён чуе папiскванне слухавак Масены, хоць i было гэта немажлiва. Масена час ад часу спыняўся, вадзiў канцом алюмiнiевага прута, апускаў яго, амаль дакранаючыся да скалы, выводзiў iм у паветры петлi i васьмёркi, нiбы старадаўнi чараўнiк, пасля адшукваў след i зноў iшоў далей. Яны былi ўжо недалёка ад таго месца, дзе Анэль павiнен быў закончыць замеры; Пiркс уважлiва разглядаў скалу, нiбыта шукаў сляды знiклага.
      Але скала была пустая. Сама лёгкая частка дарогi была пройдзена - перад iмi тырчалi з-пад асновы слупа нахiленыя пад рознымi вугламi плiты, нiбыта нехта зрабiў вялiзны разрэз скальных парод i крыху прыадкрыў каменнае чэрава, агалiўшы сэрцавiну гор, старадаўнiя слаi, якiя месцамi патрэскалiся ад неверагоднай вагi ўсёй гэтай скалы, якая на цэлыя кiламетры ўскiнулася ў неба. Яшчэ сто, сто пяцьдзесят крокаў - i далей прайсцi было немагчыма.
      Масена хадзiў, здавалася, па кругу i вадзiў перад сабой апушчаным канцом iндыкатара, вочы ў яго былi прыжмураны, цёмныя акуляры ссунуты на лоб, твар абыякавы. Гэтак кружыўся ён без ладу i складу, пасля раптам спынiўся за некалькi метраў ад астатнiх i сказаў:
      - Ён быў тут. I досыць доўга.
      - Адкуль ты ведаеш? - спытаў Пiркс.
      Масена пацiснуў плячыма, дастаў з вуха шарык-маслiну i падаў яго Пiрксу разам з тонкай нiткай провада i прутком iндыкатара. Пiркс пачуў патрэскванне i папiскванне. На паверхнi скалы не было нiякiх адбiткаў, нiякiх слядоў, нiчога - толькi гэты гук, якi аддаваўся ў галаве пранiзлiвым звонам, сведчыў, што Анэль мусiў на самай справе даволi доўга тут таптацца, бо амаль кожны метр паверхнi выдаваў яго прысутнасць. Паступова з бязладдзя гукаў Пiркс здолеў нават выявiць нейкi сэнс - Анэль прыйшоў, вiдаць, па той жа дарозе, што i яны, расставiў трыногу апарата i хадзiў вакол яго, пакуль рабiў замеры i здымкi, пасля некалькi разоў перасоўваў трыногу, шукаючы найбольш удалае для назiранняў месца. Так, малюнак праясняўся. Але што ж адбылося пасля?
      Пiркс пачаў абыходзiць гэта месца штораз шырэйшымi кругамi, па спiралi, каб адшукаць след, якi выходзiў з цэнтра, след вяртання, але такога следу не было. Атрымлiвалася, нiбы Анэль вяртаўся дакладна па сваiх жа слядах, што выглядала зусiм непраўдападобна. У яго ж не было адчувальнага да радыяцыi iндыкатара i ён не мог ведаць, дзе ступаў раней, ды яшчэ з дакладнасцю да сантыметра; Круль нешта гаварыў Масене, але Пiркс не зважаў на iх, працягваў кружыць, ажно пакуль не здалося яму, што слухаўка пiскнула адзiн раз, коратка, але выразна. Ён адступаў назад надзвычай асцярожна. Так, гэта было тут. Ён азiрнуўся, расплюшчыў прыжмураныя вочы, каб усю ўвагу аддаць сiгналам iндыкатара. Знойдзены след быў каля сцяны, нiбы робат павярнуў не да лагера, а наадварот, рушыў да каменнага слупа.
      Гэта было дзiўна. Што яму там было трэба?
