Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Койданава (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Адам Глебус / Койданава (на белорусском языке) - Чтение (стр. 4)
Автор: Адам Глебус
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Хмары разыдуцца. Па блiскавiчным асфальце, прытанцоўваючы, пад зорамi Сава з Цiмам рушаць на Маскву.
      У паўпустым абшарпаным вагоне метро Сава згледзiць першую ахвяру: смуглявую невысокую маладзiцу з цылiндрычным футаралам для чарцяжоў. Чарнявая маладзiчка хутка заўважыць нядобрыя зiркi нацятага Савы i паспрабуе ўцячы. З метро яна выйдзе на асветлены праспект, а з яго рэзка заверне ў прахадны двор. Сава дагонiць маладзiцу ў чэзлым скверыку i важкiм ударам у скроню прымусiць скурчыцца на растрэсканым асфальце. Футарал адкоцiцца ў пясочнiцу ды ляжа там, нiбыта забытая дзецьмi цацка. Сава забярэ ў маладзiцы гадзiннiк, шлюбны пярсцёнак i скураную сумачку. Футарал ён пакiне ў пяску, а сумачку растрыбушыць на сметнiку за тры кварталы ад месца, дзе тварылася злачынства. Цiма, агаломшаны ўбачаным, будзе iсцi за Савам, як прыблудны, ужо раз прагнаны сабака. Здарэнне так перапалохае Цiму, што ён, пераляканы, ажно перастане бачыць колеры, i свет паўстане для яго ў шарым аблiччы.
      Першую маскоўскую ноч хлопцы пераседзяць на гарышчы вялiкай будынiны, па-над станцыяй метро "Смаленская". Разаслаўшы кардонныя скрынкi з-пад садавiны, Саўка засне. Цiма будзе ўслухоўвацца ў прапыленае чарноцце. А цi ж не iдуць мiлiцыянты iх арыштоўваць? Ён i пабудзiць Саву, як толькi пачуе ў двары радасны брэх кватэрных сабак, якiх павыводзяць на шпацыр. Абураючыся кучкамi сабачага гною, пакiнутага чатырохлапымi сябрамi гараджан, Сава прывядзе Цiму на Беларускi вакзал, дзе ў неахайнай цырульнi хлопцы пастрыгуцца. Каратканогаму цырульнiку ў бруднаватым расшпiленым халаце Сава загадае пагалiць свае рэдкiя вусы. У трэснутую чарупiну разам з густым мыльным шумам паляцiць i тое, чым яшчэ ўчора Сава намерваўся ганарыцца. Пах таннага адэкалону хлопцы панясуць у прывакзальны гастраном, дзе набяруць абаранкаў i пакетаў малака. Паснедаюць яны ў альтанцы, што ў дваровым калодзежы, прапахлым да дурноцця гастраномным начыннем. Закурыўшы пасля перакускi, Сава плюне на дашчанае дно альтанкi i скажа, што варта пашукаць новае месца начлегу, бо гарышча пыльнае, а спаць на скрынях мулка ды холадна.
      Паселяцца хлопцы ў iнтэрнаце, дзе камендантам будзе працаваць далёкi сваяк Савы. Гэтаму вялiкагаловаму кульгаваму сваяку Сава будзе доўга тлумачыць пра свае намеры паступiць у вайсковую вучэльню i пра тое, што iспыты пачнуцца праз тыдзень, таму ў вайсковы iнтэрнат не пусцiлi. Камендант пашкрабе пазногцем цемя, напэўна, не паверыць нiводнаму слоўцу, але пакульгае да кладоўкi дый разам з ключом ад пакоя выдасць коўдры, падушкi, бялiзну i электрачайнiк з пагнутай дзюбай. Пакой будзе такi вузкi, што ў iм ледзь уцiснуцца два ложкi ды тумбачка. Займеўшы жытло, Сава пакiне Цiму засцiлаць ложкi, а сам злётае ў гастраном па пiва i гарэлку. Пакуль хлопцы каўтацьмуць саракаградусную вадкасць i запiвацьмуць яе перастаялым пiвам, брыдкаваты камендант раскажа пра любоўныя прыгоды са студэнткамi.
      Пару дзяўчат, якiм не хапiла месца ў iнтэрнаце, камендант пускаў жыць у вузкi, што школьны пенал, пакойчык i замест кватэрнай платы браў з iх каханнем. Што мне тыя паперкi з Ленiным? Я з цялушак натураю патрабаваў. Не мучыў шмат. Але раз на тыдзень ногi раскiнь! Камендант задаволена пакрэктваў ад слодычы ўспамiнаў. А каб якая адмовiлася? Не было!
      Выпiўшы гарэлкi з пiвам, Сава ляжацьме пад расчыненым акном i разоў з дзесяць паўторыць, што iм вельмi падфарцiла, бо пакой на першым паверсе, i калi хто прыходзiць i выходзiць - не вiдаць. Праспяць Сава i Цiма да самае ночы.
