Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Зброя

ModernLib.Net / Исторические приключения / Караткевіч Уладзімір / Зброя - Чтение (стр. 2)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические приключения

 

 


— Гэта ты аб чым? — Алесь ліхаманкава думаў і раптам успомніў: — Аб «саборных дзяяннях»?*

* Місіянер Піцірым па загадзе цара Пятра хадзіў па кержанскіх скітах і ўгаворваў казаннямі і дыспутамі, каб раскольнікі вярнуліся ў лона царквы. Асноўным ягоным козырам было «Саборнае дзяянне», якое «нядаўна адшукалі ў Кіеве». Адзін раздзел ягоны быў прысвечаны Кіеўскаму сабору 1157 года — называўся «Саборнае дзяянне Кіеўскае на арменіна ерэтыка на мніха Марціна», які «веліе садзела ў Русі смушчэніе хрысціяніном пачэ жэ неіскусніі пісанія». Сабор быццам яшчэ тады асудзіў тыя ерасі, якіх зараз трымаюцца стараабрадцы, бо ерасі Марціна, выказаныя ў яго кнізе «Праўда», былі дакладна тыя, што і ў раскольнікаў. Сабор, на чале з мітрапалітам Канстанцінам, асудзіў Марціна, хаця ён быў сваяк Канстанцінопальскаму патрыярху Луку Хрызаверху. Марцін натурыўся. Тады Кіеўскі сабор звярнуўся да Лукі. Патрыярх склікаў у Канстанцінопалі другі сабор, на якім таксама асудзіў сваяка. Марцін паабяцаў выправіцца, але потым адмовіўся. Тады яго анафематствавалі і адаслалі ў Царград, дзе патрыярх Лука сваяка свайго спаліў.

…Стараабрадцы спіску дзяянняў не паверылі і папрасілі памацаць арыгінал. Піцірым звярнуўся да цара, і Пётр неадкладна прыслаў арыгінал кнігі: «Чытайце, ведайце, што царква не адышла ад грэцкіх канонаў», «врачуйцеся, расколам недугуюшчыя».

Арыгінал «дзяянняў» аказаўся грубай падробкай. Раскольнікі (а галоўным чынам браты Дзянісавы) аддалі яго на знішчальную крытыку. Сінод вымушаны быў адабраць кнігу, запячатаць і схаваць назаўсёды ў сінадальную бібліятэку.

— Ну, — стары падаўся наперад, як сабака на стойцы.

— Праўда, — сказаў Алесь. — Так аб іх і пісалі тады: «Книга в полдесць, на пергамине писанная, плеснию аки сединою красящаяся и на многих местах молием изъядена, древним белорусским характером писанная».

— Ну? — стары схіліў галаву, нібы чакаў.

— Э-эх, стары. Звалілі гэта на беларусаў, няхай сабе і на «древних». Мана гэта, хлусня. Ты што, не ведаеш, што гэта падробка? Што яна ўся фальшывая, як гусліцкія грошы?

Стары сумеўся. Фальшывыя грошы ў Гусліцах, пад Масквой, рабілі не хто іншы, як стараверы.

— То ж бо, — сказаў Алесь. — Патрэбна было, вось і падрабілі, нягледзячы на тое, што бацькі царквы. Ведалі, што Беларусь — захавальніца старой кнігі, што «беларускай кнізе» павераць. Падрабіць падрабілі, а мовы беларускай старажытнай не ведалі, таму і папаліся. А каб ведалі, ляжала б старая вера, лапкі задзёршы. Самі схлусілі ды на іншых, на беларусаў, спіхнулі.

— Ты адкуль ведаеш?

— Я — ведаю. Ты хаця «Паморскія адказы» Дзянісавых чытаў? Яны так і пісалі: «Сомняемся и буквам, в нём писанным — Белоруским; нынешнего века пописи, яже в древлехаратейных мы не відехом…» А ведаеш, што «дзяянням» апошні ўдар нанесла? Тое, што аб іх Сімяон Полацкі нічога не ведаў і не кажа. Беларус. То беларусам дзякаваць бы, а ты лезеш, як пёс.

Стары глядзеў на Алеся амаль са свяшчэнным жахам.

— Прызнавайся, — сказаў Алесь. — Спаймаць мяне хацеў?

— Хацеў.

— Адно пытанне ведаў, ды тое не да канца. Прызнавайся, аб Полацкім не ведаў? І аб тым, што мітрапаліт Канстанцін з'явіўся ў Кіеве толькі праз дванаццаць год пасля гэтага «Сабора», які нібыта ўзначальваў, — не ведаў?

— Не, — сказаў Чыўін.

— То ж бо. Каб Дзянісавы былі такія ж дурні, як усе, — не дваццаць тысяч жыццяў сябе б спаліла, а больш…

— Колькі ж табе год? — ціха спытаў купец.