      Пiркс шукаў яшчэ хоць бы адзiн след, але скалы маўчалi, i ён мусiў праверыць усе патрэсканыя плiты, згрувашчаныя ля падножжа калон; цяжка было прадбачыць, на якую з iх Анэль паставiў нагу. Нарэшце Пiркс знайшоў след, аддалены ад папярэдняга на пяць метраў; няўжо Анэль скокнуў так далёка? Але навошта? Ён яшчэ адступiў i праз хвiлiну зноў знайшоў згублены след - робат пераскокваў з каменя на камень. Раптам Пiркс, якi плаўна вадзiў прутком па каменнi, здрыгануўся, бо ў яго галаве нiбы гахнуў разрыўны патрон; слухаўкi адазвалiся такiм гукам, што Пiркс аж скрывiўся - было вельмi балюча. Ён зiрнуў на каменную плiту i аслупянеў. Заклiнаваны памiж двух камянёў, на дне натуральнага неглыбокага калодзежа ляжаў цэлы, непашкоджаны апарат, а побач фотакамера. На другiм баку плiты да каменя быў прыхiнуты рукзак Анэля - з развязанымi шнуркамi, але спакаваны як мае быць. Пiркс паклiкаў астатнiх. Яны прыбеглi i здзiвiлiся, як i Пiркс, такой знаходцы. Круль праверыў касеты падобна было, што ўсе замеры выкананы. Не трэба было паўтараць работу. Заставалася толькi высветлiць лёс Анэля. Масена прыклаў далонi да рота i некалькi разоў гучна крыкнуў, але толькi далёкае, працяглае рэха адбiлася ад скал. Пiркс нават здрыгануўся, бо гэты крык нагадваў яму сiтуацыю, нiбыта шукалi чалавека, якi заблудзiўся ў гарах. Праз хвiлiну iнтэлектронiк дастаў з кiшэнi пляскатую касету перадатчыка, прысеў i пачаў выклiкаць робата, перадаючы яго сiгнал, але было вiдаць, што робiць гэта ён хутчэй з абавязку, чым з пераканання. Тым часам Пiркс усё шукаў сляды. Здавалася, што робат даволi доўга таптаўся на адным месцы - столькi ледзь чутных пiскаў выдавала слухаўка. Такая вялiкая колькасць слядоў дарэшты збiла Пiркса з панталыку. Нарэшце ён прыблiзна акрэслiў гранiцу раёна, за якую робат напэўна не выходзiў, i пачаў пiльна абыходзiць яе, каб знайсцi новы след, якi падказаў бы напрамак далейшых пошукаў.
      Зрабiў чарговы круг i вярнуўся да скалы. Памiж каменным выступам, на якiм ён стаяў, i зусiм вертыкальнай скалой, якая ўздымалася ўверх, зеўрала амаль паўтараметровая шчылiна; дно яе было ўсыпана дробнымi, вострымi абломкамi, што падалi зверху. Пiркс сумленна даследаваў i гэтае месца, але слухаўка маўчала. Ён апынуўся перад незразумелай загадкай: было падобна, што Анэль нiбы растварыўся ў паветры. Масена i Круль цiхенька раiлiся за яго спiной, а ён паволi ўзняў галаву i ўпершыню з такой блiзкай адлегласцi зiрнуў на слуп, якi ўзвышаўся над iм. Неадольнай была сiла выклiку, якую адчуў ён у каменным спакоi скалы; дакладней, гэта быў нават не выклiк, а хутчэй нешта падобнае на працягнутую адкрытую руку - у Пiркса з'явiлася пэўнасць, што трэба гэты жэст прыняць, што гэта пачатак дарогi, па якой ён павiнен пайсцi. Зусiм мiжволi шукаў вачамi першую зачэпку; было ўсё ясна. Адным доўгiм, дакладным скачком можна было пераскочыць шчылiну i адразу апынуцца на невялiкiм, але ёмкiм выступе; пасля без усякага сумнення патрэбна было рухацца наўскасяк, уздоўж правiльнай геаметрычнай формы трэшчыны, якая крыху вышэй паглыблялася i станавiлася неглыбокай цяснiнай. Не ведаючы толкам, навошта ён гэта робiць, Пiркс падняў iндыкатар, выцягнуўся як толькi мог i паднёс яго да каменнага выступу на другiм баку шчылiны. Слухаўка адгукнулася. Для пэўнасцi Пiркс паўтарыў гэту аперацыю яшчэ раз, з цяжкасцю трымаючы раўнавагу, бо мусiў адхiляцца ад сцяны як мага больш, i зноў пачуў кароткi пiск. Цяпер ён ужо не сумняваўся. Вярнуўся да Масены i Круля.
      - Анэль пайшоў наверх, - спакойна сказаў Пiркс, паказваючы на каменны слуп.
      Круль, здавалася, не зразумеў, а Масена паўтарыў:
      - Пайшоў наверх? Навошта? Дзеля чаго наверх?
      - Не ведаю. Туды вядзе след, - адказаў Пiркс з прытворнай абыякавасцю.