      У цёмную Маскву хлопцы вылезуць праз акно. Сава запрапануе пачакаць каля вайсковае часткi якога п'янага афiцэра цi прапаршчыка. Частку ён запрыкмецiў яшчэ ўдзень, калi хадзiў па пiтво. Не праседзяць хлопцы i дзесяцi хвiлiн у прыдарожных хмызах, як убачаць тоўстага, нiбыта напампаванага тлушчам, маленькага афiцэра ў ссунутай на патылiцу фуражцы з аколышам колеру запечанай крывi. Афiцэр выкацiцца з кантрольна-прапускнога пункта i, хiстаючыся дый падскокваючы, пойдзе да тралейбуснага прыпынку. Важкi дыпламат будзе пагойдвацца на сагнутым у крук пальцы. Афiцэр будзе такi п'яны, што здасца, ён вось-вось заскавыча на ўсю вулiцу прыпеўку. Таўстун i заспяваў бы, але Сава лясне яму цаглiнаю ў патылiцу, калi афiцэр зацурболiць у бэзавых хмызах. Сытае цела шорстка асунецца ў палыновыя ды крапiўныя стамбуры. Лежачы на зямлi, непрытомны вайсковец будзе ўсё адно спраўляць патрэбу. Спрытны Сава адкiне цаглiну i павыцягвае з афiцэравых кiшэняў дакументы i партманетку. А перапужанага Цiму ён прымусiць валачы дыпламат.
      Цiма, лежачы на ложку i гледзячы ў шарую столь, пачне ўгаворваць Саву больш не рабаваць людзей. Ён папросiць адпусцiць яго назад, у Койданава, дзе ў царкве ён замолiць як свае, так i Сававы грахi. Грэшнiк адно пасмяецца з Цiмкавага скавытання i паабяцае, калi ныццё не супынiцца, паабдзiраць вушы дый завязаць на вузел шланг, якi целяпаецца памiж ног.
      Цiма сцiхне.
      За выцягнутае з афiцэравых кiшэняў i дыпламата хлопцы справяць новыя кашулi i нагавiцы. Сава раскашэлiцца i на скураныя чаравiкi, а вось Цiма застанецца ў стаптаных чобатах. Яму выберуць абутак пасля рабавання прасторнай, на шэсць пакояў, кватэры. Да справы Сава будзе рыхтавацца ажно тры днi, а не тры хвiлiны, як да папярэднiх. Ён выбера дом у цэнтры Масквы, той самы, над станцыяй "Смаленская", дзе хлопцы перакiмарылi першую ноч. Сава абыдзе ўсе пад'езды з размаляванымi ў анёлы i вiнаград лiфтамi, паторгае дзверы, аблазiць сутарэннi ды гарышчы, паходзiць па даху i пазнаёмiцца з прыбiральшчыкам, барадатым, яшчэ не старым мужчынам у акулярах з трэснутым шклом на правым воку.
      Прыбiральшчык будзе жыць у паўпадвале, бо калi ён вярнуўся з псiхiятрычнай клiнiкi, дзе спрабаваў вылекавацца ад алкагалiзму, дык жонка не пусцiла ў кватэру. На працу ў канструктарскае бюро не аднавiлi, давялося адукаванаму чалавеку ўзяць замест цыркуля венiк. Жонка выйшла замуж за журналiста i з'ехала ў Камерун, а ў шыкоўнай кватэры засталiся толькi цешча з цесцем, якiх прыбiральшчык сустракае кожную ранiцу, калi тыя клэпаюць па малако. Яны не вiтаюцца.
      Сумнае апавяданне Сава пачуе за пляшкаю вiна ў паўпадвале, дзе раскажа пра сур'ёзныя намеры паступаць вучыцца на гiстарычны факультэт. П'яненькi iнтэлiгент расчулiцца i прапануе пажыць у яго, а не шукаць кватэру за невядома якiя грошы. Ты збiраешся знайсцi ў гэтым доме кватэру? Прыбiральшчык заперхае пракураным смехам. Ён не здагадаецца, што Сава не збiраецца здымаць кватэру, а намерваецца яе абрабаваць.
      Сава з Цiмам дачакаюцца, стаiўшыся за сеткаю лiфтавай шахты, пакуль з кватэры сыдуць гаспадары: дзядок з казлiнай бародкаю ды гарбаценькая старая ў бялюткiх летуценных гольфах. Зачыненыя на два замкi дзверы Сава вынесе абцасам з трэцяга ўдару. Залацiстыя стрэмкi ўпрыгожаць шлях. На ўсё - тры хвiлiны, прасiпiць Сава i кiнецца ў цемнаваты, прапахлы лекамi калiдор. За тры хвiлiны ён паспее натаптаць у вялiзную валiзу розных рознасцей, ад футра да завушнiц. А Цiма так i прастаiць скамянелы каля знявечаных, ашчэраных стрэмкамi дзвярэй.
      Валiзу з нарабаваным Сава разбiрацьме ў камендантавай кладоўцы. Той будзе скрэбцi цемя, не хочучы заплацiць Саву запатрабаваныя грошы. Пярэчаннi Цiма падслухае праз тонкiя дыктавыя дзверы, калi будзе сядзець на iнтэрнацкiм падваконнi. Сава выйдзе радасны. Хлопцы вернуць кульгаваму каменданту падушкi, коўдры, брудную бялiзну i чайнiк з крывым носiкам.