— Дваццаць два канчаю.

— Табе б не да мурынаў. Табе б у ніканіянскія папы ды дайсці да мітрапаліта.

Алесь засмяяўся:

— А потым вы б мяне звабілі, перацягнулі?

Ён ледзь не сказаў «назад», але гэта было б ужо не па правілах. Хай гэты стары не ведае, хто ён і адкуль спазнаў усё, што датычыцца расколу. Так будзе лепей. Хай лічыць гэта дзівам — ён можа даць кожнаму начотчыку сто ачкоў наперад.

— А што, быў бы нарэшце «свой», — сказаў Чыўін.

…Купец маўчаў. Потым сказаў, як аб вырашаным:

— Суцешыў ты мяне… Усё я табе цяпер зраблю. Дапамагу. І ведай, свой ты цяпер чалавек на Рагожскай.

Яны ехалі ля старой Трыумфальнай брамы. Стары глянуў направа.

— Самы на Вялікай Садовай жыве свалачны і подлы, прадажны народ. Ты сюды не хадзі. Ты да тытуннікаў не хадзі. Мы табе дапаможам. Я.

РАЗДЗЕЛ ІІ

Алесь і не думаў хадзіць да тытуннікаў, тым больш да людзей свайго кола.

Ён занадта добра ведаў іх, і жыццё маскоўскага дваранства не выклікала ў ім нічога, акрамя пагарды.

Рэформа не змяніла іх. Такога не дазволіў бы сабе ні Раўбіч, ні Клейна, а гэтыя і цяпер дасылалі старога слугу ў паліцыю з запіскай:

— Хочаш і надалей есці мой хлеб — ідзі і дай сябе адхвастаць.

— Куды ж я пайду ад вас? Я і не ўмею нічога.

— То ідзі.

Усё ў іх сваё, дамарошчанае. І прыслуга, і большая частка прадуктаў, і свечы, і нават мудрасць. Гэтая мудрасць была затхлая, як паветра ў іхніх пакоях, начыста пазбаўленых вентыляцыі, засмуроджаных курэннем «смолак»*.

* У старых маскоўскіх дамах, калі паветра рабілася нясцерпна цяжкае, не адчынялі фортак (часта іх зусім не было), а курылі «для асвяжэння» смолкай, конусападобнай пасудзінай з бяросты, набітай смалою з домессю чагосьці накшталт ладану. Яе распальвалі жарынкай і насілі па пакоях. Парадныя пакоі «асвяжаліся» распаленай цаглінай, пакладзенай у таз з мятай і воцатам, або жароўняй, якую палівалі парфумай.

Было ў іхнім жыцці і сімпатычнае, бо яны былі гасцінныя і ветлівыя людзі, і дамы іхнія заўсёды былі перапоўнены прыжывалкамі, але тое, як яны трымаліся чына і месца, — вось што было страшна.

Нельга было ўявіць сабе, што тут Майцы, нявесце ягонай, ніхто не дазволіў бы адной хадзіць па вуліцах і чытаць што-небудзь, акрамя маральных да абрыдлівасці ангельскіх раманаў. Нельга было ўявіць сабе, што тут Вацлаў, брат, павінен быў бы маўкліва згаджацца з заўвагамі старэйшых, няхай нават бязглуздымі.

Нельга было ўявіць сабе, што тут ён, Алесь, павінен быў бы хаваць свае сімпатыі нават да Граноўскага, ужо не кажучы аб Шаўчэнку.

Ліберальныя гурткі, якіх было шмат, хаваліся. Рэдкія выступленні моладзі канчаліся разгромам і маўчаннем. Грамадскасць сурова асудзіла тых хлопцаў, што ішлі за труной дзекабрыста Трубяцкога. Калі пачаліся студэнцкія хваляванні і масы студэнтаў прыйшлі на Цвярскую плошчу да генерал-губернатарскага дома з патрабаваннем адпусціць арыштаваных сяброў — на іх напусцілі паліцыю. Жандары абкружылі студэнтаў і жорстка збілі іх ля мура гасцініцы «Дрэздэн», што супраць губернатарскага дома. Гэта было зусім нядаўна, у кастрычніку шэсцьдзесят першага.

— Бітва пад Дрэздэнам, — горка жартавалі збітыя. А старыя бурчэлі:

— Справядлівасці ім захацелася, нігілістам. Хадзілі б сабе па знаёмых на тынцы, гулялі ў шарады, частаваліся, яблыкі елі б. Цукеркі ад Эйнема, Studentenfrass, batins de roi de Negovi, le quatre mendiants* — як добра!

* Студэнцкі пакорм… каралеўскія пернікі… Чатыры жабракі (то бок разынкі, чарнасліў, фісташкі і міндаль).

Просты пачастунак, але здаровы. Іншага ім, бачыце, пачастунку захацелася — вось і атрымалі.