      Масена быў схiльны лiчыць, што Пiркс памылiўся, але адразу ж сам пераканаўся, што гэта праўда. Анэль адным шырокiм крокам пераскочыў праз шчылiну i пайшоў уздоўж каменнага завалу - кiраваўся на слуп. Узнiкла збянтэжанасць. Круль лiчыў, што пасля таго, як замеры былi зроблены, робат, вiдавочна, з-за нейкiх непаладак распраграмаваўся; Масена заставаўся пры думцы, што гэта немагчыма, бо Анэль пакiнуў усе апараты i рукзак зусiм так, нiбы абдумана рыхтаваўся да цяжкага ўзыходжання, i, значыць, нешта павiнна было прымусiць яго зрабiць менавiта так.
      Пiркс маўчаў. Ён вырашыў, што пойдзе на слуп, нават калi б нiхто з iх не пайшоў разам; Круль усё роўна не мог бы iсцi, бо гэта патрабавала альпiнiсцкiх навыкаў, i не абы-якiх. Ад Масены ён чуў яшчэ раней, што той хадзiў многа i, здаецца, нядрэнна ведаў тэхнiку ўзыходжання на круках; i калi настала маўчанне, Пiркс проста сказаў, што мае намер iсцi - цi гатовы Масена стаць яго спадарожнiкам?
      Круль адразу ж запярэчыў. Iнструкцыя забараняе рызыкаваць жыццём людзей; у поўдзень прыляцiць па iх "Ампер"; яшчэ трэба сабраць барак i спакавацца; замеры зроблены; робат, вiдаць, трапiў у аварыю, значыць, трэба проста згадзiцца, што ён загiнуў, гэта значыць выкласцi ўсе акалiчнасцi ў канчатковай справаздачы.
      - Цi азначае гэта, што мы павiнны пакiнуць яго тут, а самi паляцець? спытаўся Пiркс.
      Яго спакой, здавалася, дражнiў Круля, якi, ледзьве стрымлiваючы сябе, адказаў, што ў справаздачы вычарпальна выкладзе ўсе падзеi, не забудзецца прывесцi думкi ўсiх сябраў групы i найбольш праўдзiва растлумачыць здарэнне: пашкоджанне мнестронаў памяцi цi кiраўнiчага контуру матывацыйнага, альбо дэсiнхранiзацыя...
      Масена заўважыў, што нi першае, нi другое, нi трэцяе немагчыма, бо ў Анэля ўвогуле няма нiякiх мнестронаў, а толькi аднафазная монакрышталiчная сiстэма, развiтая малекулярна з пераахалоджаных дыямагнiтных раствораў, узбагачаных iзатопнымi элементамi...
      Было бачна, што ён хацеў укалоць Круля, паказаць яму, што ён гаворыць пра рэчы, у якiх наогул нiчога не разумее; Пiркс перастаў слухаць. Адвярнуўшыся, ён зноўку змераў позiркам аснову слупа, але ўжо iнакш, чым раней, - уяўнае стала рэальным, i хоць яму было крыху непамысна, ён адчуваў пэўнае задавальненне, што можа распачаць адзiнаборства з гэтай гарой.
      Масена вырашыў iсцi з Пiрксам, можа, дзеля таго, каб такiм чынам канчаткова супрацьпаставiць сябе Крулю. Да Пiркса пятае праз дзесятае даходзiла iх размова: што загадку трэба абавязкова высветлiць, бо калi яны проста вернуцца, то, магчыма, будзе ўпушчана штосьцi такое ж важнае, як i таямнiчае, якое выклiкала такую нечаканую рэакцыю ў робата, i калi б было толькi пяць шанцаў са ста, што гэта "штосьцi" адбылося, рызыка ўзыходжання будзе цалкам апраўдана.
      Круль, гэта варта прызнаць, палiчыў сябе пераможаным i не трацiў больш марна слоў. Запанавала маўчанне. Масена пачаў здымаць са спiны апараты, а Пiркс, якi тым часам падрыхтаваў ужо вяроўку, малаток, крукi i змянiў цяжкiя чаравiкi на туфлi, пазiраў на яго крадком. Масена быў трохi знерваваны, Пiркс бачыў гэта. I не так ад спрэчкi з Крулем - гэта было звыклым, як таму, што ён, вiдаць, дарма ўлiп у сiтуацыю, з якой няма ўжо выйсця. Пiркс падумаў, што Масена, калi б яму прапанавалi застацца, то, хто ведае, мо i згадзiўся б, хоць тут i быў закрануты гонар. Пiркс, аднак, не сказаў нiчога, бо хоць спачатку ўзыходжанне абяцала быць лёгкiм, невядома, як будзе вышэй, асаблiва там, дзе значную частку каменнай сцяны засланялi казыркi. Ён жа нават не вывучыў сцяну праз бiнокль, бо не збiраўся штурмаваць яе. Але ўсё ж захапiў вяроўку i крукi - навошта? Замест таго каб аналiзаваць гэтыя супярэчнасцi, ён стаяў i чакаў Масену. Пасля разам яны рушылi няспешна да падножжа скалы.