      З iнтэрната Сава з Цiмам папрастуюць на Беларускi вакзал. Хлопцы стаяцьмуць у чарзе па квiткi, калi Сава заўважыць, як вуграваты хлапчук лезе ў разяўлены партфель да ўзмакрэлага, стомленага вакзальнай каламесаю дзядзькi. Сава пакiне Цiму ў чарзе, а сам пойдзе за кiшэнным злодзеем. Спрацуе мiлiцыянцкая генетыка. Цiма сцiскацьме ў кулаку пругкiя кардонкi жаданых квiткоў да Менска, калi слых зловiць далёкi лямант. Вантробамi ўчуўшы нядобрае, ён подбегам памкнецца на крыкi. Працiснецца праз гудлiвы натоўп цiкаўных разявак i пабачыць на рудой кафлянай падлозе ў вакзальнай прыбiральнi Саву. Раскiнутае цела ў новенькай, толькi з крамы, вопратцы будзе ляжаць у плыткай лужыне. Над кадыком будзе чарнець эбанiтавая тронка нажа. Таго самага, якi не змог знайсцi на жыдоўскiх могiлках Цiма.
      Саву не любiлi ў Койданаве, не было за што. Нават баба Анця не заплакала па сваiм адзiным унуку, зарэзаным у Маскве.
      Злы ён быў, твой Сава. Злы, як рысь. Прашамкае старая ў расчырванелы п'яны тварык Цiмы. Той не адкажа, Цiма засне, паклаўшы галаву на бедны жалобны стол.
      ЯДЗЯ
      Апавяданне-кронiка
      У Ядвiгi Александровiч укралi дачку...
      Здарылася тое ў Магiлеве, у 1940 годзе. А ў горадзе на Дняпры сям'я Александровiчаў апынулася прымусова. Яе выслалi з вёскi Рудзiца, што ў Койданаўскiм раёне, якi з ласкi Сталiна ды Пiлсудскага зрабiлi польскiм рэгiёнам. Выслалi з-за драбязы, хоць i наважвалiся выслаць сур'ёзна, i не ў беларускi абласны цэнтр, а ў галодную Расею, за Ўрал.
      Бацька Ядзi, Ян, трымаў кузню i жыў заможна. Вясковая кузня на той час, як аўтарамонтная майстэрня зараз, а можа i больш. Ну, хто такi селянiн без каня? Нi ўзараць, нi пабаранаваць, нi дроў на зiму прывезцi. А чаго варты непадкаваны конь? Дзяцей на падворку пакатаеш, i больш нiчога з яго не возьмеш. Дык на баране цi кабане дзецям весялей пракацiцца. Хто-хто, а дачка Яна Александровiча пакаталася на конях. Ледзь не кожны дзень прыводзiлi iх да кузнi. Лiха iх бярэ, з гнутымi падковамi: цi адна адвалiцца, цi другая пачне па зямлi ляпаць, а iх, жалязяк, на аднаго каня ажно чатыры падавай. "Добра, што не шэсць!" - жартаваў каваль Ян Александровiч. А майстра быў адмысловы, ён вам i замок можа выштукаваць, згубiш ключ - не адчынiш, i жырандолю выкаваць, i крыж з прамянiстым сонцам на магiле паставiць. Нораў, праўда, меў татарскi, блiсне гругановым вокам - не падлазь. Наравiстасць i ўпартасць да Ядвiгi перайшла; што ж тут дзiўнага, дзiця ў кузнi гадавалася, бацька ёй на сняданак гусiнае яйка на вуголлях у жалезнай конаўцы варыў. Але ўпартых i наравiстых чамусьцi паважаюць. Любiлi i шанавалi каваля не толькi ў каталiцкай шляхецкай Рудзiцы, але i ў суседняй, бяднейшай, праваслаўнай вёсцы Бакiнава.
      Той самай вёсачцы, з якой паходзiць род слынных спадароў Шушкевiчаў. Адзiн з iх на школцы мемарыяльную дошку прышрубаваў, маўляў, тут вучыўся беларускi паэт Станiслаў Шушкевiч, i ўсё такое астатняе. Дошчачка, праўда, нягеглая, на фанерцы намаляваная, толькi паэт не вiнаваты, ён сумленна пiсаў заяву ў Саюз пiсьменнiкаў, каб выдзелiлi грошы на бронзавую дошку. Адмовiлi паэту Станiславу. А цяпер кiраўнiкi таго ж Саюза пiсьменнiкаў пiшуць просьбу паэтаваму сыну, старшынi Вярхоўнага Савета. А Станiслаў Станiслававiч Шушкевiч iм адмаўляе. I правiльна робiць. Трэба ж было ў свой час павесiць бронзавую дошку ў Бакiнаве. У той самай вёсцы, дзе паважалi каталiкi Яна з Рудзiцы, самавiтага гаспадара, якi не пiсаў заявы ў калгас, а жыў з кузнi i невялiкага надзелу зямлi. Дый колькi трэба працавiтаму чалавеку, калi ў сям'i толькi трое: жонка Ганна, дачка Ядвiга i сам гаспадар? Трэба не трэба, а самы лепшы дом у Рудзiцы паставiлi Александровiчы. Праз добры дом i пачалiся бядоты.