Пачуццё брыды выклікала гэтае зларадства над чысцінёй. Лаялі новае — а чаго дабіліся за свой век? Хіба што пагубілі дзяржаву і зрабілі яе сімвалам усякага гвалту, сімвалам развалу. Нават тут, у горадзе.

У горадзе была вышэйшая на ўсю Эўропу смяротнасць: з тысячы паміралі трыццаць тры — таму што снег і гной ніколі не звозілі, а сметнікаў ніколі не чысцілі… Двары патаналі ў памыях і адкідах, з крам ішоў смурод разлажэння, па прыбіральнях гойсалі пацукі (на ўвесь горад ледзь-ледзь з'явіўся першы дзесятак ватэрклазетаў, і іх паказвалі гасцям, як дзіва).

Паўз Ахотны рад нельга было праехаць, а жыхары куплялі тут ежу.

У горадзе нішто не забяспечвала абывацельскай бяспекі, і пешаходу часта даводзілася разлічваць толькі на сябе. Калі ўначы з бульвараў далятаў «гвалт!» — жыхары мацней зачыняліся ў сваіх кватэрах. Адзінай «дапамогай» было адчыненае акно, у якое голасна крычалі: «Выходзім! Трымайся!…» На вуліцу выбягалі толькі найбольш мужныя. І ўсё гэта аніяк не датычылася паліцмайстра Агарова, які замест дзейсных захадаў займаўся фліртам з актрысамі.

Сум Алеся па дому, калі яму даводзілася трапляць сюды, з часам рабіўся нясцерпны. Ён не ведаў, як магчыма тут жыць. І ў гэты прыезд толькі мэта, дзеля якой ён сюды прыехаў, суцішвала бязмерную настальгію. Трэба было дачакацца вясны, калі адсюль звязуць у Маскву катаржан, вясны, калі пачынаюць адпраўляцца па Ўладзімірцы этапы. Нельга было пакінуць Андрэя, дзядзькаванага брата, самага ўлюбёнага з усіх Кагутоў — калі не лічыць Кандрата — друга, паплечніка, чалавека, які пакутаваў, у пэўнай меры, з-за яго. Нельга было, каб ён уздымаў кайданамі пыл, каб цягаў тачку, каб з яго здзекаваліся, каб ён жыў сярод чужых. А час да вясны трэба было выкарыстаць на куплю зброі.

…Вечарам таго самага дня Алесь даслаў Кірдуна ў «Дрэздэн», да Маеўскага. Там усё было на месцы, і фальшывыя пашпарты вярнулі з паліцыі без аніякіх заўваг. Кандрат паспеў пасябраваць з гасцінічнымі слугамі і непрыкметна зведаць ад іх, хто з дворнікаў і персаналу звязаны з сыскам. Выявілася, што купец Вакх Шандура са слугою ніякіх падазрэнняў сваёй персонай не выклікаў.

Алесеў загад Мсціславу быў ранейшы: сядзець ціха, у меру «гуляць», часам ездзіць для «здзелак» у Кітай-горад, але «сутнасць сваіх камерцыйных спраў» трымаць у сакрэце.

…Вечарам наступнага дня князь Загорскі паехаў на Ўзвіжанку, у прыватны цырк Сулье, і там сустрэўся з прадстаўніком зямляцтва ў Маскве. З купляй зброі справы ў «землякоў» былі дрэнныя. «Белая» група, як багатая, павінна была выдзеліць на гэта грошы, але, відаць, спалохалася. І тут быў недавер, панская пагарда і дрэнна прыхаванае пабойванне перад беларусамі. Усё гэта так абрыдла Загорскаму, што ён вырашыў самым рэзкім тонам патрабаваць у Кастуся адмежавацца ад усёй гэтай навалачы.

«Ублытаюць у сваю справу, падманам прымусяць каштаны з агню цягаць, а потым здрадзяць, як гэта ўжо сто разоў бывала. І пойдуць «браткі» зноў здыхаць пад чужымі сцягамі. І пойдзе гуляць па нашых спінах бізун. А і пераможам — будзе тое самае рабства. Беларусі, бачыце, яны патрабуюць, старых, велікапольскіх, межаў. А хто спытаўся ў беларусаў, хочуць яны гэтага ці не? Гарматнае мяса ім патрэбна, а не сябры. Як не лічыліся з намі, так і не будуць лічыцца, пакуль карцеч і шыбеніца іх чамусьці не навучаць, як заўсёды, запознена».

Глухое абурэнне аж душыла Алеся. Невідушчымі вачыма ён глядзеў на выбрыкі клоўна Віля, на дзівосна прыгожую наезніцу Адэль Леангарт і ведаў, што большасць гэтых ягоных думак прападзе марна, што «белыя» пачнуць бунт, калі гэта будзе выгадна ім і толькі ім, у самы непадыходзячы для Беларусі і Літвы момант. А «чырвоныя» не палічаць за магчымае кінуць іх у бядзе і таксама выйдуць са зброяй. І атрымаюць «узнагароду» за прыроджаную пыху.