      - Я пайду першы, - сказаў Пiркс, -адразу на ўсю вяроўку; пасля паглядзiм.
      Масена кiўнуў галавой. Пiркс азiрнуўся яшчэ раз, каб убачыць, што робiць Круль, з якiм рассталiся моўчкi. Круль стаяў там, дзе яго пакiнулi, ля складзеных рукзакоў. Пiркс i Масена былi ўжо так высока, што за паўночнымi горнымi хрыбтамi маглi ўбачыць маслiнавую пляму далёкiх нiзiн. Аснова камянiстага насыпу была яшчэ зацемнена, толькi вяршынi гор сляпуча блiшчалi, i гэты бляск рассеяным нiмбам высвечваў шчарбiны сцяны, якая ўздымалася над iмi высока ў неба.
      Пiркс зрабiў вялiкi крок, намацаў нагой выступ, адштурхнуўся i лёгка пайшоў уверх. Першыя метры былi сапраўды не складаныя. Ён рухаўся мерна, нiбы лянiва, перад самымi вачыма праплывалi шурпатыя слаi скалы, няроўныя, з упадзiнамi цямнейшага колеру. Ён напружваўся, падцягваў цела, перамяшчаўся ўверх, адчуваючы нерухомае, марознае датыкненне ночы, якое iшло ад каменнага масiву. Сэрца стукала шпарчэй, але дыхалася свабодна, ад працы мускулаў прыемная цеплыня разлiвалася па целе. За iм цягнулася вяроўка, i ў чыстым паветры добра было чуваць яе шастанне, калi яна церлася аб скалы; перш чым вяроўка скончылася, Пiркс знайшоў добрае месца для страхоўкi. Некага iншага ён мо проста выцягнуў бы наверх, але Пiркс хацеў пераканацца, чаго варты Масена. Ён стаяў, уцiснуты ў шчылiну, якая iшла наўскасяк праз увесь слуп, i мог, чакаючы Масену, разгледзець вялiкую цяснiну, якую яны абыходзiлi, рухаючыся паралельна ёй - тут яна якраз пышыралася: шэры каменяпад утварыў амфiтэатр увагнутай нiшы; знiзу гэтае месца здавалася зусiм нецiкавым, пляскатым, i толькi тут ва ўсiм прыгостве выявiлася паверхня скалы. Пiрксу было так добра тут аднаму, што ён нiбы войкнуў, калi заўважыў побач Масену; потым яны адразу рушылi далей. Гэтак яно паўтаралася штораз, рытмiчна i спакойна, i на кожным прыпынку Пiркс правяраў iндыкатарам, цi не засведчыць сiгнал у слухаўцы прысутнасць Анэля - толькi адзiн раз згубiў яго i адмовiўся ад зручнай расколiны, бо Анэль падняўся тут па сцяне, хоць i не быў альпiнiстам; Пiркс лёгка адгадваў усе яго наступныя рашэннi, настолькi - калi так можна сказаць адназначнай, настолькi лагiчнай была гэтая дарога ў скале, якая давала магчымасць хутчэй дасягнуць вяршынi. Ва ўсякiм разе было ясна, што Анэль сапраўды падняўся. Пiркс нi на хвiлiну не задумваўся над тым, чаму робат зрабiў менавiта так. Ён прывучыў сябе не разважаць дарэмна. Паволi ён знаёмiўся са скалой - сваiм працiўнiкам; у яго памяцi ўсплылi, здавалася б, забытыя спосабы i прыёмы, ён беспамылкова прадбачыў, што i калi трэба рабiць; нават тое, што яму даволi часта даводзiлася вызваляць адну руку, каб знайсцi iндыкатарам радыеактыўны след, не дадавала яму нiякага клопату. Аднаго разу, трымаючыся за камень, якi, аднак, моцна сядзеў у скале, нiбы замураваны, Пiркс зiрнуў унiз. Яны былi ўжо даволi высока, хоць i iшлi нiбыта павольна; Круль стаўся ўжо маленькай плямкай зеленаватага камбiнезона на пляскатым шэрым асыпку, Пiркс нават не адразу адшукаў яго на дне гэтай паветранай студнi, якая зеўрала ля самых ног.