      "Александровiчы - кулакi! Iх трэба высяляць! Каваль эксплуатуе ў кузнi хлопца, Бронiка Кiсяля!" - думалi i казалi мясцовыя прыхiльнiкi камунiстычнага ладу. Толькi парабаваць Александровiчаў нескладана. Але хто тады коней у тым жа калгасе падкуе? Хто бароны i плугi адладзiць? Да каго пойдзеш па замок, каб замкнуць гербавую пячатку? Прыбяжыш да дзядзькi Яна i папросiш, i ў чарзе дзень-другi пачакаеш. "Усiм трэба, - ухмыльнецца ён у чорныя падкручаныя вусы. - Чым ты лепшы?" Не раскулачылi бальшавiкi Александровiчаў, але злосць прыхавалi.
      Толькi i каваль, як той казаў, у шапку не соп. Задумаў ён на сваёй зямлi замацавацца яшчэ больш трывала. План склаў просты, але па-татарску жорсткi. Недарма ж у жылах Александровiчаў цякла азiяцкая кроў. У пашпартах яны як каталiкi былi запiсаныя палякамi, але душу мелi тутэйшую. Што той пашпарт? Кардонка размаляваная з паперкамi праштэмпеляванымi. Толькi ведаў каваль сiлу паперы, да якой прыкладалiся дзяржаўныя пячаткi. Ён i хацеў выкарыстаць папяровую моц. А шлях абраў такi: выдаць белатварую рыжую прыгожую Ядзю замуж за чырвонага афiцэра-памежнiка Ўладзiмiра Глобуса. Памежнiк месяцы са тры як пачаў заляцацца да Ядвiгi. Мяжа ляжала зусiм побач з Рудзiцаю, пад Негарэлым. Да заставы ад вёскi i кiламетра не было. Вось афiцэрык i панадзiўся на вячоркi прыходзiць. Сумна ў казарме, а тут гармонiк, танцы i дзяўчаты. Быў спадар Глобус хоць i невысокi, але дужы i зграбны, i адукацыю цывiльную паспеў займець - фiнансавы тэхнiкум скончыў.
      Усю ноч бацька з дачкою прагаварылi, зачынiўшыся ў кузнi. Не хацелася Ядзi iсцi за праваслаўнага, дый у дадатак бальшавiка. Але сям'я - перш за ўсё. Дый афiцэр, што нi кажы, а не салдат. Вось i згулялi ў Рудзiцы сумнаватае вяселле.
      I года не мiнула пасля гулянкi, а ў Ядвiгi нарадзiлася дачка, Нiначка, якую i ўкралi ў Магiлеве...
      А пасля вяселля Ўладзiмiр Глобус пераехаў жыць у светлы i вялiкi дом Александровiчаў. Каваль жа супакоiўся, бо верыў, што нiякая паскудзiна яго з роднага дома не пагонiць. Толькi iнакш лёс Александровiчаў павярнуўся.
      У суседзяў Кiсялёў таксама мелася грымець вяселле. Бронiк, якi ў кузнi за памочнiка хадзiў, вырашыў узяць дзяўчыну з Бакiнава. I браў яе старэйшы сын Кiсялёў не проста, а насуперак бацькам i Ядзi, каб адпомсцiць, бо адну яе, рыжую, кахаў. А вяселле, я мяркую, - справа сур'ёзная. Да яго загадзя рыхтуюцца, похапкам не зробiш, каб не асарамацiцца. А што на вяселлi галоўнае? Маладая з маладым, госцi, ну, i чарка з закускаю. Чаго-чаго, а закускi ў Рудзiцы, дзякуй Богу, хапала. Варта ж толькi згадаць рудзiцкi кiндзюк, гэта калi ў свiны сiкуновы пухiр набiваюць каўбаснае начынне - мяса, сэрца, дробна накрышанае сала, ныркi, часнок з кменам. А потым гэты круглы, як гарбуз, выраб падсушваецца на гарышчы. Ядуць кiндзюк на вялiкае свята. Александровiчы на вяселлi паставiлi на стол ажно тры кiндзюкi! Але колькi з'ясi, калi запiваць не будзеш? А ў суседняй беларускай Польшчы, як на грэх, налiўка i вiно таннейшыя, а гарэлка з самагонкаю каштавалi больш.
      Старэйшы з Кiсялёў - Вацлаў - угаварыў старэйшага з Александровiчаў - Яна - прагуляцца па лесе за мяжу. Намянялi дзядзькi гарэлкi ў жыдоўскай манапольцы. А калi вярталiся, дык сутыкнулiся лоб у лоб з бальшавiцкiм памежнiкам. Каб не Янаў зяцёк, Уладзiмiр Глобус, пасадзiлi б дзядзькоў гадоў на пятнаццаць, тады якраз такiя тэрмiны любiлi прызначаць зашпiленыя на ўсе гузiкi пракуроры. Але ж недарма стары каваль думаў i маракаваў, калi дачку любую замуж выправiў. Выпусцiлi памежнiкi небаракаў кантрабандыстаў, але мясцовым уладам загадалi iх раскулачыць i выслаць.
      Трэба ж было бальшавiкам некага i некалi раскулачыць у Рудзiцы, калi паўсюль тое дурное коцiцца. У Александровiчаў забралi кузню i дом, а ў Кiсялёў - хату ды сталярню. Ляснулася вяселле! Гаспадароў вывезлi ў таварным вагоне ажно ў Архангельскую вобласць, а сем'i, дзякуючы намаганням афiцэра Глобуса, пакiнулi ўсё ж у Беларусi.