А варта было б кінуць. Варта было б правучыць за фанабэрыстасць. Як бы адразу заскакалі?! Якія б абяцанні пачалі даваць?! Якія адразу «дарагія» сталі б «правінцыялы»? Як бы адразу пачало «паважаць» іхнюю чалавечую і народную годнасць гэтае паршывае панства?!

…Гінуць за чужога дзядзьку. Якая лухта! Якая трагічная памылка! Без імя, без правоў лезці ў чужую кашу, для пана, які пагарджае «тутэйшым хамам». Дабіцца толькі таго, каб уласнае адраджэнне назвалі «польскім мяцяжом», або, у лепшым выпадку, «вынікам польскай інтрыгі».

Ён ведаў: усе сілы свае ён пакладзе на тое, каб гэтага не было. Калі паміраць, то паміраць за сваю волю і веліч. Не паўставаць, калі белае панства наплюе на інтарэсы Беларусі. Хай гінуць!

І няхай нават потым нехта назаве гэта «здрадай». Чужыя здраджвалі гэты бедны народ тысячу разоў. Няма чаго служыць чужым. Мы ім не негры. Хай скачуць у паветры, хай хрыпяць пад тымі вербамі, з якіх столькі год рэзалі розгі на беларускую спіну. Чысцейшае будзе паветра.

…Нешта дні праз два ён гаварыў аб гэтым з прадстаўніком «чырвонага» крыла варшаўскага зямляцтва і з прадстаўніком расейскай «Зямлі і Волі». З першым сустрэўся ў Праломных варотах Кітай-горада, на рынку лубачных кніг. З другім — у славутым гроце Аляксандраўскага саду, запушчаным, спісаным непрыстойнымі надпісамі самага бруднага і жывёльнага тону.

Абодва хлопцы абяцалі «падумаць» над гэтым. Алесь і не спадзяваўся ні на што іншае. Яго справядлівае абурэнне збоку магло выглядаць як спроба завесці несвоечасовыя звады. Ну і д'ябал з імі. Неяк абыдземся.

А між тым і таму і другому варта было над гэтым падумаць. Алесева ідэя датычылася і палякаў і расейцаў. Палякаў таму, што іхняе слова і іхні нацыянальны гонар былі заталочаныя ў гразь. Расейцаў таму, што іхняе становішча таксама было небліскучае.

Як гэта ні дзіўна было, але расейская навука, мастацтва, літаратура таксама знаходзіліся ў стане самага глыбокага крызісу. Сялянства не чытала зусім, мяшчанства і купецтва абыходзілася «Ерусланам Лазарэвічам» і жывацела ў стане самага страшнага бескультур'я і быдлячага свінства. Астыла любоў да роднага слова і літаратуры нават у асвечанай праслойкі. Дваранства ледзь не канчаткова кінула родную мову і, у большасці сваёй, не чытала нічога, акрамя французскіх раманаў.

Алесь з жахам упэўніўся ў гэтым. З кожным днём больш і больш яму здавалася, што расейскія калегі павінны з гэтай прычыны біць у набат і, праз свой глыбокі боль, асабліва добра разумець падобны боль суседа. Нічога такога, аднак, не было. Нават самыя перадавыя цікавіліся больш палітыкай, чым пытаннем, як жыве свая мова, свая культура. А ўмовы іхняга існавання былі страшныя.

Высока трымаў сцяг адзін Малы тэатр, і таму нешматлікія людзі, якія адчувалі трывогу, не проста любілі, а абажалі яго. Астроўскі быў у іх богам. Садоўскі, Шумскі і Самарын — апосталамі. Але і тут не было поўнага «ансамбля», і тут заўсёды грашылі ў сэнсе дэкарацыі, гістарычнай праўды, касцюмаў. Волаты ігралі побач з пігмеямі. І Алесь не мог не думаць, наколькі нават гэты тэатр у адносінах да ансамбля, да вернасці, аксесуараў, да сыгранасці — наколькі ён ніжэй за тэатр у Вежы. Такіх мужчын у Вежы, вядома, не было, калі казаць аб коміках (хто мог стаць побач з Провам Садоўскім?!), але затое якія слабыя былі актрысы ў параўнанні з Геленай! Нават Фядотава.

Кульгала і рэжысёрская частка. Паўзы і збоі часам былі нясцерпныя.

…Калі так было ў лепшым тэатры — што ўжо было казаць аб астатніх.

Оперная расейская трупа літаральна жывацела, бо яе забівалі італьянцы. Bel canto* відавочна перамагала слабую яшчэ расейскую школу. Нікога не цікавіў сэнс слоў і гульня акцёраў.