      Далей пачынаўся малы траверс; iсцi станавiлася цяжэй, але i Пiркс з кожнай хвiлiнай аднаўляў ранейшыя навыкi, а яны былi такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца iнтуiцыi, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Пiркс пераканаўся ў той момант, калi, як i раней, хацеў вызвалiць правую руку, каб узяць звiсаючы з пояса iндыкатар, - i не змог гэтага зрабiць. У яго быў толькi адзiн пункт апоры для левай рукi i штосьцi вельмi невыразнае пад наском правага туфля; адхiнуўшыся як толькi можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе i не мог знайсцi. Тады ён адмовiўся ад iндыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялiкую прыступку.
      Яна была пакрыта ледзяным наростам i нахiлена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нiбы моцным ударам. Пiркс сваiм туфлем гэтага нiколi б не зрабiў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравiк - бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, якi iшоў да гэтага вельмi добра, зараз пачаў адставаць.
      Яны наблiжалiся да вяршынi каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахiляцца да безданi, i iсцi без добрай апоры было цяжка; праз некалькi метраў шчылiна, да гэтага даволi шырокая, скончылася, у Пiркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкi, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут без крукоў, без вяроўкi i без страхоўкi. "Значыць, i я гэтак здолею", падумаў Пiркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступнi, заклiнаванай у апошнiм звужэннi шчылiны, па якой ён да гэтага iшоў, кальнула ад рэзкага павароту, аднак гэта не спынiла яго. Самымi кончыкамi пальцаў ён намацаў лiштвачку, меншую, чым падушачкi пальцаў; трымаючыся за яе, можна было падцягнуцца, але што далей?
      Гэта было ўжо супернiцтва не толькi са скалою, але як бы i з Анэлем, ён жа тут прайшоў, i прытым адзiн. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя... Пiркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчылiны, калi пры гэтым руху нейкi невялiчкi каменьчык выскачыў з-пад падэшвы i паляцеў унiз. Пiркс выразна чуў свiст паветра, i праз некалькi доўгiх-доўгiх хвiлiн - рэзкi, дакладны ўдар. "Ну што ж, сiтуацыя зразумелая", - падумаў ён. Пiркс вырашыў не падцягвацца i пачаў шукаць месца, каб забiць крук. Аднак у скале не было нават прыкмет трэшчыны; Пiркс, як толькi здолеў, нахiлiўся ў абодва бакi, аднак нiчога не знайшоў.
      - Што там? - пачуўся знiзу голас Масены.
      - Нармальна, вывучаю, - адказаў ён.
      Нага напамiнала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазiцыi не прастаiць. Эх, каб можна было знайсцi iншы шлях! Але варта толькi згубiць след робата, i яго ўжо не знойдзеш на гэтай кiламетровай сцяне. Стараўся знайсцi што-небудзь над сабой. Пад слiзгаючым позiркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамi, аднак на самай справе гэта былi ўпадзiны меншыя, чым далонь; разлiчваць можна было толькi на тую лiштвачку. Калi ён падцягнуўся на абедзвюх руках i вызвалiў ступню са шчылiны, у яго мiльганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нiбы адапхнула яго, ён вiсеў, i наскi туфляў адсунулiся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьцi мiльганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохi? Праз iмгненне ён страцiў здольнасць разважаць; трэба было адпусцiць левую руку, завiснуць на кончыках чатырох пальцаў правай i дацягнуцца левай да трэшчыны цi шчылiны невядома якой глыбiнi. "Гэтага нельга было рабiць!" - прамiльгнула ў яго ў галаве, калi ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыцiскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў i крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамi стаяў на лiштвачцы i мог забiць крук, нават два для пэўнасцi, бо першы ўвайшоў не вельмi глыбока. Так i зрабiў, з прыемнасцю ўслухоўваючыся ў чысты, звонкi высокi гук, якi нарэшце сцiх. Вяроўка ўскочыла ў карабiн, Пiркс ведаў, што давядзецца дапамагчы Масене; нельга сказаць, што гэта была чыстая работа, але ж гэта не Альпы; ва ўсякiм разе становiшча яго было зараз даволi пэўнае.
      Над лiштвачкай была вузкая, надта ёмкая трэшчына; Пiркс узяў кароткi прэнт iндыкатара ў зубы, бо баяўся ўдарыць iм аб скалу - прэнт тырчаў з-за пояса; вышэй колер пароды мяняўся.