      Ядзя ўладкавалася на магiлеўскую швачную фабрыку i сказала, што Глобусавай нагi больш не будзе ў яе хаце. А Ўладзiмiр не паверыў i ўсiмi праўдамi i няпраўдамi дамогся пераводу на службу ў магiлеўскi банк. Толькi Ядвiга сапраўды не пусцiла свайго мужа на парог. "Бацьку майго адправiў у архангельскi лес, а сам да мяне прывалокся. Стаiць i не пачырванее. Сораму ў цябе няма i не будзе..." - "Пра дачку падумай", - спрабаваў пярэчыць Уладзiмiр, але ўсе ягоныя пярэчаннi скончылiся грукатам дзвярэй.
      Вось таму i падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Нiначка, i паляцела ў банк, i ўсчынiла такi лямант, што, пэўна ж, увесь Магiлеў чуў. Ядвiга крычала, што ўсе вайскоўцы - нелюдзi, што Божачка iх пакарае маланкамi спалiць i громам паб'е, а калi ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру i пасячэ афiцэра Ўладзiмiра Глобуса на дробную драбнiцу. Банкаўскiя кабеткi ледзь супакоiлi раз'ятраную жанчыну, ледзь угаварылi глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: "Не краў я дачкi. Далiбог не краў. Мацi да мяне прыязджала з Жылiхава. Тыдзень пажыла... Толькi нашто ёй тваё дзiця?" - "Яна! Яна дзiця звезла!" - захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснiлася.
      Толькi на чыгуначны вакзал яна спазнiлася, цягнiк на Менск з гадзiну як ад'ехаў. Але ж мацi за сваё дзiця нi ў якай бойцы не адступiцца. I таму ў Менску Ядзя чакала цягнiка на пероне. А даехала яна ў сталiцу на спадарожных...
      О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькi разоў яны выратоўвалi нас!
      А ў свой час дапамагалi яны i сем'ям Александровiчаў i Кiсялёў.
      Увосень 1941 года, калi ўсе канчаткова зразумелi: распачатая вайна бальшавiкоў з фашыстамi зацягнецца надоўга, i было зусiм няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, цi то немцы, цi то расейцы, - вось тады каваль Ян i сталяр Вацлаў уцяклi з Архангельскай вобласцi i дабралiся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалi спрабавалi ўтрымаць Магiлеў, але ўрэшце туды прыйшлi германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кiсель з Александровiчамi знайшлi пабiты грузавiчок, адрамантавалi, пакiдалi ў кузаў транты i рушылi на захад. Грузавiчок, што працаваў не на бензiне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Менскага раёна, i кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкi, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабiралiся сем'i ў сваю цiхую Рудзiцу. I дабралiся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалi без каваля i сталяра.
      Новыя ўладары свету вярнулi Александровiчам i кузню, у якой так нiхто i не распалiў горн без гаспадара, i зямлю, i дом, дзе камсамольчыкi паспелi зладзiць клуб - знеслi перагародкi i паставiлi ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгiя падкручаныя вусы, рахманы каваль раскiдаў камсамольскую сцэну, парабiў наноў перагародкi, адрамантаваў сёе-тое з мэблi, паставiў новыя замкi, i сям'я зажыла цiха-мiрна i працавiта.
      Яшчэ скажу, што Александровiчы i Кiсялi перад самай вайной паспелi параднiцца. Ядвiга, калi ганяла банкiра Глобуса, ужо мела намер пайсцi за Бронiка Кiсяля. Вяселля не рабiлi, Бронiк незаўважна перайшоў жыць да Ядзi, i ў iх нарадзiўся Вiцечка, толькi вось пражыло дзiця адно месяц i памерла ад запалення лёгкiх. Бронiк сам зрабiў труну i занёс пад пахаю на могiлкi.
      А праз якi тыдзень у Ядвiгi ўкралi дачку. I звезла яе афiцэрава мацi, бо, як тлумачыла яна на менскiм пероне раз'юшанай нявестцы: "Ты ж, Ядзечка, жанчына зусiм маладая. Знайшла сабе роўнага мужчыну i жывi з iм. А дзецi ў вас яшчэ знойдуцца. Жыццё наперадзе. А ўнучку я i сама выгадую. Ёй у нашым Жылiхаве лепей будзе, чым у вашым Магiлеве. Яна ж толькi замiнаць будзе. Аддай Нiну мне..." Не аддала Ядвiга дачкi Нiны, вярнулася з ёю ў Магiлеў, а там новая бяда чакае: Бронiка забралi ў бальшавiцкае войска i пагналi на Фiнскi фронт.
      I хай каму будзе за дзiва, але скажу, што праз сем месяцаў, ужо ў Рудзiцы, Ядвiга падаравала Нiне другога брата - Антона. З двума дзецьмi на руках Ядвiга перабралася ў Койданава, дзе на былым жыдоўскiм пляцы Кiсялi паставiлi дом.