* Стыль вакальнага выканання, што вызначаецца спявучасцю і лёгкасцю.

Антрэпрэнёр Марэлі пры ўпамінанні расейскай трупы і расейскай музыкі пагардліва крывіў вусны. І, у пэўнай меры, меў рацыю. Добрых галасоў амаль не было. Дэкарацыі былі зацяганыя і бедныя. Халатнасць і абыякавасць трупы і кіраўнікоў кідаліся адразу ў вочы. І таму партэр амаль пуставаў, ложы наведваліся па кантрамарках, і толькі на галёрцы была сякая-такая публіка.

Слабы бедны хор з абрыдлівымі галасамі: басы, якія равуць, як бугаі на арэне, поўная нясыгранасць — глядзець на ўсё гэта было балюча. Словы «тише, тише» спявалі на самых высокіх нотах. Пры словах «бежим, спешим» стаялі на месцы. Плявацца хацелася.

Алеінавыя лямпы люстраў часта лопаліся і дымелі. Калі ў царскія дні палілі замест іх свечы — на галовы гледачоў плыў стэарын. Сеткі пад люстрай яшчэ не было, і часам гарачыя асколкі лямпавага шкла падалі на людзей.

І, галоўнае, нічым гэтага, па агульнай абыякавасці, нельга было выправіць. Да таго ж дурні з цэнзуры літаральна рэзалі ўсё свежае. Даходзіла да недарэчнасцей нават у дробязях. Назва оперы па-італьянску заставалася той самай (усё адно Іван не разбярэцца), а на расейскую мову перакладалася зусім іначай. Нашто ўпамінаць такое небяспечнае імя, як «Вільгельм Тэль», — хай опера завецца «Карл Смелы».

Нашто бузаваць царкву, упамінаючы назву «Прарок»? Гэта ж блюзнерства! Няхай завецца «Аблогай Гента».

…Тое самае, што з тэатрам, адбывалася і ў мастацтве, і ў архітэктуры, і паўсюль. І, аднак, людзі не зважалі на гэта.

Яны маглі дазволіць сабе такое. Алесь — не мог.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

У самым канцы масніцы Чыўін, урэшце, завітаў у гасцініцу Наватроіцкага тракціра. Тады, калі Алесь перастаў нават спадзявацца на гэта, хаця і не ведаў, нашто было старому клясціся ў тым, што абавязкова дапаможа, браць на душу незамольны грэх.

— Што так доўга, Дзяніс Авакумыч?

— Загадзя грэх замольваў, — стрымана ўсміхнуўся стары. — Бо зараз з табою паедзем, княжа, мацаць ніканіянскую Маскву, тытунніцу, вавілонскую блудніцу.

— Ці не занадта строга?

— Чаго строга? Тры лястоўкі перабраў. Паклонаў тых тысячы адбіў. Блудніца — блудніца і ёсць. Адным тытунём надыхаешся, як антыхрыст Пятруха.

Алесю смяяцца хацелася. Але ён маўчаў.

…Клікнулі Макара. Пакуль збіраліся — стары, нібы яго і не датычылася, сказаў Загорскаму:

— З фурманам табе пашанцавала. П'е ў меру. Язык — вузлом. Ні агароўскія і ніякія другія людцы да яго і не падступайся: справы гаспадара не прадасць.

— Хіба падступаліся?

— Яны да ўсіх падступаюцца… Але гэты ім даў ад варот паварот. Папярэдні гаспадар аб ім кажа: спадзявайцеся.

«Вось якія ты паклоны біў», — падумаў Алесь, а ўголас сказаў:

— Ды, уласна, чаго мне баяцца? Я не патаемнае раблю.

Вочкі старога глядзелі на Алеся нібы зусім абыякава.

— Дый я не кажу, што конча трэба баяцца… Што табе, скажам, у агароўскіх людзях ці іншых?… Гэтыя нам, абывацелям, абарона, дадзеная гасударам. — Чыўін дазволіў сабе трохі ўсміхнуцца. — Але ж ты збіраешся зведаць горад аж да апошняга. Табе трэба будзе з усімі сустрэцца. Ну, скажам, ахотнарадскія мамаі з птушыных бойняў табе ні да чаго. Ну, скажам, гандляры з Кузнецкага моста — бясшкодны народ. Але ж мы потым у Старыя рады пойдзем. А там, у Нажовай лініі, свежаму чалавеку і не сунься — крыссе аддзяруць ды яшчэ і аблаюць. А ў «Горадзе» і ўвогуле бяда. А з сухарэўскімі гандлярамі — ратуй нас Божа. А ўжо калі надумаеш спусціцца ў Ніжні горад, у Зараддзе, або пашукаць нешта па «цёмных» крамах — тут за спіною патрэбен чалавек з пудовымі кулакамі.