      Сцяна не была ўжо чарнаватая, з падцёкамi карычневай, нiбы надта старой шэрасцi. Яе змянiла рудая, з карычнева-чырванаватымi адценнямi, блiскучым зблiзку дыябазам. Яшчэ колькi метраў - i гэта дарога колераў скончылася; Пiркс убачыў над сабой новы казырок, якi нельга было адолець з такой малой колькасцю крукоў, ды яшчэ без прыступкi пад нагамi; але ж у Анэля не было зусiм нiчога; Пiркс праверыў сiтуацыю iндыкатарам: робат туды не пайшоў. Значыць? Заставалася толькi рухацца па траверсе.
      Калi Пiркс вывучаў гэты шлях, то здаўся ён спачатку не вельмi складаным або небяспечным. Слуп нiбы зноўку набываў страчаную ў пластах дыябазу форму; Пiркс стаяў на вузкай, але прыдатнай прыступцы, якая даходзiла да павароту i там канчалася; нахiлiўшыся, убачыў далейшы яе працяг за пукатасцю скалы усяго праз нейкiх паўтара метра, двух-то не было, гэта дакладна. Значыць, трэба было абвiцца целам вакол выступу, якi адпiхваў, i, страцiўшы апору для правай нагi, адштурхнуцца левай так, каб, перасекшы паветра над безданню, правай абаперцiся на працяг прыступкi. Пашукаў месца, куды можна было б забiць крукi, з падстрахоўкай было б гэта не так складана. Але шкадлiвая сцяна i тут была зусiм без трэшчын; зiрнуў унiз: з таго месца, якое мог заняць Масена, страхоўка была поўнай фiкцыяй. Сарваўшыся, ён падаў бы сама мала пятнаццаць метраў; рыўком магло вырваць нават добра забiтыя крукi. А iндыкатар аднак гаварыў, што робат пераадолеў гэты шлях - адзiн! "Што ж гэта азначае, д'ябал яго ведае? - сказаў ён сам сабе. - На другiм баку ёсць прыступка! Толькi адзiн добры крок! Наперад, няўклюда!" Але працягваў стаяць. Калi б удалося хоць вяроўку нацягнуць - але дзе там! Нахiлiўся i некалькi секунд глядзеў на прыступку, больш не мог - пачалi дрыжаць мускулы. А калi падэшва пакаўзнецца? У Анэля былi сталёвыя падэшвы. На прыступцы нешта блiшчала - раскрышаны лёд. Слiзка, чорт яго вазьмi. Трэба было захапiць з сабой вiбрамы...
      - I напiсаць запавет, - прамармытаў бязгучна Пiркс.
      Вочы яго прыжмурылiся, позiрк знерухомеў. Прыгнуўшыся, раскiнуўшы рукi, шукаючы апоры ў шурпатасцi скалы, ён абвiў яе целам i зрабiў той крок, якi столькi яму каштаваў. Калi апынуўся на другiм баку, не адчуў нават задавальнення, бо ўбачыў, як улiп. Прыступка на тым баку была нiжэй, значыць, па дарозе назад давядзецца скакаць уверх. Ды яшчэ з такiм фортэлем - гэта было ўжо не ўзыходжанне i нават не акрабатыка, а чорт ведае што! Спуск на вяроўцы? Бо калi не...