      Жыдоў немцы выбiлi, дамы абрабавалi i спалiлi, i засталiся на ўскрайку мястэчка нiчыйныя сады i гароды. Кiсялям у якасцi кампенсацыi за "жыдоўска-бальшавiцкi, як пiсаў беларускi фашыст Ганько, тэрор" немцы прапанавалi абгарэлы сад разам з падмуркам, бо iхную сталярню камунiсты збяёдалi, а хату разабралi i распрадалi на дровы. "Каб яны ўчадзелi з тых дроў", - казала Маня, жонка старэйшага Кiсяля. Можа, яе праклёны i даляцелi з Магiлева ў Койданава, бо жыдоў i камунiстаў немцы пачалi страляць у першы дзень, як толькi прыйшлi.
      Пэўна, жыды ведалi, як абыходзiцца немец з iхнымi суродзiчамi ў Польшчы, i вось знайшоўся адзiн хлопчык, вось i зняў ён са сцяны бацькаву паляўнiчую стрэльбу, залез на гарышча i праз маленькае акенца пальнуў у афiцэра вялiкай i непераможнай Германii. Стрэлiў, трапiў i забiў вайскоўца, якi вёў у Койданава цэлы атрад узброеных шарагоўцаў. Полымя тады ўсю вулiцу i выкацiла. Хлопчыка разам з сям'ёю i суседзямi пастралялi. I засталiся на ўскрайку мястэчка чорныя пляцы, якiя немцы пачалi раздаваць сялянам з навакольных вёсак.
      Прыблiзна тое самае здарылася i ў Рудзiцы. Польскi партызан забiў, засек шабляю койданаўскага палiцыянта, якi прыйшоў да сваякоў на хрэсьбiны. Рудзiцкiя сяляне, зразумеўшы, чым гэты iнцыдэнт скончыцца, уцяклi: хто ў блiзкi лес, хто ў Койданава да сваякоў, а хто i ў Бакiнава да знаёмых. У вёсцы пазаставалiся толькi старыя. I калi наранiцу фашысты ачапiлi вёску, дык па ўсiх хатах назбiралi толькi дзевяць мужчын дый кабет з дзецьмi чалавек дваццаць. Старэйшаму Александровiчу, якi не захацеў кiнуць кузню, пашанцавала... У абозе, што прыйшоў у Рудзiцу з немцамi, знайшоўся знаёмы мужчына - каваля Яна ведалi далёка. Мужчына i рызыкнуў сказаць кавалю, каб той сеў на ягоны воз, нiбыта i ён абознiк. Толькi не ўседзеў Ян Александровiч на возе, калi немцы пачалi страляць у аднавяскоўцаў, ускочыў, крычаць пачаў, што няма сярод людзей польскiх партызанаў, лаяўся, нават бiцца да салдат кiнуўся. Збiлi старога каваля, зацягнулi ў гумно, дзе на гнiлой саломе ўжо ляжалi пастраляныя мужчыны, зачынiлi гумно i падпалiлi. Ян апрытомнеў, спрабаваў ратавацца, зашыўся пад нябожчыкаў, пад гнiлую салому... Ён i не згарэў, ён задыхнуўся ў куродыме. Пахавалi яго разам з астатнiмi пакутнiкамi на могiлках, у брацкай магiле, на беразе цёмнай ад торфу рэчкi Рудзiцы. Пасля пажару вёска адбудавалася толькi напалову, большасць сем'яў перабралася ў Койданава на жыдоўскiя гароды, чаго-чаго, а iх у мястэчку яшчэ хапала.
      Пахаваўшы бацьку, Ядзя два доўгiя, як дарога з Магiлева, гады чакала Бронiка. А каб неяк пракармiць дзяцей, пачала браць замовы на шытво. Мусiць, у тыя часы яна i палiць пачала; хаваючыся, яна курыла мужчынскiя папяросы, а дым выпускала ў печ. Палiла яна толькi з ранiцы, дзве-тры папяросы ўзапар, пакуль гатавалася сняданне. Гэтая звычка застанецца ў яе да самае смерцi. I ў свае сорак i ў пяцьдзесят Ядвiга будзе ўставаць на золку, раней за ўсiх, i нашча выпальваць пару-тройку доўгiх папярос. А Бронiк, якi нiколi ў жыццi не закурыць, так i не даведаецца, што ягоная Ядзя купляла кожную нядзелю пачак папярос.
      Так i Нiна не даведаецца ад мацi, што сталася з яе бацькам Уладзiмiрам Глобусам. Значна пазней, калi ўжо ў васьмiдзесятых гадах Нiна Глобус, прозвiшча яна так i не зменiць, нават выйшаўшы замуж, паедзе ў Жылiхава i дазнаецца, што Ўладзiмiр Глобус прайшоў дзве вайны, фiнскую i германскую, вярнуўся ў сваё мястэчка, дзе да самай смерцi - а памёр ён у 1961-м - працаваў загадчыкам пашпартнага аддзялення. Нiна i ў думках не папракне сваю мацi за тое, што нiколi не расказвала пра бацьку, хоць з айчымам Бронiкам адносiны складуцца ў яе несалодкiя.