— Нашто нам туды? — сказаў Алесь. — У цябе ж, пэўна, Дзяніс Авакумыч, і між рагожскіх сувязяў поўна.

Чыўін раптам пасуровеў. Нават вочы, здаецца, пасуровелі і павялічыліся.

— Гэх, князь. Рагожскіх гоняць. У царквах нашых — врата запечатленныя. Байкі на нас розныя кажуць. Мы — ізуверы, мы — начотчыкі. Кожнае сцерво можа ў нас каменіем лукануць… А ты, княжа, паглядзі, паглядзі спачатку на гэтае царства мамоны, на бліннікаў гэтых, на паддзячых… Садом, кажуць, малы гарадок быў. Масква ў тысячу разоў большая… там праведнікаў было, Лот, ды жонка, ды тры дачкі: пяць чалавек. То і ў нас не лепей. Пяць тысяч праведнікаў знойдзецца, а астатняе — сернага агню просіць. Жабракі з голаду здыхаюць, мяшчане крадуць, каб не здохнуць, п'юць, сем'і катуюць. Паліцыя горш за агаран — сабак на варотах вешае. Чыноўнікі — крапіўнае семя, чарнільныя пацукі, п'яўкі антыхрыставы. Ты помні, расейскі чыноўнік — падлец. Не ў тым справа, што ён законы ведае, а ў тым, што ведае, як іх абысці… Купцы ў нас — сам убачыш якія… Гніламясыя цвердазады… Пра панства і казаць няма чаго… Вось ты гэта і паглядзі, каб потым ведаў, каму тут можна верыць, у гэтай яміне выграбной, нячышчанай: падлаедам гэтым ці нам «ізуверам».

І раптам, чаго ніколі больш не дазволіў сабе, паклаў руку на руку Алеся.

— Паглядзі… Можа, з часам і прыдасца.

— Пагляджу, — сур'ёзна сказаў Алесь. — Значыцца, перш чым за справу, на паглядзелкі пойдзем?

— Трэба, — сказаў стары. — Бо невядома ўжо, на якога Месію спадзявацца нам.

— Хіба адным вам?

— Ого, каб гэта адным. Так што ты спусціся, бацюхна, у пекла… аж да адкідных каналаў… куды трупы абрабаваныя кожную ноч кідаюць… не адзін і не два… Паглядзі, што ўжо далей рабіць, на якога спадзявацца бога.

Алесь думаў над словамі купца і разумеў, што той, відаць, за гэтыя дні меў нараду з кімсьці са значных людзей, ды, магчыма, і не з адным. І гэтыя людзі, параіўшыся, вырашылі, што князь Загорскі ім патрэбен. Такія вось, багатыя, уладу маючыя, цярпімыя і памяркоўныя да гнанай, загаджанай веры і, адначасова, выключна абазнаныя ў ёй, — трапляліся ім вельмі рэдка.

Ва ўсякім разе, калі б вырашалася пытанне аб сухадольскіх раскольнічых вёсках, каб людзей з гэтых вёсак вырашылі б пакрыўдзіць — галоўную ўвагу мела б слова гаспадара ўсіх гэтых земляў, яго, Алеся.

Загорскі не ведаў толькі, што Чыўін ні з кім не раіўся і вырашыў усё на свой страх і сваю рызыку. Алесь здагадаўся аб ходзе ягоных думак, але Чыўін быў страляны ліс. Хаця сярод старавераў і не вадзілася ніколі даносаў, бо дапамагаць слугам антыхрыста лічылася смяротным грахом, — ён вырашыў, што лепей будзе, калі аб усім гэтым будзе ведаць меншая колькасць людзей. Два рагожскія папы адразу былі выкрасленыя ім са спіска давераных. Іван Мацвеевіч быў надзейны, але размазня і дапамагчы ўсё роўна нічым не мог. Другі, Пётр Ярмілавіч, быў куражны, самадур, які вечна пагражаў парафіі пераходам у адзінавер'е, што скора і здарылася, пасля чаго ўлады «запечатлелі» і апошнія рагожскія і іншыя алтары.

Чыўін, на выпадак, калі ўсё ж спатрэбіцца падземная, амаль усемагутная сетка дрэўлепрэпраслаўленай дапамогі, звярнуўся толькі да аднаго чалавека, і гэтым чалавекам была, як гэта ні дзіўна, жанчына. Але цвёрдасці языка гэтай жанчыны маглі б пазайздросціць і «божыя маўчальнікі».

На рагожскіх могілках жыла «Матка», слуп веры, апора дрэўлега благачэсця, маці Пульхерыя, чалавек неабмежаванай улады, абазнаная ў справах зямных толькі трохі менш, чым сам уседзяржыцель.