      Ён разумеў, што гэта ўжо поўны крах, але iшоў далей, пакуль было магчыма. Пра яго стан i сiтуацыю сведчыла тое, што ён зусiм забыўся пра Анэля; было не да яго. Вяроўка, крыху нацягнутая, калыхалася над iм, яна была надзвычай выразна бачная, па-здраднiцку блiзкая i канкрэтная, яна была вiдаць на фоне асыпку, якi невыразна ўяўляўся ў блакiтнай смузе ля падножжа сцяны цьмянай плямай. Прыступка скончылася, i не было далей дарогi нi ўверх, нi ўнiз; вяртання назад таксама не было. "Нiколi яшчэ не бачыў нiчога больш гладкага", - падумаў ён з нейкай асаблiвай заспакоенасцю, якая, аднак, была зусiм iнакшая, чым раней: бо горш, чым ёсць, быць не магло - i нервавацца не мела нiякага сэнсу. Ён агледзеўся. Пад нагамi - чатырохсантыметровы выступ, а далей нiчога - аж да невыразнай, цёмнай плямы шчылiны, якая, здавалася, клiкала да сябе; Пiркса аддзялялi ад яе чатыры метры па сцяне, такой моцнай, такой стромай, якую толькi можна сабе ўявiць. "I гэта называецца гранiт?!" - са шкадаваннем падумаў ён. Вiдаць, часам тут сцякала вада - вiдаць былi яе сляды, ад якiх сцяна пацямнела, ён бачыў нават асобныя кроплi; Пiркс узяў iндыкатар у правую руку i пачаў вадзiць iм, шукаючы слядоў робата. Пачулася цiхенькае папiскванне. Значыць, Анэль прайшоў тут. Але як? Раптам ён заўважыў маленькую плямку шэрага, як скала, моху. Садраў яго. Маленькае паглыбленне, не большае, чым пазногаць. Крук не хацеў залазiць больш чым напалову, але i гэта было збавенне. Ён турзануў за колца - як сядзiць? Неяк трымаецца. Так, зараз левай рукой за круг i асцярожна, як толькi можна... Адхiлiўшыся напалову ад скалы, ён выпадкова адвёў вочы ад шчылiны, якая вабiла да сябе, нiбы створаная стагоддзямi дзеля аднаго адзiнага iмгнення, якое павiнна было наступiць; пасля яго позiрк каменем паляцеў унiз - аж да блакiтна-нябеснай iскры на замружаным шэрым фоне асыпку.
      Вырашальны крок так i не быў зроблены.
      - Што там?! - пачуўся голас Масены.
      - Зараз! Хвiлiнку! - адгукнуўся Пiркс, перакiдваючы вяроўку праз карабiн.
      Яму трэба было як след разгледзецца. Зноў адхiлiўся, на тры чвэрцi цяжару павiс на круку, нiбы спрабаваў вырваць яго са сцяны, але мусiў абавязкова паглядзець унiз, праверыць...
      Так, гэта быў Анэль. Нiшто iншае не магло б гэтак блiшчаць, ды яшчэ так далёка ўнiзе. Дарога ўжо даўно адхiлiлася ад вертыкалi, i Пiркс быў цяпер метраў за трыста ў баку ад месца, з якога яны пачалi ўзыходжанне. Пашукаў якiх-небудзь больш адметных арыенцiраў там, унiзе. Вяроўка дужа сцiскала яго, было непрыемна, адчуваў сябе блага, цяжка стала дыхаць, i кроў стукала ў скронях. Як мог стараўся запомнiць прыкметы мясцовасцi; той вялiзны валун яго ўдасца пазнаць, хоць зараз ён бачны пад iншым вуглом. Калi нахiлiўся назад да сцяны, яго бiлi дрыжыкi. "Трэба будзе з'язджаць", - сказаў сам сабе i неяк зусiм бяздумна ўзяўся за крук, якi адразу вырваўся са скалы, нiбы сядзеў у масле; яму зрабiлася дзiўна, але схаваў крук у кiшэню i пачаў разважаць, як яму адсюль выбрацца. Гэта ўдалося, хоць i не зусiм гладка: Масена панабiваў на сваiм прыпынку столькi крукоў, колькi здолеў, падкарацiў вяроўку, а Пiркс проста праляцеў метраў з восем каля плiты i павiс; крыху нiжэй была iншая шчылiна i адтуль ужо з'язджалi яны па чарзе; калi Масена спытаў, чаму яны вяртаюцца, Пiркс адказаў:
      - Я знайшоў яго.
      - Анэля?
      - Так. Ён упаў. Ляжыць там, унiзе.
      Спуск заняў не менш як гадзiну; Пiркс без жалю расставаўся з крукамi; наогул, гэта было цiкавае пачуццё - думаць, што нiколi ўжо не паставяць тут свае нагi нi ён, нi нейкi iншы чалавек, а ў гэтай скале будуць тырчаць кавалкi жалеза, апрацаванага на Зямлi, i што гэта будзе ўжо на стагоддзi - а магчыма, назаўсёды.
      Круль падбег да iх, калi яны, стаўшы нагамi на роўнае, зрабiлi некалькi няўпэўненых крокаў, нiбы адвыклi ад звычайнай хады; Круль здалёк закрычаў, што знайшоў непадалёку кiнутыя Анэлем рэактыўныя кабуры; робат зняў iх знарок, перш чым узысцi на сцяну, што было яўным доказам яго аберацыi, бо толькi яны ў выпадку падзення маглi яго выратаваць.