      А тады, калi Бронiк быў на фронце, а Ядвiга адна гадавала дзяцей, Нiна любiла сядзець каля швачнае машынкi i сачыць, як плыве пад iголкаю тканiна. Шыла Ядзя майстравiта, хутка i грошы брала невялiкiя. Праўда, што да шытва, дык у Койданаве i да германскай вайны i пасля працавала вялiкая швачная фабрыка. Але замоваў у Ядвiгi ўсё адно хапала. Вайна, дзе ты накупiшся апранах? Вось i перакройвалi, перашывалi, перанiцоўвалi па два-тры разы адны i тыя ж рэчы.
      Утульны, цiхi строкат швачнай машынкi "Зiнгер" я помню, пад яго так добра засыналася на печы з дзедам Бронiкам, якi клаўся мяне малога прысыпаць, а сам засынаў iмгненна i пасопваў, а то i хроп. А машынка фуркатала, замiрала, а потым iзноў набiрала абароты. Шпарка-шпарка круцiлася яе срабрыстае колца.
      Так, i сапраўды не сказаў...
      Ядвiга - мая родная баба, а Бронiк - айчым маёй мацi Нiны, дачкi таго афiцэра-памежнiка, якi ратаваў i не выратаваў сям'ю Александровiчаў ад раскулачвання i высылкi.
      З бабай Ядзяй i дзедам Бронiкам я гуляў у дамiно i шашкi. Нашую Ядвiгу навучыў гуляць у шашкi ксёндз Кастравiцкi ў прыкасцельнай школцы, якую два гады наведвала яна яшчэ дзяўчынкаю. Той самы Кастравiцкi, што даводзiўся далёкiм сваяком найвялiкшага паэта дваццатага стагоддзя Гiёма Апалiнэра, Апалiнарыя Кастравiцкага. У мяне ў альбоме захоўваецца фотакартка 20-х гадоў. Дзяўчаткi ў святочных крухмальных строях, а пасярод iх галубiнага гурту ўзвышаецца спадар ксёндз у чорнай сутане з бялюткiм каўнерыкам. Кастравiцкi ўсмiхаецца, склаўшы рукi з маленечкiм малiтоўнiкам на грудзях. Ён жа яшчэ не ведае пра ўласную хуткую i гвалтоўную смерць, пра тое, што ў ягоным акуратным касцёле зробяць клуб i камсамольцы па суботах будуць ладзiць танцы са скокамi, не раўнуючы, як у доме каваля Александровiча. А можа, ягоны чысты i малады твар асвяцiла ўсмешка, бо спадар ксёндз здагадваецца, што клуб пераробяць у музычную школу, дзе будуць займацца ўнукi ягоных прыбраных у лепшае навучэнак? Цi ён упэўнены, што музычную школку перавядуць у iншае месца, а ў касцёле iзноў загучыць слова Божае. I там пачнуць хрысцiць праўнучак ягоных дзяўчатак? Так цi iнакш, толькi ксёндз Кастравiцкi ўсмiхаецца... А ў маленькай Ядвiгi твар сур'ёзны, засмучаны i крышачку змазаны, а таму i самы жывы на фотаздымку. Той здымак не каляровы, ён зеленкаваты i брунатны, патрэсканы, з надламанымi ражкамi, таму хто не ведае, той i не ўбачыць залацiсты колер Ядвiзiных хвалiстых валасоў, бялюткую святлынь яе твару з васiльковымi вачыма, а тым больш не заўважыць лёгкiх i такiх цнатлiвых рабацiнак, што прымушаюць юнакоў да бяспамяцтва кахаць дзяўчат. Зрэшты, я не веру ў праўду фотаздымкаў i не люблю апошнi партрэт маёй бабы Ядзi, дзе праз яе ўсмешку вiдаць залаты ўстаўны зуб. Я не памятаю, каб у Ядвiгi былi не свае зубы. А можа, я не хачу помнiць?
      Я дакладна не хачу помнiць, што ў даваенным пашпарце Ядвiга, як i ўсе Александровiчы, была запiсаная полькаю. Так, пэўна ж, полькамi былi i ўсе дзяўчаткi ў прыкасцельнай школцы, i ўсе яны марылi стаць каралеўнамi. Яны ж не ведалi, што за бальшавiкамi на Койданаўшчыну прыйдуць немцы, што ад польскага раёна не застанецца анi знаку, анi следу, а мужчыны i хлопцы памiж палякамi, немцамi i расейцамi шукацьмуць iншы шлях, свой - беларускi. Вось тады будуць спаленыя цi выкiнутыя на сметнiк пашпарты, у якiх беларусы былi запiсаныя палякамi толькi таму, што хадзiлi ў касцёл. А калi якi дасцiпны археолаг цi краязнаўца захоча знайсцi даваенны пашпарт Ядвiгi Александровiч, дык хай узброiцца рыдлёўкаю ды паедзе ў вёску Рудзiцу, а там распытае, дзе стаяў дом каваля Яна. Добрыя людзi пакажуць, дый падмурак, зарослы дзiрваном, яшчэ захаваўся. Калi ж добра пакапаць за былым гародам, можна i знайсцi, а можна i выкапаць камяк пракаветнага чалавечага гною, бо якраз жа там i стаяла чысценькая шпакоўня прыбiральнi. Што зробiш? Правiльна ў Рудзiцы казалi: "Дзе высока - там i нiзка, дзе далёка - там i блiзка".