Чыўін спытаў у яе ўскосна, ці можа ён дабіцца прыхільнасці вельмі магутнага ў заходнім краі чалавека, і, без адзінага пытання, без адзінага слова, атрымаў бласлаўленне на гэты крок.

Урэшце ён мог бы абысціся нават і без гэтага.

…Яны выйшлі на вуліцу. Іллінка была даволі пустая. Толькі з боку мізэрнага будынка старой біржы ехала некалькі багатых рысакоў: відаць, купцы везлі ў Наватроіцкі тракцір нейкага прыезджага іншаземца. Ніводны такі, калі быў значнай асобай, не мінаў лепшага з маскоўскіх тракціраў.

«Вялікі Маскоўскі», гурынскі, славіўся найлепшай кухняй і дзівосным квасам, «Цестаўскі», што ў доме Патрыкеева, лепшым аркестрыёнам, тракцір Ягорава, што ў Ахотным радзе — адсутнасцю тытунёвага дыму, непараўнальным кітайскім «лянсінам» і «варонінскімі», лепшымі ў свеце блінамі.

Але такога расейскага, такога багатага і, адначасова, утульнага тракціра, як Наватроіцкі, больш не было. У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй.

…Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых).

— То паедзем, — сказаў Чыўін. — Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль — у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым — на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым.

— Давай.

Кірдун, што ставіўся да Чыўіна, як і да ўсіх Алесевых знаёмых, вельмі раўніва, толькі соп ад гэтай бесцырымоннасці.

Сані крануліся. Багатая Іллінка, маскоўскае «сіці», плыла перад вачыма. Мянялы-скапцы сядзелі пад паветкамі. У магазіне багатыроў Булачкіных цьмяна блішчала ў пахмурным святле срэбра. Пералівамі мастацкай парчы ззяла за вокнамі вялізная Сапожнікаўская лаўка. І на ўсё гэта церушыўся з неба мокры снег.

— На Варварку варочаць нам няма чаго, — сказаў Чыўін. — Там воск, перцы-шмерцы ды оптавая бакалея. А гандляры ўсё больш былыя прыгонныя Шарамецева. Не адпускаў. Яны амаль усе тысячнікі, а многія нават мільёншчыкі, то яму пахвальна было, што ў яго мужыкі мільёнамі варочаюць. Вось цяпер, як прыгон адмянілі, то і кусай локці. Ды што яму? Багатыр? Роўны, відаць, вам па багаццю. А ў цябе мільёншчыкі былі?

— Пры бацьку — былі. Дванаццаць чалавек. Ды я іх адразу выпусціў.

— Без выкупу?

— Але. Толькі прымусіў, каб кожны для бедных аднавяскоўцаў купіў па валоцы зямлі ды па каню. І хаты пабудаваў.

— Прадзешавіў, князь. Яны б і дзесяць тысяч за волю кожны заплаціў.

— Я за гэтым не гнаўся. Яны нават аброку менш шарамецеўскіх плацілі… Пяцьдзесят у год.

— То добра. А ото, бачыш, царква Іаана Багаслова, што пад вязам. Бачыш, гандаль. Тут гатовае адзенне купляюць. Можна драніну купіць, бо падмануць на ўсе чатыры коркі. А можна і добрае. Кажухі часам нішто сабе.

Загорскі дакрануўся да пляча Кірдуна. Халімон непрыкметна схіліў галаву. Вечарам ён павінен перадаць гэта Маеўскаму, і тады «купец. Вакх» закупіць тут дзве тысячы кажухоў. Пашыць такую вялізную колькасць на месцы, у Прыдняпроўі, нельга было, не абудзіўшы чутак. Швальні Загорскага пад маркай «абшывання слуг малодшых радоў» маглі пашыць не больш як пяць соцень цёплых кажушаных чуг. Ды частку замовілі ў розных месцах.

Паварацілі на Нікольскую, да Багаяўленскага манастыра. Тут калыхаўся натоўп: ішоў гандаль сталёвымі і меднымі вырабамі, галоўным чынам, тульскімі. Цьмяна блішчалі самавары — ад пяцівядзёрных, «чыгуначных», да самых малых; вязкамі, як лыка пад мужыцкай страхой, віселі стрэльбавыя ствалы. У глыбіні ятак, як тарань, серабрыліся бліскучыя нажы, суседнічалі з прыборамі для дзвераў і шэрагамі паляўнічых дубальтовак.

Чыўін часта загадваў спыніць коней, таргаваўся з гаспадарамі, запэўніваў, угаворваў і ледзь толькі не бажыўся — бо грэх. Калі ад'язджалі ад кожнага такога месца — гаспадар крамы клікаў грузчыкаў, расейцаў і татар, і яны пачыналі насіць на вазы «гужавых» рамізнікаў, што стаялі паўздоўж усіх падвор'яў, рагожныя кулі.