      Масена, здавалася, наогул не звяртаў увагi на гэтыя адкрыццi Круля - ён не збiраўся хаваць, чаго каштавала яму гэтая дарога; наадварот - дэманстратыўна ўсеўся на валун, шырока расставiў ногi i нiбы раскашаваў ад адчування цвёрдага грунту, занадта старанна выцiраў хустачкай твар, лоб i шыю.
      Пiркс сказаў Крулю, што Анэль упаў; праз некалькi хвiлiн яны пайшлi яго шукаць. Пошукi былi кароткiя. Ён падаў сама меней з вышынi трыста метраў. Панцыр яго разляцеўся на кавалкi, металiчны чэрап таксама, i яго монакрышталiчны мозг стаў дробнымi шклянымi асколкамi, раскiданымi ва ўсе бакi - яны блiшчалi на белаватых каменнях нiбы слюда. На шчасце, Круль не аказаўся дробязным i не пачаў даказваць, што ўзыходжанне было цалкам непатрэбным. Ён толькi не без задавальнення паўтараў, што Анэль распраграмаваўся - пакiнутыя кабуры стоадсоткавы доказ. На Масену ўзыходжанне паўплывала не лепшым чынам; ён не спрабаваў нават пярэчыць, i ўвогуле здавалася, што ён будзе тым больш задаволены, чым хутчэй iх група будзе расфармавана i яны па-добраму расстануцца. Таму вярталiся моўчкi, тым больш што Пiркс не лiчыў патрэбным дзялiцца з таварышамi сваiмi ўражаннямi аб здарэннi. Ён быў перакананы, што Анэль разбiўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нiчога агульнага з нейкiмi монакрышталямi або мнестронамi, бо хiба ж ён, Пiркс, таксама "распраграмаваўся", што так настойлiва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваiх канструктараў, чым iм гэтага хацелася. Калi ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу - бо ён быў надта кемлiвы i акуратны выканаўца. Ён не толькi бачыў, але i разумеў наваколле; ён быў створаны для вырашэння складаных задач, гэта значыць для гульнi, а там спатрэбiлася гульня не абы-якая - а з найвышэйшай стаўкай. Пiркс не мог стрымацца ад усмешкi, калi падумаў пра слепату Круля i Масены; тое, што яны знайшлi свядома адкладзеныя Анэлем рэактыўныя патроны, узялi за доказ - да таго ж цалкам - бяспрэчны, - што робат распраграмаваўся. Але кожны чалавек зрабiў бы менавiта так, у iншым выпадку справа ўвогуле не мела б сэнсу, а ператварылася б у разнавiднасць гiмнастыкi. О не, гаворка не пра тое. I нiякiя вывады, ураўненнi, нiякiя крывыя не здолелi б яго пераканаць. Пiркса здзiўляла толькi адно - што Анэль не ўпаў раней, бо ён iшоў адзiн, без навыкаў, без трэнiроўкi - гэтага ён не ведаў, бо яго стваралi не дзеля таго, каб ён змагаўся са скаламi. Што было б, калi б ён вярнуўся? Пiркс зноў, невядома чаму, быў перакананы, што яны нiколi не даведалiся б пра гэта. Ва ўсякiм разе ад Анэля. А ў тым месцы, не маючы нi крукоў, нi напарнiка, а можа, нават не ведаючы пра iх iснаванне наогул, ён адважыўся скокнуць. Што ён тады думаў? Напэўна, нiчога, як i сам Пiркс. Цi дакрануўся ён, хоць на iмгненне, да краю расколiны? Калi так, то там павiнен застацца след, шчопцi радыеактыўных атамаў, якiя будуць пакрысе распадацца, аж пакуль не выпарацца i не знiкнуць.
      Пiркс ведаў яшчэ адно: ён нiкому пра гэта не скажа. Кожны на яго месцы настойлiва прытрымлiваўся б гiпотэзы дэфекту, найбольш простай i найбольш натуральнай, адзiнай, якая не змяняла карцiны свету.
      Да стаянкi дайшлi пасля поўдня. Iх выцягнутыя ценi жвава рухалiся падчас працы; яны паспешна збiралi барак, якi знiкаў цэлымi секцыямi, аж пакуль ад яго не засталася ўтаптаная чатырохвугольная пустка; плылi хмары, а Пiркс пераносiў скрынкi, згортваў лiсты - рабiў усё тое, што павiнен быў рабiць Анэль; на гэтай думцы, калi ён яе ўсвядомiў, Пiркс затрымаўся, перш чым перадаў груз у працягнутыя рукi Масены.

  • Страницы:
    1, 2