      Пашпарты перараблялiся не толькi за немцамi i палякамi, перапiсвалi дакументы i расейскiя бальшавiкi. Вось i Бронiку ў войску перарабiлi прозвiшча з Кiсель на Кiсялёў, бо ў тамбоўскiм шпiталi тамтэйшы разумнiк сказаў: "Не бывае ў рускiх такiх прозвiшчаў, я напiшу табе нармальнае рускае прозвiшча. Бранiслаў Вацлававiч Кiсялёў! Гучыць? Га?". Бронiк тады нiчога не адказаў, яму было кепска, балела сцягно i балеў жывот. Разрыўная куля з нямецкага кулямёта трапiла ў нагу, прашыла наскрозь i разарвалася ў нiзе жывата. Паўгода праляжаў Бронiк на спiне ў тамбоўскiм шпiталi, а калi ледзь жывы выпiсваўся, яму было ўсё адно, кiм памерцi - Кiсялём цi Кiсялёвым.
      Ён вярнуўся ў Койданава i яшчэ з год хварэў. Але Ядзя ўсё ж выхадзiла яго. На сняданак i на вячэру ставiлася на стол талерка з кiслым малаком, i Бронiкаў жывот збольшага загаiўся. Працаваць Бронiк Кiсялёў уладкаваўся шафёрам у пажарную каманду, жыў ён памяркоўна, даглядаў сад, бульбу на гародзе садзiў, ездзiў на матацыкле ў ягады i ў грыбы... I якая рознiца, з якiм прозвiшчам гуляць па лесе? Але, аказваецца, рознiца ёсць, бо ягонаму сыну Антону сказалi ў раённым аддзяленнi мiлiцыi, што не выдадуць пашпарт на прозвiшча Кiсель, бо бацька ў яго запiсаны Кiсялёў, дый невядома, цi яго гэта бацька. Бронiк, дзякуй Богу, быў чалавекам з гумарам, таму i не вельмi каб заперажываў. Ён распiсаўся з Ядвiгаю па другiм разе, а свайго роднага сына ўсынавiў. "Каб жыдамi былi, дык i радавалiся б, а так - адно пасмяялiся", - сказаў Бронiк замест тоста на несапраўдным вяселлi, налiваючы поўную, як вока, чарачку Ядвiзе. Што да нацыянальнасцi, дык яе ў Тамбове не змянiлi, расейскi разумнiк, як i большасць маскалёў, верыў, што рускi i беларус - тое самае.
      А вось Ядзя заўсёды шкадавала свайго дзявочага прозвiшча, як не падабалася ёй прозвiшча афiцэра-памежнiка - Глобус, так недалюблiвала i звычайнага Кiсель, ёй хацелася быць Александровiч, але што зробiш, калi муж Кiсель. Гэтае прозвiшча Антон i замовiў высекчы на сцiплай мармуровай дошчачцы, што замацавалi на Ядзiным помнiку ў 1969 годзе.
      Мала было светлых дзён у жыццi Ядвiгi, i смерць яе напаткала цяжкая, хвароба на рак ссушыла, зжаўцiла яе ўсю.
      Выпiсалi Ядзю з бальнiцы хутка, каб памiрала дома, сярод сваiх, а не на казённым мулкiм i рыпучым ложку. Яна пажыла ў сваiм доме пасля бальнiцы толькi чатыры днi. Праўда, не ляжала, хадзiла аж да апошняе хвiлiны i розум мела ясны...
      А вось Бронiк перад смерцю пачаў адыходзiць ад памяцi, не пазнаваў нiкога i гаварыць зусiм не мог. А пачалася ягоная хвароба на пахаваннi Ядвiгi. Бронiк плакаў цiха i няспынна, ён i за жалобным сталом нiчога сказаць не змог, устаў, пастаяў, закрыў твар кулаком з пакамечанаю змакрэлай хусткаю i сеў, так i не вымавiўшы нiводнага слова на самую доўгую дарогу сваёй любай жонцы. Смерць Ядзi змянiла Бронiка да непазнавальнасцi, з рахманага жартаўнiка ён, нiбыта ваўкалак, перакiнуўся ў маркотнага нелюдзiма.
      I калi я наведваўся да яго ў Койданава, рабiлася горка i крыўдна за недасканалы свет, якi дазваляе, каб такое рабiлася з чалавекам.
      "У мяне дупа лёгкая, а галава цяжкая, таму i плаваць не магу. Як зайду ў рэчку, на глыбокае месца, так дупа плыве, а галава тоне, на дно цягне", - ажно не верылася, што Бронiк мог такое распавядаць, гэты самотны чалавек з няголеным, сiвым, апухлым тварам i чырвонымi, не раўнуючы, як у белага труса, вачыма. Той Бронiк, якi любiў адкроiць добры скрыль кiндзюка ды кульнуць пад яго стограмоўку гарэлкi, а назаўтра, сёрбаючы лёгкай алюмiнiевай лыжкаю малако, адпусцiць жарцiк пра якiх фiгурыстаў, што круцiлiся на шарым экране маленькага тэлевiзара: "Яны ж, гэтыя хлопцы з дзеўкамi, не проста на лёдзе круцяцца. Яны прымерваюцца..." - "Бронiк, дзецi тут", - папракала Ядзя. "А што дзецi?! Хай ведаюць. Хiба яны iнакш зробленыя?"

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5