Везлі іх на Чыжоўскае падвор'е, дзе Кірдун днямі зняў складское памяшканне.

Алесь браў у рукі варанёныя ці пасрэбленыя ствалы, мерыўся, ці ёмісты прыклад. Даўняя звычка да зброі давала яму магчымасць беспамылкова адрозніць бліскучую дрэнь для навічкоў ад простых, але сапраўдных стрэльбаў «на знаўцу». Куплялі, аднак, з перасцярогай: пяць — восем вышэйшага класа стрэльбаў у кожнай краме. Гэта не была зброяй для «ўсіх». Гэта была зброя «застрэльшчыкаў», найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць.

Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль — оптавы.

— Вялікімі мільёнамі варочаюць, — сказаў Чыўін. — Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць.

— Чаго брэшаш? — сказаў Макар. — Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было.

— І гэта праўда. Ці надоўга толькі?

Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі — так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі.

Яны тут трохі завязнулі па віне Алеся. Той заходзіў ледзь не ў кожную краму, і пасля кожнай такой візіты ў нагах седакоў прыбаўлялася кніг. Кірдун усё больш суровеў і ўрэшце не вытрымаў. Дачакаўся, пакуль яны засталіся адны перад дзвярыма чарговай крамы, і ціха сказаў:

— Нашто яны табе? Для агню купляць?

Алесь вінавата паціснуў плячыма:

— Не магу. Ты паглядзі, якія ў гэтых кніжнікаў нячыстыя лапы.

— Магчыма, разам з хатамі нашымі яны згараць, кнігі, — сказаў Халімон.

— Згараць і тут.

— Кіньце, паніч.

— Згараць. Набярэ такі кніг, носіць-носіць — ніхто не купляе. То ён тады ў двары вогнішча раскладвае і — «час абнавіць таварац». І пайшло ўсё гэта ў полымя. А тут глядзі — элзевіры*, масонскія выданні, «Духоўны рыцар».

* Элзевіры — кнігі, надрукаваныя ў друкарні Эльзевіраў у Галандыі (ХVІ-ХVІІ стст.). Вызначаюцца дзівоснай прыгажосцю і вытанчанасцю шрыфтоў.

Сапраўды, сярод лубачных кніг ляжалі містычныя новікаўскія выданні, кнігі па хірамантыі і фізіягноміцы, Златавуставы Маргарыты, Чэцці Мінеі яшчэ даніканаўскіх часоў. Чыўін, разглядаючы апошнія, толькі аблізваўся. Аж пакуль Загорскі не загадаў яму ўзяць іх сабе. А над усёй гэтай раскошай ляцелі прарэзлівыя або рыпучыя галасы: нібы падлаеды балявалі над трупамі:

— Вось лубкі-лубкі!

— Вось купец у трубу вылецеў. Чобаты буракамі, за цыліндр — рукамі, у тых, хто глядзіць, — морды дуракамі.

— А вось муж на жонцы дровы з лесу вязе. Купі, мужык, каб жонка ўбораў не прасіла.

— А — фонская гара, а — фонская гара, — ільецца ялейны галасок. — Страшны суд… Цьма непрасвяцімая; вогнь неўгасімы, скрэжат зубоўны. Змяя зялёная грэшнікаў смокча.

Зялёныя былі не толькі змеі. Зялёнае было, разам з дрэвамі, неба на лубках. Ехаў, галавою пад аблокі, храбры праваслаўны генерал, а салдаты былі не вышэй капытоў ягонага каня, як на эгіпецкіх барэльефах воіны побач з фараонам. Ружовая палоса — твары салдат, чырвоная — каўнеры, блакітная — рака, па якой яны ідуць, разам з салдацкімі чобатамі.

— Пэцканіна сатанінская, — злаваўся Чыўін. — Дакаціліся. Пасля Дзіянісія, пасля Рублёва — боскага, пасля Суждальскага ўзорач'я — Аніка-воін ды генералы дурныя.

— Рублёва ў кожную сялянскую хату не павесіш, — сказаў Алесь.

— То лепей зусім нічога не вешаць. Адзін разны коўш з бярозавага наплыву варты ўсёй гэтай брыды.

— І тое праўда.

На кніжных рынках купцы Лабкоў і Хлудаў сабралі сабе неацэнныя бібліятэкі. На кніжных рынках быў сапсуты густ двох ці трох народных пакаленняў.

…Масляная адыходзіла. І, нягледзечы на тое, што на гуляннях усё яшчэ круціліся каруселі, бойка гандлявалі ласункамі, нягледзячы на тое, што з балаганаў даляталі стрэлы з драўляных гармат і сапраўдных стрэльбаў — аж з усіх шчылін шатра валіў парахавы дым (давалі «Узяцце Карса» і «Бітву расейцаў з кабардзінцамі»), — ва ўсім быў няўлоўны сум.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7